“Наш шлях – крыжовы шлях”: гісторыя лёсу свяшчэннапакутніка Паўліна (Крошачкіна), архіепіскапа Магілёўскага

Святую веру продкаў, свой род,

культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

3 лістапада – дзень памяці свяшчэннапакутніка Паўліна (Крошачкіна), архіепіскапа Магілёўскага.

Нарадзіўся свяшчэннапакутнік Паўлін (свецкае імя – Пётр Кузьміч Крошачкін) 19 снежня 1879 года ў вёсцы Керанкова Макшанскага павета Пензенскай губерні ў сям’і набожных сялян.

Бацька, Кузьма Іванавіч, памёр падчас руска-турэцкай вайны. Выхоўвала Пятра маці, Анастасія Кірылаўна (у манастве – Еўдакія), якая адрознівалася строгім дабрадзейным жыццём, нават праз некаторы час прыняла манаскі пострыг.

У васьмігадовым узросце Пётр паступіў у прыходскую школу, пасля заканчэння якой працягваў вучыцца ў Макшанскім гарадскім вучылішчы. У гэты час падлетак часта наведваў богаслужэнні ў Макшанскім Казанскім манастыры. Менавіта ў той час у будучага свяціцеля Паўліна ўзнікла жаданне стаць манахам і прысвяціць сваё жыццё Богу.

Свяшчэннапакутнік Паўлін (Крошачкін).

Вядома, што падчас вучобы Пётр моцна захварэў і доўга лячыўся. Маці шчыра малілася, просячы Бога дараваць сыну ацаленне, бо надзеі на ўрачоў ужо не заставалася. На шчасце, сын паправіўся. З вялікай удзячнасці да Госпада маці вырашыла пабываць з сынам у Сароўскім Свята-Успенскім манастыры. Прыехаўшы туды, Пётр яшчэ больш пераканаўся ў сваім намеры прыняць манаства.

          У 1895 годзе, калі сыну споўнілася 16 гадоў, маці благаславіла яго на манаскі подзвіг. Пётр паступіў паслушнікам у Сароўскі манастыр, дзе выконваў розныя паслушэнствы на працягу трох гадоў, пасля падвізаўся ў Растоўскім Спаса-Якаўлеўскім і Кастрамскім Мікола-Бабаеўскім манастырах.

Малады паслушнік імкнуўся да ведаў, і манастырскае начальства, заўважыўшы асаблівыя здольнасці юнака, з рэкамендацыйным лістом у 1904 годзе накіравала яго ў Маскоўскі Наваспаскі манастыр. Там  ён нёс кліраснае паслушэнства і займаўся самаадукацыяй.

У 1910 годзе Пётр Крошачкін прыняў манаскі пострыг з іменем Паўлін у гонар свяціцеля Паўліна Міласцівага, епіскапа Ноланскага.

Праз некаторы час манах Паўлін скончыў экстэрнам за адзін год чатырохгадовы курс Маскоўскай духоўнай семінарыі і паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію, якую скончыў таксама паспяхова.

Спачатку іераманах, затым архімандрыт Наваспаскага манастыра Паўлін (Крошачкін) набыў глыбокую павагу сярод людзей сваім пранікнёным служэннем і любоўю да бліжняга.

Уладыка Паўлін (Крошачкін), епіскап Рыльскі, вікарый Курскай епархіі.

У 1921 годзе ўладыка Паўлін (Крошачкін) у саракадвухгадовым узросце прызначаны епіскапам Рыльскім, вікарыем Курскай епархіі. Хіратонію здзейсніў Свяцейшы Патрыярх Ціхан (Бялавін).

За чатыры гады служэння ў епархіі ўладыка правёў службы ва ўсіх цэрквах, наведаў усе манастыры, у многіх з якіх чытаў пропаведзі. Асабліва часта бываў у Пуціўльскім Моўчанскім і Глінскім манастырах.

У перыяд служэння ў Курскай епархіі ўладыка з маці пабывалі ў Макшанскім павеце Пензенскай губерні і ў сваёй роднай вёсцы. Ад той паездкі у іх засталіся самыя цёплыя ўражанні. Аднак на душы было трывожна.

Страшэнны голад 1921 года стаў прычынай ганенняў на Царкву. Па ўсёй краіне ішлі судовыя працэсы над святарамі, якіх абвінавачвалі ў тым, што хаваюць царкоўныя каштоўнасці і не аддаюць іх на карысць галадаючых Паволжа.

Восенню 1922 года Глінскі манастыр закрылі. Дзесяць манахаў, у іх ліку айцец Таўрыён (Батозскі) і Андронік (Лукаш), знайшлі прытулак у Рыльскім Мікалаеўскім манастыры, дзе імі доўгі час апекаваўся епіскап Паўлін. І яны ўсюды суправаджалі ўладыку, заўсёды былі побач з ім.

Епіскап Паўлін (Крошачкін) і яго кялейнік іераманах Андронік (Лукаш). На адваротным баку фотаздымка – дарчы надпіс уладыкі. 1928 г.

5 снежня 1922 года бяда прыйшла і да ўладыкі Паўліна. Яго арыштавалі, адвезлі ў Маскву і пасадзілі ў турму нібы “за растрату хлеба і сродкаў, сабраных для галадаючых Паволжа”. У турме ўладыка прабыў каля года, увесь час знаходзіўся ў адзіночнай камеры. Зрабіў з мякішу хлеба крыж і маліўся перад ім, за што трываў шмат прыніжэнняў.

Пазней той няпоўны год знаходжання ў адзіночнай камеры, дзе ўладыка зведаў не толькі слоўныя абразы, але і фізічныя пабоі, ён назваў “другой акадэміяй”.

Пасля вызвалення некаторы час уладыка Паўлін жыў у сяброў і блізкіх знаёмых у Маскве. Шмат чытаў і маліўся.

14 кастрычніка 1926 года епіскап Паўлін прызначаны на Полацка-Віцебскую епархію. Аднак на месца прызначэння не прыехаў. У той час, пасля скону Свяцейшага Патрыярха Ціхана ў 1925 годзе, склалася складаная і супярэчлівая сітуацыя ва ўнутрыцаркоўным жыцці і паміж Царквою і свецкай уладай. Неабходна было абраць мудрага і дзейснага наступніка Патрыярха Ціхана. У завяшчанні Свяцейшы назваў кандыдатаў на часовае выкананне патрыяршых абавязкаў мітрапалітаў Кірыла (Смірнова), Агафангела (Праабражэнскага) і Пятра (Палянскага).

Першыя двое былі арыштаваны. Трэці, мітрапаліт Пётр (Палянскі), стаў Месцаахоўнікам Патрыяршага Прастола, але ён не хацеў прымаць умовы, што дыктавала Царкве свецкая ўлада. Неўзабаве ён быў арыштаваны, але да свайго пакутніцкага скону заставаўся непахісным і нязломным. Прадбачачы арышт і сваю будучыню, ён загадзя прызначыў сваім намеснікам на час сваёй адсутнасці мітрапаліта Сергія (Страгародскага).

14 снежня 1925 года мітрапаліт Сергій стаў намеснікам Патрыяршага Месцаахоўніка. Ён разумеў складанасць абставін і сваю адказнасць перад Богам і Царквой. Рэальна ацэньваў свае сілы і магчымасці. Ведаў, што большасць іерархаў знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі або ў стане абнаўленцаў.

Да канца 1925 года ў Салавецкім лагеры апынуліся 24 епіскапы і архіепіскапы. Ад зняволеных, што прыбывалі ў лагер, яны ведалі пра настроі ў Царкве. З трывогай ацэньвалі звесткі, што даходзілі да іх, задумваліся пра будучыню Царквы і лёсы святароў.

7 чэрвеня 1926 года на тайнай нарадзе 17 архіерэяў падрыхтавалі зварот да ўрада СССР. Гэты зварот вядомы як “Памятная запіска Салавецкіх епіскапаў”, дзе выказвалася просьба пакласці канец сумным непаразуменням паміж Царквою і савецкай уладай.

У ходзе пошуку выйсця са становішча ў іерархаў наспела рашэнне: абраць Патрыярха шляхам збору подпісаў архіерэяў. Мітрапаліт Сергій змушаны быў пагадзіцца з меркаваннем іерархаў. Кіраўніцтва правядзеннем такіх выбараў Патрыярха было даручана епіскапу Паўліну (Крошачкіну). Яго памочнікамі сталі іераманах Таўрыён (Батозскі) і свецкія – бацька і сын Куўшынавы. Да лістапада 1926 года яны сабралі 72 подпісы архіерэяў.

Аб правядзенні выбараў Патрыярха без узгаднення з дзяржаўнымі органамі ўлады стала вядома НКУС. Пачаліся новыя арышты. Мітрапаліт Сергій (Страгародскі) быў арыштаваны ў лістападзе 1926 года, а епіскап Паўлін (Крошачкін) – 8 снежня таго ж года ў г. Курску.

Усе жахі зняволення за ўдзел у арганізацыі тайных выбараў Патрыярха епіскап Паўлін перажываў з выключнай пакорай і стойкасцю.

Епіскап Пермскі і Салікамскі Паўлін (Крошачкін) з блізкімі. 1928 г.

Пасля вызвалення з-пад варты епіскап Паўлін знаходзіўся пад адміністрацыйным наглядам, жыў без права выезду з Курска. 1 снежня 1927 года ён атрымаў прызначэнне на Пермскую кафедру са званнем епіскапа Пермскага і Салікамскага.

У Пермі ўладыка ў хуткім часе набыў кватэру, да яго прыехала маці, і ў асноўным шчасліва склалася яго жыццё і побыт. Уладыка меў магчымасць выконваць абавязкі епіскапа і сваю апостальскую місію.

Уладыка Паўлін (Крошачкін). Перм. 1929 г.

У снежні 1930 г. епіскап Паўлін быў прызначаны на Калужскую кафедру, якую ўзначальваў да 1933 года. Там яго цешыла маляўнічая прырода. Паблізу вядомы ўсім Опцінскі манастыр.

Праз некаторы час епіскап Паўлін набыў у Калузе ўласны дом на беразе Акі, недалёка ад бярозавага гаю. Вясновымі вечарамі і раніцай, стоячы каля свайго дома, ён з задавальненнем слухаў пошчакі салаўя. Часта выходзіў на прагулкі, любаваўся заокскімі далямі. Гэта былі прыемныя гадзіны адпачынку і спакойных роздумаў пра сябе, сваіх блізкіх, будучыню…

Акружаны любоўю простага народа, уладыка Паўлін думаў застацца там надоўга, але праз паўгода пасля прыезду ў Калугу яго напаткала першая бяда. Былі арыштаваны яго духоўнік-іераманах і малады іерадыякан, які выконваў абавязкі сакратара, што прыехалі ў Калугу разам з епіскапам Паўлінам. Уладыка спрабаваў зразумець прычыны іх арышту і сваю віну ў тым, што не збярог, бяссільны дапамагчы. Адчуваў, што гэтая падзея – прадвеснік непрыемных змен і ў яго жыцці.

У канцы жніўня 1933 года свяціцель Паўлін быў выкліканы ў Маскву, у Свяшчэнны Сінод РПЦ. Вярнуўшыся ў Калугу, ён паведаміў благачыннаму, што атрымаў прызначэнне на Магілёўскую кафедру. Гэтае паведамленне не ўзрадавала шчыра адданых яму людзей. Іх засмуціла не толькі хуткае расстанне, але і дрэнныя прадчуванні. Яны ўбачылі рэзкія перамены ў настроі архіепіскапа. Здагадваліся пра прычыны такіх змен у настроі і самаадчуванні ўладыкі.

Гаротна было глядзець на ўладыку Паўліна, калі ён у апошні раз служыў у Праабражэнска-Казанскім саборы г. Калугі Боскую Літургію. Пасля заканчэння літургіі стаяў на амбоне і буйныя слёзы каціліся па яго шчоках. Плакалі многія з прыхаджан і царкоўнаслужыцеляў. Дрыготкім голасам свяціцель Паўлін сказаў: «Не плачце па мне. Пра сябе плачце… і пра дзяцей вашых». Цяжкім і сумным было тое развітанне з пастваю і блізкімі людзьмі. Уладыку турбавалі дакучлівыя прадчуванні, душа смуткавала, але новае прызначэнне прыняў як волю Божую.

На пачатку верасня 1933 года свяціцель Паўлін разам з блізкім яму іераманахам выехаў з Калугі. На развітанне сказаў, што яго служэнне ў Магілёве будзе нядоўгае і хутка вернецца назад. Маці ўладыкі засталася ў Калузе.

У Магілёў уладыка Паўлін прыбыў у сане архіепіскапа Магілёўскага.

Сапраўды, служэнне свяціцеля Паўліна ў Магілёве было нядоўгае, але ён не вярнуўся ў Калугу. Ёсць падставы сказаць, што прадбачыў, што чакае яго ў будучыні. Не раз гаварыў: “Наш шлях – крыжовы шлях”.

Той час быў асабліва цяжкі для праваслаўных вернікаў. З больш чым двух дзясяткаў праваслаўных храмаў у Магілёве дзейнічалі ўсяго тры. Уся царкоўная маёмасць была канфіскавана, і ўладыка Паўлін вымушаны быў здымаць прыватны пакой у доме сваіх прыхаджан.

Справа ў тым, што некалькі гадоў таму, у студзені 1930 года, спецыяльна да свята Нараджэння Хрыстовага ўлады загадалі зняць з магілёўскіх цэркваў званы, пераплавіць іх і прадаць, а за выручаныя за метал грошы закупіць антырэлігійную літаратуру. У той час улады вялі “рашучую барацьбу” з Царквою. Усе дзеянні святароў лічыліся контррэвалюцыйнымі і антынароднымі.

Фотаздымак архіепіскапа Паўліна (Крошачкіна) з дарчым надпісам. Магілёў. 1934 г.

Духавенства і свецкія цёпла сустрэлі свяціцеля Паўліна. Хутка знайшлі кватэру ў горадзе. Сам гаспадар, Ігнат Пятровіч Сітнікаў, яго жонка Іўліянія Васільеўна і чацвёра іх дзяцей паважліва ставіліся да ўладыкі Паўліна. Ён быў з імі ласкавы, просты, даступны. Частаваў дзяцей прысмакамі. Пакінуў сям’і на малітоўную памяць Евангелле і свой фотаздымак з надпісам.

Архіепіскап Паўлін адзначаўся міласэрнасцю, праўдзівасцю, моцай веры, шмат каму дапамагаў матэрыяльна. Вернікі і мясцовае духавенства яго любілі і паважалі.

У першы год свайго служэння ў Магілёўскай епархіі ўладыка Паўлін даволі часта ездзіў у Калугу, дзе заставалася часціна яго душы.

Рэчы архіепіскапа (іконы, кнігі, мэбля), пакінутыя ім у сваім доме ў Калузе, не дачакаліся вяртання ўладальніка. Абсталяванне ў доме доўгі час заставалася такім жа, якім было пры ўладыку, які марыў і нават выказваў намер пайсці на пакой і пасяліцца ва ўтульным калужскім доміку.

У 1934 годзе маці архіепіскапа Паўліна, пакутуючы ад цяжкіх прадчуванняў, адзіноты і старэчых хвароб, пераканала сына ў тым, што ім неабходна жыць разам, і пераехала да яго ў Магілёў. Разам з ёй пераехала да ўладыкі і яго пляменніца Агнія Васільеўна.

У асноўным жыццё ўладыкі ў Магілёве працякала мірна і спакойна. Канешне, былі і дробныя здарэнні. Аднойчы яго абакралі сярод белага дня ў прысутнасці памочніцы і маці. Злодзеі зайшлі ў кватэру як электраманцёры. Яны ўважліва агледзелі электраправодку, ветліва развіталіся і спакойна выйшлі. Пасля іх сыходу не аказалася залатога гадзінніка і святочнай панагіі ўладыкі. Другі раз падчас паездкі ў Маскву ў вагоне скралі яго кій са срэбнай булавешкай. Аднак усё гэта дробязі жыцця. Непрыемнасці былі наперадзе.

Арыштавалі архіепіскапа Паўліна 3 кастрычніка 1935 года, а таксама яго кялейніка іераманаха Андроніка (Лукаша), манашку Буйніцкага манастыра Іўлінію (Таўкачову), якая даглядала яго маці і насіла ім малако, і шэраг святароў Магілёўскай епархіі.

Пасля арышту ўладыка Паўлін некаторы час утрымліваўся ў магілёўскай, а затым у мінскай унутранай турме НКУС. Першы допыт праведзены 5 кастрычніка, апошні – 8 лістапада 1935 года. Архіепіскап абвінавачваўся ў стварэнні “контррэвалюцыйнага падполля з ліку служыцеляў рэлігійнага культу і актыўных царкоўнікаў… контррэвалюцыйнай дзейнасці, накіраванай супраць калектывізацыі і іншых мерапрыемстваў партыі і ўрада ў вёсцы”.

На судзе свяціцель Паўлін не адрокся ад сваіх перакананняў, вызнаваў веру ў Бога і адмаўляўся ад усякага паклёпніцтва.

Паводле прысуду спецкалегіі Вярхоўнага Суда БССР ад 21 красавіка 1936 года архіепіскап Паўлін (Крошачкін) асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлены ў Нова-Іванаўскае аддзяленне Сіблага НКУС Кемераўскай вобласці.

Больш за год пасля арышту ўладыка пісаў лісты родным і блізкім, у якіх выказваў надзею на вызваленне і сустрэчу з роднымі. Пасля сувязь перапынілася. Не паступала адказаў на лісты і пасылкі яму. У родных і блізкіх амаль не заставалася надзеі на сустрэчу.

Знаходзячыся ў Нова-Іванаўскім аддзяленні Марыінскіх лагераў Кемераўскай вобласці, архіепіскап Паўлін быў брыгадзірам сельскагаспадарчай фермы і працаваў нароўні з іншымі членамі брыгады – былымі “служкамі культу”. У брыгадзе было 30-35 зняволеных, якія ўсе разам кожную раніцу перад разводам на працу служылі набажэнства. Па царкоўных святах адмаўляліся ад працы.

Уладыка ўвесь час заклікаў іх падтрымліваць дух веры не толькі ў сабе, але і ў іншых людзях. Змест закліку ўладыкі Паўліна да зняволеных адным з даносчыкаў быў перададзены лагернаму начальству.

Архіепіскап Паўлін не адмаўляўся, што моліцца разам з вернікамі. Больш за тое, ён заявіў начальству, што яго дзеянні не супярэчаць савецкай канстытуцыі, якая гарантуе свабоду сумлення. Вядома, шумная прапагандысцкая кампанія па ўсхваленні новай канстытуцыі не ўвяла ў зман уладыку. Ён бачыў, што не спыніліся ганенні за веру, не змянілася стаўленне ўлады да рэлігіі і Царквы. Хутка ён адчуў гэта на ўласным вопыце.

Свяшчэннапакутнік Паўлін (Крошачкін), архіепіскап Магілёўскі.

28 верасня 1937 года заведзена крымінальная справа па абвінавачанні архіепіскапа Паўліна, грамадзяніна Крошачкіна Пятра Кузьміча, у стварэнні і кіраўніцтве контррэвалюцыйнай групай, правядзенні агітацыі супраць Савецкай улады і распаўсюджванні паклёпу на сталінскую канстытуцыю.

Пастановай Асобай тройкі ўпраўлення НКУС Заходне-Сібірскага краю архіепіскапа Паўліна прыгаварылі да расстрэлу.

3 лістапада 1937 года прыгавор прыведзены ў выкананне. Месца пахавання невядома.

Маці архіепіскапа Паўліна і яго пляменніца неўзабаве пасля арышту ўладыкі пераехалі на жыхарства ва ўбогую кватэрку на чыгуначным вакзале. Прыгнечаная гадамі, старэчымі хваробамі, стратай надзеі на сустрэчу з сынам, хутка аслабла так, што не магла хадзіць нават па пакоі. Потым былі два сардэчныя прыступы. Маці свяшчэннапакутніка Паўліна памерла 7 студзеня 1937 года. Пахавана на магілёўскіх Машэкаўскіх могілках.

Свяціцель Паўлін (Крошачкін) рэабілітаваны 15 сакавіка 1989 года пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

У 2000 годзе на Архіерэйскім саборы РПЦ архіепіскап Паўлін (Крошачкін) праслаўлены ў ліку новапакутнікаў Расійскіх, а ў 2002 годзе далучаны да Сабору Беларускіх святых.

Дні памяці:

Нядзеля 1-я, пачынаючы ад 7-га лютага, або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

3 лістапада – у дзень гібелі свяшчэннапакутніка Паўліна (Крошачкіна).

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

Кандак свяшчэннапакутніку Паўліну Магілёўскаму, глас 8: «Абраны свяшчэннапакутнік і прастолаў апостальскіх намеснік, горада Магілёва дзівосны светач, лагоднасцю і незласлівасцю да Агнца Божага падобны, выгнанне, цямнічнае зняволенне і пакуты ад бязбожных перацярпеўшы, да самай смерці верным Хрысту застаўся ты, блажэнны. Ты ж, маючы адвагу перад Госпадам, прасвятлі азмрочаны розум і сэрцы нашы, каб мы ўсклікалі да цябе: “Радуйся, свяшчэннапакутнік Паўлін, старанны за нас да Госпада малітвеннік”».

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы: