4 снежня 2022 года ў Нядзельнай школе сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы горада Глыбокае адбылася сустрэча. Кіраўнік па кананізацыі святых Полацкай епархіі пратаіерэй Мікалай Войтаў сустрэўся са слухачамі групы для дарослых. Была прапанавана наступная тэма размовы – «Мучанікі. Навамучанікі. Іерэй Іаан Аляхновіч».
Айцец Мікалай адзначыў, што вывучэнне жыцця і подзвіга пакутнікаў за веру з’яўляецца адной з галоўных задач царкоўнагістарычных даследаванняў. Невыпадкова айцы Царквы падкрэслівалі, што з’ява мучаніцтва адкрывае многім пакаленням ідэал сапраўднага духоўнага жыцця, а кроў мучаніка – ёсць насенне Царквы, якое няспынна пашыраецца, дзякуючы іх малітвам. Менавіта таму ў Беларускай Праваслаўнай Царкве надаюць значную ўвагу даследванням лёсаў праваслаўных падзвіжнікаў беларускай зямлі. У апошнія гады найбольш актуальным з’яўляецца раскрыццё новых старонак гісторыі Царквы, звязаных з жыццём навамучанікаў і спаведнікаў.
Успомнілі і пра пакуты іерэя Іаана Аляхновіча, які з 21.07.1930 па 3.01.1934 гады служыў святаром у царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы г. Глыбокае. Трагедыя адбылася ў 1943 годзе, калі ён служыў ўжо ў царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы вёскі Ракавічы Лідскага павета. У той час у Заходняй Беларусі лютавалі банды акаўцаў (жаўнеры Арміі Краёвай). Асабліва жорстка яны забівалі праваслаўных (простых сялян, чыноўнікаў, святароў). Вось і не мінуў гэтага лёсу і айцец Іаан. Уварваўшыся ў хату, акаўцы пачалі здекі: выкалалі вочы, адрэзалі нос і вушы. Матушцы адрэзалі грудзі. Свежыя раны прыпякалі агнём….
У сучасным свеце ганенні на хрысціян не спыняюцца. Сотні хрысціян, у тым ліку і праваслаўных, кожны год падвяргаюцца пераследам і караюцца смерцю. Прычыны ганенняў і нянавісці да хрысціян у розныя стагоддзі і ў розных краінах былі розныя. Але агульнай для ўсіх пакутнікаў застаецца іх стойкасць і вернасць Госпаду.
По материалам сайта Полоцкой епархии