Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Штогод 5 чэрвеня Праваслаўная Царква ўшаноўвае памяць святой Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, першай усходнеславянскай жанчыны, кананізаванай Рускай Праваслаўнай Царквой (1547), апякункі нашай зямлі і асветніцы беларускага народа.
Св.Еўфрасіння Полацкая (свецкае імя Прадслава) нарадзілася не пазней за 1104 год у сям’і Святаслава-Георгія, малодшага з сямі сыноў князя Усяслава Брачыславіча, і княгіні Сафіі, дачкі Уладзіміра Манамаха. Гэты княжацкі род бярэ пачатак ад Ізяслава, сына Уладзіміра Вялікага (Хрысціцеля) і яго жонкі-выгнанніцы Рагнеды (Гарыславы). Сын Ізяслава, князь-чарадзей Усяслаў Брачыславіч, – дзед Прадславы. Яго ўнучка была старэйшай і доўгачаканай дачкой у сям’і, з дзяцінства была надзвычай прыгожая і здольная да навукі. Прадслава атрымала добрую на той час хатнюю адукацыю.
Князёўна з маленства чула паданні пра дзеда Усяслава, пра Рагнеду-Гарыславу ды іншых славутых продкаў, чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці роднай зямлі. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі – адукаваныя манахі, якія хутка навучылі ўнучку Чарадзея чытаць і пісаць. Першымі яе кнігамі былі Псалтыр, Часаслоў, жыццяпісы святых. Пройдзе час, і сама яна стане гераіняю такога жыццяпісу. Створыць яго напрыканцы ХІІ стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў. Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускай літаратуры “Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай” дойдзе да нас болей чым у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.
Слава пра адукаванасць і прыгажосць князёўны разышлася “па ўсіх гарадах”, і ў Полацк пачалі наведвацца сваты. Калі князёўне споўнілася 12 гадоў, бацька, князь Георгій, надумаўся выдаць дачку замуж.
Князёўна Прадслава адмовілася ад шлюбу і ўвогуле ад свецкага жыцця, патаемна ад бацькоў прыйшла ў манастыр і пад іменем Еўфрасінні прыняла пострыг у манахіні. Як лічаць даследчыкі, гэта адбылося ў 1116 годзе. Ігумення манастыра, цётка Прадславы і ўдава князя Рамана Усяславіча, баючыся гневу бацькі князёўны, спачатку адгаворвала пляменніцу: “Яшчэ ж маладая ты векам, каб вынесці цяжар манаскага жыцця; як зможаш пакінуць княжанне і славу гэтага свету?!” Але юная Прадслава была вельмі рашучая і пераканальная. Адчуваючы сур’ёзнасць намераў пляменніцы, ігумення ўсё ж благаславіла яе. Бацькі доўга плакалі і смуткавалі, але ўрэшце пагадзіліся з выбарам дачкі.
За манастырскімі сценамі св.Еўфрасіння поўнасцю аддалася кнігам і паступова стала адной з самых адукаваных жанчын таго часу ў Еўропе. Апрача Бібліі яна чытала творы рымскіх і візантыйскіх багасловаў, славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія, працы Арыстоцеля і Платона, вывучала “Аповесць мінулых гадоў” і візантыйскія хронікі, якія знаёмілі з падзеямі сусветнай гісторыі.
На думку даследчыкаў, у канцы 1110-х гг. св.Еўфрасіння прыняла і чын схімы. Праз пэўны час па благаславенні епіскапа Іллі св.Еўфрасіння перасялілася ў келлю Сафійскага сабора і пачала перапісваць кнігі ў скрыпторыі пры тамтэйшай бібліятэцы. Менавіта перапісванне кніг было, відаць, адным з яе схімных зарокаў. Гэта была фізічна вельмі цяжкая праца, таму займаліся ёю толькі мужчыны. За дзень можна было спісаць не больш за чатыры старонкі.
Зразумела, перапісчык павінен быў мець добрую адукацыю, добра ведаць граматыку. Разам з тым, патрэбна было мець і мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі трэба было аздабляць раслінным ці жывёльным арнаментам, упрыгожваць кнігі буквіцамі (ініцыяламі) – буйнымі першымі літарамі раздзела і многае іншае. Да таго ж, цяжкасці стварала і манера пісьма: не на стале, а на далоні левай рукі, якую перапісчык упіраў локцем у калена. Пісалі ўставам – своеасаблівым почыркам, без нахілу, прамым і буйным. Кожную літару абавязкова трэба было аддзяляць ад суседняй.
Ужо тое, што за такую цяжкую справу ўзялася маладая дзяўчына, было подзвігам. Як вядома, св.Еўфрасіння пісала і ўласныя творы-малітвы, павучанні, а таксама перакладала з грэчаскай і лацінскай моваў. Яе намаганнямі папаўнялася бібліятэка Сафійскага сабора і вялося полацкае летапісанне.
На жаль, дакументальных звестак пра жыццё і дзейнасць св.Еўфрасінні амаль не існуе. Асновай гістарыяграфіі з’яўляецца яе “Жыціе”. Вось як сказана ў “Жыціі Еўфрасінні Полацкай” пра яе адносіны да бліжніх: “Кожны дзень павучала сясцёр сваіх: старых вучыла цярплівасці і ўстрыманню; юных жа навучала душэўнай чысціні і цялеснаму супакаенню; хадзе спакойнай, голасу засяроджанаму, слову дабрачыннаму, ядзе і піццю маўкліваму; у адносінах да старэйшых быць пакорлівымі, а мудрых слухаць; да роўных і меншых – любові некрывадушнай; менш казаць, а болей разумець”.
З палымянымі словамі св.Еўфрасіння звярталася да людзей не толькі ў манастыры, але і за яго сценамі. Яна выступала з міратворчымі пропаведзямі перад усімі, хто імкнуўся паслухаць яе парады, знайсці дапамогу і заступніцтва. “Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэннем, распранутым адзеннем, хворым наведваннем ці, проста кажучы, – для ўсіх была ўсім. Еўфрасіння сэрца сваё ўспойвала Божаю мудрасцю. Еўфрасіння – незвядальная кветка райскага саду; арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу, як прамень сонечны, прасвятліўшы зямлю Полацкую”, – вось сціслая характарыстыка біёграфа, якую ён занатаваў у “Жыціі…” хрысціянкі-асветніцы. “Яна не хацела бачыць, каб хто варагаваў: ні князь з князем, ні баярын з баярынам, ні з простых хто са сваім сябрам, але ўсіх жадала бачыць адзінадушнымі”.
Праз пэўны час, у канцы 20-х гадоў XII ст., св.Еўфрасіння ініцыявала будаўніцтва жаночага Спаскага манастыра ў мястэчку Сяльцо непадалёку ад Полацка. Адбылося гэта пры падтрымцы епіскапа Іллі, які ў прысутнасці сведак – Святаслава-Георгія і яго старэйшага брата Барыса Усяславіча – аддаў св.Еўфрасінні месца пры царкве Святога Спасу на Сяльцы, каб быў там жаночы манастыр, папрасіў, каб ніхто не перашкаджаў св.Еўфрасінні і не адымаў у яе тое, што ён даў, і прароцкі абвясціў: “працай тваёй узвялічыцца гэтае месца”.
Пры манастыры Прападобная стварыла жаночую школу – адну з першых на Русі, дзе навучала дзяўчынак пісанню, спевам, вышыванню і іншым карысным рамёствам; “каб ад юнацкасці навучыліся закону Божаму і працавітасці”. Гэтая школа спрыяла хуткаму росту манастыра.
Свой духоўны досвед і святло ведаў, адухоўленых малітвай, св.Еўфрасіння несла ўсім, хто прагнуў гэтага. Для многіх яна стала духоўнай маці.
Манастыр святога Спаса хутка набыў шырокую вядомасць. Яшчэ пры жыцці прападобнай Еўфрасінні Гасподзь праславіў заснаваныя ёю абіцелі, якія сталі цэнтрамі кніжнасці і асветніцтва на Полацкай зямлі. Як крыніцы благадаці, яны давалі многім людзям духоўныя веды і мудрасць.
Дзякуючы заснаваным прападобнай Еўфрасінняй жаночаму, а пасля і мужчынскаму манастырам, дзе былі адчынены адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг – скрыпторыі, пісьмовае слова набірала вялікі размах.
У створаных рупнасцю ігуменні Еўфрасінні школах юныя палачане, апрача царкоўнаславянскай, вучылі грэчаскую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі па прыродазнаўстве і медыцыне, па навуцы красамоўства – рыторыцы. З найбольш здатнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзіліся заняткі па паэтыцы і красамоўстве. Вялікая ўвага аддавалася гісторыі. Апрача гэтага, вучні павінны былі добра ведаць радавод полацкай дынастыі, важныя падзеі з мінуўшчыны княства і ўсяго ўсходняга славянства.
На замову св.Еўфрасінні вядомы полацкі дойлід Іаан у 50-х гадах ХІІ ст. вельмі хутка, літаральна за 30 тыдняў, за адзін будаўнічы сезон, на беразе Палаты пабудаваў царкву Святога Спаса. Існуюць розныя думкі адносна часу пабудовы храма, які цяпер з’яўляецца культурным скарбам сусветнага значэння. Найбольш распаўсюджаная версія, выказаная гісторыкам архітэктуры І.М. Хозеравым, што гэта адбылося паміж 1143 і 1161 гадамі. Спаская царква – самая старажытная пабудова на тэрыторыі манастыра, якая захавалася да нашага часу. Усярэдзіне храма, па баках хораў, уладкаваныя дзве невялікія келлі, у адной з якіх жыла прападобная Еўфрасіння. Тут добра былі чуваць словы набажэнстваў і спевы сясцёр, а скрозь невялікае акно ў сцяне адчыняліся яе позірку палі і родны сэрцу старажытны Полацк.
Спаса-Праабражэнская царква – найвыдатнейшы помнік полацкай архітэктурнай школы, адзіны на сёння ў Беларусі храм, дзе ў поўным аб’ёме захаваліся роспісы XII стагоддзя. Унікальныя фрэскі Спаса-Праабражэнскай царквы былі замоўлены полацкай князёўнай-ігуменняй Еўфрасінняй.
Святая Еўфрасіння Полацкая стала нашай першай мецэнаткаю. Пры яе дзейнасці былі адкрыты іканапісная і ювелірная майстэрні. Па ініцыятыве св. Еўфрасінні Полацкай пабудавалі таксама мужчынскі Багародзіцкі манастыр і каменную царкву Найсвяцейшай Багародзіцы пры ім, упрыгожыла яе іконамі і перадала манахам. На жаль, пабудовы на нашага часу не захаваліся.
Па заказе св.Еўфрасінні і па яе эскізах у 1161 годзе выдатны полацкі майстар Лазар Богша стварыў унікальны Крыж, які стаў нацыянальнай святыняй Беларусі.
Трэба сказаць, што эпоха першага росквіту рускай дзяржаўнасці – Старажытнай Русі – пакінула нашчадкам вялікае мноства твораў мастацтва. Часцей за ўсё імёны іх стваральнікаў так і заставаліся невядомымі, а вось імя Лазара Богшы стала выключэннем. Магчыма, майстар упершыню ствараў такі каштоўны з духоўнага і матэрыяльнага боку твор, што ўнізе, на адваротным баку крыжа, маючы на тое благаславенне, ён абазначыў сваё імя і прозвішча. Так захавалася імя Лазара Богшы для нашчадкаў. Лічыцца, што ён быў добра вядомым майстрам перагародчатай эмалі, найскладанейшай ювелірнай тэхнікі Сярэднявечча, і толькі адно яго імя павінна было служыць гарантыяй мастацкай і тэхнічнай дасканаласці твора.
Бясспрэчна, крыж майстра Богшы адносяць да лепшых твораў старажытнарускай эмальернай справы. Майстар дасканала валодаў усімі прыёмамі, вядомымі старажытнарускім эмальерам, і з лёгкасцю спалучаў іх у адным творы.
Крыж шасціканцовы, вышынёй 51,8 см, даўжынёй верхняй папярочкі – 14 см, ніжняй – 21 см, таўшчынёй – 2,5 см. Ягоная форма сімвалізуе Сусвет, створаны Богам, як вядома, за шэсць дзён.
У аснове крыжа, пакрытага золатам з каштоўнымі камянямі, знаходзілася кіпарысавае дрэва, з якога выраблялі асабліва важныя культавыя рэчы.
Зверху і знізу дрэва закрывала 21 залатая пласціна з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і 20 эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступалі сусветна вядомым візантыйскім эмалям. На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Іаана Прадцечы. У цэнтры ніжняга перакрыжавання – чацвёра евангелістаў: Іаан, Лука, Марк і Мацвей, на канцах – архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе – нябесныя апекуны заказчыцы і яе бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георгій і Сафія. На адвароце размешчаны выявы айцоў царквы Іаана Златавуснага, Васіля Вялікага, Грыгорыя Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама святых Стэфана, Дзмітрыя і Панцеляймона. Над кожным абразком часткова грэчаскімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпіс. У сярэдзіне крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі Ісусавай крыві, кавалачак каменю ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона ды кроў святога Дзімітрыя. З бакоў Богша абклаў дрэва 20 сярэбранымі з пазалотай пласцінамі, а брыжы пярэдняга боку абвёў шнурком жэмчугу. Найкаштоўнейшымі з пакладзеных у гнёзды хрысціянскіх рэліквій з’яўляліся часцінкі Святога Дрэва – крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў смерць Ісус Хрыстос. Паводле задумы Еўфрасінні, святыня павінна была вечна “жыватварыць” душы палачанаў і жыхароў роднай зямлі.
На залатых пласцінах выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі, які вучоныя пераклалі на беларускую мову так: “У лета 6669 (1161) кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да… (пропуск) 40 грыўняў. І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі… і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое… валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі…”
Да пачатку XIII ст. крыж захоўваўся ў царкве Святога Спаса. Адзін час знаходзіўся ў Смаленску, затым Іванам ІІІ у 1514 годзе быў перавезены ў Маскву, а пасля Іван Грозны вярнуў крыж на радзіму, дзе доўгі час ён быў замураваны ў нішы сцяны Сафійскага сабора. У 1841 годзе крыж вярнулі ў храм Святога Спаса. З усталяваннем савецкай улады, у 1921 годзе, святыня была канфіскавана бальшавікамі.
У 1928 годзе дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі вывез крыж з Полацка ў Мінск, а ў наступным годзе перадаў яго Беларускаму музею ў Магілёве, аб чым быў складзены ў 1929 годзе адпаведны Акт. Па гэтым Акце відаць, наколькі на той час крыж быў пашкоджаны: 13 выяў святых былі выламаны ці сапсаваны, з каштоўных камянёў засталіся толькі два – гранат і аметыст, а на месцы астатніх засталіся пустыя гнёзды або з’явіліся кавалачкі рознакаляровага шкла, што сведчыць пра няўдалыя спробы рамонту. З розных частак крыжа зніклі кавалачкі золата і бусінкі жэмчугу.
Як бачна, за лічаныя гады шкода, учыненая святыні бязбожнікамі, нашмат большая за ўсе страты папярэдніх сямі з паловаю стагоддзяў: паводле вопісу рэліквіі, складзенага ў канцы ХІХ ст. сябрам рады Полацкага царкоўнага брацтва святаром М. Дуброўскім, з 20 эмалевых абразкоў на крыжы не было толькі аднаго і 5 было пашкоджана.
На вялікі жаль, у 1941 годзе пасля адступлення Чырвонай арміі з Магілёва крыж быў канчаткова згублены. Пасля Вялікай Айчыннай вайны святыню доўга шукалі, але вынікаў гэта не дало.
Дзякуючы падрабязным апісанням крыжа гэты ўнікальны помнік беларускай матэрыяльнай і духоўнай культуры у 1992-1997 гг. быў аўтэнтычна адноўлены майстрам-эмальерам з Брэста Мікалаем Кузьмічом. Дакладная копія крыжа цяпер захоўваецца ў Полацку ў царкве Еўфрасінні Полацкай, але пошукі арыгінала не спыняюцца.
…Добрымі памочніцамі св. Еўфрасінні ў яе асветніцкай справе былі сёстры: родная Гардзіслава і стрыечная Звеніслава.
Св.Еўфрасіння, якая на той час была ігуменняй, аднойчы папрасіла бацьку прыслаць да яе малодшую сястру для навучання грамаце; а пасля таемна пастрыгла яе ў манахіні. Бацька, калі даведаўся пра гэта, у вялікай роспачы прыехаў у Сяльцо, горка плакаў і не хацеў аддаваць у манахіні і другую дачку. Як лічаць даследчыкі, пострыг Гардзіславы адбыўся не пазней за 1129 год. Прыкладна ў той жа час, хутка пасля смерці свайго бацькі, следам за Гардзіславаю, у Спасаву абіцель прыходзіць і стрыечная сястра св.Еўфрасінні Звеніслава Барысаўна. Звеніслава сама прыйшла да св.Еўфрасінні і прынесла свой багаты пасаг у дар храму. Атрымаўшы пасля пострыгу імя Еўпраксія, яна была асабліва блізкая з св. Еўфрасінняй – “яко едина душа въ двою телесу”. Пазней Еўпраксія заняла месца св.Еўфрасінні і стала ігуменняй, працягваючы асветніцкую дзейнасць сястры.
Як сведчыць “Жыціе”, св.Еўфрасіння мела асаблівы Божы дар: глянуўшы на чалавека, яна магла беспамылкова вызначыць, ці можа ён стаць Божым абраннікам. Ігумення-асветніца нястомна збірала вакол сябе таленты. Разнастайная дзейнасць св.Еўфрасінні Полацкай уражвае.
Для царквы Найсвяцейшай Багародзіцы св.Еўфрасіння вырашыла набыць абраз Багародзіцы Адзігітрыі Эфескай.
Скарыстаўшыся сваяцтвам з візантыйскім імператарам Мануілам Камнінам (1143-1180 гг.), прападобная Еўфрасіння звярнулася да яго, а таксама да патрыярха Канстанцінопальскага Лукі Хрысаверга (1156-1169 гг.) з просьбай даслаць для прыстанку адну з найвялікшых святынь – спісак іконы Божай Маці Эфескай, напісанай па паданні святым апосталам і евангелістам Лукою. Св.Еўфрасіння адправіла ім дарункі, і ў 1162 г. ікона прыбыла на Русь разам з дабраславёнай патрыяршай граматай Полацкай ігуменні.
Той факт, што пасольства было выпраўлена не полацкім епіскапам, а самой ігуменняй, дае падставу меркаваць, што ў XII ст. вышэйшая царкоўная, а часткова і свецкая ўлада належала настаяцельніцы полацкіх манастыроў.
З Эфеса ў суправаджэнні воінаў імператара ікона была дастаўлена ў Канстанцінопаль, дзе ў саборы Святой Сафіі яе перадалі пасланцу св.Еўфрасінні Міхаілу.
Ікону везлі праз Корсунь (Херсанэс), дзе па просьбе жыхароў яна прабыла каля года, атрымаўшы назву Карсунскай, і нарэшце прыбыла ў Полацк.
Атрыманую святыню Прападобная Еўфрасіння “ўнесла ў царкву Святой Багародзіцы… аздобіла золатам і самацветамі, і ўстанавіла насіць яго [абраз] кожны аўторак па святых цэрквах”. Кожны аўторак святыню выносілі з храма і абходзілі з ёй ўсе гарадскія цэрквы.
У 1239 г. дачка Полацкага князя Брачыслава, Аляксандра, выходзячы замуж за вялікага князя святога Аляксандра Неўскага, узяла ікону як благаславенне і падарыла яе гораду Тарапцу, дзе адбыўся шлюб княгіні.
Назад у Полацк абраз Багародзіцы ўжо не вярнуўся, але ён зрабіў вялікі ўплыў на мастацкія традыцыі беларускай іканапіснай школы…
На схіле гадоў св.Еўфрасіння намерылася выехаць у доўгае падарожжа ў Ерусалім, што было з трывогай успрынята палачанамі. На развітанне з св.Еўфрасінняй прыбылі ў Полацкі манастыр яе браты Васілька, Вячаслаў і Давід. Любімы брат Вячаслаў прыехаў з дзвюма дочкамі Кірыніяй і Вольгай, якіх прадставіў сястры і папрасіў благаславіць, што сведчыць пра вялікую пашану, якой пры жыцці была ўганаравана св.Еўфрасіння, а пасля выканаў яе волю, каб дзве яго дачкі засталіся на паслушэнстве ў манастыры. Ігуменства над манастырамі св.Еўфрасіння перадала сваёй сястры Еўдакіі.
У дальнюю дарогу, атрымаўшы благаславенне полацкага епіскапа Дыянісія, св.Еўфрасіння выправілася разам з пляменнікам Давідам і стрыечнай сястрой Еўпраксіяй. Падарожжа было сухаземным. Спачатку наведалі Канстанцінопаль. Прападобная Еўфрасіння, “ўвайшоўшы ў вялікую царкву Святой Сафіі, памаліўшыся і пакланіўшыся ўсім святым Божым цэрквам, атрымала благаславенне ад патрыярха, купіла шматрозныя фіміямы і залатую кадзільню і накіравалася ў Ерусалім”.
У канцы красавіка 1167 года паломнікі з Полацка дасягнулі Святой зямлі. У Ерусаліме св.Еўфрасіння накіравалася да Труны Гасподняй, пасля яшчэ тры дні запар прыходзіла для малення.
Найвялікшай святыні хрысціянства – Труне Гасподняй – прападобная Еўфрасіння ахвяравала каштоўную кадзільню – першы дарунак рускіх жонак, які стаў у адзіны шэраг з лампадай, запаленай некалькі дзесяцігоддзяў таму ігуменам Даніілам “ад усёй Рускай зямлі”.
Праз некалькі дзён прападобная Еўфрасіння захварэла і паслала брата з сястрой за святой вадой на Іардан. Пасля пачала падрыхтоўку да сваёй канчыны.
Атрымаўшы адмову быць пахаванай у манастырскім храме старажытнай Лаўры Савы Асвячонага (гэта быў мужчынскі манастыр), св.Еўфрасіння паслала слугу купіць труну ў камеры храма Прасвятой Багародзіцы ў Феадосіевым манастыры непадалёку ад Ерусаліма. Хварэла Прападобная 23 дні. 23 мая (5 чэрвеня) 1167 года св.Еўфрасіння Полацкая адышла да Госпада. (У літаратуры смерць св.Еўфрасінні датуецца 1173 г., што вымагае далейшых даследаванняў.)
Цела памерлай Давід і Еўпраксія з адпаведнымі ўшанаваннямі паклалі ў Феадосіевым манастыры. Пасля заваявання Палесціны Салах-ад-Дзінам у 1187 г. рака з нятленнымі мошчамі св. Еўфрасінні была вывезена хрысціянамі, якія пакідалі Святую Зямлю, і змешчана ў дальніх пячорах Кіева-Пячэрскай лаўры. У пячорным Благавешчанскім храме мошчы прападобнай Еўфрасінні знаходзіліся больш за 700 гадоў.
У 1833 годзе пасля аднаўлення праваслаўнай Полацкай епархіі і вяртання праваслаўным вернікам Спасаўскага храма, пабудаванага прападобнай Еўфрасінняй, жыхары Полацка ўпершыню звярнуліся ў Сінод з просьбай аб перанясенні мошчаў прападобнай Еўфрасінні ў заснаваны ёю прыстанак. Вялікай радасцю для ўсіх праваслаўных стала вяртанне ў храм Спаса крыжа з мошчамі, прынесенага ў дарунак прападобнай Еўфрасінняй. З 1579 па 1841 год крыж захоўваўся ў Полацкім Сафійскім саборы. І тое, што крыж за столькі гадоў захаваўся, было сапраўдным цудам.
Жыхары Полацка 77 гадоў не пакідалі спробаў вярнуць мошчы прападобнай Еўфрасінні. Шэсць разоў у ХIХ стагоддзі яны звярталіся ў Сінод, але ўсё марна. Толькі ў 1871 годзе ў Полацк была перанесена часціца мошчаў. Просьба аб перанясенні ўсіх мошчаў не сустракала спагады Сінода і Кіеўскай мітраполіі.
Спатрэбіліся шматлікія гады малітваў прыхільнікаў Прападобнай, даклады на Усерасійскім місіянерскім з’ездзе, у Найсвяцейшым Сінодзе, і нават рэзалюцыя цара Мікалая II.
Семсот гадоў памяталі і з любоўю чакалі вернікі Беларусі сваю Святую, нягледзячы на ўсе рэлігійныя і гістарычныя цяжкасці беларускага краю, нягледзячы на супраціў духоўных улад і маўчанне Сінода на працягу ўсяго XIX стагоддзя.
І вось 22 красавіка 1910 года, на трэці дзень Вялікадня, пасля Божай Літургіі, мошчы святой былі перакладзеныя са старой труны ў абноўленую кіпарысавую раку, вынесены з Кіеўскіх пячор і ўсталяваныя ў Вялікай Лаўрскай царкве на ўзвышэнні. У Кіеў прыбыло больш за 20 тысяч багамольцаў. Святая Лаўра Кіеўская развітвалася з Полацкай князёўнай, якая спачывала тут больш за сем стагоддзяў.
У Лаўрскай царкве ўвесь дзень ішла глыбокая пашана мошчам, затым усяночнае набажэнства. Раніцай – літургія, набажэнства, вялікі хросны ход з мошчамі вакол храма – і да Дняпра на параходную прыстань. Увесь горад прыйшоў развітацца са святой.
Асляпляльна белы параход, упрыгожаны зелянінай і колерамі, вёз раку са святымі мошчамі прападобнай. Яшчэ тры параходы суправаджалі святыню. Плаванне па Дняпры працягвалася 12 дзён з прыпынкамі ў Любічы, Рэчыцы, Рагачове, Быхаве, Магілёве і Оршы. Ва ўсіх месцах прыпынку флатыліі здзяйсняліся ўрачыстыя набажэнствы, на пярэдняй частцы парахода была збудавана капліца з люстранымі вокнамі. Цёмнымі ўкраінскімі начамі параходы зіхацелі агнямі сотняў свечак. На берагах, каля самай вады, паломнікі распальвалі вогнішчы, стаялі са свечкамі. Дні шэсця вялікай беларускай святыні па водах Дняпра сталі сапраўды днямі агульнай малітвы, урачыстасцю хрысціянскага адзінства.
Ад Оршы святыню з хросным ходам панеслі ў Віцебск, а затым у Полацк. Полацкія ўрачыстасці доўжыліся тры дні. Прыбылі высокія госці, вышэйшыя іерархі, намеснікі і ігуменні блізкіх і далёкіх манастыроў і дзясяткі тысяч паломнікаў. Мошчы прападобнай былі пакладзеныя ў раку, збудаваную на ахвяраванні ўсёй Беларусі. Але найзначнейшым і ўрачыстым стала вяртанне святых мошчаў прападобнай Еўфрасінні ў свой прыстанак.
Аднак нядоўга прабыла ў роднай мясціне Прападобная. Паводле пастановы “народнага камісарыята юстыцыі РСФСР” 13 мая 1922 года рака прападобнай Еўфрасінні была ўскрытая, пасля чаго мошчы адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, а адтуль – у Віцебск, дзе іх трымалі ў якасці экспаната мясцовага краязнаўчага музея. Каштоўная рака была рэквізаваная разам з іншымі каштоўнасцямі прыстанку. Падчас нямецкай акупацыі вернікі перанеслі мошчы прападобнай у Свята-Пакроўскую царкву Віцебска, а 23 кастрычніка 1943 года мошчы вярнуліся ў Полацкі Свята-Еўфрасіннеўскі сабор, дзе захоўваюцца і цяпер.
Вернікаў, нават у паўразбураным вайной Полацку, сабралася больш, чым чакалася. Калі людзі падышлі да манастыра, то ўбачылі, што па старажытным беларускім звычаі дарожку да царквы Спаса выслалі льняной тканінай, а насустрач вернікам ішлі старэнькія манахіні. Іх падтрымлівалі пад рукі, а яны са слязьмі шапталі: “Дахаты вяртаешся наша маці ігумення. Дзякуем Табе, Ісусе Хрысце, што дазволіў нам дажыць да гэтай радасці”.
25 кастрычніка 1943 года ўпершыню пасля 25-гадовага перапынку каля мошчаў Прападобнай у заснаваным ёю манастыры была адслужана Божая Літургія. Але сам манастыр быў яшчэ не хутка адноўлены. Толькі ў 1992 годзе пачалася рэстаўрацыя сабораў манастыра, пасаджаны фруктовы сад…
Дзякуючы дзейнасці прападобнай Еўфрасінні полацкая Сафія стала важным цэнтрам духоўнай культуры нашай Айчыны. І ўсюды ў гэтай святой мясціне адчуваецца прысутнасць прападобнай Еўфрасінні. Унізе, злева ад алтара, у Спаскім саборы знаходзяцца цудатворныя мошчы прападобнай.
Тут, на старажытнай полацкай зямлі, святая Еўфрасіння пражыла большую частку свайго жыцця, малілася за родную зямлю і яе людзей, як і зараз сардэчна моліць Госпада за нас. Нядзіўна, што і сёння шмат людзей звяртаюцца да святой Еўфрасінні Полацкай у цяжкія хвіліны жыцця і знаходзяць душэўны спакой і дапамогу.
У 2007 годзе ў Беларускім Экзархаце заснаваны ордэн і медаль св.Еўфрасінні Полацкай з яе выявай, якім узнагароджваюцца прадстаўнікі духавенства і міран за шматгадовае плённае служэнне і заслугі перад Царквой і Айчынай.
Іменем св.Еўфрасінні Полацкай названы вуліцы ў Полацку (1992), Мінску (2010) і Слоніме (2012). Святая Еўфрасіння Полацкая стала гераіняй шматлікіх твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў.
28 верасня 2000 года ў цэнтры Полацка, на скрыжаванні вуліц, адна з якіх вядзе да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, дзе захоўваюцца мошчы Прападобнай, быў адкрыты помнік Святой Еўфрасінні (скульптар Уладзімір Голубеў). Помнікі святой устаноўлены ў Мінску, Рэчыцы.
Святая Еўфрасіння пакінула яркі след у гісторыі Полаччыны і назаўсёды засталася ахоўніцай і нябеснай заступніцай не толькі роднага горада, але і ўсёй беларускай зямлі.
Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Крыніцы:
1. http://spas-monastery.by
2. http://polotsk.retropc.org
3. http://hramvsr.by
4. http://jivebelarus.net
5. http://imperiaduhu.by
6. https://www.belarus.by
7. https://bel.sputnik.by
8. https://vk.com
9. Арлоў У.А. Еўфрасіння Полацкая. Мн., 1992.
10. Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 2008.
11. Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. Мн., 1997.
12. http://www.epolotsk.com (арт. : Г.Ганецкая, С.Тарасаў, Г.Штыхаў. Крыж Ефрасінні Полацкай.)
13. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6. / Рэдкал. : Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998.