Гісторыя лёсу свяшчэннапакутніка Іаасафа (Жавахава), епіскапа Магілёўскага

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Свяшэннапакутнік Іаасаф (у свеце – князь Уладзімір Давідавіч Жавахаў), епіскап Магілёўскі, нарадзіўся 24 снежня 1874 года ў радавым маёнтку Лінавіца Пірацінскага павета Палтаўскай губерні (па іншых звестках, у горадзе Прылукі Палтаўскай губерні) у сям’і палтаўскага памешчыка князя Давіда Дзмітрыевіча Жавахава і Кацярыны Канстанцінаўны (у дзявоцтве Вульферт).  Князь Уладзімір паходзіў са старажытнага грузінскага роду князёў Джавахавых і быў нашчадкам свяціцеля Іаасафа Белгародскага.  

У сям’і Жавахавых было чацвёра дзяцей: два сыны-двайняты – Мікалай і Уладзімір – і дзве дачкі – Любоў і Варвара.

Дзяцінства і юнацтва Уладзімір правёў у бацькоўскім маёнтку Лінавіца і ў Кіеве, дзе ў маці быў дом.

Уладзімір у 1899 годзе скончыў юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта і ў 1900 годзе паступіў на службу ў Кіеўскую судовую палату. Не раз абіраўся ганаровым сусветным суддзёй па Кіеўскім павеце, што сведчыць пра давер да яго простага народа.

Уладзімір Давідавіч быў актыўным у грамадскім жыцці, у духоўна-асветніцкай і місіянерскай дзейнасці, не шкадаваў сваіх сродкаў, ахвяраваў на патрэбы Царквы. Князь адрозніваўся моцнай верай і набожнасцю. Яго сябрам быў   Сяргей Нілус, рускі рэлігійны мысліцель, духоўны пісьменнік і грамадскі дзеяч.

У кастрычніку 1911 года князь Уладзімір наведаў Кіеўскі Троіцкі Іонінскі манастыр, дзе пазнаёміўся з ігуменам Валянцінам (Каратэнкам). Ён прапанаваў князю прыняць удзел у адраджэнні старажытнага пячорнага кіеўскага Зверынецкага Міхаіла-Архангельскага манастыра.

Урочышча Зверынец – надзел зямлі ў прадмесці Кіева. Менавіта яго па благаславенні Кіеўскага мітрапаліта Флавіяна (Гарадзецкага) 1 ліпеня 1912 года князь Уладзімір узяў у арэнду на 6 гадоў у ваеннага ведамства. Там і знаходзіўся старажытны пячорны манастыр, больш ранні, чым Кіева-Пячэрская Лаўра.

Уладзімір Жавахаў са жніўня 1912 года на асабістыя сродкі арганізаваў раскопкі ў Зверынцы, у выніку якіх была расчышчана частка старажытных пячор XII ст. і пахаванняў.

У адной з магільных ніш, якая належала Зверынецкаму ігумену прападобнаму Кліменту (+1092), знайшлі невялікі металічны абраз авальнай формы, памерам прыкладна 10,4×8,7 см.

Метал пакрываў пласт эмалі, зверху якога была выява Багародзіцы Адзігітрыі. Яна нагадвала Ціхвінскую ікону, што спрадвеку шанавалася на Русі. Знойдзены абраз быў пашкоджаны часам і ўмовамі захавання.

Але абраз сталі шанаваць як цудатворны, бо было засведчана некалькі ацаленняў. У 1915 годзе Свяцейшы Сінод па хадайніцтве князя Жавахава прызнаў абраз агульнарускай святыняй і назваў яе “Зверынецкай”. Яго ўрачыста перанеслі ў саборны храм Троіцкага Іонінскага манастыра, дзе змясцілі над царскай брамай. Абраз упрыгожылі сярэбранай аправай высокамастацкай ювелірнай работы.

Вернікі Кіева і паломнікі нядоўга маліліся каля наваяўленай святыні. У 1930-х гадах Іонінскі манастыр і яго Зверынецкі скіт былі закрыты ўладай. След Зверынецкай іконы быў страчаны і шмат гадоў пра святыню нічога не было вядома.

Зверынецкая ікона Божай Маці.

Прайшоў час. У канцы 1990-х гадоў у адным з нумароў манастырскага выдання “Іонінскі лісток” расказвалася пра Зверынецкую ікону і нават быў змешчаны яе фотаздымак. Гэты выпуск трапіў у рукі святара з Кіеўскай вобласці Міхаіла Макеева. Ён пазнаў абраз, каля якога штодня маліўся, і прыняў рашэнне вярнуць ікону. І 26 кастрычніка 1999 года айцец Міхаіл Макееў перадаў цудатворны Зверынецкі абраз у сярэбраным акладзе ў Свята-Троіцкі манастыр. Ікону з часам рэстаўравалі.

Зверынецкая ікона Божай Маці – адна з малавядомых праваслаўных святынь. Знаходзіцца ў Свята-Троіцкім Іонінскім манастыры горада Кіева.

Свята-Троіцкі Іонінскі манастыр.

Але вернемся да старажытнага пячорнага манастыра.

Стараннямі браціі быў пабудаваны дом, дзе размясцілася двухпрастольная царква. Значную падтрымку ў будаўніцтве надпячорнага храма Раства Прасвятой Багародзіцы аказаў князь Жавахаў. Храм быў асвечаны ў снежні 1913 года. Уладзімір Жавахаў стаў старастам гэтага храма.

У храме Раства Прасвятой Багародзіцы 29 жніўня 1914 года быў асвечаны прыдзел у імя свяціцеля Іаасафа Белгародскага. Пасля тут быў заснаваны Зверынецкі скіт, ганаровым папячыцелем якога быў князь Жавахаў. Ён дамагаўся перадачы зямлі над пячорамі ў прыватную ўласнасць скіта, але гэтую задуму пасля рэвалюцыі ажыццявіць не ўдалося.

Князь Уладзімір Жавахаў сярод горных інжынераў і скіцкіх манахаў. 1914 год.

Да сакавіка 1917 года князь Жавахаў быў на дзяржаўнай службе ў званні стацкага саветніка і неаднаразова выконваў абавязкі віцэ-губернатара. А падчас грамадзянскай вайны жыў у Кіеве. Увесну 1918 года з-за наступу бальшавікоў разам з братам таемна знаходзіўся як паслушнік у скіце Раства Прасвятой Багародзіцы.

Браты Жавахавы раз’ехаліся з прыходам Добраахвотніцкай арміі генерала А. І. Дзянікіна. Мікалай выехаў за мяжу ў 1919 годзе, а Уладзімір – у радавы маёнтак Лінавіца, дзе разам з ім пасяліўся сябар сям’і – пісьменнік Сяргей Нілус са сваімі блізкімі.

Уладзімір Давідавіч пасля рэвалюцыі змушаны быў скрывацца. Манахі хавалі яго ад бальшавікоў, што распраўляліся з усімі, хто меў дваранскія званні і тытулы.

Па некаторых звестках, пасля грамадзянскай вайны Жавахаў быў навуковым супрацоўнікам Усеўкраінскай Акадэміі Навук. Часта наведваў Зверынецкі скіт, працягваючы заставацца яго апекуном. 28 студзеня 1924 года ў манастырскай кнізе ён запісаў: “Упершыню сёлета наведаў Зверынецкі скіт. Няхай будзе гэты год годам адраджэння прыніжанай Радзімы нашай на славу і ўмацаванне Праваслаўнай Царквы”.

У 1924 годзе Уладзіміра Жавахава арыштавалі за “княжацкае паходжанне” і сем месяцаў трымалі ў зняволенні ў адной з кіеўскіх турмаў. Менавіта тут ён вырашыў прыняць манаства і прысвяціць сваё жыццё Госпаду.

Пасля вызвалення Уладзімір Жавахаў пасяліўся ў Кіеўскім Іонінскім Троіцкім манастыры і адразу звярнуўся з лістом да найсвяцейшага патрыярха Ціхана з просьбай благаславіць яго на прыняцце манаства ў Зверынецкім скіце. “Пасля перажытай у бягучым годзе Галгофы, якая выявілася ў паўгадавым турэмным зняволенні, я адчуў усю неабходнасць Уваскрэсення да новага жыцця і беззваротна вырашыў, зусім пакінуўшы свет, рэшту дзён сваіх прысвяціць Богу” – пісаў Уладзімір свяціцелю.

У заснаваным ім Зверынецкім скіце епіскапам Уманскім Макарыем (Кармазінавым) Уладзімір Давідавіч 26 снежня 1924 года быў пастрыжаны ў манаства з імем Іаасаф і пасвечаны ў іераманаха. Князь шанаваў свяціцеля Іаасафа Белгародскага і ў гонар яго прыняў імя Іаасаф. А 6 ліпеня 1926 года мітрапаліт Сергій (Страгародскі) хіратанізаваў яго ў Ніжнім Ноўгарадзе ў епіскапа Дзмітрыеўскага, вікарыя Курскай епархіі. Уладыка Іаасаф распачаў сваё архіпастырскае служэнне.

Іераманах Іаасаф (Жавахаў). 1925 год.

Але праслужыў уладыка Іаасаф усяго два месяцы. 16 верасня 1926 года, свяціцель быў арыштаваны па абвінавачанні ў “падрыхтоўцы і захоўванні ў сваёй кватэры з мэтай распаўсюджвання агітацыйнай літаратуры контррэвалюцыйнага зместу”, а таксама за “памінанне падчас набажэнстваў былога імператара, членаў царскага дома і былых міністраў”.

Унучатая пляменніца свяціцеля, княжна Ніна Дзмітрыеўна Жавахава, у сваёй кнізе “Жавахавы” (2010) пра дынастыю ўладыкі распавядае, як “савет суполкі вернікаў курскага Казанскага сабора звяртаўся ў ДПУ і даказваў, што іх любімы ўладыка пазбаўлены волі з-за “непаразумення”, прасіў адпусціць яго “пад іх паручыцельства”…  Аднак гэта не дапамагло.

Уладыка Іаасаф (Жавахаў) быў асуджаны на пазбаўленне волі ў ППЛ. Адбываў пакаранне ў Салавецкім лагеры спецыяльнага прызначэння да канца 1929 года. Пасля лагера ён тры гады правёў у ссылцы ў Нарымскай акрузе (Усходне-Сібірскі край).

З 19 верасня 1932 года служыў епіскапам Пяцігорскім, а з кастрычніка 1932 года прызначаны епіскапам Чабаксарскім і Чувашскім, але адмовіўся па стане здароўя.

У 1933 годзе прыгавораны да 10 гадоў высылкі ў Паўночны край. Жыў у Архангельскай вобласці. Здароўе пагаршалася. Як інваліда, уладыку перавялі на жыхарства пад адміністрацыйны нагляд у Маскоўскую вобласць.

У чэрвені 1934 года ўладыка Іаасаф прызначаны кіраўніком Магілёўскай епархіі, часова кіраваў і Мінскай епархіяй.

У 1936 годзе сышоў на пакой па стане здароўя і пасяліўся ў Белгарадзе.

Аднак 60-гадовага епіскапа, змучанага лагерамі і ссылкамі, 16 кастрычніка 1936 г. зноў арыштавалі і ў адміністрацыйным парадку выслалі ў г. Баравічы Ленінградскай (цяпер Наўгародскай) вобласці, дзе жылі яго сёстры. Пасяліўся ён у сваёй малодшай сястры Любові.

Жыў  там нядоўга. Праз паўгода яму дазволілі вярнуцца ў Белгарад (на той момант Курскай вобласці).

23 студзеня 1937 года епіскапа Іаасафа (Жавахава) зноў арыштавалі. У матэрыялах следчай справы 1936-1937 гадоў пазначана, што Жавахаў Уладзімір Давыдавіч “з’яўляецца асноўным кіраўніком контррэвалюцыйнай арганізацыі ў Курску, па якой вядзецца следства”.

Уладыку прылічылі да контррэвалюцыйнай арганізацыі царкоўнікаў, якая нібыта дзейнічала ў Ленінградскай вобласці. Даказаць віну не змаглі і будучага свяшчэннапакутніка Іаасафа пераслалі этапам у Курск. А там фабрыкавалася справа аб тэрарыстычнай арганізацыі, якую быццам узначальваў сам епіскап Іаасаф (Жавахаў).

Уладыка Іаасаф абвінавачваўся ў кіраўніцтве “белгародскай тэрарыстычнай групай”, у арганізацыі выступленняў грамадзян за адкрыццё цэркваў і ў нелегальным здзяйсненні богаслужэнняў.

Іаасаф адмаўляў усе абвінавачанні аргументавана. “Ніякай контррэвалюцыйнай дзейнасці я за сабой не маю, – запісана ў пратаколе аднаго з допытаў. – …у перыяд усенароднага абмеркавання праекту Сталінскай канстытуцыі мы падвяргалі абмеркаванню 21 артыкул са свайго пункту гледжання… у адносінах да абмежавання правоў царквы і духавенства і, у прыватнасці, аднаўлення звана, адкрыцця хаця аднаго свечнага завода на вобласць, адмяніць рэгістрацыю ў Саўорганах духавенства, прычым у выглядзе жарту было сказана, што не шкодзіла б мець дазвол і на духоўную школу. Вось тады б была канстытуцыя, за якую ўсё духавенства горача падзякавала б Сталіну…”.

4 снежня 1937 года тройкай пры УНКУС па Курскай вобласці епіскап Іаасаф быў асуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў Курску ў дзень прысуду. 

Мяркуецца, што месца трагічнай гібелі святога пакутніка – лясное ўрочышча “Салянка”, месца масавых растрэлаў у г. Курску ў 1937 – 1938 гадах. Разам з епіскапам Іаасафам было расстраляна 10 чалавек архіерэяў і святароў.

Мошчы свяшчэннапакутніка Іаасафа (Жавахава) знаходзяцца ў адной з брацкіх магіл ва ўрочышчы Салянка.

У адроджаным Зверынецкім манастыры ніжні храм асвечаны ў гонар двух Іаасафаў – Белгародскага і Магілёўскага.

Княжна Ніна Дзмітрыеўна на паніхідзе па ахвярах палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Салянка выказала такую думку: “Любы род падобны на вялікае дрэва, якое мае карані і крону. І пад гэтай кронай адчуваеш сябе абароненым ад знешніх нягод”.

Абароненым можа сябе адчуць і любы чалавек, звярнуўшыся з малітвай да святога з роду Жавахавых – Іаасафа Магілёўскага, які прыняў пакутніцкую смерць на курскай зямлі.

Свяшчэннапакутнік Іаасаф (Жавахаў), епіскап Магілёўскі, напісаў некалькі кніг. Некаторыя з іх былі выдадзены пры яго жыцці.

20 мая 1990 года Іаасаф (Жавахаў), епіскап Магілёўскі, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР рэабілітаваны пракуратурай па Белгародскай вобласці.

Свяшчэннапакутнік Іаасаф (Жавахаў).

Пастановай Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы 17 ліпеня 2002 года епіскап Магілёўскі Іаасаф (Жавахаў) кананізаваны ў ліку свяшчэннапакутнікаў.

Матэрыялы да кананізацыі епіскапа Іаасафа былі сабраны браціяй Кіеўскага Троіцкага Іонінскага манастыра і падпарадкаванага яму Зверынецкага скіта.

Дні памяці: 5 снежня (22 лістапада), у Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Белгародскіх, у Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Салавецкіх, у Саборы Беларускіх, у Саборы Кіеўскіх, у Саборы Курскіх святых і ў Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

         Крыніцы: