“Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…”: Сафійскі сабор у старажытным Полацку

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Полацкую зямлю здаўна называюць калыскаю нашай дзяржаўнасці і праваслаўя. Менавіта тут у ХІ стагоддзі святой апякункай беларускай зямлі Еўфрасінняй Полацкай закладзены першы камень у падмурак Спаса-Праабражэнскай царквы і заснаваны манастыр, 900-годдзе якога сёлета будзе адзначацца ў краіне.

Гэты артыкул прысвечаны храму, першае згадванне пра які звязана з імем Еўфрасінні Полацкай, якая менавіта ў скрыпторыі (майстэрні па перапісванні рукапісаў) Сафійскага сабора пачала свой духоўны шлях.

Сафійскі сабор у Полацку.

Полацкі Сафійскі сабор – помнік архітэктуры ХІ – ХVІІІ стагоддзяў. Гэта першы мураваны храм на тэрыторыі Беларусі. Пабудаваны візантыйскімі майстрамі і палачанамі ў 1040-я — 1060-я гады на высокім стромкім правым беразе Заходняй Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе ракі Палата.

Грандыёзнае збудаванне вышынёю 31 м і таўшчынёю сцен 1,45 м дасягала ў шырыню 26,4 м, у даўжыню – 31,5 м.

Велічны сабор узвялі з плінфы і неапрацаваных камянёў-валуноў у цэнтры старажытнага дзядзінца горада (Верхні замак). Такое размяшчэнне паміж палатамі князя і маёнткам епіскапа сведчыла пра значную ролю царквы ў дзяржаве.

“Храм увасабляў духоўны цэнтр горада і з’яўляўся сімвалам яго самаідэнтыфікацыі, засяроджваннем сакральнага зместу, а таксама дзяржаўнага статусу і аўтарытэту князя-заснавальніка”[3, с. 19].

Сафійскі сабор у Полацку стаў трэцім па ліку храмам, узведзеным на Русі ў гонар Святой Сафіі пасля Кіева і Ноўгарада. З названымі храмамі ў плане архітэктуры яго аб’ядноўвалі крыжова-купальная сістэма, нефы, галерэі. Будаўніцтва сабора паклала пачатак фарміраванню полацкай архітэктурнай школы, што атрымала далейшае развіццё ў ХІІ стагоддзі.

У плане сабор уяўляў сабой чатырохкутнік з пяццю нефамі і трыма апсідамі гранёнай формы. Тры сярэднія нефы вылучаліся, што стварала ўражанне выцягнутасці і набліжала крыжова-купальны храм да базілікальнага тыпу. Над уваходам размяшчаліся княжацкія хоры, уздоўж сцен цэнтральнай апсіды ішоў сінтрон, галоўны купал меў у дыяметры 5,85 м.

Некаторымі рысамі храм адрозніваўся ад папярэдніх сабораў. Меў, напрыклад, незвычайнае для таго часу ўтворанае двума слупамі дадатковае дзяленне (віму) у апсіднай частцы падкупальнай прасторы, характэрнае для Візантыі. Галерэі адсутнічалі. Як сведчаць летапісы, храм меў 7 купалаў: чатыры купалы размяшчаліся сіметрычна ад галоўнага, а хрысцільня і лесвічная вежа мелі свае, што стварала адметны вобраз храма. Купалы сімвалізавалі сем Усяленскіх сабораў (кіеўскі Сафійскі сабор меў 13 купалаў, наўгародскі – 5).

Адметнасць была і ў роспісах храма. Як і наўгародскі, полацкі Сафійскі сабор быў распісаны толькі фрэскамі, а сабор у Кіеве быў аздоблены фрэскамі і мазаікай.

З поўначы на поўдзень памер сабора складаў 26,2 м, з захаду на ўсход – 25,5 м. Сцены полацкага сабора былі выкладзены з цэглы з дапамогай асобай тэхнікі, што называлася візантыйскай кладкаю “са схаваным радам”.

Аснову гэтай тэхнікі складала чаргаванне радоў цэглы (плінфы) – адзін супадаў знадворку з плоскасцю сцяны, другі ўтопліваўся на невялікую глыбіню адносна верхняга і ніжняга. Утвораная ніша запаўнялася вапняковым растворам з цагляным крошывам (цамянкай). Такі спосаб кладкі надаваў будынку асабліва маляўнічы выгляд. У некаторых месцах сістэмная кладка “са схаваным радам” чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў.

Гістарычны выгляд Сафійскага сабора ХІ ст.

Звесткі пра будаўніцтва Сафійскага сабора ў летапісах адсутнічаюць. Першы ўскосны ўспамін пра полацкую Сафію знаходзім у Наўгародскім летапісе пад 1066 г.

Упершыню святыня згадваецца ў арыгінальным літаратурным творы “Жыціе прападобнай Ефрасінні Полацкай” (ХІІ ст.): “И пребывши неколико время в манастыри, и потом проси у епископа сущаго тогда, нарицаемаго Илью, правящаго стол святое Софеи в Полотьсце, дабы ей велел ту пребыти в церкви святей Софеи в гольбци камене. И повеле ей, да пребывает ту. Вшедши же, начат подвижнейши подвиг постнический восприимати, и начат книги писати своима рукама, и наем емлющи, требующим даяше”.

У “Слове пра паход Ігара” (1185) аўтар захоплена гаворыць: “Тому в Полотьске позвониша… у святыя Сафеи в колоколы, а он в Киеве звон слышал”.

Завершана будаўніцтва пры полацкім князю Усяславу Брачыславічу (Чарадзею) у ХІ стагоддзі. У той час Полацкае княства дасягнула найвышэйшага росквіту, і будаўніцтвам такога велічнага храма князь імкнуўся яшчэ больш узвялічыць Полацкую зямлю і сваю ўладу.

Арыгінальны будынак сабора ХІ стагоддзя не захаваўся, за сваю гісторыю існавання ён перанёс шмат пераўтварэнняў, засталіся толькі фрагменты, але і сёння сабор уражвае сваёй веліччу і ў той жа час незвычайнай лёгкасцю, выклікаючы асацыяцыі з белым караблём, што плыве па шырокай Дзвіне.

Сафійскі сабор. ХХІ ст.

Сабор стаў сімвалам незалежнасці і магутнасці Полацкага княства. На той час гэта быў галоўны храм заходнеславянскага праваслаўя, а таксама буйны культурна-асветніцкі цэнтр, дзе прымалі паслоў, захоўвалі рэлігійныя святыні і дзяржаўную казну, абвяшчалі вайну і мір. Тут 12 снежня 1839 года адбыўся акт аб’яднання ўніятаў з праваслаўнымі.

У Сафійскім саборы, як сведчаць 16 раскапаных археолагамі саркафагаў, знаходзілася пахавальня полацкіх князёў, а яшчэ – існавала найбагацейшая па тых часах бібліятэка, архіў дзяржаўных актаў і тэалагічных рукапісаў, папаўненню якіх актыўна садзейнічала Еўфрасіння Полацкая. На вялікі жаль, у 1579 годзе, у час Лівонскай вайны (1558 – 1583), бібліятэка была разрабавана пры штурме Полацка войскам польскага караля Стэфана Баторыя.

Пасля вяртання Полацка ў 1579 годзе пад юрысдыкцыю ВКЛ Сафійскі сабор стаў адзіным праваслаўным храмам у горадзе.

У 1596 годзе, пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі, храм перададзены ўніяцкай царкве.

На жаль, у пачатку і сярэдзіне ХVIІ стагоддзя Сафійскі сабор неаднаразова быў пашкоджаны ў выніку пажараў. Некаторы час знаходзіўся ў запусценні. Па распараджэнні ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча сабор у чарговы раз аднавілі і значна перабудавалі, у тым ліку знялі вярхі вуглавых баявых вежаў храма-крэпасці.

Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654 – 1667) Полацк быў заняты войскамі цара Аляксея Міхайлавіча, які ў 1654 годзе наведаў Сафійскі сабор. Да 1667 года сабор быў праваслаўным, а пасля ізноў перайшоў да ўніятаў.

У час Паўночнай вайны (1700–1721) Сафійскі сабор быў закрыты. Па загадзе Пятра І у сутарэннях святыні размясцілі склад боепрыпасаў і амуніцыі. У 1710 годзе выбухам парахавога склада сабор быў моцна пашкоджаны і да 1738 года знаходзіўся ў руінах.

Сафійскі сабор. ХІХ ст.

Дзякуючы полацкаму ўніяцкаму архіепіскапу Фларыяну Грабніцкаму вядомы дойлід Ян Крыштаф Глаўбіц да 1750 года адбудаваў сабор у стылі віленскага барока, максімальна захаваўшы рэшткі сцен і апсіды, што ўвайшлі ў новы храм, сіметрычна паўтораныя з іншага боку.

Так у ХVІІІ стагоддзі сабор атрымаў выгляд, якім мы бачым яго цяпер, – велічная 3-нефавая аднаапсідная базіліка з дзвюма вежамі-званіцамі вышынёю ў 50 метраў, арыентаваная на поўнач, павернутая фасадам у бок ракі.

Барочны інтэр’ер сабора. ХХІ ст.

Унутраны багаты інтэр’ер дапоўнілі барочныя калоны, фігурныя карнізы і аздабненні з ляпніны. На алтарнай перагародцы з’явілася барэльефная кампазіцыя Тройцы Новазапаветнай, а другі і першы ярусы ўпрыгожылі драўляная скульптура і размалёўка.

Да нашых дзён у саборы часткова захаваліся старадаўнія фрэскі, сярод якіх Спас Нерукатворны і копія знакамітай работы Леанарда да Вінчы “Тайная Вячэра”.

На вялікім камені ў падмурку паўднёвай сцяны храма знойдзены прадрапаныя імёны, відаць, старажытных майстроў: “Довыдь, Тоума, Микуола, Колесь”, а таксама “Петьрь, Воришько”. Вучоныя па-рознаму інтэрпрэтуюць гэтыя запісы. Некаторыя схіляюцца да таго, што бачаць тут не толькі імёны, атрыманыя пры хрышчэнні чалавека, але і дамашнія, што маглі выконваць ролю прозвішча. У такім выпадку колькасць людзей, што пакінулі надпіс на камені змяншаецца. Аднак галоўнае тут, што да нас скрозь стагоддзі гэты надпіс дайшоў і што Сафійскі сабор захаваўся для нашчадкаў. Амаль праз тысячу гадоў гэты камень ператварыўся ў музейны экспанат і помнік пісьменства XI стагоддзя.

Камень з надпісамі (фрагмент).

У час Айчыннай вайны 1812 года ў сцяне Сафійскага сабора ў спецыяльна зробленай нішы захоўвалася свяшчэнная праваслаўная рэліквія – Крыж Еўфрасінні Полацкай, а ў будынку храма французскія войскі ўладкавалі стайню…

Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 года храм быў вернуты праваслаўным.

За некалькі гадоў да Кастрычніцкай рэвалюцыі Сафійскі сабор капітальна адрамантавалі, а пасля падзей 1917 года атэісты закрылі храм і размясцілі там краязнаўчы музей.

Полацкі Сафійскі сабор. Пачатак ХХ ст.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны помнікі гісторыка-культурнай спадчыны і многія аб’екты культурнага прызначэння ў Полацку былі значна пашкоджаны. Пацярпелі ад абстрэлаў Сафійскі сабор, храм Святога Георгія ў Экімані (помнік драўлянага дойлідства першай паловы XVIII стагоддзя), касцёл Святога Андрэя Баболі, Свята-Пакроўская царква і іншыя.

У Сафійскага сабора быў “сапсаваны фасад, асколкамі напаўразбураны верх правай вежы фасада, асыпалася ў многіх месцах тынкоўка, былі сапсаваны дах і падлога. У сценах у асобных месцах утварыліся расколіны”[4, с. 488].

Выгляд сабора з паўднёвага ўсходу. Другая палова 1940-х гг.

На цэнтральным фасадзе сабора было шмат кулявых і асколачных пашкоджанняў. У дрэнным стане знаходзіліся шчыпец, карнізы, парапеты, вазы і другія элементы дэкору. Аконныя пераплёты адсутнічалі ці таксама былі моцна пашкоджаны.

Знешнія пашкоджанні сабора, а таксама інтэр’ера былі зафіксаваны ў адпаведных дакументах. Па заказе аддзела аховы помнікаў архітэктуры Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ БССР дадаткова праводзілася фотафіксацыя стану помнікаў архітэктуры.

Пашкоджанні, што атрымаў у гады Вялікай Айчыннай вайны Сафійскі сабор, адлюстраваны на здымках, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі.

Акт абследавання пашкоджанняў Сафійскага сабора. 4-5 жніўня 1944 г.
Акт абследавання пашкоджанняў Сафійскага сабора. 4-5 жніўня 1944 г.

У час Вялікай Айчыннай вайны храм дзейнічаў з 1942 па 1944 год, пасля вайны зноў быў закрыты.

Выгляд сабора з поўдня. Другая палова 1940-х гг.

Адзначым, што Сафійскі сабор ратаваў палачан у пасляваенны час: некаторыя жыхары горада знайшлі тут прытулак.

Аналізуючы матэрыяльны ўрон, нанесены Полацку ў выніку вайны і нацысцкай акупацыі, А.А. Агароднікаў у аднайменным артыкуле сцвярджае, што горад быў практычна цалкам разбураны. Перад адступленнем акупанты мэтанакіравана знішчылі ўсе масты, воданапорныя вежы і вадакачкі. Больш за ўсё пацярпела цэнтральная частка горада, дзе знішчана большая частка жыллёвага фонду і адміністрацыйных будынкаў [2, с. 193 – 194, 197].

Насельніцтва вымушана было туліцца ў зямлянках і ў прыстасаваных памяшканнях, дзе ў першыя пасляваенныя гады жыло да 239 сем’яў. Гараджане займалі пад жыллё мастырскія пабудовы, водаразборныя збудаванні, памяшканні кадэцкага корпуса і нават помнікі архітэктуры [6, с. 343 – 350].

Так Сафійскі сабор стаў родным домам для многіх палачан. Пасля некаторы час сабор выкарыстоўваўся як збожжасховішча, а затым у ім размясцілі архіў.

У 1970-1980-х гадах у Сафійскім саборы вяліся значныя рэстаўрацыйныя работы і архітэктурна-археалагічныя даследаванні. Аўтарам праекта рэстаўрацыі быў беларускі архітэктар Валерый Слюнчанка (1945 – 1992). У рэстаўрацыі сабора прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі, чэшскія майстры арганабудаўніцтва.

Пячатка віслая князя Усевалада Яраславіча. Першая палова ХІ ст.

Падчас працы археалагічнай экспедыцыі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўца Валянціна Аляксандравіча Булкіна ў 1978 годзе на тэрыторыі Верхняга замка, каля ўсходняй сцяны Сафійскага сабора, на глыбіні двух метраў, знойдзены цікавы артэфакт – віслая пячатка.

Свінцовая пломба-пячатка дыяметрам 30 мм належала Усеваладу (у хрышчэнні – Андрэю) Яраславічу (1030-1078) – сыну Яраслава Мудрага.

На адным баку пячаткі – паясная выява святога апостала Андрэя Першазванага, з барадой і доўгімі валасамі, з кропкавым німбам вакол галавы. Правая рука святога паднята ў жэсце благаслаўлення. Злева, каля пляча, посах з крыжам у жамчужным абрамленні. На адваротным баку пячаткі – надпіс з пяці радкоў грэчаскімі літарамі.

Знойдзеная пячатка як артэфакт сведчыць пра палітычныя сувязі Полацка з Кіеўскай Руссю.

Рэшткі падмуркаў першапачатковага храма ХІ ст.

З 1987 года ў саборы функцыянуе Музей гісторыі архітэктуры, экспанаты якога распавядаюць пра гісторыю архітэктуры самай старажытнай мураванай пабудовы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, пра шматлікія перабудовы, рамонт і рэстаўрацыю помніка архітэктуры.

Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора з’яўляецца галоўным музеем Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Экспазіцыйная плошча музея складае 950 кв. м. Тут можна ўбачыць фрагменты муроўкі ХІ стагоддзя і фрэскавыя роспісы канца ХІ ст.; старажытны падмурак будынка, які амаль цалкам захаваўся да нашых дзён; рэшткі апсід вышынёй каля 11 метраў, слупоў і сцен.

Акрамя асноўнай экспазіцыі, у музеі прадстаўлена “Выстава драўлянай культавай скульптуры XVIII—XIX стст.”. Старажытныя драўляныя скульптуры – помнікі беларускага разьбярнага мастацтва.

У музеі сабора адбываюцца зменныя выставы з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у які ўваходзяць 11 музеяў і гісторыка-культурны комплекс, кожны з якіх адлюстроўвае шматлікія старонкі жыцця тысячагадовага горада.

У дапамогу наведвальнікам музея Сафійскага сабора распрацаваны аўдыягід на беларускай, рускай і англійскай мовах, а таксама даведнік з планам сабора і картай Полацка. З кожным годам святыню нашай зямлі наведваюць усё больш і больш вернікаў і турыстаў.

Абраз святога Мікалая Цудатворца. XVIII ст.

У 1951 годзе з Сафійскага сабора ў Полацкі краязнаўчы музей перададзены некалькі ікон, сярод якіх абраз святога Мікалая Цудатворца XVIII стагоддзя. (Дрэва, ляўкас. Масла, разьба па ляўкасе, залачэнне. 128,0х95,5х2,0 см.)

На фоне архітэктурных куліс – выява святога Мікалая ў поўны рост. Правая рука паднята ў жэсце благаславення, у левай – раскрытае Евангелле з тэкстам: “МІРЪ// ВСЕМУ// МИРЮ// С.НИКОЛАЕ”. Над кнігай – выява трох шароў, якія нагадваюць пра адзін з самых вядомых эпізодаў жыцця святога Мікалая: ён тайна падклаў мяшэчкі з золатам у дом да трох бедных дзяўчат-беспасажніц.

Фігура святога Мікалая масіўная, прыземістая. Апрануты ў шэры падрызнік, чырвоны сакас з цёмным раслінным арнаментам, шэра-блакітны амафор з мальтыйскімі крыжамі. Над галавой – пазалочаны німб з двайной каймою. На ўзроўні галавы – паўфігуры Збаўца і Маці Божай на аблоках; злева – Збаўца ў чырвона-карычневым гіматыі і зялёным хітоне з закрытым Евангеллем у выцягнутай руцэ; справа – Маці Божая ў светла-зялёным мафорыі. На заднім плане – архітэктурныя кулісы (хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе італьянскі горад Бары, дзе з 1087 года захоўваюцца мошчы свяціцеля).

Некаторыя даследчыкі лічаць, што будынак справа ад фігуры святога Мікалая з’яўляецца крыніцай для рэканструкцыі полацкай ратушы. Фон іконы пазалочаны, з невысокай разьбой у выглядзе лілій і лісцяў аканта. На ўзроўні плеч, у прамавугольніках, кананічныя надпісы.

Абраз святога Мікалая Цудатворца экспануецца ў полацкай Мастацкай галерэі.

Канцэртная зала Сафійскага сабора. ХХІ ст.

У Сафійскім саборы Полацка ўладкавана адна з найлепшых канцэртных залаў Еўропы. Размешчаная ва ўнікальным помніку архітэктуры, яна з’яўляецца знакавым культурным аб’ектам не толькі для палачан, але і шматлікіх айчынных і замежных гасцей, выканаўцаў з розных краін свету, якія імкнуцца выступіць менавіта тут, у Сафійскім саборы, дзе непаўторная акустыка і шчырая атмасфера робяць незабыўным кожны канцэрт.

Канцэртная зала Сафійскага сабора, разлічаная на 304 месцы, упершыню сабрала слухачоў у 1983 годзе. Праз два гады, 2 мая 1985 года, тут упершыню загучала арганная музыка. Спецыяльна для гэтай залы майстрамі чэшскай фірмы «Riеger Kloss» быў спраектаваны і ўстаноўлены арган.

З 1996 года ў Сафійскім саборы праводзіцца самы значны ў краіне арганны фестываль міжнароднага ўзроўню “Званы Сафіі” (мастацкі кіраўнік – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая).

У ХХІ стагоддзі сабор стаў адным з найбуйнейшых культурных цэнтраў краіны. Тут адбываюцца набажэнствы, экскурсіі, ладзяцца канцэрты і творчыя вечарыны.

Штогод у красавіку ў канцэртнай зале Сафійскага сабора адбываецца Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі, а ў лістападзе – Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі”.

Гісторыі сабора прысвечаны многія навуковыя даследаванні, фільмы, навукова-папулярныя артыкулы, мастацкія творы. У 2005 годзе выпушчана беларуская памятная манета з выявай Сафійскага сабора.

Хрэсны ход ад Сафійскага сабора да Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. 2023 г.

Кожны год 5 чэрвеня, у дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай, у Сафійскім саборы адбываецца праваслаўнае набажэнства. Затым ад сабора праходзіць хрэсны ход да заснаванага ў 1125 годзе святой Еўфрасінняй Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра, дзе адбываецца малебен.

Полацкі Сафійскі сабор унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.

Помнік “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”.

З кожным годам веліч Сафійскага сабора ўзрастае, а сам храм абнаўляецца і прыгажэе. Мясцовыя жыхары з любоўю называюць беласнежны старажытны храм Сафійкаю.

Цяпер палачане і госці горада маюць магчымасць напрамкі прайсці па вымашчанай сцежцы ад Барысавага каменя, што ўладкаваны побач з саборам, да помніка “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”, з высокага берага палюбавацца на водную гладзь Дзвіны.

Мінаюць стагоддзі, але не знікае ў сэрцах людзей цікавасць і павага да сваёй мінуўшчыны, жаданне зберагчы і захаваць для нашчадкаў родныя святыні.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Літаратура

  1. Габрусь, Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т.В. Габрусь. – Мінск: Ураджай, 2001. – 287 с.
  2. Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі : матэрыялы VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Полацк, 1—2 лістапада 2017 г.) / уклад. Т.У. Явіч. – Полацк : Полацкае кніжнае выдавецтва, 2019. – С. 193 – 194, 197.
  3. Кежа, Ю.М. Станаўленне і развіццё княжацкай улады ў Полацкай зямлі Х-ХІІ стст.: аўтарэф. дыс, …канд. гіст. навук: 07.00.02 / Ю.М. Кежа ; Ін-т гісторыі НАН Беларусі. – Мінск, 2017 – С. 19.
  4. Памяць: гіст.-дакум. хроніка Полацка / рэд. кал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск: БелЭн, 2002.— С. 488.
  5. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа]. — Мінск: БелЭн, 2007. — 653 с.
  6. Несцяровіч, Н. Б. Эканамічнае і сацыяльнае развіццё Полацка ў 1944—1985 гг. / Н.Б. Несцяровіч // Полацк у гісторыі і культуры Еўропы: матэрыялы Міжнар. навук. канф. (Полацк, 22—23 мая 2012 г.) / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі, Полацкі дзярж. універсітэт; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]; навук. рэд., уклад. М. В. Ляўко. – Мінск: Беларус. навука, 2012. – С. 343 – 350.

Крыніцы