Не такое простае, якім здаецца

Іерэй Стэфан Варапай, клірык прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў Мінску, памочнік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык Інстытута тэалогіі БДУ і Мінскай духоўнай акадэміі, адказвае на пытанні, датычныя існавання зла ў розных яго праявах, а таксама стасункаў зла і дабра на зямлі і сярод людзей.

Рыхтуючыся да размовы з айцом Стэфанам, я раптам згадала ўрывак з аднаго твора, друкаванага нядаўна ў «Маладосці». У ім пра дабро і зло разважаюць рысь-маці і яе рысянятка-сын. Вось гэты ўрывак.
— Мама, не разумею — навошта зло існуе на свеце?
— Гэта адваротны бок. Не рабі дабра — не атрымаеш і зла.
— Адкуль жа яно бярэцца?
— Яно ад гордасці…
— А гордасць адкуль?
— Ад багацця і абжорства. Яны прыводзяць да атлусцення, а тое ўжо і да смерці. Так зло забівае сябе.
— А што бывае пасля?
— Пасля дабро вяртаецца і расцвітае, але зло, непрыкметнае, знясіленае, яго ўжо падсцерагае. І расце, паглынаючы дабро, спачатку паціху, пасля ўсё хутчэй і хутчэй, наліваецца і таўсцее за кошт яго сокаў. І нарэшце перамагае.
— А дабро?!
— Ад яго застаецца толькі насенне.
— Мама! Але ж зло потым знішчыць сябе?
— Абавязкова.

— Вось гэтае перацяканне аднаго ў другое і нараджэнне зла ад дабра — як можна пракаментаваць з пункту гледжання хрысціянства?
— Апісанае тут усё ж бліжэй даасізму, усходняй рэлігіі. Перацяканне чорнага ў белае, мужчынскага ў жаночае, узаемапранікненне зла і дабра — усё там знаходзіцца ў пастаяннай дынаміцы. Іншымі словамі, ідэя, пакладзеная ў эпізод, — не хрысціянская. Але ёсць у гэтым урыўку і біблейскі матыў: коранем зла, адной з яго прычын, яго матыватарам з’яўляецца гордасць. Мы памятаем царкоўнае паданне пра паўшага анёла. Айцы шмат разважалі на гэтую тэму — чаму так адбылося — і прыйшлі да думкі, што анёл заганарыўся: ён — вышэйшае стварэнне, другі пасля Бога. І менавіта гэты «пост» перашкодзіў яму развівацца далей. Анёл, папросту кажучы, азірнуўся: паглядзеў уніз, убачыў, якіх вышынь ён дасягнуў, — і страціў розум. І пасля шмат што з таго, што робіць Бог, пачало яму не падабацца і выклікаць бунт. Але ў хрысціянскім разуменні зло і дабро — вельмі адрозныя, таму не могуць не тое што адно ў адно перацякаць, а нават судакранацца: яны знаходзяцца ў пастаянным канфлікце, у канфрантацыі. Дзе дабро, там Бог і там няма, не можа быць месца злу. Адпаведна, месца, у якім пануе зло, пакінута Богам. Гэта ў любым выпадку розныя месцы.

— Але ж бывае, і часта, што ў праявах дабра вышукваюць зло і наадварот. Да прыкладу, папракаюць бацькоў у залішняй дабраце, якая псуе дзіця…
— Тут трэба дабро разабраць, перабраць. Яно… не такое простае, якім здаецца. Кожны ўчынак мае першапрычыну. І калі першапрычына паводзін бацькоў — не клопат пра душу дзіцяці, пра тое, каб было яму добра, а хутчэй выяўленне праз дзіця ўласнай сілы і ўласных амбіцый, укладанне ў дачку або сына класічнай формулы «чаго самі не дасягнулі, таго хай дасягне дзіця», то гэта не ад любові і ніякае не дабро. Не заўсёды тое, што называюць дабром, па сутнасці ім з’яўляецца. Тое самае і са злом. Скажам, пакаранне дзіцяці — зло гэта ці дабро?

— Меншае зло, накіраванае супраць большага. Неяк так…
— Пра большае і меншае зло — гаворка асобная: спекулятыўная штука — яго ранжыраваць. Зло і ёсць зло, і на гэтым кропка. А пакаранне наогул не з’яўляецца злом, калі яго мэта — стрыманне непажаданых паводзін, калі яно адбываецца без агрэсіі, нават без раздражнення, а выключна з мэтай утлумачыць, наставіць на розум. Калі Бог карае Адама і Еву, першых людзей, ды і ўвогуле шмат каго ў Бібліі (там пакаранні ідуць адно за адным), Ён робіць гэта не таму, што хоча спагнаць на некім Сваю злосць або ажыццявіць Свае няздзейсненыя мары, а таму, што такім чынам абмяжоўвае падзенне чалавека ў бездань. Многія асуджаюць смерць: чаму, маўляў, Бог не зрабіў чалавека неўміручым? А смерць — гэта засцерагальнік, патрэбны для таго, каб чалавек не змог дасягнуць глыбінь зла. Якім бы ліхадзеем ні апынуўся чалавек, усё роўна яго ліхім дзеям прыйдзе канец. Як бы ён ні ратаваў сябе, якія б крэпасці вакол сябе ні ўзводзіў, якой бы шматлікай аховай сябе ні атачаў, смерць усё роўна прыйдзе па яго, бо яна для яго непазбежная.
Паняцце зла сінанімічнае з паняццем граху. Калі грэх — гэта промах (так слова перакладаецца з грэчаскай) міма мэты, крок у бок ад Бога, а не да Яго, то зло — гэта хутчэй вынік граху, тое, што назіраецца праз паводзіны. Праўда, у хрысціянскім разуменні грэх — паняцце болей шырокае. Грэх пачынаецца раней, чым здзяйсняецца ўчынак, — яшчэ на этапе замеру. Паняцце граху ўключае ў сябе і няправільнае, скрыўленае мышленне, скажоны розум, такую крымінальную свядомасць, якая ўвесь час імкнецца рабіць зло, а не робіць яго толькі з-за баязлівасці. Не заўсёды самы страшны злачынца — той, хто здзейсніў злачынства. Калі б баязлівы грэшнік адважыўся здзейсніць тое, што ў яго ў галаве, злачынства магло б апынуцца страшнейшым.
Калі грэх у хрысціянскім разуменні — шлях ад Бога, то дабро — шлях да Яго. І мы памятаем з Бібліі: прызначэнне чалавека — абожыцца, стаць падобным да Бога. Таму кожны добры ўчынак — гэта невялікі крок да Бога, а злы — у адваротны бок. І ўвесь час чалавек у дарозе.
— Ці такое ўжо абавязковае існаванне зла? Пытанне, мабыць, трохі філасофскае: мы часта чуем, што зло нам патрэбна як матэрыял для дабра, што калі б зла не было, то і дабра б мы не адчувалі. Але ці патрэбны гэты кантраст? Ці магчымы абсалют дабра, яго безумоўнае існаванне, ад зла незалежнае?
— Пытанне цікавае. Калі пагаварыць пра гэта з тымі, хто прайшоў праз несумненнае зло кшталту канцлагера, у дачыненні да каго быў здзейснены беспрэцэдэнтны гвалт, калі сказаць ім: «Так, канечне, усё гэта сумна, і мы спачуваем. Але затое цяпер вы больш, чым іншыя, цэніце дабро»… Напэўна, гэтыя людзі не былі б рады такое пачуць. Гэта варыянт пра запалохванне, прыклад падаўлення асобы. І наўрад ці сустрэча са злом робіць чалавека лепшым. А чым больш ён сам яго здзяйсняе, тым глыбей яно ў ім караніцца. Мяжа паміж злом і дабром у ліхадзея сціраецца, зло робіцца натуральнай формай яго паводзін, выяўлення яго пачуццяў: ён і не думае, што робіць кепска, гэта ў яго адбываецца само сабой.

Існуе такая мадэль, вельмі спрошчаная, але прыгожая. Усю сукупнасць грахоў можна звесці да трох асноўных, або, як яшчэ гавораць, да трох С: срэбралюбства, славалюбнасць і сладастраснасць. Ад іх можна вывесці любы грэх. Агульным жа коранем для іх з’яўляецца самалюбства. Ад яго пачынаецца любое зло. А гэта ж часткова і гордасць. Проста самалюбства — штука вельмі канкрэтна негатыўна афарбаваная, гордасць жа — мае адценні. Яна бывае і «правільная», кажуць жа: «Трэба мець гордасць». Самалюбівы чалавек заўсёды і ва ўсім праследуе выключна свой інтарэс. Любая спроба апраўдаць самалюбства — гэта, па сутнасці, жаданне бараніць зло.
— Чаму адны людзі добрыя, а іншыя… Пры тым, што чалавек мае душу і сумленне, якія падказваюць яму, што добра, а што кепска, чаму ўсё ж здараецца, што чалавек выбірае зло?
— Тут трэба назваць як адну з прычын зла свабоду чалавечага выбару. Бог падарыў яе кожнаму. Праява зла не была б магчымай, калі б не было ў чалавека гэтага падарунка. Калі б мы былі запраграмаваныя на абсалютную паслухмянасць, то жылі б у раі і зла наогул не ведалі. Але зло магчымае, таму што чалавек вольны ад Бога адмовіцца, праявіць уласную волю, скіраваць яе ў іншы бок. Бог, усяправедны, усяведны, робіць выключна лепшае, і не толькі для ўсяго чалавецтва, але і для кожнага чалавека. Калі перайсці непасрэдна да адказу на пытанне, чаму адны больш схільныя да зла, а іншыя менш, трэба сказаць, што індыкатарамі дабра і зла з пункту гледжання хрысціянскай антрапалогіі сапраўды з’яўляюцца душа і сумленне. Душа — такі ж самы орган, як іншыя, і гэтак жа патрабуе развіцця, рэгулярных практыкаванняў. Калі мы не будзем працаваць мышцамі, даваць ім нагрузку, яны атрафіруюцца. Калі не будзем трэніраваць мозг, то хутка зробімся някемнымі. Тое самае і з душой. Калі ёю ніяк не займацца, не сілкаваць, не практыкаваць ні дабро, ні духоўную лазню, якая — не што іншае, як пакаянне, можна страціць чалавечыя межы, выйсці за іх і стаць несумленным. Тады чалавечая схільнасць да зла пераробіцца ў аўтаматызм, стане «парадкам рэчаў». Чалавек не будзе заўважаць сваіх кепскіх учынкаў, не ўбачыць крыўды, нанесенай іншаму, не ўсвядоміць, што сваімі паводзінамі зневажае людзей. І наадварот, калі чалавек імкнецца душы дагаджаць, даглядаць яе, то ў выпадку, калі ён здзейсніць нешта не тое, нешта кепскае, непатрэбнае, яна яму адразу ж падасць сігнал — яго пачне мучыць сумленне. І ён будзе шукаць спосаб выйсці з сітуацыі дысанансу: пойдзе на споведзь, памірыцца з тымі, з кім пасварыўся, папросіць прабачэння ў іх і ў Бога — за тое, што надзей Яго не апраўдаў. Харошы чалавек — гэта той, у каго дабро закладзена ў прывычку: ён добрыя ўчынкі здзяйсняе аўтаматычна, для самога сябе незаўважна. Роўна гэтак жа чалавек кепскі здзяйсняе зло: для яго гэта норма, яго натуральны стан. І толькі радыкальныя перамены ў жыцці апошняга і прамое ўмяшанне Бога могуць выправіць сітуацыю. Такія прыклады ёсць, Патэрык запоўнены расповедамі пра тое, як злачынца, які наводзіў на наваколле жах, у нейкі момант сустрэў Бога і раскаяўся, стаў ціхмяным паслушнікам і падзвіжнікам. Гэта наступства ўмяшання Бога і сапраўднага пакаяння. Пакаяння як перамены розуму, калі чалавек расплюшчвае вочы духоўныя і пераасэнсоўвае ўсё жыццё, выстройвае яго, наводзіць у ім парадак.

— Якія паводзіны ў дачыненні да таго, хто здзейсніў зло, самыя правільныя? Ці можна яго пашкадаваць, апраўдваючы тым, што душа ў яго не развітая? Ці шкадаваннем наносіцца яшчэ большая шкода?
— Я лічу, што патураць злу — амаральна. Чалавек, які здзейсніў зло, павінен атрымаць адпаведную рэакцыю. Адказваць злом на зло — непрадуктыўна, як мінімум: гэта толькі распаліць злосць, дасць падставу апраўдаць кепскі ўчынак. Самыя простыя правільныя паводзіны — абыходзіць такога чалавека бокам, пазбягаць яго. Знаходзіцца з ім у нейкіх стасунках — бессэнсоўна, асабліва калі ён у гневе. Гнеў робіць чалавека вар’ятам — тым, хто губляе кантроль над сабой, і над словамі, і над дзеяннямі. Спрабаваць яго абразуміць або спыніць часцяком немагчыма. Што можна яшчэ зрабіць, дык гэта памаліцца за яго, прасіць у Бога пакаяння для гэтага чалавека, каб Гасподзь раскрыў яму вочы, і пастарацца не трымаць крыўду. Наконт пашкадаваць… Залежыць ад сітуацыі, ад учынку.

— Калі наша інфармацыйная прастора нейкі час таму застракатала навінамі пра агрэсіўнасць падлеткаў, пра напады іх на людзей — у краме, у школе, — нельга было адкінуць думку, што гэта не толькі іх віна, што праз іх учынкі праяўляе сябе ўсё грамадства, сігналізуе пра свой хваравіты стан.
— Мяркую, што гэта правільнае адчуванне і разважанне, таму што грэх — гэта духоўная зараза, і механізм яго дзеяння нагадвае механізм любой заразнай хваробы: адны да яе рэзістэнтныя, іншыя рэагуюць, некаторыя — вельмі моцна. І канечне, нельга зваліць віну на асобных людзей: яны, маўляў, кепскія. Тут комплекс калектыўнай віны. Хоць і гэтым аперыраваць небяспечна. Скажам так: гэта падстава задумацца кожнаму з нас пра тое, які яго асабісты ўнёсак у нечы кепскі ўчынак. Можа быць, некалі мы не заўважылі, што камусьці вельмі цяжка? Чаму злачынца зрабіўся злачынцам? Ён жа не нарадзіўся такім. Чалавек нараджаецца добрым. Так, з першародным грахом, то бок з верагоднасцю, што ён здзейсніць кепскае, але добрым. А гэтая верагоднасць — не прыгавор, не кляймо. Чалавек выхоўваецца ў грамадстве, сярод людзей, і ўбірае ў сябе тое, што яго атачае. Мадэлі розных паводзін навязваюцца культурай і рэчаіснасцю. Таму няправільна вышукваць у грамадстве асобных індывідаў, найбольш агрэсіўных, вырываць іх, нібыта яны пустазелле, і лічыць, што так мы ўратуем астатніх.

У айцоў ёсць яшчэ і такая цікавая канцэпцыя: усе якасці, у тым ліку і схільнасць да гневу, былі закладзены Богам у чалавека ад самага пачатку і ў кожнай якасці была свая задача, сваё прызначэнне. Гнеў быў таксама патрэбны. Гнеў — гэта тое, што падымае чалавека з канапы і штурхае ўдасканальвацца. Калі нешта нам не падабаецца, мы абураемся — і спрабуем паправіць да лепшага. І дасягаем вынікаў. Але калі гэта пераходзіць мяжу, калі гэта праследуе не Божую праўду, а асабістыя інтарэсы, калі падключаецца самалюбства, тады гнеў праведны ператвараецца ў эгаізм, агрэсію, зло. Мяжа паміж імі толькі ў матыве: навошта? да чаго я іду? Калі да праўды Божай, гэта адно, а калі незадаволены, бо лічу, што заслугоўваю большага, — гэта іншае.
— Залежнасць паміж праявамі агрэсіі і пачуццём віны — наколькі прамая? Часам, калі чалавек нападае, здаецца, што нешта ён утварыў і гэта такая няўмелая форма абароны ад выкрыцця.
— Канечне, сувязь паміж віной і агрэсіяй самая што ні ёсць прамая. Гэта натуральная рэакцыя, якой чалавек сябе выдае. Ён і разумее, што недзе перабраў, пачуццё віны прыходзіць да кожнага. Але не ўсе знаходзяць у сабе сілы яе прызнаць і выправіцца, папрасіць прабачэння, многія здзяйсняюць адваротнае — самі абвінавачваюць. Некаторыя лічаць, што прабачэнне прынізіць іх, што лепш прамаўчаць і «зрабіць выгляд». На самай справе, сіла ў тым, каб папрасіць прабачэння. Гэта толькі знешне здаецца, што агрэсіўны чалавек — моцны. Гэты напор нават адносяць да станоўчых якасцей, напрыклад, пры рэкрутынгу. Калі чалавек, маўляў, ведае, чаго хоча, ён малайчына. Але часцяком за напорам хаваецца слабасць. Бо, калі баявітасць настрою не суправаджаецца рэфлексіяй, уменнем зазірнуць у сваю душу і з мужнасцю прызнаць свае памылкі, яна ператвараецца ў паталогію і больш нагадвае істэрыку, псіхапатыю.

Цікава, што ўжо ў Бібліі сувязь паміж віной і агрэсіяй прасочваецца. Калі Адам і Ева здзейснілі грэх, якая была іх рэакцыя? Ім стала сорамна. Яны заўважылі сваю аголенасць. І што зрабілі? Схаваліся і не выходзілі, калі Бог іх шукаў. І Адам не прасіў прабачэння, не прызнаў сваю памылку, а пачаў вінаваціць Бога: Ты, маўляў, вінаваты, бо гэта жонка, якую Ты мне даў, мяне спакусіла. І Ева тое самае: гэта, маўляў, не я, гэта змей. А хто стварыў змея? Бог. І ў яе Ён апынуўся вінаватым. І гэта літаральна на першых старонках Бібліі.
— Ёсць такое меркаванне, што Богу аднолькава патрэбны і добрыя людзі, і злыя. Што ў кепскіх людзей таксама важная роля — выпрабоўваць дабрыню іншых, загартоўваць яе. Што вы можаце на гэта сказаць?
— Бог жадае ўсім выратавацца і ў розум ісціны прыйсці. Усім людзям Бог — Бацька, і, як любы бацька, ён любіць усіх — і паслухмяных, і непаслухмяных, і шкоднікаў. Што такое прыйсці ў розум ісціны? Спасцігнуць яе. Бог хоча, каб ліхадзеі выправіліся, і нават ёсць такі выраз, які часта няправільна разумеюць: радасць ад аднаго грэшніка, які выправіўся, большая, чым радасць ад ста праведнікаў. Тут ёсць важны момант, які многія апускаюць: чым радасць ад ста праведнікаў, якія не маюць патрэбы ў пакаянні. Дзевяноста дзевяць праведнікаў, якія не маюць у ім патрэбы, па сутнасці сваёй крывадушнікі. Такія праведнікі Богу не патрэбны. Каштоўнасць грэшніка, які пакаяўся, сапраўды вялікая, і вялікая радасць аб ім.

Канечне, Бог не адмаўляецца ні ад кога. Ён цярпліва чакае: калі ж яны выправяцца, калі азірнуцца назад і сапраўды ўсвядомяць, што робяць не так. Бог чакаць можа доўга, да апошняй мяжы. А наконт злых людзей, якія дапамагаюць праведнікам умацоўваць іх праведнасць… Адзін бацюшка жартаваў пра сваю матушку: яна, маўляў, яго тачыльны камень, і ён, маўляў, не быў бы такім харошым, калі б не было ў яго такой шкоднай жонкі. Зразумела, што такі бацюшка — персанаж прыдуманы, літаратурны. Проста трэба сказаць, што роля спакушальніка ўжо занятая. І не проста занятая, а цалкам манапалізаваная. Чалавек, які саступае спакусе дзеля свайго спакою і дабрабыту, працуе на вядома каго. Шукаць у ім нейкі дадатны, станоўчы бок — няправільна.

 Святлана Воцінава

По материалам сайта zviazda.by