Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Архімандрыт Кірыла (Аляксей Пятровіч Бадзіч) нарадзіўся 25 чэрвеня 1926 года (1929 года па пашпарце) у набожнай сям’і ў вёсцы Ражковічы на Брэстчыне, што ў той час уваходзіла ў склад Польшчы. Маці яго, шчырая верніца, якая спявала ў хоры, нарадзіла сына проста ў прытворы мясцовай царквы на Ануфрыя Вялікага.
Вучыцца Аляксей пачаў у польскай школе, прадоўжыў у рускай.

У 1939 годзе на радзіме Аляксея Бадзіча ўсталявалася савецкая ўлада. Бацьку юнака раскулачылі, а сам Аляксей знайшоў прытулак у Жыровіцкім манастыры. Нёс паслушэнства ў прасфорні, быў рызнічым.
У красавіку 1950 года Аляксея прызвалі ў армію, дзе ён служыў па снежань 1953-га. Спачатку на Далёкім Усходзе, а затым у Карэі, дзе тады ішла вайна.

Пасля дэмабілізацыі, у 1954 годзе, Аляксей вярнуўся ў манастыр і паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, што на той час было смелым учынкам, бо Праваслаўная Царква перажывала чарговую хвалю ганенняў.
У жніўні 1958 года Аляксей Бадзіч рукапаложаны ў сан дыякана, а праз некалькі дзён, 18 жніўня, – у сан іерэя.
21 жніўня 1958 года епіскапам Бабруйскім Лявонціем святар Аляксей Бадзіч прызначаны на прыход у сабор Святой Тройцы ў гарадскі пасёлак Хоцімск.

Прыехаў іерэй Аляксей у Хоцімск з маладой жонкай. Незадоўга да гэтага маладыя абвянчаліся і справілі вяселле.
Прыбыўшы на месца, святар убачыў храм у вельмі занядбалым стане, з зачыненымі на замок дзвярыма. Прыйшлося пачынаць службу ў могілкавай Свята-Пакроўскай капліцы, якая затым доўгі час была адзінай царквой на ўвесь раён.

Раней пяцікупальны Свята-Троіцкі храм на тры прастолы адрозніваўся велічнасцю і прыгажосцю, багатым унутраным аздабленнем, званамі, самы вялікі з якіх важыў шэсць тон.
Будавалі храм дванаццаць гадоў на добраахвотныя ахвяраванні ў памяць пра вызваленне сялян ад прыгоннага права.
У 1873 годзе архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Яўсевій асвяціў храм у гонар Святой Тройцы, а яго прыдзелы – у імя Казанскай іконы Прасвятой Багародзіцы і свяціцеля Мікалая Цудатворца. Уладыка Яўсевій, уражаны веліччу храма, загадаў назваць яго саборам і пацвердзіў рашэнне адпаведнай граматай.
Галоўнай святыняй сабора Святой Тройцы з’яўляўся спіс Казанскай іконы Прасвятой Багародзіцы. Існуе паданне, што, калі ў XIX стагоддзі ў мястэчку здарылася эпідэмія халеры, святары з гэтай іконай абышлі Хоцімск хрэсным ходам. Заходзілі ў кожную хату з малітвамі і царкоўнымі спевамі. З таго дня больш ніхто не захварэў, а хворыя пайшлі на папраўку.
Да асноўнага Троіцкага храма планавалі прыбудаваць трапезную і званіцу. Жыхары Хоцімска нават сабралі 10 тысяч рублёў золатам для пашырэння сабора, але перашкодзіла Першая сусветная вайна, а затым грымнула рэвалюцыя.
Пасля ўстанаўлення ў Хоцімску савецкай улады, у храма адабралі зямлю, у святара і дзяка – дамы. Як толькі ў 1924 годзе выйшаў Дэкрэт аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей, з сабора выбралі ўсё, што мела хоць якую-небудзь матэрыяльную значнасць.
Калі забралі ўпрыгожаную каштоўнымі камянямі залатую рызу з цудатворнай Казанскай іконы, якую вернікі лічылі ахоўніцай храма і іх пасёлка, людзі паднялі бунт, але ён жорстка быў падаўлены ўладай.
6 студзеня 1929 года падчас набажэнства на Раство Хрыстова памёр настаяцель сабора протаіерэй Аляксандр Альшэўскі. У сакавіку таго ж года са званіцы храма Святой Тройцы знялі і разбілі саборныя званы.
У 1938 годзе сабор закрылі і поўнасцю разрабавалі. Іконы і святарскае адзенне спалілі літаральна ў двары райвыканкама, купалы з храма скінулі, званіцу разбурылі. З гэтай цэглы прыбудавалі да асноўнага будынка храма яшчэ адзін, дзе ўладкавалі спачатку банк, а затым школу механізацыі.
У розныя гады размяшчаўся ў будынку сабора і зернесклад, і раённы Дом культуры.
У час Вялікай Айчыннай вайны нямецкія ўлады дазволілі адкрыць храм для правядзення набажэнстваў. Святаром у той час быў Дзяніс Паўлаў. Аднак партызанскі рух узрастаў, і немцы ў хуткім часе закрылі сабор, ператварыўшы яго будынак у бастыён.
Царкоўную службу перанеслі ў капліцу, якая размяшчалася на гарадскіх могілках (з 1968 года – царква). Менавіта ў гэтай капліцы з 1958 года служыў святаром айцец Аляксей Бадзіч.
Пасля вызвалення горада будынак сабора да 1954 года пуставаў, а затым там зноў уладкавалі Дом культуры.

Святар Аляксей паставіў сабе на мэту адрадзіць Свята-Троіцкі сабор і актыўна пачаў працаваць над яе дасягненнем. Але зрабіць гэта з састарэлымі прыхаджанамі было вельмі няпроста, тым больш часы наступілі такія, што трэба было яшчэ адбівацца ад райкамаўскіх супрацоўнікаў, якія ўсімі сродкамі стараліся нашкодзіць бацюшку Аляксею. Так ідэалагічна апрацавалі маладую жонку, што тая пайшла на скасаванне шлюбу са святаром. Як ні ўгаворваў айцец Аляксей матушку, атрымаўшы пасведчанне аб разводзе, яна пакінула мужа і з’ехала з Хоцімска дадому.
Прыклалі руку да траўлі святара і журналісты. У снежні 1960 года ў абласной газеце з’явіўся артыкул, якім планавалася маральна знішчыць айца Аляксея. Але святар годна справіўся з усім, што выпала на яго долю. І яшчэ з большым жаданнем узяўся за ўладкаванне прыхода.
Пераўтварыў у цэркаўку Пакроўскую могілкавую капліцу, у якой нават не было электрычнага асвятлення, і там праводзіў набажэнствы. Таемна навучаў мясцовых дзяцей-сірот Закону Божаму. І навука тая не прайшла дарма. Многія выхаванцы айца Аляксея пазней самі сталі святарамі. А яшчэ ён дапамагаў семінарыстам пасля закрыцця навучальнай установы – даў ім прытулак і вучыў багаслоўскім навукам.

У 1962 годзе Хоцімскі раён далучылі да Касцюковіцкага, а культавы будынак, як таго патрабавалі тагачасныя правілы, у раёне павінен быць адзін. Мясцовыя ўлады вырашылі знесці могілкавую капліцу, і айцец Аляксей ледзь не пазбавіўся месца працы.
Падагналі бульдозер, каб зруйнаваць святыню з зямлёй. Але вернікі запалілі свечкі і сталі жывым шчытом, абараняючы царкву. І бульдазерыст развярнуўся і з’ехаў. Айца Аляксея забралі ў міліцыю і моцна збілі.
Святар не здаваўся. На ўласныя сродкі купіў дом, з якога за ноч вопытныя цесляры зрабілі алтар і прыставілі да капліцы, а потым і электрычнасць правялі.
На раніцу айца Аляксея зноў арыштавалі. Святару зламалі некалькі рэбраў, выбілі пярэднія зубы. Ледзьве жывога кінулі ў склеп…
Над айцом Аляксеем Бадзічам устанавілі пастаянны кантроль і за самую нязначную “правіну” выклікалі ў КДБ. Часта бацюшку затрымлівалі, трымалі пад арыштам і моцна збівалі.
Усе здзекі і пакуты святар стрываў мужна і нават дараваў сваім крыўдзіцелям.
Айцец Аляксей маліўся і верыў, што знойдуцца сілы на аднаўленне Свята-Троіцкага сабора, а яшчэ назапашваў будаўнічыя матэрыялы, больш таго – падрыхтаваў прашэнне да мясцовых уладаў, пад якім падпісалася амаль 9 тысяч вернікаў.
Будынак сабора быў вернуты зноў створанаму Свята-Троіцкаму прыходу 27 верасня 1991 года, праз трыццаць тры гады.

З раніцы да позняга вечара прыхаджане разам з бацюшкам, які на той час быў ужо протаіерэем, працавалі над аднаўленнем храма. Святар дазваляў сабе толькі кароткія перапынкі для малітвы і харчавання. Бывала, за адну працяглую змену вывозіў больш за сотню вазоў смецця.
Айцец Аляксей Бадзіч стаў для роднага храма архітэктарам і забеспячэнцам, прарабам і будаўніком. За сваё жыццё навучыўся працы муляра і цесляра, тынкоўшчыка і маляра.
Калі заканчваліся сродкі, святар, які жыў вялікім жаданнем адрадзіць святыню і валодаў значнымі арганізатарскімі здольнасцямі, сам адпраўляўся па гарадах на збор грошай.

13 сакавіка 1992 года протаіерэй Аляксей Бадзіч быў пастрыжаны ў манаства з імем Кірыла ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Максімам. 7 мая таго ж года іераманах Кірыла быў узведзены ў сан архімандрыта.
У 1999 годзе Высокапраасвяшчэнны Максім, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, асвяціў адроджаны саборны Свята-Троіцкі храм.

Паступова прыходскае жыццё наладжвалася. На ахвяраванні вернікаў і фундатараў, дабрачынны збор арганізацый і прадпрыемстваў ў гонар 60-годдзя вызвалення Хоцімска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў упершыню ў Беларусі быў адліты звон вагою 1280 кг для Свята-Троіцкага сабора.
13 мая 2004 года звон-дабравеснік дастаўлены з Мінска ў Хоцімск. Яшчэ два званы прывезены з Варшавы і Рыма. Астатнія адзінаццаць званоў, калісьці выкрадзеных са спустошаных прыходскіх цэркваў, айцец Кірыла сабраў па навакольных вёсках.

Як вядома, яшчэ ў старажытныя часы звон меў вялікае значэнне: ён збіраў на богаслужэнні, у званы званілі падчас стыхійных бедстваў, просячы ў Госпада дапамогі і збавення. І бяда адступала. Хацімчане пераканаліся ў гэтай уласцівасці званоў на сабе.
Калі ў 1986 годзе здарылася Чарнобыльская аварыя, званы Пакроўскай могілкавай цэрквы, у якой тады служыў айцец Кірыла, без перастанку званілі на працягу трох сутак. І здарыўся цуд: Хоцімск, размешчаны побач з забруджанымі радыяцыяй раёнамі, ад наступстваў аварыі не пацярпеў.
Пазней у Хоцімску стала традыцыяй штогод праводзіць нацыянальны фэст “Хоцімскія перазвоны”, бо саборная званіца – адна з лепшых у краіне, а кожны звон, некалі прывезены сюды архімандрытам Кірылам, мае сваю гісторыю, узрост, непаўторны голас.

Айцец Кірыла штодня ўставаў а 5-й раніцы і спяшаўся ў храм, каб да пачатку Божай літургіі здзейсніць праскамідыю. Сам выпякаў прасфоры, умеў шыць і вырошчваць кветкі. На гектары зямлі каля храма і цяпер ярка ззяюць сальвіі, цыніі, шматлікія аксаміткі і гладыёлусы.
У гонар 50-годдзя вызвалення Хоцімска айцец Кірыла пабудаваў невялікую Свята-Праабражэнскую царкву, дзе раз на месяц, і абавязкова на 9 мая, служыў шматгадзінную паніхіду па жыхарах Хоцімшчыны, якія загінулі падчас дзвюх сусветных войнаў і ў сталінскіх засценках.
Самастойна абыходзіў брацкія магілы, сустрэўся са сваякамі 119 загінулых. Спіс бясконца папаўняўся, бо збіраць звесткі дапамагалі ваенкамат і пошукаўцы.
Ахвяр налічвалася каля 11 тысяч, і імя кожнага з пазначэннем года і месца спачыну святар уласнаручна запісаў у памятную жалобную кнігу.

Архімандрыт Кірыла (Бадзіч) вёў царкоўныя службы амаль да 91-гадовага ўзросту. За час служэння ў Хоцімску не прапусціў ніводнага набажэнства і ніколі не быў у адпачынку.
Не стала архімандрыта Кірылы 5 кастрычніка 2022 года. Ён адышоў да Госпада на 97-м годзе жыцця.

7 кастрычніка 2022 года ў Свята-Троіцкім саборы горада Хоцімска шматлікае святарства і прыхаджане развіталіся са спачылым архімандрытам Кірылам (Бадзічам). Пасля Божай Літургіі чын адпявання ўзначаліў сакратар Магілёўскай епархіі протаіерэй Генадзь Пацэвіч.
Перад усімі, хто прыйшоў аддаць даніну памяці і павагі адышоўшаму да Госпада айцу Кірылу, было зачытана пасланне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Веніяміна, які выказаў спачуванне ў сувязі са сконам старэйшага клірыка Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Пахавалі архімандрыта Кірылу ў капліцы побач са Свята-Троіцкім саборам.

Архімандрыт Кірыла (Бадзіч) з годнасцю вытрымаў усе выпрабаванні, што выпалі на яго лёс за 60 гадоў пастырства.
Галоўнай справай свайго жыцця лічыў адраджэнне хоцімскага Свята-Троіцкага сабора. І трыццаць тры гады малітваў, чаканняў і руплівай працы з Божай дапамогай завяршыліся поспехам.
За сваё шчырае служэнне архімандрыт Кірыла (Бадзіч) уганараваны царкоўнымі ўзнагародамі, сярод якіх медаль Прападобнага Сергія Раданежскага, ордэн Роўнаапостальнага Вялікага князя Уладзіміра III ступені, ордэн свяціцеля Кірылы Тураўскага ІІ ступені.
На схіле гадоў прыйшла да святара і свецкая слава. У 2002 годзе архімандрыт Кірыла (Бадзіч) стаў лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне”, у 2005-м і ў 2013 гадах атрымліваў дыпломы “Чалавек года” Хоцімскага раёна, у 2009 годзе ўганараваны Ганаровай граматай “За вялікі ўклад у духоўнае адраджэнне”.
Усе прэміі святар Кірыла патраціў на ўладкаванне храма і абнаўленне іканастаса, і цяпер ён, чатырох’ярусны, ззяючы пазалотай, велічна дорыць надзею вернікам.
За вялікі ўклад у маральна-патрыятычнае выхаванне моладзі архімандрыт Кірыла ўзнагароджаны медалём “60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
У 2014 годзе архімандрыт Кірыла (Бадзіч) прызнаны Ганаровым грамадзянінам Хоцімскага раёна.

Валодаючы энцыклапедычнай памяццю, настаяцель Свята-Троіцкага сабора ўвабраў у сябе ўсю гісторыю раённага цэнтра. Айцец Кірыла добра ведаў кожнага яго жыхара, бо амаль усіх ён хрысціў. Паводле запісаў, яго хрэснікаў налічваецца каля 50 тысяч.
Не маючы ўласных дзяцей, бацюшка з вялікай любоўю і цеплынёй ставіўся да чужых, асабліва да абдзеленых бацькоўскай пяшчотай.

Архімандрыт Кірыла (Бадзіч) прыклаў шмат намаганняў для стварэння пры саборы нядзельнай школы і дзіцячага хору. Вучыў дзяцей дабру, ніколі не адказваў у дапамозе, дзяліўся апошнім. Шмат увагі разам з дырэктарам надаваў іх духоўнаму выхаванню, часта арганізоўваў паломніцкія паездкі.
Разам з прыхаджанамі адрадзіў добрую хрысціянскую традыцыю – упрыгожваць у храме ёлку да Раства Хрыстовага. Пасля Боскай літургіі заўсёды звяртаўся да дзяцей, іх бацькоў і шматлікіх гасцей з вітальным святочным словам, жадаў усім здароўя.

У школе пры храме дзейнічае цудоўная бібліятэка, дзе ёсць сапраўдныя рарытэты, рупліва сабраныя айцом Кірылам. Літаратура на любы густ – дзіцячая, энцыклапедычная, гістарычная.
Налічваліся фаліянты, якія, мяркуючы па памерах, важылі як мінімум кілаграм дзесяць. А выдадзеная да рэвалюцыі ў Санкт-Пецярбургу кніга Джона Мільтана “Страчаны і вернуты рай” на выгляд і ўсе 20 мела! Аднойчы гэтая кніга знікла, але затым нечакана знайшлася. Чалавека, які забраў яе, хутчэй за ўсё, сумленне замучыла, і ён перадаў кнігу праз адну з прыхаджанак. Сам не адважыўся…
У бібліятэцы захоўваюцца і шматлікія часопісы савецкай пары – “Огонёк”, “Наука и религия”, “Вокруг света”, што выпісваў айцец Кірыла. Іх з задавальненнем гартаюць і чытаюць дарослыя і дзеці.
Для карыстання дзецям устаноўлены камп’ютары, тэлевізар, набыты музычныя інструменты, шашкі, шахматы, ролікавыя канькі. У вольны час дзеці маюць магчымасць займацца разьбой па дрэве, выпальваць, маляваць. Іх вырабы захоўваюцца тут на палічках, уладкаваных руплівымі рукамі дарослых.

Да 60-годдзя служэння архімандрыта Кірылы на Хоцімскай зямлі ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ўладкавалі выставу “Справа ўсяго жыцця. Архімандрыт Кірыла (Бадзіч)”, дзе можна было ўбачыць шмат рэліквій сабора, клапатліва сабраных святаром. Сярод іх царкоўныя кнігі, унікальная калекцыя царкоўных рыз, самай старажытнай з якіх 350 гадоў. Некаторыя з рарытэтаў святар рэстаўраваў уласнаручна. Цяпер там дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная памяці архімандрыта Кірылы (Бадзіча).

Свята-Троіцкі сабор, які з’яўляецца візітнай карткай райцэнтра, атачаюць мініяцюрная Спаса-Праабражэнская царква, храм у гонар іконы Божай Маці “Жыватворная крыніца”, хрысцільнае памяшканне, вадасвятная капліца, нядзельная школа. Іх узвядзенне – таксама заслуга настаяцеля.
Сабор Святой Тройцы ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

Як згадваюць жыхары Хоцімска, іх бацюшка Кірыла больш за 60 гадоў шчыраваў без перапынку і адпачынку.
Сам жа айцец Кірыла нічога асаблівага ў сваёй працы не бачыў. “Храм пабудаваць працаю рук, як мы, складанасцяў няма. Адрамантаваць храм душы сваёй – вось тут праца і боль, – сцвярджаў святар”.
Вера і малітва дапамагла архімандрыту Кірылу (Бадзічу) пераадолець усе цяжкасці і ўбачыць вынік сваёй працы. І хоць працэс вяртання аднятай у народа святыні працягваўся больш за тры дзесяцігоддзі, сабор Святой Тройцы быў вернуты прыхаджанам і зноў стаў цэнтрам духоўнасці, светачам праваслаўя на Хоцімшчыне.

Архімандрыт Кірыла (Бадзіч) лічыў сябе надзвычай багатым, бо ён меў храм. Верыў, што ва ўсім, чаго дасягнуў, ёсць заслуга Госпада. І заўсёды быў удзячны Богу, што Усявышні падаўжаў яго дні для служэння Яму і суайчыннікам, што жыве пры Царкве і для Царквы.
Пры падрыхтоўцы артыкула часткова выкарыстана конкурсная даследчая работа (2018 г.) настаўніка беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Хоцімска” Магілёўскай вобласці Корневай Алены Пятроўны “Услаўляючы край і зямлю… Архімандрыт Кірыла (Бадзіч Аляксей Пятровіч)”.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Літаратура
Болдовский, А. С. Жемчужина Хотимска. Собор Святой Троицы (1873 – 2008) / А. С. Болдовский. – Могилёв: Обл. укрупн. тип. им. С. Соболя, 2008. – 72 с.
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хоцімскага раёна / рэд. калегія: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. Э.Э. Жакевіч. – Мн.: БелЭн, 2003. – 592 с.
Крыніцы






