Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
“Няма вялікіх і малых святых; ёсць толькі людзі, якія змаглі сябе без астатку аддаць у руку Божую. Адным было дадзена здзейсніць шмат, другім як быццам менш. Імёны адных вядомы ўсюды, імёны некаторых ушаноўваюцца мясцова. Адны ззяюць на ўвесь свет, а іншыя, як лампадка, што ціха тлее, як сціплая свечка, гараць перад лікам Божым і асвятляюць нямногіх. Святасць адных разумеюць усе; святасць іншых таямнічая, часам незразумелая, недасягальная”, – гэтыя словы належаць Антонію, мітрапаліту Суражскаму. Сказанае ў поўнай меры можна аднесці да вызнаўца Уладзіміра Елянеўскага, які 4 лістапада 2007 года ў Свята-Траецкім Маркавым мужчынскім манастыры быў услаўлены ў ліку святых новапакутнікаў зямлі Віцебскай.
Уладзімір Мікалаевіч Елянеўскі нарадзіўся 7 чэрвеня 1874 года ў сяле Плоскае Веліжскага павета Віцебскай губерні (сучасны Веліжскі раён Смаленскай вобласці) у набожнай сям’і протаіерэя плоскаўскай Раства-Багародзіцкай царквы Мікалая Гаўрылавіча Елянеўскага і яго жонкі Анастасіі Васільеўны (дачкі протаіерэя Васіля Шчэрбава).
Уладзімір скончыў Віцебскую духоўную семінарыю ў маі 1896 года і некаторы час працаваў у духоўным ведамстве. Адначасова рыхтаваўся да паступлення ў Яраслаўскі Дзямідаўскі ліцэй, але паступіў не ў ліцэй, а ва ўніверсітэт.
У студзені 1900 года Уладзімір быў залічаны на юрыдычны факультэт Імператарскага Юр’еўскага ўніверсітэта, што знаходзіўся ў г. Юр’еве Ліфляндскай губерні (сучасны г. Тарту, Эстонія).
Уладзімір Елянеўскі вучыўся старанна, і 20 сакавіка 1904 года атрымаў пасведчанне аб заканчэнні ўніверсітэта.
Пасля вучобы Елянеўскі нядоўга працаваў памочнікам сакратара Віцебскага акруговага суда. Потым судовым следчым Віцебскага акруговага суда ў гарадах Дзвінск (сучасны г. Даўгаўпілс, Латвія), Дрыса (сучасны г. Верхнядзвінск, Віцебская вобласць), Рыга (Латвія). Актыўна ўдзельнічаў у царкоўным жыцці, выкарыстоўваючы свае прафесійныя веды на карысць Праваслаўя.
Ажаніўся ён з Верай Віктараўнай, ураджэнкай г. Дрыса. У сям’і нарадзіліся сын і дзве дачкі.
З набліжэннем лініі фронту падчас Першай сусветнай вайны іх сям’я перабралася ў Віцебск, дзе жыла з 1919 года. Вера Віктараўна працавала ў Віцебску настаўніцай у 28-й школе I-й ступені, а Уладзімір Мікалаевіч – народным следчым Віцебскага акруговага суда.
У 1918 годзе замест скасаванай Віцебскай духоўнай кансісторыі ствараецца Епархіяльны савет Полацка-Віцебскай епархіі на выбарнай аснове. Ад прыхаджан у склад савета быў абраны Уладзімір Елянеўскі.
Епархіяльнае ўпраўленне праіснавала паўтара года, і было закрыта па патрабаванні Віцебскага губернскага выканаўчага камітэта ў канцы 1920 – пачатку 1921 года. Пасля гэтага Уладзімір Мікалаевіч некалькі гадоў служыў у Віцебскай гарадской управе, а затым быў пераведзены ў губернскі крымінальны вышук на пасаду следчага-інструктара. Праз некаторы час з крымінальнага вышуку ён быў адазваны ў Віцебскае павятовае бюро юстыцыі, дзе працаваў участковым народным следчым.
У 1922 годзе ў Паволжы пачаўся голад. Патрыярх Ціхан благаславіў дабравольнае ахвяраванне царкоўных каштоўнасцей. Аднак УЦВК узаконіў гвалтоўнае адабранне…
На карысць дзяржавы канфіскоўваліся вырабы з каштоўных металаў і каштоўныя камяні, якія знаходзіліся ў храмах усіх канфесій. Канфіскацыі падлягалі і прадметы, прызначаныя выключна для богаслужбовых мэтаў (святыя пасудзіны), што паставіла ў вельмі няпростае становішча духавенства і выклікала супраціўленне вернікаў.
Падчас канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў Уладзімір Мікалаевіч не раз асуджаў тых, хто чыніў беззаконне, і адкрыта заяўляў пра рабаўніцкі характар гэтай кампаніі новых уладаў. З боку багаборніцкай улады прамога пакарання за гэта не было, затое ўвосень супраць Уладзіміра і жонкі было ўзбуджана следства па даносе хатняй работніцы пра іх “службовыя злоўжыванні”.
Надуманае абвінавачанне не пацвердзілася. Больш за тое, апытаныя людзі расказвалі не пра выдуманыя злачынствы Уладзіміра Мікалаевіча, а пра яго бескарыслівую дапамогу асабістымі сродкамі і маёмасцю тым, хто меў у гэтым патрэбу.
Але ўсё ж 9 верасня 1922 года Уладзімір Мікалаевіч быў прыгавораны Віцебскім губернскім рэвалюцыйным трыбуналам да пазбаўлення волі са строгай ізаляцыяй на адзін год. Яму забаронена было працаваць следчым на працягу трох гадоў. А Веру Віктараўну прыгаварылі да аднаго года пазбаўлення волі ўмоўна з двухгадовым выпрабавальным тэрмінам.
У турме Уладзіміру Мікалаевічу стварылі неймаверныя ўмовы. Ён быў змешчаны ў адну камеру са сваімі нядаўнімі падследнымі па крымінальных справах. Цяжка хворая жонка заставалася адна з трыма дзецьмі ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў, без сродкаў да існавання і маючы патрэбу ў тэрміновай медыцынскай аперацыі. Справа была пададзена на касацыю. Уладзімір Елянеўскі трымаўся і верыў.
Гаворачы словамі свяціцеля Іаана Златавуста, “яго не зламалі ні судзілішча, ні мучыцель, ні незлічоныя катаванні, ні тысячаразовыя пагрозы смерцю, ні суддзі з полымем у вуснах, ні ворагі, якія скрыгочуць зубамі і ўзводзяць разнастайныя інтрыгі, ні нахабны паклёп, ні бессаромныя абвінавачанні, ні з’яўленне смерці штодня перад вачыма …”
29 лістапада 1922 года Касацыйная калегія Вярхоўнага трыбунала УЦВК вызваліла Уладзіміра Мікалаевіча з турмы па амністыі з прычыны 5-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, але прысуд пакінула ў сіле.
Здароўе Веры Віктараўны ад такіх выпрабаванняў моцна пахіснулася, і ў 1923 годзе яна адышла да Госпада.
Уладзімір Мікалаевіч застаўся без працы, а трэба было гадаваць траіх дзяцей. На жыццё зарабляў аказаннем юрыдычных паслуг, кансультацыямі, афармленнем скарг і заяў грамадзян.
Сям’я жыла вельмі бедна. Ад голаду як мог ратаваў брат Уладзіміра Мікалаевіча, Феафіл Елянеўскі, які ў гэты час жыў у роднай вёсцы Плоскае.
У лютым 1926 года Уладзімір Мікалаевіч спрабаваў уладкавацца на працу па спецыяльнасці, але беспаспяхова. Затое ў гэтым жа годзе Уладзімір Елянеўскі ізноў быў абраны ў Епархіяльны савет Полацка-Віцебскай епархіі. Кандыдатура Елянеўскага прапаноўвалася для пасвячэння ў епіскапа на Полацка-Віцебскую кафедру. Гэты факт, несумненна, сведчыць пра духоўны аўтарытэт Уладзіміра Мікалаевіча сярод праваслаўных Віцебска.
У першыя дзесяцігоддзі новай улады было небяспечна вызнаваць сябе прыхільнікам Патрыяршай Царквы: гэта прыводзіла да страты сродкаў на існаванне і непазбежнага арышту. Аднак нязломная вера, вернасць Царкве і асабістая мужнасць вызнаўца Уладзіміра рэзка адрозніваліся ад пазіцый многіх яго сучаснікаў, якія спрабавалі выратаваць сваё жыццё ў абнаўленчым расколе.
Ён не пабаяўся праявіць актыўную хрысціянскую пазіцыю ў найцяжэйшы перыяд ганенняў на Царкву.
У 1929–1931 гадах, у час знаходжання на Полацка-Віцебскай кафедры архіепіскапа Мікалая (Пакроўскага), Уладзімір Мікалаевіч як вопытны юрыст аказаў неацэнную дапамогу ў аднаўленні дзейнасці закрытых прыходаў і іх вяртанні з абнаўленчай юрысдыкцыі. Яго намаганнямі больш за пяцьдзясят прыходаў вярнуліся тады ва ўлонне Патрыяршай Царквы.
Гэта не засталася незаўважаным з боку багаборчай улады, і з 21 сакавіка 1931 года Уладзімір Мікалаевіч быў змушаны адмовіцца ад адзінай крыніцы прыбытку – сваёй прыватнай юрыдычнай практыкі з прычыны непасільнага падатку.
1 чэрвеня 1931 года ён быў арыштаваны другі раз і змешчаны ў адзіночную камеру Віцебскай турмы. Нават пасля яго арышту дачка-школьніца, якая засталася зусім адна, атрымлівала прадпісанні заплаціць велізарную суму падатку за юрыдычную дзейнасць бацькі.
Елянеўскі абвінавачваўся ў тым, што з’яўляўся членам групы Сапраўдна-праваслаўнай Царквы, натхняў насельніцтва на масавыя хваляванні, вёў актыўную антысавецкую агітацыю.
Падчас следства высветлілася, што Уладзімір Елянеўскі складаў вершаваныя малітвы, а пры ператрусе ў яго была нават канфіскавана невялікая малітва ўласнага складання.
На допыце ён называў сябе перакананым вернікам і адмаўляў сувязь з абнаўленцамі. На судзе вінаватым сябе не прызнаў.
Пастановай Асобай нарады пры Калегіі АДПУ ад 14 ліпеня 1932 года вырашана Елянеўскага з-пад варты вызваліць, пазбавіўшы права пражывання ў 12-ці памежных пунктах і Уральскай вобласці з прымацаваннем да месца жыхарства на тры гады. Фактычна гэта была ссылка.
У Віцебск Уладзімір Мікалаевіч вярнуўся інвалідам 2-й групы. Паўнавартасна працаваць ён не мог па стане здароўя, даводзілася трываць напаўгалоднае існаванне.
У той нялёгкі час дапамагаў яму выжываць сын Мікалай і малодшы брат Феафіл (арыштаваны 21 чэрвеня 1941 года і расстраляны 27 снежня 1941 года).
Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны і акупацыі Віцебска Уладзімір Мікалаевіч, нягледзячы на сваю цялесную немач, прыняў актыўны ўдзел у адраджэнні царкоўнага жыцця.
У Полацку і Віцебску з прылеглымі да яго гарадскімі і сельскімі паселішчамі першыя храмы адкрывалі мясцовыя жыхары, якія на працягу некалькіх перадваенных гадоў былі пазбаўлены магчымасці наведваць свае цэрквы і якія цяпер адчувалі невымоўную радасць, што самі будуць уладкоўваць храмы і маліцца ў іх.
Антырэлігійная прапаганда даваенных гадоў, якая суправаджалася жорсткімі рэпрэсіямі, накіраванымі супраць іншадумцаў, так і не змагла паралізаваць у іх душах імкненне да малітвы і вызнання Госпада.
Вось як пісаў пра адраджэнне царкоўнага жыцця ў Полацку прафесар П. Ільінскі: “Неўзабаве пасля прыходу немцаў у горадзе адкрыліся два праваслаўныя храмы… Народ паваліў у праваслаўныя цэрквы валам… Вёска была ўся праваслаўная. Хрышчэнне дзяцей рознага ўзросту налічвалася тысячамі; царкоўныя шлюбы, па большай частцы запозненыя, – шматлікімі сотнямі”.
Святары, якіх было відавочна недастаткова для задавальнення ўсіх духоўных патрэб, працавалі да поўнай знямогі. Пакуль не было партызан, амаль да лета 1942 года, служылі на святы ў горадзе, а ўвесь тыдзень выконвалі трэбы ў блізкіх і далёкіх вёсках.
Кожную нядзелю каля гарадскіх храмаў стаялі сотні вясковых фурманак. Рэлігійны ўздым быў стыхійны і незвычайны па сіле. Прыбыткі царквы былі таксама значныя, але немцы не абкладалі іх падаткамі, таму з’явілася магчымасць рамантаваць царкоўныя будынкі як тыя, якія ўжо функцыянавалі, так і астатнія.
Адкрыццё праваслаўных храмаў на Віцебшчыне курыраваў створаны пры Віцебскай гарадской управе царкоўны пададдзел, які існаваў пры аддзеле культуры. У жніўні 1941 года яго ўзначальваў Уладзімір Мікалаевіч Елянеўскі.
У матэрыялах фонду Віцебскай гарадской управы Дзяржархіва Віцебскай вобласці ўжо 13 жніўня 1941 года Елянеўскі згадваецца як загадчык царкоўнага аддзела Віцебскай гарадской управы. Пры яго ўдзеле мошчы прападобнай Еўфрасінні Полацкай былі перанесены з антырэлігійнага музея ў Пакроўскую царкву г. Віцебска.
Працаваў Уладзімір Мікалаевіч на гэтай пасадзе нядоўга: у верасні 1941 года ён быў звольнены нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. У час акупацыі Віцебска актыўна і бескарысліва ўдзельнічаў у адраджэнні царкоўнага жыцця. Сродкі да існавання здабываў прыватнай юрыдычнай практыкай, дапамагаючы мірнаму насельніцтву у рашэнні грамадзянскіх спраў.
Уладзімір Елянеўскі карыстаўся высокім даверам і павагай жыхароў Віцебска. Пра яго бескарыслівасць і брацкае стаўленне да людзей ведалі ўсе.
Калі яго сябар, вядомы віцебскі доктар Іезекііль Явелевіч Рываш, усвядоміўшы сваю долю падчас масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва нямецка-фашысцкімі акупантамі, прапанаваў яму забраць унікальныя кнігі і найкаштоўнейшую літаратуру з яго бібліятэкі, Елянеўскі адмовіўся. Сэнс слоў, сказаных ім, быў такі: “Чым змагу, тым дапамагу. Але браць нічога твайго не буду”.
Шмат у чым дзякуючы стараннасці, праяўленай Уладзімірам Елянеўскім, са жніўня ў Віцебску аднавілі сваю дзейнасць два храмы: Свята-Пакроўскі і Свята-Казанскі (Маркавага манастыра). «3 жніўня 1941 г., – адзначалася ў мясцовай газеце “Новы Шлях”, – было зроблена первае богаслужэнне ў Свята-Пакроўскай царкве, і з тых часоў бесперапынна, спачатку ў нядзельныя і святочныя дні, а затым і штодня сталі здзяйсняцца богаслужэнні…»
У віцебскай газеце “Новы шлях” ад 27 чэрвеня 1943 года было апублікавана паведамленне аб правядзенні ў Свята-Пакроўскай царкве Віцебска з’езда прадстаўнікоў духавенства і вернікаў Полацка-Віцебскай епархіі, мэтай якога было адкрыццё адміністрацыйнага царкоўна-прыходскага цэнтра. На гэтым з’ездзе Уладзіміра Мікалаевіча Елянеўскага абралі членам Акруговага благачынніцкага ўпраўлення. З’езд прыняў рашэнне аб арганізацыі пастырскіх курсаў, дзе Уладзімір Мікалаевіч быў выкладчыкам.
Увосень 1943 года ў сувязі з набліжэннем лініі фронту нямецкія ўлады праводзілі эвакуацыю грамадзянскага насельніцтва на захад, і Елянеўскі ў кастрычніку 1943-га выехаў у Дрысу, дзе выкладаў Закон Божы ў мясцовай гімназіі.
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе Уладзімір Елянеўскі пераехаў у Мінск і да 1948 года працаваў юрыстам у Мінскім епархіяльным упраўленні, дапамагаючы архіепіскапу Васілю (Ратміраву). Тут сумная вестка напаткала Уладзіміра Мікалаевіча: сын Мікалай прапаў на фронце без вестак яшчэ ў ліпені 1944 года. Трэба сказаць, што ў нялёгкім становішчы 1920–1930-х гадоў Уладзімір Мікалаевіч змог выхаваць яго сапраўдным хрысціянінам, добрым і чулым сынам.
Пра гэта сведчаць паводзіны Мікалая ў 1931 годзе пасля арышту Уладзіміра Мікалаевіча. Сын не даў паказанняў супраць бацькі. Хлопца выключылі з інстытута, але ён захаваў сыноўнюю любоў і адданасць.
Пасля заканчэння тэрміну ссылкі Уладзімір Елянеўскі вярнуўся ў Віцебск інвалідам 2-й групы. Стан здароўя не дазваляў паўнавартасна працаваць, таму даводзілася трываць напаўгалоднае існаванне. У 1944 годзе Елянеўскі пераехаў у Мінск і да 1948 года працаваў юрыстам у Мінскім епархіяльным упраўленні. У 1949-ым разам з малодшай дачкой Людмілай Уладзімір Елянеўскі вярнуўся ў Віцебск.
Нягледзячы на ўзрост і цяжкія хваробы, гэты перыяд яго жыцця таксама быў плённым. Ён меў перапіску і асабістыя сустрэчы з Мінскім архіепіскапам Піменам (Свірыдавым), па просьбе якога Уладзімір Мікалаевіч напісаў нарыс па гісторыі супрацьстаяння абнаўленчаму расколу ў Віцебскай епархіі ў 1920–1930-я гады.
Маючы ў пасляваенныя гады заслужаны аўтарытэт і прызнанне ў вышэйшых іерархаў Царквы, Елянеўскі, знаходзячыся ў гаротным матэрыяльным становішчы, у першую чаргу хадайнічаў перад вышэйшай царкоўнай уладай не пра сябе, а пра тых людзей, якія шмат папрацавалі ў справе духоўнага адраджэння.
Толькі ў 72 гады, у 1946 годзе, Уладзімір Мікалаевіч атрымаў пенсію па ўзросце, а 20 лістапада 1946 года – пенсію за сына Мікалая, які прапаў без вестак на фронце летам 1944 года.
8 красавіка 1954 года Уладзімір Мікалаевіч Елянеўскі памёр у Віцебску ва ўзросце 80 гадоў, усім сваім жыццём паказваючы ўзор дзейнай веры ў Бога, хрысціянскай дабрачыннасці, мудрасці, і вернасці Святой Праваслаўнай Царкве. На ім сапраўды споўнілася слова святога апостала Паўла, звернутае да падзвіжнікаў веры: “Вам дадзена не толькі верыць у Хрыста, але і пакутаваць за Яго”.
Унікальнасць лёсу вызнаўца Уладзіміра Елянеўскага заключаецца ў тым, што ён плённа ўдзельнічаў у царкоўным жыцці ў пераломныя для Царквы часы пачатку 1920-х гадоў, перыяду калектывізацыі 1929–1931 гадоў, адраджэнні Царквы ў 1941–1944 гадах і ў аднаўленні царкоўнага жыцця ў пасляваенны час.
Яго актыўная хрысціянская пазіцыя выявілася ў найцяжэйшы час ганенняў на Царкву, але мудрасць і прафесіяналізм юрыста, спалучаныя з гарачай верай у Бога, дазволілі Уладзіміру Мікалаевічу заняць дакладную пазіцыю ў няроўным дыялогу з багаборчай уладай і выкарыстоўваць усе законныя магчымасці для адраджэння, захавання і ўмацавання Праваслаўнай Царквы на Віцебшчыне.
Магіла святога Уладзіміра, вызнаўца Віцебскага, знаходзіцца на тэрыторыі Маркавага манастыра.
Рэабілітаваны 12 верасня 1989 года пракуратурай Віцебскай вобласці. Пастановай Сінода Беларускага Экзархата ад 4 лістапада 2007 года вызнаўца Уладзімір праслаўлены ў ліку Сабора Беларускіх святых. Памяць святога вызнаўца Хрыстовага Уладзіміра святкуецца ў дзень яго скону – 8 красавіка і ў 3-і Тыдзень па Пяцідзясятніцы.
…У свой час ва ўступным слове да кнігі “Сабор Беларускіх святых” Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт сказаў: “Царква свята шануе памяць пра гэтых пакутнікаў, і мы верым, што іх малітвамі і малітоўным заступніцтвам многіх іншых, нам пакуль невядомых падзвіжнікаў – і старажытных, і новых, мы здольныя і далей працягваць святую справу адраджэння царкоўнага жыцця з тым, каб зямля Беларусі яшчэ больш упрыгожылася богаўгоднымі справамі тых, хто яе любіць. Яны падобныя да пуцяводных зорак, што асвятляюць сабою часам вельмі цёмную прастору нашага шматпакутнага мінулага і служаць незаменнымі арыенцірамі на шляху спасціжэння гэтага мінулага, таму што без іх гісторыя губляе свой сэнс”.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
- https ://minds.by
- https ://churchby.info
- https ://spas-monastery.by
- https ://www.vitbichi.by
- https ://deiverbo. com
- https ://vitprav.by
- https ://www.pstbi.ccas.ru
- https ://exarchate.by
- https ://ilex.by
- https ://www.4-4.by
- https ://vitds.by
- https ://svbs.by