Святую веру продкаў, свой род,
культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Архімандрыт Серафім (Раман Раманавіч Шахмуць) нарадзіўся 15 ліпеня 1901 года ў сялянскай шматдзетнай сям’і ў вёсцы Падлессе Ляхавіцкай воласці Баранавіцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Бацьку звалі Раман, маці – Алена.
Раман рос паслухмяным хлопчыкам, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Аднавяскоўцы расказвалі, што яго з дзяцінства прыцягвала Царква. Пазней, згадваючы той час, айцец Серафім і сам пацвярджаў гэта.
Па ўспамінах Надзеі Рыгораўны Баўтрукевіч, пляменніцы айца Серафіма (ёй расказаў дзед Сцяпан, родны дзядзька прападобнапакутніка), хлопчык пазбягаў дзіцячых забаў. У той час як усе дзеці гулялі ў звычайныя гульні, ён часта з палачак рабіў крыжыкі, апранаў у якасці епітрахілі фартух і пачынаў “правіць службу”. Часам да яго падыходзілі вясковыя дзеці і “дапамагалі” ў гэтым.
У нядзельныя і святочныя дні заўсёды хлопчык наведваў вясковую старажытную Свята-Духаўскую царкву, пабудаваную з дрэва ў 2-й палове 18 ст. на месцы храма 1637 г., заснаванага пасля з’яўлення цудатворнай іконы “Маці Божая Падлеская”.
Калі Раману было 14 гадоў, памёр яго бацька, і ўсе клопаты па выхаванні дзяцей ляглі на плечы маці. Але, нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, юнак здолеў скончыць Ляхавіцкае двухкласнае народнае вучылішча. У гэты час ён наведваў Свята-Крыжаўзвіжанскую царкву, дзе атрымліваў духоўнае акармленне і суцяшэнне.
Раман шмат і старанна маліўся, і з 1916 года ён стаў паслушнікам мінскага Свята-Духава мужчынскага манастыра.
У Мінску Раман пражыў нядоўга. У 1917 годзе з-за падзей Першай сусветнай вайны вярнуўся ў Падлессе, на акупаваную кайзераўскімі войскамі тэрыторыю. У 1921 годзе, вытрымаўшы экзамен на званне псаломшчыка, Рыгор Шахмуць некаторы час служыў пры царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы вёскі Вяляцічы Пінскага павета. У 1921 годзе Раман апынуўся ў Польшчы ў сувязі са зменай дзяржаўных межаў.
25 чэрвеня 1922 года, адчуваючы ў сабе манаскае пакліканне, Раман адправіўся ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, дзе настаяцелем служыў архімандрыт Ціхан (Шарапаў).
1 красавіка 1923 года Раман Шахмуць прыняў манаскі пострыг з іменем Серафім. Дзякуючы рэдкім пеўчым здольнасцям, атрымаў кліраснае паслушэнства, стаў добрым рэгентам.
У 1926 годзе манаха Серафіма пасвяцілі ў іерадыякана. У гэтым сане пэўны час ён кіраваў манастырскім хорам, выконваў абавязкі эканома і карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам сярод манастырскага брацтва.
Неўзабаве ён знаёміцца з апальным архіерэем Панцеляймонам (Ражноўскім), які ў той час жыў на спакоі ў Жыровіцкім манастыры. Менавіта ўладыка Панцеляймон аказаў на будучага прападобнапакутніка Серафіма значны духоўны ўплыў.
У 1935 годзе архіепіскап Панцеляймон рукапалажыў іерадыякана Серафіма ў іераманахі. Знаходзячыся ў блізкіх зносінах з архіепіскапам, ён сфармаваўся як манах высокага духоўнага жыцця, руплівы ў малітвах і послуху.
У тым жа 1935 годзе іераманаха Серафіма адправілі на прыход у вёску Курашава Бельскага павета Беластоцкага ваяводства, што каля Гайнаўкі, дзе ён служыў да канца 1937 года. Там праваслаўны прыход апынуўся ў цяжкім становішчы ў сувязі з актывізацыяй уніятаў.
Два гады айцец Серафім служыў у Курашаве. За гэты час малітоўнай і падзвіжніцкай працай ён дамогся значнага паляпшэння стану храма і прыходу, старанна ўмацоўваў дух праваслаўных вернікаў. Многія з іх, дзякуючы знаёмству з айцом Серафімам, які адрозніваўся глыбокай верай у Ісціну Праваслаўя і здольнасцямі прапаведніка, зноў вярнуліся ў лона Царквы.
У 1937 г. айца Серафіма паслалі служыць у Белавежскую пушчу, адкуль ён вярнуўся ў дзень свята цудатворнай іконы Божай Маці “Жыровіцкая” з хрэсным ходам.
У 1938 годзе святар удзельнічае ў шматлюдных хрэсных ходах з цудатворнай Жыровіцкай іконай Божай Маці, што праводзіліся з мэтай абароны Праваслаўя, а таксама для збору сродкаў на рамонт манастыра. Упершыню ў гісторыі манастыра абраз быў урачыста вынесены са Свята-Успенскага сабора і ўладкаваны ў спецыяльна абсталяваны вазок. Разам з цудатворнай іконай айцец Серафім пабываў у Гродна, Брэсце, Ваўкавыску, Брэсце, Пружанах, Яблочыне, Вельску і іншых мясцінах.
Паўсюль ікону сустракалі ўрачыста і шматлюдна. Набажэнствы адбываліся не толькі ў храмах, але і ў прыватных дамах. Разам з айцом Серафімам дзейны ўдзел у гэтых хрэсных хадах прымаў яго блізкі сябар Рыгор Кударэнка (у будучым – архімандрыт Ігнат), якога летам 1941 г. пасвяцілі ў іерэі. Бог меў ласку звесці гэтых людзей разам, на чатыры гады вайны аб’яднаць іх намаганні ў справе місіянерскага служэння Праваслаўнай Царквы ў межах Усходняй Беларусі.
Несучы крыж манаскага паслушэнства, айцец Серафім вёў строга аскетычнае жыццё. У Жыровіцах ён некаторы час жыў пры Свята-Георгіеўскай могілкавай царкве, якая ніколі не абагравалася. І ў холад, і ў спякоту хадзіў у ботах…
Неаднойчы да Вялікай Айчыннай вайны бываў у роднай вёсцы Падлессе. Прыезд айца Серафіма для ўсіх у Падлессі станавіўся святам. Назаўсёды ў памяці падляшан, асабліва пляменнікаў айца Серафіма, засталіся тыя дні. Звычайна ў Ляхавічах яго сустракаў брат, і далей на кані яны дабіраліся да месца. Спачатку ехалі ў царкву. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, у такія дні народу ў царкве збіралася мноства, “як на Вялікдзень”. А потым ішлі да дому Шахмуцяў. У такія дні хата не магла змясціць ўсіх жадаючых. Айцец Серафім прапаведаваў і вучыў людзей, праводзіў душавыратавальныя размовы. Вяскоўцы ўсякі раз пераконваліся ў найвялікшай сціпласці і велікадушнасці свайго земляка, бачылі яго глыбокую пашану да веры і адданае служэнне Богу.
У канцы 1939 г. архіепіскапам Панцеляймонам (Ражноўскім) айцец Серафім быў узведзены ў сан ігумена, крыху пазней – у сан архімандрыта. Уладыка Панцеляймон любіў яго і цалкам давяраў. Не раз даваў яму адказныя даручэнні.
У жніўні 1941 г. па благаславенні архіепіскапа Панцеляймона архімандрыт Серафім (Шахмуць) і іерэй Рыгор Кударэнка пакінулі Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр і выехалі ў напрамку Мінска. Ім было даручана заняцца арганізацыяй царкоўна-прыходскага жыцця там, дзе яно была разбурана ў даваенны перыяд.
Імкнучыся ахапіць як мага больш населеных пунктаў, місіянеры адправіліся ў дарогу не на цягніку, а на конях. Іх шлях быў доўгі і вельмі цяжкі. Па дарозе ў Мінск яны наведалі многія вёскі Капыльскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў, дзе ў нядаўнім мінулым дзейнічалі цэрквы; пабывалі ў Капылі, Цімкавічах, Раманаве, Вераб’евічах, Лешні, Кіявічах, Быстрыцы, Евангелевічах, Слуцку, Грозаве, Грэску, Труханавічах, Баслаўцах, Уздзе, Пясочным, Сямёнавічах.
У кожным паселішчы святары збіралі сярод вернікаў прашэнні на імя ўладыкі Панцеляймона з просьбай аб адкрыцці прыходскіх храмаў. Усюды, дзе толькі яны былі па дарозе ў Мінск, здзяйснялі богаслужэнні, аглядалі цэрквы, што яшчэ захаваліся, выбіралі будаўнічыя камітэты для іх рамонту, хрысцілі дзяцей, адпявалі памерлых, нястомна прапаведавалі.
На Вербную Нядзелю яны прыехалі ў горад Сянно, дзе здзейснілі першае набажэнства, на якім прысутнічала каля 1000 вернікаў. Там жа былі ахрышчаныя больш за 200 дзяцей. Шмат іх было ахрышчана і ў іншых мясцінах, праз якія пралягаў шлях святароў-місіянераў.
Прыехаўшы ў Мінск, архімандрыт Серафім і іерэй Рыгор некаторы час служылі ў Спаса-Праабражэнскай царкве былога жаночага манастыра. Але ўжо ў студзені 1942 года, атрымаўшы пропуск, святары адправіліся далей ва Усходнюю Беларусь, у бок Віцебска.
Напярэдадні свята Святога Вялікадня святары прыбылі ў Віцебск і спыніліся ў Казанскай царкве ў Маркаўшчыне, дзе іх гэтак жа выключна радасна прынялі вернікі. Там у іх адбылася размова з рэдакцыяй газеты “Новы шлях”. Місіянеры падзяліліся сваімі ўражаннямі ад свайго трохмесячнага падарожжа з Мінска ў Віцебск. Яны паведамілі, што ва ўсіх цэрквах іх сустракалі радасна, паўсюль адчувалася, што народ мае патрэбу ў духоўнай дапамозе Царквы пасля многіх гадоў бязбожнага бальшавіцкага панавання.
У рэдакцыю газеты пазней архімандрытам Серафімам была напісана кароткая нататка, у якой гаварылася, што народ энергічна ачышчае храмы ад калгаснага збожжа, а пераробленыя пад клубы і тэатры цэрквы – ад мэблі і смецця…
Народ у адкрытыя цэрквы зносіць прыхаваныя ў сябе рызы, крыжы, Евангелля, Антымінсы і царкоўныя прылады, дапамагае рамантаваць цэрквы, наведвае іх, моліцца, хрысціць дзяцей і просіць адпець раней памерлых бацькоў, якія былі пахаваныя без адпявання.
Цэрквы наведваюць нават моладзь і дзеці. Храмы ў вялікія святы перапоўненыя да адказу.
Недалёка ад Гомеля, у Чонках, прапаведнікі адкрылі жаночы манастыр, сабраўшы 30 сясцёр, з якіх выбралі ігуменняй манашку Паліксенію. Манастыр праіснаваў нядоўга, толькі да верасня 1943 года.
Усюды, дзе бываў архімандрыт Серафім, збіраліся матэрыялы пра тыя ганенні, якім падвяргалася Праваслаўная Царква Беларусі ў даваенны перыяд. Ён стаў першым летапісцам тых пакут, якія зведалі служыцелі царквы ў перыяд бальшавіцкага тэрору, грунтуючыся на жывых успамінах відавочцаў.
Вярнуўшыся ў Мінск, архімандрыт Серафім і іерэй Рыгор сталі служыць у Свята-Духавай царкве. У 1943 годзе архімандрыт Серафім (Шахмуць) быў празначаны настаяцелем Свята-Духавай царквы (цяпер – кафедральны сабор). Аднавілася дзейнасць манастыра, для якога з гістарычнага музея вярнулі кнігі, неабходныя для набажэнстваў.
У Мінску архімандрыт Серафім (Шахмуць) меў пастырскую апеку над бальніцамі горада, інваліднымі дамамі, дзіцячымі прытулкамі.
У чэрвені 1944 года святары пераехалі з Мінска ў Гродна, дзе хадзілі па шпіталях, прапаведавалі, прычашчалі параненых. Там, у Гродна, 6 верасня місіянеры былі арыштаваныя за “пасобніцтва нямецкім акупантам”. Напярэдадні яны служылі ў царкве Гродзенскага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Пяць дзён доўжыўся допыт на месцы, затым арыштаваных перавезлі ў мінскую турму.
З пратаколаў допыту вядома, што святарам прад’явілі абвінавачванні ў супрацоўніцтве з СД і ў іншых цалкам надуманых злачынствах. На самой жа справе яны былі арыштаваныя за сваю падзвіжніцкую місіянерскую дзейнасць у гады акупацыі. Невыпадкова пад час следства менавіта гэтаму аспекту іх дзейнасці надавалася асабліва пільная ўвага.
На допытах арыштаваныя трымаліся мужна, не хаваючы ад следства сваіх поглядаў. Архімандрыт Серафім на пытанне, што ён гаварыў пад час пропаведзі, калі ездзіў па Беларусі, адказваў, што часта звяртаўся да народа прыкладна з наступнымі словамі: “Расія была набожнай, верылі нашы продкі, дзяды, прадзеды, бацькі і цяпер мы зноў зажывём шчасліва праз веру. Нядобра, што бязбожнікі закрывалі нашы святыні, што вашы бацькі і маці паміралі без прыняцця Святых Тайн, іх хавалі без святара, а дзеці раслі неахрышчаныя і не вянчаліся”.
Такія пропаведзі, па сведчанні архімандрыта Серафіма, прамаўляліся і святаром Рыгорам часта і паўсюдна.
Нікому невядома, што прыйшлося перажыць на допытах арыштаваным. З вытрымкі з допыту архімандрыта Серафіма, што адбыўся 5 снежня 1944 года, відаць, што айцец Серафім стаяў на тым, што яго паказанні праўдзівыя і што ён ніколі не з’яўляўся агентам нямецкай контрразведкі. Допыт гэты працягваўся 3 гадзіны 15 хвілін. У пратаколе запісана толькі некалькі сказаў. Няцяжка ўявіць, што хавалася за белымі плямамі пратаколу…
Згодна з медыцынскай даведкай, што падпісана ўрачом унутранай турмы НКУС і датавана 31 снежня 1944 года, якая ёсць у следчай справе, архімандрыт Серафім (Шахмуць) у свае няпоўныя 43 гады пакутаваў на неўроз сэрца, а айцец Рыгор – на катар страўніка і на многія іншыя хваробы.
Следства доўжылася 10 месяцаў, так нічога не высветліўшы з дзейнасці прапаведнікаў.
Асобай нарадай пры НКУС СССР 7 ліпеня 1945 года абодвум святарам вынеслі прысуд аб пазбаўленні волі тэрмінам на 5 гадоў са знаходжаннем у канцлагеры.
Архімандрыта Серафіма (Шахмуця) і іерэя Рыгора Кударэнку адправілі ў лагеры Горкаўскай вобласці. Там змясцілі ў розных месцах, за 12 кіламетраў адзін ад аднаго. Але ім усё-такі ўдавалася падтрымліваць паміж сабою сувязь.
Па расповедах аднаго з духоўных дзяцей святара, перададзеных манашкай Полацкага манастыра Наталляй, у дзень Вялікадня 1946 г. архімандрыт Серафім радасна прывітаў сваіх сабратаў па вязніцы: “Хрыстос уваскрос!” Гэта выклікала лютасць лагернага начальства і ў пакаранне святара змясцілі ў карцэр, дзе ён знаходзіўся па пояс у вадзе. Айцец Серафім ужо не спадзяваўся выйсці адтуль жывым.
З успамінаў пляменніцы святара, Надзеі, даведваемся, што здароўе айца Серафіма ў турме моцна пагоршылася, і ў лістах з канцлагера ён прасіў даслаць для лячэння сухіх ягад і часнаку. Яму адправілі пасылку і атрымалі адказ. Але пасля другой пасылкі адказу ўжо не было. З гэтага часу сувязь з роднымі перапынілася.
Больш ужо ніхто не атрымліваў лістоў ад айца Серафіма. Пасля нядоўгіх роздумаў усім стала зразумела, што горача любімага імі чалавека больш ніхто не ўбачыць. Па афіцыйных даных ён памёр ад сардэчнай недастатковасці…
Айцец Рыгор Кударэнка ведаў пра смерць архімандрыта Серафіма (Шахмуця) і яе абставіны: святара прывязалі да дзвюх машын, пасля чаго тыя раз’ехаліся ў розныя бакі…
Гэта адбылося прыкладна 5 сакавіка 1946 года.
Сам айцец Рыгор, адбыўшы тэрмін зняволення і вярнуўшыся ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, прыняў манаскі пострыг з іменем Ігнацій. Памёр у 1984 г. ва ўзросце 89 гадоў у сане архімандрыта. Аднойчы ён сказаў, што падчас місіянерства ў гады вайны з архімандрытам Серафімам імі было адкрыта 74 храмы.
Архімандрыт Серафім (Шахмуць) – гэта ўзор святара, які жыў толькі для Бога. Дапамагаў бедным людзям, усім тым, якія патрабавалі падтрымкі і дапамогі. Быў заўсёды з тымі, хто меў патрэбу. Бывала, апошнія свае грошы аддаваў таму, хто просіць. Ён шкадаваў усіх хворых, убогіх і пакрыўджаных лёсам людзей.
Памяць пра архімандрыта Серафіма (Шахмуця) беражліва захоўваецца жыхарамі вёскі Курашава, дзе святар здзяйсняў сваё служэнне Богу і людзям у другой палове 30-х гадоў XX стагоддзя. Яшчэ жывуць некаторыя вяскоўцы, якія ў той час былі дзецьмі і ведалі айца Серафіма асабіста.
Людзі ўспамінаюць пропаведзі, добрыя адносіны святара да вернікаў, з якімі ён гатовы быў дзяліцца апошнім. Распавядаюць жыхары Курашава і пра выпадкі вылечвання малітвамі айца Серафіма, і пра яго празорлівасць. У прыватнасці, ён прадказаў і страшную вайну, і тое, што Курашава ацалее. Сапраўды, немцы нават не ўвайшлі ў вёску.
У Курашаве сярод крыжоў, што акружаюць вясковую царкву, ёсць помнік блакітнага колеру. Ён знешне нагадвае аналой з крыжам уверсе і адкрытае Евангелле, якое ляжыць пад ім. Выбіты ніжэй надпіс гаворыць: “Архімандрыт Серафім, жыў 50 гадоў. Памёр 5. III. 1946 г. Р.Р.Б. Раман, Алена, Рыгор. Незабыўны пастыр. Курашаўскае Царкоўнае Брацтва і інш. I. XI. 1949 г.”
Не так даўно ў вёсцы быў усталяваны і помнік, які адлюстроўвае архімандрыта Серафіма. Вельмі праўдзіва гучаць словы, выбітыя на пастаменце: “Незабыўны пастыр”.
Архімандрыт Серафім (Шахмуць) рэабілітаваны пракуратурай Беларусі 22.04.1994 года. Групавая справа архімандрыта і іншых № 35844-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
28 кастрычніка 1999 года Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II пакутнік архімандрыт Серафім (Шахмуць) далучаны да ліку 23 мясцовашануемых святых новапакутнікаў зямлі Беларускай, а ў жніўні 2000 года Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы праслаўлены ў саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх ХХ стагоддзя.
Дні памяці:
24 жніўня / 6 верасня і 15/28 кастрычніка.
… Не так даўно адзін з галоўных цэнтраў беларускага праваслаўя адзначыў два вялікія юбілеі — 550-годдзе з’яўлення цудатворнага абраза Божай Маці Жыровіцкай і 500-годдзе заснавання Жыровіцкага Свята-Успенскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Каля ўвахода ў манастыр наведвальнікаў сустракала на гранітным пастаменце бронзавая постаць шчырага падзвіжніка веры, прападобнапакутніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, памяць пра якога і сёння жыве ў сэрцах людзей.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
- zhirovichi-monastery. by
- monasterium. by
- https://sppsobor.by
- pravikon. сom
- polit. ru
- mininform. gov. by
- zviazda. by
- drevo-info. ru
- hramlavrenty-svetoch. narod. ru
- http://www.lves.by
- Кривонос Феодор, иерей. Миссионеры военных лет // Царкоўнае слова. – 1996. – № 5 (50). – С.8–9.
- Кривонос Феодор, протоиерей. Незабвенный пастырь. Преподобномученик Серафим Жировицкий. – Минск : ВРАТА, 2016. –52 с.