Педагог, паэтэса, празаік, публіцыст, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2001), выдатнік друку Беларусі (2013).
Прысвоена ганаровае званне «Лаўрэат прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя – 2019”».
Нарадзілася 7 кастрычніка 1964 г. у в. Сярагі Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Вучылася ў Мінскім медыцынскім вучылішчы № 2, закончыла Слуцкае медыцынскае вучылішча (1983), Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (1994), аспірантуру пры названым універсітэце па спецыяльнасці “Беларуская літаратура” (2004). Працавала медсястрой у слуцкай дзіцячай паліклініцы, выхавальнікам у дашкольнай установе, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 10 імя С. Ф. Рубанава г. Слуцка, арганізатарам у аддзеле адукацыі Слуцкага гарвыканкама.
У 2001 г. пераведзена ў Мінскі абласны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, дзе працавала метадыстам, начальнікам аддзела выхаваўчай работы. Затым на пасадзе навуковага супрацоўніка Нацыянальнага інстытута адукацыі. Працавала начальнікам аддзела грамадска-гуманітарнай адукацыі, прарэктарам па вучэбнай рабоце Мінскага гарадскога дзяржаўнага інстытута павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі. У 2007 – 2009 гг. – галоўны інспектар упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Загадам Міністэрства адукацыі пераведзена на пасаду галоўнага рэдактара навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”, дзе працавала з 2009 па 2019 год.
З мая 2019 г. – дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыяльнай культуры.
Даследчык сучаснай беларускай паэзіі, аўтар больш як 30 навуковых і навукова-метадычных публікацый.
Аўтар зборнікаў паэзіі: “Палон нябёсаў” (1998), “У вэлюме завей” (2005), “Малюся зорам” (2014), кнігі прозы “Нашчадкі выбранцаў” (электронны варыянт, 2017), рамана-споведзі “Маналог у паўстагоддзя” (2019); адна з аўтараў фотаальбома-кнігі “Зямля сілы. Белавежская пушча” (2006), кнігі “Бачу Беларусь такой” (2018); агульных паэтычных зборнікаў: “Прызнанне ў любові і каханні” (2004), “Краіну родную люблю” (2010), “На мове сэрца” (2013), “На прасторах любай Беларусі” (2013), “Па праву жывога. Кніга-прызнанне сучасных беларускіх паэтаў да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (2014), “Неделимое русло” (2014, Санкт-Петербург), “Разам з Радзімай: песні беларускіх кампазітараў і паэтаў” (2016).
Зоя Падліпская – гераіня аўтарскай перадачы Ларысы Грынько “Лёсу свайго гаспадыня” (СТВ, 2007), аўтарскай перадачы Алены Трацэнкі “Дыяблог. Пра мову” (БТ-3, 2016). Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма “Я – дзяўчынка на шары” пра жыццёвы і творчы шлях Раісы Баравіковай (БТ, 2009), аўтар верша “Мой горад” да дакументальнага фільма “Минск обзорный” (рэж. Дзяніс Краўцоў, 2011).
Узнагароды: Ганаровая грамата Слуцкага ГК ЛКСМБ (1980), Ганаровая грамата Слуцкага медыцынскага вучылішча (1983), Падзяка дырэкцыі і камітэта камсамола Слуцкага медыцынскага вучылішча (1983), Ганаровая грамата ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама (1999), Ганаровая грамата аддзела адукацыі Слуцкага гарвыканкама (2000), Падзяка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта (2000), знак узнагароды “За службу на Каўказе” (2004), Грамата Мінскага гарадскога інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (2006), Ганаровая грамата камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама (2007), Ганаровая грамата Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (2010), Дыплом Саюза пісьменнікаў Беларусі (2010), Ганаровая грамата Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі (2012), Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2013), Падзяка аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2013), нагрудны знак Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру” (2013), медаль Імператарскага ордэна Святой Ганны (2013), Імператарскі ордэн Святой Вялікапакутніцы Анастасіі Вызваліцельніцы (2014), нагрудны знак Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік друку Беларусі” (2013); Падзяка выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” і часопіса “Беларуская мова і літаратура” (2016), памятны знак “У гонар заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (2018); Падзяка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь (2018); Ганаровая грамата Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2018); Ганаровая грамата Нацыянальнага інстытута адукацыі (2018); Ганаровая грамата Прэзідыума Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі (2018); Грамата Інстытута журналістыкі БДУ (2018), Грамата Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы (2018), медаль “Свяшчэннапакутніка прасвітара Уладзіміра Хіраскі” ІІ ступені (2018), Дыплом лаўрэата прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя – 2019” за стварэнне літаратурнай серыі “Творы сучасных невідушчых аўтараў” (2019).