“Памочніца і вялікая ў Небе заступніца…”: праведная Юліянія, князёўна Альшанская

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Святая Юліянія Альшанская (Гальшанская), свецкае імя Юлія Юр’еўна, праведная князёўна, дзева аднаго з самага знатнага роду Вялікага Княства Літоўскага нарадзілася ў XVI стагоддзі ў сям’і князя Юрыя Дубровіцкага-Альшанскага прыкладна ў 1534 – 1550 гадах.

Пра зямное жыццё Юліяніі вядома толькі, што яна была глыбокім вернікам і мудрым чалавекам.

У свае пятнаццаць гадоў князёўна за чысціню і цноту, паслухмянасць бацькам, любоў да Госпада і бліжніх, а асабліва за справы хрысціянскай дабрачыннасці, дасягнула такіх вяршыняў духоўнай дасканаласці, якіх не дасягаюць многія людзі, пражыўшы доўгае жыццё.

У сярэдзіне XVI стагоддзя Юліянія, дачка князя Юрыя, па невядомых прычынах памерла на 16-м годзе жыцця. Князь быў набожным  хрысціянінам, шмат ахвяраваў Кіева-Пячэрскай Лаўры, таму пахавалі князёўну каля Вялікай Лаўрскай царквы.

Згодна са “Сказаннем аб знаходжанні пачэсных мошчаў святой Юліяніі” (Кіеў, 1705), у пачатку XVII стагоддзя пры Пячэрскім архімандрыце Елісею Пляцянецкім падчас капання магілы каля Успенскай царквы знайшлі грабніцу.

На сярэбранай пазалочанай дошчачцы, што прыбіта да ракі, намаляваны герб, а пад ім надпіс: “Юліянія, князёўна Альшанская, дачка князя Юрыя Альшанскага, якая памерла на 16-м годзе ад нараджэння”.

Калі адчынілі вечка труны, убачылі нятленнае цела прыгажуні-дзяўчыны. Здавалася, яна спала. Апранутая ў вельмі дарагое, шаўковае, шытае золатам адзенне. Шыя і рукі ўпрыгожаны каштоўнасцямі, а на галаве – залаты вянок з жэмчугам. Але, як толькі дакрануліся да адзення, яно рассыпалася ўшчэнт.

Мошчы князёўны прыбралі ў новае адзенне і змясцілі ва Успенскім храме. Але не адразу іх сталі ўшаноўваць як цудатворныя.

Аднойчы святая князёўна з’явілася ў сне архімандрыту Пячэрскаму Пятру Магіле (пазней – Кіеўскаму мітрапаліту)  і папракнула яго за малавер’е і нядбайнасць да яе мошчаў. Пасля гэтага архімандрыт загадаў пакласці мошчы святой у новую каштоўную раку з надпісам: “Па волі Тварца неба і зямлі жыве ва ўсе леты Юліянія, памочніца і вялікая ў Небе заступніца. Тут косці – ацаленне ад усіх пакутаў… Райскія паселішчы сабой упрыгожваеш, Юліянія, як кветка цудоўная”.

Пры Пятру Магіле была здзейснена кананізацыя святой дзевы Юліяніі Альшанскай.

Каля мошчаў святой Юліяніі пачалі служыць акафісты. Каля ракі здзяйснялася мноства цудаў і шчаслівых ацаленняў.

У 1617 годзе здарыўся такі выпадак. Нейкі ерэтык па імені Васілій прыйшоў ва Успенскую царкву і папрасіў дазволу пакланіцца мошчам святой Юліяніі. Аднак ён прыйшоў не ўшанаваць святую, а ўкрасці каштоўны пярсцёнак, які ён зняў з рукі князёўны, прыкладваючыся да святых мошчаў.

Зрабіўшы сваю цёмную справу, мужчына сабраўся выйсці. Але, як толькі ён пераступіў цераз царкоўны парог, у яго пачаўся страшны прыпадак шаленства. Крычаў дзікім голасам, махаў рукамі, пасля ўпаў каля царкоўных дзвярэй і памёр.

Збегліся людзі. Пры аглядзе цела пры ім знайшлі пярсцёнак святой.

Абраз (рукапісны) святой праведнай Юліяніі, князёўны Альшанскай.
Абраз (рукапісны) святой праведнай Юліяніі, князёўны Альшанскай.

У ліку святых праведная Юліянія з’яўлялася таксама ігумену Залатаверхага Кіеўскага манастыра Феадосію. Пры гэтым яна сказала ігумену: “…Гасподзь таму явіў гэтае бачанне, каб ты даведаўся, што і я залічана Госпадам да святых дзеваў, якія дагадзілі Яму”.

З таго часу шанаванне святой Юліяніі павялічылася і ўмацавалася.

У 1718 годзе мошчы праведнай Юліяніі пацярпелі ад пажару ва Успенскай царкве. Астанкі святой былі пакладзены ў новую закрытую раку і змешчаны ў Бліжніх пячорах Кіева-Пячэрскай Лаўры, дзе спачываюць дагэтуль.

У 1889 годзе па хадайніцтве архіепіскапа Валынскага Мадэста частка святых мошчаў перанесена ў кафедральны сабор горада Жытоміра.

Святая праведная дзева Юліянія стала другой са святых жанчын Русі (першая была Еўфрасіння Полацкая), якія ўдастоены быць пахаванымі ў Лаўрскіх пячорах. На іконах святая Юліянія адлюстроўваецца ў Саборы святых айцоў Кіева-Пячэрскай Лаўры.

Праз некалькі стагоддзяў пасля скону святой Юліяніі Гасподзь дараваў ёй магчымасць дапамагаць людзям і сёння. Ёй моляцца пра ўладкаванне сямейнага жыцця і душэўнае здароўе.

Святая Юліянія з’яўляецца заступніцай жанчын і цнатлівых разам з іншымі святымі перад Прачыстай Маці Госпада і разам з Ёю – перад Прастолам Святой Тройцы.

Святая князёўна Юліянія адыграла важную ролю ў рэлігійнай асвете праваслаўных жыхароў беларускіх зямель. Многія прынялі цудоўныя з’явы пры мошчах як знак Божы, які наказваў ім стаяць за веру продкаў нават у самыя цяжкія для праваслаўя часы.

Праведная Юліянія дае нам прыклад, як простым хрысціянскім жыццём можна дасягнуць вышынь у жыцці духоўным.

Памяць Юліяніі ўнесена ў месяцаслоў Рускай Царквы ўказамі Свяцейшага Сінода ў XVIII стагоддзі. Яе імя ўключана ў Саборы Кіева-Пячэрскіх, Валынскіх і Беларускіх святых. Асабліва святая ўшаноўваецца ў Беларусі і ва Украіне.

У вёсцы Альшаны Столінскага раёна асвечаны храм у гонар святой Юліяніі, князёўны Альшанскай.

Царква ў імя святой праведнай Юліяніі. Вёска Альшаны.

Дзейнічае храм у гонар святой Юліяніі Альшанскай і ў аграгарадку Гожа Гродзенскай вобласці, а таксама сястрынства пры Гродзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы.

У пачатку 2000-х гадоў пры Свята-Благавешчанскім жаночым манастыры ў Слоніме асвечаны дамавы храм у імя святой праведнай Юліяніі, князёўны Альшанскай.

У 2001 годзе ў г. Дубровіца (Сарненская епархія, Украіна) – адной з колішніх вотчын князёў Альшанскіх – арганізаваны прыход у імя святой праведнай дзевы Юліяніі. У 2005 годзе тут адбывалася святкаванне 500-годдзя святой.

Дні памяці:

19 ліпеня (6 ліпеня па ст. ст.) – у Саборы Беларускіх святых і ў Саборы Валынскіх святых;

11 кастрычніка – у Саборы Кіева-Пячэрскіх Прападобных, што спачываюць у Бліжніх пячорах;

У другую нядзелю Вялікага посту – у Саборы Усіх Прападобных айцоў Кіева-Пячэрскіх.

Трапар праведнай Юліяніі, князёўне Альшанскай, глас 8

Як беззаганная нявеста Нятленнага Жаніха Хрыста, праведная дзева Юліянія, са светлаю свечкаю добрых спраў увайшла ты ў хорам Яго Нябесны і там са святымі блажэнствам вечным цешышся. Таму малі Таго, Якога ўзлюбіла ты і Якому дзявоцтва сваё заручыла ты, каб Ён спас душы нашы.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: