Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Працягласць маршрута: Мінск – аг. Іказнь па дарогах (МКАД/М3; Р3 і Р14) прыкладна 245 км.
Асноўны аб’ект на маршруце: храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца, вул. Азёрная, 2, аг. Іказнь, Браслаўскі раён, Віцебская вобласць.
Транспарт: аўтамабіль.
Прыкладны час у дарозе: 3,5 гадзіны.
БРАСЛАЎШЧЫНА – АДНА З НАЙПРЫГАЖЭЙШЫХ МЯСЦІН БЕЛАРУСІ
Зямля Беларусі знакамітая сваёй прыродай. Трэцюю частку тэрыторыі займаюць лясы. З-за балот і лясоў нашу краіну празвалі “лёгкімі Еўропы”. Славіцца Беларусь і бязмежнымі лугамі, і 20-ю тысячамі рэк, і азёрамі, якіх больш за 11 тысяч!
Адзін з найпрыгажэйшых прыродных куткоў Беларусі – гэта Браслаўшчына Віцебскай вобласці, дзе спалучаюцца незвычайны рэльеф і водная роўнядзь азёр з багатым раслінным і жывёльным светам.
Адной з такіх мясцін з’яўляецца аграгарадок Іказнь у Цяцеркаўскім сельсавеце Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца на аўтамабільнай дарозе Браслаў-Мёры, за 15 км на ўсход ад Браслава.

Галоўны прыродны скарб рэгіёна, які прыцягвае тысячы турыстаў для адпачынку ў любы сезон, – браслаўскія азёры.
Багацце Браслаўшчыны складае каля 300 азёраў і вадаёмаў, якія з’явіліся дзякуючы ледавіку, што пакрываў паўночна-заходнюю частку Беларусі каля 15 тысяч гадоў таму.
Азёры і вадаёмы розныя па форме, глыбіні, плошчы, характары берагоў, саставу і празрыстасці вады, разнастайнасці флоры і фаўны. За незвычайнае хараство іх называюць “блакітнымі каралямі” Беларусі.
Самыя глыбокія азёры – Воласа Паўднёвы (глыбіня 40,4 м), Воласа Паўночны (29,2 м), Укля (25 м) і Струста (23 м).
Самыя вялікія па плошчы – Дрывяты (36 кв. км) і Снуды (22 кв. км).
Акрамя азёраў, ледавік пакінуў на тэрыторыі краю шмат камянёў. Сярод іх сустракаюцца валуны вельмі вялікіх памераў. Самы вялікі валун Браслаўшчыны – больш за 40 тон – знаходзіцца на заходнім беразе возера Струста.
Браслаўшчына – і край астравоў, якіх на азёрах больш за сто. Цікава, што востраў Чайчын на возеры Струста – другі па велічыні ў Беларусі (1,6 кв. км) – мае яшчэ і ўласнае возера.

Возера Іказнь адносіцца да басейна ракі Друйка. Агульная плошча воднага люстэрка складае 2,38 кв. км. Даўжыня 2,97 км, найбольшая шырыня 0,8 км, найбольшая глыбіня 8,4 м, даўжыня берагавой лініі каля 12,8 км. Аб’ём вады каля 8 млн. куб. метраў.
У возера ўпадаюць 7 ручаёў, на паўночным захадзе выцякае рака Усвіца. На возеры ёсць 2 астравы агульнай плошчай 1,2 га.
Існуе дзве версіі паходжання назвы возера.
Паводле першай, даўным-даўно ў гэтых мясцінах жыў пан, які за самую малую правіннасць караў смерцю прыгонных сялян на беразе. Ад слова “казнить” (пакараць смерцю) і пайшла назва возера, а пазней і паселішча.
Па другой версіі, назва возера Іказнь мае балцкія карані і перакладаецца са старалітоўскай мовы як “акно”.
ГІСТОРЫЯ ЗАМКА НА ВОСТРАВЕ
У XVI стагоддзі побач з возерам Іказнь засноўваецца паселішча, гісторыя якога цесна звязана са шляхецкім родам Сапегаў. Яна пачалася ў 1499 годзе, калі гэтыя землі сталі ўласнасцю браслаўскага старасты Яна Сапегі, прадстаўніка вядомага роду на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Ян Сапега купіў гэтую мясціну за “дзвесце грошаў шырокіх” і, згодна з прывілеем вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка, атрымаў права на заснаванне тут “месца і замка”.
На адным безназоўным востраве, які абмываўся водамі возера Іказнь, у 1504 годзе пабудаваны муравана-драўляны замак.

Замак знаходзіўся на паўднёва-ўсходняй частцы вострава на прамавугольным узвышэнні памерам 55 на 30 метраў і складаўся з дзвюх частак – самога замка і падзамка, якія і занялі ўсю плошчу вострава.
Умацаванні замка складаліся з мураванай сцяны, якая закрывала яго тэрыторыю з усходу і поўначы. Таўшчыня сцяны дасягала 2-х метраў.
Берагі былі крутыя, што ўскладняла магчымасць падняцца па іх, асабліва пад градам стрэл абаронцаў.
З поўдня і захаду знаходзіўся земляны вал вышынёй 2 метры, выкладзены каменем, на якім стаялі драўляныя сцены. З гэтага боку замак дадаткова абараняўся драўляным падзамкам, які займаў астатнюю частку вострава. Па цэнтры заходняй сцяны знаходзіўся ўваход у крэпасць.
Паўднёвую частку замка займаў мураваны палац памерам 20 на 18 метраў. Яго сцены таксама былі выкладзены валунамі і цэглай, а таўшчыня іх дасягала 2-х метраў.
Дадатковымі ўмацаваннямі служылі дзве вежы. На поўдні размяшчалася драўляная вежа. Яшчэ адна вежа знаходзілася на паўночным-усходзе – пяцівугольная мураваная вежа-рандэль, выкананая ў той жа тэхніцы, што і мураваныя сцены замка.
Патрапіць унутр замка можна было толькі праз браму, што знаходзілася ў цэнтры заходняй сцяны. Да брамы вёў мост над штучна выкапанай сажалкай.
Сама сажалка памерам 47 на 17 метраў была злучана з возерам, яе дно выкладзена дошкамі і каменнем. Яна служыла крыніцай рыбы і вады падчас аблогі замка.
З берагам востраў-замак злучаўся драўляным мастом на чоўнах, які ў выпадку небяспекі можна было лёгка разабраць ці затапіць.
У 1515 годзе ўпершыню гэтыя землі пацярпелі ад нападу маскоўскіх войскаў. Замак і паселішча згарэлі дашчэнту.
Амаль праз паўстагоддзя, падчас Лівонскай вайны ў 1561 годзе, у замку размяшчаўся вялікі гарнізон наёмных войскаў. Але да Іказні войска Івана Грознага не дайшло.
У канцы XVI ст. Леў Сапега, разумеючы стратэгічнае размяшчэнне замка, выкупіў цытадэль разам з паселішчам і перабудаваў яго.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі замак некалькі разоў выходзіў з-пад юрысдыкцыі Сапегаў. Пазней замкам валодалі Пронскія, Страбаўскія, Сіняўскія, Язлавецкія і інш.

У 1629 годзе замак і падзамак перабудоўвае ўжо Ян Станіслаў Сапега.
Самыя суровыя выпрабаванні на долю замка выпалі на 50-я гады XVII стагоддзя. У 1654 годзе замак спачатку захапілі рускія войскі, а ў 1655-м – шведскія. Падчас гэтых нападаў замак быў практычна цалкам разбураны і страціў свой статус абарончага збудавання. Усе драўляныя пабудовы знішчаны, а мураваныя сцены і палац сур’ёзна пашкоджаны артылерыяй.
Існуе легенда пра здачу замка ў 1655 годзе. Падчас атакі шведаў абаронцы паспелі затапіць мост, і варожыя войскі засталіся на беразе, не маючы лодак для пераправы і магчымасці штурму сцен. Але нехта заўважыў карову, што спачатку пасвілася на беразе, а потым па вадзе дайшла да вострава. Аказалася, што мост не цалкам затануў, а толькі падтоплены, і невялікім атрадам па ім можна дабрацца да замка. Гэты сюжэт адлюстраваны на карціне Яна Рыдзіка “Асада Іказненскага замка”.
Іказненскі замак меў важнае стратэгічнае значэнне на працягу многіх гадоў. На жаль, ад замка не засталося і следу. Ён быў цалкам разбураны рускімі войскамі падчас Паўночнай вайны (1700-1721).
Няпросты лёс і паселішча Іказнь. Улетку 1812 года тут кватараваў рускі цар Аляксандр I. Французскія войскі тады наступалі. Падчас баёў Іказнь зноў была спалена дашчэнту. Але да канца XIX стагоддзя адбудавалася і нават павялічыла сваё насельніцтва да 541 жыхара.
Мясцовая легенда распавядае, што падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай, калі непрыяцельскія войскі падступалі да замка, у воды возера Іказнь Я. Драздоўскі, які камандаваў абаронай замка, скінуў куфар з каштоўнасцямі і золатам, што не знойдзены і да гэтага часу. Магчыма таму падзямелле Іказненскага замка і сягоння прыцягвае турыстаў і шукальнікаў скарбаў.
Гэту легенду ў 1971 і 1989 гадах праверылі навукоўцы. На дно вадаёма апускаліся вадалазы, якія сапраўды паднялі на паверхню чаўны, гружаныя камянямі, рэшткі паль, шмат керамікі, сякеру і некаторыя металічныя вырабы XVI–XVII стагоддзяў. Але скарбаў не знайшлі.
Сабраныя матэрыялы захоўваюцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі ў Браславе.
Сёння на возеры Іказнь можна ўбачыць толькі востраў Замак з рэшткамі рэдкага для Беларусі астраўнога замчышча.

Акрамя замчышча, у вёсцы Іказнь ёсць іншыя славутасці. Гэта царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца і касцёл Цела і Крыві Хрыстовай.
Пасля перабудовы замка ў чэрвені 1593 года Львом Сапегам была заснавана каталіцкая парафія і пабудаваны першы драўляны касцёл. Ахвяраваны сродкі на будаўніцтва бальніцы і школы пры касцёле.
Як гэта часта бывала, драўляныя храмы гарэлі. Пасля пажару іх адбудоўвалі. Так на беразе возера адбудавалі касцёл у Іказні, што дзейнічае і цяпер. З’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі і архітэктурным помнікам ХХ стагоддзя.

Асноўны аб’ект на маршруце.
ІКАЗНЕНСКІ ХРАМ СВЯЦІЦЕЛЯ МІКАЛАЯ ЦУДАТВОРЦА
Праваслаўная царква ў вёсцы Іказнь пабудавана ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1905 годзе. На гэтым месцы да 1881 года існаваў драўляны ўніяцкі храм, які быў разабраны. Праз некаторы час пачалося будаўніцтва праваслаўнага храма, на які імператар Мікалай II выдаткаваў частку грашовых сродкаў з дзяржаўнай казны, што было рэдкасцю ў той час.
У 1905 годзе царкву асвяцілі ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца і правялі ў ёй першае богаслужэнне.

Архітэктурна Свята-Мікалаеўская царква ўяўляе сабой двух’ярусны, блізкі да квадрата ў плане аб’ём, да якога прымыкае двух’ярусная шатровая створка-званіца з макаўкай у завяршэнні і пяцігранная апсіда. Асноўны аб’ём завяршаецца цыбульным купалам на васьмігранным светлавым барабане.
Пабудавана царква з цэглы. Дэкоры сцен ствараюць аркатурныя паясы, прафіляваныя карнізы, кутнія калонкі і абрамленні аконных праёмаў. Арачны ўваходны праём аформлены ў выглядзе двухграннага партала на калонках.

Паводле Рыжскага мірнага дагавору ў 1921 годзе паселішча Іказнь апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Перабродскай гміне Браслаўскага павета.
У 1939 годзе Іказнь увайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе зрабілася цэнтрам сельсавета Браслаўскага раёна. Статус паселішча змяніўся да вёскі.
У 1966 годзе Свята-Мікалаеўскую царкву закрылі. У будынку ўладкавалі склад. Старажытныя абразы, якія захоўваліся ў царкве, былі перададзены ў Віцебск, дзе знаходзяцца да гэтага часу.
У 1990 годзе будынак царквы перадалі вернікам. Набажэнствы аднавіліся. З таго часу прыхаджане ідуць у храм, каб памаліцца, папрасіць у Бога здароўя сабе, блізкім і родным, міру і дабра ўсім людзям.
Па літасці Божай у Іказненскім храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ўстаноўлены і асвечаны новы іканастас. Чын благаславення і асвячэння здзейсніў благачынны Браслаўскай акругі, настаяцель храма протаіерэй Міхаіл Каляда.

Царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Іказні з’яўляецца архітэктурным помнікам пачатку ХХ стагоддзя, гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. У 2025 годзе храм адзначае сваё 120-годдзе.
…З кожным годам плынь турыстаў на Браслаўшчыне павялічваецца. Людзі імкнуцца сюды, каб акунуцца ў свет жывой прыроды, атрымаць мноства новых уражанняў, пагуляць па лесе пад спевы птушак або проста паслухаць цішыню, седзячы ў альтанцы і гледзячы на водную роўнядзь.
Падчас актыўнага адпачынку можна парыбачыць, пакатацца на веласіпедах, катамаранах, на лодках з вёсламі, а зімою на лыжах і цюбінгах.
На браслаўскіх азёрах кожны зможа знайсці сабе занятак і адпачыць з карысцю для цела і душы.
У план наведвання славутасцей турыстамі, якія адпачываюць на Браслаўшчыне, абавязкова ўваходзіць Свята-Мікалаеўская царква ў Іказні.
Фотаздымак на застаўцы да тэксту: Сяргей Плыткевіч.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы
- https://hram.by
- https://www.braslaw.by
- https://www.belarus.by
- https://braslavpark.by
- https://vetliva.ru
- https://sobory.ru
- https://ushachi.eparhia992.by
- https://planetabelarus.by
- https://globustut.by
- https://www.holiday.by
- https://vedi.by
- https://marshryt.by
- https://my-places.by







