“Браты, пакайцеся!”: з гісторыі лёсу свяшчэннапакутніка Уладзіміра Талюша

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Уладзімір Дзмітрыевіч Талюш нарадзіўся ў 1891 годзе ў сям’і сельскага дзяка (псаломшчыка) у вёсцы Залужжа Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Старадарожскі раён). У 1912 годзе закончыў Мінскую духоўную семінарыю, пасля два гады настаўнічаў у розных царкоўна-прыходскіх школах.

Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Пачатак ХХ ст.
Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Пачатак ХХ ст.

У 1914 годзе Уладзімір Дзмітрыевіч Талюш мабілізаваны ў царскую армію і змагаўся на франтах Першай сусветнай вайны. Як вядома, гэта вайна стала першым ваенным канфліктам сусветнага маштабу, у які было ўцягнута 38 з 59 на той час незалежных дзяржаў (2/3 насельніцтва зямнога шара).

Пасля вайны, у 1918-м, зноў вярнуўся да настаўніцкай працы.

Уладзімір Талюш.

У 1920 годзе епіскапам Мінскім і Тураўскім Мелхіседэкам (Паеўскім) Уладзімір Талюш пасвечаны ў святары і прызначаны настаяцелем царквы ў гонар святога Георгія Пераможца вёскі Залужжа Бабруйскага павета Мінскай губерні, той самай царквы, у якой калісьці служыў дзякам яго бацька. Так пасля доўгіх пакут і тулянняў Уладзімір Талюш зноў вярнуўся на сваю малую радзіму.

Больш як дванаццаць гадоў служыў айцец Уладзімір у Залужжы. Аднавяскоўцы любілі свайго святара за дабрыню, увагу да іх патрэб, клопаты пра храм.

Салдаты і камандзіры – удзельнікі Першай сусветнай вайны (1914-1918).
Салдаты і камандзіры – удзельнікі Першай сусветнай вайны (1914-1918).
Храм у гонар святога Георгія Пераможца ў вёсцы Залужжа (цяпер Старадарожскі раён Мінскай вобласці).

Арыштавалі святара Уладзіміра Талюша 19 красавіка 1933 года. Была спроба збору сродкаў сярод прыхаджан для своечасовай выплаты распаўсюджанага ў той страшны час падатку з Царквы. Вельмі часта сума падатку ў разы перавышала месячны даход храма. Да таго ж нехта данёс на арыштаванага ўжо бацюшку, што той неяк сказаў аднавяскоўцам: “Браты, пакайцеся, наступіла гадзіна ганенняў на нас, не верце людзям, якія называюцца камуністамі, бо яны антыхрысты!”

Разам са святаром Уладзімірам арыштавалі яшчэ восем чалавек, жыхароў Залужжа і навакольных вёсках, якія  дапамагалі бацюшку ў зборы сродкаў для выплаты падатку. Гэта былі простыя сяляне, якія працай уласных рук здабывалі хлеб надзённы і якія наведвалі залужскую царкву, намагаючыся па меры сіл падтрымліваць яе дабрабыт. Людзей абвінавацілі ў тым, што яны арганізавалі нейкую “контррэвалюцыйную групу”, а святар Уладзімір узначаліў яе. Ніхто з арыштаваных вінаватым сябе не прызнаў.

Прыхаджане Мікалай Шыбко, Юрый Ралько, Ігнат Цыганкоў, Сімяон Свірын, Ціхан Мышко, Васіль Дражын, Іаан Мыльнік і Пётр Гейсік, якія праходзілі па групавой справе “клірыкаў і цывільных царквы св. впк. Георгія Пераможца вёскі Залужжа, 1933 г.”, былі прысуджаныя да розных тэрмінаў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры ці да ссылкі.

Святар Уладзімір Талюш у адпаведнасці з пастановай тройкі АДПУ ад 7 чэрвеня 1933 года атрымаў самы вялікі тэрмін – 10 гадоў лагераў. Дадому ён ужо не вярнуўся, прыняўшы пакутніцкую смерць у зняволенні. Пасля арышту бацюшкі і прыхаджан Георгіеўскую царкву перабудавалі і прыстасавалі пад клуб. Будынак храма вярнулі вернікам толькі ў 1991 годзе.

Свяшчэннапакутнік Уладзімір Талюш.

Іерэй Уладзімір Талюш далучаны да ліку мясцовашануемых святых пастановай Сінода Беларускага Экзархата ад 28 кастрычніка 1999 года, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.

Дні памяці:

Нядзеля 7-га лютага або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

7 чэрвеня – у дзень прысуду свяшчэннапакутніка Уладзіміра Талюша, прасвітара Залужскага.

Нядзеля 28 кастрычніка або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

  • http://sluck-eparchiya.by
  • https://hram.by
  • monasterium.by
  • Кривонос Феодор, священник. Жития священномучеников Минской епархии (1-я половина XX века). – Минск: издатель В.М. Скакун, 2002.
  • Новомученики Слуцко-Солигорской епархии/ сост. протоиерей Александр Шкляревский, Светлана Волохова. – Минск.: Христианский образовательный центр имени святых Мефодия и Кирилла, 2019.