“Час збіраць камяні”: храм у гонар святога Архангела Міхаіла ў аг. Зембін Барысаўскага раёна

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Працягласць маршрута: па аўтамабільнай трасе (М3, Р3) адлегласць ад Мінска да Зембіна 75 км.

Асноўны аб’ект на маршруце: храм Святога Архангела Міхаіла, вул. Савецкая, 11,  аг. Зембін, Барысаўскі раён, Мінская вобласць.

Транспарт: прыгарадны цягнік або маршрутнае таксі да г. Барысава (з наступнай перасадкай на аўтобус Барысаў-Зембін); аўтамабіль.  

Самы хуткі шлях да аб’екта на асабістым транспарце: выезд з Мінска на трасу М3 (ад перасячэння Лагойскага тракту з Мінскай кальцавой дарогай М9 і на паўночны ўсход да Лагойска, 41 км), затым на магістраль Р3 ад Лагойска да Зембіна (34 км).

Час у дарозе: прыгарадным цягніком Мінск-Барысаў – каля 1 гадзіны 40 хвілін, на маршрутным таксі – ад 1 гадзіны з Мінска да Барысава; на аўтобусе з Барысава да Зембіна – ад 35 хвілін; на асабістым аўтамабілі з Мінска да Зембіна – прыкладна 1 гадзіна.

Карта Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.

З ГІСТОРЫІ ЗЕМБІНА

Аграгарадок Зембін размешчаны пры Стара-Віленскім шляху, на беразе ракі Зембінка (прыток Гайны). Знаходзіцца за 30 км на паўночны захад ад Барысава на перакрыжаванні аўтамабільных дарог Барысаў-Плешчаніцы і Лагойск-Бягомль.

Аграгарадок Зембін.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Зембін згадваецца ў 1526 годзе. У адпаведнасці з даследаваннямі ХІХ ст., Зембін – старэйшае паселішча ў наваколлі, але дакладная дата яго заснавання невядома.

У сярэдзіне ХVI ст. тут існаваў вялікі маёнтак князёў Радзівілаў. Пра значнасць яго сведчыць той факт, што кіраваў ім дзяржавец, якіх прызначалі ў ВКЛ толькі ў велікакняжацкія або буйныя маёнткі. На працягу стагоддзяў уладальнікамі Зембіна былі многія вядомыя шляхецкія роды – Кішкі, Саковічы, Патоцкія, Война-Ясянецкія, Храптовічы, Ліхадзіеўскія, Халхоўскія.

Уладальнікі мястэчка мяняліся даволі часта. Зембін на працягу стагоддзяў перажываў перыяды росквіту і заняпаду.

У 1640 годзе дамініканцы заснавалі тут манастыр, пры якім дзейнічаў шпіталь, працавала прыходская школа, бібліятэка, што з часам стала адной з найбуйнейшых у акрузе. На жаль, бібліятэка згарэла ў час ваенных дзеянняў 1812 года.

У перыяд Паўночнай вайны (1700 – 1721 гг.) паселішча было спустошана і страціла статус мястэчка.

Да 1777 года ў Зембіне налічвалася 38 двароў, 2 вадзяныя млыны, карчма і піваварня. Пераломным у лёсе Зембіна лічыцца 1783 год.

Тагачасны ўладальнік Іаахім Храптовіч дамогся вяртання паселішчу статуса мястэчка і запрасіў сюды вольных людзей, стварыў умовы для вядзення гандлю. У мястэчку пачалі сяліцца яўрэі, рамеснікі і гандляры, якія павінны былі выплочваць землеўладальніку толькі фіксаваны падатак-чынш.

Згадаем, што Іаахім Храптовіч быў выбітным эканамічным дзеячам, які ў сваіх уладаннях здзейсніў рэформы, што надоўга апярэдзілі час і прынеслі поспех і росквіт Зембіну, а таксама  Шчорсам над Нёманам – роднаму мястэчку Храптовіча, дзе ён стварыў вольную вёску ў час прыгоннага права.

Зембін хутка разрастаўся. З’явіліся новыя вуліцы з вялікімі дамамі і гандлёвымі лаўкамі, праз некаторы час – сінагога, што існавала да Другой сусветнай вайны. Мястэчка хутка ператваралася ў культурны і гандлёвы цэнтр. Але, на жаль, у 1790 годзе здарыўся пажар, які знішчыў зембінскі манастыр і касцёл.

У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Зембін апынуўся ў складзе Барысаўскага павета Расійскай імперыі. Новыя ўлады адабралі мястэчка ў Іаахіма Храптовіча, але ў 1807 годзе вярнулі яго сыну Ірынею.

У 1795 годзе ў мястэчку па дарозе на Барысаў адкрылі паштовую станцыю, дзе працавала 4 паштальёны і налічвалася 8 коней.

У пачатку ХІХ ст. у Зембіне на месцы старога драўлянага будынка, што згарэў падчас пажару, пабудавалі новы мураваны касцёл Узнясення Дзевы Марыі. Грошы на будаўніцтва выдаткаваў таксама Іаахім Храптовіч. Лёс храма няпросты. Яго будаўніцтва прыпала на нялёгкія часы раздзелаў Рэчы Паспалітай і было скончана толькі ў 1809 годзе. Спачатку касцёл быў канфіскаваны тагачаснай уладай, у пачатку ХХ ст. вернуты прыхаджанам, а з 1932 года закрыты і цяпер ад яго засталіся руіны. На самым версе франтальнай сцяны, пад старажытным каваным крыжам, доўгія гады гняздзяцца белыя буслы…

Росквіт мястэчка ў выніку вайны паміж Расійскай імперыяй і Францыяй і вызваленчых паўстанняў ХІХ ст. запаволіўся, але праз некаторы час справы зноў пачалі наладжвацца. У 1863 годзе тут адкрылі вышэйшае народнае вучылішча. Калі ў 1864 годзе ў Зембіне было толькі 50 двароў, то ў 1880 годзе – 139. Мястэчка стала цэнтрам воласці.

У 1897 годзе ў Зембіне налічвалася 1186 жыхароў. Тут, як у Ракаве і Івянцы, была распаўсюджана ганчарна-кафельная вытворчасць, вырабляўся гліняны посуд, зялёная кафля. Вырабы развозіліся па мясцовых вёсках, іх ахвотна набывалі гаспадары на зембінскім рынку.

У 1900 годзе ў Зембіне адбыўся вялікі пажар. Згарэла шмат драўляных дамоў, у тым ліку і драўляная Міхайлаўская царква. Пасля гэтага вырашылі будаваць мураваную. Так, з 1903 па 1908 год па праекце мінскага губернскага архітэктара Віктара Струева ў Зембіне быў пабудаваны новы мураваны храм у гонар святога Архангела Міхаіла.

На пачатку ХХ ст. у мястэчку налічвалася 4 кузні, вадзяны млын, школа, бальніца, пякарня, 23 магазіны, 3 карчмы і 5 пастаялых двароў. Працавала арцель для невідушчых.

З 1917 года зембінскія арцелі сталі сацыялістычнымі. Гаспадароў дваранскага паходжання прагналі з уласнай зямлі. У маёнтках зембінскай шляхты ўладкавалі ўстановы. У зембінскім маёнтку Свянціцкіх адкрылі савецкую школу,  а ў маёнтку Рагаўскіх Сержпутова – саўгас. Цяпер на месцы галоўнай сядзібы Зембіна мехдвор сельгаспрадпрыемства. А замест другой сядзібы Сержпутова – дзе-нідзе часткі старых падмуркаў сярод здзічэлых садовых і паркавых дрэў.

З лютага па снежань 1918 года, у час Першай сусветнай вайны, Зембін быў заняты нямецкімі войскамі, а ў 1919 годзе ўвайшоў у склад БССР.

У 1924 годзе Зембін ненадоўга стаў раённым цэнтрам, а ў 1927 годзе ўвайшоў у склад Барысаўскага раёна. На той час у мястэчку працавала 2 пякарні, 2 маслабойні, 5 кузняў, 2 сталярныя і 3 гарбарныя майстэрні, а таксама швейная і шавецкая. Аднак у 1933 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.

У час Другой сусветнай вайны з ліпеня 1941 года да 30 чэрвеня 1944 года Зембін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. З пачатку вайны побач з яўрэйскімі могілкамі (цяпер – вуліца Ізі Харыка) фашысты стварылі гета, якое было ліквідавана акупантамі 18 жніўня 1941 года. У гэты дзень фашысты расстралялі 927 яўрэяў, мірных жыхароў Зембіна, – старых, дзяцей і жанчын – большую частку насельнікаў мястэчка.

У 1967 годзе родзічы расстраляных зембінцаў на ўласныя сродкі абнеслі месца трагедыі бетоннай агароджай і ўстанавілі памятную дошку. У жніўні 2001 года на сродкі замежных родзічаў расстраляных вязняў зембінскага гета ўладкаваны помнік, а затым яшчэ 2 памятныя знакі.

На месцы зембінскага гета. “Памяць на крыві”.

На заходняй ускраіне Зембіна, побач з аўтадарогай Лагойск-Зембін, знаходзяцца старыя яўрэйскія могілкі. Там, у высокай траве, можна знайсці каля 60-ці надмагільных каменных помнікаў (мацейваў). Відаць, спачываюць пад імі продкі загінулых у зембінскім гета мірных вяскоўцаў…

На старых могілках на ўездзе ў Зембін з боку Барысава знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў 1944 годзе.

Шануюць у Зембіне яшчэ адну брацкую магілу. Як памяць пра гераічны подзвіг партызан 1-й антыфашысцкай брыгады, што пры падтрымцы брыгад “Дзядзі Колі” і “Смерць фашызму” 21 верасня 1943 года блакіравалі і атакавалі добра ўмацаваны варожы гарнізон. Адважныя мсціўцы загінулі, але 8 гадзін трывалі ў Зембіне цяжкі бой з гітлераўцамі.

Каля зембінскага Дома культуры размешчаны мемарыял землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, а таксама салдатам і камандзірам, што загінулі пры вызваленні Зембіна.

Мемарыял загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны. Зембін.
Ізі Харык. 1930-я гг.

Згадваючы гісторыю Зембіна, нельга не сказаць пра яго знакамітасцей. Менавіта тут карані члена прэзідыума Саюза пісьменнікаў СССР і БССР паэта Ізі Харыка (1898 – 1937), класіка яўрэйскай савецкай літаратуры, які свае першыя вершы нават публікаваў пад псеўданімам А. Зембін. Пісаў пераважна на ідыш. Чытачам вядомы яго паэмы “Мінскія балоты” (1924), “Шарманка” (1925), “Хлеб” (1925) і інш.

Некаторыя з вершаў Ізі Харыка сталі песнямі. А яшчэ цікавы факт з біяграфіі Ізі Харыка, што як фармацэўт Ісаак Давыдавіч у 1920-х гг. працаваў у барысаўскай аптэцы і нават некаторы час быў яе загадчыкам.

На жаль, лёс паэта Ізі Харыка і яго сям’і склаўся трагічна. Член партыі бальшавікоў, які дабравольцам уступіў у Чырвоную армію, галоўны рэдактар часопіса “Дер Штерн” (“Звезда”) не змог пазбегнуць арышту і расстрэлу ў 1937 годзе.  Месца пахавання невядома.

Дзіна Харык. 1930-я гг.

Жонка паэта, Дзіна Харык (у дзявоцтве – Матліна), правяла “як член сям’і здрадніка Радзімы” 8 гадоў у Карагандзінскім лагеры НКУС Казахскай ССР. Выжыла, вярнулася ў Мінск. Удавы паэта не стала ў 2003 годзе. Пра сыноў Юліка (1934 г.н.) і Давіда (1936 г.н.), якіх адправілі ў дзіцячы дом, увогуле нічога невядома. Рэабілітаваны Ізі і Дзіна Харык у 1956 годзе.

Перакладалі вершы вядомага яўрэйскага паэта Ізі Харыка Змітрок Бядуля, Ганна Ахматава, Алесь Дудар, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пятрусь Броўка і іншыя творцы. 

Дом, дзе нарадзіўся Ізі Харык. Крайняя справа – Дзіна Харык.

Зембінскі дом, дзе нарадзіўся паэт, не захаваўся. Яго знеслі ў верасні 2001 года. Відаць, аднаўленне палічылі вельмі затратнай справай. А вось вуліца ў гонар пісьменніка ў Зембіне ёсць. Пачынаецца вуліца Ізі Харыка ад месца, дзе размяшчаўся іх дом і дзе паэт правёў дзяцінства і юнацтва, а заканчваецца яўрэйскімі могілкамі.

Надзея Хадасевіч-Лежэ.

Яшчэ адна знакамітасць, лёс якой звязаны з Зембінам, – выбітная беларуска-французская авангардыстка Надзея Хадасевіч-Лежэ (1904 – 1982).

Надзея Хадасевіч нарадзілася на Віцебшчыне ў шматдзетнай небагатай сям’і. Праз некаторы час сям’я пераехала ў Зембін, на радзіму маці. З дзяцінства Надзея, якая адрознівалася энергічным і бойкім характарам, марыла стаць мастачкай.

У час Першай сусветнай вайны Хадасевічы эвакуіраваліся ў Тульскую вобласць, дзе Надзея наведвала гурток па маляванню і балетную студыю.

У 1919 годзе, смела пакінуўшы родны дом, адправілася ў Смаленск, дзе змагла ўразіць камісію сваімі малюнкамі. Нягледзячы на юны ўзрост, дзяўчынку прынялі ў дзяржаўную вольную майстэрню “Свомас”. Выкладчыкамі Надзеі Хадасевіч былі тэарэтык Уладзіслаў Стржамінскі і вядомы мастак Казімір Малевіч. Затым таленавітая дзяўчына пераязджае ў Варшаву, дзе вучыцца ў Акадэміі мастацтваў.

У Варшаве ў Надзеі Хадасевіч адбылося знаёмства з маладым мастаком Станіславам Грабоўскім, які праз пэўны час стаў яе мужам. У іх нарадзілася дачка Ванда. Адносіны з бацькамі Станіслава не складваліся, маладая сям’я шукала магчымасць з’ехаць куды-небудзь. І лёс прадаставіў такую магчымасць. Даведаўшыся, што вядомы французскі мастак Фернан Лежэ набірае вучняў, Надзея і Станіслаў падалі заяўку. Адказ прыйшоў станоўчы.

Так маладыя мастакі апынуліся ў Парыжы. Надзеі на той час было 22 гады. Тут ёй прыйшлося нялёгка. Муж, пакінуўшы Надзею з маленькай дачкою, з’ехаў у Іспанію. Каб неяк выжыць, Надзея прыбірала ў тым пансіёне, дзе жыла, гатавала абеды для пастаяльцаў.  Аднак знаходзіла час і для творчасці.

У час Другой сусветнай вайны, калі Францыю акупавалі фашысты, Надзея ўступіла ў Рух Супраціўлення, удзельнічала ў падпольнай барацьбе, прыюціла сірату – дзяўчынку-англічанку. Моцная духам жанчына выжыла адна з дзецьмі ў ваенным Парыжы. 

Пасля вайны дапамагала савецкім грамадзянам, у тым ліку і матэрыяльна, угаварыўшы знакамітых мастакоў аддаць свае карціны для аўкцыёна.

У 1952 годзе аўдавелы Фернан Лежэ, адзін з найбуйнейшых мастакоў Францыі першай паловы ХХ ст., прапанаваў былой вучаніцы выйсці за яго замуж. Ведаючы Надзею доўгія гады, мастак не сумняваўся, што толькі яна зможа правільна распарадзіцца ўсім, што ў яго ёсць. Сям’я купіла дом у прыгарадзе Парыжа, уладкавала там дзве асобныя майстэрні. Для Фернана і Надзеі. Там ствараліся выдатныя мазаікі і іншыя творы мастацтва. Сябры Фернана радаваліся за шчаслівую творчую сям’ю, але неўзабаве здарылася бяда. У 1955 годзе Лежэ перанёс інфаркт і ў хуткім часе памёр.

Надзея Хадасевіч-Лежэ прыклала ўсе намаганні, каб пабудаваць на іх уласным надзеле зямлі ў Правансе ў памяць пра свайго мужа персанальны музей. Дарэчы, музей функцыянуе да гэтага часу, штогод прымаючы тысячы наведвальнікаў.

У 1959 годзе Надзея Хадасевіч-Лежэ наведала Зембін, дзе сустрэлася з беларускімі родзічамі. Пазней яна не раз наведвала Савецкі Саюз. Знакамітая зямлячка шмат увагі надавала папулярызацыі творчай спадчыны Фернана Лежэ, ініцыявала  і арганізоўвала выставы савецкіх мастакоў у Францыі, аказвала падтрымку суайчыннікам.

У 1972 годзе Надзея Пятроўна Хадасевіч-Лежэ ўганаравана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга за вялікі ўклад у развіццё савецка-французскага супрацоўніцтва.

Мазаічныя пано Надзеі Хадасевіч-Лежэ. Зембін. Фотаздымак: Мікалуцкая Юліяна.

У карціннай галерэі Зембіна цяпер знаходзіцца 21 рэпрадукцыя карцін заходнееўрапейскага мастацтва XV – пачатку XX стагоддзяў і шэсць цудоўных аўтарскіх мазаічных пано – усё, што засталося з той значнай колькасці работ, адпраўленых Надзеяй Хадасевіч-Лежэ цягніком у дар радзіме. Кожная мазаіка, выкладзеная з мальтыйскага каменя і смальты, важыць прыкладна 300 кг.

Побач з зембінскай карціннай галерэяй размяшчаецца Музей народнай славы, дзе можна ўбачыць прадметы даваеннага побыту вяскоўцаў, дакументы акупацыйнага перыяду, фотаздымкі вязняў канцэнтрацыйных лагераў і вывезеных у Германію мірных жыхароў, макет зямлянкі і асабістыя рэчы партызан, такарны станок са зброевай майстэрні брыгады “Дзядзькі Колі”, што слаўна змагалася з фашыстамі на Барысаўшчыне.

Дарэчы, шматлікія турысты шчыра ўдзячныя за цікавыя расповеды пра старажытны Зембін і гісторыю лёсу выбітных землякоў цудоўнаму супрацоўніку музея і экскурсаводу Галіне Ігнатовіч. У кнізе водгукаў – словы захаплення і падзякі.

Уладзімір Раманавіч Вашкевіч.

Сярод знакамітых землякоў-зембінцаў згадаем таксама імя Уладзіміра Раманавіча Вашкевіча (1900 – 1970), савецкага военачальніка, генерал-палкоўніка (1954). У 1923 годзе Уладзімір Вашкевіч закончыў Вышэйшую кавалерыйскую школу. У час грамадзянскай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім і Паўднёва-Заходнім франтах. У 1928 годзе закончыў Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзе.

Уладзімір Вашкевіч прайшоў шлях ад чырвонаармейца рабоча-сялянскай Чырвонай арміі (1918), начальніка Штаба кавалерыйскага корпуса (1937-1939), начальніка Штаба 20-й арміі (1942 – 1944), начальніка Штаба Прыбалтыйскага (1945 – 1951) і Закаўказскага (1953 – 1954) ваенных акругаў да начальніка кафедры Акадэміі Генштаба СССР (1955).

Асноўны аб’ект турыстычнага маршрута

ХРАМ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА

Няпростая гісторыя лёсу храма Святога Архангела Міхаіла ў Зембіне. Час заснавання царквы невядомы.

З “Апісання цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі” за 1879 год вядома, што царква размяшчалася ў цэнтры мястэчка Зембін і існавала тут раней за 1752 год.

Храм Святога Архангела Міхаіла ў Зембіне.

Найбольш старажытнае пісьмовае сведчанне пра Зембінскую царкву адносіцца да 1682 года. На той час яна была ўніяцкай і прыпісана да прыхода Кімійскага храма. У самой Зембінскай царкве не было тады ні святара, ні ўласных земляў. Вельмі мала ў паселішчы было і вернікаў. Відаць, гэта тлумачыцца наступствамі чарговай вайны, што пракацілася па гэтых землях.

З часам царква Святой Троіцы ў Зембіне стала прыходскай. Вядома, што ў 1752 годзе яна ўжо мела гэты статус.

Па стане на 1806 год прыход зембінскага храма меў філіі ў Вялікай Трасцяніцы, Касцюках і Любчы.

Драўляная ўніяцкая царква Святой Троіцы згарэла ў 1807 годзе.

З “Гісторыка-статыстычнага апісання Мінскай епархіі” (1864), вядома, што ў мястэчку Зембін Барысаўскага павета ёсць драўляны Свята-Міхайлаўскі храм, пабудаваны ў 1811 годзе на месцы згарэлай царквы. Пры царкве мелася прыкладна 60 дзесяцін сядзібнай, ворнай і сенакоснай зямлі. Штатнае гадавое дараванне кліру складала 236 рублёў.

Заснавальнікам і фундатарам новага ўніяцкага храма, асвечанага ў гонар святога Архангела Міхаіла, з’яўляўся памешчык Франц Сержпутоўскі, дабрадзеямі – спадары Ратамскія. У той час прыхаджан налічвалася больш за 1000 душ: 530 мужчынскага полу і 590 жаночага.

Свята-Міхайлаўская царква была складзена з драўляных брусоў, дах пакрыты гонтай.

Праз некалькі гадоў пасля адкрыцця, у 1812 годзе, новы храм быў разрабаваны казакамі данскога корпуса, што ішлі праз мястэчка ўслед за арміяй Напалеона.

Вядома, што ў 1816 годзе прыход уніяцкай Свята-Міхайлаўскай царквы меў філію ў Любчы, складаўся з 1038 вернікаў. А ў 1825 годзе да прыхода адносілася 16 пасяленняў і ён меў ужо дзве філіі.

З 1839 года, пасля  скасавання ўніі, Свята-Міхайлаўская царква ў Зембіне стала праваслаўнай. Літаральна на наступны год за кошт прыхаджан храм ашалявалі, перакрылі дах.

У адпаведнасці з “Апісаннем цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі” за 1879 год вядома, што ў той час настаяцелем зембінскай драўлянай царквы Святога Архангела Міхаіла быў святар Геркулан Лаўроўскі, які служыў тут з 1844 года.

У 1858 годзе пры Свята-Міхайлаўскай царкве пачынае працаваць царкоўна-прыходская школа. Па стане на 1860 год там працаваў адзін настаўнік, вучылася сем хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Па нейкай прычыне трое пакінулі школу, а чацвёра закончылі вучобу.

Навучанне непарыўна спалучалася з выхаваннем у павазе да Праваслаўя. Выкладалі ў царкоўна-прыходскай школе Закон Божы, рускую і царкоўную грамату, духоўныя спевы і арыфметыку. У святочныя дні агранізавана наведвалі царкву.

Адзначым, што ў ХІХ ст. амаль усе прыхаджане зембінскага храма жылі па-за межамі мястэчка. Па стане на 1862 год у Зембіне было ўсяго дзевяць падворкаў прыхаджан, у якіх жыло 69 чалавек. На той момант прыход меў прыпісныя капліцы ў Любчы і Касцюках. У 1864 годзе прыход налічваў 1120 прыхаджан.

У 1869 годзе зембінскую драўляную Свята-Міхайлаўскую царкву капітальна адрамантавалі.

Да пачатку ХХ ст. царква мела выгляд прамавугольнага будынка з прытворам і вытыркнутай апсідай. Над дахам узвышалася размешчаная з боку галоўнага фасада вежа-званіца з купаламі. У сярэдзіне царкоўнага будынка – невялікая вежа з глухім купалам. Двое дзвярэй. Вокны размешчаны ў адзін рад. Звонку царква пафарбавана маслянай фарбай. З 1868 года псаломшчыкам тут служыў Грыгорый Сулкоўскі.

На жаль, 24 чэрвеня 1882 года Свята-Міхайлаўская царква была моцна пашкоджана пажарам. Яе ізноў прыйшлося рамантаваць. Пасля рамонту 12 верасня 1882 года храм быў асвечаны Барысаўскім благачынным протаіерэем Пастарнацкім.

21 мая 1900 года праваслаўных вернікаў Зембіна зноў напаткала няшчасце: Свята-Міхайлаўскі храм быў знішчаны падчас пажару. На той час прыход складаўся з 14 паселішчаў.

Надзеі на аднаўленне старога будынка царквы не заставалася. Трэба было будаваць новы.

У 1903-1904 гадах на тым жа месцы ўзводзіцца новы цагляны храм, асвечаны 19 кастрычніка 1908 года настаяцелем Барысаўскага Уваскрасенскага сабора протаіерэем Мікалаем Фалевічам.

Паблізу пабудавалі драўляныя дамы для святара і дыякана.

Аўтарам праекта, як ужо згадвалася, быў прызначаны мінскі епархіяльны архітэктар Віктар Струеў.

У пачатку 2014 года пры правядзенні рэстаўрацыйных работ настаяцелем зембінскага храма Святога Архангела Міхаіла протаіерэем  Андрэем Капульцэвічам знойдзены часаны фундаментны камень з надпісам: “Святый храм построен при священнике Константине Шафаловиче 1904 г.” Калі гэты камень быў закладным, то тады годам пачатку будаўніцтва трэба лічыць 1904 год.

Камень з надпісам пра заснаванне храма Святога Архангела Міхаіла ў Зембіне.

Як відаць з “Памятнай кніжкі Мінскай губерні”, першым настаяцелем асвечанага цаглянага  храма Святога Архангела Міхаіла ў Зембіне быў Канстанцін Мікалаевіч Шафаловіч. Відаць, ён жа служыў тут да пажару ў старой драўлянай царкве. Патомны дваранін, рукапаложаны ў святары ў 1868 годзе пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі. Псаломшчыкам з 1901 года служыў Андрэй Тарасевіч.

Праца па добраўпарадкаванні царквы працягвалася і пасля асвячэння. Завяршаліся сталярныя работы, рэстаўраваліся абразы, пашкоджаныя падчас пажару.

З 1915 года настаяцелем храма і адначасова благачынным Зембінскага благачыння стаў протаіерэй Канстанцін Дзянісавіч Радзівіновіч, рукапаложаны ў сан у 1908 годзе.

У 1922 годзе ўлады канфіскавалі са Свята-Міхайлаўскай царквы напрастольны сярэбраны крыж. Ад імя вернікаў айцец Канстанцін прасіў вярнуць святыню і нават абяцаў заплаціць за крыж зернавым хлебам. Канешне, крыж не вярнулі, а настаяцеля храма запісалі ў АДПУ ў лік неблаганадзейных. 

Дакументаў, што адлюстроўвалі б існаванне храма ў 1920-1930-х гг. не захавалася. Не існуе і афіцыйнага ўказа аб закрыцці храма. Як згадвалі мясцовыя вернікі сталага веку, царква ў той перыяд часта была зачынена з-за пастаяннай загрозы арышту святара. Аднак у храме адбываліся і вянчанні, і хрышчэнні.

У красавіку 1933 года настаяцель храма Святога Архангела Міхаіла протаіерэй Канстанцін Радзівіновіч быў арыштаваны. Яму прад’явілі абвінавачванне ў антысавецкай агітацыі і ў ліпені таго ж года асудзілі на пяць гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Адбываў святар заключэнне на будаўніцтве канала Масква – Волга.

Да розных тэрмінаў зняволення былі прыгавораны тады яшчэ некалькі святароў і вернікаў.

У лістападзе 1942 года на зембінскі прыход быў прызначаны іерэй Дзімітрый Знаменскі, які знаходзіўся ў высылцы ў Беларусі. На акупаванай тэрыторыі святар акармляў некалькі прыходаў Барысаўскага благачыння. Айцец Дзімітрый смела выконваў пастырскія абавязкі, нягледзячы на тое, што ў Зембіне размяшчаўся нямецкі гарнізон.

Падчас наступлення Савецкай арміі немцы прыстасавалі будынак царквы і навакольную тэрыторыю пад абарончы пункт. Тут знаходзілася і турма для тых, хто змагаўся з фашыстамі. Як вядома, паблізу Зембіна дзейнічала партызанская брыгада Героя Савецкага Саюза Пятра Лапаціна, больш вядомага як “дзядзька Коля”.

У час вызваленчых баёў у 1944 годзе пасёлак быў моцна разбураны, а сцены царквы пашкоджаны нязначна.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны храм ператварылі ў зернесховішча калгаса “Зара камунізму” і малацілку, а частку царкоўнай маёмасці перадалі ў Смаркоўскую царкву, якая на той час дзейнічала.

Руіны Свята-Міхайлаўскай царквы ў Зембіне. Канец ХХ ст.

Найбольшая шкода храму была нанесена ў 1965 годзе падчас здымкаў мастацкай карціны “Пераклічка”. (Рэжысёрскі дэбют сцэнарыста Данілы Храбравіцкага.) Старэйшыя жыхары Зембіна да гэтага часу памятаюць тую вандальную гісторыю.

На здымкі фільма былі запрошаны вядомыя таленавітыя акцёры – Таццяна Дароніна, Марыяна Вярцінская, Алег Стрыжэнаў, Васіль Мяркур’еў. Здымаліся тут і зусім юныя, але ўжо даволі папулярныя Яўген Сцяблоў і Мікіта Міхалкоў, які выконваў ролю камандзіра танка.

Танк Т-34, што для здымак фільма прадаставіла Беларуская ваенная акруга, ніяк не мог пратараніць паўтараметровую цагляную сцяну храма. Цэгла і кладка былі найвышэйшай якасці.

Вайсковыя сапёры ўзарвалі алтарную сцяну, пралом закрылі фальшывым мурам, і “трыццацьчацвёрка” нарэшце імкліва ўварвалася  ў алтар, каб (у адпаведнасці са сцэнарыем фільма) выбіць адтуль фашыстаў. Гэты эпізод доўжыўся ў фільме ўсяго некалькі секунд. І ніхто нават не задумаўся, што дзеля гэтых секунд нішчылася святыня.

Аднак рэжысёру патрэбна было большай драматычнасці ў кадры, і ён задумаў знішчыць надмагільныя крыжы і абавязкова праехаць танкам па магілах каля царквы.

Для гэтай сцэны і магілы, і крыжы стварылі бутафорскія. Некаторыя пажылыя вяскоўцы да гэтага часу згадваць, як да царквы прывезлі многа пяску, з якога фарміравалі несапраўдныя магілы, як з піламатэрыялаў выраблялі крыжы… І вось танк, выпаўзшы з зембінскай царквы, пачаў крышыць гусеніцамі крыжы і насыпаныя грудкі пяску…  Задума рэжысёра ўдалася. Але ўся трагедыя гэтага “высокамастацкага” дзейства заключалася ў тым, што танк нішчыў “штучныя” магілы на тым месцы, дзе рэальна пахаваны святары і шчырыя вернікі. Тыя, хто быў уганараваны пасля скону спачываць у царкоўнай агароджы. Як з вялікім болем згадваюць зембінцы, ад старых могілак на царкоўнішчы да канца 1960-х і так мала чаго захавалася, а пасля здымкаў фільма не засталося нічога.

Разбураная царква дзесяцігоддзі стаяла ў запусценні. З 1991 па 1996 год настаяцелем прыхода храма Святога Архангела Міхаіла быў святар Аляксандр Пачопка.

На пачатку ХХІ ст. царква Святога Архангела Міхаіла ў Зембіне ўяўляла сабою руіны ў зарасніку дрэў. Першую спробу аднавіць святыню здзейсніў новы святар храма Анатоль Лашкевіч, затым з 2009 года справу прадоўжыў настаяцель Зембінскай царквы айцец Андрэй Капульцэвіч. Многія вернікі, фундатары, нераўнадушныя людзі далучыліся да гэтай богаўгоднай справы. Сапраўды, надышоў “час збіраць камяні”.

Аднаўленне храма Святога Архангела Міхаіла.

Мясцовыя пажылыя жыхары, многія з якіх былі ахрышчаны ў Зембінскім храме, у час разбурэння яго пастараліся зберагчы і захаваць у сябе дома некаторыя царкоўныя рэчы, абразы і да т.п. І цяпер ужо нашчадкі тых вяскоўцаў вярталі ў адноўлены храм святыні.

Людзі ахвяравалі храму не толькі сродкі, але і сваю працу. Напрыклад, вядомы беларускі скульптар Канстанцін Козел вырабіў для царквы гранітны крыж і мармуровы прастол.

Сродкі на будаўнічыя матэрыялы вылучылі райвыканкам, футбольны клуб “БАТЭ” і асабіста старшыня праўлення клуба Анатоль Капскі, Беларускі аўтамабільны завод, Барысаўскі завод медпрэпаратаў і іншыя прадпрыемствы.

Аднаўленне храма ў гонар святога Архангела Міхаіла ў в. Зембін завяршылася ў 2014 годзе. У гэтым жа годзе здзейснілі і чын асвячэння храма.

Кожны дзень у адноўлены храм прыходзяць вернікі, часта наведваюць яго турысты і шматлікія паломнікі.

21 лістапада 2019 года ў храме Святога Архангела Міхаіла адбыліся ўрачыстасці ў гонар 111-годдзя з дня заснавання храма і 5-годдзя яго аднаўлення.

Настаяцель храма ў гонар святога Архангела Міхаіла протаіерэй Андрэй Капульцэвіч. Зембін. 2019 г. Фотаздымак: Клімковіч Аляксандр.

У 2023 годзе адбылося ўрачыстае свята ў Зембіне, прымеркаванае да 115-й гадавіны з дня асвячэння Свята-Міхайлаўскага храма.

12 лістапада 2023 года, у Нядзелю 23-ю па Пяцідзясятніцы, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у саслужэнні святароў Барысаўскай епархіі здзейсніў Божую літургію ў храме ў гонар святога Архангела Міхаіла. У час набажэнства ўзнесены малітвы за аднаўленне міру. Пропаведзь перад Прычасцем гаварыў протаіерэй Андрэй Капульцэвіч.

У час урачыстага набажэнства ў храме Святога Архангела Міхаіла. Зембін. 2023 г.Фотаздымак: Клімковіч Аляксандр.

Уладыка Экзарх перадаў у дар прыходу святога Архангела Міхаіла абраз Прасвятой Багародзіцы “Уладзімірская”, а таксама ўганараваў царкоўнымі ўзнагародамі як свецкіх, так і вернікаў, хто прыкладаў шчырыя намаганні для  аднаўлення храма і працаваў на прыходзе.

Урачыстае свята ў Зембінскім храме. Уручэнне Патрыяршым Экзархам узнагарод. 2023 г. Фотаздымак: Клімковіч Аляксандр.

У гэты ж дзень Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстае адкрыццё і здзейсніў асвячэнне гісторыка-патрыятычнага музея перыяду Вялікай Айчыннай вайны, уладкаванага на прыхрамавай тэрыторыі Зембінскага прыхода намаганнямі святароў Андрэя Капульцэвіча і Дзіянісія Снытко, настаяцеля храма Святой Жываначальнай Троіцы в. Швабы Лагойскага раёна.

Як лічаць зембінцы, гэты музей стане своеасаблівым падмуркам для духоўна-маральнага выхавання моладзі, якая свята шануе памяць пра загінулых у час вайны аднавяскоўцаў і цікавіцца гістарычным мінулым свайго краю.

Наведванне  турыстычнай групай Зембінскага прыхода. 2023 г.

У межах рэалізацыі праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і БПЦ прыход храма Святога Архангела Міхаіла аг. Зембін Барысаўскага раёна ўключаны ў рэкамендаваныя турыстычныя маршруты, што арганізоўваюць дзяржаўныя і прыватныя фірмы.

Экскурсійныя групы знаёмяцца з гісторыяй Зембіна і праваслаўнага прыхода, з цікавасцю наведваюць царкоўна-археалагічны музей, што дзейнічае пры храме. Настаяцель храма Святога Архангела Міхаіла протаіерэй Андрэй Капульцэвіч заўсёды гасцінна сустракае наведвальнікаў, цікава распавядае пра гісторыю святыні і благаслаўляе на далейшыя добрыя справы.

Зембінскі храм Святога Архангела Міхаіла стаў месцам духоўнага ўзбагачэння і натхнення як для мясцовых жыхароў, так і для паломнікаў. Адзначым, што з нядаўняга часу тут пастаянна знаходзіцца часціна святых мошчаў велікапакутніцы Варвары, памяць якой Праваслаўная Царква адзначае 17 снежня.

…А яшчэ ў Зембіне струменяць дзве крыніцы. Першая  – у заходняй частцы  аграгарадка, паблізу спалучэння вуліц Суворава і Калгаснай. Другая – прыкладна 10 метраў на поўнач ад моста на вул. Пралетарскай (левы бераг ракі Зембінкі).

Шматлікія турысты, бываючы ў Зембіне, абавязкова стараюцца наталіць смагу крынічнай жыватворнай вадой, каб адчуць у сабе сілы для далейшага шляху і знаёмства з цікавай гісторыяй гэтай старажытнай мясціны, каб адчуць маральную патрэбу зберажэння духоўнага скарбу роднага краю.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы: