Турыстычныя маршруты па святых мясцінах Беларусі
Крыж як старажытны сімвал чалавецтва
Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы. Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
З гісторыі ўзнікнення крыжа
Крыж – самы старажытны сімвал чалавецтва. Існуе навука стаўраграфія (ад грэчаскага “stauros” – крыж і “grafos” – пішу), якая вывучае ўсе тыпы і формы крыжоў, асаблівасці вырабу, устаноўкі і выкарыстання ў жыцці і абраднасці людзей. Гэтая навука даволі маладая. Цікавасць да апісання і збору звестак пра крыжы ўзнікла ў пачатку ХIX стагоддзя. Да рэвалюцыі асноўныя даследаванні ў гэтай галіне праводзілі толькі царкоўныя святары, выкладчыкі і прафесары духоўных акадэмій. Цяпер навука пра крыжы развіваецца ў двух накірунках – багаслоўскім і гістарычным.
У савецкі перыяд даследаванні былі спыненыя на доўгія гады. Нават згадванне слова “крыж” прыбіралася з назваў артыкулаў і кніг. Становішча стала выпраўляцца толькі ў канцы XX стагоддзя, калі з’явіліся разрозненыя публікацыі археолагаў, мастацтвазнаўцаў, этнографаў пра знаходкі крыжоў і іх ушанаванне ў народзе.
Крыж – самы вядомы знак у гісторыі чалавецтва. Яго ўшаноўваюць з найстаражытнейшых часоў і да нашых дзён людзі самых розных веравызнанняў. Дзе і калі чалавек упершыню напісаў гэты знак, невядома. Ужо дзве тысячы гадоў ён з’яўляецца знакам хрысціянства. Але з’явіўся ён значна раней. Малюнак крыжа сустракаецца на помніках каменнага стагоддзя. На востраве Крыт знойдзена пасудзіна з малюнкам, цэнтральнай часткай якога з’яўляецца роўнабаковы, так званы грэчаскі крыж. Пасудзіне каля 5000 гадоў [6, с.11 ].
З крыжам звязаны міфы і легенды, прыказкі і прымаўкі, розныя рытуалы. Крыж уваходзіць у арнаменты, знаходзіцца ў аснове архітэктурных будынкаў. Ім благаслаўляюць, яго лічаць засцярогам, носяць на целе. Ён лунае на нацыянальных сцягах дзяржаў, упрыгожвае старадаўнія гербы, чаканіцца на манетах. Ім узнагароджваюць. Яго ставяць на магілах нябожчыкаў. Культ крыжа праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва.
Паходжанне слова “крыж” таксама губляецца ў глыбіні стагоддзяў. Так, беларускае слова “крыж” мае аналогіі ў шматлікіх еўрапейскіх мовах: па латыні – crux, cruces; у французскай мове – croix; у англійскай – cross; у нямецкай – кrauz; у італьянскай – сгосе; у іспанскай – cruz; польскай – krzyż. Лацінскае слова “crux” азначае “дрэва, шыбеніца або іншыя драўляныя прылады для пакарання смерцю” [6, с.35 ].
Пры гэтым крыж выступае ў двух выявах: як звычайны прадмет у мастацтве кожнага народа і як істотная частка рэлігійнага жыцця большай часткі чалавецтва.
Крыж шанаваўся хрысціянамі не заўсёды. У першыя стагоддзі нашай эры крыж быў рымскім спосабам пакарання смерцю, прызначаным для рабоў і для тых выпадкаў, калі смяротнае пакаранне жадалі ўзмацніць ганьбай. Як казаў Цыцэрон: “Сама назва крыжа праціўна рымскаму розуму, воку і слыху” [6, с. 26].
Чаму ж у якасці свайго набажэнскага знака хрысціяне абралі крыж? На гэта існуюць розныя тлумачэнні. Відавочна толькі, што перад першахрысціянамі стаяла задача знайсці пластычны выраз у адным знаку адзінства духоўнага і матэрыяльнага свету.
І крыж з’явіўся для іх ідэальнай выявай. Раннія хрысціяне верылі ў вялікую духоўную сілу крыжа ва ўсіх яго формах і ахвотна хрысціліся пры любым выпадку, бо гэтае дзеянне давала ім духоўную падтрымку і, акрамя таго, падкрэслівала іх хрысціянскую прыналежнасць да братоў па веры.
Наяўнасць крыжа сведчыла пра прысутнасць Хрыста, таму да крыжа ставіліся як да самога Хрыста і фактычна ўшаноўвалі Яго. Праз некаторы час крыж стаў не знакам смерці, а знакам перамогі над ёй. Іншымі словамі, крыж у хрысціянстве стаў знакам выратавання праз пакуты, а смерць на крыжы – ахвярай за выратаванне людзей і таксама перадумовай уваскрасення.
Такім чынам крыж са сродка ганебнага пакарання ператварыўся ў сімвал жыцця.
Па меры таго як хрысціянства пранікала з Візантыі на Русь, распаўсюджваўся і асноўны знак новай рэлігіі – крыж. Найперш яго сталі ўздымаць пры пабудове храма – накупальны крыж. Хрысціянскі храм абавязкова ўвенчваецца крыжом на купале або на ўсіх купалах, калі іх некалькі. Потым узнік нагрудны крыж – спачатку яго насілі толькі вышэйшыя чыны святароў, затым узнік алтарны (напрастольны). Гэта ўсе царкоўныя крыжы.
Акрамя царкоўнага ўжывання, крыж распаўсюдзіўся і ў побыце. З’явіліся нацельныя крыжыкі, а таксама крыжы надмагільныя, памятныя, паклонныя, прыдарожныя і іншыя.
Асноўныя формы крыжоў у праваслаўнай культуры
Па форме крыж самы просты знак. Напачатку гэта было перакрыжаванне дзвюх ліній – чатырохканцовы крыж. У першыя стагоддзі нашай эры выкарыстоўвалі менавіта такія крыжы. На сённяшні дзень існуюць наступныя формы крыжоў.
Пяціканцовы крыж
Крыж на паўмесячнай падстаўцы (мал.1). Злучэнне крыжа і паўмесяца мае нямала тлумачэнняў: сонца і месяц, неба і зямля, захад і ўсход, дзень і ноч. Гэта свайго роду знак царкоўнай дыялектыкі.
Шасціканцовы крыж
Шасціканцовая форма крыжа лічыцца самым дасканалым першаўзорам сусвету. Шэсць яго канцоў азначаюць шэсць дзён тварэння свету. Ён стала выяўляецца ў структурах, рытмах і цыклах матэрыяльнага свету: шэсць прамянёў мае сняжынка, з шасці граняў складаюцца вочкі ў пчаліных сотах і г. д. Вядома некалькі выглядаў шасціканцовага крыжа.
Крыж з таблічкай (мал. 3). У праваслаўі яго завуць “патрыяршым” крыжам. Крыж з падножжам (мал.2), з касой ніжняй планкай, або “рускі крыж”. Такім выглядаў, напрыклад, паклонны крыж, устаноўлены ў 1161 годзе святой Еўфрасінняй Полацкай (мал. 3).
Сяміканцовы крыж
Крыж з таблічкай і падножжам (мал.4). Такі крыж часта сустракаецца на абразах пскоўскай школы XV стагоддзя.
Васьміканцовы крыж
У XI, XII і XIII стагоддзях крыжы з трыма папярочкамі (мал.5) былі параўнальна рэдкія і вялікае распаўсюджванне атрымалі не раней XIV стагоддзя. На сённяшні дзень надзвычай распаўсюджаны [7, с.25 ].
Разнавіднасці прыдарожных крыжоў
Першыя прыдарожныя крыжы з’явіліся ў апостальскія часы. Іх узнімалі святыя апосталы, узвяшчаючы жыхарам аб пачатку ў іх землях хрысціянскай пропаведзі. У прыватнасці, Нестар-летапісец у “Аповесці мінулых гадоў” згадвае пра ўзвядзенне крыжоў святым апосталам Андрэем Першазванным на Кіеўскіх гарах, а таксама на Валааме пасля звяржэння ідалаў Перуна і Вялеса. Прыкладам прыдарожнага крыжа можна лічыць і крыж святой роўнаапостальнай Вольгі, пастаўлены на беразе ракі Вялікая паблізу Пскова, у месцы, дзе святая княгіня і яе спадарожнікі ўбачылі тры нябесныя прамяні.
Ставілі крыжы пры крыніцах і рэках як памяць аб хрышчэнні народа. Пастаўлены пры дарозе крыж мог таксама мець значэнне крыжа надмагільнага. Крыжы ставіліся ў якасці памежных знакаў. Такі крыж нярэдка ўладкоўваўся пры дарозе, паколькі дарогі часта з’яўляліся межамі.
Прычын для ўстаноўкі крыжоў было шмат. Таму людзі пачалі вызначаць назвы кожнаму крыжу ў залежнасці ад нагоды, пры якой ён быў узведзены. У стаўраграфіі вылучаюць наступныя віды прыдарожных крыжоў [6, с.85 ].
Памятныя крыжы. Яны ставіліся ў памяць пра якую-небудзь важную падзею або ў знак падзякі за выратаванне. Звычай памятных крыжоў прыйшоў на Русь з Візантыі разам з прыняццем хрысціянства і атрымаў шырокае распаўсюджванне.
Аброчныя крыжы. Набожныя людзі ў цяжкіх выпадках нярэдка давалі абяцанне ахвяраваць на царкву якую-небудзь прыналежнасць для царкоўнага богаслужэння. Такой ахвярай мог быць крыж.
Закладныя крыжы. Ідэя замовы прасторы і чалавека валодала розумамі людзей як да, так і пасля прыняцця хрысціянства. Але пасля прыняцця хрысціянства яна пачала злівацца з хрысціянскай сімволікай. Каля 1335 года, узняўшы крыж, святы Сергій Раданежскі заснаваў Троіцка-Сергіеву лаўру. У 1552 годзе пры ўзяцці Казані цар Іван Грозны ўзнімае жыватворны крыж на месцы, дзе павінна быць пабудаваная першая хрысціянская царква. Гэты звычай захаваўся да нашых дзён.
Крыжы–маякі. Звычай абстаўляць свае шляхі крыжамі, робячы іх свайго роду лоцманскімі знакамі, атрымаў шырокае распаўсюджванне на рускай поўначы, у памораў у XVI стагоддзі. На Беларусі такіх крыжоў не існавала.
Паклонныя (засцерагальныя) крыжы. Яны ставяцца пры дарозе, каля вёскi, у вёсцы блiжэй да цэнтра, на скрыжаваннях дарог, а таксама пры дарозе, якая выходзiць з вёскi. Лічыцца, што вёска – гэта абгароджаная прастора, а дарогі – асноўныя каналы ўзаемадзеяння з навакольным светам, таму ўваход у паселішча трэба абараніць. Усталяваныя на ўездзе крыжы не прапускалі нячыстую сілу і хваробы. Такія знакі вельмі шанаваліся.
Могілкавыя крыжы. У хрысціянскай традыцыі прыдарожны крыж мог быць і звычайным надмагільным крыжом, указваючы на месца, дзе пахаваны выпадкова памерлы хрысціянін.
Аднак шырокае распаўсюджванне могілкавыя крыжы ў цяперашнім выглядзе і прызначэнні атрымалі толькі ў Сярэднявечча. Хоць вядома, што сам Канстанцін Вялікі (паміж 274 і 280-337 гг.) усклаў залаты крыж на магілу апостала Пятра ў Рыме.
У апошнія гады каля дарог пачалі ўзводзіць новы від крыжоў – кенатафы, якія абазначаюць месца прыдарожнай трагедыі.
Крыжы, як і людзі, спазнавалі пераслед уладаў. Яшчэ царскія ўлады пераследавалі крыжы, асабліва пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, бо ў пераносным сэнсе і яны бралі ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. «Литовские епархиальные ведомости» з трывогай пісалі: “Ля крыжоў здзяйсняліся розныя палітычныя маніфестацыі, вербаваліся людзі ў паўстанцкія атрады, ля крыжоў прымалася прысяга”.
Паўстанне было задушана, інсургенты адпраўлены ў Сібір, маёнткі канфіскаваныя, аднак заставалася народная памяць. Народ пачаў ставіць крыжы на месцах баёў паўстанцкіх атрадаў. У 1864 годзе генерал-губернатар Мураўёў выдаў загад, які забараняў ставіць або рамантаваць такія помнікі ля дарог, у палях і лясах. Наступным крокам стаў імператарскі загад 1870 г., які непасрэдна рэгламентаваў узвядзенне крыжоў: “1. Асаблівую ўвагу звяртаць на крыжы прыдарожныя і на плошчах, і калі крыжы зладжаны неакуратна ці параслі мохам і зусім заняпалі, то папраўляць іх няма патрэбы, а ў выпадках, калі тыя крыжы нязграбныя, зняць іх і дрэва ўжываць на выпечку прасфор.
- Зусім забараніць узвядзенне новых крыжоў.
- Дазволіць аднаўленне толькі тых заняпалых крыжоў, якія маюць асаблівае гістарычнае значэнне ці да якіх народ адчувае асаблівую нявыдуманую глыбокую пашану.
- Заклікаць прыхаджан замест пастаноўкі крыжоў лепш рабіць ахвяраванні на патрэбы храмаў.
- Сачыць, каб форма крыжоў была чыста праваслаўнай”.
Асабліва жорстка пераследаваліся крыжы за савецкім часам. Савецкая ўлада павяла бязлітасную барацьбу са “знакамі рэлігійнага цемрашальства”. Прыдарожныя крыжы ў масавым парадку знішчаліся ваяўнічымі бязбожнікамі. Але, нягледзячы на рэпрэсіі, крыжы захаваліся, бо душа праваслаўнага чалавека вельмі мела патрэбу ў гэтым галоўным знаку хрысціянства. Таму, пры першай жа магчымасці, ужо ў другой палове 1990-х гадоў, адрадзілася традыцыя ўзвядзення прыдарожных крыжоў. Іх ставяць нават пры ўездзе ў буйныя гарады, на месцы разбураных храмаў, у памяць пра ахвяр рэпрэсій і тэрактаў і інш.
Нямыя сведкі гісторыі: прыдарожныя крыжы ў вёсках Пескаўскага сельскага савета
З гісторыі Пескаўскага сельскага савета
Пескаўскі сельскі савет – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр – аграгарадок Пескі. Сельсавет утвораны 12 кастрычніка 1940 года. У склад уваходзіла чатыры вёскі: Старыя Пескі, Новыя Пескі, Вайцяшын і Ярцавічы. 17 верасня 2013 года ў выніку рашэння абласной рады дэпутатаў ад 17 верасня 2013 г., якое зафіксавана ў дакуменце “Пра змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні Бярозоўскага, Івацэвіцкага, Маларыцкага, Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці”, у склад сельсавета перададзена тэрыторыя скасаванага Белаазёрскага сельскага савета з вёскамі Альшэва, Лісічыцы, Манявічы, Нівы, Ніўкі і Хрыса. Вёскі Старыя і Новыя Пескі былі аб’яднаны і ўтвораны аграгарадок Пескі. Такім чынам, на сённяшні дзень у склад Пескаўскага сельскага савета ўваходзіць 9 вёсак.
Насельніцтва вёсак катастрафічна старэе. Натуральны прырост не адбываецца і гэта акалічнасць яшчэ больш паказвае, што неабходна вывучаць і фіксаваць тыя змены і тыя факты, што былі і якія цяпер адбываюцца ў гісторыі нашага народа.
Прыдарожныя крыжы ў вёсках Пескаўскага сельскага савета.
На вялікую колькасць разнастайных крыжоў у Беларусі звярталі ўвагу многія пісьменнікі і этнографы. Напрыклад, Павел Шпілеўскі падчас вандровак па Беларусі ў сярэдзіне XIX стагоддзя заўважаў: “Позірк вандроўніка пры ўездзе ў Нясвіж сустракае амаль на кожным кроку драўляныя крыжы, крыжыкі і такія самыя каплічкі або вялікія слупы з разьбянымі выявамі Божай Маці, Спасіцеля і Іаана Прадцечы. Гледзячы на гэтыя помнікі хрысціянскай веры, ужо загадзя складаеш паняцце пра набожнасць жыхароў нясвіжскага краю і можам назваць яго краінай крыжоў, як імянуюць сваю радзіму жыхары Жмудзі, суседняй з Нясвіжам” [4].
На тэрыторыі сельсавета мы налічылі 33 прыдарожныя крыжы. Колькасны склад па відах крыжоў па вёсках на сённяшні дзень і ў канцы ХХ ст. прадстаўлены ў табліцы:
Назва вёскі | Колькасць крыжоў | Колькасць насельніцтва | |
На 2018 год | На пачатак
2000-х |
||
Вайцяшын | 1 | 1 | 221 |
Лісічыцы | 4 | 1 | 208 |
Маневічы | 1 | 1 | 155 |
Ніўкі | 1 | – | 158 |
Нівы | 4 | 1 | 619 |
Альшэва | 1 | – | 138 |
Пескі | 10 | 4 | 2080 |
Хрыса | 6 | 2 | 420 |
Ярцавічы | 5 | 1 | 313 |
Агульная колькасць | 33 | 11 | 4312 |
Прыдарожныя крыжы ў вёсках Пескаўскага сельскага савета маюць багатую гісторыю. Самы стары крыж знаходзіцца ў вёсцы Альшэва, узведзены па сведчанні старажылаў яшчэ за царскім часам. На сённяшні дзень ён знаходзіцца ў паўразбураным стане. Самы малады крыж узведзены ў аграгарадку Пескі ў 2016 годзе. Кожная вёска налічвае ад аднаго да больш дзясятка крыжоў.
Варта адзначыць, што напрыканцы ХХ ст. іх было значна менш. Многія былі знішчаны, некаторыя састарэлі і не аднаўляліся.
Узводзіліся і ўзводзяцца крыжы па розных прычынах. У навакольных вёсках пераважаюць крыжы паклонныя. Іх 25. Аброчных крыжоў налічваецца 4. Ёсць адзін памятны крыж і 3 закладныя.
Гэтая акалічнасць дае права з упэўненасцю сцвярджаць, што крыжовая абраднасць пасля так званай антырэлiгiйнай кампанii на тэрыторыі Пескаўскага сельскага савета адрадзілася.
Памятныя крыжы
Вёска Альшэва налічвае толькі адзін крыж. Размешчаны ён у пачатку вёскі пры ўездзе з боку Белаазёрска. Стаіць крыж крыху воддаль ад дарогі, акурат на тым месцы, дзе некалі быў размешчаны будынак праваслаўнага храма. У гады Вялікай Айчыннай вайны храм быў узарваны, а за савецкім часам жыхары вёскі разабралі цэглу для сваіх прыватных патрэб. На сённяшні дзень толькі кавалак мура сведчыць пра размяшчэнне тут будынка. Таму ў 2008 годзе па ініцыятыве настаяцеля Белаазёрскага храма айца Георгія на гэтым месцы быў узняты крыж. Гэта адзін з маладых крыжоў ( фота 6).
Вёска Альшэва не мае прыдарожнага засцерагальнага крыжа, хоць ля самай дарогі Бяроза-Драгічын і знаходзіцца выява прыгожага каванага крыжа. Але падчас гутаркі выявілі, што ён не прыдарожны, а надмагільны. Некалі тут былі могілкі, якія час ужо сцёр з твару зямлі, а гэты крыж захаваўся (фота 7). Сяльчане сцвярджаюць, што спачывае тут прах жонкі графа Войцеха Пуслоўскага княжны Жазэфіны Друцкой-Любецкой (1776-1830). Такая думка можа быць праўдзівай.
Паколькі першапачаткова будынак праваслаўнага храма быў пабудаваны графам Войцехам Пуслоўскім як касцёл. Менавіта ў ім была сямейная пахавальня. І толькі калі будынак касцёла быў перададзены праваслаўным вернікам, рэшткі праху Пуслоўскіх былі перапахаваны на мясцовых могілках ля касцёла. Што тут былі некалі могілкі, сведчыць невялікі камель ад закладнога крыжа. І хоць гэты кавалачак дрэва нічым не нагадвае крыж, вяскоўцы яго шануюць і перад кожным Вялікаднем аздабляюць (фота 8).
Закладныя крыжы
Звычай ставіць закладныя крыжы даўні. Ён сімвалізаваў, што абранае месца ўгодна Богу і знаходзіцца пад яго заступніцтвам. На сённяшні дзень закладных крыжоў на тэрыторыі сельсавета адзінкі. Пераважна іх ставяць перад закладкай новых могілак. Напрыклад, у вёсцы Нівы перад новымі могілкамі, якія закладзены ў 2003 годзе недалёка ад вёскі на ўзбочыне дарогі Белаазёрск – Высокае, першапачаткова быў узведзены высокі драўляны крыж (фота 9). Менавіта з ім звязана гісторыя, якая распавядае пра імкненне жыхароў захаваць у абраднасці, звязанай з устаноўкай крыжоў, звычаі сваіх продкаў.
З даўніх часоў існаваў звычай вырабляць прыдарожныя крыжы з дубовага бярвення. Гэта ўжо апошнім часам можна сустрэць металічныя. Паколькі знайсці неабходных памераў дуб было надзвычай цяжка ў той перыяд, старасту вёскі Нівы было прапанавана зрабіць крыж з сасны. На што чалавек, які шанаваў звычаі продкаў, абурыўся і ўльтыматыўна заявіў: або здымайце з мяне абавязкі старасты, або шукайце дубовае бярвенне для крыжа. Пратэст чалавека быў рашучы, і кіраўнікі сельсавета мусілі ўважыць патрабаванне вяскоўца.
Аброчныя крыжы
Перш за ўсё ў крыжах знаходзяць адлюстраванне калектыўныя памкненні сялян уратавацца ад бяды, нягодаў, якія нясуць эпідэмія, стыхія, вайна, пажар і многія іншыя з’явы. Ды народная мараль вучыць не толькі прасіць, аднак і дзячыць за спраўджаную просьбу не толькі чалавеку, але і Богу. Таму разам са словамі малітвы, у якой месціліся запаветныя словы-жаданні, чалавек абяцаў Госпаду прынесці з удзячнасцю ахвяру. Такой ахвярай мог стаць і ўзняты гэтым чалавекам крыж.
У вёсцы Хрыса захаваўся да нашага часу аброчны крыж – самы стары крыж у ваколіцах сельсавета. Яго з упэўненасцю можна аднесці да аброчных крыжоў. Пастаўлены ён быў, апавядаюць старажылы, яшчэ за царскім часам. Называюць яго Андрыянаў крыж (фота 10), паколькі стаіць у двары селяніна, якога звалі Андрыян. Жуковіч Марыя, жыхарка вёскі Хрыса, нам расказала, што ў сям’і гэтага селяніна паміралі дзеці яшчэ немаўлятамі. Каб адвесці ад сваёй сям’і гэтую бяду, ён і ўзвёў у сваім двары крыж. Вяскоўцы надзвычай паважліва ставяцца да яго, вераць у яго сілу. Яшчэ ў васьмідзясятыя гады з надзеяй у спраўджванне просьбы ахвяравалі крыжу тканіны. Вяскоўцы расказалі такую гісторыю. Калі жыхарка вёскі праводзіла сына на Афганскую вайну, дык абракла крыжу прыгожа вышыты фартушок. І ў хуткім часе сын вярнуўся, хоць і паранены. На жаль, цяпер крыж знаходзіцца ў паўразбураным стане. Аднавіць няма каму.
Вёска Лісічыцы налічвае два прыдарожныя крыжы, і кожны з іх мае сваю непаўторную і цікавую гісторыю. Недалёка ад дарогі Бяроза-Спорава пры павароце на вёску некалі знаходзілася ажно два прыдарожныя крыжы. У сярэдзіне мінулага стагоддзя адзін з іх састарэў і згніў. Улады не дазвалялі аднаўляць, а другі загадалі спілаваць.
Ды толькі ў хуткім часе спадара дырэктара напаткала вялікая бяда – ён захварэў. А ў народзе бытуе глыбокая вера ў непазбежнасць пакарання тых, хто ўзняў руку на святы крыж. Паверыў у гэта і сам хворы. I тады ж даў новы загад сваім рабочым: крыж каля ўезду ў вёску Лісічыцы аднавіць (фота 12), а той стары ўстанавіць каля Лісічыцкіх могілак (фота 11). І паколькі той крыж быў спілаваны, дык, каб узняць падножжа, яго ўставілі ў азбеставую трубу.Фармулёўка для знішчэння была прымітыўная – перашкаджае руху па трасе Бяроза-Драгічын, паколькі прыцягвае ўвагу вадзіцеляў. Выканаць загад мусіў былы дырэктар Альшэўскай птушкафабрыкі. Крыж спілавалі і перацягнулі на Альшэўскія могілкі.
Вера ў заступніцкую сілу крыжа моцная. І да сёння захаваўся звычай узводзіць аброчныя крыжы. У аграгарадку Пескі зафіксавалі самы малады крыж, які быў узведзены ў 2016 годзе сям’ёй Навумчык Марыі менавіта з мэтай ахіліць сям’ю ад жыццёвых бедаў, паколькі сын пакончыў жыццё самагубствам, а бацька смяротна захварэў. І цяпер насупраць дома на ўзбочыне дарогі ўзвышаецца прыгожы аброчны крыж ( фота 13).Так быў узведзены ў пачатку вёскі не паклонны, а аброчны крыж, а паклонны стаў закладным каля могілак. Абодва гэтыя крыжы шануюць вяскоўцы да сённяшніх дзён.
Паклонныя (засцерагальныя) крыжы
Прыдарожныя крыжы найчасцей звязаныя з паклонным, засцерагальным, пахавальным, памінальным абрадамі. Іх ставілі, каб засцерагчы ад нягод, якія неслі эпідэміі, стыхіі, войны, пажары і іншыя напасці, якія закраналі ўсіх жыхароў вёскі. Такіх крыжоў у вёсках сельсавета найбольш. Значыць, як i раней, прыдарожны крыж, увасабляючы свяшчэнны сiмвал хрысцiянства, з’яўляецца пасярэднiкам звароту чалавека да Бога. Як i раней, выконвае ахоўна-засцерагальную функцыю.
Як і тысячу гадоў таму, паклонны крыж нагадвае людзям пра спрадвечную праваслаўную веру. Многія лічаць крыж духоўным знакам нацыі, помнікам культуры.
Вёска Нівы налічвае сёння чатыры крыжы. У 1980 годзе такі крыж быў толькі адзін і знаходзіўся на перакрыжаванні вуліц Савецкая і Школьная (фота 14). Стаяў ён на перакрыжаванні вуліц даўно, ніхто са старажылаў не мог згадаць, калі ён з’явіўся. Крыж быў стары, і таму ў пачатку дзевяностых гадоў яго аднавілі. Аднавіў крыж Жуковіч М., у той час ён быў старастаю вёскі. У хуткім часе быў устаноўлены крыж і ў пачатку вёскі (фота 15).
А 2009 годзе вяскоўцы замянілі яго літым крыжам, а гэты перанеслі на новае месца і ўстанавілі на павароце дарогі на Высокае (фота 16). У гэтым месцы часта адбываліся аварыі, дык, каб атуліць прастору ад нядобрых сілаў, і ўстанавілі гэты крыж.
Аграгарадок Пескі – самы вялікі населены пункт сельсавета. Менавіта таму і крыжоў тут налічылі 12. Калі быў устаноўлены самы стары, ніхто са старажылаў згадаць ужо не мог, але калі ўзвялі апошні, ведаюць усе – у 2016 годзе.
Уражвае сваёй велічнасцю крыж каля ўезду ў аграгарадок Пескі з боку Белаазёрска (фота 17). Крыж мае адметную будову – незвычайна высокі, ажно 6 м, мае падстрэшак, надзвычай хораша і густоўна аздоблены. Пра гэты крыж клапоцяцца жанчыны, якія жывуць у дамах паблізу, а на аздабленне крыжа робяць ахвяраванні мясцовыя прадпрымальнікі, паколькі крыж размешчаны каля прыватных магазінаў.
Відаць, такім чынам людзі выказваюць сваю просьбу да Усявышняга і загадзя дзячаць за выкананне жадання.
Каля Пескаўскіх могілак у 2013 годзе з’явіўся яшчэ адзін адметны крыж. Закладны крыж каля могілак ёсць. Гэты ўстаноўлены з нагоды юбілею хрысціянства, аб чым сведчыць адпаведны надпіс (фота 18).
У вёсцы Ярцавіцы на перакрыжаванні вуліц знаходзіцца яшчэ адзін крыж, гісторыя якога захавалася ў людской памяці (фота 19). Жыхарка вёскі Пукала Н. адзначыла, што гэты крыж быў узведзены бацькам яе свёкра хутчэй як аброчны, бо знаходзіўся ў двары. У 2010 годзе яго аднавілі, на месцы старога драўлянага ўстанавілі літы, цяпер ён не знаходзіцца на падворку і ўспрымаецца як звычайны раскрэсны крыж.
Раскрэснымі называюць крыжы, устаноўленыя на перакрыжаванні вуліц.
Крыжы-кенатафы
Крыж-кенатаф – крыж, пад якім на самай справе няма ніякага дола, ад грэчаскіх слоў “kenos” – пусты, і “taphos” – дол. “Мода” на ўсталяванне помнікаў на ўзбочынах дарог у месцах аўтамабільных катастроф з’явілася не так даўно – каля 50 гадоў таму, і традыцыя гэтая не толькі наша. Прыдарожныя крыжы можна сустрэць ва ўсёй Еўропе.
Сцвярджаць, калі і адкуль прыйшла да нас падобная традыцыя, не бярэцца ніхто, хоць дакладна вядома, што першым прыкладам крыжа-кенатафа ў славян быў крыж, усталяваны ў 1908 годзе па праекце вялікага рускага мастака Віктара Міхайлавіча Васняцова на месцы забойства Каляевым вялікага князя Сяргея Аляксандравіча Раманава. Каля падножжа крыжа былі выбіты словы «Отче, отпусти им, ибо не ведают, что творят». Гэты крыж быў разбураны па ініцыятыве Леніна на першамайскім суботніку ў 1918 годзе. Цяпер крыж адноўлены недалёка ад магільнага склепа роду Раманавых (фота 20).
У вёсках сельскага савета такіх крыжоў няма, але на ўзбочыне дарогі Белаазёрск-Бяроза недалёка ад вёскі Вайцешын мы сустракаем падобны крыж, устаноўлены ў 2003 годзе на месцы аўтааварыі (фота 21).
У людзей да іх неадназначнае стаўленне. Асабліва адмоўна ставяцца супрацоўнікі ДАІ, дарожных службаў. Усталяваныя без узгаднення з дарожнымі службамі яны значна абцяжарваюць працу ўборачнай ці ратавальнай тэхнікі.
А яшчэ крыж заклікае любога праваслаўнага спыніцца і перахрысціцца. Ці дарэчна гэта на аварыйна-небяспечным участку шашы з напружаным рухам? 3 пункту гледжання Праваслаўнай Царквы крыж павінен быць усталяваны на тым месцы, дзе пахаваны чалавек, на святым месцы, а не там, дзе чалавек загінуў. Прыдарожныя крыжы, усталяваныя на месцы гібелі, не маюць благаславення Царквы і ўсталёўваюцца на неасвечаных месцах.
Традыцыі і асаблівасці ўзвядзення і аздаблення прыдарожных крыжоў
Перад устаноўкай крыжа вяскоўцы прымалі рашэнне, у якім месцы яго ўзвесці. Часцей за ўсё крыжы ўзводзілі ў пачатку ці ў канцы вёскі. Перакрыжаванне дарог спрадвеку лічылася нядобрым месцам, дзе можа знаходзіць прытулак нячыстая сіла. Таму і перакрыжаванне дарог было адным з тых месцаў, дзе таксама ўзводзілі крыжы. Узведзены на перакрыжаванні крыж меў адметную назву – раскрэсны.
Прыдарожны крыж заўсёды ставiўся ў вёсцы калектыўна, i рытуал яго ўзвядзення ажыццяўляўся ў асаблiва ўрачыстай атмасферы. Абавязкова месца ўстаноўкі крыжа асвячаў святар. Цяпер падобная традыцыя крыху змянілася. Часцей за ўсё крыж вырабляюць адзін-два чалавекі. А вяскоўцы сваёй прысутнасцю пры ўстаноўцы і асвячэнні крыжа падтрымліваюць ахвярнікаў.
Сiстэматызаваўшы свае назiраннi падчас падарожжаў па вёсках сельсавета, мы вызначылi наступныя вiды прыдарожных крыжоў паводле iх формаў і матэрыялу выканання:
- У вёсках сельсавета пераважаюць васьміканцовыя і шасціканцовыя крыжы. Чатырохканцовыя крыжы наогул адсутнічаюць. Гэта дае падставы сцвярджаць, што на тэрыторыі сельсавета жывуць пераважна праваслаўныя вернікі.
-
Прыдарожныя крыжы да пачатку 2000 гадоў былі толькі драўляныя. У апошняе дзесяцігоддзе на тэрыторыі сельсавета адбываецца замена драўляных крыжоў літымі, а новыя крыжы ўжо заўсёды ўстанаўліваюцца металічныя. Гэта стала магчымым па той прычыне, што дубовае бярвенне для крыжа набыць надзвычай складана. Лягчэй заказаць на Белаазёрскім энергамеханічным заводзе з металу.
- У нашых мясцінах прыдарожныя крыжы не мелi стрэшак. Толькі два крыжы, узведзеныя ў 2005 і 2013 гадах, маюць страху з дошак шырынёю 15-20 сантыметраў (фота 22).
- Традыцыйна каля падножжа крыжа рабілі невялікі насып ці клалі каменне, што сімвалізавала Галгофу. Традыцыя гэтая доўгі час парушалася. І толькі два крыжы ў аграгарадку Пескі, што не так даўно ўзведзены, маюць такое ўзвышэнне (фота 23-24).
Прыдарожныя крыжы на працягу многiх стагоддзяў захоўвалi класічныя нязменныя формы i не мелi ярка акрэсленых рэгiянальных прыкметаў.
Асаблівай увагі патрабуе захаванне прапорцый пры вырабе крыжоў. Выраб крыжа ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі залатога сячэння.
Упершыню навукова залатое сячэнне растлумачыў манах Лука Пачолі. Ён у залатым сячэнні ўгледзеў чароўнае трыадзінства: малы адрэзак увасабляў Сына, вялікі – Айца, а цэлае – Святы дух. Матэматычна формулу залатога сячэння можна сфармуляваць так: меншы адрэзак так адносіцца да большага, як і большы да ўсяго адрэзка (мал. 25). У матэматычных суадносінах гэта выглядае наступным чынам: а : b = (a+b) : a.
Усе крыжы вырабляюцца ў адпаведнасці з кананічнымі прапорцыямі. Агульнапрынятым пазначэннем гэтай прапорцыі з’яўляецца Ф, у гонар Фідзія, старажытнагрэчаскага скульптара, які першым ужыў залатое сячэнне, роўнае 1,618.
Зыходзячы з гэтага, калі ўзяць вышыню крыжа за 1,618, то: даўжыня сярэдняй перакладзіны Ф=1; адлегласць ад верху крыжа да сярэдняй перакладзіны Ф-2=0,382; адлегласць паміж сярэдняй і верхняй перакладзінамі роўныя Ф-3=0,236; адлегласць ад верху крыжа да верхняй перакладзіны Ф-4=0,146; адлегласць ад падставы да ніжняй касой 1/2Ф=0,5 як паказана на схеме (мал. 26).
За формаю крыжа ўспрымаўся вобраз укрыжаванага Ісуса Хрыста. Таму самым распаўсюджаным, характэрным аздабленнем крыжа была павязка-фартушок, размешчаная на бёдрах уяўнага Хрыста (фота 27). Абавязковым атрыбутам упрыгожвання крыжа з’яўляецца наяўнасць абраза. Некаторыя крыжы маюць іх ажно па два-тры (фота 28).
У Песках заўважылі незвычайны абраз. Ён выкананы ў форме кіёта, а вобраз Хрыста не маляваны, а скульптурны, вылеплены з гліны (фота 29).
Наконт прыёмаў аздаблення тканiнаю вядома даволі шмат варыянтаў, кожны з якiх надзелены індывiдуальнымi характарыстыкамi. Часта каля прыдарожных крыжоў ставяць невысокую агароджу.
Варта адзначыць, што звычай упрыгожваць агароджы атрымаў развіццё менавіта ад звычаю ахвяравання тканін на крыж. Былі заўважаны мясцовыя асаблівасці ўбору.
Ніўчане часта, акрамя ручнікоў і фартушкоў, выкарыстоўваюць рознакаляровыя стужкі, а хрысаўцы – штучныя кветкі. Ёсць адметнасці і ў павязванні стужак. У в. Нівы іх размяшчаюць вертыкальна ад крыжа да плота (фота 30), у іншых аздабляюць павязваннем стужак бантам (фота 31).
Незвычайна ўпрыгожваюць крыжы ў вёсцы Хрыса. Раскрэсныя крыжы, якія стаяць на перакрыжаванні дарог, упрыгожваюць з двух бакоў (фота 32) .
Упрыгожванне крыжоў адбываецца раз на год, пры гэтым захоўваюцца пэўныя традыцыі. Гэта цэлы абрад. Называецца ён “Адзяванне крыжа”.
Абрад “Адзяванне” крыжа”
З даўніх часоў бытуе ў вёсках сельсавета абрад “Адзяванне крыжа” – звычай упрыгожваць прыдарожны крыж у апошні тыдзень перад Вялікаднем. Неўпрыгожаны крыж называюць раздзетым (фота 33). Перад выкананнем абраду некалькі жанчын-актывістак нагадваюць вяскоўцам пра складкі для набыцця ўпрыгожвання. Сабраўшы грошы, робяць закупкі адпаведна свайму густу. Пасля абвяшчаюць збор для выканання абраду. Збіраюцца не толькі жанчыны, але, пры неабходнасці, і мужчыны. Спачатку крыж раздзяваюць. Леташняе ўбранне спальваюць тут жа каля крыжа (фота 34, 34-1).
Пасля талакою ўпрыгожваюць крыж. Часта жанчыны індывідуальна абракаюць крыжу сваё адметнае ўпрыгожванне – вышыты ўласнымі рукамі ручнік, фартушок, абраз.
Існуе меркаванне, што просьба да Госпада падчас апранання на крыж аброчнай рэчы, абавязкова будзе пачута і спраўдзіцца.
Іншым разам жанчына звяртаецца з просьбай да Усявышняга не толькі за сябе і сваіх сямейнікаў, але і за ўсю вёску. У 2010 г. жыхарка вёскі Нівы Талсцяк А.М. (фота 35) вышыла ікону, асвяціла яе ў царкве і абракла крыжу з просьбай да Бога, каб у вёсцы было як найменш хворых на алкагалізм людзей (фота 36).
Выкарыстанне прыдарожных крыжоў у абраднасці вяскоўцаў
Усе крыжы, якiя мы бачым па-за храмам, па-за людскога жытла, аб’яднаныя спадзяваннем народа быць пад аховай Бога або не страціць памяць пра мінулае. Чалавек дзеля малітвы звяртаецца ў хаце цi храме да абраза, а ў адкрытай прасторы – да крыжа. Таму з прыдарожным крыжам было звязана шмат рытуалаў, вераванняў, заклiнанняў i iнш. Калi хлопца адпраўлялi ў войска, то ён абавязкова пры выездзе з вёскi спыняўся i пэўную хвiлiну знаходзiўся каля крыжа, якi фiксаваў мяжу двух светаў, ён спрыяў яго службе і вяртанню ў родны дом. Калi нябожчыка везлi на могiлкi, то ў любое надвор’е яго дамавiна не закрывалася векам, была адкрытая да прыпынку каля крыжа.
Старыя, нямоглыя, дзецi – усе суправаджалi нябожчыка ў вечнае жыццё і развiтвалiся з iм назаўжды тут, каля крыжа. Гэты рытуал захаваўся да сённяшніх дзён. Ва ўсіх вёсках сельсавета труну з нябожчыкам абавязкова спыняюць каля крыжа, даюць крыжу ахвяру ў выглядзе ручніка, калі хаваюць мужчыну, ці фартушка – пры пахаванні жанчыны. Апошнім часам і гэты звычай мяняецца. Усё часцей на сам крыж ці да плота, якім ён абгароджаны, павязваюць стужку. Калі хаваюць мужчыну – сініх адценняў колеру, калі жанчыну – чырвоных.
Прыдарожныя крыжы выкарыстоўваюць і для перадвелікоднага набажэнства ў вёсках, дзе няма царквы і многія старыя людзі не маюць ні сіл, ні магчымасцяў, каб пайсці ў царкву і асвяціць велікодную страву. Тады ў пазначаны час святар наведвае вёску і асвячэнне Святой Пасхі адбываецца каля крыжа.
Зберажом наш духоўны скарб
Правёўшы даследаванне па гiсторыi прыдарожных крыжоў у вёсках Пескаўскага сельскага савета, супаставiўшы навуковыя матэрыялы з уласнымi назiраннямi, мы прыйшлi да высноў:
- Устаноўка прыдарожных крыжоў – даўняя традыцыя, якая падтрымлiваецца жыхарамі нашай мясцовасці.
- За апошнія два дзесяцігоддзі традыцыя ўзвядзення прыдарожных крыжоў аднавілася і набывае сваё трыумфальнае шэсце літаральна ў кожнай вёсцы Пескаўскага сельскага савета.
- Захаванне гэтай абраднасці выконвае важныя сацыяльныя функцыi: чалавек адчувае сябе часткай грамадства, абрад адзявання прыдарожнага крыжа служыць для стварэння ўмоў псiхалагiчнага камфорту, чалавек верыць у сваё выратаванне з ласкі Божае. Адчуваць сябе ўпэўнена, верачы ў лепшае, так важна. Значыць, прыдарожны крыж – сапраўды ахова на зямлi беларускай.
- Прыдарожныя крыжы гавораць нам пра ўшанаванне старажытных абрадаў на Беларусi, а гэта – сведчанне свядомасцi, памяцi i духоўнасцi нашага народа. Зямля, дзе жыве памяць пра мiнулае, мае будучыню.
- Кожны прыдарожны крыж мае сваю гісторыю, якую піша само жыццё.
Такім чынам, кожны крыж – гэта гісторыя, якая апавядае пра лёс чалавека, вёскі, цэлага народа, знаёміць з яго культурай, адметнасцямі побыту. Яна прысвечаная ўнікальным з’явам нашай культуры, якія трэба паспець зафіксаваць, бо яшчэ дзясятак гадоў – і яны знікнуць. Крыж у артадаксальнай форме будзе існаваць вечна, аднак нюансы страцяцца. Сучасная культура бетонных надмагілляў ды помнікаў з мармуровае крошкі ўсё паглыне. Ужо не ставяць нарубаў, прыкладаў, імгненных крыжоў, што рабіліся з арэхавага кійка, якім мералі даўжыню нябожчыка, каб пасля ведаць, які дол капаць.
Вёска сёння практычна вымірае. Разам з ёй могуць адысці ў нябыт і гэтыя адметныя звесткі гістарычнай навукі.
Улічваючы, што прадметам нашага даследавання стаў крыж, а аб’ектам – прыдарожныя крыжы, пастаўленыя ў вёсках Пескаўскага сельскага савета, праца складалася з дзвюх частак. У тэарэтычнай частцы намі прадстаўлены кароткія звесткі пра крыж як самы старажытны сімвал чалавецтва, у практычнай мы распавялі пра формы, віды, асаблівасці ўстаноўкі і шанавання крыжоў жыхарамі вёсак Пескаўскага сельскага савета.
Нам удалося выканаць пастаўленыя задачы: сабраны і зафіксаваны звесткі пра ўстаноўку, аднаўленне крыжоў на тэрыторыі сельсавета; створана сістэматызаваная база даных па выглядах і тыпах крыжоў; прааналізаваны мясцовыя асаблівасці іх вырабу і аздаблення.
На аснове сабранага матэрыялу распрацавана экскурсія “Прыдарожныя крыжы як сведкі лёсу народа”, вусны часопіс “Маўклівыя сведкі гісторыі” і створаны альбом выяваў прыдарожных крыжоў, размешчаных на тэрыторыі сельскага савета.
Распрацоўкі выкарыстоўваюць настаўнікі горада Белаазёрска для правядзення пазакласных заняткаў з вучнямі.
Лічым, што наша праца мае практычнае значэнне: садзейнічае захаванню падрабязных звестак пра прыдарожныя крыжы і, такім чынам, з’яўляецца невялікім укладам у развіццё беларускай стаўраграфіі, спрыяе выхаванню паважлівага стаўлення моладзі да здабыткаў матэрыяльнай і духоўнай культуры вяскоўцаў.
Спадзяёмся, што ў нас знойдуцца паслядоўнікі, а гэта ў пэўнай ступені паспрыяе захаванню традыцый класічнай стаўраграфіі, зможа вярнуць згубленыя ў былыя гады пазіцыі ў захаванні хрысціянскай культуры, што на сённяшні дзень асабліва важна.
Як бачым, кожны прыдарожны крыж мае сваю гісторыю, якая адлюстроўвае жыццёвыя памкненні і спадзяванні асобнага чалавека і праз тое ў гісторыі крыжоў прачытваецца гісторыя цэлага народа.
З даследчай працы Антонія ЛУПІША “Маўклівыя сведкі гісторыі: прыдарожныя крыжы ў вёсках Пескаўскага сельскага савета Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці” (кіраўнік – настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Белаазёрска Галіна СКАРЫНА).
Падрыхтоўка матэрыялу для сайта Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
- Бартосік, З. Беларускія народныя крыжы / З. Бартосік, Харэўскі, С. Паўлоўскі // Наша Ніва nn.by – [Электронны рэсурс] 1998. – №6. Рэжым доступу: http://nn.by/?c=ar&i=92963. – Дата доступу: 07.03.2018
- Кузнецов, В. История развития формы креста. Краткий курс православной ставрографии – Москва: Альманах «Жизнь вечная», [Электронны рэсурс] 1997г. – http://www.iskupitel.info/node/28. – Дата доступу: 01.05.2018
- Крыжы-абярэгі. Этнаграфія Беларусі – [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://by-ethno.livejournal.com/86664.html. – Дата доступу: 13.09.2018
- Раманюк, М. “Крыжы прыдарожныя”/М. Раманюк// Наша вера.– [Электронны рэсурс] –№2.–С.5-7. Рэжым доступу: http://media.catholic.by/nv/n5/art15.htm . – Дата доступу: 03.09.2018
- Русские помочи [Электронны рэсурс]./ Размеры крестов. Подробное обоснование/. Москва.2000-2014. Рэжым доступу: http://www.charity.orthodoxy.ru/cross/f3.htm. – Дата доступу: 03.09.2018
- Смирнова, И. Тайнаяистория креста/ И. Смирнова. – Москва: Эксмо, 2006.– [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://svitk.ru/004_book_book/3b/757_smirnova-istoriya_kresta.php. – Дата доступу: 11.05.2018
- Уваров,А.С. Христианская символика: часть 1: Символика древне-христианского периода /А.С. Уваров. – Москва: типография Г.Лисснера и Д.Собко , 1908.– [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://relig-library.pstu.ru/modules.php?name=2098. – Дата доступу: 22.10.2018
Электронны дадатак:
Прэзентацыя экскурсіі (урывак).
- Прыдарожныя крыжы. Экскурсія.wmv (72.8 Мб)
Ссылка для скачивания файлов: https://cloud.mail.ru/stock/kscsHJ7XAPPVD2p4ms1hK8Tg