Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Уладзімір Іванавіч Хрышчановіч нарадзіўся ў 1876 годзе ў вёсцы Гязгалы Беліцкай воласці Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.) у сям’і сялян.
Працаваў на сельскай гаспадарцы. Ужо ў сталым узросце Уладзімір Іванавіч паступіў у Слуцкае духоўнае вучылішча і скончыў яго ў 1911 годзе.
Пасля заканчэння духоўнага вучылішча Уладзімір доўгі час служыў псаломшчыкам пры царкве Святога Мікалая Цудатворца ў вёсцы Горкі Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Старадарожскага р-на Мінскай вобл.). Епіскап Слуцкі Мікалай (Шамяціла) у 1930 годзе рукапалажыў яго ў іерэя, і айцец Мікалай пачаў служыць у Мікольскай царкве вёскі Горкі Бабруйскага павета.
Свята-Мікалаеўская царква была пабудавана ў 1867 годзе. Старажылы памятаюць, што менавіта ў гэтай царкве маліліся і прасілі Бога вярнуцца дадому маладыя хлопцы перад адпраўкай на фронт падчас Першай сусветнай вайны. А восенню 1920 года, калі пачалося Слуцкае паўстанне, у гэтай Свята-Мікалаеўскай царкве маліліся Богу маладыя людзі і ішлі адсюль паміраць, каб жыла Радзіма. У Слуцкім паўстанні прымалі ўдзел больш за 30 мужчын з Горак.
Жывучы ў Горках, айцец Уладзімір часта наведваў суседні прыход у вёсцы Языль (цяпер аграгарадок Старадарожскага р-на Мінскай вобл.), дзе не было ў той час святара. Ён стаў служыць у вёсцы Языль у храме Праабражэння Гасподняга.
Час, у які прыняў святарскі сан Уладзімір Хрышчановіч, быў страшны: голад у краіне, ганенні і ссылкі ў лагеры за веру. Улада не магла нават трываць слова “Бог”, але ён зрабіў свой выбар – стаў святаром ганімай Царквы.
Нядоўга айцу Уладзіміру Гасподзь вызначыў быць святаром – усяго няпоўныя тры гады, але за гэты кароткі час свайго служэння ён паспеў стаць добрым пастырам, годным слугою алтара Гасподняга.
Будучы сціплым і шчырым вернікам, ён часта здзяйсняў паломніцтва па святых мясцінах. Аднойчы, яшчэ ў маладыя гады, Уладзімір прыехаў у Санкт-Пецярбург з тым, каб наведаць набажэнства, якое здзяйсняў Св. Прав. Іаан Кранштацкі.
Прыбыўшы ў Кранштат і прайшоўшы агульную споведзь, Уладзімір Хрышчановіч аказаўся ў дастаткова цяжкім становішчы. З-за вялізнага скаплення вернікаў аказалася немагчымым падысці да чашы прычасціцца Святых Тайн Божых.
Між тым, трэба было спяшацца, бо параход, на якім прыбыў айцец Уладзімір, вось-вось павінен быў адправіцца назад, у Санкт-Пецярбург, а наступны прыплываў толькі праз некалькі дзён.
Усё вырашылася цалкам нечаканым чынам. Па благаславенні Св. Прав. Іаана Кранштацкага да Уладзіміра Хрышчановіча раптам падышоў незнаёмы царкоўнаслужыцель і, узяўшы яго пад руку, падвёў прама да чашы. Яны ішлі праз увесь сабор, і людзі расступаліся перад імі.
Пазней матушка айца Уладзіміра, Сафія Міхайлаўна Хрышчановіч, казала, што такім чынам Св. Іаан Кранштацкі прадказаў тое асаблівае прызванне, якога спадобіўся Уладзімір Хрышчановіч у далейшым, прыняўшы пакутніцкую смерць за веру ў Госпада Ісуса Хрыста.
У 1932 годзе айцец Уладзімір выступіў у языльскім храме з пропаведдзю, якая паслужыла падставай да яго арышту. У прамове святар закрануў самае надзённае пытанне, якое трывожыла жыхароў вёскі ў 1932 г. – голад, які пачаўся ў краіне. Звяртаючыся да спакутаваных сялян, ён сказаў:
“Браты! Гасподзь стварыў чалавека, і ў Яго волі зрабіць з ім усё, што захоча. Трэба слухаць Бога і верыць у Яго, хадзіць у царкву і маліцца. Адзінае наша выратаванне – гэта Гасподзь. Чалавек з Яго дапамогаю вытрывае ўсё…”.
За частыя набажэнствы ў царкве вёскі Языль, якія суправаджаліся шматразовымі заклікамі да вернікаў не пакідаць царкву, верыць у Бога і маліцца Госпаду, айцец Уладзімір быў арыштаваны 27 снежня 1932 года разам з псаломшчыкам, царкоўным старастам і яшчэ з сямю прыхаджанамі Праабражэнскай царквы, якія больш актыўна наведвалі храм у вёсцы Языль і якія ўваходзілі ў царкоўна-прыходскі савет.
Сярод арыштаваных вылучаўся псаломшчык Языльскай царквы Васіль Капачэня, які аднойчы сказаў аднавяскоўцам: “Лепш дайце на царкву, чым бальшавікам, тады і Бог дасць вам, а бальшавікі ўсё роўна нічога не дадуць”.
На допытах святар Уладзімір прама заяўляў, што незадаволены палітыкай савецкай улады. Адказваючы на пытанні следчага, святар сказаў: “Так, я, як святар, ужо асуджаны на жабрацкае жыццё, выказваў незадаволенасць палітыкай савецкай улады. У сувязі з тым, што ў вёсцы Языль няма святара, а там ёсць царква, я па запрашэнні вернікаў здзяйсняў у ёй набажэнствы”.
Іерэй Уладзімір пісаў з турмы сваёй сям’і: “Дарагая, найшаноўнейшая жонка і дзеці! Спяшаюся павіншаваць вас з Новым годам, з новым шчасцем. Дай Бог перанесці вам увесь цяжар і смутак ад злых людзей і здзекаў д’ябла, які паўстаў, каб знішчыць нас. Усявышні не дапусціць гэтага і дапаможа перанесці нам увесь цяжар крыжа. Прашу вас не забываць Бога, ад Якога залежыць усё ”.
Гэтыя радкі былі напісаныя ў спешцы 13 студзеня 1933 года. Адрасату яны не патрапілі, як не дайшоў да айца Уладзіміра ліст яго жонкі, напісаны на паўмесяца раней.
Матушка айца Уладзіміра, Сафія Міхайлаўна, пісала яму ў турму 30 снежня 1932 года: “Дарагі Валодзя! Дзякуючы Усявышняму мы ўсе жывыя і здаровыя, таго і табе жадаем. Віншуем цябе з надыходзячым Новым годам. Пра нас не турбуйся. Напішы мне ўсё падрабязна, а менавіта: за што ты абвінавачваешся і пра што цябе дапытваюць … Можа быць, табе трэба валёнкі або ватовыя штаны, то я паспрабую даслаць … Была я ў Слуцку; у ноч на 18 снежня ў архіерэя (маецца на ўвазе епіскап Мікалай (Шамяціла) быў ператрус … Бачыліся ў саборы з айцом Васілём Сцяпурам, ён ужо вярнуўся са ссылкі … ”
Ліст матушкі айцец Уладзімір таксама не ўбачыў. Перапіска паміж імі была справакаваная органамі НКУС з тым, каб займець дадатковыя “доказы” ў нядобранадзейнасці айца Уладзіміра.
Без суда і следства 12 лютага 1933 года святар Уладзімір Хрышчановіч быў прыгавораны да расстрэлу. Такі ж прысуд вынеслі ў дачыненні да псаломшчыка Языльскай царквы Васіля Капачэні і прыхаджан Якава Палаўчэні і Стэфана Капачэні. Яны праходзілі па групавой справе: “справа клірыкаў і свецкіх царквы Праабражэння Гасподняга вёскі Языль, 1932 г. ”.
Неўзабаве ўсе гэтыя людзі былі забітыя. Маёмасць расстраляных канфіскавалі, сем’і выслалі за межы Беларусі.
Да розных тэрмінаў зняволення былі асуджаныя аднавяскоўцы загінулых: Сямён Жук (да 10 гадоў канцлагера), Яўсевій Палаўчэня (да 5 гадоў канцлагера), Лявонцій Палаўчэня (да 5 гадоў канцлагера), Уладзімір Насовіч, Іосіф Корзун і Вера Сасіноўская (да ссылкі на 3 гады ў Сібір).
Такім чынам, прыход у Язылі быў знішчаны. Пакутнікамі за Госпада і Спаса нашага Ісуса Хрыста з’явіліся языльчане, што падвергліся ганенням і сярод іх – святар Уладзімір Хрышчановіч, які ўзышоў на ўласную галгофу разам са сваімі прыхаджанамі, які падзяліў з імі ўсе пакуты. Сапраўды “Пастыр добры аддае жыццё сваё за паству сваю”.
Свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хрышчановіча ў Слуцкай епархіі называюць прасвітарам Языльскім, па месцы яго пакутніцкага подзвігу, а ў Навагрудскай епархіі называюць па месцы яго нараджэння Гязгальскім. У часы ж яго пакут за веру Хрыстову гэта вёска знаходзілася на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая была далучана да Савецкага Саюза толькі ў 1939 г. і не зведала такіх масавых пераследаў рэлігіі, якія давялося ўбачыць Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ў 1930-я гады.
28 сакавіка 1989 года пракуратурай Мінскай вобласці Уладзімір Хрышчановіч рэабілітаваны.
Пастановай Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы 28 кастрычніка 1999 года іерэй Уладзімір Хрышчановіч кананізаваны ў ліку мясцовашануемых святых. У 2000 г. на Юбілейным Архіерэйскім Саборы РПЦ па прадстаўленні Беларускага Экзархата айцец Уладзімір унесены ў лік новапакутнікаў і спавядальнікаў Расійскіх для агульнацаркоўнага шанавання.
Сціплая і богабаязная матушка Сафія Міхайлаўна не магла і падумаць, што яе бацюшку прылічаць да ліку святых! Зразумела, ніколі не думаў пра гэта і сам айцец Уладзімір…
А Свята-Мікалаеўская царква прастаяла да 1960-х гадоў. Тады мясцовыя ўлады аддалі загад яе разбурыць. І з царквы непадалёку пабудавалі клуб. На месцы царквы жыхары паставілі крыж. Апрача таго, верхняя яго частка, каваны крыж, з той Свята-Мікалаеўскай царквы.
У 1997 годзе прыхаджанам вёскі Языль быў вернуты будынак Спаса-Праабражэнскай царквы. У 2005 г. стары будынак храма з-за аварыйнага стану быў знесены і на яго месцы ў 2006 г. пачалося ўзвядзенне новага храма.
19 красавіка 2015 года епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній здзейсніў вялікае асвячэнне храма Праабражэння Гасподняга.
Свята-Праабражэнская царква памятае свяшчэннапакутніка іерэя Уладзіміра Хрышчановіча.
12 лютага 2020 года клірыкі Старадарожскага благачыння і настаяцелі прыходаў са Слуцкага, Любанскага і Салігорскага раёнаў, прыхаджане храма і шматлікія паломнікі ўшанавалі памяць пацярпелых за веру Хрыстову, адслужыўшы Боскую літургію, якую ўзначаліў благачынны Старадарожскай акругі протаіерэй Ігар Кручко.
З пропаведдзю да вернікаў звярнуўся кіраўнік аддзела Слуцка-Салігорскай епархіі па ўзаемадзеянні з узброенымі сіламі і праваахоўнымі органамі протаіерэй Аляксандр Пігаль. Па заканчэнні літургіі быў адслужаны вадасвятны малебен і адбыўся Хрэсны Ход.
Памяць пра іерэя Уладзіміра Хрышчановіча, светлага і шчырага святара, жыве ў яго на радзіме. Жыхары пасёлка Гязгалы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці лічаць яго сваім нябесным заступнікам. Царква, размешчаная на тэрыторыі папраўчай калоніі-пасялення ў Гязгалах, названая ў гонар гэтага святога. 12 лютага, дзень скону свяшчэннапакутніка, і 28 кастрычніка, дзень яго кананізацыі, – тут храмавыя Святы.
У год 75-годдзя з дня скону свяшчэннапакутніка Уладзіміра Гязгальскага ў храме ў гонар гэтага святога архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый адслужыў Боскую літургію. Затым ад памятнага крыжа ў пасёлку Гязгалы на чале з уладыкам быў здзейснены хрэсны ход з абразом святога да дома № 34, дзе нарадзіўся і жыў свяшчэннапакутнік Уладзімір. Там адслужылі малебен святому, пасля чаго быў асвечаны памятны знак, усталяваны ў гонар заступніка Дзятлаўшчыны на доме, у якім ён нарадзіўся і вырас.
Імя свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хрышчановіча свята шануецца праваслаўнымі вернікамі.
Дні памяці:
Нядзеля 3-я па Пяцідзесятніцы – Сабор Беларускіх святых.
Нядзеля 7-га лютага ці бліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.
Нядзеля 28 кастрычніка ці бліжэйшая наступная нядзеля – Сабор 23-х новапакутнікаў Мінскай мітраполіі.
12 лютага – у дзень скону свяшчэннапакутніка.
Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
https://www.eparhia.by
churchby. info
by.оpenlist.wiki
kuz1.pstbi. ccas. ru
preobrajenskaya. cerkov. ru
sluck-eparhia. by: Источник: Феодор Кривонос, священник. Жития новомучеников Минской епархии 1-ой половины XX века. – Мн., 2002.