Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Працягласць маршрута: Мінск – Чачэрск па дарогах (МКАД/М5; Р43 і Р30) 305 км.
Асноўны аб’ект на маршруце: храм Праабражэння Гасподняга, вул. Працоўная, 6-А, г. Чачэрск, Гомельская вобласць.
Транспарт: аўтамабіль.
Прыкладны час у дарозе: 3 гадзіны 40 хвілін.
З ГІСТОРЫІ ГОРАДА ЧАЧЭРСКА
Горад Чачэрск размешчаны за 70 км на поўнач ад Гомеля і за 37 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская, што на лініі Гомель – Жлобін. Аўтадарогамі злучаны з г. Ветка, г.п. Карма і аўтамагістраллю Гомель – Магілёў. Уваходзіць у турыстычны маршрут “Залатое кальцо Гомельшчыны”.

Назва аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі паходзіць ад балцкай назвы ракі Чачоры, дзе некалі з’явілася паселішча. Як сведчаць археалагічныя крыніцы, Чачэрск узнік у канцы Х ст. на месцы гарадзішча Замкавая гара на беразе ракі Чачора пры ўпадзенні яе ў Сож.
Першыя людзі з’явіліся ў гэтай мясцовасці вельмі даўно, сведчаннем чаго з’яўляюцца прадметы побыту жалезнага веку, што знайшлі пры раскопках стаянкі Бердыж на беразе Сожа (за 3 км на поўдзень ад вёскі Бердыж) у Чачэрскім раёне.
Названая стаянка – вядомы археалагічны помнік эпохі верхняга палеаліту на тэрыторыі Беларусі. Мяркуецца, што мае ўзрост прыкладна 24 тысячы гадоў. Абнаружана ў 1926 годзе беларускім вучоным-археолагам Канстанцінам Міхайлавічам Палікарповічам (1889 – 1963), заснавальнікам вывучэння каменнага веку на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя.

Лёс вучонага даволі цікавы і заслугоўвае асобнай згадкі, а яго справы – удзячнай памяці нашчадкаў. Родам Канстанцін Міхайлавіч з вёскі Белая Дуброва Чэрыкаўскага павета (цяпер – Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці).
Нарадзіўшыся ў сям’і святара, юнак закончыў Магілёўскае духоўнае вучылішча, Магілёўскую духоўную семінарыю і стаў настаўнікам царкоўна-прыходскай школы. У вольны час дэталёва вывучаў літаратуру па археалогіі, праводзіў палявыя археалагічныя даследаванні.
У 1923 годзе Канстанцін Палікарповіч паступіў на працу ў Гомельскае губернскае бюро краязнаўства, з 1926 года стаў членам гісторыка-археалагічнай камісіі Інбелкульта. Затым лёс прывёў Канстанціна Міхайлавіча на працу ў Акадэмію навук БССР, дзе ён стаў кандыдатам гістарычных навук, начальнікам сектара археалогіі Інстытута гісторыі.
У час Другой сусветнай вайны быў у эвакуацыі ў Казахстане, дзе працаваў у геалагічнай экспедыцыі і адначасова даследаваў археалагічныя помнікі.
За больш чым 30 гадоў даследчай працы беларускім вучоным Канстанцінам Палікарповічам знойдзены многія старажытныя паселішчы эпохі палеаліту (Бердыж, Елісеевічы, Юровічы і інш.), мезаліту (Журавель, Крыжы, Печанеж і інш.), сотні стаянак эпохі неаліту, паселішчаў і могільнікаў жалезнага веку.
Адкрыццё Бердыжскай стаянкі на Чачэршчыне сталася важнай крыніцай інфармацыі пра засяленне тэрыторыі сучаснай Беларусі старажытным чалавекам у эпоху палеаліту, пра лад яго жыцця, метады палявання на буйных жывёл, у тым ліку і на мамантаў.

…У VIII ст. на Чачэршчыну прыйшлі ўсходнеславянскія плямёны радзімічаў. Сучасны Чачэрск, як сцвярджаюць археолагі, быў адгалінаваннем на шляху “з варагаў у грэкі”. Праз Чачэрскае староства (існавала такая адміністрацыйная адзінка) праходзіла дарога на Балтыйскае мора, з горада Уладзіміра ў цяперашні польскі Торунь. Цікава, што за праезд бралі пошліну, памер якой лічылі па колькасці коней.
Упершыню Чачэрск згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 годам у сувязі з іменем кіеўскага князя Алега, якому пасля смерці бацькі Святаслава перайшоў горад, што тады адносіўся да Кіеўскай Русі. Многія подзвігі князя Алега Святаслававіча з аповесці “Песнь о Вещем Олеге” здзейснены менавіта ў Чачэрску.
У XII – XIII стст. Чачэрск уваходзіў у Чарнігаўскае княства. У той час умацаваны цэнтр паселішча абвялі высокім земляным валам.
У XIV ст. на месцы дзядзінца, у паўночна-ўсходняй частцы горада, узвялі Чачэрскі замак (праіснаваў да XVІІІ ст.).
З сярэдзіны XIV ст. з’яўляўся цэнтрам воласці ў Вялікім Княстве Літоўскім, з 1509 года – мястэчкам Віленскага ваяводства.
У 1510 годзе ў цэнтры Чачэрска ўзведзена драўляная ратуша, пабудова якой з’яўляецца ўскосным сведчаннем таго, што горад меў магдэбургскае права.
З сярэдзіны XIV ст. і да 1774 года Чачэрск знаходзіўся ў складзе ВКЛ, а затым Рэчы Паспалітай.
У 1629 годзе Чачэрск і в. Зяцькавічы па просьбе мяшчан атрымалі ад караля Жыгімонта ІІІ права на правядзенне гандлю – два двухтыднёвыя кірмашы на год, што значна паўплывала на росквіт мястэчка.

На пачатку XVІІІ ст. у Чачэрску налічвалася 7 вуліц, дзе размяшчаліся 542 будынкі, дзейнічалі 4 царквы і касцёл, працавалі карчма, млын і мытня.
З 1772 года, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, Чачэрск далучаны да Расійскай Імперыі. Праз два гады імператрыца Кацярына ІІ падаравала за вайсковыя заслугі Чачэрскае староства беларускаму генерал-губернатару графу Захару Чарнышову, які стварыў тут прыгонны тэатр і аркестр, а таксама ўнікальны архітэктурны ансамбль, што складаўся з мураванай ратушы, трох праваслаўных цэркваў і каталіцкага касцёла.
Чачэрская ратуша – унікальны помнік архітэктуры ў стылі класіцызму з элементамі псеўдаготыкі. Узведзеная ў другой палове XVІІІ ст. на заказ графа Чарнышова, яна займала цэнтральнае месца і быццам злучала асобныя пабудовы ў “ансамбль ідэальнага горада”. З верхніх ярусаў ратушы праглядваліся цудоўныя краявіды на пойму рэк Сож і Чачэра, на стары парк і Замкавую гару.
Квадратнай формы будынак ратушы мае 2 асноўныя паверхі, цокальны, вялікі пакой на 4-м ярусе і завяршаецца драўлянай башняй, што мае 2 памяшканні.
Вокны на першым паверсе ратушы прамавугольныя, над імі гатычныя паўаркі другога паверха, а вышэй – карніз з ляпнымі кранштэйнамі. Па вуглах размешчаны невялікія дэкаратыўныя вежы, што завяршаюцца складанымі шпілямі. На самай высокай, цэнтральнай, вежы – доўгія арачныя вокны.
Адноўленая пасля пажару 1972 года, ратуша ў Чачэрску з’яўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. У будынку ў сакавіку 2005 года ўладкаваны Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей (цяпер часова размяшчаецца па вул. 50 гадоў БССР, д. 18).

У канцы XVІІІ ст., каля 1780 года, у мястэчку Чачэрск заснавана шкломануфактура.
Праз пэўны час чачэрскае шкло (багемнае, белае ліставое, аконнае і інш.) прызнана найлепшым і адзначана за добрую якасць на Прамысловай (1859) і Усерасійскай (1860) выставах у Маскве.
Пасля адмены прыгоннага права развіццё горада паскорылася. Адкрыліся мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы, бальніца. Расквітнеў гандаль: штогод праводзіліся 4 кірмашы. З чачэрскай прыстані “Крэмень” па Сожы адпраўлялася грузаў больш, чым паступала.
У адпаведнасці з перапісам 1897 года, у мястэчку налічвалася 328 двароў, дзейнічалі 4 цэрквы, касцёл, 6 іўдзейскіх малітоўных школ, працавалі бальніца, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора, паштовая станцыя, 80 крамаў, карчма, прыстань, метэаралагічная станцыя (з 1885 года). Каля Чачэрска пачалі распрацоўваць вапняк. Пры вучылішчах працавалі бібліятэкі. На пачатку ХХ ст. дзейнічала пазыкова-ашчадная каса, адкрыліся крэдытнае і спажывецкае таварыствы. Мястэчка з кожным годам квітнела, але вайна парушыла мірнае жыццё.
З 1 сакавіка 1918 года да 14 студзеня 1919 года Чачэрск займалі нямецкія войскі.
З 1 студзеня 1919 года мястэчка ўвайшло ў склад БССР, але 16 студзеня 1919 года Чачэрск разам з іншымі этнічна-беларускімі тэрыторыямі перададзены ў склад Гомельскай губерні РСФСР. З 1926 года Чачэрск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам Чачэрскага раёна.
У 1938 годзе Чачэрск атрымаў статус гарадскога пасёлка. Аднак яго далейшае развіццё было спынена Вялікай Айчыннай вайной.

На пачатку вайны ў Чачэрску дзейнічаў эвакапункт, у гарадскім пасёлку і раёне сфарміраваны знішчальны батальён, атрад народнага апалчэння.
У раёне Чачэрска вяліся цяжкія баі савецкай 21-й арміі з часцямі нямецкай 2-й арміі. На жаль, ворагу ўдалося прарваць фронт.
16 жніўня 1941 года фашысты акупавалі Чачэрск. Стварылі ў горадзе гета, спальвалі ў раёне вёскі, расстрэльвалі мірных жыхароў. Старажытную ратушу ператварылі ў турму, арганізавалі лагер для ваеннапалонных.
За 27 месяцаў акупацыі фашысты знішчылі больш за 300 гарадскіх будынкаў (на шчасце, Спаса-Праабражэнская царква захавалася), цалкам спалілі 14 вёсак у раёне, з іх 3 вёскі разам з людзьмі. Амаль 2 тысячы мірных жыхароў былі закатаваныя, павешаныя ці расстраляныя.

Нягледзячы на жахлівыя ўмовы, рызыкуючы жыццём, жыхары Чачэршчыны самаахвярна змагаліся з ворагам, набліжаючы перамогу.
У раёне дзейнічалі партызанскія брыгады і атрады, выдавалася падпольная газета “Смерть оккупантам”.
27 лістапада 1943 года падчас Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі войскамі 63-й арміі Беларускага фронту Чачэрск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пасля вайны самаадданай працай людзі змаглі аднавіць родны горад. Але наперадзе чакала яшчэ адно страшнае выпрабаванне. Вялікай трагедыяй для жыхароў Чачэрска стала аварыя, што адбылася 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, пасля чаго амаль палову жыхароў Чачэрскага раёна адсялілі. Спынілі сваё існаванне 43 населеныя пункты. Цяпер у горадзе Чачэрску ўладкаваны помнік пакінутым вёскам…


Асноўны аб’ект на маршруце.
ХРАМ ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА
Чачэрскі Спаса-Праабражэнскі храм – унікальны помнік дойлідства класіцызму. Размешчаны мураваны храм-ратонда на скрыжаванні некалькіх цэнтральных вуліц горада.
Мяркуецца, што аўтарам праекта Спаса-Праабражэнскага храма мог быць рускі архітэктар Васіль Бажэнаў або італьянец Джакома Кварэнгі.
Спаса-Праабражэнскі храм пабудаваны ў 1783 годзе па замове графа Захара Чарнышова ў ансамблі з трыма іншымі храмамі (не захаваліся).
Мураваны двух’ярусны храм-ратонда (у плане круг з унутраным дыяметрам каля 15 метраў) завяршаецца паўсферычным купалам на ступеньчатым барабане (драўляная канструкцыя).
Над бабінцам (прастакутны ў плане аб’ём з франтонам на галоўным фасадзе) пабудавана васьмерыковая вежа-званіца, накрытая гранёным невысокім купалам.
З усходу да Спаса-Праабражэнскага храма прылягае прастакутная ў плане алтарная апсіда.
“Асноўны аб’ём падзелены на ярусы развітым дарычным антаблементам. Сцены ніжняга ярусу рытмічна расчлянёныя пілястрамі, паўкруглымі і плоскімі нішамі, верхняга ярусу – квадратнымі вокнамі, паміж якімі фігурныя філянговыя рамы”, – так падае апісанне храма гісторык архітэктуры Уладзімір Аляксандравіч Чантурыя.
Аконныя праёмы храма прамавугольныя.

Асноўнае памяшканне храма – адзіная прастора. Алтарная частка аддзелена шасцістворкавым іканастасам.
Над уваходам у залу ўладкаваны драўляныя хоры. Пілястры ўпрыгожаны стылізаванымі іанічнымі капітэлямі.
Па некаторых звестках, ва ўсіх чачэрскіх храмах, пабудаваных некалі па загадзе графа Чарнышова, у 1882 годзе налічвалася па два абразы (Узнясення Гасподняга і Успення Прасвятой Багародзіцы), напісаныя запрошаным у Чачэрск італьянскім жывапісцам, ва ўсіх цэрквах было дарагое сярэбранае начынне і рызы.

Мінула крыху больш за стагоддзе…
У 1897 годзе Чачэрск наведаў епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Місаіл. У справаздачы пра гэтую падзею ў “Магілёўскіх Епархіяльных ведамасцях” паведамлялі: “Прыпісная Спаса-Праабражэнская царква, звонку і ўнутры непрывабная, сырая, ад сырасці і занядбання адвальваецца па месцах тынкоўка. Набажэнствы здзяйсняюцца ў гэтай царкве вельмі рэдка; начынне пасрэднае”.
Пройдзе час, і менавіта Спаса-Праабражэнская царква стане цэнтрам праваслаўя на Чачэршчыне. У многім гэта адбудзецца дзякуючы святару Іаану Пішчыкаву, які, як сведчаць даныя “памятнай кніжкі Магілёўскай губерні на 1914 год”, у год пачатку першай сусветнай вайны служыў у Спаса-Праабражэнскай чачэрскай царкве.
Амаль не захавалася звестак, што адбывалася з храмам пасля рэвалюцыі і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Вядома, што царква да вайны працягвала дзейнічаць. Так, гісторык Святлана Сілава, абапіраючыся на дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, паведамляе, што ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці немцы разрабавалі Спаса-Праабражэнскую і могілкавую Георгіеўскую цэрквы, знішчылі плашчаніцы і каля дваццаці абразоў, напісаных манахамі і жывапісцамі Кіева-Пячэрскай лаўры ў XVIII ст., ператварылі гэтыя храмы ў лагеры для ваеннапалонных.
Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, у чэрвені 1946 года, будынак чачэрскага Спаса-Праабражэнскага храма і культавая маёмасць у адпаведнасці з дамовай з выканкамам перададзены ў карыстанне прыходу Праваслаўнай Царквы. Аднак да 21 мая 1953 года ў храме размяшчаліся склады райспажыўсаюза.
У гісторыка-этнаграфічным музеі Чачэрска знаходзяцца дакументы, што сведчаць пра неаднаразовыя хадайніцтвы прыхаджан разам з протаіерэем Іаанам Пішчыкавым аб вяртанні вернікам храма. Гэтае пытанне нават разглядалася ў Савеце па справах Рускай Праваслаўнай Царквы пры Савеце міністраў СССР, пасля чаго мясцовыя ўлады атрымалі ўказанне намесніка старшыні Савета міністраў Еўдакіі Уралавай вызваліць будынак Спаса-Праабражэнскай царквы і перадаць яго вернікам. Гомельскі аблвыканкам прапанаваў паведаміць аб выкананні ўказання да 30 сакавіка 1953 года. Аднак тагачасныя мясцовыя ўлады не спяшаліся.
Трэба сказаць, што толькі пасля трэцяга напамінку будынак храма быў вызвалены ад зерня і маёмасці райспажыўсаюза і вернуты Царкве.
Прымалі Спаса-Праабражэнскі храм яго настаяцель протаіерэй Іаан Пішчыкаў і стараста Чумакоў. Гэты факт таксама з’яўляецца сведчаннем, што з 1915 года да 1953 года справамі храма займаўся святар Іаан, які дапамог святыні перажыць усе навалы ХХ ст. і вярнуць царкву прыхаджанам.
Старажылы Чачэрска добрым словам згадваюць святароў Іаана Пішчыка і Мікалая Коржыча, якія доўгія гады аддалі служэнню Госпаду і людзям у Спаса-Праабражэнскім храме.
Пабудаваны ў канцы XVIII ст., Спаса-Праабражэнскі храм перажыў войны і багаборніцкія часы, калі ў Чачэрску былі разбураны два іншыя храмы і могілкавая капліца, касцёл Святой Троіцы, загінула большасць абразоў.
У 2000-х гадах храм адрэстаўравалі, ён прадаўжае дзейнічаць і цяпер.

Адзначым, што ў алтары Спаса-Праабражэнскай царквы Чачэрска раней захоўвалася ікона XVII ст. “Сашэсце ў пекла”, шэдэўр беларускага мастацтва. На рамцы кірыліцай значыцца надпіс: “сей образ оферовал Янъ Санковичъ до Храму Воскресенія Христова в Чечерску на честь и на хвалу Господу Богу. Року 1678”.
З 1978 года святыня знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (у храме – спіс іконы). У 2004 годзе абраз быў прадстаўлены на выставе ў Мілане.
…Сёння ў чачэрскі храм імкнуцца паломнікі не толькі з Беларусі і замежжа. Святыню часта наведваюць навучэнцы школ і каледжаў.

Сучасны Чачэрск, нягледзячы на невялікі турыстычны патэнцыял, цікавіць падарожнікаў.
Акрамя культурных устаноў і гістарычных славутасцяў, у горадзе функцыянуюць кафэ і рэстаран, дзе можна падсілкавацца з дарогі. Працуе гарадская гасцініца, дзе ёсць магчымасць уладкавацца на некалькі дзён, каб няспешна агледзець наваколлі старажытнага Чачэрска.

Кожны, хто прыязджае ў Чачэрск, імкнецца аддаць даніну памяці мінуламу і ўскласці кветкі да помнікаў, наведаць музей, прайсці па тэрыторыі колішняй сядзібы Чарнышова-Круглікава, палюбавацца спалучэннем архітэктурнага рамантызму і позняй готыкі, разгледзець ажурнае чыгуннае ліццё і адчуць асаблівую атмасферу старажытнага горада. А яшчэ – абавязкова памаліцца разам з вернікамі падчас набажэнства ў Спаса-Праабражэнскім храме.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Літаратура
Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць /С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал.рэд.) [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 2005. – С. 479 – 473.
Культура Беларусі : энцыклапедыя: [у 6 т.]. – Мінск: БелЭн, 2015. – Т.6. – С. 443.
Памяць : Чачэрскі раён. – Мінск, 2000. – 622 с.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа]. – Мінск: БелЭн, 2007. – 653 с.
Чантурия, В.А. Архитектурные памятники Белоруссии / В.А. Чантурия. – Минск: Полымя, 1982. – 223 с.
Крыніцы
- https://belarus.belarusenc.by
- https://hram.by
- https://chechersk.cerkov.ru
- https://bis.nlb.by
- http://szlachta.io.ua
- https://drevlehranitel.by
- https://poshyk.info
- https://strada.by
- https://gs.archives.gov.by
- https://www.radzima.org
- https://planetabelarus.by
- https://ekskursii.by
- https://34travel.me
- https://belarus24.by
- https://chechersk.gov.by






