Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Храм у гонар іконы Божай Маці “Збавіцельніца” (Архіерэйскае падвор’е) у Жодзіна – адзін з духоўных цэнтраў для праваслаўных хрысціян і святыня горада.
З усёй Беларусі сюды прыязджаюць паломнікі, каб памаліцца Багародзіцы-Збавіцельніцы. У храме рэгулярна здзяйсняюцца малебны перад цудадзейным абразом, што шануецца вернікамі за асаблівую жыватворную сілу і дапамогу ў цяжкіх жыццёвых абставінах.

Размешчаны храм на паўночна-заходняй ускраіне горада. Некалі тут знаходзілася драўляная царква. Дзейнічала да 1960 года, а затым на хвалі барацьбы з рэлігіяй яе разбурылі.
Прыход адноўлены толькі ў 1990-х гадах. Рэгістрацыя праваслаўнай грамады ў гонар іконы Божай Маці “Збавіцельніца” адбылася ў 1993 годзе.
Намаганнямі вернікаў набыты пасажырскі вагон, у якім размясцілі часовы храм, а на месцы будучага будаўніцтва ўстанавілі 7-метровы драўляны крыж.

Першае набажэнства ў прыходзе адбылося 30 кастрычніка 1995 года ў дзень прастольнага свята. Праводзіў яго святар Аляксей Шынкевіч, настаяцель прыхода Архангела Міхаіла.
А з 3 сакавіка 1996 года ў часовым храме-вагончыку богаслужэнні пачалі здзяйсняцца пастаянна. Грамада прыхода храма ў гонар іконы Божай Маці “Збавіцельніца” зарэгістравана Мінскім аблвыканкамам у 1998 годзе.
Праект храма выканала “Творчая майстэрня У.Ф. Даніленкі”, за што ў 1998 годзе атрымала ад Беларускага саюза архітэктараў дыплом І ступені. Значныя намаганні для будаўніцтва храма прыклаў генеральны дырэктар ВА “БелАЗ” Павел Лук’янавіч Марыеў сумесна са сваім калектывам.
7 лютага 1999 года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў саслужэнні настаяцеля прыхода айца Барыса Палтаржыцкага і запрошаных святароў здзейсніў закладку памятнай капсулы з граматай у сцены будуемага храма. У свяце прымалі ўдзел кіраўнікі горада і прадпрыемстваў.
Пасля закладкі капсулы мітрапаліт Філарэт павіншаваў прысутных сардэчнымі словамі: “…Новой лампадой” на земле, осененной светочем доброты Божией Матери, да прибудет возводимый храм Господень. Пусть светит прихожанам неугасая!”
Храм у гонар іконы Божай Маці “Збавіцельніца” асвечаны Высокапраасвяшчэннейшым Філарэтам 30 кастрычніка 2004 года, у дзень прастольнага свята.

З 2005 года настаяцелем прыхода ў гонар іконы Божай Маці “Збавіцельніца” служыць протаіерэй Мікалай Цюцюннікаў.
У гэты час на тэрыторыі прыхода будуецца духоўна-асветніцкі цэнтр, у сцены якога 30 кастрычніка 2007 года мітрапаліт Філарэт у саслужэнні настаяцеля прыхода і запрошаных святароў пры ўдзеле кіраўнікоў горада здзейсніў закладку памятнай капсулы з граматай.
У пабудаваным духоўна-асветніцкім цэнтры, асвечаным мітрапалітам Філарэтам 30 кастрычніка 2010 года, размясціліся нядзельная школа, бібліятэка, трапезная, актавая зала і інш.
З 2013 года пачалася рэканструкцыя будынка храма і доўжылася 4 гады. Пашыраны прытвор храма са званіцай, сцены прыбудаванай часткі ўпрыгожаны роспісам.
30 кастрычніка 2017 года прыбудаваную частку храма асвяціў епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін (цяпер Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі).
Сёння храм іконы Божай Маці “Збавіцельніца” – адзін з самых прыгожых і знакавых праваслаўных храмаў Мінскай вобласці. Пабудаваны ў традыцыйным архітэктурным стылі, храм стаў духоўным цэнтрам для жыхароў і паломнікаў, якія прыязджаюць наведаць святую мясціну, пакланіцца цудадзейнай іконе.
Храм іконы Божай Маці “Збавіцельніца” – выдатны прыклад сучаснага праваслаўнага дойлідства, які спалучае традыцыйныя каноны і элементы сучаснай архітэктуры.
Квадратны ў плане выцягнуты па вертыкалі аб’ём малітоўнай залы завершаны цыліндрычным светлавым барабанам пад сферычным купалам.
З франтальнага фасада далучана зграбная па прапорцыях шатровая званіца з макаўкай, з тыльнага – паўкруглая апсіда, па баках – прытворы пад арачнымі пакрыццямі.
Стройны сілуэт мураванага храма ўвянчаны залатымі купаламі. Фасады выкананы ў светлых тонах, дэкарыраваны арачнымі вокнамі і разнымі элементамі, што прыдаюць храму ўрачыстасць і велічнасць.

Надзвычай прыгожае і духоўна глыбокае ўнутранае ўбранства. На сценах – роспісы з выявай евангельскіх сцэн. Абразы, напісаныя таленавітымі майстрамі, эстэтычна аформленыя разнымі драўлянымі ківотамі. Іканастас выкананы ў традыцыйным праваслаўным стылі.
У цэнтры храма – урачыстыя кандэлябры і свячныя стойкі, дзе можна паставіць свечку і засяродзіцца ў ціхай малітве.
Высокія скляпенні і купалы ўпрыгожаныя пазалотай. Вытанчаныя панікадзіла, што запальваюцца ў асабліва ўрачыстыя моманты, сімвалізуюць святло Боскай ласкі і ззянне Нябеснага Царства.

Адчуванне асаблівай атмасферы светлай ціхай радасці надае вернікам мяккае святло, што пранікае праз вітражныя вокны.
Адной з галоўных святынь храма з’яўляецца цудадзейная ікона Божай Маці “Збавіцельніца”, да якой вернікі звяртаюцца з малітвамі, просячы духоўнай падтрымкі, абароны, суцяшэння і вылячэння ад хвароб.
Абраз вылучаецца тонкасцю пісьма і выразнасцю. Лік Божай Маці прасякнуты міласэрнасцю, а Богадзіця Іісус сімвалізуе духоўнае настаўніцтва.

З пакалення ў пакаленне перадаюцца некалькі легенд пра святыню, што надае храму асаблівую атмасферу духоўнай сілы і спрыяе ўзрастанню цікавасці ў шматлікіх турыстаў і паломнікаў.
Па адной з легенд, на месцы цяперашняга храма стаяў невялікі драўляны малітоўны дом. У цяжкі час, калі ў горадзе бушавалі эпідэмія і голад, мясцовыя жыхары маліліся перад старажытным абразом Божай Маці “Збавіцельніца”. Пасля агульнай малітвы бедствы адступілі, а вернікі вырашылі пабудаваць тут царкву ў гонар святога абраза.
Другая легенда распавядае пра выратаванне хлопчыка, які праваліўся на рэчцы пад лёд. Бацькі маліліся перад цудадзейным абразом, прасілі абараніць дзіця, не даць загінуць. У хуткім часе хлопчыка знайшлі жывым, хоць цячэнне магло аднесці яго далёка. З той пары абраз стаў сімвалам надзеі і абароны для многіх вернікаў.
Адно з паданняў сведчыць пра вялікі пажар у гэтай мясцовасці, аднак полымя спынілася перад самым храмам, не пашкодзіўшы святыню. І ў гэтым людзі ўбачылі вялікі знак асаблівага заступніцтва Божай Маці ў гэтай мясціне.

…Штогод 30 кастрычніка вернікі ўшаноўваюць абраз Божай Маці “Збавіцельніцы”. У кастрычніку 2022 года прастольную ўрачыстасць прыхода храма іконы Божай Маці “Збавіцельніца” ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін.
Мітрапаліту Веніяміну саслужылі: сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны Жодзінскай царкоўнай акругі, настаяцель храма святога благавернага князя Дзімітрыя Данскога г. Барысава протаіерэй Сергій Башкіраў; настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці “Збавіцельніца” г. Жодзіна протаіерэй Мікалай Цюцюннікаў; клірык названага прыхода іерэй Фёдар Малееў і клірык храма святога Архангела Міхаіла г. Жодзіна іерэй Віктар Бардзіян.
Пасля заканчэння Літургіі архіпастыр, святары і вернікі здзейснілі хрэсны ход вакол храма і малебныя спевы з акафістам іконе Божай Маці “Збавіцельніца”.

30 кастрычніка 2024 года Жодзінскі прыход храма іконы Божай Маці “Збавіцельніца” адзначыў сваё 20-годдзе. Божую літургію ўзначаліў епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Амвросій у саслужэнні духавенства Жодзіна і Барысава.

Да прастольнага свята для абраза Божай Маці “Збавіцельніца” змайстравалі новы аклад. Уладыка Амвросій асвяціў новаствораную рызу для храмавай іконы і здзейсніў слаўленне Багародзіцы.
Вернікам, якія асабліва пастараліся для развіцця прыхода, уладыка Амвросій уручыў медалі Мар’інагорскай іконы Божай Маці ІІ ступені і архіерэйскія граматы.
Пасля святочнага набажэнства адбыўся хрэсны ход.

Згадаем гісторыю абраза Божай Маці “Збавіцельніца”.
Першапачаткова ікона праславілася цудамі ў Грэцыі і на Афоне. Яна была келейнай іконай старца Марцініяна, грэка і манаха Рускага Панцеляймонавага манастыра.
У пачатку 1841 года старац павінен быў адправіцца з Афона ў Эладу. Ён знаходзіўся ў мястэчку Маўравоні, паблізу Спарты. Жыхары тых мясцін пакутавалі ад страшнага бедства: на іх палі напала саранча. Ніякія меры не дапамагалі. Людзі былі ў адчаі.
Старац Марцініян суперажываў бедству людзей і пераканаў іх папрасіць заступніцтва ў Царыцы Нябеснай. Больш за пяць тысяч чалавек пайшлі за старцам. Ён вынес святую ікону ў поле, і там усе шчыра маліліся перад абразом. Божая Маці цудадзейным чынам пазбавіла людзей ад напасці. Саранча нечакана паднялася і паляцела ў такой колькасці, што засланіла сабою святло сонца. Раптам наляцела мноства птушак і давяршыла знішчэнне саранчы.
У тым жа паселішчы ў гэты час жыў хворы хлопчык па імені Анастасій. Бацькі хлопчыка, стан здароўя якога пагаршаўся, папрасілі святара мясцовай царквы прычасціць дзіця Святых Хрыстовых Тайн.
Сям’я жыла непадалёку ад храма, але святар па нейкай прычыне прыйшоў са спазненнем. Суправаджаў яго старац Марцініян, які нёс перад Святымі Дарамі запаленую свечку. На вялікі жаль, яны не засталі Анастасія жывым.
Глыбокае пакаянне авалодала святаром. Ён папрасіў Марцініяна прынесці ікону Божай Маці і памаліцца за памерлага. Старац здзівіўся такой просьбе, але бачачы веру і пакаянне святара, слёзы бацькоў, дастаў з-пад рызы святую ікону, якую ён насіў на шыі ў спецыяльным футляры, паставіў яе над смяротнай пасцеллю і пачаў маліцца перад іконаю, а таксама папрасіў маліцца і прысутных.
Пасля малітвы старац тройчы перахрысціў іконаю твар хлопчыка, і, на радасць усім, той расплюшчыў вочы. Старац Марцініян прапанаваў святару прычасціць Анастасія Святых Хрыстовых Тайн, і хлопчык выздаравеў.
Чутка пра цудадзейную ікону разнеслася далёка за межы сяла, і да старца пачалі кожны дзень прыходзіць людзі. Мноства цудаў здзяйснялася па веры і малітве да святой іконы, але старцу, які прывык да адзіноты, было вельмі няпроста. Ён вырашыў пакінуць усіх і ўжо знайшоў на беразе мора пячору, але, як аказалася, гэтага не хацелася Божай Маці.
Ноччу старац падчас малітвы пачуў голас, які загадваў яму не ўтойваць дароў Божай ласкі і, пакінуўшы пустэльніцтва, служыць на карысць бліжніх.
Цудаў ад святой іконы здзяйснялася шмат. Справа старца была выканана, і ён павінен быў вярнуцца на Афон. Там святая ікона, якая называлася ўжо “Збавіцельніцай”, стала здабыткам Рускага Панцеляймонавага манастыра, які ў 1889 годзе благаславіў гэтай каштоўнай святыняй Нова-Афонскі Сімона-Кананіцкі манастыр у Абхазіі.
Мноства вылячэнняў было зафіксавана сярод паломнікаў Новага Афона. Напрыклад, газета “Гражданин” ад 2 чэрвеня 1891 года апублікавала афіцыйны акт аб вылечванні трох чалавек. Двое з іх пакутавалі на хваробу ног і ацёкі, у трэцяга на працягу 27 гадоў не працавала і невыносна балела правая рука.
Спісак з цудадзейнай іконы Божай Маці “Збавіцельніца”, створаны афонскімі манахамі, знаходзіўся ў Санкт-Пецярбурзе, у дамавой царкве Марскога шпіталя, і таксама праславіўся цудамі.
Са спраў, што захоўваліся ў архіве царквы, вядома, што ў жніўні 1892 года з благаславення ўладыкі Ісідора (Мікольскага) рабочыя чыгуна-ліцейнага завода бралі ікону на завод для малебна аб пазбаўленні ад смяротнай халернай эпідэміі.
Здарыўся яшчэ адзін цуд. Халера, на якую захварэлі рабочыя суседніх заводаў на Гутуеўскім востраве, абышла рабочых толькі чыгуна-ліцейнага завода, дзе не было ніводнага выпадку захворвання.
У 1893 годзе ўказам Санкт-Пецярбургскай кансісторыі быў дазволены хрэсны ход на названы завод са святою іконаю Божай Маці “Збавіцельніца”, а пазней хрэсны ход быў арганізаваны на Рэзва-Астроўскую мануфактуру Вароніна за пазбаўленне рабочых ад халернай эпідэміі.
Ікона Божай Маці “Збавіцельніца” з хрэсным ходам штогод падымалася (выносілася з храма) на Пуцілаўскі завод, Кацярынагофскую мануфактуру для здзяйснення падзячнага малебна за пазбаўленне ад хвароб.
У 1899 годзе ў Маскве ў імя цудатворнай іконы “Збавіцельніца” асвечаны прастол у дамавой царкве прытулка Маскоўскага таварыства папячэння пра беспрызорных і тых, хто вызваліўся з месцаў заключэння непаўналетніх, у Вялікім Чудоўскім завулку ў Хамоўніках.
Святкаванне іконы Божай Маці “Збавіцельніца” першапачаткова здзяйснялася 4 красавіка (па старым стылі). Пазней агульнацаркоўнае святкаванне іконе Божай Маці “Збавіцельніца” ўстаноўлена 17 кастрычніка (па старым стылі) у связі з цудам выратавання ад гібелі імператара Аляксандра ІІІ і яго сям’і падчас крушэння цягніка на станцыі Боркі.
29 красавіка 1891 года іераманахам Арсеніем быў замоўлены спісак цудадзейнай іконы “Збавіцельніца” і ахвяраваны ў царкву Марскога шпіталя…
Пазбаўленне мясцовасці ад шкодных насякомых, святара – ад вечных пакут за неаказанне своечасовай духоўнай дапамогі хвораму дзіцяці, мноства ацаленняў хворых і іншых цудаў яшчэ раз паказваюць нам міласэрнасць Божай Маці “Збавіцельніцы”.
Праваслаўныя хрысціяне, як некалі богалюбівы старац Марцініян, і цяпер узносяць малітвы да Прасвятой Багародзіцы перад Яе іконай “Збавіцельніца”: “О, Мати Божия, помоще и защита наша, егда попросим, буди избавительнице наша, на Тя бо уповаем и всегда вседушно Тя призываем: умилосердися и помози, пожалей и избави, приклони ухо Твое и наши скорбныя и слезныя молитвы приими, и якоже хощеши, успокой и обрадуй нас, любящих твоего Безначального Сына и Бога нашего. Аминь”.
…З нядаўняга часу храм у гонар іконы Божай Маці “Збавіцельніца” стаў Архіерэйскім падвор’ем. Настаяцелем храма з’яўляецца епіскап Амвросій, ключаром – святар Павел Церашкоў.
Пры храме дзейнічае Праваслаўнае маладзёжнае брацтва, створанае ў гонар святога роўнаапостальнага Мікалая Японскага і заснаванае ў 2011 годзе, якое займаецца акармленнем і праваслаўнай асветай жыхароў горада, захаваннем і распаўсюджваннем праваслаўных традыцый і культуры. Моладзь актыўна ўдзельнічае ў семінарах, хрэсных ходах, разнастайных форумах.
З кожным годам жодзінскі храм іконы Божай Маці “Збавіцельніца” наведвае ўсё большая колькасць вернікаў. І самі прыхаджане актыўна ладзяць паломніцкія паездкі, з цікавасцю наведваюць святыя мясціны беларускай зямлі. А ў родным горадзе іх чакае свая цудадзейная святыня – абраз Божай Маці “Збавіцельніца”, па малітве да Якой надыходзіць і вылячэнне, і пазбаўленне ад душэўных пакут, і радасць ад адчування міласэрнасці і заступніцтва Прасвятой Багародзіцы.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа]. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2007. – 653 с.
Крыніцы
- http://izbavitelnica.by
- http://church.by
- https://borisoveparhia.by
- https://oroik.by
- https://zhodinonews.by
- https://ekskursii.by
- www.pravoslavie-med.ru






