“МЫ СУМЛЕННА ІШЛІ ПА ЖЫЦЦІ…”: да Дня Перамогі (з успамінаў Ізабэлы Данілеўскай)

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

НАПЯРЭДАДНІ

Чэрвень 1941 года. Пачатак лета быў неверагодна гарачы, здавалася, распаленае сонца па нечай злой волі кожны дзень падымаецца над гарызонтам толькі з адной мэтай – спячы ўсё жывое на гэтай зямлі.

Уладзіслава і Ізабэла Данілеўскія.
Уладзіслава і Ізабэла Данілеўскія.

…У той суботні дзень Мінск купаўся ў пякельных сонечных промнях, а мінчане рыхтаваліся да ўрачыстага адкрыцця штучнага Камсамольскага возера, якое самі ўсенародна стварылі, запрудзіўшы раку Свіслач. Здавалася, усё навокал звычайна, як прынята гаварыць,  – у парадку, і будучая нядзеля абяцала быць вясёлай і бязвоблачнай ва ўсіх адносінах, але невытлумачальная трывога ўжо наклала свой адбітак на твары мінчан, у іх паводзінах адчувалася нейкая напружанасць.  

Мне было ў той час 13 гадоў. Я не магла сябе яшчэ лічыць мінчанкай, бо толькі паўгода таму прыехала з украінскай вёскі ў Мінск. Жыла ў сям’і сваёй сястры, вучылася ў 24-й гарадской школе (тады яна была не на плошчы Свабоды) і ўжо больш-менш нармальна гаварыла па-руску, паступова адвыкаючы ад зносін на ўкраінскай мове. 

Сям’я маёй сястры Уладзіславы складалася з чатырох чалавек: яна, яе муж Юзаф, двухгадовы іх сын Генек і Міця, брат Юзафа. Жылі мы амаль у цэнтры горада на вуліцы Рэвалюцыйнай, дом № 7. Пакой на 20 метраў быў раздзелены лёгкай перагародкай на дзве палавіны, кухні ў кватэры не было, прыхожай таксама. Дом некалі быў манастырскі: тоўстыя мураваныя сцены, скляпеністая столь, невялікія вокны, якія выходзілі ў маленькі, цёмны і глыбокі, як калодзеж, дворык.

Юзаф Забродскі. 1936 г.
Юзаф Забродскі. 1936 г.

Памятаю, вясной усё часцей па вуліцах Мінска пачалі з’яўляцца калоны байцоў, якія маршыравалі пад патрыятычныя песні “Три танкиста”, “…Красная Армия всех сильней”. Здавалася, прыгожа маршыруюць, зладжана спяваюць, але на душы ў людзей  узрастала незразумелая трывога. Нават я, падлетак, адчувала, што набліжаецца нешта страшнае.

Незадоўга да суботы 21 чэрвеня да нас прыйшоў дамкам (на той час так называлі супрацоўніка сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі – каменданта дома) і прынёс процівагазы ў сумках з матэрыі, растлумачыў, як імі карыстацца. На пытанне “навошта гэта патрэбна?” адказаў: “…насельніцтва павінна быць навучана і гатова да ваенных дзеянняў”.

Міця, брат шурына, хацеў пайсці ў суботу са сваёй дзяўчынай Кацярынай у парк “Профінтэрн” (цяпер парк імя Максіма Горкага), на той час адзінае месца адпачынку гараджан, але не атрымалася: парк закрылі, гулянне адмянілі. Увечары да нас зноў зайшоў дамкам і загадаў павесіць на вокны шчыльныя папяровыя маскіровачныя шторы, каб не пранікала святло.

З наступленнем цемры горад агарнула чаканне нечага страшнага і непазбежнага.

Мае родзічы занепакоіліся ўсур’ёз. Юзаф павінен быў заўтра адправіцца ў камандзіроўку, і мы з сястрой заставаліся адны.

Сям’я жыла бедна. Сястра з дзіцем і я былі на ўтрыманні Юзафа, які працаваў шафёрам у камітэце Чырвонага Крыжа. Ні прыпасаў, ні зберажэнняў у нас не было. Толькі некалькі кілаграмаў маннай крупы для дзіцяці і 10 кг цукру, набытага днямі: збіраліся варыць варэнне, усё ж лета на двары. Адчуваючы небяспеку, дарослыя, хутчэй за ўсё раіліся, што купіць заўтра з прадуктаў, у чаканні грозных падзей перажывалі, як зберагчы дзяцей ад голаду.

Мы нават не заўважылі, што вячэрняя змена ў пякарні, якая размяшчалася на першым паверсе дома, не працавала, вентылятары былі выключаны.

Згадваецца той вечар. Шчыльна зачыненыя вокны, у пакоі цёмна і душна, ліпкая, як балотная твань, цішыня і пранізлівае пачуццё трывогі. З цяжкасцю засынаючы, я не ведала, ды і ніхто не ведаў, чым закончыцца апошні мірны дзень. 

МІНСК БАМБЯЦЬ

Прачнуліся мы ад страшнага грукату і выцця сірэны. Страшэнныя раскаты ўзрываў ішлі адзін за другім. Наш дом трашчаў і хістаўся, вокны адчыніліся, шкло павылятала. Моцна плакала дзіця, а мы паўскоквалі ўсе са сваіх ложкаў і не разумелі, што адбываецца. А на вуліцы стаяла сапраўднае пекла. Ужо зусім развіднела: ішла 5-я гадзіна раніцы 22 чэрвеня 1941 года.

Першы налёт быў такі моцны, што цэнтр горада аказаўся вельмі разбураным.

У суседскі трохпавярховы дом на рагу вуліцы Камсамольскай і Рэвалюцыйнай, дзе на першым  паверсе размяшчаўся хлебны магазін, трапіла бомба. Дома не стала. Людзей таксама. Толькі руіны, стоўб пылу, што павольна асядаў на груду друзу і едкі пах гары.

Пачаліся шматлікія пажары.

Непадалёк ад Траецкага прадмесця.
Непадалёк ад Траецкага прадмесця.

Нават сёння, хоць прайшло столькі дзясяткаў гадоў, цяжка выказаць словамі тагачасны стан душы. Здаецца, як цяпер чую спачатку рэзкі, высокі звонкі свіст, які паступова пераходзіць у нізкі рокат, што стварае ўражанне, быццам бомба скіравана і ляціць прама ў цябе.

Галоўнае, быў агульны стан разгубленасці, ніхто з нас паняцця не меў, што такое вайна. За бравадай пра магутнасць нашай Чырвонай Арміі, якая, як мы ўжо ведаем, аказалася непадрыхтаванай да такога развіцця падзей, і паказушнымі мерапрыемствамі па абароне насельніцтва, як тыя прынесеныя процівагазы (на шчасце, яны не спатрэбіліся), аказалася пустата, вакуум. І армія, і народ былі  не гатовы да вайны ў такім выглядзе, як яна пачалася.

Закончыўся першы налёт на горад.

За Юзафам прыйшоў пасыльны, і ён пачаў збірацца. У адпаведнасці з прадпісаннем, вырашыў ісці ў ваенкамат і Міця.

Памятаю акамянелы твар сястры. Шкляныя вочы, якімі яна глядзіць скрозь прадметы. Плач дзіцяці. Мне таксама страшна. Плачу і я.  Страшна яшчэ і за маму. Дзе яна? Як яна без нас? Мама засталася ва Украіне ў роднай сястры, нашай цёткі, бо свайго дома на той час у нас ужо не было…

Бамбёжка часова скончылася. Аднак пачалася паніка. Вуліца нагадвала растрывожаны муравейнік. Сотні людзей некуды беглі. Беглі па адным, беглі сем’ямі, беглі нагружаныя рэчамі ці з пустымі рукамі, беглі галосячы ці моўчкі, сутаргава сціскаючы вусны.

Ніхто з нас тады не ведаў, што гэта толькі пачатак доўгай, жорсткай  і крывапралітнай вайны. І што нам трэба будзе перажыць яшчэ многа падобных бамбёжак, і голад, і холад, і смерць блізкіх, і здзекаванні бязлітаснага ворага.

Нашы мужчыны развіталіся і пайшлі. Пайшлі ў невядомасць. Юзаф абяцаў пры магчымасці заехаць дадому, але так і не заехаў. Мы не ведалі пра яго нічога ўсе ваенныя гады, якія ён прайшоў ад званка да званка. Як пасля даведаліся, Смаленск – Масква – Сталінград, Беларусь, Прыбалтыка і Кёнігсберг. А лёс яго брата Міці склаўся інакш: ён трапіў у армію толькі ў 1944 годзе, спачатку ў штрафны батальён, шмат разоў быў паранены, шмат разоў узнагароджаны, вызваляў Прагу, заканчэнне вайны сустрэў на Далёкім Усходзе, ваюючы з японцамі. Але да гэтага ўсяго яшчэ трэба будзе дажыць.

…Мы з сястрой пачалі збіраць рэчы ў сумку, рыхтавалі ежу дзіцяці. Я наабірала бульбы. Карацей, дзвюхгадзінную перадышку паміж артналётамі мы выкарысталі  не самым лепшым чынам, але зразумелі гэта тады, калі пачаўся другі налёт. Ён быў яшчэ страшнейшы, чым першы. Зямля дрыжала так, што здавалася яшчэ трохі – і яна расколецца напалам.

Сястра крычала, што трэба выбірацца на акраіну горада, дзе бамбіць не павінны.  Закрыўшы ў шафе нешта больш-менш каштоўнае, яна захутала сына ў старую тонкую коўдру і, схапіўшы яго на рукі, кінулася з пакоя. Я таксама схапіла што трапіла пад руку, як пасля аказалася, гэта была сырая абабраная бульба, маё зімовае паліто і процівагаз, і пабегла. Куды? Ды куды ўсе беглі.

Горад я ведала вельмі дрэнна, ды і сястра ў такой абстаноўцы выглядала бездапаможнай. Карацей, беглі мы ад цэнтра да акраіны. Неўзабаве апынуліся ў раёне Старажоўкі, сёння гэта раён вуліцы  Крапоткіна. Тут быў вялікі сквер, як мы даведаліся пазней, яго чамусьці называлі “Сцяпанаў садзік”. У гэтым скверы сабралася шмат такіх, як мы.

Налёты цяпер чаргаваліся бесперапынна, хваля за хваляй. Адна група самалётаў, адбамбіўшыся, вярталася, а на змену ёй налятала другая, наступная.  Здавалася, гарыць увесь горад. Драўляныя дамы на акраінах успыхвалі, як свечкі, і згаралі імгненна. Свіст бомбаў і выццё сірэн не спыняліся ні на хвіліну.

У Сцяпанавым скверы сабралася многа людзей, але ніхто не ведаў, што ж рабіць далей. Непадалёк, прыкладна каля 500 метраў, размяшчаліся вялікія старыя могілкі, дзе раслі агромністыя дрэвы, скрозь якія віднелася царква. Нам здавалася, што гэтыя стогадовыя дрэвы выратуюць і абароняць нас. Вырашылі прабірацца на могілкі. Разважалі проста: навошта немцам бамбіць дрэвы, тым больш на могілках, царкву, яны бамбяць дамы, заводы.

І мы з сястрой зноў пабеглі. На жаль, за намі ніхто не паследаваў. Як пасля аказалася, дарэмна: наступная хваля фашысцкіх сцярвятнікаў закідала бомбамі мірных людзей у гэтым скверы і разбурыла прылеглыя дамы. Пра тое, што Сцяпанаў  сквер вечарам гэтага дня ўяўляў сабою  жахлівую карціну, калі ўсё там было закідана трупамі жанчын, старых і дзяцей, расказала нам маладая жанчына-шафёр па імені Сіма, з якой мы ў гэты дзень яшчэ павінны былі пазнаёміцца.

Мы беглі да могілкавых дрэў, а над намі стаяў несканчоны гул самалётаў і свіст бомбаў. Калі здавалася, што бомба ляціць  прама ў нас, сястра кідалася на зямлю і, закрываючы сваім целам сына, усякі раз крычала ў мой бок: “…калі мяне заб’юць, хапай Генку і бяжы…”. Калі дзесьці ўдалечыні свіст змяняўся ўзрывам, мы ўскоквалі і беглі зноў.

Вось і цагляная агароджа могілак. Але як толькі мы паспелі дабегчы да першых дрэў, нечакана з ценю вырасла фігура  маладога лейтэнанта, які спачатку груба скамандаваў уцякаць адсюль, а пасля стаў пераконваць нас шукаць больш бяспечнае месца. Як аказалася, на могілках размясцілася наша зенітная батарэя, і нямецкія самалёты бамбілі тэрыторыю могілак з асаблівай раз’юшанасцю. Падчас кароткага зацішша лейтэнант параіў нам бегчы да возера, дзе не было ніякіх пабудоў і дзе можна было часова ўкрыцца ў траве і сярод маладых насаджэнняў.

Ад возера да нас было яшчэ метраў пяцьсот, і мы зноў пабеглі. Возера, якое сёння, 22 чэрвеня, павінна было стаць месцам свята ўсіх гараджан, цяпер выглядала пустынным і няўтульным.

На высокім правым беразе Свіслачы сярод зелені садоў віднелася некалькі старых прыватных домікаў. А левы, спадзісты бераг ракі, быў поўнасцю засаджаны маладымі дрэвамі будучага парку, рэдкія кроны якіх ледзь-ледзь выглядалі з густой і высокай травы.

Свіслач і Верхні горад.
Свіслач і Верхні горад.

Мы беглі па нядаўна насыпанай свежай дамбе да моста-плаціны праз Свіслач. Дзіця плакала, хацела піць. Сястра вырашыла, што трэба бегчы да домікаў на правым беразе і прасіць у людзей часовага прыстанішча. Але як толькі мы сталі набліжацца да моста, злева ад насыпу вынырнулі двое ў міліцэйскай форме: “…вы куды, туды нельга, там немец высадзіў дэсант і зараз будзе бой, вы трапіце пад кулі!” Мы пачалі плакаць і прасіць дазволіць нам дабрацца да бліжэйшага доміка, каб схаваць і накарміць дзіця.  Міліцыянеры пашкадавалі нас, сказалі бегчы хутчэй і паабяцалі прыкрыць агнём, а як пачуем першы выстрал, кідацца на зямлю, у траву. Але, дзякаваць Богу, нам удалося дабегчы да першага дома без стральбы. Інфармацыя пра нямецкі дэсант аказалася непацверджанай.

У цэнтры зноў ірваліся бомбы. Горад гарэў, пра што сведчылі то тут, то там хмары чорнага дыму ў небе.

У ДОМІКУ СТАРЫХ

У зусім старэнькім і пахілым доміку жылі дзядуля з бабуляй, і яшчэ ў іх кватаравала маладая жанчына Сіма, якая працавала да вайны шафёрам.

На вялікі жаль, я цяпер ужо не памятаю імёны гаспадароў, але ўсё жыццё мы згадваем іх з вялікай удзячнасцю і цеплынёй.  Якія гэта былі добрыя людзі! Няхай аддзячыць ім Гасподзь за іх дабрыню і міласэрнасць да нас!

Нас прынялі як родных. Дапамаглі хоць неяк супакоіцца і пераадолець шокавы стан, у якім мы знаходзіліся з самай раніцы. Генека пакармілі і паклалі спаць. Нас з сястрой накармілі супам. Мы нарэшце крыху супакоіліся, агледзеліся. Я толькі цяпер заўважыла, што маё зімовае паліто і процівагаз дзесьці згубіліся падчас дарогі, а вось сырая абабраная бульба прайшла са мною ўвесь гэты шлях і захавалася ў цэласці.

Хоць ні сястра, ні я не ўяўлялі нават, што рабіць у падобнай сітуацыі, але пачалі збірацца далей у дарогу. Аднак дзядуля сказаў: “Куды ж вы пойдзеце? Дадому вам нельга, горад бамбяць, і, мабыць, будуць яшчэ доўга бамбіць. Родных і блізкіх у вас тут няма. Немец сюды не прыйдзе, фронт далёка, а бамбіць гэтае месца яму няма патрэбы. Жывіце пакуль у нас”. Карацей, не пусцілі нас дзядуля з бабуляй з хаты, і мы былі вельмі ўдзячныя ім за гэта. 

Вечарам, калі перасталі бамбіць, Уладзя прабралася ў нашу кватэру пакінуць наш новы адрас на выпадак, калі хтосьці нас будзе шукаць, узяць якія-небудзь рэчы і, галоўнае, манныя крупы і цукар, бо малога трэба было нечым карміць.

Што мы елі самі, не ведаю, не памятаю, ведаю і памятаю адно: з той пары пачуццё голаду не пакідала мяне ўсе гады вайны. У тыя страшныя гады акупацыі сярод іншых праблем выжывання, праблема ежы была амаль ці не самай складанай. Магазіны былі разгромлены, разрабаваны і, адпаведна, не працавалі. Грошы адразу страцілі ўсякую каштоўнасць, іх ніхто не браў.

На другі дзень вайны, калі мы звярнуліся да суседкі нашых гаспадароў з просьбаю прадаць дзіцяці трошкі малака, яна заламала цану ў 30 рублёў за літр. Усё, што можна было дастаць, у першую чаргу  прызначалася дзіцяці. Гаспадары, ды і Сіма таксама, дзяліліся з намі, чым маглі.

Тады, у першыя дні вайны, мы чамусьці не задумваліся, што будзе далей і як далей жыць. Думкі працавалі ў адным накірунку: трэба выжыць, нас не пакінуць, наша Чырвоная Армія самая моцная і вораг будзе разбіты, трэба толькі трошкі пацярпець, і ўсё хутка вернецца “на кругі свая”. Канешне, мы тады і ўявіць не маглі, што мяжы ўжо няма, што Брэсцкая крэпасць змагаецца ў акружэнні, што наша армія рассеяна і вораг хутка набліжаецца да Мінска.

Вярнуўшыся з горада, сястра расказала, што Мінск гарыць, насельніцтва спешна пакідае горад у асноўным па Маскоўскай шашы, якая запоўнена нашымі войскамі і тэхнікай. Людзі ідуць пешшу, хто з дзецьмі, старымі, як могуць цягнуць свае няхітрыя пажыткі.   На гэтым шляху няма ніякага парадку, няма нагляду з боку ўлады ці міліцыі. Калі пачынаецца чарговы налёт фашысцкай авіяцыі, шашу бамбяць і  расстрэльваюць з кулямётаў на брыючым палёце. У гэтыя хвіліны пачынаецца пекла, адусюль чуюцца крыкі, стогны, плач, і кроў, кроў, кроў! Калі самалёты адлятаюць, вакол трупы, раскіданыя рэчы, разбітая ваенная тэхніка, і зноў крыкі, плач! Дзеці шукаюць бацькоў, бацькі – дзяцей. Народ зноў падымаецца і рухаецца наперад, на ўсход.

Сястра пераказвала гэта са слоў відавочцаў, было вельмі страшна нават слухаць пра такое.

Да вечара наступнага дня нас знайшла Наста, знаёмая дзяўчына Міці. Яна сустрэла Міцю па дарозе на Бабруйск, куды ён ішоў у пошуках эвакуіраванага туды свайго ваенкамата. Міця прасіў Насту вярнуцца ў горад, адшукаць нас і заставацца з намі.

На наступны, трэці дзень вайны, калі Наста крыху адпачыла ад цяжкай дарогі, мы пачалі раіцца, што рабіць далей. Сястра настойвала ісці на ўсход, нашы гаспадары і Наста гаварылі, што неразумна з дзіцем, не маючы ніякіх сродкаў, адпраўляцца ў невядомую дарогу. Але сястра настояла на сваім, і мы рушылі на ўсход.

Наста пайшла з намі, яны з сястрой па чарзе неслі малога, а я – рэчы. Да абеду мы толькі прайшлі горад і выйшлі на Маскоўскую шашу. І вось тут на свае вочы ўбачылі ўвесь той жах, пра які распавядала сястра. Па дарозе рухалася лавіна ваенных уперамешку з грамадзянскімі. Змучаныя, брудныя, паніклыя. Бачна, што ідуць ужо даўно. Гэта былі тыя, хто эвакуіраваўся з заходніх гарадоў Беларусі.

Прыкладна праз гадзіну мы прыселі на абочыну перадыхнуць, і тут заўважылі ў дзіцяці жар. Хлопчык прасіў вады і плакаў. Побач, метраў за трыста, размяшчаўся нейкі хутар. Вырашылі зайсці папрасіць вады і, калі атрымаецца, памераць тэмпературу ў дзіцяці.

Гаспадыня гасцінна дазволіла прайсці, напаіла вадою дзіця, памералі тэмпературу – аказалася 38,3. Жанчына знайшла неабходную таблетку, і малое заснула.

Наста пайшла “на разведку”, даведацца, пра што гавораць у народзе. Правадное радыё не працавала, ніякіх іншых крыніц, акрамя людскіх чутак, у нас не было. У хуткім часе Наста вярнулася ў прыўзнятым настроі і прынесла, як мы лічылі, вельмі добрую вестку. Людзі гаварылі, што на Беларускі фронт едуць Варашылаў і Будзённы. Вось яны абавязкова спыняць немцаў, навядуць парадак у войсках і адступленне спыніцца. Яны ж героі грамадзянскай вайны, знакамітыя палкаводцы, умеюць ваяваць, кіраваць войскам, яны абавязкова змогуць прынесці перамогу Чырвонай Арміі, думалі мы.

Гэтая навіна неверагодна ўмацавала наш дух. Усё! Мы адназначна вырашылі вярнуцца да нашых старэнькіх гаспадароў.

Позна ўвечары, стомленыя, змучаныя, з хворым дзіцем на руках дабраліся да дома знаёмых дзядулі і бабулі. Гаспадары зноў сустрэлі нас як родных, вельмі ўзрадаваліся нашаму вяртанню. Адразу пачалі лячыць Генека. Бабуля саступіла яму сваё месца на канапе, мы ляглі спаць на падлозе, а яны з дзядулем на печы.

Нягледзячы на страшэнную стомленасць, я доўга не магла заснуць. Перад вачыма плылі карціны сённяшняга дня, Маскоўская шаша…

Што з намі будзе? Як там наша дарагая матулечка ў далёкай Украіне адна, без нас? Дзе знайсці патрэбныя лекі, каб хутчэй паправіўся Генек? Ці хутка Варашылаў з Будзённым пагоняць немцаў? Паступова думалася ўсё цяжэй, карціны перад вачыма расплываліся, і я заснула.

РАЗБУРАНЫ ГОРАД

Наступіла раніца пятага дня вайны. Налёты да гэтага часу практычна завяршыліся, сталі вельмі рэдкімі, але цяпер мы пастаянна чулі водгукі артылерыйскіх залпаў, і гэтыя страшныя гукі няўмольна набліжаліся да горада.

Мы з сястрою вырашылі схадзіць у нашу кватэру і пашукаць у горадзе лякарства для малога і якіх-небудзь прадуктаў.

Стаяла невыносная спёка. Горад быццам вымер, на вуліцах бязлюдна. Ветра не было. Дым ад пажарышчаў плыў у паветры, быццам туман. Моцны пах гары збіваў дыханне.

Вакол былі відаць сляды марадзёрства. Уцалелыя ад бамбёжак магазіны разрабаваныя. Праўда, кватэру нашу не чапалі, ды і што там было браць. Прадуктовы магазін на першым паверсе нашага дома, службовыя дзверы якога выходзілі ў двор, разбілі і разрабавалі. Пустыя паліцы, абрыўкі ўпаковак, некалькі пустых мяшкоў з-пад цукру і ў куце задняй каморкі на падлозе некалькі пачак разнастайных сартоў кавы з цыкорыем. Але кава – не ежа для дзіцяці, і мы пайшлі расчараваныя.

Вырашылі прайсці да другіх магазінаў на вуліцах Леніна і Савецкай. Як я ўжо гаварыла, горад апусцеў. Рэдка дзе можна было ўбачыць прахожага ці невялікую групку вайскоўцаў, што, магчыма, адсталі ад сваёй часці.

Балюча было глядзець на гэтых салдат. Брудныя, галодныя, зняможаныя доўгімі пераходамі, многія раненыя, у павязках, у парваных гімнасцёрках і брудна-жоўтых ад пылу бацінках і абмотках. І толькі вочы палалі гневам і сведчылі пра тое, што гэтыя людзі гатовы змагацца, ды толькі цяпер побач не было тых, хто змог бы іх арганізаваць. Не хапала зброі, боепрыпасаў, харчу.

Улады ў горадзе не было. Як мы пасля даведаліся, улады эвакуіраваліся. Насельніцтвам ніхто не цікавіўся. Хто змог з’ехаць – з’ехаў, каму было куды пайсці – пайшоў. Такія, як мы з сястрой, вымушаны былі застацца ў горадзе.

Горад стаў нейкі чужы, вельмі страшны і халодны, хоць стаяла неймаверная гарачыня. Памятаю, што ў цэнтры горада з тых будынкаў, што стваралі яго знаёмы ўсім воблік, засталіся неразбуранымі каля дзесяці: оперны тэатр, Дом афіцэраў, Дом ураду, Чырвоны касцёл, школа і штаб лётных войскаў, будынак фабрыкі-кухні, праваслаўны храм у Верхнім горадзе, дзе размяшчаўся склад спартыўнага інвентару, прыгожы старажытны будынак побач з Домам афіцэраў, які называлі Домам спецыялістаў, і яшчэ некалькі жылых дамоў. Ацалела вуліца Няміга, некалькі дамоў на Рэвалюцыйнай і Інтэрнацыянальнай.

Мы ішлі па галоўнай вуліцы горада – Савецкай. Па гэтай вуліцы хадзіў трамвай, на ёй размяшчаўся кінатэатр “Зорька”, дзе напярэдадні вайны дэманстравалі кінафільм “Танкер Дербент”. Вялікая афіша гэтай карціны толькі і ўцалела. Кінатэатр згарэў, афіша вісела на адным цвіку ў напаўразбуранай сцяне, гайдалася на лёгкім ветрыку і парыпвала.  З палатна афішы на нас глядзеў Мікалай Кручкоў у ролі капітана, які стаяў за штурвалам і ўсміхаўся  сваёй, такой знаёмай кожнаму з нас, прамяністай, заўзятай усмешкай. Мы доўга стаялі перад афішай і ўспаміналі пра недалёкі мірны час, калі і колькі разоў прыходзілі сюды.  

Крыху пастаяўшы каля афішы, мы ўсё ж паспрабавалі яшчэ раз знайсці астаткі чаго-небудзь з прадуктаў у разрабаваных магазінах ці лекаў у аптэках, але ўсё было дарэмна. І раптам пачулі з заходу гул самалётаў, які нарастаў з кожнай секундай. Чакаючы чарговай бамбёжкі, мы стрымгалоў кінуліся ў бок возера, але самалёты горад больш не бамбілі, яны ішлі далей на ўсход.

Вось пішу я гэтыя радкі і згадваю, як у той момант хацелася есці! Галодныя былі, канешне, усе: і я, і сястра, і Наста, і нашы гаспадары, дзядуля з бабуляй,  – але ўсе мы думалі, як накарміць малога. Генек быў самы бездапаможны з нас, і мы ўсе імкнуліся зменшыць пакуты дзіцяці. 

На гэты раз вярталіся з горада з пустымі рукамі, калі не лічыць трох пачак кавы з цыкорыем.  Сіма дзесьці раздабыла некалькі кілаграмаў крошак ад пячэння, мы гэтыя крошкі залівалі варам і кармілі малога.

А нашы войскі ўсё адступалі і адступалі. Побач з домікам гаспадароў праходзіла Вільнюская шаша, і па ёй усё ішлі і ішлі савецкія байцы. Слёзы засцілалі вочы ад выгляду іх, няшчасных, абяссіленых. А яшчэ горш было ад уласнага бясілля, бо мы не маглі ім нічым дапамагчы. Прадуктаў не было, толькі ваду выносілі на дарогу і давалі салдатам напіцца.

А дзе ж Варашылаў, Будзённы? Гаварылі, што яны выехалі на Беларускі фронт. Так і не дачакаліся мы дапамогі знакамітых палкаводцаў. Відаць, не ў іх прысутнасці ці адсутнасці была справа.

Апошнія байцы, якія праходзілі міма, гаварылі, што немец ужо блізка ад Мінска, але дзе канкрэтна – ніхто не ведае, бо адступаюць асобнымі групамі, часта без камандзіраў, проста ідуць на ўсход, імкнучыся дагнаць сваіх, аб’яднацца з асноўнымі сіламі Чырвонай Арміі. Калі ж пыталіся, дзе наша армія і чаму вораг так хутка наступае, што на шосты дзень вайны ўжо стаіць каля Мінска, у адказ часцей за ўсё байцы маўчалі, апусціўшы вочы ў зямлю або адводзячы позірк.

Некаторыя гаварылі. Гаварылі па-рознаму, але ўсё ў выніку сыходзілася на тым, што пагранічныя сілы Чырвонай Арміі разбіты, рассеяны, что забеспячэнне арміі боепрыпасамі і правіянтам адсутнічае, зброі не хапае, ваеннай тэхнікі няма, а галоўнае, няма дакладнага кіраўніцтва войскамі. Гаварылі, што камандаванне разгубілася,  што яно не было падрыхтавана да такога павароту падзей. А яшчэ гаварылі, што вораг ёсць знутры, што гэта не што іншае, як здрадніцтва. Нельга растлумачыць факты, што наземная тэхніка аказалася ў рамонце, самалёты – без паліва, а войскі ў летніх лагерах – без зброі.

Што мы маглі думаць пра ўсё пачутае? Як на гэта рэагаваць? Як будаваць свае жыццёвыя планы на будучае? Нашы войскі адступаюць, адыходзяць, а значыць, за імі прыйдуць немцы, фашысты, якія ператварылі ў канцлагер палову Еўропы. Як жа доўга будзе адступаць Чырвоная Армія? І што будзе з намі, з усімі, хто вымушаны будзе застацца тут і, міжволі, апынецца на акупаванай тэрыторыі?

Мы былі разгубленыя, бездапаможныя, не было каму нам дапамагчы, а значыць, разлічваць можна было толькі на саміх сябе.

Да вечара шаша зусім апусцела, і неяк раптам навісла незвычайная цішыня, артылерыйская стральба скончылася. Гэта як перад моцнай навальніцай, усё навокал замірае, паветра не рухаецца, не здрыганецца ніводзін лісцік на дрэвах, і толькі гарызонт, што чарнее хмарамі, прадвесціць буру. 

Вось і мы цяпер чакалі нечага грознага з захаду. З гэтым чаканнем немінучай бяды мы і заснулі ў той вечар.

НЕМЦЫ ПРЫЙШЛІ

Раніцай вуліца напоўнілася страшным гулам тэхнікі.  Усе мы імгненна ўскочылі і прыліплі да акна.

Міма нашага дома павольна праплывалі чорныя тушы нямецкіх танкаў з белымі крыжамі на брані. Ад жахлівага рову іх матораў звінела шкло ў вокнах. За імі ішлі вялікія машыны, зацягнутыя брызентавымі тэнтамі, у кузавах сядзелі нямецкія салдаты. За машынамі рухалася незлічоная колькасць матацыклаў, у кожным з якіх сядзела па тры гітлераўцы.

Мінск. Перакрыжаванне сучасных праспекта Незалежнасці і вуліцы Энгельса. Чэрвень, 1941 г.
Мінск. Перакрыжаванне сучасных праспекта Незалежнасці і вуліцы Энгельса. Чэрвень, 1941 г.

Скрозь рокат матораў да нас даляталі п’яныя крыкі, смех і гукі губнога гармоніка. Уразіла тое, што мы не ўбачылі ніводнага пешага нямецкага салдата, усе рухаліся на машынах або матацыклах.

Гэтая плынь да зубоў узброеных захопнікаў ужо каля гадзіны праплывала міма, як раптам у наш двор заехалі і спыніліся трое немцаў на матацыкле з каляскай. На калясцы быў уладкаваны кулямёт.

Той немец, што сядзеў у калясцы, развярнуў кулямёт у бок дома і застаўся ў матацыкле, а двое другіх, моцна выкрыкваючы нешта на незразумелай нам мове, кінуліся да дома. Усіх нас з дома выштурхалі на двор. Сястра чуць паспела ўзяць на рукі соннае дзіця. Дзядуля дрэнна хадзіў, у яго былі хворыя ногі, і немцы выцягнулі яго за рукі.  Яны пра нешта спрабавалі ў нас распытваць, моцна і сярдзіта крычалі, размахваючы аўтаматамі. Мы спалохана глядзелі на нямецкіх салдат і маўчалі. Нават калі б мы нешта і маглі разумець, то адказаць усё роўна не змаглі б, усіх паралізаваў страх.

Гэта былі першыя фашысты, якіх мы маглі добра разгледзець. Пазней, за гады вайны і акупацыі, мы бачылі розных немцаў: і дрэнных, і вельмі дрэнных, і чалавечных, якія праяўлялі да нас спачуванне, і бездапаможных, нямоглых, калі ім збілі пых і прымусілі выбірацца прэч. Але гэта былі першыя, што прыйшлі на нашу зямлю. Выпешчаныя, маладыя і здаровыя, яны выклікалі ў нас сапраўдны жах.

Усе трое рослыя, белабрысыя, мажныя, але, галоўнае, на іх столькі ўсяго было навешана. Мы прывыклі бачыць экіпіроўку нашых байцоў: форма х/б, пілотка, бацінкі з абмоткамі, вінтоўка, скатка шыняля праз плячо, ну, магчыма, яшчэ нейкі падсумак для патронаў, рэдка ў каго каска. А тут – дыхтоўная форма нейкага мышынага колеру, боты, за спінай – нейкі ранец, пакрыты цялячай скурай поўсцю наверх, на бядры – штык, нейкая доўгая круглая жалезная бляшанка на поясе, ззаду прымацавана сапёрная лапатка, усе ў страшных касках і, галоўнае, у кожнага аўтамат, а на поясе па два запасныя магазіны да гэтага аўтамата і пара гранат.   

Матацыкл іх таксама абсталяваны да зубоў, акрамя кулямёта ў калясцы і лапаткі, прамацаванай да борта, на ім было начапляна яшчэ шмат невядомых для нас прадметаў.

Цяпер мы зразумелі, чаму нашы салдаты вымушаны былі адступаць, бо яны нічым не маглі супрацьстаяць гэтай узброенай да зубоў лавіне.  

Пакрычалі, пабегалі вакол дома гэтыя трое немцаў, абшарылі ўсё ўнутры дома і старэнькага хлевушка, нават на гарышча злазілі, а пасля  селі ў свой матацыкл і паехалі па шашы. І ў гэты момант мы сталі сведкамі страшнай карціны, якая і цяпер стаіць перад вачыма.

Побач з домам нашых дзядулі і бабулі, метраў за трыццаць, стаяў суседкі дом. Хто там жыў, я дакладна не ведаю, але дом быў вялікі і дыхтоўны. І вось мы бачым, як з гэтага дома выводзяць дваіх нашых байцоў. Маладзенькія, гадоў па васямнаццаць, нагала паголеныя, відаць, толькі прызваныя ў армію, босыя, у гімнасцёрках без рамянёў, рукі закладзеныя за галаву, у аднаго прамоклая крывёю павязка на галаве, другі валочыць левую нагу. Павялі іх у бок возера два гітлераўцы, пастаянна штурхаючы ў спіну аўтаматамі. За імі на парог выйшла жанчына. Старыя сказалі, што гэта гаспадыня дома. Немцы падвялі салдат да возера, загналі ў ваду і расстралялі ў спіну. Абодва, як падкошаныя, упалі і засталіся там ляжаць. Немцы ж, весела рагочучы, пайшлі прэч.

Мы ўсе завылі ўголас. Сястра з Настай хацелі бегчы да іх, але дзядуля не пусціў.  Немцы маглі вярнуцца, і тады ўжо нічога не выратуе ні сястру, ні Насту.

Вечарам ён прыйшоў з навінамі. Аказалася, што гаспадыня дома выйшла на шашу і пазвала немцаў. Маўляў, у яе ў пограбе хаваюцца два рускія салдаты. Вось тады немцы і пачалі абшарваць дамы паблізу ў пошуках савецкіх байцоў. Да вечара целы расстраляных ляжалі ў вадзе. Як толькі паток немцаў на шашы зменшыўся, а затым і ўвогуле спыніўся, дзядуля з нейкім з суседзяў пахаваў салдат за лодачнай станцыяй.

Пазней, асабліва ў апошні час, я задумваюся над тым, як многа ж было ў тыя гады людскіх лёсаў, так бяздарна паложана на алтар будучай перамогі. Сколькі ж іх, маладых хлопцаў, якія толькі пачыналі жыццё, загінула, як гэтыя двое байцоў. Сколькі трапіла ў палон і загінула там! Сколькі ж тых, хто з-за глупства сваіх камандзіраў гінулі, трапляючы ў акружэнне! Аднак было шмат і такіх выпадкаў, калі ўмелыя камандзіры выводзілі свае часці з акружэння, але яны чамусьці траплялі ў штрафныя батальёны і гінулі там.

Самае дарагое ў чалавека – гэта жыццё, дараванае яму Богам. І ніхто не мае права забіраць гэтае жыццё. Але калі ўжо Айчына твая патрабуе аддаць жыццё сваё за свабоду і незалежнасць, то чаму ніводзін дзяржаўны муж, які прымаў лёсавызначальныя рашэнні, не знайшоў да сённяшняга дня ў сабе сілы пакаяцца за бяздарныя свае дзеянні, што прывялі да неапраўдана высокіх ахвяраў у той Вялікай вайне, у вайне ў Афганістане, у Чарнобыльскай катастрофе, у Чачэнскіх войнах?

У той вечар мы плакалі наўзрыд, слухаючы расказ дзядулі пра пахаванне двух нашых байцоў, пра тое, якія яны худыя і зняможаныя. Відаць, здалёк і доўга яны ішлі, жадаючы дагнаць нашы войскі, і так бясслаўна загінулі з-за здрады чорнай душы.

Але Божы суд справядлівы і няўхільны, і рана ці позна кожнаму будзе па справах яго. Вось і такой подлай душы было аддадзена Богам тое, што яна заслужыла. Як мы пасля даведаліся, у 1942 годзе  ўсю сям’ю гэтай суседкі партызаны “вывезлі”, і дом з той пары стаяў пусты. 

 ГАННА УЛАДЗІСЛАВАЎНА

Ітак, гітлераўскія акупанты ў горадзе. Мы яшчэ не ведаем, што гэта такое – гітлераўская акупацыя. Не ведаем, што рабіць і як сябе паводзіць. А галоўнае, не ведаем, на што жыць і як выжыць.

Нашы дзядуля і бабуля па-ранейшаму нас не адпускалі. Сястра кожны дзень хадзіла ў горад у нашу кватэру і прыносіла свежыя навіны: у горадзе вельмі многа нямецкіх салдат, усім грамадзянскім загадана прайсці рэгістрацыю на прадмет прафесіі і нацыянальнасці.

Дзядуля быў мудры і вопытны чалавек. Ён сказаў сястры: “…не спяшайся, дачка, ісці на гэтую рэгістрацыю, хто ведае, для чаго яна ім патрэбна”. Сястра яго паслухала і не пайшла.

Аднойчы ў адзін са сваіх паходаў да нашага дома, сястра сустрэла знаёмую пажылую жанчыну, Ганну Уладзіславаўну Савіцкую. Яна сядзела на прыступках лесвіцы, што вяла ў нашу кватэру, змучаная, у патрапаным адзенні і са слязьмі на вачах. Да вайны Ганна Уладзіславаўна была хатняй работніцай у сям’і прафесара (прозвішча яго ўжо не памятаю), які жыў на вуліцы Леніна.

Тут я вымушана зрабіць невялікі экскурс у даваенны Мінск.

Вуліца Леніна ў даваенным Мінску – гэта быў мінскі Арбат у мініяцюры. Транспарт па гэтай вуліцы не хадзіў, яна была аддадзена пешаходам. Кароткая, усяго ў два кварталы, але па тых часах вельмі шырокая, уся заасфальтаваная, гэтая вуліца была, скажам, самым прэстыжным месцам жылля. Дамы тут былі ў асноўным трох- і чатырохпавярховыя. На першых паверхах размяшчаліся магазіны, кавярні, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання і некалькі мелкіх кантор. Забудова старая, дарэвалюцыйная, без асаблівых выгод, але кватэры там былі велізарныя, з высачэзнай столлю. На вуглу вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай стаяў будынак выключна прыгожай архітэктуры, у ім размяшчалася гасцініца “Еўропа” і рэстаран з такой жа назвай.  

У доме насупраць у канцы 1938 года сям’я маёй сястры Уладзі атрымала пакой у камунальнай кватэры. Іх падсялілі, папярэдне “ушчыльніўшы”, як гэта тады называлася, сям’ю з чатырох чалавек, якія займалі  трохпакаёвую кватэру.

Маргенштэрны (гэта прозвішча гаспадароў кватэры) на пачатку вельмі моцна супраціўляліся гэтаму падсяленню і нават не дазволілі сястры карыстацца кухняй.

Гэта быў ужо 1939 год, ішла фінская кампанія. Муж сястры быў мабілізаваны ў армію, і яна засталася адна з грудным дзіцем на руках. Гэта быў іх першынец, дзяўчынка нарадзілася ў канцы 1938 года.

Паколькі гатаваць не было дзе, Уладзя купляла абеды ў кухні  рэстарана “Еўропа”. Днём яны былі танныя, да таго ж калі выбраць з меню што-небудзь прасцейшае. На сняданак і вячэру купляла ў кавярні ўжо салодкую каву і булачкі. Гатовую каву можна было разагрэць у электрачайніку ў сваім пакоі. Але галоўным клопатам сястры была хвароба дзіцяці. Дзяўчынка ўвесь час хварэла і ў хуткім часе памерла.

Менавіта ў гэты час, складаны для маёй сястры ва ўсіх адносінах, ёй прыйшла на дапамогу Ганна Уладзіславаўна. Кватэра яе гаспадара, прафесара, знаходзілася на адной пляцоўцы лесвічнай клеткі. Жанчыны пасябравалі.

Акрамя таго, Ганна Уладзіславаўна была, я сказала б, ангельскай душы чалавекам. Яна была выдатным кулінарам, цудоўнай гаспадыняй, многаму навучыла сястру і ў многім ёй дапамагала, увогуле замяніла ёй маці.

Разбураная гасцініца “Еўропа” на вуглу сучасных Леніна і Інтэрнацыянальнай.
Разбураная гасцініца “Еўропа” на вуглу сучасных Леніна і Інтэрнацыянальнай.

Са смерцю дзіцяці адносіны Маргенштэрнаў да сястры рэзка змяніліся, яны пасябравалі з ёю, у многім сталі дапамагаць і лепш ставіцца да яе.  Калі ж шурын вярнуўся з вайны і яму далі кватэру на вуліцы Рэвалюцыйнай, з Маргенштэрнамі расставаліся, як з лепшымі сябрамі і ў будучым падтрымлівалі добрыя адносіны.

І вось, лёс зноў звёў Ганну Уладзіславаўну з сястрой, але ўжо зусім у іншых абставінах. Няма больш вуліцы Леніна, уся яна ў развалінах, няма больш гасцініцы “Еўропа” – адна велізарная куча бітай цэглы, няма таго мірнага і размеранага, хаця і напоўненага цяжкасцямі і праблемамі, жыцця.

Канешне ж, Ганна Уладзіславаўна засталася з намі. З той ваеннай пары яна заўсёды жыла з намі, да самай смерці ў 1961 годзе. Гэта была вельмі інтэлігентная, мудрая і добрая жанчына. У гады вайны і, асабліва, у той страшны перыяд акупацыі, яна замяніла нам з сястрой маці.

 МІЦЯ ВЯРНУЎСЯ

Аднойчы Уладзя прынесла з горада вестку, што горад наваднілі тыя бежанцы, якія тыдзень таму спрабавалі пайсці пешшу на ўсход, іх немцы прыгналі назад, каго з-пад Барысава або Крупак, каго з-пад Асіповіч або Бабруйска.

Вяртанне бежанцаў у горад. Мінск. Ліпень, 1941 г.
Вяртанне бежанцаў у горад. Мінск. Ліпень, 1941 г.

Вечарам таго ж дня нас знайшоў у доміку старых брат шурына Міця. Так ён і не змог дагнаць свой ваенкамат і не адна з воінскіх часцей, што адступала, яго не ўзяла. Зброі не хапала самім вайскоўцам і браць на сябе клопат, выводзячы з акружэння яшчэ і грамадзянскіх асобаў, яны не хацелі.  

Прайшоўшы Бабруйск, ён рухаўся ў бок Магілёва, калі немцы, зрабіўшы абходны манеўр, аказаліся наперадзе лавіны бежанцаў і асобных груп  нашых войск, якія адступалі на ўсход. Астатняе апісваць са слоў Міці вельмі цяжка. Загінулі тысячы ні ў чым непавінных людзей. У рэшце рэшт, тых, хто ацалеў, прыгналі ў Мінск, як скаціну. Увогуле, Міцю цудам удалося застацца жывым.

Нас стала вельмі многа ў маленькім доміку нашых гаспадароў, і мы вырашылі вярнуцца ў сваю кватэру. Але раніцай наступнага дня пачаліся павальныя аблавы. Усіх мужчын прызыўнога ўзросту, годных да службы ў арміі, вылаўлівалі і адпраўлялі ў лагер, які знаходзіўся паміж прыгараднымі вёскамі Масюкоўшчына і Дразды. Міця апынуўся ў гэтым лагеры. Туды ж зганялі і калоны нашых ваеннапалонных. Пазней вайскоўцаў аддзялілі ад грамадзянскіх, і атрымалася як бы два  лагеры. Людзей трымалі за калючым дротам пад адкрытым небам, спалі яны на голай зямлі і ў спякоту, і ў холад, і ў дождж. Есці ім не давалі зусім, выжывалі за кошт таго, што прыносілі людзі.

Канцэнтрацыйны лагер савецкіх ваеннапалонных “шталаг-352” ў Масюкоўшчыне. 1941 г.
Канцэнтрацыйны лагер савецкіх ваеннапалонных “шталаг-352” ў Масюкоўшчыне. 1941 г.

Сястра рэгулярна хадзіла ў гэты лагер, як і многія мінчане, насіла, што магла з прадуктаў, бялізну, адзенне, цёплыя рэчы. Кожны мінчанін лічыў сваім абавязкам хоць як-небудзь дапамагчы нашым няшчасным мужчынам.

Мемарыял у Масюкоўшчыне.
Мемарыял у Масюкоўшчыне.

Я ўжо не памятаю, колькі гэта працягвалася, месяц ці больш, але калі пачаліся павальныя хваробы, грамадзянскіх разагналі, вайскоўцаў, хто быў яшчэ здаравейшы, некуды вывезлі, а астатніх расстралялі. Гэта была адна з трагедый тых ваенных гадоў. І сёння, калі вы выязджаеце з горада ў бок Ждановіч, побач з шашой у раёне Масюкоўшчыны, стаіць помнік і гарыць Вечны агонь. Гэты помнік  – наша памяць і боль за душы забітых тут салдат і закатаваных бязвінных людзей. Праходзячы, праязджаючы – пакланіцеся гэтаму месцу!

Надпіс на помніку.
Надпіс на помніку.

Калі Міця вярнуўся з лагера, гэта быў хадзячы шкілет, на яго нельга было глядзець, гэта выклікала фізічны боль. Але мы радаваліся, што ён выжыў, адно гэта ўжо лічылася шчасцем.

Са з’яўленнем Міці мы вярнуліся назад у сваю кватэру і пачалі ўладкоўваць там побыт. Канешне, развітанне з гаспадарамі, дзядулем і бабуляй, было вельмі цёплае. За гэты каротны час мы сталі адзін другому блізкія і нават родныя. Развітваючыся, усе плакалі. Нашу ўдзячнасць ім немагчыма было вымераць, выказаць яе можна было толькі словамі і слязьмі.  

Калі мы вярталіся да сябе, я звярнула ўвагу, што шмат людзей некуды пераязджаюць. Стваралася ўражанне, што ўвесь горад у адзін дзень вырашыў некуды перасяліцца. Усе везлі рэчы, мэблю, вузлы, чамаданы, везлі на павозках, дзіцячых калясках і самых розных тачках. Мы пачалі распытваць, куды ўсе гэтыя людзі пераязджаюць. Аказалася, што немцы аддалі загад, у адпаведнасці з якім усе яўрэі павінны перасяліцца ў адзін раён. Яго пачалі называць яўрэйскім гета.  Мы не маглі зразумець, навошта гэта патрэбна. Ніхто з нас тады нават уявіць сабе не мог, што гэта быў першы крок да масавага знішчэння яўрэяў.

Яўрэйскае гета было арганізавана немцамі ў старым раёне горада. У яго склад уваходзіла вуліца Няміга і некалькі вуліц у заходнім накірунку ад яе, тут захаваліся пасля бамбёжак асобныя жылыя дамы.

Вуліца Няміга – самая старажытная частка горада. Вузкая вуліца-брукаванка з маленькімі старымі домікамі, у асноўным двух- і трохпавярховымі. Адзін бок гэтай вуліцы застаўся “вольны”, другі ж быў адгароджаны калючым дротам і з’яўляўся ўжо тэрыторыяй гета. У плоце з калючага дроту было зроблена некалькі праходаў, “брамак”, сам плот быў вышынёй каля двух метраў.

Адной з такіх брамак, праходам № 8, было дазволена карыстацца жыхарам прылеглых дамоў, каб хадзіць па ваду, таму што бліжэйшая  ад нашага дома водазаборная калонка знаходзілася на тэрыторыі гета, а наш дом па вуліцы Рэвалюцыйнай размяшчаўся не далей, чым за сто метраў ад Нямігі. 

У суседняй кватэры, дзе да вайны жыла яўрэйская сям’я, мы засталі іх родзічаў, якія вывозілі ў гета рэчы эвакуіраваных гаспадароў. Грузілі на тачку ўсё, што маглі завезці. Прапаноўвалі нам купіць што-небудзь, але калі даведаліся, што ў нас нічога няма і што мы галадаем з дзіцем на руках, то аддалі нам хлапчуковыя рэчы, у асноўным адзенне, хоць яно было хлопчыку яшчэ нападрост. Памятаю, што пакінулі нам вялікую шафу з люстэркам, таму што не маглі вывезці яе на тачцы. Яны прапанавалі нам заняць кватэру іх родзічаў з тым, каб пасля вяртання гаспадароў яе вызваліць. Маўляў, калі ўселіцца нехта чужы, з вуліцы, то пасля з вяртаннем могуць быць праблемы.

Ад’язджаючы ў гета, яны развітваліся так, як быццам ведалі, што больш ніколі нас не ўбачаць. Няшчасныя! За якія грахі Гасподзь угатаваў ім такі лёс?! Але тады мы не маглі нават здагадвацца, што чакае гэтых няшчасных яўрэяў.     

Мы паслухаліся іх парады. Сястра з сынам, я і Ганна Уладзіславаўна размясціліся ў двухпакаёвай кватэры суседзяў, а Міця застаўся ў нашым пакоі. Ён усё безвынікова шукаў сваю нявесту Кацю, таму часта і надоўга сыходзіў з дому, але нам пасля яго вяртання ўсё-роўна было спакайней, усё ж у доме з намі быў мужчына.

Парадныя дзверы, якія выходзілі на першым паверсе на вуліцу, мы зачынялі на масіўную завалу, якую трэба было кожны раз адчыняць, калі прыходзілі немцы. А прыходзілі яны часта, правяралі дакументы, аглядвалі жыллё, бо знаходзіліся мы практычна ў цэнтры горада. Кожны прыход такога “кантролю” суправаджаўся шумам, гучнымі і злоснымі крыкамі, незразумелымі камандамі. Праўда, насілля немцы не чынілі, магчыма, іх стрымлівала прысутнасць пажылой жанчыны і дзіцяці.

А Генек наш быў вельмі прыгожы, як анёлачак! Бедненькі, як ён усё разумеў! Плакаць нельга – немцы пачуюць, прасіць есці – нельга, усё роўна нічога няма, а калі нешта будзе – мама сама дасць. Міця з сястрой пастаянна хадзілі ў напрамку гарадскіх ваколіц і блізкіх вёсак у пошуках чаго-небудзь з ежы, каб што-небудзь дастаць ці абмяняць на харчы.

Тыя, хто ўдзельнічаў у рабаванні магазінаў і прадуктовых складоў, цяпер прадавалі прадукты за неверагодны кошт ці мянялі на дыхтоўныя рэчы. Грошай у нас не было, ды і рэчаў добрых  – таксама. Адна надзея была на тое, што Міця ўмеў сапожнічаць, і стаў гэтым трохі зарабляць.

Памятаю адно: я заўсёды была галодная, мне заўсёды хацелася есці, і душа балела, што няма чым карміць малога.

ШУРА

Быў канец жніўня 1941 года, надыходзіла восень. У той час мы дзіця на вуліцу гуляць не вадзілі, бо там здаралася рознае, бывалі і перастрэлкі. Па маставых групамі хадзілі нямецкія салдаты, і што ім магло прыйсці ў галаву  – аднаму Богу вядома. Можна было трапіцца на вочы якому-небудзь п’янаму немцу, а можна было трапіць і пад шалёную кулю. Шчыра скажу: мы вельмі баяліся гэтых крыклівых немцаў.

Таму прагулкі Генека заключаліся ў тым, што мы з сястрой спускаліся ўніз, адчынялі парадныя дзверы і трымалі малога на свежым паветры, гатовыя ў любы момант зачыніць іх на прыгатаваную завалу.

І вось аднойчы вечарам мы з сястрой як звычайна “выгульвалі” малога, як убачылі маладую жанчыну, што ішла па нашай вуліцы. Выглядала яна вельмі стомленай, побач з ёю семяніў, трымаючыся за падол падранага сарафана, хлопчык гадоў чатырох, а на руках яна несла дзяўчынку прыкладна гадоў двух, якая бяссільна паклала галоўку на плячо мамы і ціхенька хныкала.

Гэтая карціна змардаванай маці са спакутаванымі дзецьмі магла расчуліць, магчыма, і самога Ірада. Сарафан на жанчыне быў зусім падраны неяк палосамі і абы-як зашыты каляровымі ніткамі. Твар шэры, схуднелы, з нейкімі шклянымі, халоднымі, і здавалася, безуважнымі да ўсяго, вачыма. Галоўка дзяўчынкі бездапаможна абвісла на мацярынскім плячы, а хлопчык цяжка перасоўваючы ножкі, ішоў за мамай і плакаў, знясілены голадам.

 І вось, калі жанчына параўнялася з намі, сястра раптам як закрычыць: “Шура! Шура!” Жанчына спынілася, прытулілася да сценкі дома і павольна, слізгаючы спінай па тынкоўцы, асела на зямлю.

Мы кінуліся да яе і дзяцей. Яна сядзела і ўсміхалася, вочы яе зацягнуліся слязьмі. Мы паднялі яе, сталі абдымацца і цалаваць адна другую. Дзеці не разумелі, што адбываецца, глядзелі на нас здзіўленымі вочкамі. А мы ўсё плакалі і плакалі, наперабой крычалі: “Шурачка! Сястрычка! Як жа ты тут апынулася?!”

Канешне ж, усе пайшлі ў кватэру, пачалі мыць і карміць, чым маглі, дзяцей, і ўсе чакалі, калі ж нарэшце Шура, наша па бацьку стрыечная сястра, раскажа нам сваю гісторыю. Калі ўклалі дзяцей спаць, размясціліся самі. Шуру з дзецьмі пасялілі ў наш пакой, там было два ложкі, а Міця размясціўся на канапе. Шура, хоць і вельмі стомленая, расказала нам пра ўсё, што ёй прыйшлося перажыць за гэты час.

Муж Шуры, Мікалай Краўцоў, служыў афіцэрам сувязі ў пагранічных войсках, і жылі яны ў гарнізоне крэпасці Асавец, што размяшчалася прама на мяжы з Польшчай, што, як вядома, была ўжо тады акупавана гітлераўцамі.  

Таму ўжо ў першыя гадзіны вайны іх гарнізон трапіў пад масіраваную атаку і з зямлі, і з паветра. Мікалай ледзь паспеў пасадзіць Шуру з дзецьмі, Юрам і Міраславай (мы звалі яе Мірай), у цягнік, што адыходзіў з дзецьмі і жонкамі пагранічнікаў. Цягнік адышоў, і больш яны ў жыцці ні разу не сустрэліся.

Мікалай загінуў, хаця ўвесь час пасля вайны яго лічылі прапаўшым без вестак. Шура да апошніх дзён свайго жыцця берагла памяць пра загінулага мужа і больш замуж не выйшла, хоць была прыгожай жанчынай і ў прыхільніках недахопу не мела.

Стройная, высокая, чарнявая, з кучаравымі валасамі, чароўнай усмешкай, пры якой на шчацэ праступала мілая ямачка, вельмі добры і спагадлівы чалавек, прыгожая пявунья і любімы сябра любой кампаніі,  добрая і клапатлівая маці, чалавек незвычайна сціплы і ў той жа час з высокім пачуццём уласнай годнасці. Такая была наша сястра Шура, хаця тут я прывяла яе такі партрэт, якой ведала яе сама будучы ўжо дарослай жанчынай.

У той вечар сястра распавяла нам сваю гісторыю. Цягнік змог ад’ехаць зусім недалёка, як нямецкія самалёты разбамбілі іх састаў. Шчасце было ўжо ў тым, што Шура з дзецьмі засталіся жывыя пасля той бамбёжкі. Усе яе рэчы і прыпасы згарэлі разам з цягніком. Нічога не заставалася, як рухацца на ўсход пешшу. Гэта быў знясільваючы і небяспечны шлях.

Ісці па вялікіх магістральных дарогах  было вельмі небяспечна, яны пастаянна падвяргаліся бамбёжкам і былі забітыя войскамі, тэхнікай і бежанцамі. Гэта Шура зразумела адразу, і таму старалася знаходзіць шлях у абход вялікіх дарог, таму рухаліся яны з-за гэтага значна павольней.

Свет не без добрых людзей, і такія людзі шчыра дапамагалі Шуры, дзе пакормяць, дзе абагрэюць, дзе вопратку якой-небудзь аддадуць. Бывала, што армейцы нашы падвозілі крыху, але з такой удачай ім пашчасціла ўсяго два разы. Дзесьці недалёка ад Баранавічаў дзеткі Шурыны захварэлі, прастудзіліся. Добрыя людзі ў нейкай маленькай лясной вёсачцы прытулілі і каля двух тыдняў дапамагалі лячыць іх.

Больш за два месяцы доўжыўся гэты шлях, які знясільваў падарожнікаў фізічна,  і быў страшны ў маральна-псіхалагічным плане тымі жахлівымі падзеямі, што адбываліся вакол безабароннай жанчыны з дзвюма малюткамі на руках.

Калі Шура дабралася да Мінска, яна раптам адзначыла для сябе, што дакладнага адраса нашага не памятае. Увесь час гэтага кашмарнага шляху пра такую дробязь неяк не думалася, адзінаю і, здавалася, недасягальнай мэтай было – дайсці да Мінска. І вось цяпер сярод руін на дзевяць дзясятых разбуранага Мінска, ад чаго ён стаў непазнавальны, Шура пакутліва намагалася ўспомніць наш адрас.

“Вуліца, здаецца, Рэвалюцыйная…” – успамінала яна, “але які ж дом?.. які ж дом?..” Раптам памяць прарэзала маланкай: “у нумары дома, здаецца, была лічба 7”. І Шура, знайшоўшы з вялікімі цяжкасцямі патрэбную вуліцу, вырашыла абысці ўсе дамы з лічбай 7. У 27-м і 17-м дамах яна пабывала, там ёй сказалі, што ніхто падобны тут не жыў да вайны. Заставалася апошняя надзея – дом № 7.

Быў позні вечар. Наперадзе – ноч. Калі ў доме пад нумарам 7 яна нас не знойдзе, што ж рабіць? Дзе шукаць? Вакол руіны, а ў ацалелых дамах – чужыя людзі, у якіх, відаць, прыйдзецца прасіць прытулку. Дзеці неймаверна знясілены і сама Шура смяротна стамілася.   Наперадзе халодныя ночы, а вопратка на ўсіх летняя і парваная ў нялёгкай дарозе. Паркалёвы сарафанчык на Шуры – тройчы сшытыя палоскі прарванай тканіны.

І раптам, о цуд! Шчасце! Такая нечаканая сустрэча! Уладзя пазнае ў зняможанай жанчыне з двума дзеткамі нашу сястру Шуру!

Нягледзячы на трагізм цяперашніх падзей, нягледзячы на тое, што  з усімі намі адбылося самае страшнае – вайна, мы ў тыя імгненні, у тыя часы, у той незабыўны вечар адчувалі сябе па-сапраўднаму шчаслівымі. Мы сустрэліся! Мы разам! Мы будзем разам, хай нават у агульным горы.

СМЕРЦЬ ГЕНЕКА  

Эйфарыя хутка прайшла, а шчасце было імгненным. Ужо на раніцу новая бяда чакала нас. Дзеці Шуры захварэлі. Па сімптомах падазравалі адзёр. А цераз суткі захварэў і Генек.

Наш стан быў на мяжы панікі. Што рабіць? Чым лячыць? Медыкаментаў няма практычна ніякіх. Дзе знайсці ўрача?

Уладзя і Міця ў пошуках доктара і лякарстваў абабеглі ўсе суседнія дамы і кватэры, дзе яшчэ жылі людзі. Нічога не знайшлі, акрамя некалькіх таблетак аспірыну і звестак пра тое, што ў яўрэйскім гета ўжо дзейнічае паліклініка. Але як туды трапіць? У раён гета нікога не пускаюць, хіба што толькі набраць вады ў бліжэйшай водакалонцы.

Паліцаі патрулявалі раён гета па ўсім перыметры, у тым ліку і ўздоўж драцяной агароджы па вуліцы Няміга. Падыходзіць да агароджы забаранялася, маглі страляць без папярэджання, таму Шура пайшла з вёдрамі, быццам па ваду, і завяла размову з паліцаем. Яна старалася патлумачыць яму, што неабходна знайсці ўрачэбную дапамогу, што пачалася эпідэмія адзёру, што захварэла ўжо трое дзяцей і прасіла аб тым, каб з паліклінікі ў гета было дазволена запрасіць урача.

Я не ведаю, што прымусіла паліцая нам дапамагчы, ці то слёзныя просьбы Шуры, ці то боязь эпідэміі, а можа быць проста гэта быў чалавек, у душы якога не ўсё ачарсцвела, але ён не толькі сказаў Шуры адрас паліклінікі ў гета і дазволіў туды прайсці, але і даў праважатага, каб той правёў яе да месца.

Дзіцячым урачом у паліклініцы аказалася пажылая жанчына, прафесар. Як жа яна ўзрадавалася таму, што яшчэ некаму патрэбна яе дапамога! Імгненна сабрала якія былі медыкаменты, і паліцай праводзіў яе да нашага дома.

Аглядзеўшы дзяцей, урач пацвердзіла нашы страхі па дыягназу – адзёр.  У Шурыных дзяцей хвароба працякала ў лёгкай форме, а вось у Генека – у вельмі цяжкай. Прычым становішча ў яго ўскладніла дыспепсія. Неабходны былі спецыяльныя медыкаменты і спецыяльнае харчаванне. А дзе іх было ўзяць? Рабілі ўсё, што было ў нашых сілах, але хвароба праграсавала.

Урач прыходзіла да нас яшчэ раз, і зноў паўтарала, што Генеку неабходна спецыяльнае лячэнне, пажадана ў стацыянары, але, зразумела, такой магчымасці тады не было. Неабходныя лякарствы таксама дастаць не маглі.

 Мы шукалі магчымасць чым-небудзь аддзячыць доктара, але чым мы маглі яе аддзячыць?! Нават ад тых, вельмі сціплых нашых прапаноў, якія мы спрабавалі зрабіць, яна катэгарычна адмовілася.  “А калі б мне ці маім дзецям патрэбна была ваша дапамога, ці ж бы вы мне адмовілі?” – так яна адказала нам.

І вось такія цудоўныя ва ўсіх адносінах людзі, добрыя, спагадлівыя, прыстойныя, бескарыслівыя, многія з іх выдатныя прафесіяналы сваёй справы, павінны былі быць фізічна знішчаны толькі таму, што яны – яўрэі! За што?! Што яны дрэннага зрабілі?! Гэтыя і другія пытанні мы маглі задаваць толькі самі сабе. Фашысцкія нелюдзі не збіраліся ні тлумачыць свету, ні апраўдваць нечым сваю зверскую палітыку ў адносінах да другіх народаў, яны плоста слепа выконвалі волю свайго апантанага фюрэра.

Значна пазней, ужо ў сталыя гады, я часта задавала сабе пытанне: як мог народ, які даў свету Гётэ і Шылера, Гейнэ і Баха ператварыцца ў сляпы, бяздушны інструмент, што прыносіў насілле і смерць другім народам, у руках аднаго дэмагога і авантурыста?  Божа, як жа мы ненавідзелі гэтых нацыстаў!

Як многа добрых спраў магла б зрабіць гэта жанчына-ўрач! Сколькі б людзям яна магла б вярнуць здароўе! Лёс яе нам невядомы, але хутчэй за ўсё яна загінула праз два гады, калі гета было знішчана, а можа і раней.

Нягледзячы на ўсе нашы намаганні, Генек – любімае наша дзіцятка, наш анёлачак – праз дзесяць дзён памёр. Гэта быў страшны ўдар для Уладзіславы, бо ўжо другое яе дзіця памірае ў маленстве. Яна замкнулася ў сабе і доўгі час ні з кім не размаўляла. Мы ўсе разумелі яе стан і як мага стараліся дапамагчы ёй перанесці страшэнны боль і гора страты.

Уладзіслаў, Ванда, Уладзіслава і Юзаф Забродскія. 1966 г.
Уладзіслаў, Ванда, Уладзіслава і Юзаф Забродскія. 1966 г.

Значна пазней, ужо ў мірны пасляваенны час, калі Уладзя стала маці яшчэ дваіх дзяцей, яна дзялілася са мной і Шурай успамінамі пра тагачасныя свае пакуты і боль. Уладзя прызналася, што яе раздзіралі супярэчлівыя думкі і пачуцці: з аднаго боку яна вінаваціла Шуру, маўляў, па яе віне хвароба прыйшла ў іх дом, а з другога боку яна любіла сваю сястру і яе дзяцей і разумела, што мы ўсе павінны былі быць у гэты грозны час разам.

Аляксандра (Шура) Данілеўская з дачкой Мірай і сынам Юрам. 1956 г.
Аляксандра (Шура) Данілеўская з дачкой Мірай і сынам Юрам. 1956 г.

Час – вялікі лекар, і паступова Уладзя змагла прыглушыць у сабе боль і горыч страты. Цяпер усю сваю любоў і клопат яна перанесла на Шурыных дзетак. Мы ўсе іх вельмі любілі, а галоўнай іх нянькай і выхавальніцай стала Ганна Уладзіславаўна.

У будучым так склаўся лёс, што Ганна Уладзіславаўна да канца сваіх дзён будзе побач з Шурай. Яна ўкладзе ўсю сваю душу, увесь свой талент у выхаванне Шурыных дзяцей, і дзеці, хоць лёс пазбавіў іх з дзяцінства бацькі, вырастуць годнымі, паважанымі людзьмі. Але гэта будзе далёкае заўтра.

А цяпер Юрык і Міра толькі пачалі папраўляцца пасля хваробы. Перад дарослымі стаяла адно і тое ж пытанне, адна праблема: як выжыць у гэтым пекле, як абмежаваць дзяцей ад усяго таго, што прынесла вайна, як, нарэшце, іх накарміць.

У Шуры быў яшчэ адзін адрас  у Мінску, дзе яна магла разлічваць на якую-небудзь дапамогу і падтрымку. Гэта быў адрас знаёмай Шуры жонкі аднаго з афіцэраў іх гарнізона ў Асаўцы. Звалі яе неяк дзіўна – Кіма, а вось прозвішча я, на жаль, не памятаю. Жыла яна на акраіне горада, на вуліцы Талстога, гэта на захад ад чыгуначнага вакзала.

Сустрэча адбылася. Жанчыны сустрэліся як родныя сёстры. У Кімы не было дзяцей, і яна змагла дабрацца да Мінска значна раней. Жыла яна з сястрой Валяй, па спецыяльнасці тая была парыкмахерам, і ў апошні час усё шукала сабе працу, у надзеі гэтым пракарміцца.  Валя чамусьці запэўнівала, што можа знайсці што-небудзь і для Шуры, як аказалася, яна мела на гэта ўсе падставы.

Як стала вядома маім сёстрам пазней, Кіма і Валя ўжо тады мелі сувязь з людзьмі, пакінутымі ў тыле для арганізацыі партызанскага руху. Яны, безумоўна, стараліся выкарыстаць любую магчымасць далучыць да будучай падпольнай работы тых, каму можна давяраць, а Шура была жонкай афіцэра, якога Кіма добра ведала і давярала яму.  Акрамя таго Шуры патрэбна была дапамога, бо трэба ж было нейкім чынам карміць сваіх дзяцей.

ПЯКАРНЯ

А тым часам пад намі, на першым паверсе, аднавіла працу былая гарадская пякарня і хлебны пах пастаянна ўзмацняў пачуццё голаду. Гэта было невыноснай пакутай, асабліва для дзяцей. Дарослыя цярпелі, але дзеці! Як жа балюча было глядзець на іх!

Юрык, як толькі паправіўся і пачаў выходзіць на вуліцу, ішоў на двор, станавіўся тварам да вентылятара і прагна ўдыхаў пахі пякарні. Бедны хлопчык, ён казаў: “Я іду снедаць…”

Пякарня была ваеннай, відаць, выпякала хлеб для сваіх воінскіх часцей, таму што працавалі ў пякарні толькі нямецкія салдаты. Хутчэй за ўсё яны мяняліся, адны часта сыходзілі, другія прыходзілі, таму што часам іх работа перапынялася, а пасля зноў аднаўлялася.

Аднойчы, у час аднаго з Юрыных “сняданкаў”, яго заўважыў праз акно немец і стаў з хлопчыкам пра нешта гаварыць. Юрка быў сапраўды прыгожым хлопчыкам, блакітнавокі бландзінчык з кучаравымі валасамі. Мабыць, ён немцу нечым спадабаўся, а можа быць нагадаў уласнае дзіця, і ў душы таго прачнуўся жаль?

Юрык, канешне ж, не разумеў, пра што гаварыў немец, ён, загіпнатызаваны, стаяў перад акном, як кролік перад удавам, і спужанымі вочкамі глядзеў на немца. Але той раптам адкрыў акно і падаў Юрку буханку белага хлеба. Праўда, буханка была пераламана, але гэта быў сапраўдны белы хлеб.

Калі Юра ўляцеў у дом з крыкам : “мама, хлеб!”, мы падумалі, што ён узяў буханку цераз акно не пытаючыся, але дзіця пераконвала, што хлеб яму даў немец-пекар.

Шура вырашыла праверыць. Бо, калі дзіця ўзяло хлеб без дазволу, усё магло закончыцца вельмі трагічна. У выпадку скандальнага развіцця падзей і нейкіх ускладненняў, яна спадзявалася неяк разжалобіць немца, і таму ўзяла дзіця на рукі і спусцілася ў двор. Шура мела сякія-такія навыкі ў нямецкай мове, канешне, не настолькі, каб свабодна гаварыць, але разумела і магла сфармуляваць думку.

Калі на руках з дзіцем яна прынесла хлеб назад, высвятляючы, ці не ўзяло яго дзіця самавольна, немец зусім расчуліўся, прынёс яшчэ буханку хлеба і прапанаваў, каб хлопчык прыходзіў да яго кожны дзень у адзін і той жа час.

Гэты немец-пекар быў ужо дастаткова пажылы для салдацкага ўзросту мужчына, прыблізна гадоў пяцідзесяці. Ён стараўся растлумачыць Шуры, што хлопчык нагадаў яму ўласнага ўнука, той, віхрасты такі бландзінчык, таксама з блакітнымі вачыма, чакаў яго ў далёкай Германіі, не разумеючы, навошта яго дзядулю патрэбна з’язджаць так надоўга ў далёкую Расію. Назіраючы за Юркам, салдат зразумеў, што хлопчык  галодны, і яму захацелася дапамагчы дзіцяці.

У нашым доме прабліснуў праменьчык святла і радасці, усе мы злёгку павесялелі. Цяпер Юра ўсіх карміў! Ён кожны дзень раніцай хадзіў у двор, як ён сам гаварыў, “іду на работу”.

Дзеці ўжо не былі галодныя, ды і нам усім па кавалачку даставалася.

Але нядоўгай была наша радасць, гісторыя Юрынай “работы” доўжылася больш за тыдзень. Аднойчы Юра вярнуўся не адзін, а з немцам-пекарам. Той прынёс у формачках, у якіх выпякаюць хлеб, таплёнае масла, цукар, трошкі мукі і некалькі буханак хлеба. Немец стараўся растлумачыць нам, што іх каманду пераводзяць у іншае месца, што яны едуць на фронт, і ён прыйшоў развітацца з намі.

Са слоў гэтага нямецкага салдата мы зразумелі, што завуць яго Стэфан, што дома ў яго жонка і дачка з двума ўнукамі, што яго сын загінуў недзе пад Кіевам і што яму зусім не патрэбна гэтая вайна, што ён трываць не можа нацыстаў.  Але з думкамі такіх, як ён, у таталітарнай фашысцкай Германіі лічыцца не прынята, што такую думку немец можа трымаць толькі ў сабе, выказанае ўслых што-небудзь падобнае – гэта шлях у нікуды. Людзі, якія дазвалялі сабе крытычна ставіцца да ўлады, проста знікалі.

Мы ўпершыню так блізка бачылі немца і нават размаўлялі з ім. Канешне, гэта цяжка было назваць размоваю. Ён гаварыў шмат, але Шура разумела і перакладала прыкладна палову са сказанага, але галоўная сутнасць нам была зразумела.

Гэта быў адзін з тых выпадкаў, які сведчыў, што не ўвесь нямецкі народ быў адурманены прапагандаю і пераведзены ў разрад бяздушных робатаў-забойцаў. Былі і сярод немцаў прыстойныя, чалавечныя і добрыя людзі, якім была ненавісна гэтая вар’яцкая і жорсткая вайна.

Пякарню закрылі і больш ужо не адкрывалі. Нямецкіх салдат у горадзе стала намнога менш.

Цяпер, на адлегласці многіх гадоў, калі мы ўжо ўсе, або амаль усе, ведаем пра тую вайну, зразумела, што гітлераўцы сцягнулі ў той час усе свае сілы да Масквы і імкнуліся ўсімі сіламі захапіць сталіцу Савецкага Саюза. Чым гэта скончылася, цяпер мы таксама добра ведаем. Але тады!.. Тады весткі да нас даходзілі вельмі скупыя і, у асноўным, у скажоным выглядзе.

Чуткі даходзілі толькі пра бедствы і слёзы, людскія пакуты і зверствы фашыстаў да нашых ваеннапалонных. Нямецкае радыё, а ў цэнтры горада ў некалькіх месцах былі развешаны гучнагаварыцелі, трубіла пра тое, што Чырвоная Армія разбіта, што нямецкія войскі акружылі Маскву і Ленінград, што ў хуткім часе адбудзецца парад іх войск на Чырвонай плошчы ў Маскве і г.д.

Сёстры мне растлумачылі, што гэтаму верыць нельга, што нямецкая прапаганда разлічвае сваёй хлуснёй зламаць нашу веру і надзею, але тым не менш абставіны складваліся ўвогуле такія, што надзеі на хуткае вызваленне раставалі, і я гэта бачыла ў вачах сясцёр.

ПАЛОННЫЯ

Мы ўсё больш задумваліся пра блізкую зіму і, як маглі, рыхтаваліся да яе. Адзіная праблема, якая ў нас была вырашана на першую зіму акупацыі – гэта паліва на зімовы перыяд. Юзаф у свой час загадзя нарыхтаваў дастаткова дроў, што былі складзены ў хлеўчуку. А вось з прадуктамі было катастрафічна дрэнна, мы, практычна, галадалі. Пошукі харчу сталі асноўным заняткам. Для гэтага мы адпраўляліся блукаць па наваколлі, прыгараду і бліжэйшых ад Мінска вёсках у надзеі выменяць што-небудзь з прадуктаў на астаткі адзення ці атрымаць дазвол гаспадароў пакапацца ў полі ў пошуках выпадкова не выбранай бульбы або якой-небудзь гародніны.

Так праходзілі дні.

Міця, нарэшце, адшукаў сваю нявесту Кацю. Як аказалася, ёй таксама не ўдалося эвакуіравацца, і пасля доўгіх выпрабаванняў яна вярнулася ў Мінск.

Вера, надзея і любоў застаюцца з людзьмі нават у самых жорсткіх умовах, мабыць, менавіта таму,  нягледзячы на  ўсё, што адбывалася навокал, Міця з Кацяй вырашылі стварыць сям’ю. Міця пераехаў жыць да нявесты, але нас не забываў, дапамагаў чым мог.

Аднак самыя жорсткія выпрабаванні ў тую восень 1941 года  выпалі на долю старэйшай сястры Уладзіславы. Уявіце самі. Яшчэ не зарубцаваліся раны на сэрцы ад страты першага дзіцяці, дзяўчынкі, у 1939 годзе, цяпер яна пахавала сыночка. А тут яшчэ ў адзін з асенніх дзён 1941 года Уладзя выпадкова сустрэла саслужыўца свайго мужа, які расказаў ёй, што асабіста быў сведкаю гібелі Юзафа ў першы ж дзень вайны і што пахаваны ён у брацкай магіле ў прыгараднай вёсцы.

Мы ўсе былі вельмі засмучаны гэтай весткаю. Сястра пастаянна рыдала. Мы не ведалі, чым і як яе суцешыць.

 У гэтай сітуацыі праявіўся моцны характар заўсёды спакойнай і разважлівай Шуры. Яна пачала пераконваць Уладзю, што ў гэты складаны час нельга нічога прымаць на веру, трэба праверыць, магчыма, саслужывец памыліўся.

На наступны дзень яны адправіліся ў Масюкоўшчыну, так называлася тая прыгарадная вёска ў заходняй акраіне горада. Дом за домам абыходзілі Шура і Уладзя ўсю вёску, распытваючы жыхароў пра брацкую магілу загінулых у першы дзень вайны. На шчасце, Шура мела рацыю: ніхто з жыхароў Масюкоўшчыны не пацвердзіў, што ў самой вёсцы або ў яе ваколіцах хавалі каго-небудзь у брацкіх магілах з пачатку гэтай вайны. Людзі расказвалі пра асобных загінулых падчас бамбёжак і прыходу фашыстаў, але тое, пра што яны гаварылі, ніяк не магло пацвердзіць, што Юзаф тут загінуў і тут пахаваны.

Ва ўсіх нас з’явілася надзея, што магчыма муж сястры ўсё ж такі жывы. Толькі Уладзю, відаць, мучылі сумненні і чорныя думкі, яна ўся змарнела, пачала кожны дзень хадзіць у горад у пошуках асобных груп нашых ваеннапалонных, якіх немцы канваіравалі з усходу на захад па вуліцах Мінска, і шукала сярод іх мужа. Яна станавілася на ўскрайку маставой і пыталася ў праходзячых міма нашых палонных байцоў, ці няма сярод іх Забродскага, або проста выкрыквала яго імя і прозвішча.

Шура пастаянна са слязьмі на вачах пераконвала Уладзю, што рабіць так не трэба, што гэта безвынікова, што гэтым яна сябе даводзіць, а Юзафу нічым не дапаможа.

У той халодны кастрычніцкі дзень да нас прыбегла суседка і расказала, што немцы па вуліцы Савецкай вядуць велізарныя калоны нашых ваеннапалонных. Сёстры хутка сабраліся, я ўгаварыла ўзяць мяне з сабой.  Мы падышлі да Савецкай у раёне гарадскога сквера, цяпер тут плошча Кастрычніцкая. Адсюль далёка праглядвалася вуліца, асабліва ўніз з гары ў бок моста цераз Свіслач. А тады, калі большая частка дамоў уздоўж Савецкай была разбурана ці спалена, вуліца праглядвалася як на далоні ў абодва бакі. Я, здаецца, ужо гаварыла, што вуліца Савецкая – цэнтральная вуліца Мінска, як бы злучала накірунак з Брэста на Маскву.

Карціна, якая перад намі адкрылася, будзе, відаць, незабыўна стаяць у мяне перад вачыма ўвесь астатак жыцця. Гэта было жудаснае і страшнае відовішча.

Каля маставой ужо сабралася дастаткова многа народу, а людзі ўсё падыходзілі і падыходзілі. Па вуліцы, наколькі бачылі вочы, цякла жывая рака, суцэльны паток брудна-шэрых ценяў. Менавіта ценяў, таму што людзьмі гэтых няшчасных назваць было нельга.

Мы з сёстрамі прабраліся бліжэй да маставой. Немцы не перашкаджалі праходзіць да вуліцы, але спробы ступіць на маставую строга забараняліся. Даючы магчымасць гараджанам назіраць гэтую плынь ваеннапалонных, немцы, канешне ж, разлічвалі, што ўбачанае павінна зламаць астаткі веры, надзеі на вызваленне і волю да супраціўлення тых, хто аказаўся тут на акупаванай тэрыторыі.

Бедныя нашы салдацікі! Бог мой, як жа балюча было глядзець на іх вось такіх, бездапаможных і пакутных! Іх, відаць, ужо доўгі час утрымлівалі ў нейкіх часовых лагерах, хутчэй за ўсё пад адкрытым небам, таму што адзенне на іх было не проста падранае, а  мокрае, бруднае, у зямлі і гліне. Добра, хто ў шынялёчку, але такіх было менш за палову, астатнія ў летніх гімнасцёрках, курчыліся і, здавалася, стараліся сціснуцца ў камячок. У гэты час начамі былі ўжо замаразкі, а днём тэмпература падымалася не вышэй за шэсць-восем градусаў цяпла. На нагах у каго што, у большасці выпадкаў – падраныя бацінкі з астаткамі абмотак, часта проста нейкія анучы замест абутку, а сустракаліся і такія, што і зусім ішлі босыя. Многія былі параненыя, у павязках, якія ад часу ператварыліся ў брудныя анучы. Асобных, якія перасоўваліся з цяжкасцю, сябры амаль цягнулі на сабе.

Але галоўнае – гэта твары нашых бедных салдацікаў. Божа, колькі ж у іх было гора і пакут! Счарнелыя, схуднелыя, з патухлымі і запалымі вачыма, знясіленыя ад болю і голаду.

Многія гараджане з натоўпу, жадаючы чым-небудзь зменшыць пакуты няшчасных, рабілі спробы перадаць ім што-небудзь з ежы, але гэта толькі пагаршала становішча. Салдаты кідаліся за ежай, утваралася куча, і тады нямецкія канваіры пачыналі жорстка  біць палонных, натраўліваючы сабак. То тут, то там раздаваліся кароткія аўтаматныя чэргі.

На ўсё жыццё ўрэзаліся ў маю памяць вочы пажылога байца, на від яму было гадоў пяцьдзясят. Ён быў, відаць, ранены ў нагу, таму што, абматаная бруднай і чырвонай ад запечанай крыві анучай, яна валачылася па зямлі, калі яго практычна цягнуў на сабе другі, маладзенькі салдат, хлопец гадоў васямнаццаці.  Было такое ўражанне, быццам сын з болем і слязьмі ў вачах, сам ужо зусім знясілены, стараецца вынесці бацьку, які памірае на вачах.

Раптам хлопчык спатыкнуўся, і яны абодва ўпалі, прычым пажылы прыдавіў сваім целам малодшага. Усё адбывалася літаральна перада мною, я магла добра разгледзець іх твары. На твары пажылога салдата было напісана столькі пачуцця ўласнай віны, што ён стаў для некага абузай, і столькі расчаравання ва ўласным бяссіллі, што, здавалася, ён вось-вось заплача. Хлопец ледзь ускараскаўся, устаў, але падняць таварыша яму не ўдавалася. І тады да іх накіраваўся канваір з сабакам. Сабака ўпіўся зубамі ў руку салдаціку, а той сіліўся яе вырваць. Канваір стаў, шырока раставіўшы ногі, над ляжачым салдатам і стаў павольна накіроўваць у яго бок дула аўтамата, што вісеў на шыі.

Як жа ў гэты момант змяніўся твар старога салдата! Позірк яго стаў спакойны і, здавалася, чысты да празрыстасці. Ён ляжаў абяссілены, спакутаваны ад болю, прыніжаны ў сваім цяперашнім становішчы, але твар яго адлюстроўваў спакой, годнасць і веру ў сваю праўду. Ён быў гатовы расстацца з жыццём і рабіў гэта з пачуццём сваёй перавагі над ворагам. Вочы яго ўжо не плакалі, вочы яго забівалі нянавісцю.

Прагучала кароткая аўтаматная чарга. Я заплакала, а Шура сказала: “Вось так паміраюць сапраўдныя мужчыны!” – і на яе вачах таксама з’явіліся слёзы.

Жывая шэрая змяя калоны палонных працягвала рухацца, і калі праз некалькі гадзін яна прайшла, то мы ўбачылі, што маставая ўслана трупамі палонных салдат колькі бачыць вока. Такое жудаснае відовішча забыць нельга, гэта боль на ўсё жыццё!

Калона палонных у Мінску. 1941 г.
Калона палонных у Мінску. 1941 г.

Далёка ўнізе, пад гарой, з-за моста цераз Свіслач, паказаўся абоз конных павозак, які павольна рухаўся ўслед за калонай, і чорныя фігуры паліцаяў хадзілі па маставой, падбіраючы трупы палонных і скідваючы іх, быццам вялікія плашкі дроў, на павозкі.

Народ стаў разыходзіцца. Мы ішлі і ўсе трое рыдалі. Шура ўсё галасіла, што яе Колечка таксама можа быць дзесьці так вось ляжыць непахаваны, Уладзя паўтарала за ёй.

Убачанае нас вельмі ўразіла. Боль і пакуты раздзіралі душу. Але яшчэ страшней было тое, што міжволі дзесьці ў глыбіні душы вырастала пытанне: а як жа хутка можа прыйсці вызваленне, калі так многа палонных і забітых. Я баялася задаваць сёстрам гэтае пытанне, і мне чамусьці здавалася, што і яны сабе задаюць гэтае пытанне, але пры мне не хочуць гаварыць пра гэта.

Нямецкае радыё праз гучнагаварыцелі, што ўстаноўленыя ў цэнтры горада, увесь час  балаболіла, што  нямецкія войскі ўжо амаль у Маскве, што Ленінград акружаны і вось-вось будзе ўзяты, што хутка вайна будзе закончана поўнай перамогай Германіі, і Савецкі Саюз будзе разбіты.

Цяпер, на адлегласці многіх гадоў, я разумею, што той час, кастрычнік 1941 года, у маральна-псіхалагічным плане быў для нас самы цяжкі. Яшчэ не ведалі мы нічога ні пра падпольшчыкаў, ні пра партызан.  Да нас не даходзіла сапраўдная інфармацыя пра ход вайны. Пазней у супрацьвагу гітлераўскай прапагандзе мы маглі чытаць і партызанскія лістоўкі, і нават газеты з Масквы. А тады…

Тады мы задавалі сабе пытанні, шмат пытанняў. Як жа такое магло здарыцца? Наша Чырвоная Армія такая моцная, чаму яна адступае? Гэта цяпер мы ведаем адказы на ўсе пытанні, ну, амаль на ўсе… Гэта цяпер мы ведаем, што Варашылаў і Будзённы ўжо тады былі “гістарычнымі рэліквіямі”, што з танкамі на конях і шашкай не паваюеш.  Гэта цяпер мы ведаем, што ў пачатку вайны з’явілася пляяда новых таленавітых военачальнікаў, такіх як Жукаў, Ракасоўскі, Талбухін, Конеў і іншыя, і яны хутка скажуць сваё слова.

А тады? Тады мы ўсё ж працягвалі  спадзявацца, а надзея, як вядома, памірае апошняй. Верылі, што немцам усё ж дадуць адпор, што пагоняць іх з нашай зямлі. Бо было ж у рускай гісторыі, што Напалеон і ўвайшоў у Маскву, але як ён пасля адтуль уцякаў! Не, не верылі мы ў разгром нашай арміі, не верылі гітлераўскай брахні! Не хацелі мы гэтаму верыць!

ЗАДАЧА – ВЫЖЫЦЬ

Набліжалася зіма. Каб кіраваць жыццём дастаткова вялікага горада, немцам неабходна было мець сваю “пятую калону”. Яны пачалі ствараць нешта накшталт грамадзянскай улады. З’явіліся гарадская ўправа, бургамістр.

Пачалі выдаваць карткі на хлеб. Гэта быў мізэрны паёк, на ўсіх нас атрымлівалася адна буханка з невялікім давескам чорнага, мокрага, з кіслым пахам вотрубяў, хлеба. Але ўсё ж гэта быў хлеб. Каб атрымаць гэты паёк, трэба было займаць з вечара чаргу  і каравуліць яе ўсю ноч да адкрыцця пункта раздачы. Канешне ж, гэта стала, у асноўным, маёй задачай у сям’і, і з таго часу да пастаяннага пачуцця голаду дадалося пастаяннае жаданне выспацца. Але што зробіш, сёстры ўвесь дзень  былі ў паходах, у пошуках чаго-небудзь з ежы.

На рынку ў акупацыйным Мінску. 1941 – 1942 гг.
На рынку ў акупацыйным Мінску. 1941 – 1942 гг.

Зіма надышла неяк раптоўна і такая суровая, якой, як сцвярджалі старажылы, не было ўжо даўно. Людзі гаварылі: “Бог усё ж з намі, гэта спецыяльна, каб немцы павымярзалі…” Марозы стаялі па 35 – 40 градусаў. Нас ратавала толькі тое, што быў запас дроў, і ў кватэры было цёпла. Каб эканоміць дровы, мы ўсе перабраліся ў двухпакаёвую кватэру суседзяў, а сваю закрылі.

Набліжалася свята Новага года, першае навагодняе свята ў акупацыі.

Немцам далі годны адпор пад Масквой, і радыё на вуліцах ужо не вяшчала пра хуткі парад на Чырвонай плошчы. Ужо не было калон нашых ваеннапалонных. Нямецкіх салдат на вуліцах стала менш, магчыма, іх усіх сагналі пад Маскву стрымліваць наступленне Чырвонай Арміі, ды і мароз даймаў.

Асабліва смешна выглядалі рэдкія нямецкія часавыя, абутыя ў саламяныя бахілы наверх на боты. Гэта было накшталт галёшаў, сплеценых з саламяных жгутоў. Чалавек у такім абутку ўяўляў хутчэй клоўна, чым салдата. Мы смяяліся: “Мерзніце, мерзніце, гэта вам Божая кара за ўсё ўчыненае!”

У  той час мы мала з кім мелі зносіны, і навіны да нас даходзілі з вялікім спазненнем, але яны ўсё ж даходзілі. Людзі часцей сталі гаварыць пра перамогі нашых войскаў на фронце, пра пачатак партызанскага  руху, пра дыверсіі партызан на чыгунцы.

Надоўна запомнілася тая навагодняя ноч. На стале ў нас была царская страва – студзень з конскіх ног. Гэта Міця на нешта выменяў кавалачак каніны і падзяліўся з намі. Канешне ж, вясёлага нічога не было, сёстры плакалі, успамінаючы сваіх мужоў і навагоднія даваенныя святы. Той час здаваўся нам усім такім далёкім і незабыўна шчаслівым.

У пакоі было цёпла і суха, у печы патрэсквалі дровы, а за акном трашчаў люты мароз, і мы радаваліся, што фашысты не былі гатовы да такой зімы, яны такіх зім увогуле не ведалі ў сваёй Германіі. Але галоўнае – нашы салдаты былі ў сябе дома, где кожная купіна, кожнае дрэўца, не гаворачы ўжо пра людзей, якія жылі ў прыфрантавой паласе, былі сваімі. А немцы – чужакі, захопнікі, акупанты, іх чакала толькі і людская, і Божая кара за іх злачынствы.

Пасля Новага года перасталі даваць хлеб. З харчаваннем стала зусім дрэнна. Сёстры выменьвалі апошняе адзенне на прадукты ў сялян, якія прывозілі ў горад у асноўным з заходніх абласцей Беларусі хлеб, сала, бульбу, гародніну і мянялі на адносна новыя добрыя рэчы. Але ўсе мы добра разумелі, што доўга на гэтым не працягнем, бо гардэроб у маіх сясцёр быў далёка не “княжацкі” і “сямейных каштоўнасцей” у нас таксама быць не магло. Праўда, Уладзя беражліва захоўвала ўсю вайну некалькі дабротных рэчаў з адзення мужа, вось і тады яна катэгарычна адмовілася мяняць іх на прадукты, верыла, што Юзаф жывы, што, калі нашы вызваляць Мінск, ён абавязкова вернецца.

Шура наладзіла сувязь з Кімай, жонкай афіцэра з іх гарнізона ў Асаўцы, пра якую я згадвала раней. У той час у Кімы ўжо была сувязь з партызанамі, але ні Шура, ні Уладзя, тым больш я, пра гэта тады яшчэ не павінны былі ведаць.

Сястра Кімы, яе звалі Валяй, тады ўжо працавала парыкмахерам, абслугоўваючы, у асноўным, персанал гарадской управы і немцаў. Валя нядрэнна ведала нямецкую мову, але ўтойвала гэта. Менавіта ёй у свой час удасца здабываць найбольш каштоўную інфармацыю для партызан і падпольшчыкаў.

З вялікімі цяжкасцямі Шуры, дзякуючы дапамозе Кімы і Валі, а цяпер я сказала б, дапамозе партызан, удалося ўладкавацца на працу на хлебазавод прыбіральшчыцай. Праца была, канешне, цяжкай, трэба было прыбіраць цэх выпечкі хлеба, але яна цяпер сама не галадала і магла прынесці абломкі хлебных буханак і накарміць дзяцей. Мы ўсе гэтай перамене былі вельмі рады.

Акрамя таго, Шура, маючы працоўны пропуск, магла цяпер спакойна, не баючыся аблавы, хадзіць па горадзе. А аблавы ў горадзе здараліся часта, і мы іх страшэнна баяліся. Справа ў тым, што людзям, хто трапляў у аблаву і не меў дакументаў аб тым, што працуе ці стаіць на ўліку на біржы, пагражала адпраўка ў Германію. Такая пагроза стаяла прама нада мною, нягледзячы на тое, што мне было ўсяго 14 гадоў, і над Уладзяй. На біржы мы не рэгістраваліся. Таму наступнай задачай было ўладкаваць на працу хаця б Уладзю. А пакуль Шура прыносіла мыць нямецкую бялізну. Гэтым займалася, у асноўным, Уладзя. За мыццё плацілі хлебам, часам – мукою.

Марозы спалі, ужо набліжалася вясна, а вайне не было відно канца. Пра разгом фашыстаў пад Масквой мы ўжо чулі ад многіх, хаця інфармацыя была скупая, няпоўная. Аднак вялікай радасцю было наогул пачуць, што наглым гітлераўцам далі па шапцы. Пераможных рэляцый па нямецкім радыё ў горадзе ўжо даўно не было чуваць, людзі ўжо ў большасці выпадкаў прыносілі весткі пра ўпартыя баі за кожны горад і вёску.

Гарадскія “ўлады” арганізавалі на фабрыцы-кухні (так называлася ў цэнтры даваеннага Мінска вялікае прадпрыемства грамадскага харчавання) раздачу супу для дзяцей, па адным чарпаку на чалавека. Суп гэты мы называлі заціркай: жытняя мука закідвалася на кіпень, дзе варыліся косці з ялавічыны ці каніны, і атрымлівалася нешта  накшталт пахлёбкі. За гэтым супам я рэгулярна хадзіла з каструляй у сетцы, часам са мною хадзіў Юрык. Ад нашага дома гэта было зусім недалёка, цяпер гэта вуліца Берсана, там, дзе яна падыходзіць да Чырвонага  касцёла. Кожны дзень я хадзіла на фабрыку-кухню, дзе атрымлівала тры чарпакі “заціркі”. Мяне тут ужо добра ведалі жанчыны на раздачы і парой ўлівалі мне дадатковы чарпак або нават падкідвалі косці з астаткамі мяса.

У такія дні было свята. Заціркі хапала патрошку ўсім, з таго мяса і касцей, што траплялася калі-нікалі, старанна выкалуплівалі і  выстуквалі мазгавую тканку, канешне, дзецям.

У той час у нас з’явілася яшчэ адно блюда, “дэсертнае”, мы яго называлі “халодным чаем”. Сёстры выменьвалі на рынку сахарын у таблетках. Дык вось, на літровую банку халоднай вады (памятаю, што гарачая вада чамусьці катэгарычна забаранялася, відаць, у такім варыянце гэта было шкодным) клалі таблетку сахарына, атрымліваўся  салодкі напой з нейкім прыкрым прысмакам, дзялілі ўсім патроху  і гэта быў наш “дэсерт”.

ВЯСНА І ЛЕТА  1942-ГА

Прыйшла вясна 1942 года, дружная, імклівая. Абуджэнне прыроды падсвядома несла надзею на перамены да лепшага.

У той час мяне, 14-гадовую дзяўчынку, сёстры не пасвячалі ў свае справы за межамі побытавых клопатаў. Пра многае я магла меркаваць толькі па выпадкова кінутых словах ці фразах. Гэта цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, мне вядома ўсё, ці амаль усё, пра скрыты бок жыцця маіх сясцёр у гады акупацыі. А тады і Шура, і Уладзя бераглі мяне ад залішняй дасведчанасці, не жадаючы ставіць мяне пад удар.

Я ўжо гаварыла, што сяброўка Шуры, Кіма, была звязана з партызанамі і падполлем і разам са сваёй сястрой Валяй выконвала іх заданні. Кіма добра ведала Шуру па жыцці ў Астравецкім гарнізоне. Ёй, як жонцы чырвонага камандзіра, Кіма давярала, таму і далучыла да падпольнай работы, дапамагла ўладкавацца на працу. А Шура далучыла да падпольнай работы Уладзю.  

У той час адной з задач было аказваць дапамогу ў пабегах нашых ваеннапалонных і дапамагаць ім дабірацца ў партызанскія атрады. Каб мужчыны маглі дабрацца ў лес, іх пасля пабегу ў першую чаргу трэба было пераапрануць у цывільнае адзенне. Вось таму Уладзя пачала пастаянна нешта шыць. У нас была маміна старая швейная машына фірмы “Зінгер”. Шура і Уладзя прыносілі кавалкі нейкай тканіны, часта звычайнай мешкавіны, якую Уладзя спачатку фарбавала ў чорны колер (відаць, іншай фарбы не было), і шыла з яе нешта накшталт мужчынскіх касцюмаў, што былі падобныя да робаў. Мне растлумачвалі, што гэта для продажы на рынку, але чамусьці ні Уладзя, ні Шура на рынак гэтае адзенне не насілі, а прыходзіла за ім Кіма.

Да нас усё часцей пачалі заходзіць незнаёмыя людзі, звычайна гэта былі жанчыны, парой з дзецьмі, падлеткамі прыблізна майго ўзросту.  Па іх знешнім выглядзе было зразумела, што яны з вёсак і абменьваюць прадукты на адзенне і рэчы. На самай справе гэта былі сувязныя, якія здзяйснялі кантакты партызан з падполлем у Мінску. Пра што яны шапталіся начамі з сёстрамі мне, канешне ж, было невядома. Пераначуюць і назаўтра сыходзяць, але іх з’яўленне для нас, дзяцей, часта абазначала з’яўленне на нашым стале сялянскіх прадуктаў. На наступны дзень сёстры, звычайна, расказвалі пра апошнія навіны з франтоў.

Вось тады мы даведаліся некаторыя падрабязнасці пра контрнаступленні Чырвонай Арміі пад Масквой зімой 1941 года, пра гераічную абарону Ленінграда, пра ўпартыя баі на паўднёвым накірунку (Севастопаль, Адэса) і г.д.

Пазней я даведалася, што першым заданнем Шуры было прыглядвацца да людзей на хлебазаводзе, у першую чаргу да мужчын, з мэтаю выяўлення надзейных і адданых, якія гатовыя змагацца з акупантамі. Канешне ж, шчырых размоў весці было нельга, бо вакол хапала здраднікаў. Тыя, хто яўна пайшоў служыць немцам, скажам, у грамадзянскую паліцыю, ахоўваў турмы, лагеры, раён яўрэйскага гета і пасля ўдзельнічаў у карных аперацыях супраць партызан і мірнага насельніцтва, былі на віду, іх ні з кім не зблытаеш. Але былі і такія, хто за тлусты кавалак і ўласны дабрабыт гатовы былі маці родную прадаць, і такія, хто люта ненавідзеў Савецкую ўладу і гатовы быў пасобнічаць гітлераўцам з ідэйных меркаванняў. У любых выпадках даверлівыя размовы былі небяспечныя, і заданне Шуры было дадзена ў гэтым плане складанае і рызыкоўнае.

Вясной актывізаваліся дзеянні партызан. Усё часцей  людзі пачалі перадаваць адзін другому навіны пра партызанскія дыверсіі, асабліва на чыгунках. Па нямецкім радыё пачалі з’яўляцца звесткі пра дзеянні “рускіх бандытаў”, пры гэтым асаблівая ўвага звярталася на апісанне пакаранняў, якія чакаюць тых, хто нейкім чынам звязаны з партызанамі.

Лета 1942 года не адзначылася ў памяці нейкімі яркімі падзеямі. Я, як і раней, мала выходзіла на вуліцу, шмат дапамагала Ганне Уладзіславаўне па догляду за дзецьмі.

У той час я блізка пасябравала з дзвюма суседскімі дзяўчынкамі, Нінай, маёй раўналеткай, і яе старэйшай сястрой Верай. Дзяўчаткі жылі ў суседнім доме, над памяшканнем былога магазіна, са сваёй цёткай Дашай Камісаравай, вялікай прыяцельніцай Шуры. Даша стала піяністкай, была, як і Шура, жонкай афіцэра, гэта іх радніла.

Нашы зносіны з Нінай і Верай складаліся з таго, што ў вольны час мы сустракаліся ў нашым пад’ездзе і, седзячы на прыступках лесвіцы, размаўлялі. Гаварылі пра мінулае, што тады ўяўлялася нам самым светлым і шчаслівым часам, марылі пра будучае, пра тое, як будзе добра жыць, калі нашы вызваляць Мінск, калі мы зноў зможам пайсці ў школу.

Часам Ніна хадзіла са мною на фабрыку-кухню па зацірку, гэта былі нашы адзіныя прагулкі, таму што ў горад выходзіць нам не дазвалялі.

Часта прыходзіў Міця. Ён па-ранейшаму жыў з Кацяй на вуліцы Варашылава, каля дражджавога завода, перабіваўся выпадковымі заробкамі, рамантаваў абутак, парой, калі ўдавалася раздабыць матэрыялы, шыў і прадаваў новы. Міця прыходзіў, каб нас пераведаць і чым-небудзь падзяліцца, дапамагчы нам.

 У тое лета 1942 года, як я ўжо згадвала, значна актывізаваліся партызаны. Немцы пачалі адказваць жорсткімі мерамі да мірнага насельніцтва. Тады мы ўжо часта чулі пра расстраляных заложнікаў, пра спаленыя сёлы, пра павешаных, быццам за сувязь з партызанамі, людзей. У горадзе ўчасціліся аблавы.

Напярэдадні Кастрычніцкіх святаў слёгку падмерзла, снегу яшчэ не было, але было ўжо дастаткова холадна. Дакладна не памятаю, які гэта быў дзень, па-мойму, нядзеля, таму што абедзве сястры былі дома. Нечакана да нас прыбегла Ніна Камісарава і са слязьмі на вачах стала расказваць, што ў скверы каля Беларускага драматычнага тэатра павесілі некалькі партызан.

Пасля яе расказа ў доме ўсталявалася доўгая і напружаная цішыня. Усе маўчалі. Не памятаю, як доўга цягнулася паўза, але ў хуткім часе сёстры пачалі збірацца. Каштавала неймаверных намаганняў угаварыць іх узяць мяне з сабой.

Тое, што мы ўбачылі ў скверы побач з напаўразбураным будынкам тэатра, дай Бог не бачыць нікому. Да гэтага часу адчуваю ўвесь жах убачанага!

На галоўнай алеі ў скверы была ўладкавана шыбеніца, на якой былі павешаны трое мужчын і адна жанчына. На грудзях кожнага вісела фанерная дошчачка з надпісам: “Я – бандыт-партызан, забіваў нямецкіх салдат”.

Сярод павешаных мужчын адзін – зусім хлопчык, прыкладна гадоў пятнаццаці. Жанчына таксама зусім маладая. Перад пакараннем смерцю, відаць, іх катавалі, таму што твары ў крывападцёках і сіняках. Усе лёгка апранутыя і босыя.

Падыходзілі немцы, пра нешта гучна гаварылі, смяяліся, фатаграфавалі павешаных, адзін другога на фоне шыбеніцы і сыходзілі не затрымліваючыся. У групе жанчын, якія стаялі побач, мне пачуліся воклічы: “…і на Ляхаўцы каля дрожжавага павесілі, і на Камароўцы шыбеніцы, і на Старажоўцы таксама пяцярых павесілі”.  

Мы з плачам вярнуліся дадому, дзе нас ужо чакаў Міця. Ён расказаў, што ў іх на варотах фабрыкі павесілі трох партызан. Яшчэ ён сказаў, што ходзяць чуткі, што гэта зусім не партызаны, што немцы ў канун Кастрычніцкіх святаў, каб напужаць насельніцтва, па ўсім горадзе ўчынілі пакаранні ні ў чым не вінаватых людзей з ліку затрыманых падчас аблаў, у каго не было дакументаў. Так гітлераўцы змагаліся з партызанамі, вешаючы і расстрэльваючы заложнікаў з мірнага насельніцтва.  

Трапіць у аблаву і па нейкай прычыне стаць заложнікам можна было ў любы момант, асабліва калі гітлераўцы лютавалі пасля чарговай дыверсіі або аперацыі партызан ці падпольшчыкаў. Таму сёстры зусім забаранялі мне выходзіць на вуліцу без патрэбы. Прадвеснікамі аблаў часта было з’яўленне на вуліцы патрулей палявой жандармерыі. Хадзілі яны па тры-чатыры чалавекі, апранутыя былі ў доўгія скураныя плашчы, у чорных касках, з металічнымі бляхамі на грудзях, дзе нешта было напісана па-нямецку, на шыі – чорны аўтамат. Часта хадзілі з сабакамі. Пры з’яўленні такіх патрулей гараджане стараліся куды-небудзь хутчэй схавацца, вуліцы імгненна пусцелі.  

Аднойчы ў горадзе з’явіліся салдаты ў нейкай дзіўнай форме. Мундзіры з сукна светла-табачнага колеру і паверх гімнасцёрак скураныя, карычневыя безрукаўкі. Як аказалася, гэта былі венгры. Немцы гналі пад Сталінград усіх сваіх пасобнікаў.

ТРАГЕДЫЯ ЯЎРЭЙСКАГА ГЕТА

Замаразкі спыніліся, пачаліся зацяжныя асеннія дажджы. Прамозглыя, халодныя дні без пробліску сонца стамлялі сваёй аднастайнасцю. Нашы запасы дроў трэба было эканоміць на зіму, бо дастаць дровы цяпер было вельмі цяжка, як і прадукты. Таму палілі ў кватэры ледзь-ледзь, толькі каб абагрэць дзяцей.

Раён Мінскага гета. 1941 – 1943 гг.
Раён Мінскага гета. 1941 – 1943 гг.

Як я ўжо гаварыла, у мае абавязкі ўваходзіла хадзіць па пітную ваду ў раён яўрэйскага гета, на Нямігу. Ад нашага дома да водазаборнай калонкі было метраў трыста. У тую раніцу я, як звычайна, узяла вялікае вядро і пайшла па ваду. Падыходзячы да перакрыжавання Нямігі і Камсамольскай, я разгублена спынілася.

Па вуліцы на ўсю шырыню сунулася калона яўрэяў, якую суправаджалі канваіры з нямецкіх салдат уперамешку з паліцаямі, што рухаліся па тратуарах з абодвух бакоў вуліцы. Асобныя немцы ішлі з аўчаркамі, тыя рваліся з ланцугоў у бок канваіруемых і злосна гаўкалі.

Каля перакрыжавання з боку Камсамольскай ужо сабралася невялікая група гараджан, у асноўным жанчыны, якія назіралі за тым, што адбывалася. Адна з іх сказала: “Гэта ж вядуць забіваць, на расстрэл…”

Пачуўшы гэтыя словы, я кінулася дадому. Ледзь пераступіўшы парог, закрычала: “Яўрэяў забіваюць!” Сёстры  былі яшчэ дома. Кінуўшы свае справы, і Шура, і Уладзя пабеглі да Нямігі, я адпаведна – за імі. Пакуль мы дабеглі, невялікая спачатку група гараджан ператварылася ў даволі шматлікі натоўп.

Я з цяжкасцю праціснулася скрозь рады дарослых бліжэй да тратуара. Калона рухалася і, здавалася, ёй не будзе канца. У калоне ішлі людзі самых розных узростаў: і маладыя, і старыя, і дзеці – адных вялі за ручку, другіх неслі ці везлі ў калясках. З невялікімі вузельчыкамі ў руках, усе ішлі моўчкі.

Але самае страшнае ў гэтай карціне – твары людзей, дзе адлюстраваны безвыходнасць і пакора. Людзі ішлі павольна пад дробным дажджом, ішлі ціха і моўчкі, нават дзеці не плакалі, і чуцён быў толькі водгук крокаў, што зліваўся ў манатонны, аднастайны шум. Куды іх вялі? Навошта? Чаму яны павінны былі загінуць толькі з-за таго, што яны – яўрэі?!

Для нас гэта было незразумела і дзіка. Мы прывыклі жыць у краіне, дзе нацыянальнасць не вызначала адносін паміж людзьмі, больш за тое,  абраза нацыянальнай годнасці каралася законам.

Успомніўся даваенны час, сяброўкі па 24-й мінскай школе – Рыма Файбышава, Роза Астроўская, Аня Маргенштэрн. Я з імі сябравала, і тое, што яны былі з яўрэйскіх сем’яў, а я  з польскай,  ніяк не  адбівалася ні на нашых адносінах, ні на адносінах дарослых. Мы не маглі ні разумець, ні, тым больш, пагадзіцца з тым, што людзей знішчаюць толькі таму, што яны – яўрэі.

Толькі бліжэй да канца вайны, калі да нас пачалі рэгулярна даходзіць весткі з-за лініі фронту і калі мы самі сталі лепш арыентавацца  ў палітычнай абстаноўцы, зразумелі, што гэта вынік ідэалогіі фашызму і што Гітлер зводзіў уласныя рахункі з цэлым яўрэйскім народам.

А тады, тады мы былі проста шакаваны тым, што адбываецца.

Калі калона прайшла і вуліца апусцела, а людзі разышліся, мы ўбачылі, што праход на тэрыторыю гета вольны і нікім не ахоўваецца. Я з Уладзяй пайшла набраць вады з калонкі, а Шура вярнулася дадому, ёй трэба было спяшацца на працу. Тое, што мы ўбачылі ў двары дома, дзе была калонка, нас узрушыла не ў меншай ступені, чым усё астатняе. Ва ўсіх дамах у двары дзверы былі расчынены, у многіх вокнах выбіта шкло, па двары раскіданы рэчы, раскрытыя чамаданы, чамусьці ўспоратыя падушкі, валялася адзенне, нейкія анучы, у некалькіх месцах на зямлі мы  заўважылі кроў.

Вакол нікога, ні душы, ціха, толькі чуцён шум дажджду.  Акаляючая карціна пакідала  страшнае і дзіўнае пачуццё, якое складана апісаць словамі. Такое здарылася са мною ўпершыню. Яшчэ некалькі гадзін таму тут было жыццё, людзі насялялі гэтыя дамы і на нешта спадзяваліся. Цяпер гэта быў мёртвы горад. Нечая злая воля ў адначассе забіла тут усё жывое, не лічачыся ні з кім і ні з чым. Жах ахопліваў душу, таму што мы разумелі: гэтая злая воля – фашызм, вораг, які прыйшоў на нашу зямлю і ў яго за душой няма нічога святога – ні чалавечнасці, ні спагады.

Мы хутчэй набралі вады і паспяшаліся выйсці з гэтага страшнага месца. Праз некалькі дзён Шура прынесла з работы сумную вестку: пад Мінскам, у вёсцы Трасцянец, расстраляна амаль дзве тысячы яўрэяў. Мы зразумелі, што так скончылася жыццё тых няшчасных, каго мы бачылі пазаўчора ў калоне на Нямізе.

І калі цяпер перад маімі вачыма памяць зноў малюе твары тых старых і дзяцей, што пакорліва ішлі на смерць, свядомасць аднаўляе побач партрэт таго, хто вінаваты ў іх слязах і пакутах, партрэт фашыста, нацыста. Цяпер, праз многія гады, ён, гэты вобраз, у маёй свядомасці асацыіруецца з любой праявай радыкалізму, радыкалізму ў побыце, у жыцці, асабліва ў палітыцы.

Гета захавалася, але цяпер яго скарацілі, “адсунулі”. Тое жыллё, што вызвалілася, пачалі засяляць усякімі гітлераўскімі прыхлябацелямі. У адным з дамоў па вуліцы Астроўскага размясцілася чамусьці Смаленскае гестапа, але пра гэта раскажу пазней.

ЯНДУЛЬСКІЯ

Мы ў страху чакалі зіму, і разам з тым спадзяваліся, што ў будучым годзе прыйдуць нашы, што нас, нарэшце, вызваляць. Як я ўжо гаварыла, у той час весткі пра падзеі на фронце да нас прыходзілі яшчэ з вялікім спазненнем, у асноўным ад партызанскіх сувязных, хаця да таго часу мы ўжо навучыліся рабіць высновы з паводзінаў нямецкага радыё: калі няма пераможнай, бравурнай, маршавай музыкі, калі перасталі крычаць, што Сталінград ужо ўзяты – значыць, немцам у чарговы раз далі па зубах, дзесьці яны пацярпелі паражэнне. Гэта якраз быў час цяжкіх бітваў на Волзе пад Сталінградам. Да перамогі было яшчэ вельмі далёка, але мы пра гэта ведаць не маглі і спадзяваліся на хуткае вызваленне.

Той зімой Міця змог наладзіць кантакт з рабочымі дражджавога завода, якія прыносілі яму патаку, а ён гнаў з яе гарэлку. Мы з Уладзяй хадзілі ў бліжэйшыя вёскі і выменьвалі на гэтую гарэлку якія-ніякія прадукты.

Расказваючы пра падзеі зімы 1942-1943 года,  не магу не ўспомніць пра сустрэчу з дзвюма жанчынамі, радством з якімі магу ганарыцца. Аднойчы ўвечары перад Раством, перад самай каменданцкай гадзінай да нас прыйшлі двое. Гэта былі Уладзіслава Яндульская і яе дачка Яніна, нашы дальнія родзічы, якія да вайны жылі ў Мінску з малодшым братам Уладзіславы Мікалаем Яндульскім і сястрой Ядвігай.

Дазволю крыху гісторыі. Некалі даўно, у 40-х гадах ХІХ ст., мой прадзед па лініі маці Адам Вянзоўскі і яго стрыечны брат, Казімір Яндульскі, эмігравалі з Польшчы ў Расію, хоць, у прынцыпе, тады ўсходнія землі Польшчы ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, і была гэта эміграцыя ці не, увогуле не настолькі важна. Яны былі шкловыдзімальшчыкамі, а на Валыні (усходняя частка Украіны) на базе багатых радовішчаў кварца ў той час, як грыбы, вырасталі гуты – шкляныя заводы і заводзікі. Вось і шукалі нашы продкі там лепшай долі. Мой дзед па лініі маці, Франц Вянзоўскі, таксама быў шкловыдзімальшчыкам. Я нарадзілася ў Жытомірскай вобласці і ўжо распавядала пра тое, што апынулася ў сястры ў Мінску.

У сям’і Яндульскіх, пра якую расказваю, было два браты і тры сястры. Старэйшыя, Марыя і Станіслаў, жылі з бацькамі ў Харкаве. Малодшая з сясцёр, Ядвіга, і малодшы брат Мікалай жылі ў Мінску, да іх пасля далучылася і Уладзіслава. Мікалай Яндульскі быў адным з першых камсамольцаў у Беларусі, пазней – партыйны работнік, пасля вайны доўгі час узначальваў калгас недзе каля Ашмян.

Дык вось, у той позні вечар сястра Мікалая Яндульскага Уладзіслава, прозвішча яе па мужу не памятаю, прыйшла да нас са сваёй дачкою, дзяўчынай гадоў васямнаццаці. Мне запомнілася гэта дзяўчына сваёй прыгажосцю, зграбнай фігурай, шыкоўнымі густымі і доўгімі валасамі.

Тады я не ведала, ні адкуль яны прыйшлі, ні куды ідуць, але, на думку маіх сясцёр, мне ведаць пра гэта было не трэба. У памяці пра той вечар адлюстраваліся вясковыя прадукты, што раптам з’явіліся на стале, – дамашняй выпечкі хлеб, салёнае сала з незвычайна мяккай і смачнай шкуркай і цвёрды, як камень, але вельмі смачны салёны дамашні клінковы сыр.

Да глыбокай ночы госці шапталіся з сёстрамі. Слухаць мне, канешне ж, забаранялася. З таго, што выпадкова ўдалося пачуць, зразумела, што госці ішлі да нас аднекуль з-пад Мядзеля і раніцай павінны пайсці ад нас. Сапраўды, калі я прачнулася, іх ужо не было. Пазней, пасля вайны, пра іх лёс мы даведаліся ад Ядвігі і Мікалая Яндульскіх. Родзічы прыходзілі ў Мінск з заданнем ад партызан, і далей іх шлях ляжаў у бок Бабруйска. Ім трэба было дзесьці ў горадзе пераначаваць, і яны лёгка нас знайшлі, бо Мікалай і Ядвіга часта бывалі ў доме сястры і добра ведалі наш адрас. Лёс гэтых дзвюх жанчын, маці і дачкі, склаўся трагічна. У час выканання аднаго з заданняў яны трапілі ў засаду, былі схоплены немцамі і пасля страшных катаванняў павешаны.

Цяпер, у свае 77, пішучы гэтыя радкі, думаю, колькі маладых, прыгожых, поўных прагі да жыцця людзей, клалі на алтар Айчыны самае дарагое  – жыццё.  І рабілі гэта свядома, дзеля вялікай мэты, дзеля свабоды сваёй і Айчыны ад фашысцкага рабства, дзеля свабоды для сваіх дзяцей, унукаў, родных і блізкіх. Думаючы пра гэта, прыходжу да простай і відавочнай высновы: іх ахвяра можа быць апраўдана толькі ў тым выпадку, калі нашчадкі будуць пра яе ведаць і памятаць.

Уладзіслава Забродская з унучкай Стэлай. 1976 г.
Уладзіслава Забродская з унучкай Стэлай. 1976 г.

Маё пакаленне зыходзіць з гэтага жыцця ўслед за пакаленнем нашых бацькоў, старэйшых братоў і сясцёр, якія вырашалі лёс гэтай страшнай вайны. Ці будуць ведаць і памятаць нашчадкі пра іх ахвяры, пакуты, страчаную маладосць? І галоўнае ж, толькі  веданне праўды пра трагедыі мільёнаў людзей у мінулай вайне, разуменне сапраўдных прычын гэтага сусветнага гора павінны застрахаваць наступныя пакаленні ад паўтарэння памылак продкаў.

Магчыма, толькі дзеля гэтай мэты і пішу свае сціплыя ўспаміны пра тыя падзеі. Выдатна разумею, што яны, мае ўспаміны, нават не мазок мастака на палатне, а толькі невялікая спроба пакінуць след. Аднак бо і ўвесь сусвет складаецца з нябачных атамаў…

(Заканчэнне будзе).

Падрыхтавана на аснове біяграфічнага рукапісу Ізабэлы Станіславаўны Данілеўскай “Акупацыя”, прысвечанага сёстрам аўтара Аляксандры Браніславаўне Данілеўскай і Уладзіславе Станіславаўне Забродскай.

Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Фотаздымкі з асабістага архіва І.Данілеўскай і сайтаў: