Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Паміж Чорным і Спораўскім азёрамі, непадалёк ад ракі Дарагобуж, у Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці размешчана вёска Здзітава, адна са старэйшых на Брэстчыне.
Назва вёскі сустракаецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1252 годзе. Існуе і больш ранняе згадванне пра Здзітава, датаванае 1005 годам, у летапісах у ліку сёл, што ўваходзілі ў састаў Тураўскага княства.
Зручнае месцазнаходжанне абумовіла ранняе засяленне гэтай тэрыторыі. Праведзеныя раскопкі даказваюць, што людзі сяліліся тут яшчэ ў эпоху неаліта.
У 1430 годзе паселішча атрымала статус мястэчка і стала цэнтрам воласці. У дакументах за 1520 год Здзітава называюць горадам, жыхары якога карысталіся ўсімі правамі, даступнымі мяшчанам, неслі абавязковую воінскую службу і былі вызваленыя ад выплаты падаткаў.
З XVI стагоддзя паселішча ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Праз некаторы час статус горада быў страчаны. Здзітава стала мястэчкам, а пасля вёскай…
На тэрыторыі вёскі Здзітава, што з 2017 года ўваходзіць у склад горада Жабінка, знаходзіцца адзін з самых старажытных драўляных храмаў Беларусі – Свята-Мікіцкая царква. Пабудавана ў пачатку ХVІ стагоддзя Іванам Гурыным у памяць пра яго бацьку Мікіту, які быў воінам Вялікага князя Літоўскага Аляксандра Ягелончыка. Мікіта Гурын мужна змагаўся з ворагамі за князя і Айчыну, але, на жаль, у адным з баёў загінуў.
У знак удзячнасці за верную службу князь Ягелончык падараваў Здзітава Івану Гурыну, сыну адважнага воіна. У гонар нябеснага ахоўніка бацькі Іван пабудаваў тут царкву велікапакутніка Мікіты. Прызначыў на службу святара Саву і далучыў да храма найлепшы надзел ворнай зямлі ў вечнае карыстанне. Пра гэта гаворыцца ў першым згадванні пра Здзітаўскую царкву 15 студзеня 1502 года. Запіс зроблены ў Берасцейскім замку.
Царкву тройчы рамантавалі. Вядома, што капітальны рамонт адбыўся ў 1787 годзе, затым у 1830-м, падчас якога ў інтэр’еры царквы з’явіўся драўлянай разьбы іканастас. Яшчэ адзін рамонт храм перажыў у 1929 годзе. На шчасце, рэканструкцыі не парушылі прыгажосці царквы.
Агульная архітэктура ад самай пабудовы захавалася да гэтага часу: ацалелі паўтысячагадовыя падмурак, каркас і сама канструкцыя.
Свята-Мікіцкая царква – помнік драўлянага дойлідства, самабытны ўзор культавага будаўніцтва, які часта называюць “драўлянай казкай Палесся”. Пабудавана ў традыцыйным заходнепалескім стылі ў 1502 годзе на правым беразе ракі Мухавец. З драўляных брусоў, на мураваным падмурку.
Знаходзіцца непадалёк ад трасы Брэст-Масква, за некалькі соцень метраў ад Жабінкі.
За сваю доўгую гісторыю Свята-Мікіцкая царква ні разу не закрывалася. Разам з вернікамі храм перажываў і светлыя перыяды, і гады ліхалецця. У свой час царкву часта наведвалі прадстаўнікі роду Касцюшкаў, у тым ліку Людвік Касцюшка-Сяхновіцкі, бацька Тадэвуша Касцюшкі.
Лёс старажытных драўляных храмаў не заўсёды просты. Не ўсе яны з часам захаваліся, асабліва ў невялікіх вёсках. Людзі пераязджалі ў горад, прыхаджан з гадамі змяншалася. У гады богаборства храмы закрывалі, часта там размяшчалі розныя склады. Па волі Госпада такі лёс абмінуў невялікую цэркаўку ў Здзітаве.
Свята-Мікіцкая царква арыентавана ўваходам на захад. Будынак храма ў шырыню складае 9,4 метра, у даўжыню – 15,65 метра і 6 метраў у вышыню. Мае невыразны крыжападобны план, утвораны размешчанымі на адной восі галоўным зрубам з далучанымі да яго меншымі зрубамі бабінца і выцягнутай прамавугольнай апсіды.
Свята-Мікіцкі храм узведзены на каменным падмурку, на якім ляжыць ніжні вянок з дубу, а астатні зруб выкананы гарызантальнымі вянкамі з сасновых брусоў.
Знадворку сцены ў царкве вертыкальна пакрыты драўлянымі дошкамі і ўмацаваны сцяжкамі.
Дзве бакавыя сцяны апсіды маюць па адным прамавугольным акне, кожная з рызніц – па адным маленькім квадратным акне. Бакавыя сцены храма прарэзаны двума прамавугольнымі высока размешчанымі вокнамі з простымі ліштвамі.
Дах увянчаны невялікім барабанам з галоўкай. Летам 1976 года гонтавае пакрыццё царквы было заменена на сталёвае. Вузкія невысокія рызніцы, прыбудаваныя па баках да апсіды, накрыты аднасхільнымі дахамі. У XIX стагоддзі каля ўваходу пабудаваны каркасны тамбур пад двухсхільным дахам.
Непадалёк ад царквы размешчана двух’ярусная каркасная драўляная званіца, квадратная ў плане, пад шатром.
Як лічаць спецыялісты, комплекс характарызуецца манументальнасцю, удалымі прапорцыямі і архітэктурна-мастацкай выразнасцю.
Інтэр’ер храма зальны. Пры ўваходзе размешчаны хоры, якія падтрымліваюцца масіўнымі бэлькамі, што абапіраюцца на вянкі сцен бабінца. Клірас мае выгляд навясной вузкай галерэі, агароджаны балюстрадай з разных дошчачак з поручнямі з бруса.
Галоўны кампазіцыйны элемент храма – драўляны аднаярусны іканастас, які замыкае прастору нефа і аддзяляе алтарную частку. Іканастас падняты на высокі цокаль і аформлены карнізнымі паясамі, ніжні з якіх падтрымліваецца прамавугольнымі пілястрамі.
У цэнтры размешчаны пазалочаныя царскія вароты, якія вылучаюцца скразной разьбой. Галоўны матыў разьбы – вітковая вінаградная лаза.
Раней у царкве размяшчалася напісаная на дзвюх сасновых дошках ікона “Адзігітрыя Іерусалімская”, адзін з найлепшых твораў старажытнабеларускага жывапісу XVI стагоддзя. Цяпер абраз знаходзіцца ў экспазіцыі Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а ў Здзітаўскай царкве размешчаны спісак з іконы.
У верасні 2022 годзе ў Свята-Мікіцкім храме адбылося ўрачыстае набажэнства з нагоды 520-годдзя заснавання храма. Сотні прыхаджан разам з духавенствам і прадстаўнікамі свецкай улады сабраліся на свята. Божую літургію здзейсніў Высокапраасвяшчэннейшы Іаан, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі ў саслужэнні настаяцеляў царкоўных прыходаў Жабінкаўскага дабрачыння.
Пасля заканчэння набажэнства адбыўся хрэсны ход вакол храма.
Старажытная драўляная Свята-Мікіцкая царква занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ.
Паблізу храма, у старадаўнім парку, як і раней, шумяць зялёнымі кронамі дрэвы, якія памятаюць шматлікіх вернікаў, што ішлі сюды пакланіцца святыні, і ветліва сустракаюць сённяшніх прыхаджан…
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Крыніцы:
- https://sobory.ru
- https://www.realbrest.by
- http://www.zhabinka.by
- https://www.radzima.net
- https://www.liveinternet.ru
- https://churchby.info
- https://planetabelarus.by
- http://kb.brl.by
- https://vetliva.ru
- https://be.wikipedia.org
- http://pdf.kamunikat.org
Здзітаўская Мікітаўская царква // Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. – Мн., Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1993. – 620 с.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. – 653 с. 2000 экз.