Гісторыя лёсу свяшчэннапакутніка Іаана Панкратовіча

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Іван Фёдаравіч Панкратовіч нарадзіўся ў 1870 годзе ў мястэчку Клецк Слуцкага павета Мінскай губерні. Пра бацькоў Івана і яго дзяцінства звестак не захавалася.

Вядома, што пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы з 1894 года Іван Панкратовіч пачаў працаваць настаўнікам народнага вучылішча ў Клецку (у кнізе “Памяць” не зусім дакладна пазначана, што гэта адбылося ў 1897 годзе).

Нясвіжская настаўніцкая семінарыя.

Амаль дзесяць гадоў Іван Фёдаравіч вучыў грамаце мясцовых дзяцей. Закон Божы ў вучылішчы ў той час выкладаў мясцовы святар Іван Туміловіч. Мяркуецца, што менавіта пад яго ўплывам малады настаўнік пачаў больш цікавіцца пытаннямі веры, задумвацца над сэнсам чалавечага існавання. Аднойчы ён прыняў рашэнне – далейшае жыццё прысвяціць служэнню Богу. Самастойна вывучаў рэлігійную літаратуру, спасцігаў асновы богаслужэнняў і праваслаўныя Таінствы.

Ва ўзросце 34-х гадоў Іван Панкратовіч быў рукапаложаны ў іерэі.

Першым месцам служэння айца Іаана стала Свята-Праабражэнская царква вёскі Язвінкі Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці). Як настаяцель мясцовай царквы ён згадваецца на старонках губернскіх “Памятных кніжак…” з 1904 года. Больш за дзесяць гадоў служыў айцец Іаан у Язвінках. У прыходскім архіве захавалася невялікая колькасць матэрыялаў, якія сведчаць пра некаторыя старонкі біяграфіі святара.

Свята-Праабражэнскі храм вёскі Язвінкі.

Вядома, што 10 чэрвеня 1904 года ўказам Праасвяшчэннейшага Міхаіла (Цемнарусава), епіскапа Мінскага і Тураўскага, святар Іаан Панкратовіч быў прызначаны на Свята-Праабражэнскі прыход вёскі Язвінкі. Дзейнасць айца Іаана была вельмі плённай. Дзякуючы яго стараннай працы быў узведзены і асвечаны новы Свята-Праабражэнскі храм, а таксама добраўпарадкавана прылеглая да яго тэрыторыя.

Шмат сіл прыклаў святар для духоўнай асветы мясцовага насельніцтва і навучання грамаце вясковых дзяцей. За час яго настаяцельства колькасць вучняў прыходскай школы ўзрасла ў некалькі разоў. Больш за тое, настаяцелю ўдалося перамагчы ўстойлівае меркаванне, што асобам жаночага полу навучанне непатрэбна.

Дзякуючы айцу Іаану Панкратовічу духоўна аб’ядналіся найбліжэйшыя прыходы. Частыя хросныя хады, якія праводзіліся з вёскі ў вёску, былі яркім сведчаннем добрасуседскіх адносін і шчырай любові паміж прыходамі.

9 лістапада 1913 года айцец Іаан Панкратовіч перадаў храм святару Аляксандру Падольскаму, а сам, у адпаведнасці з пададзеным прашэннем, быў пераведзены на службу ў Чыжэвіцкую царкву Слуцкага павета. У памяць пра гады свайго настаяцельства айцец Іаан пакінуў запіс у прыходскім летапісе: “Дзякую Богу, які даў мне сілу папрацаваць на карысць прыходу больш за дзесяць гадоў. Майго пераемніка прашу не забываць у сваіх малітвах мяне грэшнага”.

Так у 1913 годзе айцец Іаан вярнуўся ў Слуцкі павет, у Свята-Пакроўскую царкву вёскі Чыжэвічы (цяпер у межах Салігорскага раёна). Пра аўтарытэт святара сведчыць той факт, што неўзабаве яго абралі сябрам будаўнічага камітэта адной з царкоўных акруг Случчыны.

За стараннае служэнне ў 1918 годзе на Вялікдзень быў узнагароджаны скуф’яй.

Звыклы і мерны ўклад жыцця аднак раптоўна абрушыўся. Сусветная вайна, інтэрвенцыя, братазабойчая міжусобіца перакрэслілі ўсе папярэднія дасягненні. Разбураліся імперыі, што ўжо гаварыць пра асобны чалавечы лёс…

Калі крывавая ліхаманка спынілася, родны Клецк апынуўся ў складзе Польскай дзяржавы, а Чыжэвіцкая царква – на тэрыторыі Савецкай Беларусі. Савецкую ўладу айцец Іаан не прыняў. Застаецца загадкай, чаму ён не вярнуўся на радзіму ў перыяд утварэння новай мяжы, калі ішоў інтэнсіўны рух насельніцтва з абодвух бакоў. Ці ён добраахвотна вырашыў застацца са сваімі прыхаджанамі, ці яму нешта перашкодзіла, – адказу на гэтае пытанне няма.

Айцец Іаан Панкратовіч.

Ганенні супраць праваслаўя ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады былі надзвычай жорсткімі. Каб лепш адчуць тагачасную атмасферу, звернемся да савецкай прэсы.

Так, газета “Рабочий” захоплена апісвала антырэлігійны мітынг у Мінску, які, дарэчы, праходзіў у дзень Хрышчэння Гасподняга (Вадохрышча): “Вогнішча палала… яркія стужкі полымя ўзвіваліся ў цемры. Гарэлі абразы. Група дэманстрантаў прынесла невялікую труну, паважна паклала ў яе дзясятак ікон, што назаўсёды “изгнаны” з кватэр працоўных, і падпаліла. Вогнішча гарэла пасярод плошчы Свабоды.

Тысячы мінскіх працоўных прыйшлі на плошчу патрабаваць ад гарадскога Савета перадачы цэркваў пад культурныя ўстановы…”. Дзесяцігоддзямі, а то і стагоддзямі намоленыя храмы сілком закрываліся і станавіліся, у лепшым выпадку, клубамі, у горшым – складамі і збожжасховішчамі. У адным з партыйных дакументаў паведамлялася, што на канец 1936 года ў БССР была закрыта 1371 царква, дзейных засталося толькі 74.

Чыжэвіцкі храм закрылі яшчэ ў 1934 годзе, іканастас XIX стагоддзя быў спалены на цэнтральнай плошчы перад храмам. Аднак айцец Іаан працягваў служэнне. Таемна ён асвячаў дамы прыхаджан, хрысціў нованароджаных, адпяваў памерлых. Усё гэта не магло не застацца незаўважаным.

23 жніўня 1937 года айцу Іаану Панкратовічу было прад’яўлена абвінавачанне ў сістэматычным ажыццяўленні рэлігійных абрадаў і агітацыі насельніцтва за адкрыццё царквы.

У той жа дзень святара арыштавалі. На следстве былі прад’яўлены новыя абвінавачванні: агітаваў супраць уступлення ў калгас, палохаў хуткай вайной і зменай улады, няправільна трактаваў савецкую Канстытуцыю. Наконт апошняга неабходна зрабіць тлумачэнне. Справа ў тым, што артыкул 124 Канстытуцыі СССР 1936 года абвяшчаў: “Свабода выконвання рэлігійных культаў і свабода антырэлігійнай прапаганды прызнаецца за ўсімі грамадзянамі”. Вернікі розных канфесій успрынялі гэта як рэальную гарантыю сваіх правоў. Вядомыя выпадкі, калі людзі збіраліся на масавыя малебны, а на пытанне: “Хто дазволіў?”, адказвалі: “Таварыш Сталін і Сталінская Канстытуцыя”. Аднак улада не збіралася выконваць нават тыя законы, якія сама ўстанавіла, а спасылкі на іх падавала як “няправільную трактоўку”.

Іерэй Іаан Панкратовіч не застаўся ўбаку і ад Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1937 года. У апытальным лісце быў цікавы пункт “аб рэлігіі”. Чыжэвіцкі бацюшка заклікаў людзей не ўтойваць сваёй веры і адкрыта прызнавацца ў прыналежнасці да праваслаўя. На следстве і гэта яму паставілі ў віну. І, нарэшце, айцец Іаан збіраў подпісы за адкрыццё царквы ў Чыжэвічах.

На допытах святар паводзіў сябе мужна і спакойна. Следчыя прапаноўвалі адрачыся ад веры ў Бога, ад сану, ад сваіх перакананняў. Ён не пагадзіўся. Вінаватым у супрацьзаконных дзеяннях сябе не прызнаў, хоць і ведаў, што ў такім выпадку літасці ніякай не будзе, яго расстраляюць. 28 жніўня 1937 года “асобая тройка” НКУС БССР прыгаварыла Івана Фёдаравіча Панкратовіча да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці.

Прыгавор быў прыведзены ў выкананне 6 кастрычніка 1937 года ў Слуцкай турме. Пахаваны ў невядомай магіле.

Паўстагоддзя над айцом Іаанам вісела кляймо “ворага народа”. Толькі ў 1989 годзе святар Іаан Панкратовіч быў рэабілітаваны пракуратурай БССР.

Свяшчэннапакутнік іерэй Іаан Панкратовіч.

Пастановай Сінода Беларускага Экзархата ад 28 кастрычніка 1999 года іерэй Іаан Панкратовіч далучаны да ліку мясцовашануемых святых, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.

 

Свята-Пакроўская царква вёскі Чыжэвічы.
Шыльда пры ўваходзе ў Пакроўскую царкву.

23 жніўня 2017 года епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем (цяпер архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі) быў асвечаны першы ў Беларусі храм у гонар свяшчэннапакутніка Іаана Панкратовіча, прасвітара Чыжэвіцкага. Будынак храма пабудаваны яшчэ ў 1994 годзе на тэрыторыі прыхода храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Чыжэвічы Салігорскага раёна. Намаганнямі тагачаснага настаяцеля прыхода протаіерэя Мікалая Лабынько была праведзена капітальная рэканструкцыя храма. Гэтай знакавай падзеяй у Слуцка-Салігорскай епархіі адзначалася 80-годдзе з дня пакутніцкага скону святога Іаана… 

У 2020 годзе самаму старажытнаму храму Салігорскага раёна, храму  Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Чыжэвічы споўнілася 225 гадоў. У сувязі з гэтай падзеяй Слуцка-Салігорскую епархію наведаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У Свята-Пакроўскім храме быў асвечаны прастол і праведзена Божая літургія.

Урачыстасці прадоўжыліся закладкай памятнай капсулы ў падмурак будучага дома-музея свяшчэннапакутніка Іаана Панкратовіча, які стаў настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы ў 1913 годзе і быў апошнім настаяцелем перад закрыццём храма ў 1934 годзе савецкай уладай.

Пад час закладкі памятнай капсулы. Свята-Пакроўскі храм. 2020 г.

Дні памяці:

Нядзеля 7-га лютага або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

6 кастрычніка  – у дзень расстрэлу свяшчэннапакутніка Іаана Панкратовіча, прасвітара Чыжэвіцкага.

Нядзеля 28 кастрычніка або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

  • sluck-eparchiya. by
  • nasledie-sluck. by
  • vetliva. by
  • https://be. wikipedia. org
  • hramlavrenty-svetoch. harod. ru

Кривонос Феодор, священник. Жития священномучеников Минской епархии (1-я половина ХХ века). – Минск: издатель В.М. Скакун, 2002. – С. 123 – 126.

Новомученики Слуцко-Солигорской епархии/ сост. протоиерей Александр Шкляревский, Светлана Волохова. – Минск.: Христианский образовательный центр имени святых Мефодия и Кирилла, 2019. – С. 40 – 42.