Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Мабыць, няма ў свеце чалавека, які б не любіў глядзець фотаздымкі ў старых сямейных альбомах, гартаючы старонкі якіх можна хаця б у думках сабрацца ўсім разам, згадаць родных людзей, адчуць усю магутнасць сваёй сям’і, дакрануцца не толькі да гісторыі роду, але і да гісторыі роднай зямлі.
У кожнай сям’і ўласны непаўторны лёс, што непарыўна звязаны з гісторыяй роднага краю. А, як вядома, лёс Айчыны складаецца з тысяч і тысяч лёсаў людзей.

Сям’я Ганны Багдусевіч, юнай даследчыцы ўласнага роду, – гэта не толькі бацька Сяргей Аляксандравіч Багдусевіч, маці Вольга Аляксандраўна Багдусевіч (у дзявоцтве Дылько) і брат Ягор. Гэта ўсе шматлікія родзічы, дзяды і прадзеды.
Малой радзімай большасці родных людзей гэтай сям’і з’яўляецца Івацэвіцкі край. Менавіта тут, у прыгожым гарадку Косава, і жыве гэта цудоўная сям’я.
ПАХОДЖАННЕ І ЗНАЧЭННЕ РОДНЫХ ПРОЗВІШЧАЎ
З даўніх часоў у славян існавала традыцыя ў дадатак да імені даваць чалавеку прозвішча, што лёгка дазваляла вылучыць яго сярод іншых людзей. У якасці крыніц прозвішча маглі выкарыстоўвацца назва прафесіі, асаблівасці характару або знешнасці чалавека, назва мясцовасці, адкуль быў родам ці жыў, і інш.
Па бацькоўскай лініі Ганны Багдусевіч – продкі з роду Багдусевіч, Дземідовіч і Ракевіч, а па лініі маці – з роду Бучынскіх, Дылько, Грыб. Кожнае з гэтых прозвішчаў мае сваё значэнне і незвычайную гісторыю паходжання.
Прозвішча Багдусевіч даволі рэдкае. Пра яго паходжанне і значэнне практычна няма ніякіх даных. Магчыма, першапачаткова прозвішча гучала як Багусевіч і ўтворана ад дадзенага пра хрышчэнні імені Багуслаў. У яго аснове палягае словазлучэнне “Богу слава”, значыць, Багуслаў – “той, хто славіць Бога”. Хутчэй за ўсё, заснавальнік роду Багусевічаў быў чалавекам з простага саслоўя. Справа ў тым, што поўнымі імёнамі называлі ў асноўным прадстаўнікоў знаці. А тых, хто паходзіў з іншага саслоўя, часцей за ўсё называлі вытворнымі імёнамі. Прозвішча Багусевіч утварылася пры дапамозе суфікса -евіч, што ўказвала на “маленькага”, “маладога чалавека”, “сына”. Таму яно літаральна ўспрымалася як “сын Богуса”. Пазней старажытны суфікс -евіч страціў сваё прамое значэнне і захаваўся толькі ў якасці фамільнага.
Прозвішча Дземідовіч магло ўзнікнуць ад вытворнай формы аднаго з трох імёнаў: Дзяменцій (ад лац. “утаймавальнік”), Дзям’ян (ад лац. “пакарыцель”), Дзямід ці Дзіямід (ад грэч. “парада Божая”).
Прозвішча Ракевіч даволі распаўсюджанае і, хутчэй за ўсё, утворанае ад уласнай мянушкі Рак. Магчыма, так маглі называць таго, хто любіў харчавацца ракамі, або таго, хто быў занадта нерашучы ці хадзіў з чырвоным тварам. Таксама можна дапускаць, што продак уладальніка беларускага прозвішча Ракевіч жыў непадалёк ад ракі.
Звесткі пра даволі распаўсюджанае прозвішча Бучынскі змешчаны ў розных старажытных дакументах, што пацвярджаюць след, пакінуты яго прадстаўнікамі ў гісторыі славянскіх краін. Прозвішча магло быць утворана ад геаграфічнай назвы з корнем “буча”, што меў наступнае значэнне: “быстрына”, “пад’ём вады”, “вір”; ад дзеяслова “бучаць”, што азначае – “гучаць”, “утвараць глухі гук”, “плакаць”, “злавацца” (такое прозвішча давалі капрызнаму дзіцяці, чалавеку з глухім голасам або крыўдліваму). У некаторых гаворках слова “бучань” азначае “бык”, што характарызуе моцнага працавітага чалавека.
Некаторыя прадстаўнікі старажытнага шляхецкага роду Бучынскіх выкарыстоўвалі герб Стрэмя, другія галіны роду – герб Любіч.

Прозвішча Дылько бярэ пачатак ад мянушкі Дыля, утворанай ад дзеяслова “дыляць”, што азначае “кульгаць”, “кавыляць”. Яно магло таксама ўказваць на асаблівую паходку чалавека. У некаторых гаворках “дыля” азначае “нага”. Прозвішчы, утвораныя ад назвы частак цела, некалі сустракаліся даволі часта.
Прозвішча Грыб даволі распаўсюджанае. Па адной з версій, яно магло быць звязана з дзеясловам “грыбіцца”, што азначала “хмурыцца”, “грымаснічаць”. У сувязі з гэтым Грыбам называлі панурага чалавека ці, наадварот, вясёлага. Па іншай версіі, родапачынальнік гэтага прозвішча любіў ужываць у ежу грыбы.
З ГІСТОРЫІ ЖЫЦЦЯ СТАРЭЙШЫН РОДУ
Большасць родзічаў па матчынай і бацькоўскай лініі Ганны Багдусевіч жылі ў далёкім мінулым у Косава і ў навакольных вёсках. Многія з іх былі сялянамі і працавалі на зямлі.
Галоўнымі памочнікамі ў сялянскай гаспадарцы былі коні і валы, але іх у той час мелі нямногія. У асноўным сяляне апрацоўвалі зямлю рукамі. Самі вырошчвалі і пяклі хлеб, шылі адзенне, майстравалі прылады працы.
Многія з роду Дылько і цяпер жывуць у Косава. У горадзе існуе паданне, што вельмі даўно частка жыхароў былі з роду Дыль, а другая – з роду Мотыль. Але па нейкай прычыне род Мотыляў паступова знік, а Дылі засталіся асноўнымі жыхарамі населенага пункта. Цяпер прозвішча Дылько даволі распаўсюджанае ў Косава.
Дакладна невядома, як жылі і чым займаліся родзічы даследчыцы да ХХ стагоддзя. У некаторых з іх была магчымасць атрымаць добрую па тых часах адукацыю. У краязнаўчым музеі Косаўскай сярэдняй школы імя А. Зайко захоўваецца цікавы дакумент – Пасведчанне № 456 аб заканчэнні Косаўскага народнага вучылішча, выдадзенае Бучынскаму Восіпу Восіпавічу ў 1884 годзе.
Дзякуючы вывучэнню Ганнай Багдусевіч, вучаніцай 7 класа названай школы, уласнага радаводу, удалося ўстанавіць, што гэта дакумент аб адукацыі яе прапрапрадзядулі!

Ці жыў Бучынскі Восіп у Слоніме, як адзначана ў дакуменце, устанавіць не ўдалося. У сям’і дакладна ведаюць, што ў пачатку ХХ стагоддзя Бучынскі Восіп Восіпавіч з жонкай Ганнай і дзецьмі выехалі ў Маскву. У сям’і Восіпа і Ганны было шасцёра дзяцей: Марыя, Эдвард, Міхаліна, Казімір, Іван, Міхаіл (?). Прычынай пераезду сталася Першая сусветная вайна (1914 – 1918 гг.). У той час многія з’язджалі ў Расію, ратуючыся ад бяды. Аднак Бучынскія пражылі там нядоўга. Пачалася грамадзянская вайна, і сям’я вярнулася на радзіму. А ў Беларусі ў пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя адбываліся таксама вялікія змены.
З 1921 па 1939 гг. заходнія землі Беларусі, у тым ліку і Косава, увайшлі ў састаў Польскай дзяржавы. Горад Косава ў той час быў цэнтрам Косаўскага павета. Тут размяшчаліся органы ўлады: павятовае староства і аддзелы, павятовая рада (у палацы Пуслоўскіх у Марачоўшчыне), міравы суд, паліцэйскі ўчастак, школьны інспектарат. У 1938 годзе ў Косава налічвалася 3708 жыхароў.

Жыхары Косава займаліся гандлем, рамяством, падвозам, сельскай гаспадаркай, працавалі на невялікіх прадпрыемствах, наймаліся на сезонныя работы да багатых людзей.
Прадзед даследчыцы, Дылько Павел Восіпавіч, служыў у той час у пажарнай часці Косава. Акрамя таго, быў музыкантам аркестра той жа пажарнай часці. Фотаздымак супрацоўнікаў той часці Ганна Багдусевіч убачыла таксама ў сваім школьным музеі.

У Косава на той час дзейнічалі 4 млыны, электрастанцыя, маслабойня, каўбасныя цэхі, розныя рамесныя майстэрні. Працавала павятовая бальніца на 30 месцаў (лячэнне было платнае), амбулаторыя, тры прыватныя аптэкі, радзільны дом, пошта, некалькі гасцініц, чатыры чайныя, “Народны дом” (клуб), тэлеграф, ветлякарня, фотасалон Восіпа Шыманчыка, перасоўны кінатэатр, баня, шмат гандлёвых ларкоў. Дзейнічалі царква, касцёл і сінагога.
Паміж Косавам і вёскай Няхачава (13 км ад Косава) курсіраваў аўтобус. Кожны тыдзень праводзіліся базары.
У Косава дзейнічала некалькі вучэбных устаноў: сямігадовая школа, двухкласная яўрэйская школа, трохкласная гандлёвая школа, пачатковая школа, дзяржаўная сельскагаспадарчая школа ў Марачоўшчыне.

Прапрадзед даследчыцы, Бучынскі Іван Восіпавіч, у 20-х гадах ХХ стагоддзя працаваў у Косава паштальёнам. Яго жонка, Вольга Міхайлаўна, займалася хатняй гаспадаркай. У сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей: Ганна і Валяр’ян (блізняты), Яніна і Мікалай. Дзеці навучаліся ў польскай школе. Трэба сказаць, што магчымасць вучыцца ў той час была не ў кожнага дзіцяці.
Восенню 1939 года адбылося аб’яднанне Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Косаўскі павет, што ў 20-30-х гг. ХХ стагоддзя адносіўся да Палескага ваяводства, апынуўся ў саставе Брэсцкай вобласці.
Пачалося новае жыццё: ствараліся калгасы, адкрываліся клубы, бібліятэкі. Аднак час быў нялёгкі. На жаль, многіх людзей пачалі абвінавачваць у злачынствах супраць савецкай улады, якіх яны не здзяйснялі. Пасля некалькі дзесяцігоддзяў ішоў працэс рэабілітацыі – з людзей здымалі абвінавачванні і вярталі іх добрыя імёны.
Пацярпела і сям’я Бучынскіх. Прапрадзеда Ганны Багдусевіч, Бучынскага Івана Восіпавіча, арыштавалі. Лёс яго і да сёння невядомы. А прапрабабулю Вольгу з дзецьмі выслалі ў Казахстан.
У кнізе “Памяць. Івацэвіцкі раён” на стар. 142 значыцца: “Бучынская Вольга Міхайлаўна, н. у 1900. З дочкамі Ганнай і Янінай, сынам Мікалаем з Косава выселены ў 1940 за межы Беларусі” (разам з Вольгай выселена было чацвёра дзяцей, а не трое, як значыцца ў кнізе).

Ганне Бучынскай, прабабулі даследчыцы, было тады 19 гадоў. Яна добра памятала той час. Як касаўчане на павозках падвезлі іх на вакзал разам з іншымі высланымі, як ехалі два тыдні ў таварным цягніку.
Пасля прыбыцця перасяленцаў пачалі размяркоўваць па кватэрах. Толькі на пятыя суткі гаспадары пусцілі Бучынскіх да сябе ў дом. Вольгу з дзецьмі размясцілі на кухні. Спалі ўсе на падлозе.
Працавала сям’я Бучынскіх у стэпе, на ворыве. Працоўны дзень доўжыўся больш за 10 гадзін. Начавалі ў полі ў пераезным доміку. Кармілі людзей вельмі дрэнна, у асноўным – супам, ад якога часта балеў жывот.

Самае страшнае, што там, у Казахстане, загінуў брат прабабулі Ганны, малодшы сын Вольгі Бучынскай – Мікалай. Ён працаваў на трактары прыцэпшчыкам. І аднойчы ноччу, ужо ў канцы змены, Мікалай трапіў пад плугі трактара. Здарылася гэта ў 1941 годзе. Хлопчыку было ўсяго 14 гадоў.
Ніхто тады не ведаў, што наперадзе сям’ю Бучынскіх, як і мільёны іншых савецкіх сем’яў, чакала страшнае выпрабаванне – Вялікая Айчынная вайна.
ЖЫЦЦЁ РОДЗІЧАЎ У ЧАС ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ
22 чэрвеня 1941 года мірнае жыццё ўсіх жыхароў Савецкага Саюза перакрэсліла вайна.

Ганна Бучынская (прабабуля даследчыцы) пайшла працаваць у шпіталь санітаркай, а пасля дэзінфектарам. Там, у Казахстане, Ганна пазнаёмілася з байцом Чырвонай арміі. Звалі салдата Аляксандр Друнчанка (прадзед даследчыцы).
Пра сям’ю прадзеда Аляксандра вядома мала. Толькі тое, што нарадзіўся на Віцебшчыне ў Ліёзненскім раёне і ў яго ёсць брат Усцін і сястра Ксенія.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Друнчанка ваяваў супраць фашыстаў на фронце. 4 снежня 1942 года быў паранены ў нагу, пасля лячэння адпраўлены ў савецкі тыл, дзе і пазнаёміўся з Ганнай Бучынскай. У хуткім часе Ганна і Аляксандр пабраліся шлюбам. У 1944 годзе ў іх сям’і нарадзілася дачка Тамара (бабуля даследчыцы).

У гады вайны змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў Бучынскі Валяр’ян (брат прабабулі Ганны) і Бучынская Яніна (сястра прабабулі Ганны). Пасля вайны Валяр’ян Бучынскі пераехаў у Англію, дзе жыў з сям’ёй паблізу Лондана. Працаваў на фабрыцы, выгадаваў дзвюх дачок – Анэчку і Уршулю.
Яніна Бучынская пайшла на фронт дабравольцам у 1941 годзе. Набор адбываўся ў горадзе Акмалінску, дзе Яніна з сябрамі прайшлі навучанне і трапілі на фронт.

Служыла Яніна Бучынская ў дывізіі імя Т. Касцюшкі, удзельнічала ў вызваленні Варшавы, дзе засталася жыць пасля перамогі. Выйшла замуж, працавала ў гандлёвай сферы.

Яшчэ адзін продак юнай даследчыцы Ганны Багдусевіч, Іван Кандратавіч Дземідовіч, таксама ваяваў супраць фашыстаў у гады вайны. Загінуў у 1944 годзе ў Латвіі паблізу хутара Ліепніекі. Перазахаваны ў брацкай магіле ў Прыекуле Ліепайскага раёна.

Другі прадзед даследчыцы, Дылько Павел Восіпавіч, у гады вайны таксама ваяваў на фронце. Быў цяжка паранены ў сківіцу. Доўга лячыўся ў шпіталі г. Іванава. На жаль, дадому так і не вярнуўся. Памёр у шпіталі. Дакладнае месца пахавання не вядома. Звесткі пра Паўла Дылько змешчаны ў кнізе “Памяць. Івацэвіцкі раён” на стар. 337 у раздзеле “Ахвяры вайны”: “Дылько Павел Іосіфавіч, н. у 1915, памёр ад ран 25.1.1945 у г. Іванава”, а на стар. 338 змешчаны яго фотаздымак.

У сям’і беражліва захоўваецца франтавы ліст-трохкутнік, адпраўлены салдатам дадому ў снежні 1944 года.
Дзень Перамогі ўсе сустракалі са слязьмі на вачах, радуючыся за жывых і аплакваючы загінулых.
ПАСЛЯВАЕННАЕ ЖЫЦЦЁ СЯМ’І
Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, жыццё людзей паступова наладжвалася. У 1946 годзе сям’я Аляксандра і Ганны Друнчанкаў вярнулася з Казахстана ў Косава. Аляксандр пайшоў на працу ў нарыхтоўчую кантору. На жаль, здароўе яго пагаршалася. У 1963 годзе Аляксандр Друнчанка памёр у Гомельскім вайсковым шпіталі. Прабабуля Ганна з дачкой Тамарай засталася жыць у Косава.
Знаходзячыся ў Казахстане, Ганна Іванаўна сама вывучылася добра чытаць і пісаць па-руску, бо да 1939 года скончыла польскую школу і рускую мову ведала слаба. Веданне мовы дапамагло ёй уладкавацца на працу ў нарыхтоўчую кантору рахункаводам. Доўгі час працавала на Косаўскай мэблевай фабрыцы.

Ліда, жонка Паўла Восіпавіча Дылько (прадзеда даследчыцы), што памёр ад ран у 1945 годзе, пасля смерці мужа засталася адна з маленькімі дзецьмі (Аляксандр – 1940 г.н., Галіна – 1941 (1943?) г.н., Восіп – 1944 г.н.).
У пасляваенныя гады Ліда Дылько адна гадавала дзяцей, адбудоўвала дом (той, у якім жылі раней, згарэў у час вайны). Яе сын Аляксандр (дзядуля даследчыцы) і цяпер добра памятае тыя цяжкія пасляваенныя часы.
Прыходзілася ноччу ісці да магазіна займаць чаргу за хлебам, які прадавалі па строга ўстаноўленай норме.
Чай ці проста гарачую ваду дзеці заядалі адной (калі была!) “падушачкай” – так называлася маленькая квадратная цукерка з павідлам унутры. Часам Лідзе ўдавалася сэканоміць крышку цукру “пра запас”.
Аднойчы маленькі Восіп, брат Аляксандра, знайшоў схаваны вузельчык з цукрам. Адрэзаў невялічкі кавалак хлеба і пасыпаў яго цукрам, а вузельчык паклаў на месца. Толькі сабраўся адкусіць кавалачак таго хлеба, як у пакой зайшоў брат Аляксандр. Восіп, каб яго не западозрылі, хуценька насыпаў солі з сальніцы на стале наверх на цукар і з’еў тую скібачку. Вядома, праз нейкі час хлопчык прызнаўся, што ў тайне ад усіх узяў трошкі цукру.
Гэты выпадак яскрава сведчыць, як цяжка і голадна было пасля вайны. Але ішоў час. Сыны Ліды і Восіпа выраслі. Атрымалі добрую адукацыю. Стварылі сем’і.

Дылько Аляксандр Паўлавіч закончыў тэхнікум ў г. Пінску. Да самай пенсіі працаваў на мэблевай фабрыцы ў Косава. У 1980-х гг. узначальваў цэх. Узнагароджаны медалямі, ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга і “Знак Пашаны”.
Дылько (у дзявоцтве Друнчанка) Тамара Аляксандраўна закончыла Мінскі політэхнічны тэхнікум, працавала тэхнолагам на мэблевай фабрыцы ў Косава.
У 1963 годзе Тамара і Аляксандр Дылько пабраліся шлюбам. У іх сям’і нарадзіліся тры дачкі: Ірына (1965), Алена (1971), Вольга (1973).

Дзеці добра вучыліся ў школе, займаліся музыкай. Пасля школы Ірына закончыла Гродзенскае музычнае вучылішча, а Вольга (мама даследчыцы роду) – Баранавіцкае музычна-педагагічнае вучылішча. Цяпер яны працуюць у Косаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Навучаюць дзяцей музыцы і граюць у аркестры “Гоман”. Алена жыве ў Брэсце, працуе ў аддзеле кадраў прыватнага прадпрыемства. Маюць свае сем’і, гадуюць дзяцей.

Пра род Багдусевічаў вядома няшмат. Бабуля Вера (у дзявоцтве Дземідовіч) і дзядуля Аляксандр Багдусевічы (па лініі бацькі даследчыцы) – з простых сялянскіх сем’яў. Большасць іх родзічаў таксама былі сялянамі, працавалі на зямлі. А вось прабабуля, Макрына Якаўлеўна Дземідовіч (1908 – 1988), была дачкою багатага купца Ракевіча Якава з вёскі Галік. Пасля рэвалюцыі 1917 года ўсё нажытае за многія гады ў сям’і забралі. Тады ж загінуў і сам прапрадзед Якаў Ракевіч.

У сярэдзіне 1930-х гг. Макрына выйшла замуж за простага хлопца з вёскі Рацкевічы Дземідовіча Івана Кандратавіча (1907 – 1944). Да Вялікай Айчыннай вайны ў іх нарадзіліся тры дачкі: Вера (бабуля даследчыцы), Ганна (1939 – 2005) і Геля (1941 г. н.). Маладая сялянская сям’я шмат працавала, гадавала дачок, але мірнае жыццё перарвала вайна.
Іван Кандратавіч Дземідовіч з фронту не вярнуўся. Сям’я не ведае да гэтага часу, як загінуў іх родзіч, дзе пахаваны. А Макрына Якаўлеўна ўсё жыццё працавала паляводам і адна гадавала дачок.
Дзядуля даследчыцы, Аляксандр Іванавіч Багдусевіч (1933 – 1992), родам з г. Косава, а бабуля, Вера Іванаўна (у дзявоцтве Дземідовіч, 1936 – 2016), родам з в. Рацкевічы, што знаходзіцца за 3 км ад г. Косава. Працавалі яны рабочымі Косаўскага мэблевага вытворчага аб’яднання. Выгадавалі сына Сяргея і дачку Алу.
Як адзначае даследчыца роду, юная Ганна Багдусевіч, чалавек можа быць шчаслівым толькі тады, калі ў яго ёсць сям’я і калі ён адчувае падтрымку, любоў і клопат блізкіх людзей.
Сям’я Багдусевічаў вельмі дружная. Бацькі Ганны, Сяргей Аляксандравіч Багдусевіч і Вольга Аляксандраўна (у дзявоцтве Дылько), – карэнныя жыхары Косава. Сяргей Аляксандравіч працуе вадзіцелем на мэблевай фабрыцы “Компас-мэбля”, а Вольга Аляксандраўна – выкладчыкам музыкі ў Косаўскай дзіцячай школе мастацтваў. У сям’і выраслі сын Ягор і дачка Ганна. Сын закончыў БДУ, мае ўжо ўласную сям’ю. Жыве і працуе ў Чэхіі. Ганна навучаецца ў Мінску ў каледжы бізнесу і права. Дзеці заўсёды цікавіліся гісторыяй уласнага роду і цяпер прадаўжаюць такое важнае даследаванне.
Праз гісторыю сям’і Ганны Багдусевіч прайшло дзве вайны – Вялікая Айчынная (1941 – 1945) і вайна ў Афганістане (1979 – 1989).

У 1986 годзе Сяргея Багдусевіча 18-гадовым юнаком прызвалі ў армію. Службу праходзіў у Афганістане, быў вадзіцелем машыны “Урал”. Як адзначае даследчыца, пра тыя два гады службы вядома мала, бо бацька не любіць пра гэта распавядаць. І вельмі рэдка апранае форму: на Дзень Перамогі і на свята горада. У сям’і з асаблівай павагай ставяцца да тых нешматлікіх ваенных фотаздымкаў, што змешчаны ў сямейным альбоме, і вайсковай формы бацькі, што захавалася яшчэ з 1980-х гг.
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ
У сям’і Багдусевічаў памятаюць і шануюць сямейныя традыцыі. Напрыклад, кожны год разам з родзічамі і землякамі адзначаюць Дзень Перамогі, які наша краіна сёлета святкавала ўжо ў 80-ы раз. Для сям’і гэты дзень асабліва важны. Разам згадваюць сваіх дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі супраць фашызму, раздзяляюць радасць за тых, хто вярнуўся, і свята шануюць памяць пра загінулых; удзельнічаюць у гарадскіх урачыстасцях, прысвечаных гэтай знамянальнай даце.
Багдусевічы збіраюцца разам на Каляды і Вялікдзень, разам святкуюць Раство і дні нараджэнняў сваякоў.
Падчас такіх сустрэч старэйшыя расказваюць малодшым пра мінулае, сваю маладосць, згадваюць дзядоў і прадзедаў. Вось так і адбываецца пераемнасць пакаленняў.
Часцей такія сустрэчы праходзілі ў доме бабулі і дзядулі Тамары і Аляксандра Дылько, якія навучылі дзяцей і ўнукаў гасціннасці, паказалі ўзор вядзення гаспадаркі, перадалі сакрэты па вырошчванню найпрыгажэйшых кветак, догляду за садам і агародам; выхавалі моладзь у павазе да старэйшых. Светлая ім памяць!
Такімі ж добрымі людзьмі і гаспадарамі былі прабабуля Ганна, дзядуля Аляксандр і бабуля Вера Багдусевічы. Сям’я заўсёды згадвае іх добрым словам, як і кожнага з родзічаў, якіх ужо няма побач.

Адна з сямейных традыцый – беражлівае стаўленне да рэчаў родзічаў, на першы погляд зусіх простых, але якія захоўваюць памяць пра іх родных: старыя лічыльнікі прабабулі Ганны, сямейныя фотаздымкі, кнігі. А агромністы дыван, які болей за паўгода вышывала прапрабабуля Вольга, – сапраўдны твор мастацтва. Ён да гэтага часу ўпрыгожвае дом бабулі Тамары і дзядулі Аляксандра.
А яшчэ ў сям’і Багдусевічаў любяць падарожнічаць і гатаваць смачныя стравы. Збіраюць розныя рэцэпты і перадаюць сакрэты гатавання з пакалення ў пакаленне. На Вялікдзень, Каляды і Раство пякуць ламанцы, булкі і пірагі, вараць калядную куццю, па-асабліваму запякаюць мяса. І з радасцю чакаюць сустрэчы з роднымі.

…Кожны чалавек хоча быць шчаслівым. Для адных – гэта слава, для другіх – матэрыяльныя выгоды, а для іншых – прафесійная кар’ера. Але, на думку юнай даследчыцы ўласнага роду Ганны Багдусевіч, шчасце – гэта моцнае здароўе і добрая сям’я. Дзяўчына ўпэўнена, што нічога не можа быць даражэй за сям’ю.
Шчаслівы той чалавек, які мае сям’ю і ведае, хто ён, кім былі і дзе жылі яго продкі.
Займацца вывучэннем гісторыі ўласнага роду кожны чалавек можа незалежна ад узросту. Гэта праца не мае межаў і паставіць кропку ў гэтай справе проста немагчыма. Пошук і даследаванне захапляе і натхняе на далейшую працу.

Юная даследчыца Ганна Багдусевіч надзвычай удзячна свайму брату Ягору, бацькам, родзічам і педагогам, якія дапамагалі ёй у вывучэнні гісторыі ўласнага роду. А яшчэ Ганна ўпэўнена, што ў кожнай сям’і ёсць свая непаўторная гісторыя, якая заслугоўвае, каб яе ведалі, паважалі і шанавалі.
Артыкул падрыхтаваны на аснове конкурснай даследчай працы вучаніцы (2018 г.) Косаўскай СШ імя А. Зайко Ганны Багдусевіч (кіраўнік – настаўнік гісторыі Косаўскай СШ імя А. Зайко Наталля Яўгенаўна Бялевіч).
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.






