Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы

Пропаведзь архiепiскапа Гродзенскага i Ваўкавыскаго Арцемiя на Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы.

З Благавешчання ў жыццё чалавецтва – у наша з вамі жыццё – велічна і проста ўваходзіць дзеянне Божае.

Хрыстос жадае нам паўнаты жыцця. Ён распінаецца за тое, каб мы мелі жыццё і мелі з лішкам (Ін. Х, 10).

Мы, як правіла, вельмі многа і справядліва гаворым пра тое, што Збаўца вынес на Сабе ўсю меру чалавечых грахоў, што Ён нёс на Сабе крыжовы цяжар нашага з вамі збаўлення. Але задумаемся сёння над тым, што яшчэ да Яго атракавіца Марыя прыняла ўжо на сябе гэты цяжар, што ўжо тады, калі яна сказала са змірэннем: «Вось, Я – раба Гасподняя, няхай будзе мне па слове Тваім», пачала да прыходу ў свет Збаўцы справу нашага збаўлення. І пачала яго простая дзяўчынка, якая яшчэ павінна была стаць Прасвятой Багародзіцай, якую мы славім як «пачэснейшую за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за Серафімаў». Але тады якраз яна была ўсяго толькі атракавіцай. І не скажы яна гэтых вялікіх словаў, якім бы было наша збаўленне? У тым якраз і заключаецца вялікі сэнс Богаўцеляснення, што Бог стаў чалавекам у свеце, у якім ужо быў чалавек, які дасягнуў найвялікшай праведнасці, і гэтым чалавекам была Прасвятая Багародзіца.

І гэты глыбокі давер Богу з боку чалавека праявіўся тады ў гэтай маленькай дзяўчынцы. Каб зразумець вялікі сэнс гэтых словаў, трэба патлумачыць, што Дзеве Марыі была адкрыта ўся паўната прамысленчай, нябеснай і зямной гісторыі. Не да адной толькі радасці стаць Маці Божай была Яна падрыхтавана, але ведала са Свяшчэннага Пісання, што Сын Яе будзе некалі распяты, аганьбаваны, апляваны і забіты на Крыжы. І ўсё гэта Яна ўспрымае ў цэлым: не толькі радасць і захапленне быць Маці Божай, але і найвялікшую тугу – прайсці разам з Сынам крыжовы шлях. Прачыстая Дзева наперад ведала, на што згаджаецца – не толькі на жыццё, але і на смерць Свайго Сына.

У абліччы Прасвятой Дзевы Марыі чалавецтва адказала Богу на Яго заклік усвядомлена і змірэнна.

Пасля гэтай падзеі Усесвятая стала адзінай істотай, якая стаіць на мяжы створанай і нястворанай прырод, стала Умяшчальніцай Неўмясцімага. З гэтага часу Яе, пасля Бога, будуць апяваць усе Яго вернікі. Яна – прычына ўсякага дабра на зямлі, Яна – наша Апякунка і Падаўца вечных даброт. Яна – пачатак апосталаў, Яна – апора мучанікаў. Яна – слава зямная і весялосць Нябесная. Яна – краса ўсяго стварэння. Ад Яе атрымліваем надзею і мы.

Мы ўсе, хрысціяне, пакліканы да таго, каб прыняць добрую вестку ў сваё сэрца, але мы дакладна таксама пакліканы і да таго, каб несці гэту добрую вестку ў сваё сэрца, а гэта – вялікі подзвіг. Мы ўсе добра ведаем, наколькі велічнае і разам з тым цяжкае было жыццё Прасвятой Багародзіцы. Мы ведаем, якую вялікую меру пакутаў ёй давялося панесці ў гэтым жыцці. Ніхто не пакутаваў так, як Прасвятая Багародзіца. Але ў гэтым маецца вельмі важнае ўказанне для ўсіх нас – добрую вестку вельмі складана прыняць у сябе, яшчэ складаней абвяшчаць яе свету, але, можа быць, самае складанае заключаецца ў тым, каб заставацца верным гэтай добрай вестцы, заставацца верным Богу.

Часам мы накіроўваем сваё жыццё куды заўгодна, толькі не ў духоўнасць, не ў імкненне да Бога. Ці стала імкненне быць са Хрыстом адзінай і асноўнай мэтай нашага жыцця? І тут адкрываецца адна з парадаксальных таямніц хрысціянства. Як толькі хрысціяне спрабуюць сумясціць цяжар нашэння Добрай весткі з чалавечым дабрабытам, іх жыццё пачынае разбурацца як жыццё хрысціянскае.

Мы павінны дзякаваць Маці Божай за Яе згоду прайсці разам са Збаўцам шляхам Яго пакут. Маці Божая падае нам прыклад, што мы павінны не толькі называць сябе рабамі Божымі, але так жыць і так настройваць сябе, каб змірэнна прымаць ад Госпада ўсе сродкі, якімі Ён ацаляе нашу грахоўную прыроду. Навучыцца мужна пераносіць усе выпрабаванні невымоўнага Прамыслення Божага аб нас, памятаючы, што яны – да ўратавання. Калі мы з вамі па тых ці іншых прычынах зазнаем тугу і хваробы, перажываем непрыемнасці і якія-небудзь сумныя падзеі, якія азмрочваюць наша жыццё, адно толькі павінна вырывацца з нашых грудзей, з нашага сэрца: «Вось, Я – раб Божы, няхай будзе мне па слове Тваім».

Варта памятаць, што, калі мы шануем і любім Прасвятую Багародзіцу, гэта абароніць нас ад многіх бед, ад тугі і ўсякага зла. Пагэтаму мы звяртаемся да Яе сёння і ва ўсе дні нашага жыцця як да нашай Нябеснай Заступніцы, як да нашай Нябеснай Маці і просім аб тым, каб Яна зноў і зноў прыносіла благаславенне Божае кожнаму з нас, нашым блізкім, усёй нашай Царкве, нашай айчыне і ўсяму чалавецтву. Са святам вас!

По материалам сайта Гродненской епархии orthos.org