Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Храм Стрэчання Гасподняга ў Драгічыне – помнік народнага драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў цэнтры горада ў ХІХ ст. пасля таго, як папярэдні храм часоў Вялікага Княства Літоўскага, узведзены ў стылі барока, прыйшоў у заняпад (па некаторых звестках, у 1827 годзе пацярпеў ад пажару).

У 1837 годзе выйшла распараджэнне Літоўскай духоўнай кансісторыі “Аб пабудове ў мястэчку Драгічын новай прыходскай царквы”. Пасля ліквідацыі ўніяцкага манастыра ў распараджэнне Свята-Стрэчанскай царквы быў перададзены яго мураваны аднапавярховы будынак. Аднак памяшканне было старое, сцены тонкія, перабудаваць яго пад патрэбы праваслаўнага храма не ўяўлялася магчымым. Некаторы час, як сведчаць метрычныя кнігі, праваслаўныя службы ўсё ж там праводзіліся (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. – Ф.112. – Воп.1.; 1845 г., 1861 г.).
Пытанне пра будаўніцтва новага храма вырашалася амаль 20 гадоў. У 1858 годзе Кобрынскі павятовы прадстаўнік дваранства падаў прашэнне ў Гродзенскую губернскую будаўнічую кампанію і атрымаў станоўчы адказ: “…дазволіць святару Паўловічу заняцца нарыхтоўкай дрэва на будаўніцтва царквы на суму 775 рублёў, што знаходзяцца ў яе наяўнасці”.
Да гэтага прашэння было дададзена два планы: адзін – пра сапраўдны стан царквы, другі – на яе перабудову. Гродзенскай губернскай будаўнічай камісіі было рэкамендавана зрабіць каштарыс і чарцяжы новай царквы. 24 лютага 1858 года яны былі зацверджаны.
На чарцяжы царквы ёсць надпіс начальніка стала губернскага ўпраўлення: “Чертеж сей был принят в сооружение при проверке сметы, найден удовлетворительным и цели своей соответствует, в чем искусственный стол и удостоверяет с надлежащей за то ответственностью”.

У адпаведнасці з вопісам 1892 года Літоўскай епархіі Свята-Стрэчанская царква мястэчка Драгічына адлюстравана як царкоўны драўляны будынак на каменным падмурку, у выглядзе прадаўгаватага чатырохвугольніка, пабудавана на сродкі прыхода ў 1863 годзе.
Прамавугольны зруб накрыты двухскатным дахам. Да галоўнага фасада прымыкае трох’ярусная чацверыковая званіца, якая завяршаецца шатром з цыбулевіднай галоўкай.
Галоўны ўваход аформлены ганкам з двухскатным навесам на двух слупах. Бакавыя фасады гарызантальна абшытыя дошкамі і рытмічна раздзелены стрэльчатымі аконнымі праёмамі і вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі. Інтэр’ер зальны. Пры ўваходзе хоры на двух слупах.

Драгічынская царква Стрэчання Гасподняга асвечана ў 1863 годзе. Па некаторых звестках, у канцы ХІХ ст. значны ўклад у добраўпарадкаванне храма ўнесла сям’я імператара Аляксандра ІІІ у гонар нараджэння ў 1868 годзе спадчынніка Расійскага прастола Мікалая ІІ.
Як згадвалі старажылы, у гады Першай сусветнай вайны кайзераўскія салдаты ператварылі царкву спачатку ў хлебапякарню, а пасля ў канюшню для нямецкай арміі. Шмат мясцовых жыхароў стала бежанцамі, але да канца 1918 года многія вярнуліся дадому і адразу ўзяліся за аднаўленне храма.
Будынак храма адрамантавалі, але ён ужо не зусім адпавядаў першапачатковаму плану.
У аснове храма Стрэчання Гасподняга – чатырохсценны зруб пад двухскатным дахам. На франтальным фасадзе трох’ярусная званіца з чатырма званамі. Над алтарнай часткай храма таксама размешчаны невялікі купал, увянчаны крыжам.
Над галоўным уваходам – дах, які абапіраецца на два слупы з абодвух бакоў цвінтара. Іканастас у царкве двух’ярусны.

Большасць абразоў у храме напісаны ў 1950–1960-я гады псаломшчыкам храма Сцяпанам Чурылам. Знаходзіцца ў храме мясцовашануемая цудадзейная ікона Божай Маці, па малітве вернікаў да Якой здараюцца ацаленні ад цяжкіх хвароб, у сем’ях нараджаюцца доўгачаныя дзеці. Як распавядаюць прыхаджане, абраз гэты ахвяравалі храму ў знак удзячнасці Усяміласціваму Госпаду набожныя жыхары Драгічына, вярнуўшыся ў 1920-я гады з Амерыкі, дзе знаходзіліся ў заробках.
З устанаўленнем савецкай улады царква прыйшла ў заняпад.
У 1970-я гады на працу ў Драгічын перавялі протаіерэя Пятра Пінчука, які пераехаў у горад з сям’ёй.
З любоўю і стараннямі ўзяўся айцец Пётр за аднаўленне Стрэчанскага храма. На вачах у прыхаджан з кожным годам царква прыгажэла і станавілася ўтульным домам для вернікаў, якія ўсё больш імкнуліся сюды з добрым сэрцам і шчырай малітвай.
Праз пэўны час протаіерэй Пётр Пінчук пачаў будаўніцтва хрысцільні, але завяршыць, на жаль, не паспеў. У 2002 годзе святар адышоў да Госпада.
У падлеткавым узросце нядзельную школу, што адкрылася пры царкве Стрэчання Гасподняга, наведваў цяперашні яе настаяцель Аляксандр Кучма. Спачатку чытаў на клірасе, прыслужваў тагачаснаму настаяцелю храма протаіерэю Пятру Пінчуку, які праз пэўны час благаславіў маладога чалавека на паступленне ў Духоўную семінарыю.
Служэнне Богу і людзям у драгічынскім храме Стрэчання Гасподняга прадоўжыў сын айца Пятра, протаіерэй Іаан Пінчук. Менавіта яго намаганнямі было завершана будаўніцтва хрысцільні, актыўна працавала нядзельная школа. Нагадаем, што ў гэты час клірыкам у храме служыў айцец Аляксандр Кучма, цяперашні настаяцель храма.
…Кожны год у прастольнае свята Стрэчання Гасподняга ў драгічынскім храме адбываюцца ўрачыстыя набажэнствы.

З нагоды прастольнага свята 15 лютага 2024 года Божую літургію ў храме Стрэчання Гасподняга здзейсніў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сяргей Петрусевіч, настаяцель храма іерэй Аляксандр Кучма, духавенства Драгічынскага і Кобрынскага благачынняў Брэсцкай епархіі. Богаслужэбныя песнаспевы выканаў хор храма Стрэчання Гасподняга пад кіраўніцтвам Вольгі Кучмы – матушкі Вольгі, якая са светлай радасцю і сардэчнай любоўю нясе паслушэнства рэгента святочнага царкоўнага хору.
Пасля Божай літургіі адбыўся чын асвячэння стрэчанскіх свечак, хрэсны ход, які ўзначаліў архіепіскап Іаан, а таксама асвячэнне святой вадой храма. Яго Высокапраасвяшчэнства благаславіў нядаўна створанае моладзевае брацтва ў гонар свяціцеля Нектарыя Эгінскага, прадстаўнікі якога неслі паслушэнства на Літургіі.

Шмат увагі надаецца святарамі драгічынскага храма Стрэчання Гасподняга падтрымцы сям’і ў самым галоўным – у выхаванні добрага сэрца дзіцяці. Дарослыя імкнуцца напоўніць душы дзяцей любоўю, святлом і дабром.
Настаяцель храма іерэй Аляксандр Кучма і клірык храма іерэй Аляксандр Палоска – частыя госці ў школах і дзіцячых садках горада.
У даступнай для дзяцей форме – праз гутаркі, казкі, светлыя гісторыі, сумесную творчасць – святары гавораць пра сілу добрых і ветлівых слоў, узаемадапамогу, сяброўства, любоў і павагу да бацькоў, беражлівае стаўленне да прыроды.
Пры храме дзейнічае нядзельная школа, бібліятэка, якую можа наведаць кожны, хто пажадае. З 2013 года працуе школа для бацькоў і дзяцей “Расцём разам з храмам”. Як лічыць айцец Аляксандр Кучма, прыклад набожных бацькоў вельмі важны для дзяцей: “якія сёння мы самі, такімі заўтра будуць нашы дзеці”.

Моладзевае праваслаўнае брацтва ў гонар свяціцеля Нектарыя Эгінскага створана ў 2023 годзе. Моладзь і дарослыя актыўна ўдзельнічаюць у самых розных творчых конкурсах і праектах, культурных падзеях, якія дапамагаюць глыбей адчуць сувязь паміж мінулым і сучасным, стаць крыніцай для роздуму аб важнасці фарміравання духоўна-маральных асноў асобы.
Адна з такіх падзей – сумесны прагляд у лютым 2025 года дакументальнага фільма “Абіцель святой Еўфрасінні”, знятага на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” па благаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна з нагоды юбілею – 900-годдзя Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Полацку.

Святары адзначаюць, што выхаванцы праваслаўнага брацтва пры храме Стрэчання Гасподняга добрыя сэрцам, працалюбівыя, з павагай ставяцца да старэйшых, паказваюць добрыя вынікі ў вучобе, многія з іх паступаюць у вну. Адзін з іх, Аляксандр Астаповіч, як і яго духоўны настаўнік, выбраў прафесію святара і паступіў у Духоўную семінарыю.
Важным прыкладам для выхаванцаў, якія паказваюць добрыя вынікі ў вучобе і спорце, творчасці, з’яўляюцца дарослыя – бацькі і святары храма. Дарослыя радуюцца поспехам дзяцей, а моладзь – поспехам дарослых.
У 2025 годзе клірык храма іерэй Аляксандр Палоска заняў 1-е месца ў Рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе метадычных распрацовак у галіне рэлігійнай асветы і духоўна-маральнага выхавання “Скарбніца мудрасці” з катэхізічнай распрацоўкай “Духоўны маршрут: ад буклета да храма”.
25 студзеня 2026 года пасля нядзельнай Божай Літургіі ў драгічынскім храме Стрэчання Гасподняга настаяцель прыхода іерэй Аляксандр Кучма і клірык храма іерэй Аляксандр Палоска павіншавалі выхаванцаў нядзельнай школы з перамогамі ў міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці “Прыгажосць Божага свету” і епархіяльных конкурсах, прысвечаных Тыдню бацькоўскай любові.
Юныя прыхаджане, у сэрцах якіх жыве любоў да Бога і свайго бліжняга, атрымалі дыпломы, памятныя падарункі з пажаданнямі новых творчых перамог і цікавых ідэй.

Драгічынскі драўляны храм Стрэчання Гасподняга, які ў 2028 годзе будзе адзначаць 165-годдзе з часу заснавання, унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Прастольнае свята храма – 15 лютага, у дзень святкавання Стрэчання Госпада Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы
- https://drogblag.by
- https://pravbrest.by
- https://hrambel.by
- https://planetabelarus.by
- https://www.drogichin.by
- https://ekskursii.by
- https://drevlehranitel.by
- https://www.radzima.net
- https://drohiczynpoleski.wordpress.com
- https://globustut.by
- https://www.radzima.org
- https://www.drogichin.brest-region.gov.by






