Будзем жа маліцца і верыць: Свята-Мікалаеўскі храм у Лагойску

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.


Працягласць маршрута: Мінск – Лагойск па аўтамабільнай трасе (МКАД/М9 і М3,) прыкладна 42 км.

Асноўны аб’ект на маршруце: храм у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца, вул. Савецкая, 10, г. Лагойск, Мінская вобласць.

Транспарт: аўтамабіль.

Прыкладны час у дарозе: 35 хвілін.

Лагойскія краявіды.

З ГІСТОРЫІ ЛАГОЙСКАЙ ЗЯМЛІ

Лагойск з’яўляецца адным з самых старажытных гарадоў Беларусі. Размешчаны ён на беразе ракі Гайны, за 40 км ад Мінска. Назва горада ўтварылася ад слова “лог”, “лагчына” і старабеларускага слова “гожы”, “прыгожы”.

На аснове археалагічных раскопак, праведзеных у 1966 годзе супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядома, што узнік Лагойск у Х стагоддзі. Як лічаць вучоныя, горад знаходзіцца на месцы адзінага ў Беларусі метэарытнага кратэра, таму з усіх бакоў акружаны ўзвышшамі.

Упершыню ў летапісе Лагожск (Лагожаск) згадваецца ў 1078 годзе ў “Павучанні”да дзяцей Уладзіміра Манамаха пры апісанні яго паходу на полацкага князя Усяслава. У апошняй чвэрці ХІ стагоддзя Лагойск – горад-крэпасць Полацкага княства.

Цэнтрам старажытнага Лагойска, яго гістарычнай мясцінай, лічыцца Замкавая гара (Замчышча). Некалі на гэтым месцы стаяў велічны замак-крэпасць з абарончымі вежамі.

На паўднёвым участку Лагойскага парка да сёння захаваліся астаткі дзядзінца ХІ – ХІІІ стагоддзяў з валам і ровам.

Цэнтральная ўмацаваная частка горада займала 1,5 гектара і была размешчана на ўзвышэнні, што было абаронена 11-метровым валам і рвом, шырыня якога складала 32 метры, а глыбіня – 22 метры. На сёння рэшткі старажытных умацаванняў з’яўляюцца гістарычнай каштоўнасцю.

Роў, што апаясваў умацаванні старажытнага замчышча. Лагойск. ХХ ст.

У 1127 – 1128 гадах, у час паходу князя кіеўскага Мсціслава (сына Уладзіміра Манамаха), Лагойск быў разрабаваны, а яго жыхары захоплены ў палон. Аднак у хуткім часе горад быў вернуты Полацкаму княству.

Прыкладна з ХІІ стагоддзя горад стаў цэнтрам Лагожскага княства, а з ХІІІ стагоддзя ўваходзіў у склад ВКЛ.

За перыяд існавання Лагойск з’яўляўся ўладаннем князя віцебскага і вялікага князя літоўскага Ягайлы – унука Гедыміна і сына вялікага князя літоўскага Альгерда; Скіргайлы, старэйшага брата Ягайлы; вялікага князя літоўскага Вітаўта – пляменніка Альгерда і сына Кейстута. Уласнасцю Гедымінавічаў Лагойск заставаўся да 1460 года. Затым 70 гадоў горадам валодалі магнаты Чартарыйскія, а з 1531 года і да пачатку ХХ стагоддзя – Тышкевічы.

Самай старажытнай культавай забудовай на Лагойшчыне з’яўляецца Свята-Мікалаеўская царква, пабудаваная ў XII-XIII стагоддзях у маёнтку Загароддзе на “Царковішчы”, што ў наступным была спалена татарамі. Як лічаць гісторыкі, пры Свята-Мікалаеўскай царкве ў 1387 годзе на месцы разбуранага замка быў заснаваны праваслаўны манастыр Іаана Прадцечы. Колькі ён праіснаваў, невядома.

У 1505 годзе, падчас вайны з Крымскім ханствам, Лагойск быў разбураны ў выніку нападу перакопскіх татар, пацярпела і замкавая Богаяўленская царква. Захавалася Прачысценская, што была прыпісной да замкавай, стаяла на ўзвышэнні над ракой і ў якой працягваліся набажэнствы. Са старажытных часоў вакол Прачысценскай царквы размяшчаліся могілкі.

Манастыр у гэты час ужо не згадваецца.

У другой палове ХV стагоддзя польскі кароль Казімір Ягелончык аддаў Лагойск князям Чартарыйскім.

З 1532 года ўладальнікам Лагойска стаў ваявода падляшскі Васіль Тышкевіч, намаганнямі якога была адноўлена старая Богаяўленская царква і заснаваны аднайменны манастыр, што дзейнічаў каля ста гадоў.

У канцы 20-х гадоў ХVII стагоддзя замкавая Богаяўленская царква і манастыр згарэлі ў выніку пажару. Манастыр не сталі аднаўляць на папярэднім месцы. У 1631 годзе перанеслі ў фальварак Сялец, што размешчаны за 9 км ад Лагойска.

Фундатарам новага манастыра стаў Юрый Тышкевіч з жонкай Марыяй Уняхоўскай. Манастыр назвалі ў імя Узнясення Гасподняга. Пасля смерці Юрыя Тышкевіча яго нашчадкі не падтрымалі праваслаўе. У Лагойску атрымала распаўсюджанне унія.

Хутчэй за ўсё з сярэдзіны ХVII стагоддзя на Лагойшчыне праваслаўным заставаўся толькі Уваскрасенскі манастыр у Сяльцы. Не зразумела, каму належала старая Прачысценская царква і цэрквы Святога Юрыя і Праабражэння Гасподняга, калі яны ўжо існавалі да гэтага часу.

У час Паўночнай вайны 1700 – 1721 гадоў Лагойск быў захоплены шведамі. Замак Лагойскі разбураны. На месцы замка ў 1765 годзе пабудавалі манастыр Базыліянскага ордэна.

Уваскрасенскі манастыр (пазней Свята-Петрапаўлаўскі) заставаўся праваслаўным да 1751 года, пасля чаго біскуп Антоній Тышкевіч аддаў яго базыліянам. Для іх жа ён аднавіў у 1752 годзе былую Богаяўленскую царкву і заснаваў пры ёй уніяцкі манастыр.

Праз некаторы час, у 1763 годзе, граф Станіслаў Тышкевіч выкупіў у праваслаўных манахаў фальварак Сялец за 20000 злотых і перадаў яго ва ўласнасць базыліян.

Так на Лагойшчыне перастала існаваць апошняя апора старажытнага праваслаўя…

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе горад Лагойск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі і стаў цэнтрам Барысаўскага павета.

На той час, акрамя манастырскага храма, у Лагойску налічвалася яшчэ чатыры царквы: Прачысценская, Свята-Юр’еўская, Спаса-Праабражэнская і Свята-Мікалаеўская.

Дзве прыпісныя царквы Мікалаеўскага ўніяцкага благачыння: Свята-Георгіеўская ў в. Рудня і Нараджэння Божай Маці ў Хатыні – згадваюцца ў першай палове ХІХ стагоддзя, у “Визите” 1806 года.

У 1834 годзе Лагойскі базыліянскі манастыр закрылі, а Богаяўленскі храм зрабілі прыходскім. Святар Канстанцін Шышко пасля ліквідацыі уніі ў 1839 годзе разам з паствай прыняў Праваслаўе.

Самастойна Богаяўленскі храм дзейнічаў да 1841 года, а пасля на некаторы час быў прыпісаны да Свята-Мікалаеўскага храма.

У перыяд з 1839 па 1844 гады ўсе лагойскія цэрквы вярнуліся ў Праваслаўе.

З 1848 года, пасля праведзенага рамонту ў Богаяўленскім храме, Свята-Мікалаеўскай царкве надалі статус прыпісной. Да сярэдзіны XIX стагоддзя Мікалаеўская царква, так як і Прачысцінская, і Спаса-Праабражэнская моцна струхлелі. Рамонт усіх цэркваў патрабаваў вялікіх выдаткаў, таму па хадайніцтву графа Канстанціна Тышкевіча, які на той час валодаў мястэчкам, вырашана было ўзвесці ў Лагойску адзін мураваны храм.

Жыццё горада ў ХІХ стагоддзі было цесна звязана з імёнамі вучоных – братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў. Пры іх Лагойск дасягнуў найбольшага росквіту.

Бацька Канстанціна і Яўстафія, Пій Тышкевіч (1756 – 1858), у 1814–1819 гадах пабудаваў у Лагойску акружаны пейзажным паркам і пладовым садам цудоўны палац у стылі ампір.

Адзначым, што ў 100-гадовым узросце Пій Тышкевіч быў абраны ганаровым членам Віленскай археалагічнай камісіі, і ад яго сыны ўнаследавалі любоў да гісторыі і археалогіі, захапленне калекцыянаваннем і краязнаўствам.

У 1842 годзе браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы стварылі ў палацы першы на тэрыторыі Беларусі гісторыка-археалагічны музей старажытнасці, у якім пераважна былі прадметы з археалагічных раскопак.

Тышкевічы вылучылі ў палацы два памяшканні для музея. Тут размяшчалася на сценах больш за 200 работ італьянскіх мастакоў, палотны рускіх, беларускіх і польскіх мастакоў, партрэты ўсіх членаў роду Тышкевічаў, захоўвалася нумізматычная калекцыя з больш чым 1140 медалёў і манет, архіў рукапісаў; вялікая бібліятэка, што налічвала больш за 300 тамоў. На вялікі жаль, цяпер у Лагойску захоўваецца толькі адна кніга з калекцыі графаў Тышкевічаў   .

Яўстафій Тышкевіч быў заснавальнікам і старшынёй Віленскай археалагічнай камісіі. Дзякуючы яго намаганням на аснове лагойскага збору ў 1856 годзе ў Віленскім універсітэце быў адкрыты Музей старажытнасці, калекцыя Тышкевічаў паслужыла грунтам пры стварэнні археалагічнага музея.

Пасля 1864 года экспазіцыю музея істотна змянілі, а прадметы калекцыі сталі паступова “расцякацца” па свеце – у Маскву, Варшаву, Кракаў, Пецярбург…

Выгляд палаца Тышкевічаў можна ўбачыць на малюнку знакамітага мастака Напалеона Орды, які прыязджаў у 1883 годзе ў Лагойск і адлюстраваў яго наваколлі для нашчадкаў.

Палац Тышкевічаў. Напалеон Орда. 1883 г.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года будынак палаца быў нацыяналізаваны. Некаторы час у палацы Тышкевічаў размясціўся НКУС, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны тут было гестапа з турмой у падвалах. Палац Тышкевічаў быў узарваны партызанамі. Пасля вайны руіны паступова разбіраліся мясцовымі жыхарамі на гаспадарскія патрэбы. Да нашых дзён ад палаца Тышкевічаў захаваліся толькі руіны.

Руіны палаца Тышкевічаў. 2022 г. Фотаздымак: Святлана Сталярова.

Часткова захаваўся паркавы ансамбль. Лагойскі пейзажны парк як фрагмент маёнтка графоў Тышкевічаў з’яўляецца батанічным памятнікам прыроды мясцовага значэння.

Цяпер праз парк у Лагойску пралягаюць пешаходныя і веласіпедныя дарожкі. На беразе Гайны, каля моста праз яе, знаходзяцца невялікія глядзельныя пляцоўкі і прыстань, адкрываюцца віды на акаляючы ландшафт з поймай ракі і лясістымі ўзвышэннямі.

Адной з галоўных каштоўнасцей горада з’яўляецца царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца, якая сёння ўваходзіць у многія паломніцкія маршруты.

Асноўны аб’ект на маршруце

ХРАМ СВЯЦІЦЕЛЯ МІКАЛАЯ ЦУДАТВОРЦА

Першая згадка пра храм датуецца 1653 годам. Усяго за сваю гісторыю храм абнаўляўся чатыры разы: у 1734, 1795, 1824 і 1866 гадах.

Храм у гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Лагойску размешчаны на ўзвышэнні пры ўездзе ў горад, на правым беразе ракі Гайна.

Лагойскі Свята-Мікалаеўскі храм. ХХ ст.

Пабудаваны храм пад кіраўніцтвам святара Іаакіма Хруцкага на тым самым месцы, дзе з пачатку ХVI стагоддзя стаяла Прачысценская царква. Асвечаны 11/24 верасня (н.ст.) 1866 года.

У “Апісаннях цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі” (1864 год) даецца характарыстыка новай царквы: “будынкам мураваная, уладкавана прадаўгаватым прамавугольнікам з адным адкрытым купалам на сярэдзіне будынка і званіцаю ў франтоннай частцы… Унутраная ўмяшчальнасць прыстасавана на 700 чалавек… Іканастас пафарбаваны ў светла-блакітны колер з пазалочанымі карнізамі і рамамі, складаецца з 20 абразоў, што размешчаны ў два шэрагі. Акрамя гэтага, ёсць мясцовашанаваная ікона Божай Маці, велічынёю з паўтара аршына, упрыгожаная сярэбраным акладам… Да каштоўнага начыння адносяцца два сярэбраныя прыборы літургійных пасудзін… У званіцы змяшчаецца пяць званоў: адзін вагою 10 пудоў, другі – 6 пудоў і тры званы вагою кожны каля 35 фунтаў”.

Лагойскі храм у гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. 1900 г.

У 1907 годзе храму вернута старажытная Лагойская ікона Божай Маці “Знаменне”, якую лічылі страчанай. Цяпер у храме захоўваецца спіс гэтага абраза.

У 1889 годзе настаяцелем храма стаў 27-гадовы святар Васілій Вержбаловіч, які аддаў пастырскаму служэнню 63 гады жыцця, 53 з іх – у Лагойскім храме Мікалая Цудатворца.

Перад 1917 годам за храмам налічвалася каля 600 двароў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі крыху больш за 10 гадоў храм яшчэ дзейнічаў. Пасля ўлады яго закрылі і ператварылі ў зернесховішча.

У 1934 годзе айца Васілія, які ўжо 2 гады як служыў настаяцелем царквы ў в. Волма Мінскага раёна, арыштавалі і выслалі ў лагер. Вызваліўся бацюшка Васілій толькі перад Вялікай Айчыннай вайной. У Лагойск вярнуўся ў верасні 1942 года і да канца жыцця служыў Богу і людзям.

У час фашысцкай акупацыі, у 1941 годзе, вернікі адкрылі свой храм, і да цяперашняга часу набажэнствы ў ім не перапыняюцца. У 1942 – 1944 гадах настаяцелем храма быў айцец Антоній Зубовіч, а з 1944 па 1949 год айцец Васілій Вержбаловіч.

Інтэр’ер храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца.

У 1980-я гады сцены храма распісаны майстрамі-іканапісцамі з Сергіева Пасада на чале з вядомым майстрам А.Сталяровым.

Храм двухпрастольны. Прыдзел у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца распісаны на тэму Апакаліпсіса. Алтар храма – на тэму Тайнай Вячэры. Усе фігуры выкананы так, быццам яны лунаюць высока ў небе. Выявы святых на калонах ствараюць уражанне прысутнасці іх у храме. Сярод шматлікіх выдатна выкананых абразоў ёсць усе беларускія святыя.

Другі прыдзел асвечаны ў імя прападобнага Сімяона Новага Багаслова. Знаходзіцца ён з паўночнага боку, левага ад галоўнага прыдзела.

Лагойская ікона Божай Маці “Знаменне”. 2000 г.

ЦУДАТВОРНАЯ ЛАГОЙСКАЯ ІКОНА БОЖАЙ МАЦІ

У храме захоўваецца святыня Лагойскай зямлі – ікона Божай Маці “Знаменне”, свята ў гонар якой штогод 10 снежня (н.ст.) адзначае Праваслаўная Царква.

Лагойская ікона мае арыгінальныя асаблівасці, што адрознівае яе ад іншых абразоў “Знаменне”: выява залатых промняў, што маюць форму языкоў полымя, у німбах Божай Маці і Дзіцяці Хрыста (іх форма нагадвае вогненныя языкі Духа Святога з іканаграфіі Сыход Святога Духа на апосталаў; благаслаўленне абедзвюма рукамі Дзіцяці Хрыста (на Наўгародскай, Царскасельскай, Алабацкай іконах “Знаменне” Дзіця Хрыстос благаслаўляе правай рукой, а ў левай трымае скрутак – сімвал Добрай весткі).

На думку іканапісца Андрэя Жарава, выказаную ў артыкуле “Чудотворная Логойская икона Божией Матери, именуемая “Знамение”, можна дапусціць, што сэнс такой выявы Хрыста заключаецца ў раскрыцці тэмы Хрыста як Першасвятара. Такі жэст нагадвае, што Хрыстос – гэта вялікі Архіерэй, глава Царквы, якая ствараецца Духам Святым, дзеянні Якога сімвалізуюць языкі полымя, што адлюстраваныя ў німбах Божай Маці і Дзіцяці Хрыста на Лагойскай іконе, раскрываючы багаслоўскія аспекты Богаўвасаблення і хрысціянскай эклезіялогіі.

Гісторыя іконы няпростая. Упершыню згадваецца пра ікону Божай Маці Лагойскую яшчэ ў ХІV стагоддзі. Абраз знікаў некалькі разоў і да сёння невядома, дзе знаходзіцца арыгінал святыні.

У храме ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Лагойску знаходзіцца шанаваны спіс з цудатворнай Лагойскай іконы Божай Маці “Знаменне”.

Упершыню абраз быў страчаны ў няпростыя часы ўніяцтва, аднак перад рэвалюцыяй, у 1907 годзе, святыню адшукалі ў асабістым зборы знакамітага мінскага калекцыянера Генрыха Татура. Пасля смерці ўладальніка калекцыі яго ўдава пагадзілася вярнуць святыню храму.

З гэтай нагоды былі наладжаны ўрачыстасці, арганізаваны шматтысячны хрэсны ход, падчас якога з 21 верасня па 23 верасня (н.ст.) 1907 года вернікі неслі на руках знойдзеную святыню з Мінска ў Лагойск. Так ікона была вернута ў Свята-Мікалаеўскую царкву.

Паштоўка 1907 года з выявай Лагойскай Божай Маці.

Цудатворная ікона лічылася даўнім знакам старажытнага праваслаўя на Лагойшчыне. З распаўсюджваннем уніяцтва яна перайшла да новых уладальнікаў і яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя захоўвалася ў Богаяўленскім уніяцкім базыліянскім манастыры. Пасля апынулася ў калекцыі графоў Тышкевічаў, у якіх была набыта згаданым ужо Генрыхам Татурам.

Пасля паўторнага знікнення іконы ў 1917 – 1922 гадах пра месца яе знаходжання да сёння ніякіх звестак, на вялікі жаль, няма.

У 1942 – 1944 гадах па паштоўцы 1907 года быў створаны спіс старажытнай Лагойскай іконы Божай Маці “Знаменне”.

Старажытны абраз Лагойскай іконы Божай Маці “Знаменне”.

У 2000 годзе група іканапісцаў на чале з Паўлам Жаравым стварылі копію іконы Божай Маці ў візантыйскім стылі. У тым жа годзе, 2 верасня, ікона асвечана мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Жыватворная крыніца.

З-пад алтара Мікалаеўскага храма выцякае святая крынічка ў імя свяціцеля Мікалая, асвячэнне якой адбылося ў 2005 годзе мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам.

Да крыніцы пастаянна едуць і ідуць людзі, каб набраць цудадзейнай вады. Як сцвярджаюць шматлікія вернікі, пасля наведвання крыніцы адбываюцца разнастайныя ацаленні, асабліва ад духоўных немачаў і захворванняў ног.

Цяпер на крыніцы ўладкавана закрытая купальня для абмывання і асобны выхад вады пад драўлянымі шатамі для набору яе ў бутлі. Існуюць сведчанні, што пасля наведвання жыватворнай лагойскай крыніцы, многія сямейныя пары, па веры іх, пасля доўгіх гадоў чакання змаглі нарадзіць дзетак.

Вернікі лічаць, што вада найперш дапамагае чалавеку пазбавіцца ад ворагаў бачных і нябачных, бо менавіта з імі і змагаўся Мікалай Цудатворац.

На прастольнае свята Мікалая Цудатворца заўсёды адбываюцца хрэсныя хады да крыніцы з правядзеннем вадасвяцкага набажэнства.

Купальня.

Пры храме дзейнічае сястрыцтва ў гонар іконы Божай Маці Лагойскай, маладзёжнае брацтва ў гонар 3-х Віленскіх пакутнікаў. Працуе бібліятэка, нядзельная школа; акармляюцца малітоўныя пакоі: у Доме састарэлых і інвалідаў – у гонар іконы Божай Маці “Іверская”, у раённай бальніцы – у гонар велікапакутніка і лекара Панцеляймона.

З 1999 года службы ў храме здзяйсняюцца штодня.

Скульптура Лагойскай Божай Маці “Знаменне”.

На ўездзе ў горад Лагойск з боку Мінска ўладкавана скульптура Лагойскай Божай Маці “Знаменне” аўтара Уладзіміра Слабодчыкава. Адкрылі скульптуру 24 верасня 2016 года, да 150-годдзя Свята-Мікалаеўскага храма. Правобразам яе паслужыла цудатворная ікона, ахоўніца Лагойска. Яна благаслаўляе не толькі жыхароў горада, але і яго гасцей.

…Гісторыя лагойскай Свята-Мікалаеўскай царквы бярэ пачатак у далёкім мінулым. Набегі ворагаў, пажары, войны не знішчылі веру жыхароў Лагойшчыны, якая выстаяла і ўсё стрывала. Адбудоўвала разбураныя храмы і будавала новыя, абараняла ў гады ліхалецця родную зямлю. Верыла і спадзявалася.

Будзем жа маліцца і верыць, што некалі Гасподзь верне цудатворную ікону Божай Маці “Знаменне”, святыню Лагойскай зямлі, у родны храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ і Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Літаратура

Кривонос Ф., свящ. Свято-Николаевский храм в Логойске // Минские епархиальные ведомости. — 2004. — № 2. — С. 56-60.

Крыніцы: