“Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы”. Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Шаноўныя сябры! У дзяржаўнай установе адукацыі “Макранскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці вучыцца ў 7-м класе хлопчык, Павел Цывілька. Маючы 13 гадоў ад нараджэння, ён ужо цяпер радуе дарослых сваёй цікавасцю да гістарычнага мінулага малой радзімы, да тых асобаў, якія стваралі гісторыю свайго краю і імкнуліся па крупінках яе зберагчы.
Нядаўна ў Цэнтр праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры даслана даследчая праца Паўла Цывількі, падрыхтаваная пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры названай установы адукацыі Цывількі Алены Уладзіміраўны. Матэрыял прысвечаны жыццёваму і працоўнаму шляху ўраджэнца вёскі Мокрае Быхаўскага раёна Данілы Мартынавіча Абрамовіча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, краязнаўца.
Павел вывучаў літаратуру па гісторыі краю, матэрыялы Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і музея ДУА “Макранскі ВПК д/с-СШ”, дакументы і фотаархівы, збіраў газетныя артыкулы і ўспаміны пра аднавяскоўца Данілу Абрамовіча.
Цяпер, удзячныя супрацоўнікам музеяў, бацькам і настаўнікам за падтрымку юнага даследчыка, мы можам пазнаёміцца з вынікамі яго шчыравання ў краязнаўчай галіне.
Няхай жа імкненне Паўла Цывількі да даследавання і зберажэння духоўных набыткаў мінулага з гадамі толькі ўмацоўваецца, а шанаванне веры продкаў, цікавасць да нацыянальных традыцый дапаможа хлопчыку вырасці ў адданага сына сваёй сям’і, роднай беларускай зямлі.
Зоя ПАДЛІПСКАЯ.
Перагортваючы пажаўцелыя ад часу газеты 50-60-х гадоў мінулага стагоддзя, міжволі задумваешся, як жылі людзі ў тыя гады, якія праблемы іх хвалявалі. Абрамовіча Данілу Мартынавіча ў той час у Быхаве і Быхаўскім раёне ўсе добра ведалі як ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ветэрана працы. Але больш за ўсё яго ведалі як краязнаўца, прапагандыста свайго роднага краю, стваральніка шматлікай калекцыі экспанатаў, пачатак якой быў пакладзены яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны.
Шмат матэрыялаў краязнаўца з Быхаўшчыны і пра яго было размешчана ў раённай газеце, у “Магілёўскай праўдзе”, “Сельской жизни”, часопісах “Беларусь”, “Работніца і сялянка” і іншых перыядычных выданнях.
Набыўшы славу гісторыка свайго краю, Даніла Мартынавіч стаў цэнтрам прыцягнення для маладых прадаўжальнікаў яго справы. Да яго пачалі прыносіць прадметы, пра якія людзі ўвогуле не маглі не толькі нічога расказаць, а часта не маглі нават уявіць іх прызначэнне. Пра своеасаблівы музей Данілы Мартынавіча ведалі многія. У калекцыі меліся музейныя прадметы позняга неаліту, якімі шырока карысталіся нашы продкі, што густа насялялі тэрыторыю Верхняга Прыдняпроўя. Гэта і каменныя долаты-кліны, матыкі, ступкі, сякеры і іншыя прадметы побыту. Старажытныя манеты, медалі, грашовыя знакі – усё гэта складала “залаты фонд” калекцыі Данілы Мартынавіча, ажывала перад слухачамі, калі краязнавец расказваў пра тыя ці іншыя падзеі, што адбываліся на яго радзіме.
Даніла Мартынавіч – равеснік стагоддзя. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і 30 снежня 1900 года ў вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна. Трывожны і грозны быў час. Пакуль хлопчык падрастаў, у Расіі ўзмацняўся рэвалюцыйны настрой. У 1909 годзе Даніла Мартынавіч паступіў у Макранскае чатырохкласнае народнае вучылішча, якое скончыў у 1913 годзе з адзнакай. Затым вучыўся ў Быхаўскім вучылішчы імя Кутузава, але скончыць установу не давялося. Пасля трох гадоў вучобы Данілу выключылі “па сямейных абставінах”, але сапраўднай прычынай сталася тое, што ён даў перапісаць таварышам песню антываеннага зместу.
У 1916 годзе Даніла паступае ў Быхаўскае рамеснае вучылішча на слясарна-кавальскае аддзяленне. Там захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі. У 1917 годзе ён з’яўляецца актыўным удзельнікам лютаўскіх і кастрычніцкіх падзей на тэрыторыі Быхаўскага павета, пасля ўдзельнікам грамадзянскай вайны. Вядомы такі факт, што ў першыя дні рэвалюцыі Даніла атрымаў ад машыніста цягніка, які ішоў з Пецярбурга, першы нумар “Известий” Петраградскага Савета, дзе гаварылася, што звергнуты цар, друкаваўся зварот да людзей аб неабходнасці падтрымкі рэвалюцыі ўсімі працоўнымі і рэвалюцыйным студэнцтвам. У гэты час на Быхаўшчыне рэвалюцыйны рух таксама нарастае, усё часцей адбываюцца хваляванні і выступленні рабочых. Неспакойна было і на радзіме Данілы Абрамовіча, у вёсцы Мокрае.
У Быхаўскім павеце сяляне раздзялілі зямлю памешчыка Грускаўскага, лугі ў пойме Дняпра братоў Радкевічаў, Есміла, графіні Талстой, Буйніцкага манастыра і быхаўскай Свята-Троіцкай царквы. Па заданні Рудкоўскага Л.М. раздзелам лугоў сярод сялян вёскі Мокрае і вёскі Макранскія Хутары займаўся Абрамовіч Д.М. Старшыня павятовай зямельнай управы Вазіла прыгразіў прымяніць ваенную сілу, але салдаты адмовіліся выступаць супраць сялян.
Ішла будова новага жыцця. Краіна знаходзілася на шляху станаўлення сацыялістычнага грамадства. 11 студзеня 1918 года Доўнар-Мусніцкі аб’явіў вайну Савецкай Расіі. “Супраць 25-ці тысяч добра ўзброеных польскіх салдат, мы, – успамінаў Даніла Мартынавіч, – маглі супрацьпаставіць не больш за 10 тысяч”. Да гэтага часу ў рамесніцкай школе Быхаўскім павятовым ваенна-рэвалюцыйным камітэтам быў арганізаваны Саюз сацыялістычнай моладзі, старшынёй якога абралі Данілу Мартынавіча. Члены саюза аказвалі дапамогу ў рамонце зброі, распаўсюджванні лістовак.
Але тая вайна з палякамі, а пасля і ўварванне германскіх войскаў, прымусіла ўсіх актывістаў пайсці ў падполле, якім кіравалі Рудкоўскі Л., Марозаў С., Серпень А. Удзельнікам падпольнай арганізацыі быў і Даніла Абрамовіч.
Праз некаторы час Даніла Абрамовіч вярнуўся да навукі. У 1920 годзе скончыў былую рамесніцкую школу і экстэрнам здаў экзамены за курс школы ІІ ступені, атрымаў атэстат сталасці. У гэтым жа, 1920 годзе, Даніла Абрамовіч становіцца чырвонаармейцам 5-й стралковай Саратаўскай дывізіі, у складзе якой удзельнічае ў разгроме белапалякаў, а пасля да 1922 года ахоўвае дзяржаўную мяжу Заходняга фронту.
Пасля звальнення ў запас Даніла Абрамовіч вядзе шырокую грамадскую дзейнасць на радзіме. Выбраны сакратаром, а пазней і старшынёй камітэта сялянскай грамадскай узаемадапамогі. З’яўляецца членам сельскага савета, а затым і старшынёй. У 1926 годзе Абрамовіч Даніла Мартынавіч прыняты кандыдатам у члены партыі бальшавікоў, а ў 1928 годзе ўступае ў партыю. У 1929 годзе становіцца першым старшынёй калгаса “Рэвалюцыя” ў Быхаве, а ў 1930 годзе ўзначальвае калгас імя Сталіна ў вёсцы Мокрае, там жа арганізоўвае сельскае спажывецкае таварыства.
Адчуваючы недахоп у адукацыі, Даніла Абрамовіч працягвае вучыцца. Скончыў курсы кіраўнічага раённага актыву пры ЦК КП(б)Б у горадзе Мінску, а потым завочна ВНУ.
Неспакойна было на Захадзе. Новыя і новыя правакацыі арганізоўвалі гітлераўцы. Карычневая чума ўжо распаўсюджвалася па Еўропе. Нашы ўлады рыхтаваліся аказаць дапамогу суседнім дзяржавам. У 1938 годзе галоўны палітрук, капітан Абрамовіч Даніла Мартынавіч, камісар асобнага танкавага батальёна, прымае ўдзел у падрыхтоўцы воінаў па аказанні дапамогі Чэхаславакіі. Пасля ўдзельнічае ў вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь.
У студзені 1940 года Абрамовіч Даніла Мартынавіч, палітрук 416-га танкавага батальёна, назначаны яго камандзірам. Напружаная вучоба, пад’ёмы, баявыя трывогі – усё часцей і часцей адчувалася дыханне Вялікай Айчыннай вайны. У хуткім часе Даніла Абрамовіч у якасці інструктара Палітаддзела 121-й стралковай дывізіі трапляе ў Літву і Латвію.
Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Абрамовіч Даніла Мартынавіч ваяваў з першага і да апошняга дня. Дэмабілізаваўся з арміі ў званні маёра. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны ўзнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, “За працоўную доблесць” і многімі іншымі.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў у партыйным камітэце Быхаўскага раёна на розных пасадах. Даніла Абрамовіч заўсёды вёў значную краязнаўчую працу. Калі выйшоў на пенсію, то часу для любімай справы стала больш. Нават у 80-гадовым узросце Даніла Мартынавіч быў поўны сіл і энергіі. Пенсіянера часта можна было сустрэць у райкаме КПБ, райвыканкаме, Быхаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, на раённых мерапрыемствах.
Данілу Мартынавіча многія ведаюць як эрудзіраванага краязнаўца. Яго памяць захоўвала сотні эпізодаў пра ўстанаўленне савецкай улады, падзеі грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны ў раёне, а таксама дзясяткі прозвішчаў змагароў за лепшае жыццё.
У доме Данілы Абрамовіча захоўваўся бясцэнны скарб. Гэта старадаўнія кнігі, розныя рэчы, якія адлюстроўвалі жыццё на працягу не аднаго стагоддзя. Многія артэфакты з калекцыі Данілы Мартынавіча сталі прадметамі раённага гісторыка-краязнаўчага музея. У дні ўрачыстасцей ветэрана заўсёды запрашалі ў Макранскую сярэднюю школу і іншыя сельскія і гарадскія школы. Яму заўсёды было што расказаць моладзі. Вучні ўважліва слухалі ўспаміны дарагога госця.
Уласны дом і падвор’е таксама патрабавалі ад чалавека пэўнага часу на іх догляд, таму рукі Данілы Мартынавіча не ведалі спакою. Людзі здзіўляліся, як равеснік стагоддзя спраўляецца з усім гэтым. Не стала Данілы Мартынавіча 7 красавіка 1994 года.
Даніла Мартынавіч Абрамовіч пакінуў у спадчыну землякам добрую памяць, дзясяткі даследчых прац пра жыццё і гісторыю Быхаўшчыны, яе людзей; тэксты дакладаў пра гістарычнае мінулае горада Быхава і раёна; шмат дакументаў, што, верыцца, стануць аб’ектам вывучэння яшчэ для многіх пакаленняў.
Павел ЦЫВІЛЬКА, вучань ДУА “Макранскі ВПК д/с-СШ” Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Крыніцы:
- Аб краязнаўчай дзейнасці Д. Абрамовіча // Маяк Прыдняпроўя. – 1991. – 26 чэрвеня. – С. 2.
- Міхайлаў, М. Ветэран партыі/ М. Міхайлаў // Маяк Прыдняпроўя. – 1990. – 21 красавіка. – С. 2.
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Быхаўскага раёна/ Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. – Мінск: БелСЭ, 1990.
- Абрамовіч, Д. Заглянем у гісторыю : [аб малавядомых археалагічных помніках у Быхаўскім раёне] / Д. Абрамовіч // Маяк Прыдняпроўя. – 1990. – 15 сакавіка. – С. 2.
- Абрамовіч, Д. Хроніка падзей: [звесткі аб утварэнні гарадской электрастанцыі] / Д. Абрамовіч // Летапіс народнай славы Быхаўскага раёна. – Быхаў, [198-]. – Вып. 2. – С. 61.
- http://lib-bykhov.by/letapisci-bykhawskaga-krayu/abramovich-daniil-martinavich
- https://pamyat-naroda.ru