30 мая 2018 г. ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці адкрыецца Трэці Міжнародны мастацкі пленэр “Святасць зямлі Беларускай,” які будзе прысвечаны ўшанаванню памяці блажэннай Валянціны Мінскай і Году малой радзімы ў Беларусі.
У гэты дзень адбудзецца сустрэча мастакоў з епіскапам Маладзечанскім і Стаўбцоўскім Паўлам, а таксама супольная малітва ў мясцовым храме – малебен перад пачаткам усякай добрай справы, які ў 11.00 узначаліць уладыка.
Арганізатарамі праекта выступаюць Маладзечанская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Беларускі саюз мастакоў, Мінская абласная арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын”, Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у горадзе Мінску. Традыцыйна ініцыятарам мерапрыемства з’яўляецца прыход царквы святой Еўфрасінні Полацкай у Івянцы, настаяцель якога протаіерей Віктар Перагудаў з’яўляецца духаўніком пленэра. Куратарамі пленэра з’яўляюцца Отчык Глеб, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў і Ігар Гардзіёнак, загадчык кафедры малюнка Беларускай акадэміі мастацтваў.
Сёлета ў пленэры чакаецца ўдзел прафесійных мастакоў з пяці краін свету. Апрача беларускіх майстроў пэндзля, вялікую цікавасць да пленэра праявіла мастацкая супольнасць з Расіі, Украіны, Малдовы і Румыніі. Тэма зацікавіла творцаў, розных па стылістыцы, манеры і жанравай разнастайнасці.
Адметнасцю сёлетняга пленэру стане правядзенне круглага стала “Царква і культура”, прысвечанага Году малой радзімы ў Беларусі. Таксама чакаецца традыцыйнае знаёмства мастакоў з выхаванцамі Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця і канцэртная праграма, падрыхтаваная самімі дзецьмі. Перад пачаткам уласна творчай дзейнасці мастакі плануюць наведваць месца спачынку святой Валянціны Мінскай, пабываць на могілках у в. Крысава, пазнаёміцца з месцамі, звязанымі з жыццём святой, і людзьмі, якія яе памятаюць.
Падсумаваннем дзейнасці мастакоў стане вернісаж у выставачнай зале Палаца культуры г. Маладзечна, урачыстае адкрыццё якога запланавана на 8 чэрвеня, а таксама выстава ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” Палаца Рэспублікі ў Мінску, якая распачнецца 19 чэрвеня.
Арганізатары прадугледзелі продаж работ мастакоў, сродкі ад якога пойдуць на рэалізацыю дабрачыннага праекта “Мастакі-дзецям Лета” (дзецям з асаблівасцямі развіцця).
Папярэднія пленэры “Святасць зямлі Беларускай” былі прысвечаны 900-годдзю памяці Міны Полацкага і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Жывапісныя палотны, створаныя падчас пленэраў, заклалі аснову карціннай галерэі ў івянецкім храме ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай, якая ўжо стала часткай культурнай дамінанты гарадскога пасёлка.
Спраўка: святая блажэнная Валянціна Мінская нарадзілася 1888 г. у в. Коскі ў сям’і святара, настаяцеля Станькаўскай царквы. Скончыла Мінскае жаночае вучылішча. У юнацтве разам з бацькам наведвала святога праведнага Іаана Кранштацкага. Пасля рэвалюцыйных падзей 1917-га г. сям’я апынулася ў цяжкім стане. У ссылцы памёр муж Валянціны – Фёдар Сулкоўскі. З таго часу яна, прыкаваная да ложка, прыняла на сябе крыж, ускладзены на яе дзеля выратавання ўласнае душы і многіх іншых, за каго яна бесперапынна малілася. За праведнасць Госпад узнагародзіў блажэнную дарам прадбачання і ацалення ад цялесных і духоўных хваробаў.
Захавалася шмат паданняў аб цудах, што адбываліся па малітвах матушкі Валянціны. 6 лютага 2006 г. адбылося царкоўнае праслаўленне блажэннай Валянціны і далучэнне яе да Сабору беларускіх святых.
По материалам сайта sobor.by