Глебаўская старонка ў гісторыі сусветнага мастацтва: да 95-годдзя з дня нараджэння Яўгена Глебава

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

10 верасня 2024 г. споўняецца 95 гадоў з дня нараджэння кампазітара і педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1966), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1970), народнага артыста Беларусі (1973), народнага артыста СССР, прафесара (1984) Яўгена Аляксандравіча Глебава.

Імя Яўгена Глебава, яго жыццёвы і творчы шлях прадстаўлены Цэнтрам праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры на гэтым сайце ў матэрыяле “Жыццё паказала запатрабаванасць ведання ўласнага радаводу…”: з сямейнага летапісу Ларысы Глебавай” (2022).

З нагоды юбілею вядомага кампазітара з вялікай пашанай згадаем ізноў Асобу сапраўднага Майстра…

Яўген Аляксандравіч Глебаў.

Яўген Аляксандравіч Глебаў (1929 – 2000) – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў музычнай культуры Беларусі, сусветна вядомы кампазітар, якога яшчэ пры жыцці называлі класікам беларускай музыкі ХХ стагоддзя.

У творчай спадчыне кампазітара – сімфоніі, сімфанічныя паэмы, оперы, аперэты, балеты, канцэрты, кантаты і араторыі, мініяцюры, філасофскія казкі, музычныя драмы, камерная і эстрадная музыка, музыка да драматычных спектакляў, кіно – і тэлефільмаў.

З музычнымі творамі Яўгена Глебава працавалі такія знакамітыя дырыжоры як Яўген Святланаў, Вераніка Дударава, Аляксандр Капылоў, Віктар Дуброўскі, Віктар Фядотаў, Барыс Райскі, Фуат Мансураў, Юрый Яфімаў, Ілпа Манснерус, Таццяна Каламійцава, Аляксандр Анісімаў.

Балеты кампазітара Глебава ставілі вядомыя балетмайстры Аляксей Андрэеў, Атар Дадзішкіліяні, Валянцін Елізар’еў, Генрых Маёраў, Эльза Сюльвестарсан, Міхаіл Заслаўскі, Ігар Чарнышоў.

Сярод выбітных артыстаў балета, якія танцавалі ў балетах Глебава, –  Ніна Семізорава, Аляксей Фадзеечаў, Ніна Ананіяшвілі, Віктар Гуляеў, Ірына Калпакова, Людміла Бржазоўская, Юрый Траян, Вольга Лапо, Віктар Саркісьян і іншыя.

Шлях Яўгена Глебава ў мастацтва быў няпросты.

Яўген Аляксандравіч Глебаў нарадзіўся ў невялікім горадзе Рослаўль, на Смаленшчыне. Выхоўвалі будучага кампазітара бабуля і маці. Бацька пакінуў сына, калі таму было каля чатырох месяцаў ад нараджэння…

Толькі ў 20 гадоў Яўген змог прафесійна займацца музыкай, пра што марыў з дзяцінства. Не ведаючы нот, яшчэ ў падлеткавым узросце самастойна навучыўся іграць на гітары, балалайцы і мандаліне.

У 1947 годзе, працягваючы сямейную традыцыю, Яўген паступіў у Рослаўльскі тэхнікум чыгуначнага транспарта, дзе арганізаваў хор і інстументальны ансамбль, актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці.

У 1948 годзе Яўген Глебаў напісаў свой першы твор – песню “Студэнцкая развітальная”, што прыдало яму ўпэўненасці ў сабе.

Пасля заканчэння тэхнікума папрасіў, каб яго размеркавалі ў Магілёў (там было музвучылішча), дзе працаваў аглядчыкам вагонаў. Часам тайна наведваў заняткі ў мясцовым музычным вучылішчы, куда спрабаваў паступаць, але быў не прыняты па прычыне “прафесійнай непрыгоднасці”.

Вырашальнай для будучага кампазітара Глебава стала сустрэча з вядомым беларускім музыкантам Восіпам Жыновічам, які прыехаў у Магілёўскае музычнае вучылішча як старшыня экзаменацыйнай камісіі. Студэнты вельмі прасілі сталічнага госця праслухаць іх таленавітага сябра.

Яўген Глебаў прадставіў на суд выбітнага музыканта ў ліку іншых і некалькі ўласных твораў. Іграў на гітары віртуозна.

Восіп Жыновіч настойліва параіў Яўгену Глебаву паступаць адразу ў кансерваторыю, нягледзячы на тое, што малады чалавек не ведаў ніводнай ноты.

Яўген Глебаў – студэнт трэцяга курса кансерваторыі.

У 1950 годзе Яўген Глебаў стаў студэнтам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі кампазітарскага факультэта ў класе прафесара, народнага артыста СССР Анатоля Багатырова і вельмі хутка стаў адным з лепшых студэнтаў. Дзякуючы Анатолю Васільевічу, які па-бацькоўску клапатліва ставіўся да свайго таленавітага і мэтанакіраванага студэнта, Яўген назаўсёды захапіўся беларускім фальклорам, што ў будучым стане асновай яго творчасці.

Выкладчыцкую дзейнасць Яўген Глебаў пачаў яшчэ падчас вучобы ў кансерваторыі, у тыя ж гады стаў сябрам Саюза кампазітараў (1955).

З 1954 па 1963 гады Яўген Глебаў працаваў выкладчыкам у Мінскім музычным вучылішчы, затым вёў клас кампазіцыі ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер – Акадэмія музыкі), адначасова з’яўляўся кіраўніком эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, музычным рэдактарам “Беларусьфільма”, дырыжорам Мінскага тэатра юнага гледача.

Шматгранная дзейнасць Яўгена Глебава не магла не паўплываць на яго творчасць. Любоў да дзяцей, якую кампазітар пранёс праз усё жыццё, адлюстравана ў яго песнях дзіцячай тэматыкі, араторыі “Запрашэнне ў краіну дзяцінства”, шматлікіх п’есах, што назаўсёды ўвайшлі ў педагагічны рэпертуар дзіцячых музычных школ.

На рэпетыцыі араторыі “Запрашэнне ў краіну дзяцінства”. 1970-я гады.

Пасля таго як Яўген Аляксандравіч атрымаў Дзяржаўную прэмію за “Выбранніцу” (1969), старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР П. М. Машэраў, павіншаваўшы яго, сказаў, што такі вялікі майстар павінен перадаваць веды моладзі.

Яўгену Аляксандравічу было няпроста прыняць рашэнне. Выкладчыцкая праца патрабавала часу, да якога кампазітар ставіўся вельмі ашчадна. Ён ужо амаль адмовіўся, але Пётр Міронавіч сказаў: “А Вы не адмаўляйцеся. Вы падумайце, што зможаце рыхтаваць калектыў аднадумцаў”.

З 1971 года Яўген Глебаў выкладаў у Белдзяржкансерваторыі, а ў 1984-м стаў прафесарам. Яўген Аляксандравіч прысвяціў педагагічнай працы ў кансерваторыі больш за трыццаць гадоў.

Трэба сказаць, што Пётр Міронавіч угаворваў Яўгена Аляксандравіча стаць рэктарам кансерваторыі, але ён катэгарычна адмовіўся, сказаўшы, што ў такім разе не будзе ні кампазітара, ні рэктара.

У той перыяд Яўген Глебаў быў на вяршыне сваёй творчасці, а таксама знаходзіў час для дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці – абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, уваходзіў у Камітэт па Дзяржаўных прэміях БССР, быў сябрам Праўлення Саюза кампазітараў СССР і БССР, як старшыня і член журы ўдзельнічаў у правядзенні шматлікіх фестываляў і конкурсаў. 

Яўген Аляксандравіч Глебаў падчас заняткаў са студэнтамі кансерваторыі. Мінск. 1980-я гады.

Яўген Аляксандравіч Глебаў стварыў сваю кампазітарскую школу. Таленавіты педагог змог захапіць студэнтаў уласнай страсцю ствараць і быць ад гэтага шчаслівым. Змог навучыць прафесіі ў самым лепшым яе значэнні больш за паўсотні студэнтаў і аспірантаў. Вучыў павазе да калег і ўменню радавацца поспехам адзін аднаго.

Сярод вучняў Яўгена Глебава знакамітыя кампазітары і музыканты: Леанід Захлеўны, Уладзімір Кандрусевіч, Вячаслаў Кузняцоў, Ірына Цвяткова, Васіль Раінчык, Ядвіга Паплаўская, Дзмітрый Даўгалёў і многія іншыя.  

Вучні Яўгена Аляксандравіча і цяпер жаданыя госці ў доме Глебава, дзе заўсёды надзейным тылам Майстра, абаронцам ад усіх жыццёвых віхур была яго жонка Ларыса Васільеўна, з якой пражылі амаль сорак гадоў.

Ларыса Глебава больш за 30 гадоў выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце грамадзянскае права, а таксама паспявала выхоўваць сына Радзівона, быць клапатлівай маці і гаспадыняй, асабістым сакратаром, першым слухачом і крытыкам твораў кампазітара і нават лібрэтыстам.

Ларыса Глебава – аўтар лібрэта да балета Яўгена Глебава “Маленькі прынц”, упершыню пастаўленага Тэатрам фінскай нацыянальнай оперы ў Хельсінкі (1982), а таксама оперы “Майстар і Маргарыта” (1992).

У дзень прэм’еры “Маленькага прынца” ў тэатры Суома опер. Хельсінкі. 1982 г.
Ларыса Васільеўна Глебава з сынам Радзівонам. Мінск. 1990-я гг.

Неяк падчас размовы, згадваючы ўласнае жыццё побач з Яўгенам Аляксандравічам, Ларыса Васільеўна параўнала сябе са спадарожнікам вялікай планеты, які тым не менш шмат у чым вызначае яе каардынаты  ў свеце зорак і не дазваляе адхіліцца ад зададзенай арбіты…

Ларыса Глебава заўсёды рада гасцям. Як раней яны радаваліся сустрэчам з былымі студэнтамі кампазітара разам з сынам Радзівонам, які, дарэчы, таксама скончыў Белдзяржкансерваторыю па класе кампазіцыі.

На вялікі жаль, Радзівон пайшоў з жыцця ў маі 2010 года, у самым росквіце творчых сіл, пакінуўшы цудоўную араторыю на вершы Уладзіміра Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду!” Апошнія гады займаўся сістэматызацыяй і алічбоўкай творчай спадчыны бацькі. Разам з маці Ларысай Васільеўнай падрыхтавалі кнігу ўспамінаў пра Яўгена Глебава “Лёсу сярэбраныя струны”, што ўбачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” (2010).

Асобна трэба сказаць пра незвычайнае, глебаўскае, пачуццё гумару. Студэнты часта запісвалі за Яўгенам Аляксандравічам  цікавыя выразы: “я гавару з вамі як старэйшы калега, а не як мэтр-кіламетр”; “дайце мне ноткі, вашы ноткі, а не размовы пра тое, якія вы таленавітыя”; “слава да нас прыходзіць паміж справаю, калі справа таго вартая”.

Вучню, які перад паказам імкнуўся нешта патлумачыць у сваім сачыненні, Глебаў аднойчы сказаў: “Я здагадлівы. Можаце не гаварыць. Вызначыць аўтара можна па першай старонцы яго партытуры”.

Студэнты запісвалі за прафесарам не толькі гумар, але і многія слушныя парады. Глебаў вучыў іх “умець не толькі напісаць, але і сцерці напісанае – у гэтым таксама прафесія кампазітара”. Вучыў не баяцца быць шчырымі. Ён заўсёды гаварыў, што “халодная музыка не закранае пачуццяў, але свае эмоцыі неабходна ўмець афармляць”.

Адзін з любімых заняткаў…

Яўген Аляксандравіч шмат чытаў. Захапляўся Дастаеўскім, вывучаў творчасць пісьменніка і нават мог цытаваць асобныя главы. Любіў Гогаля, Лермантава. Адным з любімых герояў кампазітара быў Пячорын. Глебаў часта паўтараў яго словы: “Лепшы дом на водах – гэта мой уласны дом”. Трэба сказаць, што Яўген Аляксандравіч не любіў хадзіць у госці, але з задавальненнем прымаў гасцей у сябе дома.

Вельмі любіў Пушкіна. Шкадаваў, што практычна не засталося твораў паэта, на якія яшчэ не напісана музыка. А ў канцы жыцця  звярнуўся да творчасці Булгакава. Раман “Майстар і Маргарыта” ведаў амаль на памяць і мог цытаваць з любога месца.

Кампазітар Глебаў любіў творчасць Янкі Купалы. Яшчэ ў кансерваторыі напісаў для сімфанічнага аркестра паэму “Машэка” па творы Янкі Купалы “Магіла льва”, а пазней – балет “Выбранніца”. Да 100-годдзя паэта зрабіў другую рэдакцыю, якая выйшла пад назвай “Курган”.

У якасці літаратурных першакрыніц сваіх найлепшых балетаў  Яўген Глебаў выбраў вядомыя творы Янкі Купалы, Васіля Быкава, Шарля дэ Кастэра, Антуана дэ Сент-Экзюперы.

Балеты Яўгена Глебава “Мара”, “Альпійская балада”, “Тыль Уленшпігель”, “Выбранніца”, “Маленькі прынц” занялі пачэснае месца не толькі на айчыннай сцэне, але і далёка за яе межамі.

Дарэчы, у лістападзе 2015 года ў сталічным Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера балета Яўгена Глебава “Маленькі прынц”. Пасля сусветнай прэм’еры “Маленькага прынца” ў Хельсінкі і ў Маскве ў 1983 годзе прайшло 32 гады…

Нарэшце дзякуючы харэографу-пастаноўшчыку Аляксандры Ціхаміравай, дырыжору Алегу Лесуну і мастаку Вячаславу Акунёву балет Яўгена Глебава ўбачыў і беларускі глядач.

“Маленькі прынц” збірае цэлыя залы. Пастаноўка аднолькава падабаецца і дзецям, і дарослым. Казка для ўсіх, якая сілаю мастацтва даводзіць, што наша будучыня ў нашых дзецях. Галоўнае – выхаваць іх годнымі людзьмі, навучыць любіць сваіх блізкіх і сваю зямлю. 

Для самога ж Майстра лепшым балетам з’яўляўся той, “які станавіўся інтэрнацыянальным, зразумелым у любой прасторы нашай планеты”. Кампазітар лічыў, што “гэтага высокага прызнання заслугоўваюць толькі тыя творы, якія нясуць у сабе агульнапрынятыя чалавечыя каштоўнасці і ідэі. Ну і канешне ж, высокі прафесіяналізм стваральнікаў”.

Яўген Глебаў на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Нягледзячы на шматжанравасць творчасці, Яўген Глебаў найперш кампазітар-сімфаніст. Аўтар шматлікіх праграмных твораў – “Паэма-легенда” (1955), “Палеская сюіта” (1964), “Альпійская сімфонія-балада” (1967), тры сюіты з балета “Выбранніца” (1969), тры сюіты з балета “Тыль Уленшпігель” (1973 – 1974), Канцэрт для аркестра “Кліч” (1988) і інш. У шэрагу твораў кампазітара 5 сімфоній, 2 з якіх таксама праграмныя: Першая, “Партызанская” (1958) і Пятая, “Да міру” (1985).

Другая сімфонія (1963) прысвечана моладзі.

У галіне сімфанічнай музыкі Яўген Глебаў выступіў як неперавершаны наватар. У сімфоніях кампазітара адлюстраваны драматызм эпохі, складаны духоўны свет сучаснага пакалення, трывога за будучыню чалавецтва.

Яўген Глебаў імкнуўся “перадаць у музыцы тое, што трывожыць і хвалюе…”: “Галоўнае, што хачу сказаць людзям: паглядзіце, які цудоўны свет вакол нас і якая страшная думка пра тое, што аднойчы па нечай нядобрай волі мы можам пазбавіцца не толькі гэтай прыгажосці, але і жыцця”.

Асаблівае месца ў творчасці кампазітара займае антываенная тэма, што з вялікай сілай мастацкасці, грамадзянскасці гучыць у балеце “Альпійская балада” (па аповесці Васіля Быкава), у Пятай сімфоніі, “Баладзе памяці” (1984) і іншых творах.

Васіль Быкаў і Яўген Глебаў  – дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР.

У сям’і Глебавых было ўнікальнае кола зносін – паэты, пісьменнікі, сакратары ЦК, міністры культуры.

Шляхі творчых людзей, у тым ліку і кампазітараў, у кожнай з пятнаццаці саюзных рэспублік абавязкова перасякаліся. Усё лепшае, што было створана, заўсёды выконвалася на канцэртах у Маскве. Творцы маглі знаёміцца, дзяліцца думкамі, што непазбежна прыводзіла да павышэння прафесійнага майстэрства.

Творчыя, дзелавыя і сяброўскія зносіны аб’ядноўвалі Яўгена Глебава з выбітнымі сучаснікамі – Пятром Міронавічам Машэравым,  Аляксандрам Трыфанавічам Кузьміным, Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Дзмітрыем Шастаковічам, Георгіем Свірыдавым, Васілём Салаўёвым-Сядым, Ціханам Хрэннікавым, Уладзімірам Малчанавым, Аляксандрам Анісімавым, Міхаілам Казінцом, Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Андрэем Макаёнкам, Мікалаем Матукоўскім, Аляксеем Дударавым, Нілам Гілевічам, Генадзем Бураўкіным, Міхаілам Савіцкім, Тамарай Раеўскай, Наталляй Гайдай…

Музыка Яўгена Глебава гучала ў канцэртных залах Масквы, Санкт-Пецярбурга, Хельсінкі, Варшавы, Прагі, Сафіі, Берліна, Кіева, Еравана, Рыгі, Таліна, Вільнюса…

Балеты і мюзіклы ставіліся ў тэатрах Фінляндыі, Масквы, Навасібірска, Самары, Адэсы, Ташкента, Львова.

Яўген Глебаў шмат пісаў для кіно. У актыве 40 мастацкіх карцін і некалькі дакументальных. Першай стала кінастужка “Я родам з дзяцінства” Віктара Турава, дзе здымаўся Уладзімір Высоцкі, які праз рэжысёра пазнаёміўся з Глебавым і нават бываў у яго ў гасцях.

Шчырыя чалавечыя і творчыя зносіны былі ў Яўгена Глебава з Валерыем Рубінчыкам, разам з якім яны стварылі чатыры фільмы, сярод якіх “Дзікае паляванне караля Стаха”. Менавіта для гэтай стужкі рэжысёр папрасіў Майстра напісаць “мелодыю вечнасці”.

Дарэчы, нарадзілася мелодыя хутка. Як жартаваў сам кампазітар, “калі песня не напісана да абеду, значыць, не задалася”. Гэта яшчэ адзін маленькі штрых, што падкрэслівае прадуктыўнасць і працаздольнасць кампазітара.

Пранізліва-шчымлівая мелодыя, напісаная для “Дзікага палявання”, пасля была выкарыстана ў цудоўным адажыа да балета “Маленькі прынц”; яе ўзяў у рэпертуар вядомы французскі кампазітар Мішэль Легран, аўтар знакамітых “Шарбургскіх парасонаў”.

Тытанічная праца Яўгена Глебава, шматграннасць яго музычнага таленту адзначана шчырай і непагаснай любоўю прыхільнікаў творчасці кампазітара, а таксама дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Яўген Аляксандравіч Глебаў уганараваны ордэнамі “Знак Пашаны” (1967), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Дружбы народаў (1979), Францыска Скарыны (1999), медалём “Ветэран працы” і знакам дэпутата Вярхоўнага савета БССР.

Яўген Аляксандравіч Глебаў. Мінск. 1990-я гады.

Зямны шлях Яўгена Аляксандравіча Глебава скончыўся 12 студзеня 2000 года. У канцы жыцця Яўген Аляксандравіч перанёс інсульт, страціў зрок. Сталічныя Усходнія могілкі – месца апошняга спачыну Майстра.

Адпявалі Яўгена Аляксандравіча Глебава ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Служыў мітрапаліт Філарэт. У канцы службы ўладыка падышоў, узяў з ілба нябожчыка венчык, пацалаваў і сказаў: “Які светлы лік!” Усе, хто стаяў побач, заўважылі вакол галавы Яўгена Аляксандравіча незвычайнае ззянне…

Імя сусветна вядомага беларускага кампазітара не забыта. Адна з новых вуліц Мінска названа ў гонар Яўгена Глебава. Пакой імя Глебава сустракае наведвальнікаў у музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

У Нацыянальнай бібліятэцы, архівах у Мінску і Дзяржынску знаходзяцца рукапісы, дакументы, відэа/аўдыяматэрыялы, кінафільмы і фотаздымкі. Творчая спадчына кампазітара рупліва сабраная і перададзеная Ларысай Васільеўнай Глебавай для карыстання ўсім, хто цікавіцца творчасцю Яўгена Глебава.

Многія гады радуюць поспехамі выхаванцы сталічнай дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава.

З 2020 года гімназія-каледж мастацтваў г. Магілёва носіць імя Яўгена Глебава. З 2022 года там працуе музейная экспазіцыя, прысвечаная народнаму артысту СССР і БССР Яўгену Аляксандравічу Глебаву.

Творы Яўгена Глебава часта гучаць у выкананні навучэнцаў і выкладчыкаў музычных школ і каледжаў.

У маі 2023 года ў вялікім зале Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага прадстаўлены творчы праект “Музычныя планеты Яўгена Глебава: па старонках творчасці кампазітара”, прысвечаны яго Асобе і творчасці.

Па старонках творчасці кампазітара Яўгена Глебава. г. Маладзечна. 18 мая 2023 г.

…У невялікім гарадку Рослаўль на Смаленшчыне 95 гадоў таму нарадзіўся хлопчык, які праз пэўны час, перажыўшы неймаверныя цяжкасці ваеннага дзяцінства, холад і голад студэнцкіх гадоў, мужную ліквідацыю ўласнай музычнай непісьменнасці, а затым ціхую ўнутраную радасць ад доўгачаканых жыццёвых перамог голасна заявіў пра сябе неардынарнай, яркай і вольнай, прыгожай мелодыяй уласнай душы.

Біяграфія Яўгена Аляксандравіча Глебава – яркі прыклад цярністага шляху ў мастацтва.

Шчыры і прынцыповы ў творчасці, Яўген Глебаў усё жыццё шукаў і знаходзіў. Вельмі любіў сваю справу, якой аддаў паўстагоддзя жыцця. Рабіў у музыцы ўсё, што мог. Чаго не зрабіў, як прызнаваўся сам кампазітар, таго проста не змог.

Яўген Аляксандравіч вельмі хацеў, каб тое, што падабаецца ў яго музыцы, назаўсёды засталося з намі.

Як сцвярджаў Васіль Быкаў, “дзякуючы творчасці Яўгена Глебава беларускае музычнае мастацтва ўзбагацілася ў найвышэйшай ступені. Ні на кога не падобны, нікога канкрэтна не прадоўжыў, ён упісаў сваю, асабіста глебаўскую старонку ў гісторыю беларускага, усесаюзнага ды і сусветнага музычнага мастацтва…”

Фотаздымкі з асабістага архіва Ларысы Васільеўны Глебавай.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by  Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы: