“Нядобранадзейны”: з гісторыі лёсу свяшчэннапакутніка Парфірыя Рубановіча

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Парфірый Рубановіч нарадзіўся ў 1883 годзе ў вёсцы Лемяшэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Пінскі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і патомнага святара.

Пачатковую адукацыю Парфірый атрымаў у Пінскім духоўным вучылішчы, дзе некаторы час, маючы тонкі слых і рэдкі голас, выкладаў спевы. Неўзабаве паступіў вучыцца ў Мінскую духоўную семінарыю.

Мінская духоўная семінарыя.

Пасля заканчэння семінарыі Парфірый Рубановіч быў пасвечаны ў 1909 годзе ў сан іерэя. Служыў настаяцелем Свята-Троіцкай царквы вёскі Дабраслаўка Пінскага павета.

Траецкая царква ў вёсцы Дабраслаўка (сучасны выгляд).

Свята-Троіцкая царква ў Дабраслаўцы – помнік народнага драўлянага дойлідства, датуецца 1758 годам. Гэта адзін з найстарэйшых драўляных храмаў, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі, і, як мяркуецца, самы вузкі сярод іх (шырыня асноўнага аб’ёму не перавышае 6,9 м).

Вонкавы выгляд храма даволі просты. З архітэктурных дэталяў вылучаюцца барабан са скошанымі кутамі і квадратная званіца, увянчаныя цыбульнымі галоўкамі. Знешнія дэкаратыўныя элементы практычна адсутнічаюць.

З 1914 года айцец Парфірый акармляў прыход царквы Праабражэння Гасподняга ў Заслаўі, дзе ён служыў да закрыцця храма ў 1935 годзе.

Айцец Парфірый запомніўся мясцовым жыхарам як добры, спагадлівы, уважлівы да патрэб прыхаджан пастыр.

Царква Праабражэння Гасподняга ў мястэчку Заслаўе.

Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў святару выпаў цяжкі крыж служэння ва ўмовах пагарды і ганенняў.

Упершыню айца Парфірыя арыштавалі ў 1928 годзе за нявыплату падатку з царквы або, як гаварылася ў дакументах, “за невыкананне сацыялістычных абавязацельстваў”. Ён быў заключаны ў турму на тры з паловай месяцы.

У самым пачатку 1930-х гадоў побач з царквой, у якой служыў айцец Парфірый, пабудавалі клуб. Раз на тыдзень, звычайна ў нядзелю, там ладзіліся розныя антырэлігійныя спектаклі, што груба абражалі пачуцці вернікаў. Разам з людзьмі айцец Парфірый моўчкі трываў гэты здзек. Неўзабаве ўлады арыштавалі старасту царквы – Фядота Дарожку. Старасту выслалі па этапе ў далёкую Сібір, адкуль ён ужо не вярнуўся.

У 1935 годзе Спаса-Праабражэнскую царкву закрылі. Царкоўны іканастас спалілі. Пасля закрыцця царквы і да Вялікай Айчыннай вайны ў будынку храма размяшчаўся склад для мукі.

Царква Праабражэння Гасподняга ў мястэчку Заслаўе (сучасны выгляд).

Нягледзячы на пераследы, айцец Парфірый не адрокся ад сану святара, не сышоў за штат, а працягваў выконваць свой пастырскі абавязак. У 1935 годзе бацюшка пачаў служыць у маленькай могілкавай царкве Казанскай іконы Божай Маці. А праз год, у чэрвені 1936-га, айцу Парфірыю забаранілі здзяйсняць богаслужэнні і ў гэтай царкве, загадаўшы пакінуць Заслаўе.

Бацюшка вымушаны быў выехаць у горад Быхаў, далей ад мяжы з Польшчай, на той падставе, што яго палічылі “нядобранадзейным”, бо ён па-ранейшаму заставаўся святаром.

У Быхаве дзейнага праваслаўнага храма ўжо не было, усе цэрквы закрылі, таму, жывучы там, айцец Парфірый не служыў.

Другі і апошні раз яго арыштавалі 5 жніўня 1937 года.

На момант арышту ў 1937 г. у святара была жонка, сын і дачка. У царкве не служыў. Існаваў на грошы, атрыманыя ад продажу сваёй гаспадаркі ў мястэчку Заслаўе, і на прыбыткі ад рыбнай лоўлі.

Айцу Парфірыю прад’явілі звычайнае абвінавачанне ў тым, што, “будучы незадаволены палітыкай савецкай улады”, ён “сістэматычна займаўся антысавецкай прапагандай… распаўсюджваннем правакацыйных чутак пра вайну, паклёпам на савецкую прэсу…”.

У прыватнасці, ён абвінавачваўся ў тым, што “пры лоўлі рыбы ўсхваляў Убарэвіча” [савецкага маршала – рэпрэсаванага “ворага народа”]. На самой справе святара пазбавілі волі за тое, што ён не пажадаў адрачыся ад веры ў Госпада і ад сану, дадзенага яму Звыш.

Падчас допытаў айцец Парфірый паводзіў сябе з рэдкай мужнасцю, нікога не назваў, катэгарычна адмаўляў усе ўзведзеныя на яго абвінавачанні.

31 кастрычніка 1937 г. Асобай тройкай пры НКУС Беларускай ССР айца Парфірыя прысудзілі да зняволення ў канцлагер тэрмінам на дзесяць гадоў. Ён адбываў зняволенне недалёка ад Гомеля, працуючы на мясцовым тарфяным заводзе. У 1943 годзе святара забілі партызаны.

Мы не ведаем абставінаў смерці айца Парфірыя Рубановіча, але думаем, што святар прыняў яе годна, гэтак жа, як годна паводзіў сябе на допыце ў 1937 г.

13 лістапада 1989 года айцец Парфірый Рубановіч рэабілітаваны пракурорам Магілёўскай вобласці па 1937 году рэпрэсій.

28 кастрычніка 1999 года кананізаваны Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы як мясцовашануемы святы БПЦ.

Протаіерэй Парфірый Рубановіч прылічаны да ліку святых новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх для агульнацаркоўнага шанавання ў жніўні 2000 года на Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы.

Дні памяці:

  • Нядзеля 1-я, пачынаючы ад 7 лютага, або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.
  • Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.
  • Нядзеля 28 кастрычніка або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.
Божая літургія, здзейсненая мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, у дзень памяці свп. Парфірыя Рубановіча, прасвітара Заслаўскага. Кафедральны сабор Праабражэння Гасподняга. г. Заслаўль, 28 кастрычніка 2020 года.

 

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:

  • http://pravminsk.by
  • church.by
  • minds.by
  • www.radzima.net
  • hramlavrenty-svetoch.narod.ru
  • pinsk. region.by
  • patriarchia.ru
  • martyrs.pstbi.ru
  • drevo-info ru
  • Кривонос Феодор, иерей. Новомученики Минской епархии. – Мн., 2003.