“Накіроўваў сэрцы чалавечыя да Хрыста”: свяшчэннапакутнік Мікалай Акаловіч

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Протаіерэй Мікалай Фаміч Акаловіч нарадзіўся 4 мая 1863 года ў вёсцы Ужляціна Віцебскага павета (каля сучаснай ст. Язвіна Шумілінскага раёна) у сям’і псаломшчыка. Вучыўся ў Віцебскім духоўным вучылішчы (1873 – 1877), пасля ў Віцебскай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1883 годзе па першым разрадзе.

Віцебскае духоўнае вучылішча.
Віцебская духоўная семінарыя.

У 1883-1887 гг. Мікалай Акаловіч навучаўся ў Маскоўскай духоўнай акадэміі, якую скончыў, атрымаўшы званне магістра.

Яшчэ ў школьныя гады Мікалай адрозніваўся стараннасцю, духоўнай мудрасцю і міралюбствам, тактоўнасцю ў адносінах да людзей. Яго называлі “Мікалаем Міратворцам”. Гэтыя дараванні сталі асновай яго далейшага служэння на ніве місіянерскай пропаведзі.

Маскоўская духоўная акадэмія.
Маскоўская духоўная акадэмія.

Указам епіскапа Полацкага і Віцебскага Маркела (Попеля) 4 снежня 1887 года Мікалай Акаловіч быў прызначаны на пасаду проціраскольніцкага місіянера Полацкай епархіі. Да сакавіка 1889 года жыў у цэнтры вялікага раёна пражывання старавераў – у г. Рэжыца (сучасны г. Рэзекне, Латвія).

17 студзеня 1888 годзе Мікалай Акаловіч ажаніўся з Аляксандрай Міхайлаўнай Дзецікевіч, унучкай епіскапа Маркела (Попеля), дачкой протаіерэя Міхаіла Кірылавіча Дзецікевіча, які быў у 1871–1875 гадах адміністратарам Холмскай епархіі. У сям’і Мікалая Фаміча і Аляксандры Міхайлаўны нарадзіліся два сыны і дзве дачкі.

Неўзабаве Мікалай Акаловіч быў рукапаложаны епіскапам Маркелам (Попелем) у дыякана, а 2 лютага 1888 года – у іерэя.

У сакавіку 1888 года айцец Мікалай быў прызначаны настаяцелем дамавой Мікольскай царквы Полацкага кадэцкага корпуса. З 4 сакавіка наступнага года айцец Мікалай знаходзіўся на пасадзе законавучыцеля Полацкага кадэцкага корпуса, адначасова з’яўляючыся членам Полацкага епархіяльнага папячыцельства, старшынёй Савета Полацкага Царкоўнага Брацтва, старшынёй Полацкага павятовага аддзялення вучылішчнага савета.

Корпусная Свята-Мікольская царква і будынак кадэцкага корпуса (1910).

Абавязкаў у айца Мікалая было шмат, але ён працягваў асветніцкую дзейнасць, выяўляючы асаблівы клопат пра царкоўна-прыходскія школы.

15 жніўня 1897 года айцец Мікалай быў уганараваны “За асаблівую стараннасць і руплівасць у справе добраўпарадкавання мясцовых царкоўнапрыходскіх школ” граматай Свяцейшага Сінода і ўзнагароднай Бібліяй.

…У 1906 годзе айцец Мікалай моцна захварэў. Праз год здароўе святара значна пагоршылася, таму дактары настойліва прапанавалі яму змяніць клімат. Так айцец Мікалай пераехаў на служэнне ў Варонежскую епархію.

19 чэрвеня 1907 г. протаіерэй Мікалай Акаловіч прызначаны рэктарам Варонежскай духоўнай семінарыі і галоўным рэдактарам “Варонежскіх епархіяльных ведамасцяў”. Айцец Мікалай з 1908 г. быў старшынёй Варонежскага епархіяльнага місіянерскага савета і ўдзельнічаў у дзейнасці чатырнаццаці культурна-асветніцкіх і дабрачынных устаноў.  У Варонежскай семінарыі яго намаганнямі арганізаваны абсерваторыя, біялагічная і электрычная станцыі, аранжарэя.

Варонежская духоўная семінарыя (засн. у 1745 г.).

У маі 1910 года протаіерэй Мікалай Акаловіч удзельнічаў у перанясенні мошчаў прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, у яе Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Званіца манастыра.

У 1911 годзе па ініцыятыве святара Мікалая Акаловіча ў Варонежы былі заснаваны педагагічныя і місіянерскія курсы для выкладчыкаў царкоўна-прыходскіх школ і прыходскага духавенства.

Валодаючы выдатным літаратурным талентам і шмат гадоў узначальваючы “Полацкія епархіяльныя ведамасці” і “Варонежскія епархіяльныя ведамасці”, айцец Мікалай надрукаваў больш за тысячу старонак розных літаратурных прац – місіянерскіх справаздач, пропаведзей, некралогаў.

У снежні 1912 года протаіерэй Мікалай Акаловіч быў прызначаны законавучыцелем Дзвінскага рэальнага вучылішча (сучасны г. Даўгаўпілс, Латвія).

Дзвінскае рэальнае вучылішча.

Пад час Першай сусветнай вайны айцец Мікалай пераехаў у г. Рэчыцу, дзе з кастрычніка 1917 года знаходзілася ў эвакуацыі Дзвінскае рэальнае вучылішча. Сям’я святара ў гэты час жыла ў г. Кузнецку (Расія).

Пасля заканчэння нямецкай акупацыі айцец Мікалай пераехаў у Віцебск. З мая 1919 г. ён служыць на пасадзе кіраўніка пастырскай школы пры Мікалаеўскім кафедральным саборы. Адначасова чытае лекцыі па Законе Божым у савецкіх працоўных школах 2-1 ступені і для дарослых. Выкладае гісторыю рэлігій, агульную і рускую царкоўную гісторыю, а таксама асноўную, маральную і дагматычную тэалогію.

У 1922 годзе протаіерэя Мікалая Акаловіча прызначылі настаяцелем віцебскага Мікалаеўскага кафедральнага сабора (зруйнаваны ў 1957 г.)

Мікалаеўскі кафедральны сабор у Віцебску.

У той час у горадзе ішла кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей, якая дзякуючы мудрасці святара адбылася без кровапраліцця. Аднак канфлікты былі, што выклікала арышты. Толькі па падазрэнні ў арганізацыі перашкод канфіскацыі каштоўнасцей у 1922 годзе айцец Мікалай быў арыштаваны і ўтрымліваўся пад вартай на працягу двух тыдняў. Пасля яго ўмоўна асудзілі на год пазбаўлення волі, але ў хуткім часе амніставалі.

Паколькі айцец Мікалай Акаловіч з прычыны арышту страціў месца свайго служэння, а віцебскі Мікалаеўскі сабор ужо знаходзіўся пад уладай абнаўленцаў, яму давялося прымаць новае прызначэнне ад “адзінага” Епархіяльнага ўпраўлення.

Да восені 1924 года айцец Мікалай – настаяцель Пакроўскага храма ў вёсцы Навікі Полацкага павета і Камшанскай царквы Невельскага павета Віцебскай губерні. Адначасова з’яўляўся ўпаўнаважаным Віцебскага епархіяльнага ўпраўлення па Невельскім павеце.

Да таго часу ў Віцебскай епархіі ўсё больш яўна заяўляла пра сябе абнаўленцтва. Протаіерэй Мікалай Акаловіч стаў найважнейшай асобай у супрацьстаянні абнаўленчаму расколу ў Віцебску.

Абнаўленчы раскол уяўляў вялікую небяспеку для праваслаўнай царквы таго часу. Айцец Мікалай аб’ядноўваў вакол сябе святароў, вернікаў, мужна дамагаючыся ад багаборчай улады стварэння асобнага ад абнаўленцаў епархіяльнага ўпраўлення.

У 1924 і 1927 гадах абнаўленчы мітрапаліт Іосіф (Крачатовіч) і абнаўленчы архіепіскап Алексій (Шчарбакоў) пісьмова прапаноўвалі айцу Мікалаю перайсці ў абнаўленцтва, прыняць архіерэйскі сан і Полацкую епархію. Адказ быў адназначна адмоўны.

У 1924 годзе абнаўленчыя Віцебскі епархіяльны савет і Вышэйшы царкоўны савет узнагародзілі айца Мікалая, які не належаў да абнаўленцтва, мітрай. Айцец Мікалай быў абураны, успрыняў гэтую падзею як подкуп і наадрэз адмовіўся прыняць узнагароду.

З кастрычніка 1924 года да арышту ў 1931 годзе протаіерэй Мікалай Акаловіч быў настаяцелем Свята-Ільінскай царквы ў Віцебску.

Віцебская Свята-Ільінская царква.

Пасля закрыцця ў 1929 годзе батальённай Свята-Мікольскай царквы, айцец Мікалай, не баючыся ганенняў, прыняў у клір свайго храма яе святара Ігнація Іасафатава і ўзяў пад сваё акармленне паству закрытай царквы.

Адчуваючы, што часы становяцца ўсё цяжэйшыя, айцец Мікалай штодня здзяйсняў Божую літургію і не пакідаў у час выпрабаванняў малітвы пра мір для ўсяго свету. Ён аказваў людзям духоўную падтрымку, утрымліваў іх ад роспачы, імкнуўся накіроўваць сэрцы чалавечыя да Хрыста і звяртаў іх духоўныя позіркі да вечнасці.

З асаблівай стараннасцю айцец Мікалай працаваў і ў 1929-1931 гадах, калі на Віцебскай кафедры знаходзіўся архіепіскап Мікалай (Пакроўскі), а сам святар быў прызначаны благачынным гарадскіх цэркваў Віцебска. У гэты час з абнаўленцтва ўдалося вярнуць каля 50 прыходаў. На богаслужэнні ў храмах, якія зноў адкрываліся, збіралася да 10 тысяч вернікаў.

Такім чынам, у гады ганенняў на Праваслаўную Царкву, набыўшы нялёгкай духоўнай працай высокі аўтарытэт і прызнанне сярод духавенства і свецкіх, выхаваўшы ў сабе такія якасці як духоўную мудрасць, любоў да малітвы, асабістую сціпласць, протаіерэй Мікалай Акаловіч дапамог няўстойлівым душам зацвердзіцца ў праваслаўнай веры, спыніць варожасць, а тым, хто ўвайшоў у раскол, – вярнуцца да Маці Царквы.

Протаіерэй Мікалай Акаловіч.

Багаборчая ўлада не магла не заўважыць актыўнасці святара.

Протаіерэя Мікалая Акаловіча арыштавалі 24 красавіка 1931 года і змясцілі ў Віцебскую турму. Яму было прад’яўлена сфабрыкаванае абвінавачанне ў антысавецкай і антыкалгаснай агітацыі. У гэты час айцу Мікалаю было ўжо 68 гадоў. Ён правёў пад следствам 15 месяцаў у турме, што канчаткова падарвала яго здароўе, але вінаватым сябе не прызнаў…

Як сведчыў сын святара, Пётр Мікалаевіч Акаловіч (у будучым таксама арыштаваны і расстраляны ў 1937 годзе), айцец Мікалай адышоў да Госпада ў 1934 годзе. Месца зняволення і пакутніцкага скону, а таксама прычына яго смерці засталіся невядомыя.

Рэабілітавалі протаіерэя Мікалая Акаловіча 12 верасня 1989 года.

Царкоўнае ўслаўленне новапакутніка адбылося 4 лістапада 2007 года ў віцебскім Свята-Троіцкім Маркавым манастыры. Праслаўляецца протаіерэй Мікалай Акаловіч і ў Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Дні памяці: 30 жніўня/12 верасня і 22 кастрычніка/4 лістапада.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:

Горидовец Владимир, иерей. Житие святого священномученика Николая, пресвитера Витебского. – Витебск, 2007.