Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Мікалай Сцяпанавіч Мацкевіч нарадзіўся 4 мая 1878 года ў г. Барысаве. Паходзіў з сям’і святароў. Спачатку навучаўся ў Слуцкім духоўным вучылішчы, а пасля паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1899 годзе.
У 1900 годзе Мікалай Мацкевіч пасвечаны ў сан іерэя. Служыў настаяцелем Праабражэнскай царквы сяла Парэчча Амельнянскай воласці Ігуменскага павета.
У 1910 годзе айцец Мікалай прызначаны на пасаду павятовага назіральніка царкоўных школ Барысаўскага павета з прылічэннем звыш штата да Барысаўскага Свята-Уваскрасенскага сабора. Пазней служыў святаром пры Свята-Траецкай царкве вёскі Бродаўка Барысаўскага павета.
Упершыню бацюшку Мікалая арыштавалі ў 1933 годзе і заключылі на адзін месяц у турму.
Пасля вызвалення святар Мікалай Мацкевіч стаў настаяцелем Свята-Андрэеўскай царквы г. Барысава. Яго перамяшчэнне на новае месца тлумачылася тым, што храм у вёсцы Бродаўка закрылі.
Падчас службы ў Барысаве айца Мікалая не раз выклікалі ў мясцовае аддзяленне НКУС, пагражалі арыштам і пасміхаліся з бацюшкі. Аднойчы запатрабавалі, каб святар публічна адрокся ад сану, заявіўшы пра гэта з царкоўнага амбона. Запатрабавалі і, напэўна, чакалі, што так і будзе.
Але айцец Мікалай паступіў інакш. Здзяйсняючы набажэнства на наступны дзень, ён, звяртаючыся да вернікаў, сказаў: «Людзі! Бог ёсць!» Гэтыя словы ён вымавіў з асаблівым акцэнтам, адрасуючы іх перш за ўсё сваім нядаўнім суразмоўцам з НКУС. Пасля гэтага 15 жніўня 1937 года яго арыштавалі.
Іерэй Мікалай Мацкевіч вінаватым сябе ні ў чым не прызнаў і нікога са сваіх вернікаў не абгаварыў. Яго асудзілі на 10 гадоў зняволення ў канцлагеры.
Годна прайшоўшы свой зямны шлях, што і сёння служыць маральным прыкладам для нашчадкаў, айцец Мікалай Мацкевіч з лагера ўжо не вярнуўся, прыняўшы страшэнныя пакуты за Госпада і Спаса нашага Ісуса Хрыста.
28 кастрычніка 1999 года святар Мікалай Мацкевіч кананізаваны Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы як мясцовашануемы святы БПЦ. У жніўні 2000 года для агульнацаркоўнага шанавання далучаны да ліку святых новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх на Юбілейным Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы.
Дні памяці: Сабор Беларускіх святых – Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы; 28 кастрычніка – памяць 23 новапакутнікаў Мінскай епархіі. Памяць і ў Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх.
…Божыя ўгоднікі беларускай зямлі і сёння нябачна моляцца за нас, просячы міру і літасці Гасподняй нашаму краю.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
- https://borisoveparhia.by
- https://www.blagobor.by
- https://borisov-lic.do.am
- https://www.prlib.ru
- http://hramlavrenty-svetoch.narod.ru
- https://drevo-info.ru