Капыльская святыня: храм у гонар Узнясення Гасподняга

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

З ГІСТОРЫІ КАПЫЛЯ

Капыль – горад у паўднёва-заходняй частцы Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Капыльскага раёна з насельніцтвам каля 10 тысяч жыхароў.

Датай заснавання лічыцца 1006 год, калі была першая пісьмовая згадка пра Капыль сярод гарадоў, што ўвайшлі ў склад Тураўскай епархіі.

Да нашага часу з ІХ–Х стагоддзяў захаваліся ў горадзе загадкавыя славутасці – капыльскія курганы, што вабяць да сябе шматлікіх турыстаў і вандроўнікаў.

Капыльскія курганныя могільнікі.

У XIV стагоддзі Капыль знаходзіўся у складзе ВКЛ. З 1395 года ўвайшоў у валоданне князя Уладзіміра Альгердавіча, а пазней яго спадчыннікаў Алелькавічаў. Два стагоддзі з’яўляўся рэзідэнцыяй князёў.

У гістарычным цэнтры Капыля, у сутоцы рэк Мажы і Каменкі, знаходзіцца Замкавая гара, якая мае статус помніка археалогіі. З гары, што па форме ўяўляе сабой амаль правільны эліпс, і сёння адкрываецца прыгожы краявід. Можна толькі сабе ўявіць, як прыгожа было ў мінулыя часы.

Паводле гістарычных звестак, на гары было пабудавана гарадзішча, дзе знаходзілася рэзідэнцыя князя і яго дружыны. Тут у XIV–XVІІІ стагоддзях размяшчаўся Капыльскі замак. Хоць ён быў драўляны, але ў ХVІ стагоддзі лічыўся адным з самых значных у дзяржаве.

Як сведчаць археалагічныя раскопкі, у старажытнасці праз гэтыя мясціны пралягаў адзін з маршрутаў “шляху з вараг у грэкі”.

Замкавая гара ў Капылі.

З 1612 года, пасля смерці апошняй прадстаўніцы роду Алелькавічаў княжны Сафіі (святой праведнай Сафіі Слуцкай), горадам валодалі Радзівілы. Пры іх у 1652 годзе Капыль атрымаў Магдэбургскае права, герб і пячатку, а яшчэ дазвол на будаўніцтва ратушы і арганізацыю кірмашоў.

Горад імкліва развіваўся. На той час тут было ўжо некалькі мануфактур. Аднак у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай з 1793 года стаў часткай Слуцкага павета Расійскай імперыі. Праз некаторы час статус горада быў паніжаны і Капыль стаў мястэчкам, што з 1832 года перайшло ў валоданне да князя Вітгенштэйна.

У ХІХ стагоддзі тут дзейнічалі 2 вадзяныя млыны, півавараны завод, 6 крамаў, 3 школы, царква, касцёл, кальвінісцкі збор, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы.

У ліпені 1924 года Капыль стаў цэнтрам раёна БССР. У 1930-я гады тут працавалі Мінская бібліятэка, тэатр, народны дом, бальніца, аптэка, сямігодка, цагляны і тарфяны заводы, хлебапякарня, масласырзавод, тыпаграфія, шавецкая, швейная, кавальская і сталярна-мэблевая майстэрні, электрастанцыя.

27 верасня 1938 года Капыль атрымаў афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. Да Вялікай Айчыннай вайны ў ім налічвалася прыкладна 5 тысяч чалавек.

У час вайны з 29 чэрвеня 1941 года да 1 ліпеня 1944 года Капыль знаходзіўся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. У гарадскім пасёлку размясцілі нямецкі гарнізон і стварылі гета. За сакавік і ліпень 1942 года фашысты знішчылі амаль усіх яўрэяў Капыля. Усяго загінула 3500 (па іншых звестках – 2915) чалавек.

Памятны знак загінулым.

У пасёлку ў час Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала моладзевая падпольная група з 6 чалавек, якой удалося расправіцца з нямецкім начальнікам мясцовай управы.

29 чэрвеня 1944 года партызаны 27-й брыгады імя Чапаева знішчылі нямецкі гарнізон ворага і ўтрымлівалі Капыль да наступлення Чырвонай арміі.

За час вайны загінула 166 жыхароў пасёлка, 135 з якіх – на франтах, 31 чалавек – у партызанскіх атрадах і падполлі. Гэта адна з самых трагічных старонак з гісторыі Капыля.

Ідуць гады. Старажытная мясціна развіваецца і верыць у лепшае. З 1984 года Капыль атрымаў афіцыйны статус горада. Цікава, што ён мае і афіцыйны прыродны сімвал – Ластаўку вясковую.

А яшчэ гараджане ганарацца сваімі выбітнымі землякамі.

На Капыльшчыне нарадзіліся многія вядомыя беларускія пісьменнікі і культурныя дзеячы. Сярод іх Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), якому нядаўна ў Капылі быў урачыста адкрыты помнік. Таксама ў цэнтры горада ў 2021 годзе ўладкавана Алея пісьменнікаў, якія жылі і працавалі ў Капыльскім раёне, з 17-ю інтэрактыўнымі лаўкамі ў выглядзе літар. Усяго больш за 50 імёнаў і прозвішчаў, сярод якіх імя нашага сучасніка, доктара філалагічных навук прафесара Алеся Бельскага, а таксама імёны выбітных дзеячаў і пісьменнікаў мінулага: Кузьма Чорны, Цішка Гартны, Адам Бабарэка, Адам Русак, Анатоль Астрэйка, Алесь Адамовіч.

Капыльская “Крынічка”.

Каля Замкавай гары струменіць крыніца, ваду якой людзі лічаць лекавай і прыязджаюць за ёю сюды ў любую пару года. Да гэтага часу сярод жыхароў існуюць рамантычныя паданні пра паходжанне крынічкі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

 

 

ХРАМ УЗНЯСЕННЯ ГАСПОДНЯГА

Галоўнай архітэктурнай славутасцю і духоўным цэнтрам старажытнага горада з’яўляецца праваслаўная царква Узнясення Гасподняга.

Пабудавана ў 1866 годзе з цэглы і бутавага каменю на месцы знішчанай пажарам драўлянай царквы. Помнік архітэктуры эклектыкі (рэтраспектыўна-рускага стылю).

У плане храм мае форму прадаўгаватага крыжа. Архітэктурны ансамбль дапаўняе і ўпрыгожвае невялікая вежа-званіца з флюгерам.

Капыльскі храм Узнясення Гасподняга. ХХІ ст.

Храм упрыгожваюць шматлікія аздабленні дэкорам на фасадах будынка, у афармленні паўцыркульных вокан, карніза і даху, у цэнтры якога ўзвышаецца адзін сярэдні купал, па чатырох баках жалезнага даху размешчаны аконцы.

Царква была абнесена каменнай агароджай. Некалі інтэр’ер храма ўпрыгожваў блакітны, з пазалочанымі пілястрамі, двух’ярусны іканастас, што складаўся з 15-і абразоў простага жывапісу.

Сёння ў цэнтры храма – сучасны абраз “Раства Хрыстовага”. Пасля рэстаўрацыі змешчаны ў разную аправу абраз Мікалая Цудатворца (1908 г.)

Іканастас у капыльскім Узнясенскім храме. ХХІ ст.

У 1874 годзе пры Спаса-Узнясенскім храме служыў святар Аляксандр Савіч, які доўгія дзесяцігоддзі акармляў вернікаў і клапаціўся пра добраўпарадкаванне будынка і навакольнай тэрыторыі.

Вядомы цікавы факт, што правадзейны стацкі саветнік Вайніловіч у 1877 годзе ахвяраваў храму напрастольны крыж з чыстага серабра вагою ў два фунты. На жаль, рэліквія была страчана.

Існавала Узнясенская царква на сродкі добраахвотных ахвяраванняў, якіх на год паступала прыкладна на 150 рублёў. А таксама яшчэ 945 рублёў завяшчаў памешчык Гаўрыіл Перагуд, з тым, каб у храме здзяйснялася штотыднёвая паніхіда аб супакаенні душ яго і яго жонкі Кацярыны.

Па некаторых звестках, святару быў прадастаўлены дом, гумно, хлеў, свіран і пограб. Псаломшчыкі жылі ў дзвюх аднапакаёвых хатах, таксама кожны меў у гаспадарцы свіран, хлеў і пограб. Былыя будынкі дыякана згарэлі падчас пажару ў 1866 годзе.

У Капылі працавалі двухкласнае мужчынскае сельскае вучылішча і аднакласнае жаночае народнае вучылішча.

У суседняй вёсцы Ванялевічы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя дзейнічала драўляная прыпісная царква ў гонар святога Георгія Пераможца, адбудаваная ў 1898 годзе на сродкі сялян. Акрамя гэтай царквы, у акрузе было яшчэ 6 капліц, што ўваходзілі ў капыльскі прыход.

Вядома, што ў Капылі дзейнічаў пабудаваны вернікамі ў 1855 годзе вялікі драўляны дом – багадзельня, дзе жылі жабракі. Існавала яна на добраахвотныя ахвяраванні.

У адпаведнасці са звесткамі за 1913 год капыльскі прыход налічваў 632 сялянскія двары і 5246 прыхаджан. У карыстанні Узнясенскай царквы знаходзілася 55 дзесяцін зямлі.

Да 1917 года царква Узнясення Гасподняга ў Капылі была цэнтрам рэлігійнага жыцця акругі. З “Апісання цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі” вядома, што прыхаджане Капыля захавалі ў сваёй мясціне праваслаўе, былі шчырымі вернікамі, акуратна хадзілі да споведзі і прытрымліваліся пастоў, здзяйснялі па вёсках хрэсныя ходы з малебнамі, строга паміналі памерлых.

З 1932 года настаяцелем капыльскага Спаса-Узнясенскага храма быў протаіерэй Уладзімір Пастарнацкі, які з 1928 года з’яўляўся благачынным Капыльскай акругі і на той час быў настаяцелем храма ў вёсцы Пясочнае.

Адзначым, што з 1930 года айцец Уладзімір Пастарнацкі быў адзіным святаром на тэрыторыі Капыльскага раёна. Шчыра выконваў свае абавязкі, наведваў ацалелыя храмы, праводзіў там набажэнствы, суцяшаў вернікаў у гады цяжкіх выпрабаванняў.

Упершыню айца Уладзіміра Пастарнацкага арыштавалі 24 сакавіка 1936 года, абвінаваціўшы ў тым, што ён тайна вёў улік ахрышчаных ім дзяцей, што тады было строга забаронена.

Айца Уладзіміра прыгаварылі да двух гадоў зняволення ў выпраўленча-працоўнай калоніі пасёлка Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля вызвалення ў канцы 1937 года бацюшку літаральна праз дзень арыштавалі паўторна і 5 студзеня 1938 года прыгаварылі да расстрэлу.

Спачатку святара Уладзіміра вывезлі ў Смаленск, а затым у горад Рослаўль Смаленскай вобласці, дзе 21 студзеня 1938 года расстралялі.

Матушка Наталля Феафанаўна да канца жыцця так і не даведалася, што муж загінуў. Страшная праўда адкрылася толькі праз многія гады дачцэ айца Уладзіміра Анастасіі Старасцінай (Пастарнацкай).

Сінодам БПЦ у 1999 годзе протаіерэй Уладзімір Пастарнацкі прылічаны да ліку мясцовашанаваных святых Беларусі, а ў 2000-м кананізаваны як свяшчэннапакутнік і праслаўлены Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы. Дні памяці: 28 кастрычніка (у Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Беларускіх) і 21 студзеня.

Апошняе месца служэння свп. Уладзіміра Пастарнацкага. Спаса-Узнясенская царква. Капыль. 1940-я гг.

Пасля забойства айца Уладзіміра Пастарнацкага і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны набажэнствы ў капыльскай Спаса-Узнясенскай царкве не праводзіліся.

Як згадваюць старажылы, храм быў адкрыты з дазволу акупацыйных уладаў архімандрытам Серафімам (Шахмуцем) і святаром Грыгорыем Кударэнкам, якія ў гады вайны здзяйснялі місіянерскі подзвіг, адкрываючы на тэрыторыі з Гародні да Гомеля храмы і аднаўляючы царкоўнае жыццё. Прыход капыльскага храма аднавіўся і аб’яднаў 22 вёскі.

Пасля вайны ў Спаса-Узнясенскім храме двойчы праводзілі рамонт: у 1952 годзе і ў 1954-м. Храм дзейнічаў да 1958 года, а пасля ў чарговы раз быў закрыты.

8 жніўня 1961 года капыльскую праваслаўную абшчыну знялі з рэгістрацыі. 10 лістапада таго ж года Узнясенскі храм закрылі ў чарговы раз ажно да 1988 года, а будынак перадалі ў ведамства ДТСААФ.

Прыхаджанам дазволілі “арандаваць” іншае памяшканне, але яны не пажадалі і наведвалі царкву ў вёсцы Цімкавічы, куды ў снежні 1961 года была перададзена маёмасць капыльскага Спаса-Узнясенскага храма.

Будынак храма выкарыстоўвалі пад клуб, спартыўную залу, музей, склад, гаражы, майстэрню ДТСААФ і будаўнічы цэх ЖКГ. У выніку будынак хутка састарэў і ў канцы 1980-х быў часткова разбураны.

Аднаўленне царкоўнага жыцця ў Капылі пачалося ў 1990-х гадах. У 1989 годзе ў сценах Спаса-Узнясенскага храма адбылося першае набажэнства.

Рэканструкцыя будынка храма адбывалася пры дапамозе гарадскіх уладаў, арганізацый і прадпрыемстваў, святароў, шматлікіх вернікаў і зацікаўленых у адраджэнні святыні.

Устаноўлены купал, заменены дах, абноўлены столь і сцены будынка, падведзены газ і вада, уцеплена падлога і зроблена многае іншае. Устаноўлены каваныя жалезныя дзверы ў храм, лаўкі на прыхрамавай тэрыторыі.

Інтэр’ер храма Узнясення Гасподняга. ХХІ ст.

Паступова храм аднавіўся і зноў стаў месцам сумеснай малітвы гараджан і шматлікіх паломнікаў. Цяпер і сама святыня, і навакольная тэрыторыя знаходзіцца і падтрымліваецца ў выдатным стане.

Настаяцелем Спаса-Узнясенскага храма Капыля і благачынным Капыльскай царкоўнай акругі з’яўляецца протаіерэй Сергій Чарны.

Айцец Сергій часта бывае ва ўстановах адукацыі, а таксама сам сардэчна сустракае гасцей у сценах храма.

Падчас экскурсіі святар шмат увагі надае гісторыі Спаса-Узнясенскага храма, распавядае пра яго светлыя і трагічныя перыяды існавання. Не прамінае пазнаёміць наведвальнікаў з фактамі жыццёвай біяграфіі свяшчэннапакутніка Уладзіміра Пастарнацкага, распавядае пра лёс яго сям’і і ўшанаванне памяці святога ў нашы дні.

Штогод 21 студзеня ў дзень гібелі свяшчэннапакутніка Уладзіміра ў Спаса-Узнясенскім храме здзяйсняецца Божая літургія, згадваецца жыццё і пакутніцкі подзвіг святога.

Айцец Сергій падтрымлівае сувязь з нешматлікімі родзічамі свяшчэннапакутніка Уладзіміра Пастарнацкага. Так, у 2018 годзе яго ўнучка, Таццяна Хмялеўская, прысутнічала на святочным богаслужэнні, у час якога была асвечана мемарыяльная дошка ў памяць пра свяшчэннапакутніка Уладзіміра.

Святар Сергій Чарны з групай наведвальнікаў пасля чарговай экскурсіі па храму. 27 лістапада 2024 г.

Пра капыльскі Свята-Узнясенскі храм можна часта пачуць, што ён “тройчы народжаны”. І трэці раз прыпадае на 90-я гады ХХ стагоддзя.

Важнаю старонкай у духоўным жыцці Капыля з’яўляецца атрыманае некалі благаславенне першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) на актыўнае адраджэнне святынь у горадзе.

У 1999 годзе ўладыка Філарэт асабіста асвяціў капліцу ў гонар прападобнага Марціна Тураўскага, уладкаваную над мясцовай крыніцай, уважліва сачыў за аднаўленнем Спаса-Узнясенскага храма, падтрымліваў развіццё прыходскага жыцця.

8 чэрвеня 2008 года ўладыка Філарэт здзейсніў афіцыйны візіт у Капыльскае благачынне і ў саслужэнні мясцовага духавенства правёў урачыстае набажэнства ў Спаса-Узнясенскім храме, што стала значнай падзеяй у жыцці прыхаджан, якія многія гады шчыравалі над аднаўленнем будынка царквы.

Цяпер храм Узнясення Гасподняга ў Капылі мае статус кафедральнага сабора і з’яўляецца цэнтрам благачыння Капыльскай акругі Слуцкай епархіі.

У красавіку 2023 года Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Слуцкай епархіі, здзейсніў у храме ў гонар Узнясення Гасподняга ў Капылі Літургію Ранейасвячоных Дароў.

Падчас Літургіі ў Спаса-Узнясенскім храме. Капыль. 5 красавіка 2023 г.

У розныя гады ў храм Узнясення Гасподняга былі прынесены для шанавання вернікам святыні беларускай зямлі – каўчэг з часцінай мошчаў святой Сафіі Слуцкай (2015 г.), Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай (2024 г.).

Вернікі Капыльшчыны змаглі пакланіцца святыням, папрасіць дапамогі і абароны, узнесці сумесныя малітвы.

Пакланенне святыні. 2024 г.

Сёлета храм урачыста адзначыў сваё 160-е прастольнае свята.

21 мая 2026 года, у дзень Узнясення Гасподняга, па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, кіраўніка Слуцкай епархіі, сакратар Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення архімандрыт Сергій (Брыч) здзейсніў Божую літургію ў храме ў гонар Узнясення Гасподняга горада Капыля.

Яго Высокапрападобію саслужылі благачынны Капыльскай царкоўнай акругі, настаяцель капыльскага храма Узнясення Гасподняга протаіерэй Сергій Чарны і святары Капыльскага благачыння.

Урачыстасці завяршыліся хрэсным ходам вакол храма, пасля чаго архімандрыт Сергій (Брыч) перадаў вернікам благаслаўленне Кіруючага Архіерэя і звярнуўся да прысутных са словамі віншавання і настаўлення.

Божая літургія ў Спаса-Узнясенскім храме г. Капыля. 21 мая 2026 г. Фотаздымак: свяшчэннаінак Ілія (Грыгаран).

Храм Узнясення Гасподняга ў Капылі з’яўляецца помнікам архітэктуры XIX стагоддзя і ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

На працягу 160 гадоў храм аб’ядноўваў людзей розных лёсаў, прафесій, узростаў…

Няхай і надалей духоўнае святло беларускай святыні застаецца магутным арыецірам на жыццёвым шляху нашых нашчадкаў.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы
https://sluck-eparchiya.by 
https://sobory.ru 
http://church.by
https://kopyl.by
http://kopyl.edu.by
http://kopyl-region.narod.ru
https://vedaj.by
https://lluban.by
https://letopis.by
https://poshyk.info
https://ekskursii.by
https://libmogilev.by
https://belarus.belarusenc.by
https://www.radzima.org
https://my-places.by
https://www.sb.by
https://www.holiday.by
https://ont.by