Шлях ісціны, праўды і любові: свяшчэннапакутнік Канстанцін Жданаў

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы !

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

3 чэрвеня Праваслаўная Царква здзяйсняе памяць святога роўнаапостальнага цара Канстанціна, нябеснага апекуна іерэя Канстанціна Жданава, які сцвердзіў сваім набожным жыццём і пакутніцкай смерцю той высокі ідэал, пра які пісаў святы апостал Павел: “Жывём – дзеля Госпада жывём, а паміраем – дзеля Госпада паміраем” (Рым. 14, 8).

У цяперашні час Святая Царква ўслаўляе многіх новапакутнікаў і спавядальнікаў – тых, каму дадзена было ў перыяд бязбожнага ліхалецця дзеля Хрыста “не толькі верыць у Яго, але і пакутаваць за Яго”. Ва ўсіх епархіях Рускай Праваслаўнай Царквы, у гарадах і вёсках глыбока шануюць святую памяць пра іерархаў, святароў, манахаў і свецкіх, якія ўзышлі на Галгофу ў гадзіну ганенняў і засведчылі вернасць Госпаду сваёй крывёю.

Ікона свяшчэннапакутніка Канстанціна Жданава.
Ікона свяшчэннапакутніка Канстанціна Жданава.

Не застаўся невядомым і пакутніцкі подзвіг іерэя Канстанціна Жданава, забітага бальшавікамі ў 1919 годзе.

У гэтым годзе мы адзначаем дзве памятныя даты: 145-годдзе з дня нараджэння свяшчэннапакутніка Канстанціна Жданава і 120-годдзе пасвячэння яго, 25-гадовага дыякана, у святары.

11 сакавіка 2020 года на Свяшчэнным Сінодзе пастанавілі ўвесці ў Сабор новапакутнікаў і спавядальнікаў Царквы Рускай свяшчэннапакутніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага.

…Канстанцін Жданаў нарадзіўся 22 сакавіка 1875 года ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына Дзісенскага павета Віленскай губерні ў сям’і святара.

Бацька Канстанціна – айцец Дзімітрый Жданаў – быў сынам прычэтніка. Скончыўшы ў 1865 годзе Цвярскую духоўную семінарыю, Дзмітрый Уладзіміравіч выкладаў у народных вучылішчах Цвярской і Ковенскай губерняў, а ў 1876 годзе быў пасвечаны ў іерэя. Праз два гады айца Дзімітрыя ў адпаведнасці з яго прашэннем прызначылі на Свята-Успенскі прыход мястэчка Стара-Шаркаўшчына, дзе ён і здзяйсняў сваё пастырскае служэнне да самага скону.

Дом, у якім жыла сям’я айца Дзімітрыя, знаходзіўся побач з царквою ў маляўнічым месцы на беразе ракі Дзісны. Жданавы трымалі невялікую гаспадарку, мелі ўласны сад, агарод. Сафія, маці Канстанціна, займалася выхаваннем дзяцей і спявала ў царкоўным хоры. У сям’і Жданавых нарадзілася дзевяць дзяцей. У Канстанціна было чатыры браты: Уладзімір (1873 г.н.), Іван (1878 г.н.), Ювяналій (1886 г.н.), Аляксандр (памёр у маленстве) і чатыры сястры: Надзея (1876 г.н.), Вера (1881 г.н.), Любоў (1888 г.н.) і Марыя (1890 г.н.). Жылі сціпла і дружна, у любові і згодзе. Старэйшыя дзеці вучыліся ў Вільні: хлопчыкі – у Духоўнай семінарыі, дзяўчаткі – у закрытай жаночай гімназіі. Па ўспамінах старашаркаўшчынскіх прыхаджан, айцец Дзімітрый заўсёды імкнуўся быць побач з тымі, хто меў патрэбу ў суцяшэнні і духоўнай падтрымцы.

Забываючы пра сябе, па першай просьбе айцец Дзімітрый спяшаўся да хворых, каб паспавядаць і прычасціць іх Святых Хрыстовых Тайн.

Клапоцячыся пра братоў Хрыстовых, у Стара-Шаркаўшчыне ён наладзіў прыют для бедных, дзе заўсёды маглі знайсці для сябе прытулак жабракі і вандроўнікі.

Асабісты прыклад бацькі, іерэя Дзімітрыя, аказаў асаблівы ўплыў на фарміраванне маральных якасцей Канстанціна.

Айцец Канстанцін Жданаў. Пачатак ХХ ст.
Айцец Канстанцін Жданаў. Пачатак ХХ ст.

Бацькоўскі дом стаў першай школай набожнасці для будучага свяшчэннапакутніка Канстанціна. Тут ён навучыўся паслухмянасці старэйшым, працавітасці, міласэрнасці і, перш за ўсё, ахвярнай любові, якая дасягнула ў ім той меры і мяжы, за якімі адкрылася сцежка пакутніцтва.

Ахвярная любоў была адметнай уласцівасцю, патаемнай дабрадзейнасцю душы іерэя Канстанціна, набытай ім у горане бядотаў. Рыхтуючы свайго выбранніка да пакутніцкага подзвігу, Гасподзь рана даў спазнаць айцу Канстанціну горыч страт і зямнога сіроцтва.

У 1892 годзе ў сямнаццацігадовым узросце Канстанцін паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю, што знаходзілася ў Вільні. Але праз два гады ў сувязі са смерцю маці ён вымушаны быў пакінуць вучобу. Каб дапамагаць бацьку ўтрымліваць шматлікую сям’ю, у 1895 годзе Канстанцін уладкаваўся працаваць на Палескую чыгунку. Тады малодшай сястры Марыі не было яшчэ і пяці гадоў, а старэйшая Надзея толькі закончыла гімназію.

З верасня 1898 г. да красавіка 1900 г. Канстанцін быў на службе ў Палтаўскім аддзяленні дзяржаўнага банка. У гэты перыяд, знаходзячыся ўдалечыні ад роднага дома, ён не раз прыязджаў наведаць бацьку, братоў і сясцёр, пра якіх заўсёды шчыра клапаціўся.

У 1900 годзе Канстанцін Дзмітрыевіч ажаніўся з Ганнай Сцяпанаўнай, дачкой служачага, якая стала для яго блізкім духоўным сябрам і вернай памочніцай на жыццёвым шляху. Неўзабаве, паспяхова здаўшы экзамены па багаслоўскіх навуках пры Літоўскай духоўнай кансісторыі, Канстанцін Жданаў быў узведзены ў сан дыякана і накіраваны ў царкву вёскі Юдзішчава Дзісенскага павета. Аднак служэнне ў Юдзішчаве аказалася непрацяглым.

Атрымаўшы сумную вестку пра смерць бацькі, дыякан Канстанцін падаў прашэнне аб перамяшчэнні на Стара-Шаркаўшчынскі Свята-Успенскі прыход, каб мець магчымасць клапаціцца пра сваіх малодшых, яшчэ непаўналетніх, братоў і сясцёр. 1 красавіка 1900 года прашэнне айца Канстанціна было задаволена рэзалюцыяй архіепіскапа Літоўскага і Віленскага Ювяналія (Полаўцава).

30 красавіка таго ж года ў Ковенскім Петра-Паўлаўскім саборы епіскап Ковенскі Міхаіл (Ермакоў), вікарый Літоўскай епархіі, рукапалажыў дыякана Канстанціна ў святары. Так, прызначаны на месца свайго нябожчыка бацькі, іерэй Канстанцін стаў настаяцелем Свята-Успенскага храма ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына.

Матушка Ганна ва ўсім падтрымлівала свайго мужа. З вялікай любоўю і пяшчотай яна ставілася да малодшых братоў і сясцёр айца Канстанціна, нібы яны былі яе дзецьмі. Ганна Сцяпанаўна спявала ў царкоўным хоры, прымала ўдзел у жыцці прыходу. У 1902 годзе ў айца Канстанціна нарадзіўся сын Георгій.

Святар Канстанцін Жданаў з сынам Георгіем. 1916 г.
Святар Канстанцін Жданаў з сынам Георгіем. 1916 г.

Аднак сямейнае жыццё бацюшкі працягвалася зусім нядоўга: праз два гады пасля нараджэння сына, ва ўзросце дваццаці сямі гадоў, матушка Ганна праставілася да Госпада. З гэтага часу айцец Канстанцін стаў яшчэ больш старанна працаваць на карысць Маці-Царквы. Не шкадуючы сіл і здароўя, ён аддаваў сябе служэнню Богу і бліжнім.

Да нялёгкага пастырскага служэння дадаліся сямейныя клопаты. На руках у бацюшкі засталося асірацелае немаўля. Акрамя таго, яму па-ранейшаму неабходна было клапаціцца пра свайго непаўналетняга брата Ювяналія і сясцёр Любоў і Марыю. Пасля смерці матушкі Ганны айцу Канстанціну стала дапамагаць па гаспадарцы Марыя Лявонцьеўна Шаблоўская, якая жыла ў сям’і Жданавых яшчэ пры айцу Дзімітрыю. Айцец Канстанцін цяжка перажываў смерць жонкі і толькі любоў да Бога і бліжніх, шчырая вера ў Промысел Божы дапамаглі аўдавеламу святару перанесці гэта выпрабаванне.

Смутак ад страты маці ў юначым узросце і сіроцтва ўласнага сына не маглі пакінуць сэрца айца Канстанціна безуважным да дзіцячага гора. Захаваліся дакументальныя сведчанні пра тое, што бацюшка ладзіў прытулкі для дзяцей-сірот. Ён таксама дапамагаў абяздоленым і ўбогім і за выкананне трэбаў не толькі не браў грошай, але, наадварот, сам стараўся забяспечыць немаёмных усім неабходным. Айцец Канстанцін быў выдатным прапаведнікам Божага слова, строгім у пытаннях веры і разам з тым спагадным і літасцівым да людзей.

Крыж на магіле бацькоў і матушкі іерэя Канстанціна Жданава каля Свята-Успенскага храма.
Крыж на магіле бацькоў і матушкі іерэя Канстанціна Жданава каля Свята-Успенскага храма.

Іерэй Канстанцін здзяйсняў сваё служэнне ў Свята-Успенскім прыходзе мястэчка Стара-Шаркаўшчына на працягу дзевятнаццаці гадоў, і тут у поўнай меры раскрыўся падараваны яму Госпадам пастырскі талент. Ужо ў самыя першыя гады служэння ў Стара-Шаркаўшчыне перад айцом Канстанцінам паўстала пытанне пра будаўніцтва новага храма, бо стары драўляны, пабудаваны яшчэ ў 1639 годзе ўніятамі, да канца XIX стагоддзя зусім струхлеў.

Вось як адзін з сучаснікаў айца Канстанціна Жданава апісваў стан старажытнай Свята-Успенскай царквы: “… адна з самых старых і ўбогіх у епархіі: сцены напаўгнілыя, без тынкоўкі, будынак царквы ад часу пакасіўся і да таго нахілены на паўночны бок, што ў папярэджанне яго магчымага падзення падпёрты пяццю дубовымі слупамі, пры моцным ветры ўвесь будынак трашчыць і хістаецца…”.

У 1901 годзе айцец Кастанцін і старашаркаўшчынскія прыхаджане звярнуліся з пісьмовым прашэннем да архіепіскапа Літоўскага і Віленскага Ювяналія аб выдзяленні грошай на пабудову новага храма. Узвесці царкву за кошт сродкаў прыхаджан не ўяўлялася магчымым, бо якіх-небудзь зберажэнняў прыход не меў. Акрамя таго, вернікі, колькасць якіх складала да таго часу каля двух з паловай тысяч, знаходзіліся ў вялікай беднасці па прычыне неўраджаяў, што паўтараліся шэсць гадоў запар.

Яшчэ адной акалічнасцю, што ўскладняла пабудову праваслаўнага храма ў Дзісенскім павеце (у склад яго ўваходзіла мястэчка Стара-Шаркаўшчына), з’яўлялася колькасная перавага каталікоў над праваслаўнымі. Аднак гэтыя цяжкасці не спынялі дваццацішасцігадовага святара, які ўсю сваё надзею ўскладаў на Госпада. Яшчэ да пачатку закладкі новай царквы, у 1901-1902 гадах, намаганнямі айца Канстанціна на сабраныя ім сродкі былі выбудаваны два прытчавыя дамы (адзін – для святара, другі – для псаломшчыка і прыходскіх патрэб), якія захаваліся да цяперашняга часу.

Прытчавы дом, пабудаваны іерэем Канстанцінам Жданавым у Шаркаўшчыне. 2011 г.
Прытчавы дом, пабудаваны іерэем Канстанцінам Жданавым у Шаркаўшчыне. 2011 г.

У 1904 годзе на Літоўскай кафедры Высокапраасвяшчэннага Ювяналія (Полаўцава) змяніў архіепіскап Нікандр (Малчанаў). Айцец Канстанцін разам са сваімі прыхаджанамі накіраваў на імя новага архіпастыра чарговае прашэнне аб аказанні дапамогі ў будаўніцтве храма. Аднак і на гэты раз пытанне заставалася адкрытым на працягу некалькіх гадоў. Толькі ў 1906 годзе было атрымана благаславенне Высокапраасвяшчэннага Нікандра на фарміраванне будаўнічага камітэта пад старшынствам іерэя Канстанціна. Для ажыццяўлення першапачатковых работ было ўстаноўлена кожнаму селяніну ўнесці па 1 рублю 50 капеек з кожнай дзесяціны ўласнай зямлі. Гэтыя грошы збіраліся выбранымі членамі будаўнічага камітэта і захоўваліся да пэўнага часу ў Дзяржаўнай ашчаднай касе.

У 1907 годзе быў атрыманы дазвол Гасудара Імператара Мікалая II і Літоўскай духоўнай кансісторыі на ўзвядзенне новага храма. У сакавіку 1908 года старашаркаўшчынскія прыхаджане змаглі прыступіць да разборкі старой царквы, на месцы якой меркавалася пачаць будаўніцтва. 3 ліпеня 1908 года дзісенскім благачынным святаром Мікалаем Рафаловічам была здзейснена закладка новай Свята-Успенскай царквы ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына.

Запіска аб асвячэнні храма, знойдзеная ў 1999 г. пад прастолам Свята-Успенскай царквы ў Шаркаўшчыне.
Запіска аб асвячэнні храма, знойдзеная ў 1999 г. пад прастолам Свята-Успенскай царквы ў Шаркаўшчыне.

Пабудова ў Шаркаўшчыне Свята-Успенскай царквы стала вяршыняй дзейнасці айца Канстанціна на ніве Хрыстовай. Удзячныя шаркаўшчынскія жыхары да гэтага часу згадваюць бацюшку добрым словам. Ён арганізаваў збор ахвяраванняў і матэрыялу на храм, кіраваў усёй працай, сам укладваў падлогу ў царкве…

Значная частка сродкаў, неабходных для будаўніцтва храма, была выдаткавана па Найвышэйшым Указе Імператара Мікалая ІІ з дзяржаўнай казны. Намаганнямі айца Мікалая быў распачаты збор сродкаў сярод прыхаджан. Сяляне бязвыплатна падвозілі камяні са свайго поля да месца будаўніцтва. Ахвяравалі на будаўніцтва і заводскія рабочыя, і тыя прыхаджане, што знаходзіліся на заработках у горадзе. Для збору ахвяраванняў на іканастас айцец Канстанцін спецыяльна выязджаў у Маскву, дзе наведваў дамы купцоў і іншых багатых людзей. Такім чынам, было сабрана дастаткова, каб уладкаваць шыкоўны, з залатым аздабленнем іканастас, які і цяпер знаходзіцца ў шаркаўшчынскім Свята-Успенскім храме.

Іканастас Свята-Успенскага храма. 2011 г.
Іканастас Свята-Успенскага храма. 2011 г.

Акрамя грашовых сродкаў, неабходных для ўзвядзення новага храма, бацюшка прывёз з Масквы свяшчэнны посуд і прадметы царкоўнага ўжытку. Маскоўскімі купцамі былі ахвяраваны некалькі абразоў. Больш за тое, у Маскве на грошы дабрадзеі вырабілі кіпарысавы прастол і ахвярнік. Незадоўга да заканчэння будаўніцтва, у верасні 1911 года, маскоўскімі дабрадзеямі для Свята-Успенскага храма быў ахвяраваны звон. У адпаведнасці з праектам новую царкву будавалі з бярвення, на высокім каменным падмурку, са званіцай у франтоннай частцы. Да часу заканчэння будаўніцтва набажэнствы адбываліся ў прытчавым доме.

Свята-Успенская царква ў Шаркаўшчыне, дзе чытаў пропаведзі айцец Канстанцін Жданаў.
Свята-Успенская царква ў Шаркаўшчыне, дзе чытаў пропаведзі айцец Канстанцін Жданаў.

13 лістапада 1912 года адбылася доўгачаканая падзея – асвячэнне пабудаванай Свята-Успенскай царквы. Па благаславенні архіепіскапа Літоўскага і Віленскага Агафангела (Праабражэнскага) Стара-Шаркаўшчынскі храм асвяціў дзісенскі благачынны святар Мікалай Рафаловіч у саслужэнні айца Канстанціна Жданава. У памяць пра завяршэнне будаўніцтва і працу, праведзеную настаяцелем іерэем Канстанцінам, у храме і да цяперашняга часу захоўваецца ікона роўнаапостальнага цара Канстанціна.

Пад цяжкімі будаўнічымі клопатамі, айцец Канстанцін ніколі не забываў і пра свае пастырскія абавязкі: здзяйсняў набажэнствы, настаўляў у веры, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. У 1904 годзе ён быў прызначаны настаўнікам Закона Жданоўскага народнага вучылішча, а ў 1908 годзе – настаўнікам Закона Сасноўскага і Грыгароўшчанскага народных вучылішчаў. За сваё самаадданае служэнне Праваслаўнай Царкве іерэй Канстанцін Жданаў быў уганараваны некалькімі царкоўнымі ўзнагародамі. У 1908 годзе “за працяглую i шчырую службу” па хадайніцтве архіепіскапа Нікандра (Малчанава) яго ўзнагародзілі набедранікам, у 1912 годзе “за пастырскія працы” – скуф’яй, у 1914 году – камілаўкай. За сваю выкладчыцкую дзейнасць бацюшка быў узнагароджаны медалём “У памяць 25-годдзя царкоўна-прыходскіх школ”.

Далейшае пастырскае служэнне айца Канстанціна адбывалася ў самыя складаныя і пераломныя гады ў гісторыі Расіі: Першая сусветная вайна, рэвалюцыі 1917 года, усталяванне савецкай улады… Трэба было мець вялікую сілу духу, каб захаваць веру і не аказацца здраднікам у тых самых складаных жыццёвых абставінах.

Ужо да пачатку 1915 года лінія фронту ўшчыльную наблізілася да тэрыторыі Літоўскай епархіі. У сувязі з імклівымі ваеннымі падзеямі і смяротнай небяспекай, што пагражала мірнаму насельніцтву, Свяцейшы Сінод звярнуўся да ўсіх пастыраў Рускай Праваслаўнай Царквы з заклікам падбадзёрваць прыхаджан, накіроўваць іх жыццё паводле запаведзяў Божых, умацоўваць у народзе любоў да Царквы і Айчыны. У гэтыя цяжкія гады Віленска-Літоўскую епархію ўзначаліў архіепіскап Ціхан (Бялавін), будучы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.

Паколькі фронт з кожным днём падступаў усё бліжэй да Вільні, 4 верасня 1915 года архіепіскап Ціхан пакінуў горад. На наступны дзень Вільню занялі немцы. Епархіяльны цэнтр на перыяд акупацыі быў перанесены ў горад Дзісну Віленскай губерні, куды і прыбыў Высокапраасвяшчэннейшы Ціхан. У напоўненыя смуткам дні Першай сусветнай вайны праваслаўныя жыхары Дзісенскага павета атрымалі вялікае духоўнае суцяшэнне, маючы магчымасць знаходзіцца паблізу свайго архіпастыра.

Высокапраасвяшчэннейшы Ціхан (Бялавін), архіепіскап Віленскі і Літоўскі. Дзісна. Пачатак ХХ ст. Фотаздымак Аляксандра Баговіча.
Высокапраасвяшчэннейшы Ціхан (Бялавін), архіепіскап Віленскі і Літоўскі. Дзісна. Пачатак ХХ ст. Фотаздымак Аляксандра Баговіча.

29 жніўня 1916 года ўладыка Ціхан наведаў Стара-Шаркаўшчынскі прыход, пра што згадваецца ў рапарце святара Канстанціна Жданава ў Духоўную кансісторыю. У асобе айца Канстанціна архіепіскап Ціхан убачыў таго пастыра, якому можна было даручыць любую адказную справу. У тым жа годзе іерэй Канстанцін быў зацверджаны Высокапраасвяшчэннейшым Ціханам загадчыкам эвакуіраванай у Стара-Шаркаўшчыну Беразвецкай жаночай другакласнай школы.

Ужо ў 1917 годзе ў жыцці расійскага грамадства наступілі вялiкiя змены: магутная імперыя рухнула. Прыйшоў час суровых выпрабаванняў для Рускай Праваслаўнай Царквы. Нягледзячы на ​​палітыку адкрытага пераследу, якая праводзілася бязбожнай савецкай уладай у дачыненні да духавенства, іерэй Канстанцін Жданаў не пакінуў свайго прыходу. Знаходзячыся побач з паствай, ён заклікаў вернікаў да ўзмоцненай малітвы, узаемадапамогі, цярпенню ў смутку. Айцец Канстанцін разумеў, што менавіта ён як пастыр павінен несці на сабе цяжар чалавечых пакут, павінен духоўна падтрымліваць сваіх дзяцей, каб яны не загінулі ў бездані няверы і падману.

А часы наступалі сапраўды апакаліптычныя: “Жалезнай рукой загонім чалавецтва да шчасця!” – абвяшчаў адзін з рэвалюцыйных лозунгаў. Гэтай “жалезнай рукой” у савецкай дзяржаве сталі партыйныя камітэты, якія ўжо да 1918 года адчулі сябе абсалютнай уладай.

У 1918 годзе, у эпоху “ваеннага камунізму”, пачаўся масавы тэрор, нябачаны па сваіх маштабах у гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Прычыны ўвядзення тэрору абгрунтоўваліся неабходнасцю абароны “заваёў рэвалюцыі”. 31 студзеня 1918 года савецкі ўрад вырашыў “прыняць меры да павелічэння колькасці месцаў зняволення”, а крыху пазней было прызнана неабходным “засцерагчы савецкую рэспубліку ад класавых ворагаў шляхам ізаляванасці іх у канцэнтрацыйных лагерах”. Для гэтага не патрабавалася судовага разбору – дастаткова было адміністрацыйнага рашэння. Арышт мог наступіць нават па падазрэнні ў спагадзе контррэвалюцыі. Расстрэлы людзей, нязгодных з палітыкай савецкай улады, адбываліся паўсюдна.

У лістападзе 1918 года нямецкія войскі пакінулі Дзісенскі павет, а ўжо ў снежні тут быў створаны павятовы камітэт Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў, перад якім стаяла задача ўсталявання савецкай улады на вызваленай тэрыторыі. У той час у мястэчку Стара-Шаркаўшчына бушавала адна з камуністычных ячэек, вядомая сваімі злачынствамі ўсёй акрузе. Старшыня гэтай ячэйкі з таварышамі-бальшавікамі расстрэльваў непажаданых новай уладзе людзей без усялякага суда і следства. Асаблівым пераследам падвяргаліся прадстаўнікі духавенства, манаскія асобы, якіх аб’яўлялі “ворагамі народа”. І, вядома, камуністы не маглі абысці “ўвагай” айца Канстанціна Жданава, вернага пастыра Царквы Хрыстовай, які заклікаў сваіх прыхаджан да выканання евангельскіх запаведзяў.

Свой пакутніцкі подзвіг іерэй Канстанцін здзейсніў у 1919 годзе, калі сілы зла ў нашай Айчыне паўсталі з асаблівай лютасцю на служыцеляў Божых.

Вясною 1919 года іерэя Канстанціна арыштавалі. Па ўспамінах відавочцаў, айцец Канстанцін быў затрыманы бальшавікамі, калі вяртаўся дадому пасля здзяйснення трэбы. Даведаўшыся пра арышт свайго пастыра, прыхаджане спрабавалі выратаваць яго: прасілі адпусціць, прапаноўвалі выкуп. Іх праганялі, абражалі, але яны працягвалі настойваць на сваім. Сярод старашаркаўшчынскіх жыхароў пачаўся збор подпісаў з просьбай вызваліць айца Канстанціна. Аднак усе намаганні аказаліся марнымі. Улады вырашылі расстраляць святара, але, баючыся народнага абурэння, адправілі яго ў Дзісну, дзе разам з ім утрымліваўся і настаяцель Язненскай Спаса-Праабражэнскай царквы святар Алексій Сакалоў. Іх чакала агульная доля.

Паколькі арыштаваных у Дзісне было шмат, бальшавікі імкнуліся хутчэй ад іх пазбавіцца. Уначы 29 (16 ст.ст.) красавіка 1919 года зняволеных пасля катаванняў і здзекаў расстралялі. Сярод асуджаных на пакаранне быў і айцец Канстанцін Жданаў. Жанчын, якія знаходзіліся разам з імі, канваіры расстралялі ў спешцы непадалёк ад горада Дзісны, а святароў павялі далей праз гушчар. Усе трое канваіраў былі ў нецвярозым стане. Святар Алексій Сакалоў прапанаваў айцу Канстанціну збегчы, на што бацюшка адказаў: “Я нікому нічога дрэннага не зрабіў. Што Бог пашле, то і буду трываць!”, і, памятаючы словы самога Хрыста: “хто вытрывае да канца, уратуецца” (Мф. 10, 22), мужна працягваў шлях да сваёй Галгофы. Тады айцец Алексій, скарыстаўшыся нерастаропнасцю канваіраў, нырнуў у хмызняк. Ён пасля і расказаў людзям пра перадсмяротныя пакуты айца Канстанціна.

Канваіры прымусілі айца Канстанціна выкапаць сабе магілу, пасля чаго кінулі яго туды жывым.

Святар прасіў катаў не здзяйсняць грэх забойства. Аднак у адказ на гэта яго сталі біць лапатай: перабілі галёнкі, адсеклі левую ступню… Потым каты спыталі святара, ці мае ён апошняе жаданне перад смерцю. Айцец Канстанцін сказаў, што хацеў бы памаліцца. Яму дазволілі. Праз некаторы час канваіры аглушылі бацюшку ўдарам па галаве і закапалі жывым. Так свяшчэннапакутнік Канстанцін здзейсніў свой апошні шлях на зямлі, аддаўшы дух у рукі Божыя.

Марыя Лявонцьеўна і Пётр Васільевіч Шаблоўскія.
Марыя Лявонцьеўна і Пётр Васільевіч Шаблоўскія.

Прыхаджане не адразу даведаліся пра смерць святара і ўсё яшчэ збіралі подпісы пад новай петыцыяй у яго абарону. Марыя Лявонцьеўна Шаблоўская, якая дапамагала па гаспадарцы айцу Канстанціну, неўзабаве прыехала з прашэннем у Дзісну, дзе ёй і расказалі пра ўчыненае. Тады Марыя Лявонцьеўна і прыхаджане Свята-Успенскай царквы Рыгор Нічыпаравіч Вышынскі і Іван Маркавіч Сапранёнак адкапалі цела забітага бацюшкі. Аказалася, што айцец Канстанцін памёр не адразу. Праз нейкі час пасля таго, як яго паранілі, аглушылі і закідалі зямлёй, ён прыйшоў у прытомнасць і спрабаваў выбрацца з магілы – гэта было відаць па становішчы цела. Да паверхні заставалася зусім няшмат, аднак не хапіла сіл і паветра…

Цела іерэя Канстанціна Жданава пераапранулі ў новае святарскае адзенне і пахавалі 25 чэрвеня 1919 года ў склепе пад алтаром Дзісенскай могілкавай Свята-Адзігітрыеўскай царквы. Там святыя астанкі пакутніка за веру Хрыстову спачывалі амаль дзевяноста гадоў.

Могілкавая Свята-Адзігітрыеўская царква ў Дзісне. 2010 г.
Могілкавая Свята-Адзігітрыеўская царква ў Дзісне. 2010 г.

На працягу ўсяго гэтага часу праваслаўныя Шаркаўшчыны і Дзісны, якія ведалі пра праведнае жыццё і пакутніцкую смерць айца Канстанціна, ушаноўвалі яго як свяшчэннапакутніка. Яны верылі ў яго малітоўнае заступніцтва, у тое, што па яго хадайніцтву Шаркаўшчынскі Свята-Успенскі храм не зачыняўся ў перыяд ліхалецця. У памяць пра свайго настаяцеля прыхаджане змясцілі на сцяне Свята-Успенскай царквы партрэт айца Канстанціна, выкананы па яго фотаздымку, які захаваўся.

Вернікі неаднаразова хадайнічалі перад епархіяльнымі архірэямі аб царкоўным праслаўленні айца Канстанціна. На працягу многіх гадоў збіраліся неабходныя матэрыялы.

З 1995 года па благаславенні епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Глеба (Савіна) 3 чэрвеня здзяйснялася набажэнства з памінаннем забітага за веру іерэя Канстанціна.

Па благаславенні архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія (Більчанка) 20 жніўня 2008 года нятленныя мошчы свяшчэннапакутніка Канстанціна дасталі з-пад спуду, пераклалі ў новую труну і размясцілі ва Уваскрасенскім храме горада Дзісны.

У 2009 годзе на Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Рускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне аб царкоўным услаўленні іерэя Канстанціна Жданава, а 13 сакавіка 2010 года богаўгодную справу Беларускай Царквы благаславіў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

У сувязі з будучай кананізацыяй іерэя Канстанціна яго праведныя астанкі 27 снежня 2010 года былі дастаўлены ў Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе адбыліся іх агляд і перааблачэнне.

Мошчы свяшчэннамучаніка былі абмытыя па старажытным чыне ружовай вадой і сухім віном, высушаныя і працёртыя нардавым мірам.     

Мошчы іерэя Канстанціна Жданава пасля перааблачэння. 28 снежня 2010 г.
Мошчы іерэя Канстанціна Жданава пасля перааблачэння. 28 снежня 2010 г.

Новае святарскае адзенне для мошчаў айца Канстанціна было выраблена сёстрамі Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

У Полацкай абіцелі мошчы свяшчэннапакутніка знаходзіліся на працягу паўгода, да дня яго царкоўнага праслаўлення.

3 чэрвеня 2011 года ў старажытным храме Уваскрасення Хрыстова горада Дзісны адбылося царкоўнае ўслаўленне іерэя Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага, як мясцовашанаванага святога Полацкай епархіі, новапакутніка і спавядальніка Беларускай Праваслаўнай Царквы. У той жа дзень ва Уваскрасенскім храме горада Дзісны здзейснена Боская Літургія з чынам кананізацыі. Пэўны час мошчы свяшчэннапакутніка спачывалі ва Уваскрасенскай царкве з правага боку ад алтара ў спецыяльна вырабленай для іх разьбяной драўлянай рацы, у царкве, якая малітоўным заступніцтвам айца Канстанціна не зачынялася ў гады ліхалецця, і дзе цяпер яшчэ іканастас і ўнутранае ўбранства нагадваюць нам пра палымянага малітоўцу і нястомнага працаўніка іерэя Канстанціна Жданава.

Памяць свяшчэннапакутніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага, здзяйсняецца ў Саборы Беларускіх святых 15/28 кастрычніка ў Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Беларускіх, а таксама 16/29 красавіка ў дзень яго пакутніцкага скону.

Па волі Госпада іерэй Канстанцін Жданаў стаў першым новапакутнікам ХХ ст., кананізаваным у Полацкай епархіі.

Рака з мошчамі свяшчэннапакутніка Канстанціна ва Уваскрасенскай царкве г. Дзісны.
Рака з мошчамі свяшчэннапакутніка Канстанціна ва Уваскрасенскай царкве г. Дзісны.

Сёлета, у юбілейны год святога новапакутніка Канстанціна Жданава, адбылася яшчэ адна надзвычай важная падзея.

27 красавіка 2020 года здзейснілася ўрачыстае перанясенне мошчаў свяшчэннапакутніка Канстанціна Жданава з горада Дзісны ў старажытны Полацк. На перанясенне мошчаў благаславіў Высокапраасвяшчэннейшы мітрапаліт Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Пра гэта адбылася размова і з уладыкам Філарэтам.

Храм Уваскрасення Хрыстова ў Дзісне. 2011 г.
Храм Уваскрасення Хрыстова ў Дзісне. 2011 г.

Звяртаючыся да вернікаў, кіраўнік аддзела Полацкай епархіі па кананізацыі святых пратаіерэй Мікалай Войтаў сказаў: “Сёння мы з вамі з’яўляемся сведкамі вельмі важнай падзеі для ўсёй Полацкай епархіі: перанясення святых мошчаў свяшчэннапакутніка Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага, з невялікага, але вельмі прыгожага горада Дзісна ў самы старажытны горад  Беларусі – Полацк.

Гэтая важная і хвалюючая падзея для палачан напоўнена радасцю, для жыхароў Дзісны крыху авеяна сумам. Але не трэба сумаваць, трэба верыць і маліцца, каб вобраз бацюшкі, які з’яўляецца светачам веры і пакорлівасці, гарэў у нашых сэрцах пяшчотным агеньчыкам непагаснай лампады, настаўляючы на шлях ісціны, праўды і любові ”.  

Урачыстае набажэнства ў прыходзе храма Уваскрасення Хрыстова горада Дзісны ўзначаліў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Па заканчэнні богаслужэння ўладыка Ігнацій разам з саслужыўшымі яму святарамі ўславілі свяшчэннапакутніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага. Затым адбыўся хрэсны ход вакол храма з мошчамі новапакутніка. Усім прысутным Праасвяшчэнны ўладыка ўручыў абразкі свяшчэннапакутніка Канстанціна Жданава.

Епіскап Полацкі і Глыбоцкі падзякаваў духавенству і вернікам за агульную малітву і звярнуўся да прысутных: “Хрыстос уваскрос! Сёння – знамянальная падзея ў нашай епархіі. Мы праслаўляем свяшчэннапакутніка Канстанціна, які праславіўся подзвігам спавядання сваёй веры. Ён не пабаяўся і прыняў пакутніцкую смерць, застаўся нашым хадатаем ва ўсе часы. І сёння мы жадаем яшчэ большага праслаўлення гэтаму святому. У Бога ён праслаўлены самай вялікаю славай. Перанясенне мошчаў неабходна для таго, каб мы з вамі звярталіся да яго за дапамогаю і атрымлівалі яе ў малітве.  У Богаяўленскім кафедральным саборы малітва здзяйсняецца штодзённа. І з гэтага дня мы будзем кожны дзень маліцца перад мошчамі пакутніка Канстанціна, ніяк не зніжаючы месца яго зямнога быцця. <…>  Усюды, дзе пабываў святы Канстанцін, ён нябачна прысутнічае. І хацелася б, дарагія браты і сестры, каб мы бачылі ў перанясенні мошчаў наша агульнае яднанне ў малітве і наша праслаўленне імені святога…”.

Праз некаторы час святыя мошчы свяшчэннапакутніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага, прыбылі ў горад Полацк. Мноства вернікаў прыйшло пакланіцца святому падзвіжніку. 

Полацкі Богаяўленскі сабор.
Полацкі Богаяўленскі сабор.

Здзейсніўшы хрэсны ход вакол Богаяўленскага сабора, епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій узначаліў малебен святому. Яго Праасвяшчэнству саслужылі: сакратар Полацкай епархіі Аляксандр Пятліцкі і клірыкі Полацкай епархіі. Богаслужэбныя песнаспевы выканаў архірэйскі хор пад кіраўніцтвам матушкі Марыі Скабей.

Пасля заканчэння набажэнства ўладыка Ігнацій сказаў: “…Мошчы святога Канстанціна набываюць цяпер яшчэ большую магчымасць аказваць станоўчы ўплыў на перайначванне многіх людзей. <…> Мы здзяйсняем пакланенне святому для таго, каб праслаўляць яго імя. І чым больш мы яго праславім, тым больш ён дапаможа нам. Усім вам, дарагія айцы, браты і сестры, я жадаю дапамогі ад гэтага вялікага заступніка і хадатая нашай зямлі. Хрыстос уваскрос!”

Усім прысутным Праасвяшчэнны ўладыка ўручыў абразкі свяшчэннапакутніка Канстанціна Жданава.

Свяшчэннапакутнік Канстанцін Жданаў.
Свяшчэннапакутнік Канстанцін Жданаў.

…З часоў заснавання Царквы Хрыстовай святыя мошчы ўгоднікаў Божых з’яўляюцца бясцэнным дарам для ўмацавання нашай веры, для здзяйснення міласэрных спраў і выканання Божых Запаветаў.

Адзін з трох Сусветных свяціцеляў і настаўнікаў, Іаан Златавуст, гаварыў, што Бог для таго і пакідае нам целы святых, каб даць надзейны прытулак і абарону супраць навакольнага зла. Таму і заклікаў Свяціцель усіх у журбе, хваробе, іншых мірскіх няшчасцях з вераю прыходзіць да мошчаў святых.

Свяшчэннапакутнік Канстанцін Жданаў, айцец Канстанцін, наш зямляк, у цяжкую хвіліну жыцця не баяўся спавядаць Хрыста, прыняў пакутніцкую смерць. І подзвіг яго немагчыма забыць.

Глыбокае шанаванне святых мошчаў з’яўляецца асновай нашых малітваў да святога, які заўсёды можа папрасіць у праславіўшага іх Бога выканання нашых просьбаў.

Верыцца, што як можна больш людзей пранікнуцца подзвігам свяшчэннапакутніка Канстанціна Жданава і часцей будуць маліцца святому, які сваім зямным набожным жыццём і пакутніцкай смерцю паказаў прыклад сцвярджэння ісціны, праўды, веры і любові.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

 Крыніцы:

1. Памяць: Гістарычна-дакументальная хроніка Шаркаўшчынскага раёна. – Мінск, 2004.
2. Садовский, О. А. Они закопали священника живым… // Царкоўнае слова. – 1997. – № 8 (65).
3. Жизнеописание священномученика Константина Жданова / сост. cвящ. В. Горидовец [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http: // www. orthodoxy.ru/saint/kzhdanov.shtm
4. http://www.spas-monastery.by/
5. https://www.eparhia992.by/
6. church.by
7. http://www.hram-miory.vitebsk.by