Пасланне да Ражджаства Хрыстовага епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна

УЗЛЮБЛЕНЫЯ Ў ГОСПАДЗЕ
ПАЧЭСНЫЯ ПАСТЫРЫ, БОГАЛЮБНЫЯ ІНАКІ І ІНАКІНІ,
ДАРАГІЯ БРАТЫ І СЁСТРЫ!

Падзяляючы з вамі радасць аб Сыне Божым, Які з’явіўся ў свет, віншую ўсіх вас са светлым святам Ражджаства Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста!

У гэтыя дні вялікай урачыстасці, калі сэрцы нашы напоўнены духоўным трыумфам, а нашы галасы зліваюцца з ангельскім услаўленнем «слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2:14), самы час задумацца пра духоўную значнасць гэтай евангельскай падзеі.

Таямніца яўлення Бога ў плоці (1 Цім. 3:16) змяніла ход гісторыі, прынесла свету і ўсяму чалавецтву Божы мір і Яго добрую волю. Гасподзь цаною ўчалавечання здабыўшы права царстваваць над намі, — паводле слова свяціцеля Філарэта (Драздова), — уладарыць над намі толькі дзеля нас, а бязмежная ўлада Божага Сына ёсць толькі разнастайнае служэнне Сваім стварэнням. Яго Ражджаство адкрыла нам шлях да Царства Нябеснага, і кожны, хто прыкладае намаганні, здабывае яго (Мф. 11:12).

Што за намаганні нам трэба прыкласці? Чаго жадае ад нас Гасподзь?

Перш за ўсё — гэта вера ў Сына Божага, якая здзяйсняецца любоўю. Па любві да нас Спасіцель прынізіў Сябе і стаўшы чалавекам, прыняў вобраз раба. Па любові да Яго мы пакліканы апрануцца ў вобраз Божы. Сваю любоў Хрыстос засведчыў смерцю на Крыжы. Сведчанне ж нашай любові да Яго — гэта пакора, ціхасць і добрыя справы, якія здзяйсняюцца ў імя Божае. Менавіта да нас, паслядоўнікаў Хрыстовых, звернуты словы: «Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які на Нябёсах» (Мф. 5:16).

У надыходзячым годзе спаўняецца пяць гадоў Барысаўскай епархіі. Заснаваная ў 2014 годзе, яна з Божай дапамогай і стараннасцю кліру і вернікаў паступова добраўпарадкоўвае сваё жыццё. Асаблівая і неаслабная ўвага надаецца апецы над рэлігійнай адукацыяй, місіянерскім служэннем, мацярынствам і сям’ёй, над сацыяльнай і маладзёжнай сферамі, турэмным служэннем, узаемадзеяннем з Узброенымі сіламі. Асвячаюцца новыя храмы і капліцы, адкрываюцца новыя прыходы. Прадстаўнікі епархіі прымаюць удзел у розных агульнацаркоўных форумах. У самой епархіі арганізоўваюцца дабрачынныя і асветніцкія мерапрыемствы, штогод праходзяць Уваскрасенскія і Ражджэственскія адукацыйныя чытанні. У цэнтры ж ўсяго — служэнне дзеля спасення кожнага чалавека ў славу Божую, бо Сын Божы «дзеля нас, людзей, і дзеля нашага спасення» сышоў з нябёс і ўцялесніўся ад Духа Святога і Дзевы Марыі, і стаў чалавекам.

Новы год, як і мінулы, праходзіць на Беларусі пад знакам Года малой радзімы. Давайце прыкладзем намаганні дзеля духоўнага і матэрыяльнага росквіту таго кутка краіны, які стаў для нас родным домам, малой айчынай.

Сёлета Ражджаство спалучае ў сабе не толькі святочную радасць, але і перажыванні за брацкую Украіну і Праваслаўе ва ўсім свеце. Тым радасней сустракаць свята Богаўцялеснення, якое з новай сілай усяляе ў нас веру, надзею і любоў, заахвочваючы да малітоўнага звароту да Госпада нашага і Яго Прачыстай Маці, бо адкрывае шлях да перамогі праўды і дабра.

Дарагія браты і сёстры! Няхай надыходзячы год будзе для ўсіх нас годам дабрыні Гасподняй. Няхай у нашых сем’ях, працоўных калектывах, у грамадстве, ва ўсёй Айчыне нашай і за яе межамі заўсёды будзе мір. Ад усёй душы жадаю ўсім вам добрага здароўя, дабрабыту, дапамогі Божай у штодзённай працы, а таксама вялікай духоўнай, узнёслай, дасканалай радасці ў гэтыя святочныя Калядныя дні!

+ Веніямін,
ЕПІСКАП БАРЫСАЎСКІ І МАР’ІНАГОРСКІ

Ражджаство Хрыстова, 2018/2019
горад Барысаў