Гісторыя лёсу свяшчэннапакутніка Іаана Вячоркі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Свяшчэннапакутнік Іаан Вячорка нарадзіўся ў 1890 годзе ў вёсцы Касарычы Бабруйскай губерні ў сям’і псаломшчыка Марціна Вячоркі. У 1913 годзе Іван Марцінавіч скончыў Мінскую духоўную семінарыю.

Праз два гады, у 1915 годзе, Вячорка прымае сан святара і прызначаецца на службу ў Пакроўскую царкву вёскі Крываносы Бабруйскага павета (цяпер Старадарожскі раён). Тут ён служыў усе наступныя гады.

Пасля 1917 года на жыццё святара Іаана выпала нямала выпрабаванняў. Адкрытае вызнанне сваёй веры, служэнне Богу, Яго святой Царкве і людзям, пастаянны клопат пра ўсіх тых, хто меў патрэбу, хто смуткаваў, хто ўпадаў у роспач, хто пакідаў веру, – вядома, у тыя страшныя часы такая стараннасць святара не магла застацца беспакаранай.

У 1920 годзе частка тэрыторыі Мінскай губерні была акупаваная польскімі войскамі. Польскія афіцэры спыніліся тады ў доме святара на пастой, але ставіліся да яго непрыязна. Ім не падабалася, што святар раз-пораз дакучае польскім уладам, клапоціцца пра сялян вёскі Крываносы, якіх абклалі празмернымі падаткамі, прыгняталі і абіралі. Бацюшка да таго “надакучыў” мясцовай камендатуры, што ў рэшце рэшт палякі арыштавалі яго і трымалі некаторы час у слуцкай турме. Гэта быў першы арышт святара Іаана.

Вярнуўшыся з турмы, бацюшка Іаан зноў пачаў здзяйсняць набажэнствы ў мясцовай царкве. У 1928 годзе святара арыштавалі ўжо прадстаўнікі савецкай улады – за нявыплату падаткаў ім самім. Цяпер ужо мала хто памятае, што ненавісная для бальшавікоў Праваслаўная Царква і яе служкі былі вымушаны плаціць дзяржаве велізарныя падаткі за права здзяйсняць у храмах боскія літургіі, таінствы і абрады.

Не прынёс своечасова грошы – назаўтра царкву закрыюць, а святара могуць і пасадзіць. Так бацюшка Іаан другі раз апынуўся ў слуцкай турме – на гэты раз ужо не таму, што выступаў за зніжэнне пабораў з сялян, а за нявыплату пабораў за сваю рэлігійную дзейнасць.

“За несвоечасовае ўнясенне падатку”, які трэба аддаць з царквы, ён быў асуджаны на 9 месяцаў зняволення ў слуцкай турме. Па ўспамінах яго сына Георгія Вячоркі, знаходзячыся ў зняволенні, святар Іаан працаваў сталяром. З дзяцінства ён вельмі любіў гэты занятак, быў добрым спецыялістам у сталярнай справе.

Георгій Вячорка распавядаў, што, як быў малы, насіў у турму перадачы для бацькі: “Прапускалі спакойна… Слуцк быў за шэсцьдзясят кіламетраў ад Крываносаў… За дзевяць месяцаў два разы трапіў на спатканні. Наглядчыку скажаш, ён пойдзе, пагаворыць з некім. У турме бацьку паважалі як сталяра добрага … Памятаю, ён мяне хацеў пацалаваць і не змог, не дастаў. Я плачу, а ён мяне супакойвае”.

Праз дзевяць месяцаў яго выпусцілі, узяўшы абяцанне сабраць прызначаную дзяржавай суму.

Вярнуўшыся з турмы, айцец Іаан працягваў служыць у Пакроўскай царкве.

Улады, маючы намер закрыць храм, сталі з часам патрабаваць ад святара выплаты ўсё большых падаткаў. Сваіх сродкаў у святара Іаана не засталося, і ён хадзіў па хатах сялян, просячы дапамогі; некаторыя сяляне ахвяравалі, у іншых даводзілася браць у доўг.

Прыхаджане не жадалі дапусціць, каб храм закрылі, а набажэнствы спыніліся. Нейкі час святару ўдавалася знаходзіць неабходную колькасць грошай, як кажуць, “з міру па нітцы”.

Але пачаліся галодныя 1930-я гады, людзі аддавалі апошняе за кавалак хлеба для дзяцей. І, атрымлівалася, зноў – недабор пры выплаце падатку на царкоўныя службы. Ды і як магло быць інакш, калі памер падатку пастаянна павялічваўся, паколькі мясцовыя ўлады паставілі мэту – закрыць храм у вёсцы Крываносы.

Бачачы, што святар працягвае адстойваць храм, супрацоўнікі АДПУ прынялі рашэнне арыштаваць яго і членаў царкоўнага савета.

18 сакавіка 1933 года святар і 5 членаў прыходскага савета былі арыштаваны па абвінавачванні ў тым, што “пад кіраўніцтвам святара Вячоркі, выкарыстоўваючы ў якасці падставы збор сродкаў сярод прыхаджан для выплаты падаткаў, займаюцца актыўнай, арганізаванай антысавецкай контррэвалюцыйнай дзейнасцю, ставячы сваёй мэтай зрыў усіх мерапрыемстваў савецкай улады, у прыватнасці зрыў веснавой кампаніі… развал калгасаў, распаўсюджванне разнастайных контррэвалюцыйных чутак”.

Падчас аднаго з допытаў айцец Іаан даў такія паказанні: “Вінаватым сябе ў антысавецкай агітацыі, накіраванай на зрыў гаспадарча-палітычных кампаній, я не прызнаю. Лічу, што прад’яўленае мне абвінавачванне з’яўляецца перашкодай для выканання абрадаў рэлігійнага культу і мае на мэце закрыццё царквы. У сваёй дзейнасці я не выходзіў за рамкі рэлігійных абрадаў і лічу сябе чалавекам апалітычным”.

Пасля заканчэння следства святар Іаан зноў быў адпраўлены ў слуцкую турму, а 17 красавіка таго ж 1933 г. (на наступны дзень пасля Светлага Хрыстовага Уваскрэсення – Вялікадня!) тройка АДПУ прыгаварыла святара да расстрэлу.

Без суда і следства па прысуду ад 17 красавiка 1933 года айцец Іаан быў расстраляны. Пахаваны ў невядомай магіле. Магчыма, у двары той жа турмы, дзе і праводзіліся масавыя пакаранні. Уся маёмасць святара была канфіскавана. Сям’ю выслалі на поўнач.

Свяшчэннапакутнік Іаан Вячорка.

Разам са святаром Іаанам Вячоркам ад рукі бязбожнай улады пацярпелі найбольш актыўныя вернікі царквы, члены царкоўнага савета: Андрэй Яфімавіч Бода (прыгавораны да 5 гадоў канцлагера), Дыянісій Мікалаевіч Чачуха (высланы ў Башкірыю на 5 гадоў), Васіль Трафімавіч Жолдак (высланы этапам у Казахстан на 3 гады) і Аляксей Ермалаевіч Дземідовіч (высланы на 3 гады на вольнае пасяленне). Разам з імі пацярпеў псаломшчык Аляксандр Рыгоравіч Саўчыц, які не прызнаў сябе вінаватым, прыгавораны да зняволення ў канцлагер тэрмінам на 5 гадоў. Пра іх далейшыя лёсы нічога невядома.

Шмат у чым падобны і лёс Сяргея Пятровіча Радакоўскага – будучага протаіерэя Сергія, настаяцеля царквы ў вёсцы Таль Бабруйскага павета Мінскай губерні (вобласці). Нават служылі айцец Сергій (Радакоўскі) і святар Іаан (Вячорка) паблізу адзін ад аднаго і, хутчэй за ўсё, былі знаёмыя.

Пра падзеі тых страшных гадоў Георгій Вячорка, сын святара Іаана, захаваў балючыя ўспаміны: “Бацька мой у сорак тры гады быў расстраляны ў Бабруйску. Ён быў святаром. У трыццаць трэцім годзе, у сакавіку, яго схапілі, а з дваццаць восьмага на дваццаць дзявятага красавіка замучылі, перад майскімі святамі. А нас ужо ў маі выслалі, але мы не ведалі, што бацьку расстралялі. Раней легкавых машын не было. ДПУ ездзіла на конях. А адзін чалавек з нашай мясцовасці, прозвішча забыўся, атрымаў год ці паўтара і працаваў падчас адсідкі конюхам у ДПУ, карміў коней.

І калі я прыйшоў у турму, узялі маю перадачу і потым аддаюць назад: “Дваццаць восьмага выбыў у АДПУ”. Я пайшоў шукаць ДПУ, перадаць туды. Гэта было на іншай вуліцы. Фортку чэкіст адкрыў. Я кажу: “Перадачу прынёс”. – “Каму?” Назваў прозвішча. Пайшоў і вяртаецца: “Выбыў у Мядзведжыя горы”. Накшталт, этап сышоў на Мядзведжую гару. А той чалавек ведаў мяне. Я сын святара. Шмат хто мяне ведаў. Ён убачыў мяне. У гэты час якраз карміў коней. Быў бесканвойны. Паклікаў і кажа: “Толькі маўчы. Расстралялі яго. Нават боты твайго бацькі на стайні”. Маме я не сказаў. Мама да самай смерці ўсё думала, што ёсць такі лагер, дзе перапіска забароненая”.

Рэабілітаваны святар Іаан Вячорка прэзідыумам Мінскага абласнога суда 11.06.1960. Асабовая справа №16555-е знаходзіцца ў архіве КДБ Беларусі.

Пастановай Сінода Беларускага Экзархата ад 28 кастрычніка 1999 года іерэй Іаан Вячорка далучаны да ліку мясцовашануемых святых, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.

Дні памяці:

Нядзеля 7-га лютага або бліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

17 красавіка – у дзень прыгавору да расстрэлу свяшчэннапакутніка Іаана Вячоркі, прасвітара Крываноскага.

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

Нядзеля 28 кастрычніка або бліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:

  • sluck-eparchiya. by
  • monasterium. by
  • postkomsg. com
  • http://pravmisl.ru
  • rusk. ru
  • hramlavrenty-svetoch.narod.ru
  • Кривонос Феодор, священник. Жития священномучеников Минской епархии (1 половина XX века). Мн., 2002. – С. 63-66.
  • Новомученики Слуцко-Солигорской епархии/ сост. протоиерей Александр Шкляревский, Светлана Волохова. – Минск.: Христианский образовательный центр имени святых Мефодия и Кирилла, 2019. – С. 32 – 33.