“Адрозніваўся сціпласцю і добразычлівасцю…”: гісторыя лёсу свяшчэннапакутніка Мікалая Васюковіча

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Мікалай Васюковіч нарадзіўся 28 сакавіка 1882 года ў сям’і святара. Бацька хлопчыка служыў настаяцелем царквы Святой праведнай Ганны ў вёсцы Коскі Мінскага павета.

У 1908 годзе Мікалай Васільевіч скончыў Мінскае духоўнае вучылішча. Працаваў настаўнікам народных школ, а пасля пачаў служыць псаломшчыкам у царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Ліцвяны Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці). Рукапаложаны ў сан дыякана да гэтага храма.

Духоўнае вучылішча ў паўднёвым флігелі. Паштоўка пачатку XX ст.

Дыякан Мікалай Васюковіч адрозніваўся сціпласцю і добразычлівасцю. Прынцыпова ставіўся да пытанняў веры.

У 1930 годзе, калі ноччу ў Ліцвянах мясцовыя актывісты спалілі царкву, айцец Мікалай плакаў разам з людзьмі. З гэтага часу ён пачаў недвухсэнсоўна выказвацца пра тагачасныя парадкі: “Хіба гэта ўлада, калі ва ўладзе бальшавікі? Гэта не людзі, якія не вераць у Бога, а банда прайдзісветаў, якая здзекуецца з праваслаўнага народа”. Пазней гэтыя словы стануць нагодай для яго арышту.

Калі ў 1936 годзе народ прымушалі падпісвацца на пазыку, айцец Мікалай адмовіўся ад набыцця нікчэмных квіткоў, сказаўшы: “Падпісвацца не буду, мне няма чаго ўмацоўваць гэтую ўладу …”.

Айца Мікалая арыштавалі 6 жніўня 1937 года і заключылі ў Барысаўскую турму НКУС. На допыце ён быў нешматслоўны. Не дабіўшыся ад айца дыякана адрачэння ад сану, чэкісты прысудзілі яго да расстрэлу.

Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Мінскай.

Дыякан Мікалай Васюковіч расстраляны 26 верасня 1937 года ў Барысаўскай турме НКУС (па іншых звестках – у Мінску).

Айцец Мікалай загінуў, застаўшыся верным сынам Праваслаўнай Царквы.

28 кастрычніка 1999 года рашэннем Сінода Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы Мікалай Васюковіч праслаўлены як мясцовашануемы святы Мінскай епархіі. Далучаны да ліку свяшчэннапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх на Юбілейным Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы ў жніўні 2000 года для агульнацаркоўнага шанавання.

Свяшчэннапакутнік Мікалай Васюковіч.

Дні памяці: 26 верасня – у дзень гібелі; 28 кастрычніка – у Саборы 23 новапакутнікаў Мінскай епархіі. Памяць і ў Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

 

Крыніцы:

  • https://obitel-minsk. ru
  • https://sobor. by
  • http://hramlavrenty-svetoch. narod. ru
  • http://drevo-info. ru