19 мая 2021 года ў ДУА “Засульская сярэдняя школа” Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да Дня славянскай пісьменнасці і культуры, якое арганізавана ў межах супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і БПЦ.

У мерапрыемстве бралі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама Ірына Мікалаеўна Язвінская; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) Наталля Вікенцьеўна Паляшчук; дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры (далей – Цэнтр) Зоя Іванаўна Падліпская, спецыяліст Цэнтра Ларыса Іванаўна Пшанічная і настаяцель храма Раства Іаана Прадцечы ў вёсцы Засулле Стаўбцоўскага раёна протаіерэй Іаан Ляшкевіч. Вяла мерапрыемства дырэктар школы Валянціна Іванаўна Кухарчык.

Падчас мерапрыемства Валянціна Іванаўна пазнаёміла прысутных з прыярытэтнымі задачамі ўстановы адукацыі, якую ўзначальвае, а таксама распавяла пра дзейнасць раённага рэсурснага Цэнтра па духоўна-маральным і сямейным выхаванні навучэнцаў, што створаны на базе ДУА “Засульская сярэдняя школа” і асноўнай мэтай дзейнасці якога з’яўляецца абагульненне і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту па накірунках духоўна-маральнага і сямейнага выхавання навучэнцаў на хрысціянскіх каштоўнасцях і традыцыях беларускага народа.

Наталля Вікенцьеўна Паляшчук прадставіла прысутным факсімільныя выданні рарытэтных кніг – гістарычных каштоўнасцей Беларускай Праваслаўнай Царквы: Слуцкага Евангелля, “Жыція Еўфрасінні Полацкай”, “Буквара” Спірыдона Собаля (выданні падрыхтаваны пры ўдзеле мовазнаўцаў НАН Беларусі і ўбачылі свет у выдавецтве Беларускага Экзархата).

Наталля Вікенцьеўна падрабязна расказала гісторыю стварэння помнікаў пісьменнасці, распавяла пра дзейнасць вучоных Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па стварэнні іх факсімільных копій і выказала спадзяванне, што такія кнігі-скарбы будуць садзейнічаць далучэнню маладога пакалення да здабыткаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, развіццю лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі вучняў, фарміраванню ў іх камунікатыўнай, духоўна-маральнай і грамадзянскай культуры.

Дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры Зоя Іванаўна Падліпская пазнаёміла прысутных з дзейнасцю Цэнтра, падрабязна спыніўшыся на кожным з пяці накірункаў: “Праваслаўныя храмы”, “Праваслаўная гісторыя ў асобах”, “Турыстычныя маршруты па святых мясцінах Беларусі”, “З гісторыі ўласнага роду”, “Імёны. Падзеі. Памяць”, і выказала спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва з Засульскай сярэдняй школай, дзе значная ўвага надаецца вывучэнню гісторыі праваслаўя ў роднай мясцовасці. Зоя Іванаўна адзначыла, што гэтаму, без сумневу, спрыяе адноўлены на тым жа падмурку і асвечаны ў 2010 годзе храм Раства Іаана Прадцечы (пабудаваны ў Засуллі ў 18 ст. і разабраны савецкай уладай у 1960-я гг.), а таксама шчырае служэнне Богу і людзям настаяцеля храма протаіерэя Іаана Ляшкевіча.

Спецыяліст Цэнтра Ларыса Іванаўна Пшанічная адзначыла важнасць даследчай і творчай працы, што праводзіцца вучнямі Засульскай сярэдняй школы ў галіне краязнаўства, і ўхваліла дзейнасць школьных аб’яднанняў па інтарэсах; на ўласным прыкладзе, распавёўшы пра даследаванне гісторыі свайго роду да 1720 года, заахвоціла навучэнцаў да вывучэння сямейных радаводаў, звярнуўшы ўвагу на выхаванне павагі да сваёй Айчыны праз вывучэнне гісторыі сваёй сям’і.

Протаіерэй Іаан Ляшкевіч падзякаваў навучэнцам і кіраўніцтву Засульскай сярэдняй школы за важную працу ў галіне праваслаўнага краязнаўства, плённае супрацоўніцтва ўстановы адукацыі і прыхода храма Раства Іаана Прадцечы, выхаванне навучэнцаў у павазе да народных традыцый і веры продкаў.

За руплівую працу на карысць Айчыны протаіерэй Іаан Ляшкевіч, настаяцель храма Раства Іаана Прадцечы ў в. Засулле, і дырэктар Засульскай сярэдняй школы Валянціна Іванаўна Кухарчык узнагароджаны Падзякай Беларускай Праваслаўнай Царквы. Узнагароды ўручыла Зоя Іванаўна Падліпская.


Госці прэзентавалі ў школьную бібліятэку ўласныя кнігі з дарчымі надпісамі.
Завяршылася мерапрыемства цудоўным канцэртам навучэнцаў Засульскай сярэдняй школы, удзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах “Ноткі” (кіраўнік – педагог дадатковай адукацыі Люсьена Валер’еўна Мурзіч) і “Жывое слова” (кіраўнік – педагог дадатковай адукацыі Таццяна Мікалаеўна Гарановіч).

