ІДЗЕ КОНКУРС ВІДЭА-ІНТЭРВ’Ю “ЗГАДАЦЬ УСЁ: ВЕРА ЗА САВЕЦКІМ ЧАСАМ”

Рэлігійная арганізацыя “Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў горадзе Мінску” і група праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі” (МГА “Гісторыка”) праводзяць конкурс відэа-інтэрв’ю “ЗГАДАЦЬ УСЁ: ВЕРА ЗА САВЕЦКІМ ЧАСАМ”.

Конкурс прымеркаваны да 70-годдзя памяці пакутніцкага спачыну прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага.

Савецкі перыяд стаў часам выпрабаванняў для Царквы. Аднак за палітычнымі падзеямі незаўважаным застаецца лёс простага чалавека, які мусіў захоўваць любоў да Госпада, веру, свае перакананні насуперак пануючым абставінам. Менавіта гэты перыяд, на які выпалі страшныя выпрабаванні, дае нам узоры мужных учынкаў, праведных жыццяў і духоўнага подзвігу простых вернікаў і духоўных асоб.

Але што мы пра гэта ведаем? Гісторыя рэлігійнага жыцця ў Беларусі ў ХХ стагоддзі з’яўляецца маладаследаванай. Аднак мы можам даведацца аб ёй ад непасрэдных сведак часу. Важнай крыніцай інфармацыі з’яўляюцца ўспаміны людзей, якія жылі за савецкім часам. Яны маглі быць як непасрэднымі ўдзельнікамі пэўных падзей, на ўласным досведзе зазнаць пераслед за вызнанне веры, так і быць відавочцамі антырэлігійнай прапаганды, разбурэння храмаў, цкавання вернікаў. Сведкі часу могуць распавесці дакладней і падрабязней за афіцыйныя дакументы.

Мэта конкурсу:

Атрымаць вусныя сведчанні пра рэлігійнае жыццё ў часы ганенняў, звязаных з вызнаннем веры.

Задача для ўдзельнікаў:

На падставе гутаркі са сведкам часу раскрыць тэму або як мага больш поўна атрымаць сведчанні ад відавочца ці ўдзельніка падзей.

Умовы конкурсу:

1. Для таго, каб прыняць удзел і перамагчы, неабходна зняць на відэа ўспаміны чалавека старэйшага пакалення і даслаць атрыманае відэа-інтэрв’ю арганізатарам  конкурсу.

2. Конкурс “Згадаць усё: вера за савецкім часам” быў анансаваны 15 мая 2016 года, таму прымаюцца відэазапісы, зробленыя пасля гэтага дня.

3. Апошні дзень прыняцця відэа —15 жніўня 2016 года.

4. Жорсткія рамкі працягласці відэа адсутнічаюць, але мінімальная даўжыня відэа-інтэрв’ю — 10-15 хвілін. Варта арыентавацца на тэматыку, рэспандэнта, а не на працягласць запісу.

5. Галоўны крытэрый  ацэнкі дасланых відэа — змест успаміну. Чым больш змястоўныя ўспаміны сведкі часу, тым болей шанцаў атрымаць галоўную ўзнагароду конкурсу.

6. Здымаць відэа можна на прафесійную або аматарскую відэакамеру, фотаапарат, смартфон — любую прыладу, што мае адпаведную функцыю. Але варта памятаць, што якасць відэа і гуку мусіць дазволіць гледачу без перашкодаў азнаёміцца з успамінам (рэспандэнта мусіць быць чутно і бачна!)

7. Сведка часу, які дае інтэрв’ю, мусіць быць не супраць размяшчэння відэароліка ў Інтэрнэце.

8. Кожнае відэа мусіць суправаджацца наступнай інфармацыяй (даслаць на электронную скрыню разам з відэа ці спасылкай на відэа):

а) звесткі пра запісанага сведку часу: імя, прозвішча, імя па бацьку, месца і дата нараджэння, месца пражывання падчас інтэрв’ю;

б) дату і месца запісу відэа-інтэрв’ю;

в) імя і прозвішча аўтара відэазапісу, кантактныя звесткі — тэлефон, электронная пошта.

9. Узнагароды атрымаюць аўтары чатырох самых цікавых відэа-інтэрв’ю: Гран-пры, а таксама 1-е, 2-е і 3-е месцы. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць падзяку за сваю актыўнасць у зборы звестак аб рэлігійным жыцці ў часы ціску, звязанага з вызнаннем веры.

10. Пераможцаў  вызначыць экспертная група, якая складаецца з гісторыкаў і сяброў Брацтва.

11. Даслаць відэа можна наступнымі спосабамі:

а) Невялікі відэазапіс можна даслаць на электронную пошту — vyznannie.viery@gmail.com;

б) Больш “цяжкія” файлы можна запампаваць на http://dropmefiles.com ці любы іншы файлаабменнік, даслаўшы нам спасылку для спампоўвання і неабходную інфармацыю пра запіс.

Відэа лічыцца атрыманым, калі вам на электронную пошту прыйшло адпаведнае пацверджанне.

Удзельнікі конкурсу могуць скарыстацца наступным пералікам тэматык для асновы свайго відэа-інтэрв’ю:

– Царкоўныя таінствы і абрады (напрыклад, хрышчэнне, вянчанне, пахаванне)  у савецкі перыяд — час забароны і ганенняў.

– Царкоўныя святы ў час уціску рэлігійнага жыцця.

– Рэпрэсіі супраць Царквы, духавенства і актыўных вернікаў (у тым ліку маральны, грамадскі, эканамічны, прававы ціск).

– Мучанікі за веру і акалічнасці іх жыцця

– Антырэлігійная барацьба і прапаганда.

– Барацьба вернікаў за свае храмы, супраціў закрыццю і разбурэнню.

– Арганізацыя царкоўнага жыцця, складанасці штодзённага існавання Царквы.

– Святарства і прыходы ў часы ганенняў.

– Выкарыстанне і распаўсюджванне духоўнай, рэлігійнай літаратуры ў час забаронаў рэлігійнага жыцця.

– Духоўная адукацыя, падрыхтоўка святарства.

– Выраб абразоў, нацельных крыжыкаў і іншых прадметаў рэлігійнага культу.

– Захаванне, зберажэнне царкоўнай маёмасці прыхаджанамі падчас закрыцця храмаў.

– Выпадкі вандалізму і апаганьвання святыняў, рабаўніцтва храмаў.

– Экспрапрыяцыя царкоўнай маёмасці.

– Забарона на выкарыстанне рэлігійнай сімволікі, літаратуры, ікон у штодзённым жыцці.

– Вяртанне храмаў.

Інфармацыя пра арганізатараў:

Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў горадзе Мінску

sppsobor.by/bractva/vilna

www.facebook.com/groups/396324350426582

Праект “Беларускі архіў вуснай гісторыі”  (МГА “Гісторыка”)

nashapamiac.org

www.facebook.com/historyja

vk.com/oral_history

Для дадатковай інфармацыі:

vk.com/vyznanne_viery

e-mail: vyznannie.viery@gmail.com

+375 25 7560735

Крыніца: Church.by

Ответить

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.