Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Свяшэннапакутнік Іаасаф (у свеце – князь Уладзімір Давідавіч Жавахаў), епіскап Магілёўскі, нарадзіўся 24 снежня 1874 года ў радавым маёнтку Лінавіца Пірацінскага павета Палтаўскай губерні (па іншых звестках, у горадзе Прылукі Палтаўскай губерні) у сям’і палтаўскага памешчыка князя Давіда Дзмітрыевіча Жавахава і Кацярыны Канстанцінаўны (у дзявоцтве Вульферт). Князь Уладзімір паходзіў са старажытнага грузінскага роду князёў Джавахавых і быў нашчадкам свяціцеля Іаасафа Белгародскага.
У сям’і Жавахавых было чацвёра дзяцей: два сыны-двайняты – Мікалай і Уладзімір – і дзве дачкі – Любоў і Варвара.
Дзяцінства і юнацтва Уладзімір правёў у бацькоўскім маёнтку Лінавіца і ў Кіеве, дзе ў маці быў дом.
Уладзімір у 1899 годзе скончыў юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта і ў 1900 годзе паступіў на службу ў Кіеўскую судовую палату. Не раз абіраўся ганаровым сусветным суддзёй па Кіеўскім павеце, што сведчыць пра давер да яго простага народа.
Уладзімір Давідавіч быў актыўным у грамадскім жыцці, у духоўна-асветніцкай і місіянерскай дзейнасці, не шкадаваў сваіх сродкаў, ахвяраваў на патрэбы Царквы. Князь адрозніваўся моцнай верай і набожнасцю. Яго сябрам быў Сяргей Нілус, рускі рэлігійны мысліцель, духоўны пісьменнік і грамадскі дзеяч.
У кастрычніку 1911 года князь Уладзімір наведаў Кіеўскі Троіцкі Іонінскі манастыр, дзе пазнаёміўся з ігуменам Валянцінам (Каратэнкам). Ён прапанаваў князю прыняць удзел у адраджэнні старажытнага пячорнага кіеўскага Зверынецкага Міхаіла-Архангельскага манастыра.
Урочышча Зверынец – надзел зямлі ў прадмесці Кіева. Менавіта яго па благаславенні Кіеўскага мітрапаліта Флавіяна (Гарадзецкага) 1 ліпеня 1912 года князь Уладзімір узяў у арэнду на 6 гадоў у ваеннага ведамства. Там і знаходзіўся старажытны пячорны манастыр, больш ранні, чым Кіева-Пячэрская Лаўра.
Уладзімір Жавахаў са жніўня 1912 года на асабістыя сродкі арганізаваў раскопкі ў Зверынцы, у выніку якіх была расчышчана частка старажытных пячор XII ст. і пахаванняў.
У адной з магільных ніш, якая належала Зверынецкаму ігумену прападобнаму Кліменту (+1092), знайшлі невялікі металічны абраз авальнай формы, памерам прыкладна 10,4×8,7 см.
Метал пакрываў пласт эмалі, зверху якога была выява Багародзіцы Адзігітрыі. Яна нагадвала Ціхвінскую ікону, што спрадвеку шанавалася на Русі. Знойдзены абраз быў пашкоджаны часам і ўмовамі захавання.
Але абраз сталі шанаваць як цудатворны, бо было засведчана некалькі ацаленняў. У 1915 годзе Свяцейшы Сінод па хадайніцтве князя Жавахава прызнаў абраз агульнарускай святыняй і назваў яе “Зверынецкай”. Яго ўрачыста перанеслі ў саборны храм Троіцкага Іонінскага манастыра, дзе змясцілі над царскай брамай. Абраз упрыгожылі сярэбранай аправай высокамастацкай ювелірнай работы.
Вернікі Кіева і паломнікі нядоўга маліліся каля наваяўленай святыні. У 1930-х гадах Іонінскі манастыр і яго Зверынецкі скіт былі закрыты ўладай. След Зверынецкай іконы быў страчаны і шмат гадоў пра святыню нічога не было вядома.
![](http://oroik.by/wp-content/uploads/2023/12/1-2.jpg)
Прайшоў час. У канцы 1990-х гадоў у адным з нумароў манастырскага выдання “Іонінскі лісток” расказвалася пра Зверынецкую ікону і нават быў змешчаны яе фотаздымак. Гэты выпуск трапіў у рукі святара з Кіеўскай вобласці Міхаіла Макеева. Ён пазнаў абраз, каля якога штодня маліўся, і прыняў рашэнне вярнуць ікону. І 26 кастрычніка 1999 года айцец Міхаіл Макееў перадаў цудатворны Зверынецкі абраз у сярэбраным акладзе ў Свята-Троіцкі манастыр. Ікону з часам рэстаўравалі.
Зверынецкая ікона Божай Маці – адна з малавядомых праваслаўных святынь. Знаходзіцца ў Свята-Троіцкім Іонінскім манастыры горада Кіева.
![](http://oroik.by/wp-content/uploads/2023/12/2-1.jpg)
Але вернемся да старажытнага пячорнага манастыра.
Стараннямі браціі быў пабудаваны дом, дзе размясцілася двухпрастольная царква. Значную падтрымку ў будаўніцтве надпячорнага храма Раства Прасвятой Багародзіцы аказаў князь Жавахаў. Храм быў асвечаны ў снежні 1913 года. Уладзімір Жавахаў стаў старастам гэтага храма.
У храме Раства Прасвятой Багародзіцы 29 жніўня 1914 года быў асвечаны прыдзел у імя свяціцеля Іаасафа Белгародскага. Пасля тут быў заснаваны Зверынецкі скіт, ганаровым папячыцелем якога быў князь Жавахаў. Ён дамагаўся перадачы зямлі над пячорамі ў прыватную ўласнасць скіта, але гэтую задуму пасля рэвалюцыі ажыццявіць не ўдалося.
![](http://oroik.by/wp-content/uploads/2023/12/3-1.jpg)
Да сакавіка 1917 года князь Жавахаў быў на дзяржаўнай службе ў званні стацкага саветніка і неаднаразова выконваў абавязкі віцэ-губернатара. А падчас грамадзянскай вайны жыў у Кіеве. Увесну 1918 года з-за наступу бальшавікоў разам з братам таемна знаходзіўся як паслушнік у скіце Раства Прасвятой Багародзіцы.
Браты Жавахавы раз’ехаліся з прыходам Добраахвотніцкай арміі генерала А. І. Дзянікіна. Мікалай выехаў за мяжу ў 1919 годзе, а Уладзімір – у радавы маёнтак Лінавіца, дзе разам з ім пасяліўся сябар сям’і – пісьменнік Сяргей Нілус са сваімі блізкімі.
Уладзімір Давідавіч пасля рэвалюцыі змушаны быў скрывацца. Манахі хавалі яго ад бальшавікоў, што распраўляліся з усімі, хто меў дваранскія званні і тытулы.
Па некаторых звестках, пасля грамадзянскай вайны Жавахаў быў навуковым супрацоўнікам Усеўкраінскай Акадэміі Навук. Часта наведваў Зверынецкі скіт, працягваючы заставацца яго апекуном. 28 студзеня 1924 года ў манастырскай кнізе ён запісаў: “Упершыню сёлета наведаў Зверынецкі скіт. Няхай будзе гэты год годам адраджэння прыніжанай Радзімы нашай на славу і ўмацаванне Праваслаўнай Царквы”.
У 1924 годзе Уладзіміра Жавахава арыштавалі за “княжацкае паходжанне” і сем месяцаў трымалі ў зняволенні ў адной з кіеўскіх турмаў. Менавіта тут ён вырашыў прыняць манаства і прысвяціць сваё жыццё Госпаду.
Пасля вызвалення Уладзімір Жавахаў пасяліўся ў Кіеўскім Іонінскім Троіцкім манастыры і адразу звярнуўся з лістом да найсвяцейшага патрыярха Ціхана з просьбай благаславіць яго на прыняцце манаства ў Зверынецкім скіце. “Пасля перажытай у бягучым годзе Галгофы, якая выявілася ў паўгадавым турэмным зняволенні, я адчуў усю неабходнасць Уваскрэсення да новага жыцця і беззваротна вырашыў, зусім пакінуўшы свет, рэшту дзён сваіх прысвяціць Богу” – пісаў Уладзімір свяціцелю.
У заснаваным ім Зверынецкім скіце епіскапам Уманскім Макарыем (Кармазінавым) Уладзімір Давідавіч 26 снежня 1924 года быў пастрыжаны ў манаства з імем Іаасаф і пасвечаны ў іераманаха. Князь шанаваў свяціцеля Іаасафа Белгародскага і ў гонар яго прыняў імя Іаасаф. А 6 ліпеня 1926 года мітрапаліт Сергій (Страгародскі) хіратанізаваў яго ў Ніжнім Ноўгарадзе ў епіскапа Дзмітрыеўскага, вікарыя Курскай епархіі. Уладыка Іаасаф распачаў сваё архіпастырскае служэнне.
![](http://oroik.by/wp-content/uploads/2023/12/4-1-226x300.jpg)
Але праслужыў уладыка Іаасаф усяго два месяцы. 16 верасня 1926 года, свяціцель быў арыштаваны па абвінавачанні ў “падрыхтоўцы і захоўванні ў сваёй кватэры з мэтай распаўсюджвання агітацыйнай літаратуры контррэвалюцыйнага зместу”, а таксама за “памінанне падчас набажэнстваў былога імператара, членаў царскага дома і былых міністраў”.
Унучатая пляменніца свяціцеля, княжна Ніна Дзмітрыеўна Жавахава, у сваёй кнізе “Жавахавы” (2010) пра дынастыю ўладыкі распавядае, як “савет суполкі вернікаў курскага Казанскага сабора звяртаўся ў ДПУ і даказваў, што іх любімы ўладыка пазбаўлены волі з-за “непаразумення”, прасіў адпусціць яго “пад іх паручыцельства”… Аднак гэта не дапамагло.
Уладыка Іаасаф (Жавахаў) быў асуджаны на пазбаўленне волі ў ППЛ. Адбываў пакаранне ў Салавецкім лагеры спецыяльнага прызначэння да канца 1929 года. Пасля лагера ён тры гады правёў у ссылцы ў Нарымскай акрузе (Усходне-Сібірскі край).
З 19 верасня 1932 года служыў епіскапам Пяцігорскім, а з кастрычніка 1932 года прызначаны епіскапам Чабаксарскім і Чувашскім, але адмовіўся па стане здароўя.
У 1933 годзе прыгавораны да 10 гадоў высылкі ў Паўночны край. Жыў у Архангельскай вобласці. Здароўе пагаршалася. Як інваліда, уладыку перавялі на жыхарства пад адміністрацыйны нагляд у Маскоўскую вобласць.
У чэрвені 1934 года ўладыка Іаасаф прызначаны кіраўніком Магілёўскай епархіі, часова кіраваў і Мінскай епархіяй.
У 1936 годзе сышоў на пакой па стане здароўя і пасяліўся ў Белгарадзе.
Аднак 60-гадовага епіскапа, змучанага лагерамі і ссылкамі, 16 кастрычніка 1936 г. зноў арыштавалі і ў адміністрацыйным парадку выслалі ў г. Баравічы Ленінградскай (цяпер Наўгародскай) вобласці, дзе жылі яго сёстры. Пасяліўся ён у сваёй малодшай сястры Любові.
Жыў там нядоўга. Праз паўгода яму дазволілі вярнуцца ў Белгарад (на той момант Курскай вобласці).
23 студзеня 1937 года епіскапа Іаасафа (Жавахава) зноў арыштавалі. У матэрыялах следчай справы 1936-1937 гадоў пазначана, што Жавахаў Уладзімір Давыдавіч “з’яўляецца асноўным кіраўніком контррэвалюцыйнай арганізацыі ў Курску, па якой вядзецца следства”.
Уладыку прылічылі да контррэвалюцыйнай арганізацыі царкоўнікаў, якая нібыта дзейнічала ў Ленінградскай вобласці. Даказаць віну не змаглі і будучага свяшчэннапакутніка Іаасафа пераслалі этапам у Курск. А там фабрыкавалася справа аб тэрарыстычнай арганізацыі, якую быццам узначальваў сам епіскап Іаасаф (Жавахаў).
Уладыка Іаасаф абвінавачваўся ў кіраўніцтве “белгародскай тэрарыстычнай групай”, у арганізацыі выступленняў грамадзян за адкрыццё цэркваў і ў нелегальным здзяйсненні богаслужэнняў.
Іаасаф адмаўляў усе абвінавачанні аргументавана. “Ніякай контррэвалюцыйнай дзейнасці я за сабой не маю, – запісана ў пратаколе аднаго з допытаў. – …у перыяд усенароднага абмеркавання праекту Сталінскай канстытуцыі мы падвяргалі абмеркаванню 21 артыкул са свайго пункту гледжання… у адносінах да абмежавання правоў царквы і духавенства і, у прыватнасці, аднаўлення звана, адкрыцця хаця аднаго свечнага завода на вобласць, адмяніць рэгістрацыю ў Саўорганах духавенства, прычым у выглядзе жарту было сказана, што не шкодзіла б мець дазвол і на духоўную школу. Вось тады б была канстытуцыя, за якую ўсё духавенства горача падзякавала б Сталіну…”.
4 снежня 1937 года тройкай пры УНКУС па Курскай вобласці епіскап Іаасаф быў асуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў Курску ў дзень прысуду.
Мяркуецца, што месца трагічнай гібелі святога пакутніка – лясное ўрочышча “Салянка”, месца масавых растрэлаў у г. Курску ў 1937 – 1938 гадах. Разам з епіскапам Іаасафам было расстраляна 10 чалавек архіерэяў і святароў.
Мошчы свяшчэннапакутніка Іаасафа (Жавахава) знаходзяцца ў адной з брацкіх магіл ва ўрочышчы Салянка.
У адроджаным Зверынецкім манастыры ніжні храм асвечаны ў гонар двух Іаасафаў – Белгародскага і Магілёўскага.
Княжна Ніна Дзмітрыеўна на паніхідзе па ахвярах палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Салянка выказала такую думку: “Любы род падобны на вялікае дрэва, якое мае карані і крону. І пад гэтай кронай адчуваеш сябе абароненым ад знешніх нягод”.
Абароненым можа сябе адчуць і любы чалавек, звярнуўшыся з малітвай да святога з роду Жавахавых – Іаасафа Магілёўскага, які прыняў пакутніцкую смерць на курскай зямлі.
Свяшчэннапакутнік Іаасаф (Жавахаў), епіскап Магілёўскі, напісаў некалькі кніг. Некаторыя з іх былі выдадзены пры яго жыцці.
20 мая 1990 года Іаасаф (Жавахаў), епіскап Магілёўскі, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР рэабілітаваны пракуратурай па Белгародскай вобласці.
![](http://oroik.by/wp-content/uploads/2023/12/5-215x300.webp)
Пастановай Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы 17 ліпеня 2002 года епіскап Магілёўскі Іаасаф (Жавахаў) кананізаваны ў ліку свяшчэннапакутнікаў.
Матэрыялы да кананізацыі епіскапа Іаасафа былі сабраны браціяй Кіеўскага Троіцкага Іонінскага манастыра і падпарадкаванага яму Зверынецкага скіта.
Дні памяці: 5 снежня (22 лістапада), у Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Белгародскіх, у Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Салавецкіх, у Саборы Беларускіх, у Саборы Кіеўскіх, у Саборы Курскіх святых і ў Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
- http://mogeparhia.by
- https://www.solovki.ca
- https://obitel-minsk.ru
- https://azbyka.ru
- https://kursk.bezformata.com
- https://drevo-info.ru
- http:// nyblago org