“Абіцелі Лаўрышаўскай памочнік дзівосны”: з гісторыі лёсу прападобнага Елісея Лаўрышаўскага

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Помнік прападобнаму Елісею ігумену Лаўрышаўскаму ў Навагрудку.

Святы Праваслаўнай Царквы, заснавальнік і першы настаяцель Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра Елісей Лаўрышаўскі нарадзіўся 28 чэрвеня 1195 года ў Літве ў сям’і багатага і знатнага літоўскага князя Трайната.
Сын уплывовых бацькоў, атрымаўшы добрую адукацыю і належнае выхаванне, быў гатовы заняць годнае становішча ў грамадстве. Дасягнуўшы паўналецця, Елісей паступіў на службу пры двары вялікага князя Міндоўга – заснавальніка Вялікага Княства Літоўскага.
З часам Елісей стаў адчуваць цяжар ад звычак знаці, будзённасці і свецкай мітусні. Сувязь з выдатнымі людзьмі таго часу прывяла юнака да знаёмства са свяціцелем Лаўрэнціем Тураўскім, які праз некаторы час стаў яго духоўным айцом і настаўнікам.
Духоўныя гутаркі са святым старцам заахвоцілі Елісея змяніць свой лад жыцця, хоць яму як сыну літоўскага князя быў наканаваны звыклы для людзей яго паходжання лёс: панаваць, павялічваць багацці і ўмацоўваць княства. Але юнак парушыў сямейныя каноны.
Юны Елісей, пакінуўшы двор свайго бацькі, язычніцкую веру, высокае становішча сярод літоўскай шляхты і свецкую мітусню, прыняў Святое Хрышчэнне, затым манаскі пострыг. Некаторы час жыў у манастыры, а потым пасяліўся на левым беразе ракі Нёман у аддаленай ад людзей мясціне сярод лясоў і балот, пераймаючы старажытных пустэльнікаў. Там пачаўся яго подзвіг.
Разам з яшчэ адным праваслаўным манахам каля 1225 года на асабістыя сродкі Елісей заснаваў Багародзічны манастыр.
Вестка пра новы манастыр разнеслася па наваколлі вельмі хутка. Колькасць браціі паступова павялічвалася, і праз некаторы час манастыр разросся да вялікіх памераў – лаўры. У ліку насельнікаў прыкладна тры гады там знаходзіўся і князь Войшалк (сын князя Міндоўга).
Звестак пра жыццё і подзвіг прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, на жаль, да нашага часу не захавалася. Аднак вядома, што 23 кастрычніка (ст.ст.) 1250 года ў манастыры адбылося непапраўнае: уначы беснаваты юнак-памочнік забіў настаяцеля Елісея.
Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага пахавалі ў заснаваным ім манастыры. Верагодна, праз некаторы час мошчы святога былі знойдзены, бо (паводле сведчанняў крыніц XVII ст.) яны спачывалі адкрыта. Існуюць звесткі, што пры малітвах каля ракі святога вернікі атрымлівалі ацаленні. Жыціе паведамляе, што аднойчы да мошчаў святога Елісея выпадкова дакрануўся і затым выздаравеў беснаваты.
З тых часоў мошчы святога ацалялі людзей, і ў асноўным вылечваліся тыя, хто пакутаваў на псіхічныя захворванні.

Арыгінал Лаўрышаўскага Евангелля ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх. (Вокладка – ХVI ст.). Фотаздымак: Аляксандр Суша.

У ХІІІ ст. Лаўрышаўскі манастыр з’яўляўся духоўным і культурным цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага. Тут вёўся летапіс.
Каля 1329 года для Лаўрышаўскага манастыра было напісана пергаментнае рукапіснае Евангелле – унікальны помнік беларускага кнігапісання, што захаваўся да нашага часу і цяпер знаходзіцца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у горадзе Кракаве.
На думку некаторых даследчыкаў, кніга створана па заказе Войшалка, бо падобныя кнігі вырабляліся індывідуальна для значных манастыроў ці вялікіх саборных храмаў на шчодрае ахвяраванне заказчыка.
Лаўрышаўскае Евангелле – высокамастацкая кніга, старажытная святыня Беларусі, крыніца гістарычных і культуралагічных звестак пра нашу Айчыну, жывое сведчанне пра годнае жыццё нашых продкаў.

Успенская царква Лаўрышаўскага манастыра. Фотаздымак да 1919 г.

Да сярэдзіны ХІХ ст., больш за 500 гадоў, Евангелле захоўвалася ў пабудаванай у 1775 годзе Успенскай царкве Лаўрышаўскага манастыра, а пасля яго закрыцця апынулася ў фондах Імператарскай публічнай бібліятэкі Санкт-Пецярбурга.
Вядома, што ў ХІХ ст. многія знатныя асобы захапляліся калекцыянаваннем старадаўніх рукапісаў. Лаўрышаўскае Евангелле набыў князь А.Чартарыйскі і вывез яго ў Польшчу (Беларусь і Польшча тады знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі). З таго часу старажытная святыня Беларусі знаходзіцца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх, што адносіцца да Нацыянальнага музея ў Кракаве. У 1887 годзе праведзена рэстаўрацыя кнігі.
У 2018 годзе ўкраінскае выдавецтва “Гарабец” выпусціла факсімільнае выданне (поўную копію) Лаўрышаўскага Евангелля. У Беларусь былі перададзены 3 асобнікі – у Лаўрышаўскі манастыр, Навагрудскую раённую бібліятэку і Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Цяпер зацікаўленыя чытачы і даследчыкі могуць вывучаць тэксты і мініяцюры старажытнага Лаўрышаўскага Евангелля на радзіме.
Аднак вернемся да гісторыі лёсу прападобнага Елісея Лаўрышаўскага і да заснаванага ім манастыра.
Прайшло шмат гадоў пасля гібелі прападобнага Елісея. І вось Гасподзь зноў праявіў цуд праз свайго ўгодніка. Здарылася гэта ў 1506 годзе, у час праўлення караля Польскага. Крымскія татары пад кіраўніцтвам Менды-Гірэя, апустошыўшы ваколіцы Наваградка, ішлі на Еўропу. Калі яны наблізіліся да Лаўрышаўскага манастыра, ім здалося, што ў манастырскім двары знаходзіцца адборная конніца. Татары ад жаху павярнулі назад. Гэты цуд, верагодна, паслужыў нагодай для кананізацыі прападобнага. У 1514 годзе на Віленскім Саборы прападобны Елісей кананізаваны Кіеўскім мітрапалітам Іосіфам ІІ Солтанам.
Каля 1530 года манастыр быў спустошаны. Адрадзіўся каля 1590 года, але ўжо ў іншым месцы – у межах цяперашняй вёскі Лаўрышава Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
З 1615 года адроджаны манастыр стаў падпарадкоўвацца ўніятам і належаць Базыльянскаму ордэну. Пры манастыры дзейнічала ўніяцкая семінарыя. Памяць пра святога Елісея захоўвалася ў Лаўрышаўскім манастыры і пасля падпарадкавання яго ўніятам.
У адну са спусташальных войнаў (магчыма, Паўночную, 1700-1721 гг.) манастыр быў спалены, а мошчы святога Елісея брація паспела схаваць у зямлю.
У 1775–1780 гг. адбывалася адраджэнне манастыра. Праз некаторы час ён складаўся з драўляных пабудоў Уваскрасенскай царквы, званіцы, жылога корпуса, а таксама невялікай мураванай пабудовы, дзе знаходзіліся бібліятэка на 500 тамоў і склад.
Але ўжо ў 1836 годзе з-за малалікасці насельнікаў і беднасці манастыр быў скасаваны. Манастырскі храм стаў прыходскім. Вядома, што ў сярэдзіне ХІХ ст. мошчы святога Елісея спачывалі пад спудам храма.
Новае адраджэнне манастыра пачалося ў пачатку XX ст. намаганнямі святога пакутніка Мітрафана (Краснапольскага) і графа Канстанціна Апалінар’евіча Храбтовіча. Святар Мітрафан 14/27 ліпеня 1913 г. асвяціў драўляны храм, пабудаваны з дапамогаю графа Храбтовіча на першапачатковым месцы існавання старажытнага Лаўрышаўскага манастыра (цяпер гэта ўскраіна вёскі Гнесічы Навагрудскага раёна). Храм асвечаны ў гонар святога прарока Елісея.
Таксама быў пабудаваны брацкі корпус і дом для паломнікаў. Адроджаны манастыр лічыўся як Лаўрышаўскі падворак Мінскага архіерэйскага дома. Але адроджаны манастыр праіснаваў нядоўга.
У 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, храм згарэў, пабудовы былі разбураны, а брація вымушана была назаўсёды пакінуць падвор’е. Так манастыр скончыў сваё існаванне.
З 1984 года прападобны Елісей Лаўрышаўскі ўшаноўваецца ў Саборы Беларускіх святых. Прападобны Елісей Лаўрышаўскі асабліва шануецца ў Навагрудскай епархіі.
У 1993 годзе архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Сава (Грыцуняк) і епіскап Навагрудскі і Лідскі Канстанцін (Гаранаў) асвяцілі месца, дзе стаяў манастырскі храм, і ўстанавілі там памятны знак.
У красавіку 1997 года мясцовымі ўладамі дазволена будаўніцтва царквы. Быў выкарчаваны лес, ссечаны куст бэзу і зроблены раскопкі царкоўнага фундамента. Новы цагляны храм будаваўся хутка, і да канца 1997 года будынак храма фактычна быў узведзены. У лістападзе 1998 года епіскапам Навагрудскім і Лідскім Гурыем храм асвечаны ў гонар прападобнага Елісея Лаўрышаўскага.
Праз некаторы час каля храма пабудавалі прычтавы дом, у якім пасялілася манаская брація, узніклі гаспадарчыя пабудовы.
З 2001 года пры храме зарэгістравана прыходская суполка – прыход храма прападобнага Елісея Лаўрышаўскага вёскі Гнесічы Навагрудскага раёна. Рашэннем Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 21 красавіка 2007 года прыход пераўтвораны ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр.

Свята-Елісееўскі мужчынскі манастыр. Фотаздымак: Ягор Ермаліцкі.

Манастыр, адроджаны на ранейшым месцы, працягвае сваю шматвяковую гісторыю. Пачынаючы з 2000 года напярэдадні дня святкавання памяці прападобнага здзяйсняюцца хрэсныя ходы з Навагрудка ў Лаўрышаўскі манастыр.
З удзелам вучоных, царкоўных гісторыкаў, настаўнікаў у раённым цэнтры праходзяць царкоўна-гістарычныя чытанні. Лаўрышаўскія чытанні ў апошнія гады сталі адбывацца ў Мінску.
У гонар святога асвечаны храм у вёсцы Мінойты Лідскага раёна. У Навагрудку 10 лістапада 2007 года помнік прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму асвяціў прыснапамятны Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
5 лістапада 2009 года на тэрыторыі Свята-Елісееўскага манастыра ўстаноўлены бронзавы помнік праваслаўнаму падзвіжніку прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму.

Помнік прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму – заснавальніку Лаўрышаўскага манастыра.

У 2012 годзе ў мінскім прыходзе іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” для пакланення была выстаўлена ікона прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Абраз быў дастаўлены ў прыход са Свята-Елісееўскага мужчынскага манастыра, што знаходзіцца недалёка ад Навагрудка.
Насельнікі манастыра сцвярджаюць, што ікона цудатворная, хоць напісана ў XXI ст. Па іх словах, малітва перад іконай прападобнага Елісея прыносіць выздараўленне хворым на цукровы дыябет, алкагольную, нікацінавую і камп’ютарную залежнасць.
У ліпені 2015 года пры археалагічных раскопках на тэрыторыі манастыра ў вёсцы Лаўрышава Гродзенскай вобласці знойдзена манастырская матрыца – пячатка Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра другой паловы XIII ст. са сланцавага каменя. Надпіс на пячатцы расшыфраваны як “святая пустынь”.
Каля 500 гадоў мошчы прападобнага Елісея Лаўрышаўскага знаходзяцца ў зямлі на месцы старажытнага манастыра, духам жа святы заўсёды з намі.
Шмат чаго змянілася з таго часу, аднак нязменным застаецца тое, што зямля беларуская мае вялікага малітоўніка і заступніка перад Богам святога Елісея Лаўрышаўскага, сілай малітваў якога суцяшаецца кожны, хто наведвае манастыр.

У час Боскай літургіі ў Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры. 2023 г. Фотаздымак: Таццяна Амеліна, Мікалай Балюк.

5 лістапада 2023 года, у дзень памяці прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў саслужэнні епіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя здзейсніў Боскую літургію ў Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры.
Памяць прападобнага Елісея Лаўрышаўскага ўшаноўваецца 28 чэрвеня (пераходная) у Саборы Беларускіх святых і 23 кастрычніка/5 лістапада.

У дзень памяці прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. 5 лістапада 2023 г. Фотаздымак: Таццяна Амеліна, Мікалай Балюк.

Кандак прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму, глас 2: “Абіцелі Лаўрышаўскай памочнік дзівосны і ўсяе зямлі Беларускае апякун, подзвігу твайму Царква Хрыстова радуецца і з весялосцю ў сыноўняй любові да Бога звяртаецца. Маліся Яму за нас, прападобны Елісее, каб спасліся душы нашы”.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:
http://church.by
https://sppsobor.by
https://www.eparchia.by
https://lavra.by
https:// novogrud-eparchia.by
https://monasterium.by
http://sp.sb.by
https://www.polomnik.by
http://www.orthodox.by
https://ru.belarus.travel
https://pantanassa.by