Духоўнае сэрца Беларусі

Вусны часопіс да 550-годдзя з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя Жыровіцкай абіцелі.

Аўтар: Дуброўская Наталля Мікалаеўна, настаўніца ДУА «Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М. Машэрава», прыхаджанка храма ў гонар cвятых Пятра і Феўронні Мурамскіх у Брэсце.

Матэрыял можа быць выкарастаны на класных і інфармацыйных мерапрыемствах у навучальных установах.

1 старонка. Гістарычная

Вядучы. Жыровічы, славутая мясціна,
Здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль у нялёгкую хвіліну
Мы на тваіх складаем алтарах.
Вядучы. У гэтым годзе ўся Беларусь святкуе юбілей адной з галоўных праваслаўных святынь беларускага народа — Жыровіцкай іконы Божай Маці і Жыровіцкага манастыра. Яшчэ ў 2017 годзе было ўзгоднена на дзяржаўным узроўні пытанне аб святкаванні гэтых юбілеяў.
Вядучы. Калі ты і плоццю, і душой нездароў,
І боль твой суняцца не мож,
Успомні, што ёсць
Жыватворны пакроў
Жыровіцкай Маці Божай
Вядучы. У кожнай зямлі ёсць свае святыні. Жыровіцкая абіцель для Беларусі мае тое ж значэнне, што Троіца-Сергіева Лаўра для Расіі, Кіева-Пячэрская -для Украіны. Тут знаходзіцца старажытны манастыр, а ва Успенскім храме — цудатворны абраз Жыровіцкай Божай Маці. Гэта маленькая ікона, памерам з далонь дзіцяці.
Вядучы. У старажытнасці, дзе цяпер знаходзяцца Жыровіцы, быў лес, які належаў праваслаўнаму магнату Солтану. У 1470 годзе пастухі раптам заўважылі незвычайнае святло, якое лілося ад маленькай іконы ў галінах дзікай грушы, пастухі пакланіліся святлу, а цудадзейны абраз перанеслі ў маёнтак Солтана, які не звярнуў асаблівай увагі на міласць Божую, схаваў ікону ў ларэц. Увечары ён хацеў паказаць ікону гасцям, а яе ўжо не было на месцы.
Вядучы. Праз некаторы час пастухі зноў заўважылі на тым жа месцы ікону, як і раней яны аднеслі яе Солтану, ён зразумеў, што яго маёнтак не дастойны захоўваць такую святыню. Ён наведаў у лесе месца, дзе з’явіўся цуд і даў абет пабудаваць там храм.
Вядучы. Паступова вакол храма пачалі сяліцца людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу пад пакровам цудатворнай іконы.
Вядучы. Адразу ж да гэтага месца пацягнуліся людзі -паломнікі, а Жыровіцы зрабіліся месцам паломніцтва. Цудадзейны абраз прыцягваў да сябе людзей з далёкіх краін, і па сваёй веры яны атрымлівалі выздараўленне ад розных хвароб. Той, зразумеўшы, што ікона цудатворная, даў абяцанне збудаваць на месцы яе з’яўлення царкву ў гонар Прасвятой Багародзіцы. Так і сталася. Вакол драўлянага храма неўзабаве ўтварылася паселішча і з’явіўся прыход. Аднак у 1560 годзе храм згарэў, нягледзячы на намаганні жыхароў патушыць пажар і выратаваць абраз.
Вядучы. Прыхаджане былі ўпэўнены, што страцілі ікону назаўсёды. Але аднойчы сялянскія дзеці, вяртаючыся са школы, убачылі цудоўнае аб’яўленне: Панна незвычайнай прыгажосці ў прамяністым ззянні сядзела на камені каля старога папялішча і трымала ў руках ікону, якую лічылі страчанай. Дзеці паспяшаліся вярнуцца і расказаць аб убачанным родным і знаёмым. Калі дарослыя разам са святаром прыйшлі да каменя, то ўбачылі на ім побач з запаленай свечкай цэлую, зусім не пацярпелую ад агню, ікону Божай Маці Жыровіцкай. Хутка ў Жыровічах быў пабудаваны новы каменны храм, а пры ім і манастыр.
Вядучы. Рэха ласак і цудаў Жыровіцкай іконы дайшло ажно да Рыма, дзе пасля вывучэння каля двухсот ацаленняў Маці Божай Жыровіцкай было прынята рашэнне ўскласці на галаву Багародзіцы і дзіцяткі Ісуса залатыя кароны з каштоўнымі камянямі. Адбылася ўрачыстасць 19 верасня 1730 года. І гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Вядучы. Слава пра Жыровіцкую ікону разнеслася так далёка, што яе копіі пачалі з’яўляцца нават у замежных краінах. Самыя вядомыя сярод іх — дзве цудатворныя іконы, якія сёння належаць каталікам. Адна з іх — ікона-фрэска з базыльянскага храма святых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме. Другая — мастацкая копія рымскай іконы-фрэскі, напісаная на палатне, якая зараз знаходзіцца ў слонімскім Андрэеўскім касцёле. Самая ж галоўная ікона Маці Божай Жыровіцкай — тая самая, якую знайшлі дзеці ў лесе ў далёкім 1470 годзе, захоўваецца ў срэбна-пазалочаным ківоце (асаблівай упрыгожанай шафцы) у іканастасе галоўнага храма праваслаўнага Жыровіцкага манастыра, Свята-Успенскага сабора, ў Слонімскім раёне.
На працягу стагоддзяў прыязджаюць сюды з розных рэгіёнаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі хрысціяне-пілігрымы розных канфесій — праваслаўныя, грэка-католікі, рыма-католікі — памаліцца і папрасіць заступніцтва ў Божай Маці Жыровіцкай. І, кажуць, нікому Багародзіца не адмаўляе ў просьбах.
Ікона ўваходзіць у спіс 100 самых праслаўляемых у свеце.
У 1839 г. царскiм указам святыня з абразом Мацi Божай Жыровіцкай была перададзена Праваслаўнай Царкве.
Падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, абраз Маці Божай Жыровіцкай у срэбным абкладзе і з іншымі каштоўнасцямі перавезлі ў Маскву. У студзені 1922 года стараннямі Жыровіцкага архімандрыта Ціхана Шарапава абраз зноў быў вернуты ў Жыровічы (паводле падання, ён вывез яго ў слоіку з варэннем), але ўжо без акладу.

2 старонка. Цуды Жыровічаў

Вядучыя расказваюць гісторыі, звязаныя з Жыровічамі.
Дзіву даешся, разглядаючы адбітак выявы Багародзіцы з немаўляткам Ісусам на невялічкай, з дзіцячую далонь авальнай каменнай пласціне. І як толькі ў гэткім маленькім абразку змяшчаецца такая вялікая сіла, якая здольна і ўсіх хрысціян аб’яднаць, і хворых вылечыць, і нават мёртвых уваскрэсіць?
Паўсталая з труны
Тысячы і тысячы людзей пачалі прыходзіць да іконы, якая праславілася сярод веруючых сваімі ласкамі і цудамі. Асабліва загаварылі пра Жыровіцкую ікону пасля цуда ўваскрашэння, якое адбылося ў 1558 годзе з дзяўчынай Ірынай, дачкой заможнага Войнянка. Дзяўчыне было ўсяго сямнаццаць гадоў, калі яна памерла ад хваробы, так і не даехаўшы да Маці Божай Жыровіцкай, на якую ў яе і бацькоў была апошняя надзея. Калі сям’я Войнянка пад’ехала да Жыровіцкага манастыра, цела дзяўчыны было ўжо халодным… “Казала Ірачка, — распавядаў святарам бацька, — што бачыла ў сне Багародзіцу, якая загадала ёй накіроўвацца да вас. Маўляў, толькі ў Жыровічах наканавана атрымаць ёй ацаленне. Але выйшла інакш… Цяпер засталася нашай Ірыне толькі магіла для вечнага супакою каля цудатворнай іконы”. Тры дні стаяла труна з нябожчыцай у галоўным жыровіцкім храме. Над памерлай здзейснілі адпяванне, настала хвіліна развітання… Але раптам усіх прысутных у храме ахапіла трапятанне. Упаў падсвечнік, перакулілася труна, і нядаўняя нябожчыца Ірына, падняўшыся ва ўвесь рост, хутка пайшла да цудатворнай іконы Багародзіцы і апусцілася перад ёй на калені ва ўдзячнай малітве. “Царыца Нябесная цудоўна дала мне жыццё, каб прысвяціць мае астатнія дні Богу ў сане манахіні, — паведаміла пазней Ірына. — Зямля і свет з гэтага часу не для мяне, бо я ўжо была ў жыцці вечным!” Ірына прыняла пострыг, а ў 1580 годзе была ўзведзена ў настаяцельніцы Пінскага жаночага манастыра, дзе пасля і адышла ў свет іншы.
Маці Жыровіцкая. Перад іконай Божай Маці Жыровіцкай моляцца ўсе хрысціяне Беларусі. Дзіву даешся, разглядаючы адбітак выявы Багародзіцы з немаўляткам Ісусам на невялічкай, з дзіцячую далонь авальнай каменнай пласціне.
Гісторыя другая
У 1618 годзе жыхар Слоніма ХрыстафорГаляндэр-Рамптун прыехаў са сваёй жонкай у Жыровічы, і калі пачаў абыходзіць вакол каменя, на якім з’явілася Божая Маці, у жартаўлівым тоне сказаў жонцы: «Ці магчыма, каб на гэтым камені сядзела Дзева Марыя, як аб гэтым расказваюць людзі?» Затым дакрануўся у пальчатцы да таго месца на камені, дзе быў добра відзён след далоні і пальцаў Богамаці. Адразу ж адчуў, як руку сціснуў моцны боль і, зняўшы пальчатку, убачыў свае рукі пажаўцеўшымі і як быццам высахшымі. Ішлі дні, хваробу нельга было вылечыць. Ведаючы прычыну хваробы, ён нікому не прызнаўся ў сваім граху. Але ж ён сам і яго жонка пайшлі пешшу ў Жыровіцы са Слоніма. Вельмі добра маліліся ля камня Прачыстай Дзевы, заказалі Літургію. Зноў маліліся. І выздаравеў ХрыстафорГаляндэр-Рамптун. А на памяць аб гэтым павесіў на сценцы ў царкве рукі, зробленыя з воску. Праз 20 год ен сам расказаў аб гэтым здарэнні.
Гісторыя наступная
У час другой сусветнай вайны немцы хацелі зрабіць у Яўленскай царкве склад для боезапасаў. Божая Маці з’явілася перад імі, і па-нямецку пачала ўгаворваць іх не рабіць гэтага. Немцы спрабавалі прагнаць яе, але яна не адыходзіла. Тады пачалі страляць, думаючы, што гэта партызанка, але выстралы не зрабілі ёй ніякай шкоды. Нарэшце немцы зразумелі, хто перад імі і адышлі.
У гэтай жа вайне, калі фашысты адступілі на захад, аднаму артылерысту-бальшавіку быў дадзены загад страляць па Жыровіцкіх храмах. І ён імкнуўся выканаць загад, думаючы, што там, сапраўды, заселі нацысты. Але ні адзін снарад не трапіў у цэль. Такі ж загад атрымалі і лётчыкі. Аднак у іх не раскрыліся люкі, адкуль павінны былі падаць бомбы.

3 старонка. Сучаснае жыццё Жыровічаў

Сёння Жыровічы – любімае месца, куды любяць прыязджаць вернікі. Штогод 20 мая ў Жыровічы з’язджаюцца паломнікі, каб адзначыць вялікае свята – Дзень з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці. Тады ў Жыровічах людна. Захоўваецца ікона ва Успенскім Саборы Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра.
Фільм пра Жыровічы (у інтернэце шмат, выбіраем на свой густ)

4 старонка. Жыровічы ў лёсе вядомых людзей

Святло хрысціянскай паэзіі Алега Бембеля
Алег Бембель – сын скульптараў – народнага мастака БССР Андрэя Ануфрыевіча Бембеля і Вольгі Анатольеўны Дзядок. Вучыўся ў Мінскім музычным вучылішчы, потым студэнт Белдзяржфілармоніі па класе фартэпіяна. 1971-74 гг. – аспірантура Інстытута філасофіі і права АН БССР. Адзін з аўтараў гісторыка-пазнавальнага тэлесцэнарыя “Архітэктурная спадчына Беларусі”. Як філосаф-публіцыст і паэт Алег Бембель склаўся на памежжы 70-80-х гг. Хрысціянская ідэя міласэрнасці, вымярэнне з’яў і падзей жыцця, учынкаў і памкненняў людзей у сістэме адвечных каштоўнасцей і з пункту гледжання вышэйшай справядлівасці, роздум над лёсам Беларусі і беларускага народа, пошук духоўных арыенціраў, якія маглі б забяспечыць народу ўратаванне, адвечная прага асобы да духоўнай і маральнай дасканаласці – вось тыя тэмы, якія заўсёды хвалявалі Алега Бембеля (Зьніча) і якія выразна развітыя ў паэтычнай творчасці. Вядомы Алег Бембель і як перакладчык на беларускую мову вершаў рускіх і латышскіх паэтаў
Фільм «Самы стары манах» (пра А. Бембеля)
Існуе малавядомы нарыс пра Жыровічы. У 1947 годзе ў Баварыі на беларускай мове выйшаў асобнай кніжкай гістарычны нарыс «Цудатворны Абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі Манастыр». Аўтар гэтай кніжкі Алесь Асіповіч-Асіпчык (1909-1990). Пра гэта выданне мала хто ведае. Яно пабачыла свет, дзякуючы беларускаму праваслаўнаму брацтву Жыровіцкага манастыра, налічвае 31 старонку. Аўтар выдання Алесь Асіповіч-Асіпчык быў родам з вёскі Пляшкі (цяпер гэта вёска Партызанаўка) Слонімскага павета. Да Другой сусветнай вайны жыў на Слонімшчыне. Займаўся рэлігійнымі справамі, любіў маляваць, пісаў артыкулы ў беларускую прэсу. Пасля вайны жыў на эміграцыі. Памёр у г.Джэксан у штаце Нью-Ёрк (ЗША). Кніжку пра Жыровічы Алесь Асіпчык сам не толькі пісаў, але і афармляў. Яна прысвечана гісторыі Жыровіцкай іконы, а таксама Жыровіцкаму манастыру. Аўтар апісвае, як узніклі Жыровічы і Жыровіцкі манастыр, распавядае пра лёсы мясцовых храмаў і тыя падзеі, якія адбываліся ў Жыровічах і вакол іх.
Ларыса Геніюш — вядомая паэтка Беларусі
Пра паездку ў Жырава 29 чэрвеня 1981 года Ларыса Антонаўна напісала таксама Лілеі і Ігару Чарняўскім: «Дні маі то паўзуць, то ляцяць. Айцец Васіль завёз мяне днямі ў Жыровічы. Некалькі стагоддзяў, як там з’явіўся пастушкам абразок Маці Божай на грушы. Кажуць, што аддалі яны пану той абразочак, і ён схаваў яго ў куфар. Але абразочак знік з куфра. Яго знайшлі на той самай грушы, на якой ён з’явіўся. На тым самым месцы выпырснула з зямлі крынічка, і цяпер стаяць там храмы з белымі, натхнёна выцягнутымі ў неба вежамі. Ёсць там велічэзная старая ліпа…»
І Алесю Белакозу ў Гудзевічы пра паездку ў Жыровічы таксама згадала 30 чэрвеня 1981 года: «Нядаўна завезлі мяне ў Жыровічы. Там — храмы белыя, натхнёныя і звонку, і ў сярэдзіне. Ёсць там шырачэзная ліпа, некалькі стагоддзяў ёй, і тая цудоўная легенда-быль. Усё гэта робіць уражанне на беларускую душу».
Ларыса і Янка Геніюшы любілі ў Зэльве сустракаць гасцей. У іх доме былі беларускія пісьменнікі, мастакі, кампазітары, палітыкі. Вядома, не забывалі паэтку і праваслаўныя святары. А ў верасні 1982 года Ларыса Геніюш пісала Валянціне Трыгубовіч, што да яе «ў госці прыйшлі тры маладыя, харошыя манашанькі з Жырава. Яшчэ паслушніцы, дык апранутыя больш-менш нармальна. Як птушаняты, нешта ўсё шчабяталі. Добра, што было пудэлка цукеркаў у хаце. Хварэла, дык спечанага не было нічога. Папрасілі мой «Чабарок» (маецца на ўвазе зборнік вершаў паэткі «На чабары настоена — С.Ч.). Для манахаў».
Летам 2010 года, да 100-годдзя з дня нараджэння слыннай беларускай паэткі, інак Мікалай (Бембель) з Жыровіцкага манастыра выдаў у Слонімскай друкарні накладам 300 асобнікаў паштоўку-партрэт маладой Ларысы Геніюш. З другога боку паштоўкі брат Мікалай надрукаваў свае паэтычныя радкі, прысвечаныя ёй:
… не паланілі хімеры…
І не скарыў цябе час…
… чайка, спаведніца веры, —
Вымалі ў Госпада нас!..
Калі я прыязджаю ў Жыровічы, каля Успенскага сабора мне заўсёды ўяўляецца постаць гэтай мужнай і таленавітай беларускі і прыгадваюцца яе вялікія радкі:
Мудрасць спелую сівых вякоў
П’ю з народных жывых крыніцаў.
Паважаю чужых багоў,
Ды прывыкла сваім маліцца.
Жыровічы, славутая мясціна,
Здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль у нялёгкаю хвіліну
Мы на тваіх складаем алтарах.
Гэтыя радкі з верша Ларысы Геніюш, напісаныя паэткай на схіле жыцця, не толькі аб Жыровічах, але і аб яе ўласным шляху — пакутлівым і светлым. Нарадзілася яна ў 1910 годзе ў фальварку Жлобаўцы на Ваўкавышчыне. Вучылася ў Гудзевіцкай школе, закончыла Ваўкавыскую польскую гімназію.
У 1935 годзе ў Воўпенскай царкве на Ваўкавышчыне ўзяла шлюб са студэнтам медыцынскага факультэта Карлавага ўніверсітэта з Прагі Янкам Геніюшам. Спачатку сям’я жыла ў Зэльве, а потым Ларыса Геніюш з сынам Юркам перабралася да мужа ў Прагу, дзе ён працаваў лекарам.
У 1943 годзе ў Празе выходзіць першы паэтычны зборнік паэткі «Ад родных ніў». Дарэчы, факсімільнае выданне гэтага зборніка пабачыла свет у Слонімскай узбуйненай друкарні ў 1995 годзе.
У Празе Ларыса Геніюш актыўна займалася літаратурай і грамадскай дзейнасцю, уваходзіла ў Беларускі камітэт самапомачы, была сакратаром Беларускай Народнай Рэспублікі.
5 сакавіка 1948 года Ларыса Геніюш разам з мужам была арыштаваная ў Чэхаславакіі і пазбаўлена чэшскага грамадзянства. Геніюшаў выдалі савецкім спецслужбам і пад канвоем даставілі ў Мінск. Яе асабіста дапытваў тагачасны міністр МГБ БССР Лаўрэнцій Цанава.
Жывучы ў Зэльве на былой Царкоўнай вуліцы (сказаць на Савецкай, у мяне не паварочваецца язык), Ларыса Антонаўна амаль штодня бывала ў Троіцкай царкве. Але самымі шчаслівымі момантамі ў яе жыцці быў той час, калі паэтка наведвала Жыровічы. Жырава — як яна казала і як заўсёды казалі і кажуць старэйшыя людзі Слонімскага, Івацэвіцкага, Пружанскага і Зэльвенскага раёнаў-суседзяў. Жырава Ларыса Геніюш любіла, любіла, як і Беларусь, — моцна і шчыра, заўсёды спяшалася туды, асабліва 20 мая, калі адзначаецца свята Жыровіцкага абраза Маці Божай.
Упершыню Ларыса, яшчэ Міклашэвіч, даведалася пра Жыровічы, калі яе родны брат Расціслаў вучыўся ў Жыровіцкай сельскагаспадарчай школе. Гэта быў, як згадвае ў сваёй «Споведзі» Ларыса Геніюш, высокі, прыгожы і паслухмяны хлопец. Пазней ён загіне на фронце Другой сусветнай вайны. Паэтка прысвяціць яму некалькі сваіх вершаў. У адным з іх яна напіша:
Ты казаў калісьці: не сумуй, сястронка,
Над пакутным Краем злітуецца Бог.
Барані і цеш ты родную старонку,
А я буду бацькаў сцерагчы парог.
Дзед Ларысы Геніюш Павел Міклашэвіч быў родам з Крынак з Беласточчыны. Ён ажаніўся ў 18 гадоў на 16-гадовай Марфе з вёскі Чамяры Слонімскага павета. Юная Ларыса вельмі часта бывала ў Чамярах, якія побач са Слонімам. Ну а быць у бабулінай вёсцы і не завітаць у Жыровічы быў бы для яе грэх. Таму дзяўчынка разам з бабуляй Марфай і з маці спяшаліся на вялікія святы ў Жыровічы.
Шмат хто сёння наведвае Жыровічы, з ласкі Божай тут па-ранейшаму адбываюцца ацаленні і цуды, бывалі ў Жыровічах і міністры, і артысты, і іншы люд. Усім па веры аддаецца.
Сёння ўсіх насельнікаў у манастыры 12, самаму старому 80 год. Гэта пісьменік монах Іаан (Зніч).

5 старонка. Паэтычная (літаратурная)

Жыровічы –святы для нас куточак,
Дзе цэрквы ў неба вежы ўзнялі.
На дрэве Маці Божай абразочак-
Благаславенне для маёй зямлі…
Вядучы. Упершыню гэты верш апублікавала газета “Звязда” 6 красавіка 1993 года. Пазней гэты верш друкаваўся і на старонках буклета «Свято-Успенский Жировичский Ставропигиальный мужской монастырь» (Мн., 2006). І хоць буклет выйшаў з друку на рускай мове, на яго старонках знайшлося месца і для чатырох радкоў выдатнага верша Ларысы Геніюш пра Жыровічы (гэты твор пра Жыровічы можна размяркаваць па жаданні і прачытаць рэчытатывам).
Прыехаць у Жырава лёс мне выпаў,
Дождж хрысціць голаў грэшную маю.
І я пад голлем шматвяковай ліпы
Пілігрымам сцішаным стаю.
Святыні побач белыя, як дзіва,
Ў абдымках хмараў і высокіх дрэў.
Ідзе святар, як галубочак сівы,
Стаміўшыся, на лаўеках хтось прысеў.
Сюды травой, аброшанай і мяккай,
На цудатворны пераможны кліч
Прыходзяць людзі з горам і падзякай.
Людскія душы ачышчае зніч.
Перада мной зямля мая святая,
Тут у паклоне дрэвы над вадой,
Дзе галубы бясшумна пралятаюць,
Ступала Маці – Божая па ёй.
Не знатныя, а пастушкі віталі.
Да нас прыйшла ў вясновы дзень знарок
І краю міламу, каб лепшымі мы сталі.
Пакінула на дрэве абразок.
Над намі храм
Над намі храм, туманныя нябёсы.
Крынічанька пад храмам б’е з зямлі.
Як пастушок у світцы белай, босы,
Стаю, і слёзы твар мой залілі.
Адданасцю стукочуць нашы сэрцы
З крыніц благаславенных праўду піць.
Мінуласці святой з зямлі не сцерці
І веры ў Бога ў сэрцы не спыніць.
Жыровічы, славутая мясціна,
Здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль ў нялёгкую хвіліну
Мы на тваіх складаем алтарах.
Хай будзе мір, і згода будзе ўсюды.
Ды калі грозьбай азарыцца сінь, —
Нашай зямлі, дастойнай Тваіх цудаў,
Ў сваёй апецы, Божа, не пакінь.
Жыровічы і ў лёсе нашай навучальнай установы адыгралі сваю ролю.
Жыровічы сталі і для нашай установы лёсавызначальнымі
У жніўні 2003 года першы дырэктар ліцэя Ярацэвіч Сяргей Васільевіч атрымаў загад ад уладаў аблвыканкама адкрыць абласны ліцэй у Брэсце. За адзін месяц гэта зрабіць было немагчыма. У вялікай роспачы, з хваляваннямі ў душы, едзе Сяргей Васільевіч у Жыровічы, атрымлівае там благаслаўленне старца Мітрафана.
Бацюшка Мітрафан закончыў Тамбоўскі тэхнікум і быў накіраваны ў Картуз-Бярозу на працу, тут яго застала вайна. У студзені 1943 года уступіў у партызанскі атрад брыгады Панамарэнка, быў прызначаны камандзірам дыверсійнай групы. І ваяваў да вызвалення Беларусі ад фашыстаў.
Розныя жыццёвыя сітуацыі прывялі яго ў храм, а затым і ў манастыр.
Нашы ліцэісты першы раз, у кастрычніку 2003 года, адпраўляюцца за благаслаўленнем да бацюшкі. Так і сталі паездкі ў Жыровічы для ліцэістаў добрай традыцыяй, якая збліжае, натхняе, благаслаўляе. І кожны год у верасні мы адпраўляемся па мясцінах слаўных у падарожжа, пачынаць вучобу ў ліцэі і імкнуцца спасцігаць Бога «верай грэцкай», а значыць, і набліжаемся да сваіх каранёў, да гісторыі свайго народа, свайго краю.
Вядучы. Праваслаўная Царква на працягу тысячагоддзяў кавала і пеставала дзяржаўны дух патрыятызму, натхняла адважных і ўмацоўвала маладушных, асвятляючы справу абароны бацькаўшчыны як асабісты рэлігійны абавязак кожнага, хто здольны насіць зброю.
Вядучы.
Сама гісторыя вучыла:
Шануй, народзе, і цані
Усё, што поіць-жывіць шчыра
Тваёй свабоды карані!
Вучань. Праваслаўе навучыла рускага чалавека быць верным – без ліслівасці, мужным – без жорсткасці, шчодрым – без ганарлівасці, рэўнасці і гневу.
Вучань. Праваслаўная вера ачысціла, асвяціла і ўмацавала ў нас любоў да Бацькаўшчыны.
(вучні рэчытатывам)
Шануй душу сваю, народзе,
І ўласнай памяці не траць,
Каб у нязведанай дарозе,
Ахвярай хуткасці не стаць.
Вучы дзяцей яшчэ з пялёнак:
Каб не скаціцца пад адхон-
Хай з курганоў тваіх зялёных
Бяруць у заўтрае разгон.
Р.S. Мерапрыемства напісана пад уражаннем падзей, якія адбываліся на Свята-Ефрасіньеўскіх чытаннях, падчас знаёмства з людзьмі, якія натхнілі. Дзякуй усім арганізатарам чытанняў, матушцы Еўдакіі, якая паклапацілася пра экскурсіі, якія пакінулі вялікія ўражанні.
oroik. by