Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
ТЭХНАЛАГІЧНАЯ КАРТА МАРШРУТА
Аг. Астрошыцы – урочышча Гарбаты мост – пансіянат Рудня – аг. Янушкавічы – аг. Калачы – аг. Астрошыцы
Від маршрута – аўтапешаходны
Катэгорыя складанасці – бескатэгарыйны
Колькасць дзён – 7
Працягласць маршрута – 107 км
Пешаходная частка – 12 км
Умовы пражывання – палатачны гарадок
Колькасць чалавек у групе – 15

Пачатак маршрута.
АСТРОШЫЦЫ
Астрошыцы – вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Размешчана за 12 км на паўднёвы захад ад Лагойска, каля шашы Мінск – Лагойск.
Першае згадванне паселішча адносіцца да 1448 года.
Паходжанне назвы мае некалькі версій. Па першай з іх назва ўтворана ад прозвішча Строчыц (Строшыц). У працэсе выкарыстання адбылася трансфармацыя гэтай асновы. Дарэчы, размяшчэнне Астрошыц характэрна для поўначы, Строчыцы знаходзяцца на захад ад Мінска [5].
Па другой версіі назва вёскі паходзіць ад загалоўнага слова “Астрох (а)” – айконім: Астрошыц – Астрошыцы. (Суфікс -ыц- у старажытнасці выкарыстоўваўся для назваў вёсак, прозвішчаў). І трэцяя версія – ад слова “астроша”, што абазначае шырокую прасеку з праезджай дарогай.
Пра паходжанне назвы існуюць легенды. Як сведчыць адна з іх, землі вакол вёскі аблюбавалі нашчадкі князя Канстанціна Астрожскага ў канцы XIV стагоддзя ці пачатку XV. Верагодна, назва мястэчка пайшла ад самога княжацкага роду Астрожскіх [1].
Паводле другой легенды, на месцы сучаснай вёскі існавала ўмацаваная турма або перасоўная вежа “астражок”, што выкарыстоўвалася падчас асады ці штурму гарадоў. Звесткі пра старажытную гісторыю вёскі знойдзены дзякуючы археалагічным раскопкам, якія праводзіліся яшчэ пры жыцці К.П.Тышкевіча.
Асобнае месца ў гісторыі Астрошыц займае перыяд Вялікай Айчыннай вайны, падчас якой вяскоўцы, як і кожны жыхар Беларусі, зведалі шмат пакут.
У гады вайны тут дзейнічаў партызанскі атрад “За Айчыну”, у шэрагах якога вяскоўцы мужна змагаліся з акупантамі. Змагаліся яны і ў мясцовых падпольных арганізацыях.
На баявой магістралі Маладзечна – Мінск актыўна дзейнічала баявая брыгада “Штурмавая” (камандзір – Б.І. Лунін), дзе налічвалася прыкладна 1000 чалавек. У склад брыгады ўваходзіў атрад “За Айчыну”, сфарміраваны ў жніўні 1942 года на базе партызанскай групы У.Д. Захарава, што дзейнічала са жніўня 1941 года.
У Астрошыцкім сельсавеце Уладзімір Захараў узначаліў партызанскую групу з вайскоўцаў, якія апынуліся на пачатку вайны ў Лагойскім раёне.
Вясной 1942 года група выйшла ў лес і хутка вырасла ў атрад, якім камандавалі У.Д. Захараў і камісар М.А. Мартынаў. Гэты атрад здзейсніў шэраг дыверсій на шашы “Мінск – Лагойск” паблізу вёскі Астрошыцы.
Шаша звязвала Лагойскі гарнізон з Мінскам, дзе знаходзіліся цэнтральныя органы кіравання нямецкага камандавання, таму дарога мела для фашыстаў стратэгічнае значэнне.
Вось як пра гэта сведчаць дакументы.
31 сакавіка 1943 года група партызан атрада “За Айчыну” здзейсніла засаду на шашы “Лагойск – Мінск” у раёне вёскі Астрошыцы і Мошчанкі. У выніку забіта 9 нямецкіх салдат, 1 афіцэр, 7 чалавек паранена. Кіраўнік аперацыі – Мартынаў [8, с. 309].
1 лістапада 1943 года група падрыўнікоў атрада ліквідавала тэлефонна-тэлеграфную сувязь у раёне в. Астрошыцы на шашы Лагойск – Мінск на адлегласці 600 метраў і адзін мост даўжынёй 10 м. Кіраўнік аперацыі – Волкаў [8, с. 310].

У вёсцы Астрошыцы ў памяць пра загінулых падчас вайны мірных жыхароў узведзены помнік.
На тэрыторыі Лагойскага раёна пахаваны два Героі Савецкага Саюза. Адзін з іх – у Астрошыцах.
Нарадзіўся Аляксей Міхайлавіч Наскоў 21 лістапада 1923 года ў Яраслаўлі. Яго сям’я жыла ў двары ткацкай фабрыкі “Чырвоны Перакоп”, дзе працавала мама Аляксея, Кацярына Аляксееўна. Хлопчык вучыўся добра, дапамагаў у вучобе сваім таварышам. Пасля заканчэння васьмігодкі Аляксей, як і яго бацька, працаваў слесарам на гэтай жа фабрыцы. Наперадзе чакала шчаслівае жыццё, аднак мірныя планы спыніла вайна. У Аляксея была “бронь”, але ён усімі сіламі стараўся трапіць на фронт.
У студзені 1942 года Аляксея Наскова прызвалі ў Чырвоную армію і накіравалі ў самае прэстыжнае на той час войска НКУС СССР. Вайсковая часць, дзе Аляксей служыў кінолагам, не ўваходзіла ў склад дзеючай арміі, а навабранец імкнуўся на перадавую.
Выйсце знайшлося хутка. Аляксей напісаў рапарт з просьбай залічыць яго курсантам у палкавую школу снайпераў: яе выпускнікі выязджалі ў камандзіроўку ў дзеючую армію. Так і адбылося.
Праз некаторы час як адзін з выніковых снайпераў войск НКУС, Аляксей Наскоў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені [7].

Улетку 1944 года была задаволена і другая просьба чырвонаармейца Наскова. Яго адправілі ў саставе маршавага папаўнення на фронт. Аляксей Наскоў служыў інструктарам службовых сабак у адным з лепшых 13-м пагранічным палку Упраўлення войск НКУС СССР па ахове тылу 3-га Беларускага фронту.
Камандаванне часці, хутка разгледзеўшы ў навічку-ардэнаносцу задаткі таленавітага кіраўніка, накіроўвае яго ў сяржанцкую “вучэбку”. Іх пагранпалку вельмі патрэбны былі добра падрыхтаваныя малодшыя камандзіры, у тым ліку і здольныя ў час франтавых падзей узначальваць падраздзяленні службовага сабакаводства.
Так радавы Аляксей Наскоў без выключэння са спісу кінолагаў роднага 13-га пагранпалка стаў курсантам франтавой вучэбнай каманды сяржанцкага саставу войскаў НКУС СССР [12].
Калі разгарнуліся баі за вызваленне нашай краіны, Аляксей Наскоў у складзе вучэбнай каманды войск НКУС 3-га Беларускага фронту быў накіраваны ў Беларусь. Іх каманда на чале з камандзірам Іванам Майсеевічам Гожухам прыкрывала ад гітлераўцаў дарогу Мінск-Лагойск.
Вызваленне Астрошыц адбывалася сіламі пагранічнікаў і брыгадай “Бальшавік”.
У ліпені 1944 года, калі акружаныя каля Мінска фашысты чарговы раз зрабілі спробу вырвацца з “катла”, вучэбную каманду “васільковых фуражак” як апошні рэзерв камандавання фронтам у поўным саставе на правах пяхоты кінулі ў бой.
Здзейсніўшы марш-кідок, курсанты хутка акапаліся каля вёскі Мышкавічы Лагойскага раёна. Каля гэтай вёскі былі акружаны два недабітыя батальёны фашыстаў. Гітлераўцы выкарыстоўвалі старыя траншэі, бліндажы і дзоты для абароны.
10 ліпеня 1944 года ў рукапашным баі ў гэтых траншэях чырвонаармеец Аляксей Наскоў цаною свайго жыцця выратаваў камандзіра маёра Гожуха, закрыўшы яго сваім целам [7].

З успамінаў І.М. Гожуха, камандзіра пагранічнага палка: “…Трэці дзень трымаў фашыстаў у цісках полк курсантаў-пагранічнікаў, якім я камандаваў. Вораг біўся адважна: некалькі разоў на дзень кідаўся ў атакі, імкнучыся прарваць акружэнне нашых салдат і выйсці на Лагойскую шашу. Нашы воіны адбівалі атакі. Яны ведалі: трэба пратрымацца яшчэ суткі, не прапусціць фашыстаў на шашу, а там з’явяцца нашы асноўныя сілы.
Прайшла ноч. Фашысты сцішыліся, быццам змірыліся са сваім лёсам, але раніцай стала вядома, што яны рыхтуюцца да прарыву і хутка пачнецца бой… Я аддаў загад ротным мяняць пазіцыі. А сам накіраваўся на адказны ўчастак.
Хутка завязаўся бой. Мы бачылі, што вораг пачынае атрымліваць перавагу. Я пачаў пісаць баявое данясенне, у якім прасіў аб падмацаванні. Аднак дапісаць данясенне не паспеў.
– Таварыш маёр, фашысты! – крыкнуў хтосьці мне, і ў той жа момант наваліўся на спіну, прыгнуў мяне. Раздаўся стрэл. Баец абмяк і споўз на зямлю. Я падхапіўся, рэзка павярнуўся, трымаючы ў руцэ пісталет.
Паміж соснаў, прыгнуўшыся, бег нямецкі афіцэр. Адзін з нашых салдат апярэдзіў мяне, чарга з аўтамата – і афіцэр упаў на зямлю.
Я перавёў позірк на свайго выратавальніка. Малады баец ляжаў нерухома. Куля трапіла яму ў шыю. Жыццё юнака абарвалася на дваццатым годзе. Фашысты не прарваліся. Хутка надышлі нашы часці. Вораг быў разбіты”.
Гэтым салдатам быў Аляксей Наскоў, які ў час бою знаходзіўся недалёка ад маёра Гожуха і заўважыў, як нямецкі унтэр-афіцэр прыцэліўся ў камандзіра курсантаў. Не раздумваючы ні секунды, салдат кінуўся наперад і прыняў некалькі куль на сябе. Разрыўная куля трапіла Аляксею ў сонную артэрыю. Падбеглі байцы, паклалі параненага на плашч-палатку, кінуліся аказваць медыцынскую дапамогу, але выратаваць яго было немагчыма…
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 сакавіка 1945 года Аляксей Міхайлавіч Наскоў уганараваны званнем Героя Савецкага Саюза.
Пастановай Савета Міністраў СССР радавы Аляксей Наскоў удастоены вышэйшага воінскага ўшанавання – залічаны навечна ў спісы асабістага саставу пагранічнай часці, дзе ён служыў.
У 1970 годзе ў вёсцы Астрошыцы Лагойскага раёна Мінскай вобласці адкрыты помнік воінам-героям, якія вызвалялі мясцовасць, а таксама Герою Савецкага Саюза А.М. Наскову. Сярод пахаваных ёсць вызваліцелі, імёны якіх невядомыя. Месца апошняга спачыну Аляксея Наскова знаходзіцца на вясковых могілках.

Другі пункт маршрута.
Урочышча “ГАРБАТЫ МОСТ”
Урочышча “Гарбаты мост” размешчана непадалёк ад Плешчаніц. Паходжанне назвы дакладна невядома.
Цяпер цяжка знайсці месца, дзе знаходзіўся мост, што ў час вайны меў стратэгічнае значэнне [8, с. 136]. Не стане яго – і спыніцца рух на шашы. Аб’езду практычна няма, па абодва бакі – дрыгвяністае балота.
Акупанты добра разумелі важнасць гэтага моста, і ім прыйшлося сур’ёзна падумаць пра яго ахову. Спачатку немцы выставілі пост, а пасля зрабілі ўмацаванні і ў якасці агнявой кропкі ўкапалі ў зямлю танк. У хуткім часе тут з’явілася спецыяльная каманда.
Штодзённа апоўдні адбывалася змена каравула. З Плешчаніц адпраўлялася дзяжурная каманда, якую з нецярпеннем чакалі тыя, хто суткі правёў каля моста. Увесь шлях ад Гарбатага моста да Плешчаніц патруліраваўся і часта правяраўся.
Партызаны нярэдка рабілі засады паблізу моста і ва ўпор расстрэльвалі каравульных.
16 снежня 1943 года 1-й роце атрада “Бальшавік”, якой камандаваў Васіль Іванавіч Каліцін, было даручана знішчыць мост і яго ахову.
Згадаем, што ў лістападзе 1942 года Каліцін уцёк з канцлагера і апынуўся ў атрадзе “Бальшавік” з захопленымі ў ворага карабінам і гранатамі.
Васіль не любіў успамінаць пра палон і свае ўцёкі. Толькі ад камісара атрада Станіслава Шчарбовіча пазней даведаліся, што ў баі пад Кіевам, знаходзячыся ў непрытомным стане, паранены, кулямётчык Васіль Каліцін быў захоплены гітлераўцамі. У лагеры перанёс катаванні, голад і здзекі, смерць сяброў…
Не раз Васіль Іванавіч разам з таварышамі рабіў выхады на чыгунку, наладжваў засады. Вызначыўся Васіль Каліцін і падчас прарыву блакады ў Швабскім лесе ранняй вясной 1943 года, калі ішоў наперадзе баявой райкомаўскай групы з ручным кулямётам наперавес.
Калі стаў камандзірам узвода, а затым і роты, Каліцін у поўнай меры праявіў свае здольнасці ўмелага арганізатара і кіраўніка [8, с. 137].
Правёўшы дэталёвую разведку, Каліцін прымае дзёрзкае, але, відавочна, адзіна правільнае рашэнне. Рота павінна непрыкметна падысці да шашы з боку Плешчаніц, пераправіцца цераз рэчку, абысці мост і непадалёку ад яго зрабіць засаду з тым разлікам, каб раптоўна расстраляць гітлераўцаў, якія выпраўляліся на змену тым, хто знаходзіўся ў ахове. А калі пачнецца бой і праціўнік увесь агонь сваіх дзотаў абрушыць на партызан, асноўныя сілы роты павінны падпаўзці да агнявых кропак, падавіць іх гранатамі і ўзарваць мост.
Штурмавую групу, якой належала знішчыць галоўную апору праціўніка каля моста – закапаны ў зямлю танк, – Васіль Каліцін рашыў павесці сам.
Фашысты, што знаходзіліся ў дзотах каля моста, адкрылі агонь адразу ж пасля першых партызанскіх стрэлаў. Шалёна супраціўляліся тыя, хто апынуўся пад агнём на шашы, але іх хутка прымусілі змоўкнуць. Штурмавыя групы тым часам падабраліся да агнявых кропак. Праціўнік амаль перастаў адстрэльвацца, стралялі толькі са схаванага ў зямлі танка. На штурм яго і спяшаліся партызаны на чале з ротным Васілём Каліціным. На жаль, у гэтым баі Васіль Каліцін загінуў. З прычыны яго гібелі партызанам не ўдалося тады ўзарваць мост, завалодаць непрыступным дзотам і танкам.
Пахавалі бясстрашнага партызанскага камандзіра з воінскай пашанай на брацкіх могілках атрада “Бальшавік” у в. Трубачы.
У лясным масіве ўрочышча Гарбаты мост можна ўбачыць месца зямлянкі, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўратавала жыццё многім людзям. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца памятная таблічка.

Трэці пункт маршрута.
РУДНЯ
Вёска Рудня Лагойскага раёна знаходзілася на добра абжытым сухім беразе Гайны. На яе правым, больш забалочаным беразе, як і ў мінулыя часы, так і цяпер ніякіх пасяленняў няма. Адсюль да бліжэйшай вёскі Барысаўшчыны напрамкі крыху больш за пяць кіламетраў, а па дарогах – у паўтара-два разы далей.
Час узнікнення в. Рудня дакладна невядомы. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя вёска існавала. На захад ад яе дарога вяла да Вялікага Стахава і далей на Барысаў. Вядома ў XVІІІ стагоддзі як дзяржаўная ўласнасць у Мінскім ваяводстве.
У 1816 годзе вёска з’яўлялася ўладаннем Гайненскага староства ў Мінскай губерні і налічвала 18 душ мужчынскага полу.
У 1870 годзе вёска ў Гайна-Слабодскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, дзяржаўная ўласнасць. У 1879 годзе тут заснаваны лесапільны завод, дзе ў 1884 годзе працавала 13 рабочых, даход складаў 3 тысячы рублёў.
На пачатак ХХ стагоддзя вёска адносілася да Гайненскай сельскай грамады, у 1905 годзе налічвалася 2 гаспадаркі. Затым уваходзіла ў Калачоўскі сельсавет Лагойскага раёна. З 1930 года тут працаваў вадзяны млын. У 1938 годзе існавалі лесапільны завод і сукнавальня.
У гады Вялікай Айчыннай вайны гітлераўцы знішчылі вёску. Больш яна не аднавілася [8, с. 331].

Гэтая мясціна ўключана ў турыстычны маршрут невыпадкова. Вёска размяшчалася ў месцы знаходжання партызанскіх сіл, у Янушкавіцкім лесе. Менавіта тут базіраваўся падпольны райком партыі і штаб партызанскай брыгады “Бальшавік”.

У пачатку 1942 года на тэрыторыі Лагойскага раёна ўзнік першы партызанскі атрад, якому далі назву “Мсціўца”. Камандаваў атрадам В.Т. Варанянскі. Базіраваўся атрад каля вёскі Рудня.
Улетку 1942 года гітлераўцы арганізавалі блакаду Янушкавіцкага лесу. Яны ўварваліся ў вёску Рудня і ўчынілі дзікую расправу над мірным насельніцтвам. Вёску спалілі дашчэнту, а многіх жыхароў кінулі жывымі ў агонь [9, с. 465].
Значную ролю ў арганізацыі падпольнага і партызанскага руху, што разгарнуўся на тэрыторыі Руднянскага лесу ў Лагойскім раёне, адыграў Цімчук Іван Мацвеевіч.

Нарадзіўся Іван Цімчук 14 лютага 1901 года ў в. Грушаўка Тлумацкага раёна Івана-Франкоўскай вобласці. У Чырвонай арміі з 1918 года, удзельнік грамадзянскай вайны. У 1929 годзе скончыў Харкаўскі камуністычны ўніверсітэт. Да Айчыннай вайны знаходзіўся на гаспадарчай працы. На пачатку вайны з мэтаю барацьбы з ворагам дабраўся да Плешчаніц, дзе размяшчалася Крайская застава. Івана Цімчука накіравалі ў Лагойскі раён.
У ліпені 1941 года пачалі стварацца першыя падпольныя групы. Да восені 1941 года ў Лагойскім і Плешчаніцкім раёнах дзейнічалі некалькі партызанскіх груп, якія аб’ядноўвалі каля сотні байцоў.
Вясной 1942 года загінуў камісар атрада “Дзядзькі Васі” А. Макаранка. Івана Цімчука прызначылі камісарам атрада.
Калі фашысты акружылі Руднянскі лес, дзе дыслацыраваўся атрад, Цімчук прыняў рашэнне пакінуць лес, пераправіўшыся па рацэ на адлегласць 12 кіламетраў па пояс у халоднай вадзе. У выніку фашысты атакавалі пустыя зямлянкі [8, с.330].
У гады вайны Іван Цімчук быў камісарам партызанскага атрада “Мсціўца”, на базе якога створана партызанская брыгада “Народныя мсціўцы” імя В.Т. Варанянскага, адначасова ў лістападзе 1942 – верасні 1943 года з’яўляўся сакратаром Лагойскага падпольнага РК КПБ (б), з верасня 1943 года – камісарам, у маі-ліпені 1944 года –камандзірам 1-й Антыфашысцкай партызанскай брыгады “Бальшавік”.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 года за выдатнае выкананне баявых заданняў у тыле ворага і значныя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі капітану І.М. Цімчуку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка” (№ 4354).
У пачатку ліпеня 1944 года партызаны брыгады Івана Цімчука разам з байцамі рэгулярнай арміі вызвалілі мястэчка Лагойск.
У 1944 годзе І.М. Цімчук прызначаны намеснікам старшыні Дзяржплана БССР. У 1960-1968 гадах Іван Міхайлавіч – старшыня Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па ахове прыроды. Памёр 16 кастрычніка 1982 года. Яго іменем названы вуліцы на радзіме, у Лагойску, а таксама школа ў в. Янушкавічы (на жаль, ужо закрыта).
Значную ролю ў разгортванні партызанскага руху на Лагойшчыне адыграў паплечнік Цімчука В.Т. Варанянскі, ураджэнец Украіны, адзін з першых арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Міншчыне.

Васіль Трафімавіч Варанянскі ўступіў у Чырвоную армію ў гады грамадзянскай вайны, ваяваў на Паўднёвым і Заходнім франтах. Служба ў арміі стала для яго пастаянным жыццёвым заняткам. Тут ён стаў камуністам, адсюль па накіраванні паступіў на вучобу. Скончыў Кіраваградскае кавалерыйскае вучылішча, курсы Кіеўскага ваенна-палітычнага вучылішча. Некаторы час служыў у арміі палітруком асобага дывізіёна сувязі. У 1935 годзе атрымаў воінскае званне старшага лейтэнанта, а праз пяць гадоў – маёра.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Варанянскі знаходзіўся ў Магілёве, камандаваў там асобым дывізіёнам сувязі. Па трывозе падначалены яму дывізіён быў тэрмінова зняты з месца і накіраваныы на фронт. Пад Маладзечна прыйшлося ўступіць у бой з праціўнікам.
Апынуўшыся ў акружэнні, адышлі ў лес і прабылі там да вечара, а калі добра сцямнела, рушылі на ўсход, каб прабіцца да сваіх.
Так з невялікай групай байцоў Васіль Варанянскі апынуўся на Лагойшчыне. Спыніліся ў глухой вёсцы Кандратовічы, што знаходзілася на вялікай адлегласці ад шашы і раённага цэнтра. Вяскоўцы і мясцовыя камуністы дапамаглі ім схавацца ад немцаў.
Тут, на Лагойшчыне, Васіль Варанянскі сустрэўся з групай вайскоўцаў, якія таксама апынуліся на акупаванай тэрыторыі. Гэта былі І.М. Цімчук і некалькі яго таварышаў.
Цімчук расказаў пра пастаўленую перад ім задачу арганізаваць партызанскі рух у раёне. Варанянскі не стаў пярэчыць і дзве групы аб’ядналіся ў адну. Так у 1941 годзе на тэрыторыі Лагойскага раёна ўзнік першы партызанскі атрад пад назвай “Мсціўца”. Камандаваць атрадам стаў В.Т. Варанянскі – вопытны савецкі афіцэр, які прайшоў да гэтага суровую школу ваеннага жыцця.
Перазімавалі ў зямлянцы, вывучылі абставіны, пазнаёміліся з людзьмі. А вясной, далучыўшы да сябе яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек з былых акружэнцаў, перайшлі ў Руднянскі лес абсталёўваць базу.
Стаўшы камандзірам партызанскага атрада, які на канец вясны 1942 года налічваў больш за сотню байцоў, перш за ўсё заняўся яго папаўненнем і ўзбраеннем. Да атрада далучаліся ўсё новыя і новыя групы з былых акружэнцаў, мясцовага насельніцтва. Праз некалькі месяцаў гэта была ўжо буйная баявая адзінка.
За вясну і лета партызаны знішчылі амаль усе апорныя пункты непрыяцеля ў вёсках. Разграмілі гарнізоны ў Бяларучах, Янушкавічах, Корані, Крайску і шэрагу іншых населеных пунктаў.
Пад камандаваннем Васіля Трафімавіча атрад вырас у буйное партызанскае злучэнне, якое налічвала 1475 чалавек. На яго баявым рахунку тысячы знішчаных варожых салдат, сотні пушчаных пад адхон эшалонаў і падарваных на мінах аўтамашын, дзясяткі разгромленых нямецкіх гарнізонаў [10].

Варанянскі карыстаўся вялікім аўтарытэтам у партызан і мясцовага насельніцтва. Таленавіты і чулы, уважлівы да байцоў камандзір, Васіль Трафімавіч дзяліў з імі нягоды жыцця і барацьбы ў тыле, нялёгкія паходы па варожым тыле і бяссонныя ночы. Нездарма яго называлі “дзядзька Вася”.
Васіль Варанянскі загінуў у верасні 1943 года ў авіякатастрофе, калі накіроўваўся ў Маскву па выкліку Беларускага штаба партызанскага руху.
Пасля смерці камандзіра брыгадзе “Народныя мсціўцы” прысвоена імя Васіля Варанянскага. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 года Варанянскі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна.
На жаль, кандыдатура Васіля Варанянскага, як і іншых заслужаных партызанаў Беларусі, адхілена Цэнтральным Камітэтам КПСС у 1965 годзе падчас разгляду пытання аб прысваенні яму звання Геря Савецкага Саюза.
Беларускі народ шануе памяць пра сваіх герояў: іменем славутага партызанскага камандзіра названа адна з вуліц Мінска [8, с.335].
…Вёска Рудня адметная не толькі сваім гістарычным мінулым. На яе тэрыторыі размяшчаецца санаторый, што пабудаваны ў 1985 годзе. Ён знаходзіцца ў сасновым бары на беразе сажалкі. Побач працякае рака Сліжанка. Штогод тут адпачывае вялікая колькасць людзей. Вабяць сюды чыстае паветра, прыгажосць краявідаў, добрыя ўмовы для прафілактыкі і лячэння розных відаў захворванняў.
Побач з вёскай Рудня знаходзіцца яшчэ адзін важны населены пункт, які мае гераічную гісторыю – вёска Янушкавічы.
Чацвёрты пункт маршрута.
ЯНУШКАВІЧЫ
Вёска Янушкавічы – цэнтр сельскага савета. Згадваецца ў пачатку XVI стагоддзя ў Мінскім ваяводстве. У 1508 годзе згодна з пацвярджальнай граматай вялікага князя ВКЛ Жыгімонта І гараднічы Мінскага ваяводства Пётр Аношка атрымаў пустую зямлю Янушкавічы ў Гайненскай воласці на вечныя часы.
У 1-й палове XVIІІ стагоддзя вёска – цэнтр аднайменнага маёнтка, уласнасць князёў-езуітаў у Мінскім ваяводстве. У 1733 годзе тут пабудавана драўляная Свята-Раства-Багародзіцкая царква. У канцы XVIІІ стагоддзя вёска і маёнтак з’яўляліся ўласнасцю Есьмана.
У 1-й палове XІX стагоддзя маёнтак складаўся з фальварка Янушкавічы і засценка Альховец. Руіны фальварка захаваліся да нашых дзён.
Паводле інвентара, у 1846 годзе ў маёнтку налічвалася 15 двароў, 162 сялянскія душы (80 мужчын, 82 жанчыны), 830 дзесяцін зямлі, вадзяны млын, 2 карчмы, паравы бровар.
У 1870 годзе ў Янушкавіцкі прыход уваходзілі 13 вёсак, 1560 прыхаджан. Пры царкве працавала царкоўнапрыходская школа. У 1897 годзе пабудавана народнае вучылішча, на базе якога арганізавалі пачатковую школу.
У 1901 годзе царква адзначана як старая. Неабходна было ўзводзіць новую. Але гэтая справа зацягнулася на доўгія гады. Трагічныя ваенныя і рэвалюцыйныя падзеі не спрыялі будаўніцтву храма. Праект так і не быў рэалізаваны.
21 мая 1914 года прыход наведаў епіскап Мінскі і Тураўскі Мітрафан (Краснапольскі), у будучым – свяшчэннапакутнік, праслаўлены ў ліку святых Сінодам РПЦ ў 2001 годзе, а ў 2002 годзе далучаны Святым Сінодам БПЦ да Сабора Беларускіх Святых. Разам з прыхаджанамі сустракаў уладыку Мітрафана толькі прызначаны ў Янушкавіцкую царкву іерэй Аркадзій Маркавіч Акаловіч. Ніхто тады і падумаць не мог, што гэта была сустрэча двух будучых пакутнікаў за Хрыста.
У 1920-я гады настаяцелем прыхода служыў Васілій Акаловіч. Відаць, родзіч айца Аркадзія.
Прайшло шмат гадоў, і толькі ў 1994-м годзе жыхары Янушкавіч стварылі і зарэгістравалі, кіруючыся даўняй традыцыяй, прыход у гонар Раства Божай Маці. Вернікам перададзены будынак былога школьнага інтэрната. Пачалася праца па наданні будынку выгляду праваслаўнага храма. Храм у Янушкавічах урачыста асвечаны Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам 3 кастрычніка 1999 года.

Згадаем, што з 20 лютага 1938 года ў Янушкавічах створаны калгас “Будзёнавец”, працаваў гонта-шпалерны завод, меўся вадзяны млын, кузня.
У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска з’яўлялася адным з цэнтраў партызанскага і падпольнага руху.
8 мая 1943 года фашысты спалілі Янушкавічы. У агні загінула 150 жыхароў. На шчасце, пасля вайны вёска адноўлена. Функцыянуюць Дом культуры, бібліятэка, школа, дзіцячы сад, магазін [9, с.483].
У 1943 годзе менавіта на тэрыторыі вёскі Янушкавічы распрацоўвалася аперацыя “Возмездие” па ліквідацыі генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ.

Важную ролю ў арганізацыі аперацыі адыграла М.Б. Осіпава (падпольная мянушка – “Чорная”). У Марыі Барысаўны сапраўды былі чорныя пышныя валасы. Часам Осіпаву спынялі фашысты, прымаючы за яўрэйку. Аднойчы нават прывялі да начальніка паліцыі. Каб даказаць, што яна не яўрэйка, Марыя чытала малітвы “Ойча наш”, “Верую” і “Троіцу”.
Аперацыя рыхтавалася асобай брыгадай “Дзімы”, што размяшчалася ў вёсцы Янушкавічы Лагойскага раёна пад кіраўніцтвам маёра разведвальнага ўпраўлення Генштаба Чырвонай арміі Мікалая Пятровіча Фёдарава (“Колокола”).
У сакавіку 1942 года ў складзе разведвальнай групы пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза маёра Васіля Шчарбіны ў тыл ворага закінуты Д. Кеймах.

Кеймах Давід (Дзмітрый) нарадзіўся 7 лістапада 1906 года ў Адэсе і быў малодшым з траіх дзяцей у працоўнай яўрэйскай сям’і. Вайну Дзмітрый Ільіч сустрэў намеснікам дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі ІТР машынабудавання. Пасля падрыхтоўчых курсаў пры тэхнічным штабе са жніўня 1941 года Кеймах апынуўся ў тыле ворага: у Баранавіцкай вобласці стварае асобы партызанскі атрад і становіцца камісарам. У верасні 1942 года загінуў камандзір атрада В. Шчарбіна – Герой Савецкага Саюза і на гэтую пасаду прызначаюць Кеймаха.
У лістападзе 1942 года атрад “Дзімы” дзейнічае ў Лагойскім раёне, каля вёскі Янушкавічы, вядзе актыўную падрыўную дзейнасць. Але са шматлікіх спраў групы самая адважная аперацыя – арганізацыя і ажыццяўленне забойства ката беларускага народа В. Кубэ.
Пры Кубэ на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 260 канцлагераў, 14 з якіх былі дзіцячымі. Праводзіліся пастаянныя карацельныя аперацыі, у час якіх знішчаліся цэлыя вёскі. Вядома, што адразу пасля прызначэння Кубэ ў жніўні 1941 года ў Мінску адбыўся адзін з самых буйных яўрэйскіх пагромаў [11].
Дзмітрый Кеймах, маючы шырокую агентуру ў Мінску, пачаў рыхтаваць аперацыю “Возмездие” па знішчэнні гаўляйтэра. Сустракаўся з мясцовым насельніцтвам, падпольшчыкамі.
Тэрмінова выкліканы ў Маскву, перадаў усе справы кіравання маёру Мікалаю Пятровічу Фёдараву (Колоколу).

29 верасня маёр Фёдараў атрымаў ад цэнтра радыёграму, дзе паведамлялася, што самалёт, на якім ляцелі камандзіры разведвальна-дыверсійных груп, збіты нямецкімі зеніткамі. Трагедыя адбылася ў начным небе 14 верасня 1943 года ў раёне вёскі Вялікія Лукі.
Кожны, хто заязджае ў Янушкавічы, міжволі зверне ўвагу на акуратны будынак, што ўзведзены на беразе штучнага возера на месцы былой старой хаціны. Пры вуліцы – вялікі камень-валун. На гладкай паверхні яго выбіты наступны надпіс: “Тут, у доме Вярбіцкіх, у 1943 годзе перададзена міна Герою Савецкага Саюза Осіпавай Марыі Барысаўне для выканання прысуду над катам беларускага народа Кубэ”.
На гэтым месцы ў Янушкавічах стаяў невялічкі домік. Жыла ў ім сям’я Вярбіцкіх. Хата стаяла на скрыжаванні. Хтосьці заходзіў спытаць дарогу, нехта папіць вады…

Непасрэдны ўдзел у аперацыі “Возмездие” прымалі Марыя Осіпава, Надзея Траян і Алена Мазанік.
Марыя Осіпава была звязана з Надзеяй Траян, якая з’яўлялася сувязной, разведчыцай, медсястрой партызанскіх атрадаў у Мінскай вобласці.
І Траян, і Осіпава неаднаразова гутарылі з Аленай Мазанік. У выніку яна пагадзілася ўдзельнічаць у аперацыі па ліквідацыі Кубэ пры ўмове, што ў дзень аперацыі партызаны эвакуіруюць яе блізкіх [11].
Марыя Осіпава атрымала міну ў доме Вярбіцкіх, паклала яе ў кош з бруснікай і пад выглядам гандляркі са сваёй сяброўкай пайшлі ў Мінск быццам прадаваць ягады. Партызанскімі сцежкамі, праз лясы і вёскі…
Паліцаі спынілі сябровак дзесьці каля вёсак Бяларучы – Вяча, запыталіся, што ў кошыку. Марыя адкупілася ад іх грашыма, яйкамі, самагонам, салам. Дзяўчаты дайшлі да Мінска і перадалі міну Алене Мазанік, якая працавала ў В. Кубэ пакаёўкай. Дамовіліся сустрэцца заўтра а 10-й гадзіне раніцы ў скверы каля тэатра імя Янкі Купалы.
21 верасня 1943 года Алена Мазанік у апошні раз увайшла ў асабняк Кубэ.
На другім паверсе дома, каля пакоя Кубэ, увесь час знаходзіўся дзяжурны. Алена Мазанік паклікала яго адведаць спечаныя булачкі, а сама тым часам падклала міну пад матрас Кубэ. Дзяжурны, вяртаючыся назад, убачыў, што Мазанік выходзіць з пакоя гаўляйтэра. Запытаў, што яна там рабіла, на што дзяўчына адказала, што выцірала пыл.
Дзяжурны зайшоў у пакой, праверыў усё. На шчасце, міны не заўважыў і выйшаў.

У ноч з 21-га на 22-га верасня 1943 года гаўляйтэр Кубэ знішчаны выбухам міны, падкладзенай адважнай падпольшчыцай. Выбух адбыўся ў 2 гадзіны ночы па маскоўскім часе і апоўначы па берлінскім. Гаўляйтэр загінуў. Яго цяжарная жонка Аніта не атрымала пашкоджанняў.
Мінскія падпольшчыкі, якія прыбылі ў партызанскі атрад раніцай наступнага дня, прынеслі доўгачаканую вестку пра забойства Вільгельма Кубэ.
Пасля ліквідацыі генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ Марыю Осіпаву, Надзею Траян і Алену Мазанік партызаны пераправілі самалётам у Маскву.
Гісторыя гэтага гераічнага ўчынку маладой савецкай жанчыны лягла ў аснову фільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, які як мастацкі твор далёкі ад праўдзівых падзей таго страшнага перыяду.
За рэалізацыю аперацыі пад кодавай назвай “Возмездие” Марыі Осіпавай, Надзеі Траян і Алене Мазанік 29 кастрычніка 1943 года прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза [11].

Чэрвеньскім днём 1986 года ў Янушкавічах адбылася знамянальная падзея – адкрыццё музея баявой славы, для якога і ўзвялі спецыяльны будынак. Музей створаны дзякуючы намаганням і энтузіязму настаўнікаў і вучняў Янушкавіцкай сярэдняй школы і ў першую чаргу дырэктара А.А. Мордас.
Сярод шматлікіх гасцей знаходзілася актыўная мінская падпольшчыца Марыя Барысаўна Осіпава, якой прадаставілі ганаровае права перарэзаць сімвалічную стужку.
Пяты пункт маршрута.
КАЛАЧЫ
Вёска Калачы знаходзіцца ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці, уваходзіць у склад Янушкавіцкага сельсавета. Знакамітая сваімі прыгожымі маляўнічымі мясцінамі. У пачатку вёскі раскінулася прыгожае возера, якое вабіць да сябе турыстаў.
У XVI стагоддзі Калачы – шляхецкая ўласнасць у Мінскім павеце і ваяводстве. У 1582 годзе – уласнасць Яна Ясінскага. У канцы XVІІI стагоддзя вёска – цэнтр Калачоўскага староства Мінскага ваяводства.
У 1799 годзе налічвалася 7 двароў, 50 жыхароў. З’яўлялася дзяржаўнай уласнасцю. Мелася карчма, працаваў вадзяны млын.
У 1870 годзе ў вёсцы было 24 душы мужчынскага полу.
У 1920 годзе ў двары святара адкрыта школа, якую наведвалі дзеці з трох навакольных вёсак, у 1924 годзе ў ёй вучылася 35 калачоўскіх дзяцей.
З 1924 года вёска – цэнтр Калачоўскага сельсавета ў Лагойскім раёне Менскай акругі, з 1938 года ў Мінскай вобласці. У в. Калачы функцыянаваў вадзяны млын.
У 1941 годзе ў Калачах налічвалася 28 двароў, 120 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы спалілі 2 двары, забілі 9 жыхароў, 63 жыхары вывезлі ў Германію, 4 вяскоўцы загінулі на фронце, 1 жыхар у партызанскай барацьбе.
З 1954 года в. Калачы – у складзе Янушкавіцкага сельсавета. У 1969 годзе ў вёсцы налічвалася 55 двароў, 173 жыхары. 2010 год – 296 жыхароў [9, с. 433].
На тэрыторыі вёскі ў памяшканні школы ёсць “Гісторыка-краязнаўчы музей”.
Наведвальнікі гэтага музея могуць даведацца шмат цікавай інфармацыі пра гісторыю вёскі, пазнаёміцца з альбомам старажытных грашовых адзінак, даведацца пра гераічныя старонкі вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Уражвае расповед загадчыка музея Воўчак Любові Сяргееўны пра жыццё маладой дзяўчыны-разведчыцы Тані Баўэр.

У жніўні 1942 года з савецкага самалёта паблізу вёскі Бабры Янушкавіцкага сельсавета скінута на парашутах група разведчыкаў з трох чалавек. Сярод іх была Таццяна Баўэр, васямнаццацігадовая камсамолка з цікавай біяграфіяй. Яе бацька з’яўляўся венгерскім камуністам, удзельнікам кангрэса Камінтэрна, асабіста ведаў Леніна. Як палітычны эмігрант доўгія гады жыў у СССР.
Таццяна, дачка Іштвана Баўэра, скончыла маскоўскую школу, паступіла ва ўніверсітэт. У пачатку вайны добраахвотна пайшла на фронт, а потым прайшла падрыхтоўку ў школе разведчыкаў. Яе рыхтавалі да падпольнай разведвальнай працы ў Мінску.
Прабраўшыся ў захоплены фашыстамі горад, выдаючы сябе за Таццяну Клімантовіч, Баўэр наладзіла сувязь з мінскімі патрыётамі-падпольшчыкамі. З іх дапамогай яна здабывала звесткі пра ворага, зброю, медыкаменты і праз надзейных людзей перадавала іх партызанам. Не раз, калі ўзнікала вострая неабходнасць, “двойчы Таццяна”, абмінаючы варожыя пасты, прабіралася ў Бабры. Яе, як самага роднага чалавека, заўсёды сустракалі ў хаце Юрковічаў, кармілі з дарогі [8, с. 372].
Радыст групы Андрэй перадаваў па рацыі з іх дома здабытую адважнай разведчыцай інфармацыю ў Маскву, а потым уключаў прыёмнік, і прысутныя, затаіўшы дыханне, слухалі паведамленне Савецкага інфармбюро.
У 1943 годзе сям’ю Юрковічаў напаткала гора: памерла маці. Усе гаспадарчыя клопаты ўзяла на сябе шаснаццацігадовая Марыя. Трэба было дагледзець не толькі сваю сям’ю. але і партызан, што пастаянна мелі прытулак у хаце. Дзяўчына часта пякла хлеб, мыла адзенне і бялізну.
Гаспадар дома, калгасны актывіст Пётр Іванавіч Юрковіч быў нязменным памочнікам народных мсціўцаў. У час аднаго з налётаў на вёску фашысты арыштавалі яго, павезлі ў Лукавец, дзе жорстка збілі на допыце. Аднак, не маючы ўлік, адпусцілі. Згадаем, што амаль з самага пачатку партызанскага руху ў гэтай мясцовасці ўступіў у рады народных мсціўцаў сын Юрковіча – Міхаіл.
“Бесправальная разведчыца”, як звалі Таню Баўэр яе таварышы па сумеснай падпольнай дзейнасці, пад канец вясны 1944 года вымушана была пакінуць Мінск [8, с. 373].
Яна дабралася да Баброў і разам з партызанамі накіравалася на Бягомльшчыну, дзе каля возера Палік сканцэнтраваліся шматлікія партызанскія сілы. У час прарыву блакады, у жорсткай схватцы з карнікамі Таццяна Баўэр загінула. Яе пахавалі каля вёскі Макаўе ў брацкай магіле.
Падарожнічаючы па Лагойшчыне, можна ўбачыць шмат помнікаў і мемарыялаў, прысвечаных героям, што аддалі жыццё за мірную будучыню сваёй краіны. Гэта не толькі сведчанне баявой славы, але і сімвал адзінства і сілы духу нашага народа.
Аграгарадок Калачы – апошні маршрут падарожжа, падчас якога можна атрымаць цудоўныя ўражанні ад прыгожых і маляўнічых мясцін Лагойскай зямлі, ад сустрэчы з яе цудоўнымі людзьмі, ад усведамлення таго, што вечныя каштоўнасці – гэта родныя людзі, нашы карані і вытокі, мірнае неба радзімы.
Памяць пра подзвіг абаронцаў роднай зямлі заўсёды будзе нагадваць нам, нашчадкам, пра важнасць захавання міру і вартасць кожнага чалавечага жыцця, аддадзенага за свабоду.
Артыкул падрыхтаваны на аснове конкурснай даследчай працы (2018 г.) Арцёма Даніленкі (кіраўнік – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Астрошыцкай СШ Лагойскага раёна Алена Генадзьеўна Макуцэвіч).
Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
ЛІТАРАТУРА
- Альфер, А. Зямля Тышкевічаў / А.Альфер //7 дзён. – 2005. – № 22.
- Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці (ДАМВ). – Ф. 3. Воп. 1. Спр. 80.
- ДАМВ. – Ф. 25. Воп. 1. Спр. 480.
- ДАМВ. – Ф. 2. Воп. 9. Спр. 339.
- Жучкевіч, В.А. Кароткі тапанімічны слоўнік Беларусі. / В.А. Жучкевіч/ – Мінск. – 1974.
- Лемцюгова, В.П. Тапонімы распавядаюць / В.П. Лемцюгова. – Мінск. – 2008.
- Носков Алексей Михайлович [Электронный ресурс] // Герои страны: Международный патриотический интернет-проект. – Режим доступа: https://warheroes.ru/hero/hero.asp?Hero_id=3011. – Дата доступа: 25.03.2025.
- Памяць Лагойскі раён: у 2 кн./ рэдкал.: Г.Пашкоў (гал.рэд.) [і інш. ]. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2003. – Кн. 1: 486 с.
- Памяць Лагойскі раён: у 2 кн./ рэдкал.: Г.Пашкоў (гал.рэд.) [і інш. ]. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2003. – Кн. 2: 556 с.
- Партизаны Беларуси : Спецпроект Издательского дома « Беларусь сегодня» и Национального архива Беларуси [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://partizany.by. – Дата доступа: 27.03.2025.
- Пархомчик, Н. 4 апреля иполнилось 110 лет со дня рождения легенарной белорусской разведчицы Елены Мазаник [Электронны рэсурс] / Н. Пархомчик. – 2024. – Режим доступа: https://gorka.by/4-aprelya-ispolnilos-110-let-so-dnya-rozhdeniya-geroya-sovetskogo-soyuza-eleny-mazanik. – Дата доступа: 19.03.2025.
- Ржевцев, Ю. Навечно в строю: Алексей Михайлович Носков [Электронный ресурс] / Ю. Ржевцев. – 2021. – Режим доступа: https://vk.com/@-87338787-navechno-v-strou-aleksei-mihailovich- noskov. – Дата доступа: 25.03.2025.
- Справка о сожжении немецко-фашистскими карателями деревни Рудня, Старый Млын, Мыльница, Мекестровка от 10.04.1973 г. [Электронный ресурс] // Белорусские деревни, сожженные в годы Великой Отечественной войны: Архивные документы, фотографии. – Режим доступа: http://db.narb.by/files/A4CBC4F8-7EE4-11E5-B9D5-5DD8EA1FC594.jpg. – Дата доступа: 26.03.2025.
- http://www.logoisk-church.by