Словы ўдзячнасці і цеплыні

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Слуцк – адзін са старажытных гарадоў Беларусі, які мае больш як дзевяцісотгадовую гісторыю. У летапісе Случчыны шмат векапомных падзей і славутых імёнаў. Веліч краю стваралі многія пакаленні людзей розных прафесій, кожнага з якіх аб’ядноўвала любоў да роднай зямлі і добрасумленнае шчыраванне на карысць Айчыны.

Сярод такіх людзей Мікалай Мікалаевіч Гладкі, загадчык аддзела народнай адукацыі Слуцкага гарвыканкама (1977-1991), цудоўны чалавек і кіраўнік, Настаўнік, якога сёлета, напярэдадні свята Вялікай Перамогі, калегі і былыя вучні віталі з 90-гадовым юбілеем.

Мікалай Мікалаевіч Гладкі ў працоўным кабінеце.
Мікалай Мікалаевіч Гладкі ў працоўным кабінеце.

Нарадзіўся Мікалай Гладкі на Случчыне ў пасёлку Сухоўчыцы Ленінскага сельсавета ў сялянскай сям’і. Дзяцінства было цяжкае. У 1937 годзе памёр бацька Мікалая. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, хлопчыку было толькі 11 гадоў. У 1942 годзе за сувязь з партызанамі фашысты расстралялі яго маці. Сваякі забралі пляменніка да сябе, дзе ён і выхоўваўся.
Цётка Мікалая была сувязной партызанскага атрада імя Пархоменкі. Нярэдка хлопчык перадаваў звесткі і неабходныя рэчы ў атрад. Шмат разоў смерць праходзіла побач, але нябесныя сілы яго ратавалі.

Жыў і выхоўваўся Мікалай у сваякоў, а яго брат і дзве сястры – у Слуцкім дзіцячым доме.

Пасля вайны хлопчык пайшоў у 4-ы клас. Вучыўся выдатна. Любімым прадметам была матэматыка, таму ў вольны час Мікалай рашаў па 15-20 задач. Добра чытаў. Мікалай Мікалаевіч згадваў, што падручнікаў не хапала, таму прыходзілася вучыцца чытаць па кнізе І.В. Сталіна “Приказы”.

Ленінскую сярэднюю школу юнак закончыў у 1951 годзе. Хацеў стаць вайскоўцам, але па стане здароўя не прайшоў. Вось тады Мікалай Гладкі вырашыў стаць настаўнікам, каб вучыць і выхоўваць дзяцей, сеяць зерне дабрыні ў іх сэрцах.

У 1953 годзе Мікалай Гладкі закончыў факультэт рускай мовы і літаратуры Бабруйскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута. З 1954-га па 1957 год служыў у арміі, а пасля дэмабілізацыі вярнуўся працаваць настаўнікам у Ленінскую сярэднюю школу Слуцкага раёна, дзе быў выбраны сакратаром партыйнай арганізацыі школы.

Праз некаторы час, у 1961 годзе, Мікалая Гладкага прызначылі дырэктарам Акцябрскай васьмігадовай школы на Случчыне, дзе ён аддана працаваў 10 гадоў, завочна закончыўшы ў 1964 годзе Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага.

Аптымізм і прафесіяналізм педагога заўсёды прыцягвалі да яго вучняў. І сёння многія з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць Мікалая Мікалаевіча як улюбёнага ў сваю прафесію вялікай працаздольнасці чалавека.

Падчас працы на пасадзе загадчыка гарадскога аддзела народнай адукацыі Слуцкага гарвыканкама, на якую Мікалай Гладкі быў прызначаны ў 1977 годзе, Мікалай Мікалаевіч садзейнічаў будаўніцтву ў горадзе новых устаноў адукацыі. Пабудаваны тры сярэднія школы: 8, 11,12; тры дзіцячыя садкі: 5-ы,12-ы (цяпер ДЦРД «“Залаты ключык” г. Слуцка»), 19-ы. Таксама пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча праведзена рэканструкцыя 1-й, 5-й і 10-й сярэдніх школ. Нават на сённяшні дзень гэта нямала, а на той час і ўвогуле.

Рэспубліканскі семінар метадыстаў па бібліятэчных фондах школьных падручнікаў. Выступае Людміла Канстанцінаўна Сухнат (міністр асветы БССР (1985-1988), першы намеснік міністра народнай адукацыі РБ (1988-1994), справа –намеснік загадчыка абласнога аддзела народнай адукацыі Нэля Афанасьеўна Жуковіч і загадчык аддзела народнай адукацыі Слуцкага гарвыканкама Мікалай Мікалаевіч Гладкі, трэці злева – намеснік старшыні Слуцкага гарвыканкама Мікалай Кірылавіч Лясун. г. Слуцк. 1989 г.

Шматгадовая праца Мікалая Гладкага адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі і падзякамі, але галоўная ўзнагарода – любоў, павага і памяць яго вучняў і калег. Самаадданасць Мікалая Мікалаевіча, яго невычэрпны жыццёвы парыў, душэўнасць і прафесіяналізм заўсёды будуць галоўным арыенцірам для ўсіх, хто меў шчасце вучыцца ў яго ці працаваць разам з ім.
У аўтара гэтых радкоў таксама самыя светлыя ўспаміны пра шчырага чалавека і клапатлівага кіраўніка Мікалая Мікалаевіча Гладкага, пад кіраўніцтвам якога і мне, і майму бацьку, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, давялося пэўны час працаваць на Случчыне. Бацька, Іван Паўлавіч Янучок, пасля сустрэчы з раённым кіраўніцтвам, кожны раз вяртаўся дадому з узнёслым настроем, жаданнем працаваць яшчэ лепш, засвойваць новыя методыкі працы з вучнямі і многае іншае.
Шмат добрых слоў гучала ў нашым доме пра Мікалая Мікалаевіча Гладкага. Іван Паўлавіч высока цаніў прафесіяналізм і шчырае стаўленне загадчыка аддзела адукацыі да іх, “простых вясковых настаўнікаў”. “Вось такім трэба быць кіраўніку” – часта паўтараў бацька, які за 42 гады педагагічнай працы бачыў розных начальнікаў.
Праз пэўны час і мне, настаўніку беларускай мовы і літаратуры слуцкай СШ № 10 імя С.Ф. Рубанава, давялося пераканацца ў чалавечнасці Мікалая Мікалаевіча Гладкага і яго ўважлівым стаўленні да кожнага педагога.
Згадаю толькі адзін выпадак з уласнага жыцця. Працуючы з вучнямі розных узростаў, заўважыла ў многіх з іх дэфекты ў вымаўленні некаторых гукаў. Так узнікла жаданне набыць яшчэ дадатковую спецыяльнасць лагапеда-дэфектолага. На той час гэта была вялікая раскоша – адправіць настаўніка за кошт аддзела адукацыі на вучобу. Зноў жа праблемы з заменаю на час сесіі і многае іншае. Прызнацца, хвалявалася перад размоваю з кіраўніком аддзела адукацыі.
Мікалай Мікалаевіч сустрэў мяне па-бацькоўску шчыра. Уважліва выслухаў, распытаў пра ўсё падрабязна, згадзіўся з прычынаю і ўсхваліў маю далейшую мэту прафесійна займацца з вучнямі не толькі беларускай моваю. І падтрымаў мяне: “Вучыцца ніколі не позна. І калі вы маеце жаданне, я з радасцю дам вам накіраванне”.
Выходзіла з гарвыканкама акрыленая, з вялікім жаданнем вучыцца і набываць яшчэ адну прафесію, якая ў будучым дапаможа мне падарыць шчасце правільнага вымаўлення не аднаму дзіцяці…
І гэта толькі адзін згаданы выпадак стасункаў педагога і кіраўніка.
Трэба сказаць, што ў далейшым Мікалай Мікалаевіч не прамінаў, каб не пацікавіцца і маёй вучобай, і маімі поспехамі.
Светлыя ўспаміны пра Мікалая Мікалаевіча Гладкага і ў Любові Фёдараўны Гурбо, былога намесніка начальніка аддзела адукацыі Слуцкага гарвыканкама, і ў Міхаіла Уладзіміравіча Марачкоўскага, што доўгі час узначальваў аддзел адукацыі, змяніўшы па гэтым пасту Мікалая Гладкага, які, перадаўшы справу ў надзейныя рукі, будучы пенсіянерам, працягваў працу ў Слуцкім аддзеле адукацыі да 1994 года.

Урачыстая лінейка, прысвечаная святу 1-га верасня. У цэнтры – загадчык аддзела народнай адукацыі Слуцкага гарвыканкама Мікалай Гладкі, першая злева – Любоў Гурбо. СШ № 2 г. Слуцка. 1990-я гады.

Аптымістычны і жыццярадасны, мудры і тактоўны, Мікалай Мікалаевіч Гладкі змог не толькі стаць для калег і землякоў прыкладам у працы, ён змог стварыць моцную сям’ю, стаць шчаслівым мужам і клапатлівым бацькам сваім дзецям. Ці ж не Богам дадзенае шчасце, у свае шаноўныя 90 – быць акружаным клопатам, любоўю і ўвагаю родных і блізкіх людзей!
Мікалай і Валянціна Гладкія жывуць разам ужо 65 гадоў, захаваўшы каханне, любоў і павагу. У снежні 2019 года адсвяткавалі сваё жалезнае вяселле, стаўшы прыкладам для ўсіх, хто ведае гэтую моцную і прыгожую сям’ю.
…Упершыню маладыя сустрэліся ў пасляваенныя гады ў Бабруйскім настаўніцкім інстытуце. Педагагічных кадраў катастрафічна не хапала, пасля двух гадоў вучобы з незакончанай вышэйшай адукацыяй студэнты прыступалі да настаўніцкай працы. Мікалай Гладкі вучыўся на настаўніка рускай мовы і літаратуры, а Валянціна імкнулася стаць настаўнікам фізікі і матэматыкі.
Валянціна Прохараўна трапіла па размеркаванні ў вёску Старцавічы (цяпер Знамя) Слуцкага раёна, а потым, праз некалькі гадоў, яе перавялі ў Леніна, дзе ў гэты час працаваў Мікалай Гладкі. Вось тут і ўспыхнула паміж імі каханне. Неўзабаве маладога настаўніка прызвалі ў армію, ажно на два гады і сем месяцаў. І Мікалай прымае рашэнне зрабіць прапанову рукі і сэрца Валянціне.
Так атрымалася, што 4 снежня 1954 года закаханыя адначасова ладзілі і вяселле, і праводзіны ў войска. Калектыў школы вельмі прыязна ставіўся да маладых настаўнікаў. Усе ведалі, што Мікалай сірата, а Валянціна са шматдзетнай сям’і, таму калегі дапамаглі ім зладзіць вяселле. Тое дабро Гладкія запомнілі назаўсёды…
Пасля службы ў арміі Мікалая Мікалаевіча Гладкага прызначылі дырэктарам школы ў вёсцы Акцябр, куды сям’я і пераехала з маленькай дачкой Таццянай. Тут, у Акцябры, у сям’і нарадзілася яшчэ двое сыноў. А праз некаторы час дырэктару школы прапанавалі пасаду загадчыка кабінета палітасветы ў Слуцкім гаркаме КПБ. Праз некалькі месяцаў сям’я атрымала ордэр на кватэру ў Слуцку.
Валянціна Прохараўна пачала працаваць у 10-й школе настаўнікам матэматыкі, а калі побач з домам пабудавалі новую школу № 7, перайшла туды. Там і працавала, пакуль не пайшла на заслужаны адпачынак. А Мікалай Мікалаевіч, як мы згадвалі, у 1977 годзе ўзначаліў Слуцкі аддзел народнай адукацыі і працаваў там да 1994 года, нават будучы ўжо на пенсіі.

Валянціна Прохараўна і Мікалай Мікалаевіч Гладкія ў дзень смарагдавага вяселля (55 гадоў сумеснага жыцця). 2009 г. Фотаздымак Варвары Чаркоўскай.

Кожнае лета сям’я Гладкіх праводзіць у вёсцы Рудня на Случчыне. Іх лецішча патанае ў кветках, якія так любіць Валянціна Прохараўна. Гэта адно з яе захапленняў, а вось Мікалай Мікалаевіч ні дня не праводзіць без кнігі. У сям’і педагогаў цудоўная бібліятэка – шмат беларускай, рускай і замежнай класікі. Але самае галоўнае, што ў настаўніцкай сям’і выраслі цудоўныя дзеці, радуюць поспехамі ўнукі і праўнукі. Сакрэт іх сямейнага шчасця просты: любоў, павага, цярпенне, адказнасць за блізкіх, адзінства душ і разуменне, што каханне – гэта праца, і да яго, як кажа сам Мікалай Мікалаевіч, трэба ставіцца так, як да кветак: паспрабуй адзін раз не паліць – і завянуць. Сапраўды, у сям’і Гладкіх беражлівае стаўленне да пачуццяў, і доказам таму служаць іх доўгія шчаслівыя гады сумеснага жыцця.
Мікалай Мікалаевіч і Валянціна Прохараўна Гладкія ўжо шмат гадоў на пенсіі, але яны з’яўляюцца жаданымі гасцямі на святочных мерапрыемствах настаўнікаў, вечарах сустрэч з выпускнікамі, на юбілеях школ, дзе яны назаўсёды пакінулі часцінку сваіх шчырых чалавечых душ.
За адметную працу ў галіне адукацыі Мікалай Мікалаевіч Гладкі ўдастоены ганаровага звання “Выдатнік народнай асветы БССР” (1969), узнагароджаны медалём “За доблесную працу”, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Граматай Вярхоўнага Савета БССР і іншымі ўзнагародамі. Але галоўная ўзнагарода для сапраўднага Настаўніка – словы шчырай удзячнасці сваіх выхаванцаў і калег, якія мы з вялікай пашанай гаворым нашаму паважанаму юбіляру.
Многая лета Вам, шаноўны Мікалай Мікалаевіч!

Матэрыял для сайта oroik.by падрыхтаваны і перакладзены на беларускую мову Ларысай ПШАНІЧНАЙ.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны артыкул “Сваё жыццё ён школе прысвяціў” (газета “Слуцкі край”, аўтары: Святлана Бачкоўская, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУА “Акцябрская БШ”; Таццяна Кахановіч, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі), а таксама публікацыя “Простые секреты семейного счастья” (газета “Інфа-кур’ер”, аўтар: Варвара Чаркоўская).