Намоленая стагоддзямі святыня: храм Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Невялікая вёска Сынкавічы ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці вядомая не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Сюды з розных мясцін у любую пару года з’язджаюцца вернікі.

На паўночнай ускраіне вёскі, за 15 км на захад ад Слоніма і прыкладна за 200 км ад сталіцы, знаходзіцца адзін са старажытных храмаў Беларусі – царква Святога Архангела Міхаіла – найбольш аўтэнтычная з беларускіх чатырохвежавых праваслаўных цэркваў-крэпасцей XVI стагоддзя. Выдатны прыклад гатычнага праваслаўнага храмавага будаўніцтва. Старажытны вялікі будынак з чырвонай цэглы з вежамі і байніцамі. Адзін з першых храмаў абарончага тыпу ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Да нашых дзён у Беларусі захаваліся яшчэ два падобныя храмы: царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна і касцёл Святога Іаана Хрысціцеля ў Камаях Пастаўскага.

Даехаць да Сынкавіч проста. Храм знаходзіцца за 50 км ад трасы М1 Мінск-Брэст. Трэба павярнуць на горад Слонім, а праз 10 км пасля яго будзе паварот на Сынкавічы.

Храм Святога Архангела Міхаіла – аб’ект Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей. Каля ўваходу ў храм уладкавана таблічка з надпісам: “Помнік архітэктуры канца  XV – пачатку XVI стагоддзя – царква абарончага тыпу”.

Царква  Святога Архангела Міхаіла.

Існуе легенда, што царкву ў Сынкавічах заснаваў вялікі князь Вітаўт (1350 – 1430) з удзячнасці за тое, што ў мясцовых лясах ён выратаваўся ад пагоні стрыечнага брата Ягайлы.

Згадаем, што ў ХIV стагоддзі Вялікім Княствам Літоўскім кіравалі сумесна сыны Гедзіміна – Альгерд і яго малодшы брат Кейстут, сын Гедзіміна ад другога шлюбу.

У 1377 годзе пасля смерці вялікага князя літоўскага Альгерда яго спадчыннікам стаў сын Ягайла. Каб умацаваць сваю ўладу, Ягайла аб’явіў вайну Кейстуту і яго сыну Вітаўту. Калі не змог перамагчы, прапанаваў мір і запрасіў родзічаў у госці, а насамрэч заманіў у пастку. Кейстута, роднага дзядзьку, пакараў смерцю, а Вітаўта з жонкаю Ганнай зняволіў у Крэўскім замку і трымаў пад моцнаю вартай.

Дазвалялася заходзіць да зняволеных толькі дзвюм жанчынам. Відаць, ад іх дачулася княгіня, што Вітаўта чакае смерць, калі ён не ўцячэ з вязніцы. І прыдумала княгіня, як выратаваць мужа. Пераапрануўшыся ў адзенне адной з кабет, што прыходзілі ім слугаваць, князь выйшаў з пакоя і незаўважна спусціўся з замка, каб уцячы ў Прусію. Заблытваючы сляды Ягайлавых служак, уцякаў зусім у адваротны бок, да старажытнай Літвы, за Наваградак.

Хаваўся ў паўразбуранай крэпасці сярод дрымучых лясоў паблізу Слоніма, дзе на той час знаходзіліся яго вотчыны. Магчыма, месцам прытулку і была старажытная крэпасць, на аснове якой узнік пасля Сынкавіцкі храм, бо існуе меркаванне, што ён перабудаваны з замка.

Мясцовыя жыхары падтрымлівалі Вітаўта як маглі. Калі прыкладна праз месяц сітуацыя палепшылася, Вітаўт адправіўся ў Прусію па дапамогу.

Прыйшоўшы да ўлады, князь Вітаўт не забыў пра паселішча і яго жыхароў. Як сведчыць легенда, ён перабудаваў крэпасць у царкву абарончага тыпу, дзе мясцовыя жыхары маглі не толькі маліцца, але і абараняцца ад ворага. Невядомыя таленавітыя дойліды выканалі волю князя Вітаўта. Так у Сынкавічах узнялася царква-крэпасць.

Як сведчыць царкоўны летапіс, прыкладна праз 25 гадоў пасля выратавання ад немінучай гібелі, у 1407 годзе, вялікі князь Вітаўт прыбыў на асвячэнне адноўленага храма-крэпасці ў гонар Архангела Міхаіла.

Вучоныя не могуць даць дакладнага адказу пра год пабудовы храма, невядома і хто яго будаваў. Больш за 150 гадоў на гэты конт вядуцца дыскусіі. Трэба прызнаць, што ўсе пункты погляду заснаваны толькі на ўскосных звестках, прамых спасылак ні на год будаўніцтва, ні на прозвішча фундатара няма.

Хутчэй за ўсё замак пабудаваны прускімі перасяленцамі ў пачатку XIV стагоддзя. Гэта пацвярджаецца некаторымі фактамі, у тым ліку і знойдзенымі на сценах храма надпісамі, сапраўднасць якіх не падлягае сумневу. Адсутнасць звестак пра замак у летапісах, тлумачыцца тым, што жыццё прусаў не ўяўляла цікавасці для летапісцаў, якія больш займаліся вывучэнне радаводаў княжацкіх сем’яў.

Упершыню ў гісторыяграфіі пытанні ўзнікнення храма Святога Архангела Міхаіла агучыў у 1865 годзе протаіерэй Плакід Янкоўскі (1810 – 1872), які доўгі час жыў у Жыровіцах, у “Нататцы пра Сынкавіцкую царкву”, апублікаваную ў “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях”.

Такім чынам, пісьменніку, публіцысту, прафесару Літоўскай духоўнай семінарыі протаіерэю Плакіду Янкоўскаму належыць  першая вядомая публікацыя па гісторыі Сынкавіцкага храма.

Вядома, што святар Плакід з 1841 года займаўся вывучэннем гісторыі царквы, апытваў мясцовых жыхароў, працаваў у архівах, але так і не знайшоў дакументаў, якія сведчылі б пра час пабудовы і заснавальнікаў.

У “Нататках” пра Сынкавіцкі храм протаіерэй Плакід Янкоўскі дае апісанне храма, згадвае імя былога слонімскага прадвадзіцеля дваранства Адальберта Пуслоўскага, які ў 1820-я гады склаў “…па магчымасці гістарычнае апісанне Сынкавіцкай царквы”. Аднак лёс гэтага даследавання, таксама як і старажытных дакументаў, далучаных да яго, на сённяшні дзень невядомы. Іх яшчэ належыць адшукаць.

Цікава, што на пытанне айца Плакіда Янкоўскага падчас падрыхтоўкі “Нататак” пра год заснавання храма, старэнькі тагачасны сынкавіцкі святар Іаан Бугеда, адказаў наступнае: “…церковь стара, свыше памяти человеческой”. 

Калі прымаць на ўвагу легенду пра князя Вітаўта і некаторыя звесткі, то царква пабудавана першай з праваслаўных храмаў-крэпасцей ВКЛ у пачатку XV стагоддзя (1407 г.). Нават існуе думка, што фундатарам мог быць вялікі гетман Літоўскі Канстанцін Астрожскі, бо храм нагадвае Троіцкую і Прачысценскую цэрквы, пабудаваныя на яго сродкі ў Вільні.

Гісторыкі архітэктуры прыходзяць да высновы, што храм узнік у XVI стагоддзі. А знойдзеныя запісы на сценах храма падчас рэстаўрацыйных работ сведчаць пра існаванне будынка ў пачатку ХІV стагоддзя.

Вядома, што першапачаткова на месцы цяперашняга храма быў узведзены замак. На насыпным узвышэнні сярод балота, дзе зліваліся ў адно цэлае некалькі ручаін. Гэта яшчэ больш дадавала непрыступнасці крэпасці. Цяпер храм акружаюць бяскрайнія палі.

У 1891 годзе побач з храмам-крэпасцю пабудавалі 2-х ярусную чатырохгранную званіцу. Ніжні ярус выкананы з бутавага каменю, а верхні з цэглы. Званіца моцна адрозніваецца па стылі ад асноўнай пабудовы. Раней была накрыта шатровым дахам. У 2007 годзе званіцу рэканструявалі, прырабіўшы да верху “залатую цыбуліну”…

На думку айца Арсенія Ананкі, настаяцеля храма Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах, найбольш даследаваў царкву айцец Яўстафій Міхайлоўскі, які служыў там настаяцелем з 1872 да 1904 года і нямала намаганняў прыклаў для аднаўлення храма.

Год 1872, калі айцец Яўстафій пачаў сваё служэнне ў Сынкавіцкім храме, стаў вельмі горкім для яго асабіста: ад цяжкіх родаў памерла яго жонка, матушка Надзея Фёдараўна, і нованароджаны сын Уладзімір. Пасля гэтага бацюшка назаўсёды звязаў сваё жыццё з прыходам, дзе знаходзіліся дарагія яго сэрцу магілы.

Усе свае сілы айцец Яўстафій скіраваў на даследаванне святыні і рамонт храма. Ім была ўладкавана царкоўная агароджа і званіца, адрамантаваны дах царквы. Пры ачыстцы тынкоўкі святаром Міхайлоўскім знойдзены надпісы на сценах, самыя старажытныя з якіх датуюцца  першай паловай ХІІ ст., а таксама ХІІІ, ХІV і ХV стст. Сярод іх надпіс «Т. ІІ», што ў адпаведнасці з літарнымі абазначэннямі лічбаў, можна трактаваць як «300. 10+10», гэта значыць 1320.

На двух старажытных званах значыліся гады: на адным – 1460 год, на другім – 1689.

У нацыянальным архіве захавалася дакладная запіска святара пра важныя знаходкі і стан храма Архангела Міхаіла ў Сынкавічах.

Адзначаючы істотны ўклад у вывучэнне Сынкавіцкага храма святара Яўстафія Міхайлоўскага, згадаем, што ў 1881 годзе ён склаў рукапіснае гістарычнае апісанне храма і адправіў яго ў Віленскую духоўную кансісторыю. На жаль, тыя чатыры сшыткі прыкладна па 100 лістоў кожны, нікім з даследчыкаў яшчэ не выяўлены. Магчыма, гэтыя рукапісы былі страчаны. Аднак асноўныя факты былі выкладзены айцом Яўстафіем у метрыцы Сынкавіцкай царквы, запоўненай па просьбе Імператарскай археалагічнай камісіі. Цяпер метрыка захоўваецца ў Архіве Інстытута матэрыяльнай культуры РАН у Санкт-Пецярбурзе.

Даволі падрабязна гісторыя храма Архангела Міхаіла асвятлялася ў “Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях” у 1909 годзе. З публікацыі ананімнага аўтара відаць, што менавіта ён быў знаёмы з той аб’ёмнай рукапіснай працай святара Міхайлоўскага. У артыкуле гаворыцца і пра насценныя надпісы, абнаружаныя настаяцелем Міхайлоўскім у час рамонту храма ў 1881 годзе, і пра тагачасны стан прыхода, пра сабраныя святаром вусныя паданні ад прыхаджан; прыводзіцца апісанне іх быту, звычаяў, песень. Гэта не так і мала, калі ўлічваць, што праца выконвалася адным чалавекам, звычайным сельскім святаром Яўстафіем.

Царкоўная брама.
Надпіс, што сведчыць пра аднаўленне храма на сродкі ўраду, вернікаў і айца Яўстафія Міхайлоўскага.

Гісторык, краязнавец і даследчык Юзаф Ядкоўскі, які апублікаваў у 1915 годзе першы найбольш грунтоўны навуковы матэрыял пра храм Архангела Міхаіла таксама сцвярджае, спасылаючыся на крыніцы, што айцец Міхайлоўскі на адным з малых званоў Сынкавіцкай царквы знайшоў надпіс: “Anno Domіnі 1460”. Узнікае думка, што храм у Сынкавічах у час адліўкі звана ўжо існаваў, бо ніколі званы не заказваліся яшчэ да будаўніцтва храма. Таму, магчыма, ён сапраўды пабудаваны пры Вітаўту. А сама вёска Сынкавічы яшчэ старэйшая за крэпасць-царкву.

Як адзначае протадыякан Павел Бубноў у выданні “Крепость Духа: история и современность православного прихода храма святого Архистратига Михаила в Сынковичах” (2017), Юзаф Ядкоўскі, які  ў 1910-1914 гадах вывучаў старажытныя храмы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, упершыню ў даследчай літаратуры прыводзіць пошук дакументаў па гісторыі Сынкавіцкага храма ў “Актах Літоўскай метрыкі”.

Даследчыку Ядкоўскаму ўдалося адшукаць цікавую грамату 1576 года, што датычыць Сынкавічаў, – “Привилей пану Ивану Есману на торг в день недельный в именью его Сынковичах”. Гэтым прывілеем кароль Стэфан Баторый дазваляў у паселішчы кірмашы ў нядзелю і корчмы, пазбаўленыя збораў на карысць казны.

Відавочна, што будаўнічыя работы завершаны прыкладна ў 70-я гады ХVІ стагоддзя, пры памешчыку Есману, які атрымаў грамату. Таму факт існавання храма Архангела Міхаіла ў 1576 годзе неабвержаны, бо звычайна кірмашы абавязкова наладжваліся ў вёсцы, дзе была царква.

Пра атрыманне шляхцічам Есманам прывілея на нядзельныя таргі і першае згадванне Сынкавічаў у дакументах канца XV – пачатку XVI стагоддзя гаварыў і гісторык Яраш Мілашэўскі.

Для даследчыкаў савецкага перыяду Сынкавіцкі храм уяўляў сабою каштоўнасць выключна як архітэктурны феномен. Вядомы беларускі мастацтвазнаўца М. Шчакаціхін (1896 – 1940) першым загаварыў пра Сынкавіцкі храм у кантэксце развіцця еўрапейскай царкоўнай архітэктуры.

У розныя перыяды помнік дойлідства вывучалі даследчыкі Ю. Ягораў, М. Ткачоў, У. Чантурыя, А. Кушнярэвіч, А.Трусаў, А. Кулагін, Т. Габрусь і іншыя вучоныя.

Тэма гісторыі Сынкавіцкага храма даследуецца ў публікацыях (2011 – 2017 гг.) ураджэнца гэтай мясцовасці протаіерэя Віталія Антоніка; у дыпломнай працы (2011 г.) М. Нецветаевай. Значную дапамогу ў справе вывучэння царквы-крэпасці аказаў навуковы кіраўнік даследчых і рэстаўрацыйных работ Г. Лаўрэцкі. 

Вывучэнне храма Святога Архангела Міхаіла працягваецца. Спраў у кірунку адкрыцця новых старонак гісторыі храма, без сумневу, яшчэ хопіць на многія пакаленні даследчыкаў, пісьменнікаў, мастакоў.

Сынкавіцкая царква. 1867 г. Мал. Васіля Гразнова. (Карціна знаходзіцца ва Ульянаўскім абласным мастацкім музеі).

Унікальны нават па сусветных стандартах Сынкавіцкі храм захаваўся да цяперашняга часу амаль без пазнейшых перабудоў.

Нельга не заўважыць у архітэктуры храма дэталі старажытнарускага і гатычнага дойлідства. Да першых можна аднесці аркатурны паясок, які ахоплівае апсіды, а таксама дзве ўсходнія круглыя вежы на ўзроўні ніжняга яруса. Элементы готыкі – стромкі дах, стрэльчатыя аркі праёмаў, зорчатыя скляпенні ў правай апсідзе.

Два архітэктурныя стылі наводзяць на думку пра два этапы будаўніцтва крэпасці, што пазней стала храмам.

Франтоны храма, што складаюць большую частку тарцовых фасадаў, аздоблены шматлікімі дэкаратыўнымі нішамі, якія здымаюць  уражанне цяжкавагавасці і ствараюць адчуванне “лёгкасці” сцяны.

Храм Святога Архангела Міхаіла. Франтоны.

Сынкавіцкая царква нагадвае старажытнарускія чатырохстоўпныя крыжова-купальныя храмы. Крыху іншая аб’ёмна-прасторавая структура –  трохнэфавая чатырохстоўпная базіліка з рэнесансным фасадным шчытом.

Трохапсідны храм у плане нагадвае скошаны прамавугольнік, фланкіраваны па вуглах чатырма абарончымі вежамі. На галоўным фасадзе яны васьмігранныя, на тыльным, з боку апсіды, – круглыя.

Абарончыя вежы храма Святога Архангела Міхаіла.
Абарончыя вежы храма Святога Архангела Міхаіла.

Пры перакрыцці апсід выкарыстаны арыгінальны прыём. Калі звычайна кожная апсіда мела асобны дах, то тут усе тры апсіды з тыльнага боку храма накрыты адным крывалінейным дахам. Таму калі глядзець на будынак зверху, то здаецца, быццам апсіда адна. Гэта стала магчымым дзякуючы ўвядзенню сістэмы ступеньчатых арак, што размешчаны паміж верхнімі часткамі апсідных паўкружжаў.

Такі прыём ператварыў дах пабудовы з трохапсідным планам у аднаапсідны, што дазволіла спрасціць канструкцыю і захаваць цэласнасць аб’ёмнай пабудовы.

Акрамя ўсяго, для абарончых мэтаў у верхняй частцы самага галоўнага фасада размешчаны“ліхтарык”, вельмі рэдкі архітэктурны элемент, што служыў і назіральным пунктам, і месцам размяшчэння абаронцаў крэпасці.

Храм Святога Архангела Міхаіла. Апсіды.

У карнізнай частцы храма-крэпасці праходзіць пояс круглых байніц і арачных машыкуляў (навясных байніц). Высокі двухсхільны дах на тарцах закрыты магутнымі востравугольнымі шчытамі, ўпрыгожанымі ярусамі атынкаваных аркатур. Нішы пабеленыя, што на фоне чырвонай цаглянай муроўкі стварае актыўную колеравую гаму.

На паўночна-заходняй вежы абпаленай цэглай выкладзены крыжы.

Фрагмент паўночна-заходняй вежы храма.

Залу ў храме чатыры васьмігранныя слупы раздзяляюць на тры нэфы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з дэкаратыўнымі гатычнымі нервюрамі. Тры нэфы амаль аднолькавыя па шырыні, крыху шырэйшы – сярэдні.

Цэнтральная і паўночная апсіды перакрыты крыжовымі скляпеннямі, паўднёвая – зорчатым.  

Асаблівую цікавасць у інтэр’еры храма ўяўляюць канструктыўныя элементы, характэрныя для ранняй готыкі, – крыжовыя скляпенні, што захаваліся са старажытнасці. Толькі ў паўднёвай апсідзе скляпенні маюць больш складаную канструкцыю.

Крыжовы варыянт нервюрных скляпенняў у храме Архангела Міхаіла.

Існуюць меркаванні, што скляпеністая столь існавала ў сынкавіцкім замку не першапачаткова, а з’явілася тады, калі яго перараблялі пад храм. Скляпенні над нэфамі не ўспрымаюцца як адзінае цэлае з калонамі і пілястрамі. Ствараецца ўражанне, што скляпенні пабудаваны пазней, а гэта азначае, што столь раней мела іншую форму, хутчэй за ўсё была больш нізкая і роўная. Значыць, у верхнім памяшканні быў вольны доступ да байніц. Гэта яшчэ адзін факт на карысць таго, што абарончы аб’ект перабудаваны ў храм.

Атынкаваныя сцены раздзелены лапаткамі, што аб’яднаны са слупамі падпружнымі аркамі.

Гранёныя слупы, на якія абапіраюцца крыжовыя скляпенні з нервюрамі, займаюць невялікую частку ўнутранай прасторы. Таму інтэр’ер храма мае характар залы. Гэта адчуваецца і ў знешнім аб’ёме збудавання, якое ўяўляе сабою паралелепіпед, пакрыты высокім шчыпцовым дахам.

У другі (абарончы) ярус з асноўнага памяшкання храма вядуць вітыя лесвіцы, схаваныя ў вежах. Усходы злучаюць залу з паддашкам, на якім некалі размяшчаўся абарончы ярус царквы.

Цяпер храм праваслаўны, але так было не заўсёды.

За сваю гісторыю храм некалькі разоў пераходзіў з адной канфесіі ў другую. У ХVI стагоддзі ён належаў уніятам, у 1831 – 1840 гадах –праваслаўным. З 1915 па 1939 год, у час польскай акупацыі, тут была ўніяцкая суполка. У 1941 – 1959 гадах дзейнічаў як праваслаўны. У 1960 годзе храм закрылі. Памяшканне і царквы, і званіцы пачалі выкарыстоўваць пад зернесховішча і склад ільну.

Зімовай ноччу 1979 года будынак царквы чуць не згарэў. Выратавалі вясковыя хлопцы, якія, вяртаючыся дадому, заўважылі дым. Дзверы былі не зачыненыя на замок, таму ўвашлі ў памяшканне, дзе моцна дыміўся лён, без перашкод. Некалькі гадзін хлопцы засыпалі яго снегам, носячы яго проста ўручную, тапталі нагамі. На шчасце, узгаранне ліквідавалі. Пра гэты выпадак распавядае Сяргей Чыгрын у матэрыяле “Царква Святога Архангела Міхаіла, Слонімскі раён, в. Сынковічы” (zviazda.by, 28.06.2021; загаловак артыкула ў газеце “Звязда” – “Што раскажуць сцены храма”). Аўтар публікацыі і быў адным з тых вясковых хлапчукоў, якія тады ратавалі будынак храма.

З 1991 года праваслаўны храм Святога Архангела Міхаіла адкрыты для вернікаў.

Ікона “Усецарыца” ў храме Архангела Міхаіла.

Цяпер сынкавіцкі Свята-Міхайлаўскі храм на ўвесь свет вядомы цудадзейнай іконай “Усецарыца”, арыгінал якой знаходзіцца ў Грэцыі, на Святой гары Афон.

Цудадзейная ікона “Усецарыца” (Пантанаса), напісаная ў XVII  стагоддзі, знаходзіцца ў Ватапедскім манастыры ў саборным храме. На абразе выява Божай Маці на Прастоле ў акружэнні двух архангелаў. На каленях Яна трымае Дзіця, паказваючы на яго правай рукой і як бы гаворачы людзям: “Вось Той, Хто дасць вам палёгку на цяжкім шляху зямнога жыцця”.

З часам насельнікі Ватапеда пачалі заўважаць, што ікона аказвае асаблівы ўплыў на людзей з анкалагічнымі захворваннямі. Па малітвах вернікаў пачалі вылечвацца самыя цяжкія хваробы. Ікона ацаляла нават тых, у каго, здавалася, ужо не засталося ніякага шанцу выжыць. Чуткі пра гэта хутка разышліся па свеце.

Пра цуды па малітвах перад іконай “Усецарыца” існуе шмат гісторый. Вядома, што ў 1995 годзе ў дзіцячы анкалагічны цэнтр у Маскве быў прынесены спісак іконы Божай Маці “Усецарыца”. У хуткім часе ікона пачала міраточыць, а тыя, хто маліўся перад іконай, вылечваліся. Пра шматлікія выпадкі вылячэння ад ракавых захворванняў разам з медыцынскімі заключэннямі стала вядома ў Маскоўскай Патрыярхіі. Патрыярх Алексій ІІ у 1997 годзе благаславіў прызначыць дзень святкавання іконы “Усецарыца” 31 жніўня.

Дакладныя спіскі з іконы пачалі з’яўляцца ў многіх храмах і манастырах, у тым ліку і ў Беларусі.

Як згадвае айцец Арсеній, пасля адкрыцця храма Архангела Міхаіла ў Сынкавічах усё часцей сталі з’яўляцца прыезджыя вернікі.

У Сынкавіцкі храм прыходзілі людзі, якія шукалі выратавання ад цяжкіх хвароб пасля Чарнобыльскай катастрофы, адным з наступстваў якой стаў рост анкалагічных захворванняў.

Спачатку абразоў у храме не было, таму ў ім размясцілі папяровую ікону “Усецарыца”. Менавіта да яе са сваім болем і надзеяй на выздараўленне з малітваю звярталіся хворыя на анкалогію людзі. І па веры давалася ім выратаванне. Здарыўся першы цуд вылячэння, а пасля другі…

Стала вядома, што вылечылася цяжка хворая маці адной жанчыны, пасля яе дачка. Праз некаторы час у храм па Божую дапамогу звярнулася знаёмая гэтай сям’і. І таксама атрымала цуд выздараўлення. З вялікай удзячнасці жанчына пакінула храму сродкі, на якія была напісана ікона Божай Маці “Усецарыца”. Настаяцель храма Архангела Міхаіла набыў у 2006 годзе для сваёй царквы спісак цудадзейнай іконы.

У час асвячэння іконы і знаходжання ў храме, на яе сышла Божая благадаць. Са жніўня 2008 года ў храме здзяйсняюцца малебны з чытаннем акафіста перад “Усецарыцай”. З той пары колькасць паломнікаў да храма яшчэ больш павялічылася.

У 2010 годзе ў Сынкавіцкім храме з’явілася другая ікона “Усецарыца”, якую напісалі на Святой гары Афон на сродкі ўдзячнага фундатара. Абраз быў пранесены па ўсіх 20 манастырах Святой гары, прыкладзены да святыняў, адслужаны малебны.

Афонская “Усецарыца” знаходзіцца ў ківоце каля салеі з левага боку. Яна вынасная. Кожны год 31 жніўня на свята ў гонар Божай Маці “Усецарыцы” вернікі ідуць хрэсным ходам да святой крыніцы разам з іконай. З малітваю і верай.

Пра цудадзейную сілу іконы і шчаслівыя выпадкі вылечвання хворых, выпраўлення жыццёвых абставін, нараджэння доўгачаканых дзяцей існуюць запісы ў адпаведнай кнізе сведчанняў цудаў вылячэння. Мноства ацаленняў ад анкалогіі, сотні ад бясплоднасці.

Сярод тых, хто атрымаў вылячэнне, не толькі беларускія вернікі, але і паломнікі з Аўстраліі, ЗША, Германіі, Польшчы, Канады і многіх іншых краін. Як зазначае айцец Арсеній, “Госпаду было ўгодна зрабіць гэты ўнікальны па архітэктуры храм унікальным і па сваёй благадаці”.

Нехта з вернікаў першы пакінуў у знак удзячнасці “Усецарыцы” залаты ланцужок і завушніцы. Святар Арсеній прыняў рашэнне размяшчаць дарункі на іконе, каб іх бачылі людзі.

Вельмі хутка ўвесь абраз упрыгожылі залатыя і сярэбраныя вырабы. І з кожным годам у ківоце іконы “Усецарыца” прыбаўлялася дарункаў ад удзячных людзей, якія вылечыліся ад цяжкіх хвароб.

На жаль, у 2016 годзе ўсе каштоўнасці з іконы былі ўкрадзены невядомымі. Але на сённяшні дзень абраз зноў упрыгожаны дарункамі, а тыя невядомыя злодзеі, як лічаць вернікі, забралі з сабою ўсе чалавечыя пакуты…

У Сынкавіцкай царкве сярод немалой колькасці шануемых ікон – абразы святога Міхаіла Архангела, святой велікапакутніцы Варвары, спісак іконы Божай Маці “Жыровіцкая”, “Чанстахоўская” і іншыя. Аднак да якой бы іконы ў храме ні падыходзіў вернік, галоўнае, шчыра звяртацца ў малітвах і просьбах да Бога.

Айцец Арсеній лічыць, што насамрэч цуды адбываюцца ад Маці Божай. Вялікай ролі не мае, перад якой іконай маліцца. Галоўнае, што Прасвятая Багародзіца выбрала менавіта гэты старажытны храм, каб яўляць людзям свае цуды.

А яшчэ Сынкавіцкая царква славіцца незвычайна меладычным гучаннем званоў асаблівай тэхналогіі, адлітых спецыяльна для гэтага храма. Быццам пераклікаючыся, яны “пераліваюцца” пяццю рознымі “галасамі”. Упершыню за доўгія гады маўчання царкоўныя званы загучалі на ўсё наваколле ў 2005 годзе на свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы.

Асаблівая ў храме і акустыка – малітоўныя спевы выдатна чуваць у кожным куточку святога месца. Кажуць, што так вядзецца з даўніх часоў, бо захаваліся старажытныя галаснікі, уманціраваныя ў сцяну. Таму мікрафон у час набажэнства не выкарыстоўваюць.

Сцены храма ўпрыгожаны іконамі, за кожнай з якіх гісторыі людзей і іх сем’яў. Вышытыя ручнікі на абразах – таксама дарункі вернікаў з многіх мясцін Беларусі.

У верасні 2022 года ў храме Святога Архангела Міхаіла адбыліся ўрачыстасці, прымеркаваныя да 720-годдзя заснавання крэпасці і 615-годдзя асвячэння храма ў Сынкавічах.

Узначаліў урачыстасці архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній (Даронін). Напрыканцы Божай літургіі ўладыка Антоній сумесна з духавенствам здзейсніў слаўленне Прасвятой Багародзіцы перад мясцовашануемай святыняй – іконай Божай Маці “Усецарыца”, а пасля Яго Высокапраасвяшчэнства звярнуўся да вернікаў з архіпастырскім словам і ўручыў епархіяльныя ўзнагароды дабрадзеям і працаўнікам прыходу.

Настаяцель храма протаіерэй Арсеній Ананка цёпла вітаў архіепіскапа Антонія і падарыў Высокапраасвяшчэннаму ўладыку ікону “Цуд Архангела Міхаіла ў Хонех”.

…Дзверы храма Архангела Міхаіла ў Сынкавічах адчынены з 9.00 да 16.00  для прыхаджан штодзень, акрамя панядзелка. У царкоўнай лаўцы можна напісаць запіскі, заказаць малебны перад цудадзейнай іконай.

Набажэнствы ў царкве адбываюцца кожную нядзелю, а таксама ў святочныя дні. У першую пятніцу і трэцюю суботу кожнага месяца а 9-й гадзіне перад іконай Божай Маці “Усецарыца” здзяйсняюцца малебны за хворых. Айцец Арсеній выслухвае гісторыі людскіх пакут, дае парады, суцяшае, моліцца за людзей, клапоціцца пра храм.

Імя святара Арсенія Ананкі занесена ўдзячнымі зэльвенцамі  ў “Кнігу Славы Зэльвенскага раёна”.

Протаіерэй Арсеній Іванавіч Ананка.

Пра Сынкавіцкі храм шмат пішуць, ён уваходзіць у турыстычныя маршруты па Беларусі. Непадалёк ад царквы знаходзіцца крыніца. Паблізу ёсць крытая купель з надзвычай халоднай вадой, якая трымае пастаянную тэмпературу як зімою, так і летам. Купель мае два аддзяленні – больш глыбокае і мелкае. І крыніца, і купель, пабудаваная ў 2010 годзе,  асвячоныя ў гонар цудатворнай іконы “Усецарыца”. Побач знаходзяцца альтанкі для адпачынку.

На ахвяраванні прыхаджан прыведзена ў парадак тэрыторыя, адноўлена агароджа, побач з храмам пабудавана аўтастаянка, а  ў вёсцы – царкоўны дом і дом паломніка. Пры падтрымцы дзяржавы заменены дах, да 600-годдзя храма заасфальтавана дарога, што вядзе ад трасы Гродна – Слонім. 

У 2012 – 2013 гадах у храме правялі рэстаўрацыю: знялі масляную фарбу, атынкавалі сцены і столь.

Па ініцыятыве айца Арсенія прылеглую да храма тэрыторыю даследавалі з дапамогай геарадара. Так былі знойдзены рэшткі падмуркаў на сучасным царкоўным цвінтары, што з’яўляецца сведчаннем знаходжання ў старажытнасці на востраве некаторых будынкаў.

Знаходкі дапамагаюць зрабіць выснову, што сам будынак, які праз пэўны час стаў храмам, існаваў значна раней і меў іншы выгляд. Спачатку тут была вялікая крэпасць, ад яе нам застаўся толькі храм абарончага тыпу з байніцамі.

На думку даследчыкаў, калі гэта была крэпасць, то павінны быць і падземныя хады. Аднак побач працякала рака, таму пракапаць пад ёю ход было б вельмі складана. І ўсё ж, мяркуецца, некалькі невялікіх падземных хадоў было. Вялі яны ў лес і да берага ракі. Відаць, па гэтай прычыне амаль кожны год з правага боку храма пастаяннна правальваецца зямля. І хоць вернікі акуратна яе падсыпаюць, глеба з часам зноў апускаецца ўніз…  

У час рэстаўрацыі храма пад слоем тынкоўкі абнаружаны графіці на старажытнагрэчаскай мове са словамі апостала Іаана: “Возлюбленные! Не всякому духу верьте, но испытывайте духов от Бога ли они. Православный Господь Иисус Христос с духом твоим. 1213 год”.

На адной з калон абнаружаны надпіс з паслання апостала Паўла: “Смотрите, братия, чтобы кто не увлёк вас философией и пустым обольщением по преданию человеческому, по стихиям мира, а не по Христу”.

Старажытныя графіці на сценах храма ў Сынкавічах. Фотаздымак Мікіты Пастухова. https://www.intex-press.by

Канешне, шмат клопатаў прынеслі спецыялістам масляныя фарбы, якімі акуратна пафарбавалі сцены і алтарную частку храма вяскоўцы, якія стараліся як мага аднавіць храм пасля перадачы яго вернікам у 1990-х гадах. Але з Божаю дапамогай расчыстка сцен была зроблена.

Аднаўляючы інтэр’еры храма, рэстаўратары знайшлі роспісы прыкладна 1872 – 1892 гадоў, зробленыя хутчэй за ўсё пры настаяцелю Міхайлоўскім, правялі расчыстку сцен да ХV стагоддзя, абнаружылі графіці. Выяў і арнаментаў у алтарнай частцы спецыялісты не знайшлі.

Думаецца, з цягам часу адкрыецца яшчэ шмат таямніц, што захоўвае ў сабе Сынкавіцкі храм, цяперашні настаяцель якога айцец Арсеній Ананка малітоўна клапоціцца пра ўсіх прыхаджан і шмат намаганняў па міласці Госпада прыкладае для аднаўлення і зберажэння святыні.

Кожны, хто хоць аднойчы пабываў у Сынкавічах, абавязкова вернецца сюды яшчэ не раз. Каб зноў наведаць цудоўную зямлю, на якой размешчаны гістарычна багаты звесткамі помнік дойлідства, пакланіцца намоленай стагоддзямі святыні. Каб стаць духоўна мацнейшым, бо, гаворачы словамі айца Арсенія, “Бог дае сілу ўсім, хто мае патрэбу ў ёй”.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

Бубнов, П.В., протодиакон. Крепость Духа: история и современность православного прихода храма святого Архистратига Михаила в Сынковичах / протодиакон Павел Бубнов. – Минск : Четыре четверти, 2017. – 192 с.

Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с.