Кафедральны сабор у гонар Уваскрасення Хрыстовага горада Барысава

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

У гістарычным цэнтры старой часткі горада, на плошчы, якая ў 2002 годзе ў гонар яго юбілею атрымала назву імя 900-годдзя Барысава, узвышаецца велічны помнік царкоўнай архітэктуры XIX стагоддзя – кафедральны сабор Уваскрасення Хрыстовага.

Храм надае асаблівы каларыт усяму комплексу навакольных будынкаў, а сама плошча з’яўляецца любімым месцам барысаўчан. Тут усё нібы дыхае гісторыяй: і будынак былога казначэйства (першы ў Барысаве каменны будынак, цяпер там размяшчаецца кіраўніцтва Барысаўскай епархіі), і былыя рынкавыя шэрагі пабудоў пачатку XX ст., і помнік заснавальніку горада полацкаму князю Барысу Усяслававічу.

Кафедральны сабор Уваскрасення Хрыстовага. Фотаздымак Аляксандра Клімковіча.
Кафедральны сабор Уваскрасення Хрыстовага. Фотаздымак Аляксандра Клімковіча.

Кафедральны сабор Уваскрасення Хрыстовага з’яўляецца архітэктурным упрыгожаннем старажытнага горада Барысава. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 1865 годзе Барысаў пацярпеў ад пяці пажараў, якія знішчылі 345 дамоў. Агонь не пашкадаваў і драўляную царкву, якая знаходзілася побач з рынкам. Зразумела, сярод праваслаўных людзей узнікла пытанне пра пабудову новага храма, прычым, не драўлянага, а каменнага. Першапачатковы праект пяцікупальнага храма, прапанаванага інжынерам Скуратавым, Мінскай епархіяй быў адхілены. Канчатковы праект распрацаваны архітэктарам П. Мяркулавым пры ўдзеле рэктара Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу Л. Бенуа і зацверджаны па асабістым хадайніцтве епіскапа Мінскага і Бабруйскага Аляксандра (Дабрыніна). Другі варыянт – гэта сабор з дзевяццю купаламі, трыма апсідамі, выразным контурам, прываблівым дэкорам і дастатковым аб’ёмам (27х23х12 метраў).

Праект храма Уваскрасення Хрыстовага. 70-я гады ХІХ ст.
Праект храма Уваскрасення Хрыстовага. 70-я гады ХІХ ст.

Малюнак іканастасаў было даручана падрыхтаваць губернскаму архітэктару Штрауху. Кантракт на наладжванне трох іканастасаў і дзвюх бажніц заключаны з мешчанінам Ковельскай губерні Гіршам Эляшэўскім. Іконы для іканастасаў і бажніцы выкананы мастаком Іванам Трутневым. Пытаннямі фінансавання будаўніцтва і забеспячэннем неабходнымі матэрыяламі загадваў старшыня мясцовага дваранства Уладзімір Ярмольскі. Былі пададзены праект і каштарыс на будаўніцтва новага каменнага сабора.

У часопісе Мінскай губернскай царкоўна-будаўнічай прысутнасці ад 21 мая 1871 года сказана пра назначэнне архітэктара Іванова выканаўцам работ па Барысаўскім саборы.

Закладка сабора адбылася ў верасні 1871 года на гандлёвай плошчы, дзе раней знаходзіўся Спаса-Праабражэнскі храм. Будавалі храм высокакваліфікаваныя муляры з мястэчка Івянец.

Узвядзенне сабора, асвечанага ў гонар Уваскрасення Хрыстовага, доўжылася тры гады і скончылася 15 кастрычніка 1874 года. А 20 кастрычніка адбылося ўрачыстае асвячэнне, якое ажыццявіў епіскап Аляксандр з удзелам губернскага начальства і высокапастаўленага духавенства. Сабор трохпрыдзельны. Галоўны прастол асвечаны ў гонар Уваскрасення Хрыстовага, правы – у гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, левы – у гонар святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Першым настаяцелем Уваскрасенскага сабора стаў святар Клімент Градзіцкі.

Уваскрасенскі сабор. 1910 год.
Уваскрасенскі сабор. 1910 год.

У пачатку XX ст. мясцовы чыноўнік, ён жа царкоўны стараста, Ніл Бурцаў выступіў ініцыятарам пабудовы цаглянай званіцы. З дапамогаю мінскага епархіяльнага архітэктара Віктара Струева гэта ідэя ў 1907 годзе ўвасобілася ў жыццё. Ён з’яўляецца таксама аўтарам праекта храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага на вайсковых могілках у Мінску і святога Архістраціга Міхаіла ў в. Зембін Барысаўскага раёна.

Перад пачаткам Першай сусветнай вайны да прыхода Уваскрасенскага сабора адносілася 1123 двары, у якіх жылі 4495 мужчын і 4852 жанчыны. Прычт складаўся з протаіерэя-настаяцеля, іерэя, дыякана і псаломшчыка. Пры саборы дзейнічала адна з трох царкоўна-прыходскіх школ, якія меліся ў горадзе.

Айцы святой праваслаўнай Царквы заўсёды, у самыя няпростыя часы для нашай зямлі, былі разам са сваёю пастваю, падтрымлівалі і словам Божым, і справаю. Іх намаганнямі адкрываліся праваслаўныя храмы, праводзіліся набажэнствы, адраджаліся праваслаўныя абшчыны. І парою гэта быў сапраўдны подзвіг, пра які мы не маем права забываць.

Цяпер да ліку новапакутнікаў беларускай зямлі прылічаны два святары, якія служылі ў Свята-Уваскрасенскім саборы. Протаіерэй Васіль Ізмайлаў і іерэй Мікалай Мацкевіч – адны з дваццаці трох свяшчэннапакутнікаў Мінскіх.

Протаіерэй Васілій Ізмайлаў нарадзіўся 4 чэрвеня 1885 года ў горадзе Высшы Валачок Цвярской губерні ў сям’і святара. Скончыў духоўную акадэмію і выкладаў у Мінскай духоўнай семінарыі. У 1927 годзе айцец Васілій прызначаны настаяцелем Свята-Уваскрасенскага сабора ў Барысаве. Служыў у храме да арышту ўсяго некалькі месяцаў. Бацюшку абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і прыгаварылі да заключэння ў Салавецкім канцлагеры на тры гады, дзе 22 лютага 1930 года айцец Васілій памёр.

Іерэй Мікалай Мацкевіч ажыццяўляў акармленне праваслаўных вернікаў не толькі Уваскрасенскага сабора, але і ўсяго Барысаўскага павета на працягу некалькіх гадоў да дня свайго арышту ў 1937 годзе.

Мікалай Мацкевіч нарадзіўся 4 мая 1878 года ў г. Барысаве. Навучаўся ў Слуцкім духоўным вучылішчы. У 1904 годзе рукапаложаны ў сан іерэя. З 1910 года служыў пры Свята-Троіцкай царкве вёскі Бродаўка Барысаўскага павета. Упершыню святара Мікалая арыштавалі ў 1933 годзе і пасадзілі на 1 месяц у турму. Пасля вызвалення айцец Мікалай пэўны час служыў у Барысаве. Некалькі разоў яго выклікалі ў НКУС і патрабавалі публічна адрачыся ад сана. Але святар у сваёй апошняй пропаведзі заявіў, звяртаючыся да саглядатаяў НКУС: “Людзі! Бог ёсць!”

15 жніўня 1937 года айца Мікалая арыштавалі. На допытах святар вінаватым сябе не прызнаў і нікога з прыхаджан не назваў. Яго асудзілі на 10 гадоў канцлагера, дзе айцец Мікалай Мацкевіч прыняў пакутніцкую смерць.

У 1937 годзе сабор закрылі для набажэнства: вернікаў выгналі з храма, крыжы з купалоў спілавалі, унутранае ўпрыгожанне разрабавалі. Храм ператварылі ў збожжасховішча, а званіцу пераабсталявалі ў парашутную вышку…

У час нямецкай акупацыі ўлады, імкнучыся пераманіць на свой бок славянскае насельніцтва, вярнулі сабор вернікам. Унутранае ўбранства і крыжы на купалах прыйшлося аднаўляць. Часова, да асвячэння адноўленага храма, набажэнствы ладзіліся ў Свята-Андрэеўскай царкве.

На свята Нараджэння Хрыстовага ў саборы нават арганізоўвалі ёлку для дзяцей. Прыязджаў служыць набажэнствы Праасвяшчэнны Стэфан, епіскап Смаленскі і Бранскі.

У кастрычніку 1941 года епархія прызначыла ў сабор настаяцеля, выпускніка Жыровіцкай духоўнай семінарыі, 37-гадовага протаіерэя Іаана Строка.

Айцец Іаан служыў у саборы да 1944 года. У цяжкія гады акупацыі як мог дапамагаў хворым і абяздоленым, стараўся палегчыць лёс савецкім ваеннапалонным, выратаваў і даў прыют яўрэйскаму хлопчыку. Менавіта дзякуючы бацюшку Іаану каля 300 барысаўчан пазбеглі адпраўкі ў Германію. Нягледзячы ні на што, на вялікі жаль, пасля вызвалення Беларусі, айцец Іаан як памагаты ворага быў адпраўлены ў сталінскія засценкі і рэабілітаваны толькі ў 1956 годзе.

Храм у гады Вялікай Айчыннай вайны. Фотаздымак прадаставіў для сайта barysau.by Алесь Панцялей.
Храм у гады Вялікай Айчыннай вайны. Фотаздымак прадаставіў для сайта barysau.by Алесь Панцялей.

Барысаўскі кафедральны сабор разам з жыхарамі горада мужна пераносіў усе нягоды акупацыі. Для барысаўчан ён быў увасабленнем хрысціянскай веры, вялікай духоўнай абаронай ад пакутаў народа. Людзей пастаянна падсцерагала небяспека, але набажэнствы ў Свята-Уваскрасенскім саборы не перапыняліся. Вернікі, якія жылі побач з храмам, каб уратавацца ад фашыстаў, стараліся разам з дзецьмі нават на ноч заставацца ў храме.

Трэба сказаць, што адступаючы з Барысава, немцы спалілі шмат дамоў і гаспадарчых пабудоў, але, на шчасце, так і не змаглі пасягнуць на непарушны і велічны кафедральны сабор Уваскрасення Хрыстовага.

Пасля вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў ганенні на духавенства і вернікаў працягваліся. Аднак храм ужо не закрывалі, хоць у час праўлення Мікіты Хрушчова быў забаронены звон, быццам ён перашкаджаў спакою грамадзян. На шчасце, у перыяд перабудовы гэтую забарону адмянілі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1945 годзе, настаяцелем сабора стаў протаіерэй Фёдар Шаркоўскі, які пасля вяртання з высылкі ў Сібір, дзе тры гады адбываў пакаранне па абвінавачванні ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі, жыў у Мінску і пэўны час нідзе не служыў, бо цэрквы былі закрыты. Ён стаў не толькі настаяцелем сабора, але і благачынным цэркваў горада Барысава.

Пасля смерці айца Фёдара Шаркоўскага (1954) на кароткі перыяд настаяцелем стаў протаіерэй Антоній Былявец, а другім святаром – айцец Мікалай Чарнякоўскі. З 1959 года – протаіерэй Барыс Ненадкевіч, які служыў у саборы не менш за дваццаць пяць гадоў. Пасля яго настаяцелямі былі святары Анатолій Грушэўскі і Анатолій Кавалёў.

У 1988 годзе настаяцелем сабора прызначаны протаіерэй Іаан Місяюк, які праз некаторы час стаў благачынным Барысаўскай царкоўнай акругі.

Ганаровы настаяцель сабора – мітрафорны протаіерэй Іаан Місяюк.
Ганаровы настаяцель сабора – мітрафорны протаіерэй Іаан Місяюк.

Па ініцыятыве айца Іаана не толькі праведзена рэстаўрацыя Уваскрасенскага сабора, але і адраджаліся цэрквы, якія дзейнічалі раней, будаваліся новыя.

16 чэрвеня 1997 г. адбылося паўторнае асвячэнне званіцы Уваскрасенскага сабора. Асвечаны 5 званоў, адлітых у Маскве на ахвяраванні прыхаджан.

Па хадайніцтву протаіерэя Іаана ў 1998 г. уладамі горада сабору перададзены будынак былога казначэйства, які быў першым каменным будынкам старога Барысава. Цяпер у ім размяшчаецца Барысаўскае епархіяльнае кіраўніцтва.

Першы ў Барысаве каменны будынак (цяпер – Барысаўская епархія). Фотаздымак Аляксандра Клімковіча.
Першы ў Барысаве каменны будынак (цяпер – Барысаўская епархія). Фотаздымак Аляксандра Клімковіча.

У пачатку 70-х гг. XX ст. у выніку зніжэння ўзроўню грунтовых вод пачалося разбурэнне дубовых паляў, прасеў падмурак сабора. Гэта прывяло да ўтварэння расколін у сценах, скляпеннях і калонах. Будынак быў прызнаны аварыйным, а ў 2005 годзе набажэнствы часова перасталі праводзіць. Праз некаторы час пры падтрымцы дзяржавы і пры ўдзеле айца Іаана была распрацавана комплексная праграма па рэстаўрацыі сабора.

З 2006 года ва Уваскрасенскім саборы, які з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю і знаходзіцца пад аховай дзяржавы, сталі праводзіцца рэстаўрацыйныя работы.

Актыўнае садзейнічанне гэтаму нялёгкаму працэсу абнаўлення старажытнага храма аказаў прызначаны ў 2010 годзе новым настаяцелем сабора епіскап Барысаўскі Веніямін, з 2020 года – мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

28 красавіка 2013 года, у тыдзень Ваій, у свята Увахода Гасподняга ў Ерусалім, Праасвяшчэннейшы епіскап Веніямін здзейсніў першую за час 7-гадовай рэстаўрацыі Набожную літургію ў абноўленым храме. У 2014 годзе калядным падарункам для жыхароў горада Барысава і наваколля стала канчатковае адкрыццё Уваскрасенскага кафедральнага сабора: напярэдадні Раства Хрыстовага епіскап Веніямін здзейсніў малое асвячэнне храма. Поўнае асвячэнне праведзена 19 кастрычніка 2014 года мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, у саслужэнні епіскапа Веніяміна.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падчас набожнай літургіі ў кафедральным саборы Уваскрасення Хрыстовага.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падчас набожнай літургіі ў кафедральным саборы Уваскрасення Хрыстовага.

Барысаўчане, як і многія беларусы, прыходзяць ва Уваскрасенскі храм, каб памаліцца і пакланіцца духоўным святыням, сярод якіх іконы з часціцамі мошчаў святога праведнага Іаана Кармянскага, святой праведнай Сафіі Слуцкай, святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага; свяціцеля Іаана, архіепіскапа Шанхайскага і Сан-Францыскага. Вернікі ідуць, каб пакланіцца іконе свяціцеля Спірыдона, епіскапа Трыміфунцкага, асвечанай на яго святых мошчах і прывезенай з Грэцыі (востраў Корфу); каб папрасіць духоўнай дапамогі праз ікону Божай Маці “Скорапаслушніца”, спісак якой прывезены ў барысаўскі кафедральны сабор з Афона.

Сёння пры саборы дзейнічае дзіцячая Нядзельная школа, моладзевае брацтва, а таксама паломніцкая служба, якая прапануе ўсім ахвотнікам адправіцца ў паездку да святых мясцін Беларусі, Украіны, Расіі.

…Прайшло ўжо больш за 140 гадоў з таго часу, як быў узведзены Свята-Уваскрасенскі сабор. Цягам часу выразней бачацца і глыбей усведамляюцца падзеі мінулага. 

Ніводнае грамадства не можа лічыцца паўнапраўным, калі яно забывае пра свае вытокі. Як адзначае Высокапраасвяшчэннейшы ўладыка Веніямін у кнізе “Борисовская епархия: прошлое и настоящее”, што прысвечана светлай памяці папярэдніх пакаленняў, якія служылі распаўсюджванню, захаванню і зацвярджэнню праваслаўнай веры на землях сучаснай Барысаўскай епархіі, “кожнаму чалавеку і кожнаму народу Гасподзь падараваў магчымасць ацэньваць падзеі, якія адбываюцца ў свеце, з духоўнага пункту гледжання і, адпаведна, з мінулага здабываць урокі. Набожныя продкі пакінулі сучаснаму пакаленню бясцэнную духоўную спадчыну. Аднак, атрымаўшы спадчыну, яно выкарыстоўвае яе не так, як патрэбна было б, а падобна да чалавека, які мае ў сябе залаты злітак і не ведае яго цаны. <…> Таму мы пакліканы вывучаць сваю духоўную спадчыну і беражліва захоўваць яе, каб у належным выглядзе перадаць нашчадкам”.

Перанёсшы ўвесь цяжар і беды, якія выпалі на долю нашай шматпакутнай Айчыны, – рэвалюцыі, канфіскацыя бальшавікамі царкоўных каштоўнасцяў, войны, уздзеянне прыродных з’яў, бяздушнае стаўленне да праваслаўных святыняў атэістычных уладаў у пасляваенныя гады – барысаўскі кафедральны сабор Уваскрасення Хрыстовага і цяпер з’яўляецца не толькі архітэктурна-гістарычнай жамчужынай Беларусі, але і жыватворнай крыніцай праваслаўнай веры; крыніцай, што выражае і ўвасабляе недасягальную нябесную прыгажосць.

Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

https://borisov-spas.by

https://borisov-spas.com

http://www.blagobor.by

https://ex-press.by

http://church.by

Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 2. – Мінск, 1996.

Борисовская епархия : прошлое и настоящее / под общ. ред. канд. богословия епископа Борисов. и Марьиногор. Вениамина; науч. ред. д-р ист. наук А.Ю. Бендин, канд. богословия протоиерей Александр Вербило; протоиерей Дионисий Снытко [и др.]. – Минск : Четыре четверти, 2019.

Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007.

Приходы и храмы 1-го Борисовского благочиния: Приход кафедрального собора Воскресения Христова г. Борисова / Протоиерей Феодор Кривонос. – Ведомости Минской митрополии, 2018, № 10 (152).