10 жніўня паводле новага стылю, або 28 ліпеня паводле старога стылю ушаноўваецца Маці Божая дзеля іконы Яе Ракавіцкай. Паводле вуснага падання святы абраз быў яўлены пану Макрэцкаму, на сродкі якога быў збудаваны храм недалёка ад месца адшукання іконы.
Атрымаўшы ў сне ўказанне ад Багародзіцы прыняць ікону, ён выйшаў да невялікай рачулкі на ўказанае Дзевай Марыяй месца і знайшоў там ікону, што плыла па вадзе. На месцы яўлення іконы забіла крыніца. Цягам часу паломнікі збудавалі на месцы крыніцы купель для амавення.
Ракавіцкая ікона праславілася тым, што праз Яе Маці Божая яўляла шматлікія цуды ўсім, хто з верай прыходзіў пад Яе ўладарнае покрыва. На жаль, арыгінал Ракавіцкай іконы страчаны. На сённяшні дзень ўшаноўваюцца толькі цудатворныя яе спісы, адзін з якіх захоўваецца ў Ракавіцкай царкве.
10 жніўня 2019 года ў Ракавічах служэнне Боскай літургіі ўзначаліў Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, у саслужэнні сакратара Гродзенскай епархіі протаіерэя Анатолія Ненартовіча, протаіерэя Міхаіла Велісейчыка, благачыннага Шчучынскай акругі іерэя Аляксандра Пасцерняка, настаяцеля храма іерэя Сергія Раманко, духавенства Шчучынскага благачыння і прыходаў усёй Гродзенскай епархіі. Саслужыў таксама і госць з Украіны – іерэй Уладзімір Міхальчук.
Як выявілася, Ракавічы ёсць не толькі на Беларусі, але і на Украіне ў Жытомірскай вобласці. Там будуецца цяпер храм у гонар Хрыста Збаўцы дзеля іконы Яго “Спас Нярукатворны”. А калі настаяцель гэтага храма іерэй Уладзімір Міхальчук даведаўся пра Ракавіцкі абраз Маці Божай на Беларусі, то выявіў жаданне, каб спіс гэтай цудатворнай іконы знаходзіўся і на Украіне.
Разумеецца, абраз быў напісаны, але яшчэ не асвячоны. Асвяцілі яго 10 жніўня ў беларускіх Ракавічах па заканчэнні Літургіі. Пасля Літургіі таксама быў Хрэсны ход з ліціёй за памерлых настаяцеляў Ракавіцкага храма Нараджэння Маці Божай – протаіерэяў Юліяна Баліцкага (1901), Уладзіміра Флёрава (1934), Аляксандра Гагалушкі (1998).
Уладыка сардэчна павіншаваў усіх са святам ушанавання Маці Божай дзеля Ракавіцкай Яе іконы і пажадаў, каб усіх ахоўвала Царыца Нябесная сваім святым амафорам.
У часе пропаведзі Ўладыка адзначыў, што Маці Божая яўляла свае святыя іконы паўсюль. Нямала было яўлена ікон на Беларусі. Сярод іх Жыровіцкая, Мінская, Віленская, Каложская, Ракавіцкая, апошнія дзве – шанаваныя ў нашай епархіі ды іншыя. І гэтыя шматлікія яўленні – гэта не што іншае, як праява бясконцай любові і міласэрнасці Маці Божай да нас, грэшных людзей. Яўленне Ракавіцкай іконы для нас – знак таго, што і нас, тых, хто пражывае ў тутэйшых мясцінах, Маці Божая не пакінула без сваёй апекі.
Уладыка чарговы раз у сваёй пропаведзі згадаў паданне, што хтосьці са святых, трапіўшы ў Царства Нябеснае, не знайшоў там Прастола Маці Божай. І хтосьці яму адказаў, што прастол Маці Божай – на зямлі, дзе людскі смутак, боль, журба і стагнанне. Таму няхай усіх нас ахоўвае Багародзіца сваімі малітвамі ад усяго злога, а мы, як верныя Яе дзеці, будзем прыходзіць да Яе з удзячнымі малітвамі.
Зьмiцер Даўгаполiк-Пратасевiч
По материалам сайта Гродненской епархии orthos.org