“За веру праваслаўную пацярпелы”: свяшчэннапакутнік Васіль Ізмайлаў

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй  і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Васіль Ізмайлаў у юначыя гады.

Свяшчэннапакутнік Васіль Ізмайлаў нарадзіўся 4 чэрвеня 1885 года ў горадзе Вышні Валачок Цвярской губерні. Скончыў Цвярскую духоўную семінарыю.

У 1905 годзе, пасля заканчэння семінарыі, Васіль Ізмайлаў паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію.

        

Цвярская духоўная семінарыя. Пачатак ХХ ст.

Праслухаўшы поўны курс навук у Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, у верасні 1910 года Васіль Ізмайлаў атрымаў ступень кандыдата багаслоўя.

Пасля атрымання дыплома Васіль Васільевіч быў накіраваны ў Парыцкае Св. Марыі Магдаліны жаночае вучылішча духоўнага ведамства Мінскай губерні выкладаць славеснасць і дыдактыку.

Санкт-Пецярбургская духоўная акадэмія.

Заснавальніцай Парыцкага жаночага вучылішча духоўнага ведамства была Марыя Якаўлеўна Пушчына (29.12. 1812 – 23. 03. 1895) – другая жонка Міхаіла Іванавіча Пушчына, памешчыка маёнтка Парычы. Вучылішча было адкрыта 8 верасня 1860 г. і прызначалася спачатку для дачок бяднейшага духавенства.

Прымаючы рашэнне адкрыць вучылішча, Марыя Якаўлеўна не ставіла асабліва высокіх мэтаў, яна разлічвала прытрымлівацца “дасканалай прастаты і абмежавацца… урокамі святара і дзвюх настаўніц”. Ёй хацелася выхаваць у сваіх вучаніц любоў да працы і да бліжняга. Таму з самага пачатку дзяўчат прывучалі да простых рэчаў: наведваць царкву, умець маліцца, адукавана весці размову.

Кожную справу выхаванкі асвячалі малітвай. Яны прытрымліваліся пастоў, вучыліся апранацца проста і з густам, гатаваць ежу, сачылі за чысцінёй у пакоях. Вучаніцы старэйшага класа (аддзялення) вывучалі Свяшчэнную гісторыю, катэхізіс, рускую граматыку, арыфметыку, геаграфію, гісторыю рускай дзяржавы, займаліся рукадзеллем.

Безумоўна, Марыя Якаўлеўна Пушчына была душой Парыцкага жаночага вучылішча. Яна была не толькі ініцыятарам стварэння, але і кіраўніком вучэбнай установы. Спачатку з яе ініцыятывы пад памяшканне вучылішча быў прыстасаваны ўласны дом.

Марыя Якаўлеўна знаходзіла людзей, якія бралі вучылішча пад сваю апеку, сама рабіла ахвяраванні, распараджалася сабранымі сродкамі, кіравала гаспадаркай і ў першыя гады існавання вучылішча выкладала ў ім рускую гісторыю.

З цягам часу працэс навучання ў вучылішчы ўскладнілі. Ужо ў 1864–1865 гг. тут пачалі вывучаць прадметы, прадугледжаныя толькі для чатырох вучылішчаў, якія дзейнічалі ў заходняй епархіі.

Васіль Ізмайлаў – выкладчык Парыцкага Св. Марыі Магдаліны жаночага вучылішча духоўнага ведамства.

У 1866–1867 гг. заняткі ва ўсіх класах Парыцкага жаночага вучылішча прыводзяцца ў адпаведнасць з праграмай Царскасельскага жаночага духоўнага вучылішча. А праз шэсць гадоў у вучылішчы ўводзіцца праграма епархіяльнага вучылішча, што дало магчымасць выпускніцам атрымліваць дыплом настаўнікаў.

З 1873 г. Марыя Якаўлеўна перадала кіраванне вучылішчам іншым асобам, але працягвала курыраваць яго. Канчаткова яна адышла ад гэтага клопату толькі ў 1885 г. ва ўзросце 73-х гадоў.

З 1877-1878 гг. вучылішча пераабсталявалі з трохкласнага ў шасцікласнае. А ў 1881 г. у Парычах для жаночага вучылішча быў пабудаваны мураваны будынак.

У 1909-1910 навучальным годзе быў адкрыты сёмы педагагічны клас. У наступным – восьмы, які даваў магчымасць выпускніцам паступаць у Санкт-Пецярбургскі педагагічны інстытут. Такім чынам вучылішча прыраўнялася па статусе да жаночай гімназіі.

Калі ў першы год свайго існавання ў вучылішчы займаліся толькі 25 дзяўчынак, то ў 1909-1910 навучальным годзе – 171.

У 1915 г. Парыцкае жаночае вучылішча духоўнага ведамства было пераведзена ў горад Уладзімір.

Выпуск выхаванак Парыцкага Св. Марыі Магдаліны жаночага вучылішча духоўнага ведамства. 1910 г.

У Парыцкім жаночым вучылішчы Васіль Ізмайлаў працаваў з 1910 па 1915 год. Праз некаторы час ажаніўся. У Васіля Васільевіча з Яўгеніяй Мікалаеўнай нарадзіліся два сыны: у 1912 годзе – Мікалай, а ў 1914 г. – Васіль.

7 снежня 1913 года епіскап Мінскі Мітрафан (Краснапольскі) звярнуўся да Вучэбнага камітэта з просьбай перавесці Васіля Ізмайлава ў Мінскую духоўную семінарыю, лічачы, што гэта будзе карысным для навучальнай справы семінарыі. Уладыка даў яму выдатную характарыстыку.

Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Пач. 20 ст.

15 студзеня 1915 года Васіль Ізмайлаў быў прызначаны выкладчыкам асноўнага, дагматычнага і маральнага багаслоўя ў Мінскай духоўнай семінарыі. Незадоўга да гэтай падзеі ён быў пасвечаны ў сан святара.

Пасля таго як семінарыю закрылі, з 1920 года айцец Васіль перайшоў служыць у Свята-Пакроўскую царкву сяла Слабада-Азярыцкая Мінскага раёна. У 1927-м стаў настаяцелем Свята-Уваскрасенскага сабора горада Барысава.

Свята-Уваскрасенскі сабор. Пачатак ХХ ст.
Свята- Уваскрасенскі сабор (сучасны выгляд).

У Барысаве айцец Васіль выступіў супраць абнаўленцаў, якія спрабавалі захапіць сабор, адкрыта выказваўся пра ганенні на Царкву. Праслужыўшы ва Уваскрасенскім саборы ўсяго некалькі месяцаў, 2 чэрвеня 1927 года па даносах абнаўленцаў святар быў арыштаваны і абвінавачаны ў “контррэвалюцыйнай агітацыі”.

Незадоўга да арышту за айцом Васілём пачала сачыць агентура АДПУ. Палявалі на яго на працягу трох месяцаў.

Агенты склалі шэраг даносаў, якія ўвайшлі ў так званае “Абвінаваўчае заключэнне”. У ім, у прыватнасці, чытаем: “… прыблізна 12 сакавіка ў час усяночнай і на наступны дзень, калі поўная была царква народу, святар Ізмайлаў казаў, што хутка павінны прыехаць бальшавіцкія папы і забраць наш сабор, каб потым зрабіць у ім клуб. Заклікаў грамадзянаў абараняць царкву, прычым раіў мужчынам у гэтую справу не ўмешвацца … Казаў, што рэлігію праследуюць, даваў намёк на тое, што хутка будзе вайна …

2 мая, у час асвячэння магілы на могілках, у размове пра надвор’е казаў, што халоднае надвор’е Бог пасылае ў пакаранне за тое, што савецкая ўлада і нявернікі здзекуюцца з Царквы …  у прыватнай гутарцы з бабуляй-жабрачкай (прозвішча не ўстаноўлена) казаў, што дождж ідзе ўвесь час – гэта прыкмета ў хуткім часе вялікай вайны, што так будзе ліцца кроў, як цяпер ліецца дождж …

Прымаючы пад увагу, што сведкі, а таксама агентурны матэрыял цалкам пацвярджаюць, што Ізмайлаў вёў агітацыю з відавочна контррэвалюцыйнай мэтай і што дзейнасць Ізмайлава мае ўзбуджальны ўплыў на народ, пра што сведчыць выступленне людзей падчас прыезду абнаўленцаў у сакавіку гэтага года, калі выкрыкі з натоўпу, які настройваў Ізмайлаў, былі накіраваны супраць савецкай улады. Прымаючы ўсё гэта пад увагу, лічым неабходным прыцягнуць Ізмайлава да адказнасці самым строгім чынам …”

Ізмайлаў Васіль Васільевіч. Справа № 5249.

Вінаватым сябе ў прад’яўленых яму абвінавачаннях айцец Васіль не прызнаў, заявіўшы, што “ўсе гэтыя абвінавачванні ні на чым не заснаваныя”, на допытах нікога не абгаварыў.

Пастановай асобай нарады пры калегіі АДПУ ад 26 жнiўня 1927 года протаіерэй Васіль Ізмайлаў быў сасланы ў Салавецкі канцлагер асобага прызначэння (СЛАП) тэрмінам на тры гады.

Выпіска з пратакола ад 26 жніўня 1927 г.

Паводле афіцыйнай версіі, протаіерэй Васіль памёр 22 лютага 1930 года, але, хутчэй за ўсё, быў расстраляны, увайшоўшы ў сонм новапакутнікаў, за веру праваслаўную пацярпелых у страшны час ганенняў на Царкву Божую.

Кананізаваны як мясцовашануемы святы пастановай Святога Сінода Беларускага Экзархата ад 28 кастрычніка 1999 года, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.

Ікона свяшчэннапакутніка протаіерэя Васіля Ізмайлава.

Дні памяці:

22 лютага – у дзень гібелі протаіерэя, свяшчэннапакутніка Васіля Ізмайлава;

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых;

23 жніўня – Сабор вызнаўцаў і новапакутнікаў Салавецкіх;

28 кастрычніка – памяць 23 новапакутнікаў Мінскай епархіі.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:

  • borіsoveparhia.by
  • www.blagobor.by
  • borisov-spas.by
  • www.parichi.by
  • www.newmartyros.ru
  • martyr-spb.ru
  • azbyka.ru
  • drevo-info.ru
  • radiovera.ru
  • hramlavrenty-svetoch.narod.ru
  • rusk.ru