Храм Аляксандра Неўскага

Патрыятычная дзейнасць беларускага праваслаўнага духавенства ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Набліжаецца знамянальная гістарычная дата – 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтая вайна стала адным з самых цяжкіх выпрабаванняў, што выпалі на долю нашага народа ў мінулым ХХ стагоддзі. Але, як гэта было не раз у гісторыі Айчыны, барацьба з захопнікамі згуртавала народ, абудзіла ў ім дух патрыятызму; прымусіла згадаць пра гераічнае мінулае сваіх продкаў; духоўныя каштоўнасці, якімі людзі жылі з пакалення ў пакаленне: праяўляць стойкасць у жальбах, здольнасць прыняць чужое гора як сваё, гатоўнасць да самаахвяравання.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Сергій (Страгародскі).

Па міласці Божай увесь гэты час разам з пакутным беларускім народам была Святая Царква ў асобе сваіх служыцеляў, якія стаялі прад Прастолам Гасподнім. Ужо ў першы дзень вайны Праваслаўная Царква вуснамі яе Прадстаяцеля, Патрыяршага Месцаахоўніка мітрапаліта Сергія (Страгародскага), благаславіла народ Божы на абарону Айчыны і ўмацавала яго дух сапраўды прароцкім прадказаннем: “Гасподзь даруе нам перамогу!”

Як вядома, вераломны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года пачаўся з удараў нямецкай арміі па беларускай зямлі. Баявая хада вермахта была настолькі імклівай, што ўжо да верасня 1941 года ўся тэрыторыя Беларусі была ў руках захопнікаў. Пад акупацыяй апынулася амаль 8 мільёнаў жыхароў Беларусі і каля 1 мільёна чырвонаармейцаў, што трапілі ў палон падчас няўдалых баёў. Акупацыйны рэжым доўжыўся больш за 3 гады, ажно да вызвалення 28 ліпеня 1944 года горада Брэста.

Да чэрвеня 1941 года ў межах тагачаснай БССР налічвалася 542 дзейныя праваслаўныя храмы. Усе яны знаходзіліся ў заходняй частцы Беларусі, паколькі ў выніку жорсткіх ганенняў на Царкву ва Усходняй Беларусі, у тым ліку і ў Мінску, ужо да 1939 г. усе храмы былі зачынены, а святары рэпрэсіраваны.

Нямецкая акупацыйная адміністрацыя, зыходзячы з тактычных меркаванняў і імкнучыся супрацьпаставіць сябе ашалеламу багаборніцтву камуністычных уладаў, праяўляла пэўную лаяльнасць да вернікаў у іх імкненні адкрываць зачыненыя савецкай уладай храмы.

Першапачаткова працэс адкрыцця храмаў меў стыхійны характар: як толькі перадавыя нямецкія часці захоплівалі тую ці іншую мясцовасць, яго жыхары стараліся адчыніць дзверы мясцовага храма. Так, напрыклад, храм у імя святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага, што на Вайсковых могілках у Мінску, быў адчынены набожнымі мінчанамі ўжо на другі дзень пасля таго, як горад апынуўся ў руках у немцаў.

Да канца 1941 года толькі ў межах адной Мінскай епархіі было адчынена каля 120 храмаў. За параўнальна кароткі час аднавіліся набажэнствы ва ўсіх раённых цэнтрах Віцебскай вобласці. Больш за 20 храмаў пачало дзейнічаць у межах Бабруйскай акругі. Акупанты ніякіх перашкод, звычайна, гэтаму не чынілі. Імі было прынята рашэнне не перашкаджаць стварэнню ў Беларусі свайго царкоўнага кіравання ў асобе епархіяльных архіерэяў (зразумела, пад поўным кантролем нямецкіх уладаў). У кастрычніку 1941 года была атрымана згода нямецкай адміністрацыі, каб Царкву ў акупаванай Беларусі ўзначаліў мітрапаліт Панцеляймон (Ражноўскі) (1867-1951) з засваеннем ім тытула “Мінскі і ўсяе Беларусі”.

Мітрапаліт Панцеляймон (Ражноўскі).

Так сталася, што менавіта мітрапаліту Панцеляймону і яго памочніку вікарнаму епіскапу Венядзікту (Бабкоўскаму) было наканавана стаяць ля вытокаў арганізацыі царкоўнага жыцця на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. Па іх ініцыятыве і з іх удзелам за параўнальна кароткі тэрмін было здзейснена некалькі епіскапскіх хіратаній. Гэта дало магчымасць склікаць у сакавіку 1942 года ў Мінску Сабор епіскапаў, на якім прынята пастанова аб утварэнні шасці беларускіх епархій: Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Навагрудскай і Смаленскай.

Адраджэнне царкоўнага жыцця адбывалася пад кантролем нямецкай акупацыйнай улады ў межах вызначанай ёю палітыкі, асноўным крэда якой была ўстаноўка Гітлера: “…Коратка кажучы, наша палітыка на шырокіх рускіх прасторах павінна заключацца ў заахвочванні любой і кожнай формы раз’яднання і расколу”. У дачыненні да Праваслаўнай Царквы ў Беларусі гэта, у першую чаргу, азначала раз’яднанне яе з Маці-Царквою – Маскоўскім Патрыярхатам. Ужо ў кастрычніку 1941 года Генеральны камісарыят Беларусі ў якасці ўмовы легалізацыі дзейнасці беларускага епіскапата вызначыў  правядзенне ім курса на аўтакефалію Беларускай Праваслаўнай Царквы. У спецыяльнай запісцы, накіраванай гэтым акупацыйным органам мітрапаліту Панцеляймону, змяшчалася нават назва той царквы, якую акупанты прадпісвалі стварыць: “Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Нацыянальная Царква”.

Народ, нягледзячы на нягоды ваеннага часу, пры адкрыцці храмаў і аднаўленні ў іх набажэнстваў адчуваў духоўную радасць. Так, напрыклад, пры новым асвячэнні Пакроўскай царквы ў Віцебску, велізарная колькасць людзей, што сабраліся ў храме, не маглі стрымаць слёз і рыданняў, з-за чаго святар, які служыў набожную літургію, вымушаны быў зрабіць у службе перапынак.

У нарэшце адчыненых храмах праводзілася велізарная колькасць хрышчэнняў і вянчанняў. Так, у Мінску толькі за першыя некалькі месяцаў ад пачатку акупацыі адбылося 22 тысячы хрышчэнняў. Вянчаць даводзілася адначасова па 20-30 пар. Часта гарадскія святары ездзілі ў бліжэйшыя вёскі, дзе не было пастырскага акармлення. Падарожнічаючы такім чынам па акрузе, яны часам здзяйснялі да 200 хрышчэнняў. Пры гэтым трэба адзначыць, што праваслаўнае духавенства не мела права вольнага перамяшчэння. Для любой паездкі трэба было атрымаць спецыяльны пропуск. Храмы, асабліва падчас архіерэйскіх набажэнстваў, былі перапоўнены. Уражвала вялікая колькасць спавядальнікаў.

Варта падкрэсліць, што акупацыйныя ўлады рэгламентавалі час правядзення набажэнстваў, а таксама іх працягласць. Нельга было здзяйсняць набажэнствы ў буднія дні, а ў нядзельныя дні яны павінны былі заканчвацца не пазней за 8 гадзін раніцы. Перазвон падчас набажэнства быў забаронены. У Мінску ні на адным з дзейных храмаў немцы не дазволілі ўзвесці святыя крыжы. Уся нерухомасць, у тым ліку і храмы Божыя, якія апынуліся на акупаванай немцамі тэрыторыі, абвяшчаліся імі ўласнасцю Рэйха. Часам захопнікі выкарыстоўвалі храмы ў якасці турмаў, канцлагераў, казармаў, стайняў, вартавых пастоў, агнявых кропак. Так, напрыклад, восенню 1943 года ў Мікалаеўскім храме вёскі Раманавічы Гомельскай вобласці фашысты ўтрымлівалі пад вартай каля 100 нявольнікаў.

Пад канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных была адведзена значная частка тэрыторыі Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, заснаванага ў XII стагоддзі. У 1943 годзе Крыжаўзвіжанская царква ў вёсцы Рагозіна Брэсцкай вобласці была занята нямецкім вайсковым падраздзяленнем для ўладкавання вартавога паста. У храм заязджалі на конях, праводзілі ў ім катаванні затрыманых мясцовых жыхароў. Настаяцель храма святар Мікалай Міхайлоўскі паскардзіўся вышэйшым нямецкім уладам, за што быў арыштаваны, жорстка збіты, а затым расстраляны на краі магілы, якую яго прымусілі выкапаць.

Карціна царкоўнага жыцця перыяду акупацыі была б далёка не поўнай без ацэнак жыццёвай пазіцыі, асаблівасцяў светапогляду і паводзін простых прыходскіх святароў, а таксама іх становішча ва ўмовах акупацыі. У самых агульных рысах пра цяжкую долю беларускага прыходскага духавенства можна даведацца са слоў відавочцы, сучасніка і ўдзельніка падзей часоў акупацыі, архіепіскапа Афанасія (Мартаса): “Становішча беларускага духавенства, асабліва ў вёсках, было надзвычай складанае. З аднаго боку – партызаны, якія смела хадзілі па вёсках і рабавалі насельніцтва і духавенства, з другога боку – нямецкая жандармерыя і падраздзяленні СД, якія вялі барацьбу з партызанамі і сурова распраўляліся з усімі, у каго партызаны бывалі”. У час карных экспедыцый супраць партызан былі спалены ў Гомельскай вобласці 19 цэркваў, у самім горадзе Гомелі – 2 храмы.

У былым Асвейскім раёне Віцебскай вобласці карнікамі было спалена 5 цэркваў. Падчас толькі адной карнай аперацыі, што праводзілася ў лютым 1943 года ў Пінскай вобласці, было спалена каля 70 вёсак і 14 цэркваў.

У вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна напярэдадні свята Нараджэння Хрыстовага ў 1943 годзе карнікі сагналі ў мясцовую царкву 261 мясцовага жыхара і жыўцом іх спалілі. У вёсцы Вулька 47 жыхароў, у тым ліку мясцовага святара і яго сям’ю, сагналі ў царкву. Пасля гэтага ў храм уварваліся каля 60 карнікаў, якія збівалі людзей, расстрэльвалі святыя абразы і знішчалі царкоўнае начынне. Затым царква разам з людзьмі была падпалена бутэлькамі з запальнай сумессю. Усе, хто там быў, згарэлі жывымі.

Больш за трыста жыхароў вёскі Хорастава, цяпер Мінскай вобласці, разам са святаром Іаанам Лойкам былі жывымі спалены ў свята Стрэчання Гасподняга ў 1942 годзе, падчас служэння айцом святочнай літургіі ў мясцовай Пакроўскай царкве. У ахопленым агнём храме, за забітымі цвікамі дзвярыма, айцец Іаан працягваў прычашчаць народ. Як вядома са сведчанняў мясцовых паліцэйскіх, што прымалі ўдзел у гэтай расправе і якіх судзілі пасля вайны трыбуналам Беларускай ваеннай акругі, у апошнія хвіліны свайго жыцця людзі спявалі разам са святаром малітву: “Тело Христово приимите, Источника бессмертного вкусите…”

Незадоўга да свайго пакутніцкага скону айцец Іаан Лойка прылюдна благаславіў сваіх сыноў Уладзіміра, Георгія і Аляксандра ісці змагацца з ворагам у партызанскі атрад. Наказваючы сынам годна служыць Айчыне, айцец Іаан звярнуўся да жыхароў вёскі: “Мое оружие на врази Крест святой и Слово Божие, а вы будьте Богом хранимы и честно служите Батьковщине”. Услед за сынамі святара ў партызаны тады пайшлі многія вяскоўцы…

Адноўленая царква ў Хораставе.
Адноўленая царква ў Хораставе.

Ва ўсіх выпадках, калі немцы даведваліся пра супрацоўніцтва духавенства з партызанамі, святароў чакала пакутніцкая смерць. Так, былі схоплены і расстраляны дзевяностадвухгадовы святар Аляксандр Валасовіч, саракасямігадовы іерэй Павел Шчэрба, закатаваны іерэй Уладзімір Назарэўскі. Шасцідзесяцігадовага святара Пятра Бацяна, настаяцеля царквы ў вёсцы Кабыльнікі Мінскай вобласці, СД арыштавала за ўдзел у выратаванні яўрэяў. Яго змясцілі ў Мінскую турму, дзе запрагалі ў плуг і аралі на ім турэмны гарод, цкавалі сабакамі да таго часу, пакуль ён не памёр. Святар Міхаіл Кашэля быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Маці і бацьку жонкі святара Мікалая Усціновіча адправілі ў лагер. Сямідзесяцігадовага пратаіерэя Паўла Сасноўскага, які выдаваў даведкі аб дабранадзейнасці, арыштавалі і па-зверску закатавалі. І гэта далёка-далёка не поўны пералік ахвяр рэпрэсій з боку нямецкага акупацыйнага рэжыму ў адносінах да святароў!

Святар Яўстафій Баслык.
Святар Яўстафій Баслык.

Пра сапраўдныя мэты нашэсця чужынцаў, духоўную прыроду тых зверстваў, што чынілі акупанты і іх памагатыя ў дачыненні да бязвіннага мірнага насельніцтва, разважае на старонках дзённіка, што цудам захаваўся да нашых дзён, яшчэ адзін удзельнік тых падзей, просты прыходскі святар, які ўсю вайну служыў настаяцелем Благавешчанскага храма вёскі Забрэз’е на Міншчыне айцец Яўстафій Баслык. Вось як ён ацэньвае сапраўдныя мэты нямецкага нашэсця: “З-за франтавых няўдач пагаршалася стаўленне немцаў да мірных жыхароў. Зрэшты, нядобразычлівым яно было з першага дня вайны. Бо Гітлер ішоў не вызваляць народы Савецкага Саюза ад камунізму, як ён шырокавяшчальна рэкламаваў свой паход. Ён ішоў зняволіць іх, зрабіць Савецкі Саюз сваёй калоніяй. Яму патрэбны былі рускія прасторы з іх багаццямі і толькі нязначная колькасць рабоў. У выпадку паспяховага завяршэння планаў Гітлера народы Расіі, ды і не толькі Расіі – усіх славян, чакаў апартэід у горшай яго праяве”.

У якасці рэакцыі на знішчэнне карацелямі жыхароў суседняй вёскі айцец Яўстафій напісаў: “…Але дзвесце сорак адзін чалавек, пераважна старыя, жанчыны і дзеці, загінулі ў агні. Жыўцом спаленыя, яны прынялі пакутніцкую смерць, і гэта ў 20 стагоддзі – стагоддзі культуры і цывілізацыі!.. І не дзе-небудзь у дзікіх афрыканскіх джунглях – ад дзікуноў-людаедаў, а ў цэнтры Еўропы ад народа, які выхваляецца сваёй культурай. …А ў вёсцы Доры падчас начной аблавы карнікі захапілі трыццаць сем чалавек мясцовых жыхароў і жывымі спалілі іх у прыходскай старадаўняй драўлянай царкве. Гэта рабілі людзі, на спражках рамянёў якіх было напісана: “З намі Бог”. Гэта відавочнае блюзнерства. Разумець гэтыя словы трэба не літаральна, а ў пераносным сэнсе: “Мы, немцы, для ўсіх – Бог”. Так думаюць пра сябе мацёрыя расісты і ў нашы дні, дзе б яны ні знаходзіліся…”

У прыведзеных намі словах праваслаўнага святара аб’яднаны і глыбіня разумення духоўнай сутнасці таго, што адбываецца, і непрымірымасць да ворагаў сваёй зямной Айчыны з паражальным раскрыццём іх сапраўднай сутнасці, і смутак па нявінна загінулых. Аўтар гэтых выкрывальных слоў пратаіерэй Яўстафій Баслык з 1947 па 1951 гады служыў настаяцелем Аляксандра-Неўскай царквы. Памёр айцец Яўстафій у 1970 годзе. Магілка яго знаходзіцца на Чыжоўскіх могілках. Пасля яго скону стараннасцю яго роднай дачкі Ірыны Яўстафіеўны (таксама цяпер памерлай), па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта, дзённікавыя запісы айца Яўстафія асобнымі кнігамі (2007, 2014) былі выдадзены ў Мінску.

З такім разуменнем сітуацыі, з такім духоўным унутраным зарадам немагчыма было заставацца безуважным да акупантаў і да лёсу сваёй Радзімы!

Народ не прыняў акупацыйную ўладу, што несла чужы яму “новы парадак”, і пераважная большасць беларускага духавенства засталася са сваім народам. Пра гэта можа сведчыць малітоўная, маральная і матэрыяльная падтрымка духавенствам масавага народнага супраціўлення нямецкай акупацыі, а таксама выпадкі непасрэднага асабістага ўдзелу ў гэтай барацьбе.

Пратаіерэй Казьма Раіна з дачкою.

Пратаіерэй Казьма Раіна служыў благачынным Пінскай Заходняй благачыннай акругі і настаяцелем храма ў гонар Уваскрасення Гасподняга вёскі Хойна Пінскага раёна. У пачатку 1942 года яго запрасіў бургамістр і запатрабаваў, каб у час набажэнства не ўпаміналася маскоўскае свяшчэннаначалле, а фрагмент малітваслоўя: “Аб краіне нашай і воінстве яе…” быў заменены на “Аб вызваленай краіне Расійскай і пераможным германскім воінстве…” Аднак айцец Казьма не толькі не падпарадкаваўся гэтаму загаду, але ў час Велікоднага набажэнства зачытаў тэкст звароту мітрапаліта Мікалая (Ярушэвіча) да насельніцтва часова акупаванай тэрыторыі, а затым у сваёй пропаведзі сказаў: «Воля Божая не ў пастановах акупантаў, а ў запаведзі Госпада нашага Ісуса Хрыста любіць адзін аднаго і памятаць заўсёды, што “нет больше той любви, кто душу положит за други своя”. Воля Божая не ў загадах фашыстаў, а ў закліках роднай Рускай Праваслаўнай Царквы да сэрцаў нашых вернікаў, каб у гэтую грозную гадзіну на ніве царкоўнай як мага менш было пустацветаў і кожнае жывое сэрца квітнела промнямі міласэрнасці да нашых братоў, якія са зброяй у руках абараняюць нашу праваслаўную веру і Айчыну. Браты! Хто чым можа і калі можа, дапамагайце народным мсціўцам у іх добрай і вялікай справе! І галоўнае, усё рабіце не воздыхающе, а все­гда благодаряще Бога, Который видит вся сердечная твоя и воздаст ти сторицей в день последний твой».

Мітрапаліт Мікалай (Ярушэвіч).
Мітрапаліт Мікалай (Ярушэвіч).

І дапамога, пра якую гаварыў айцец Казьма Раіна, аказвалася святарамі паўсюдна. Формы яе былі розныя: забеспячэнне прадуктамі харчавання, медыкаментамі, прадастаўленне прытулку партызанам, іх лячэнне; утойванне моладзі ад згону ў Германію; дапамогу і ўтойванне ваеннапалонных; выдача даведак аб дабранадзейнасці і г.д.

Святар царквы вёскі Блячын Мінскай епархіі айцец Мікалай Хільтоў дапамагаў партызанскай разведвальнай групе і, акрамя таго, здолеў уладкаваць пры царкве “дом адпачынку”, г.зн. своеасаблівую лячэбніцу, дзе партызаны папраўлялі сваё здароўе. Прычым перавязкі параненым рабіла матушка айца Мікалая. А святар Барыс Кірык, які служыў у вёсцы Ятра Гродзенскай вобласці і які меў адпаведную медыцынскую адукацыю, пад падлогай свайго царкоўнага дома зладзіў шпіталь для партызанаў на 10 ложкаў. Праз роднага брата айца Барыса, Паўла, што служыў у Навагрудку сакратаром у архіепіскапа Афанасія (Мартаса), шпіталь забяспечваўся медыкаментамі. Па даносе айцец Барыс Кірык быў арыштаваны і загінуў, не выдаўшы брата.

Пратаіерэй Віктар Бекарэвіч.
Пратаіерэй Віктар Бекарэвіч.

Сувязным партызанскага атрада быў настаяцель Мікалаеўскай царквы вёскі Латыголь Мінскай епархіі святар Віктар Бекарэвіч. Значны перыяд яго далейшага пастырскага служэння звязаны з Аляксандра-Неўскім храмам, куды айца Віктара прызначылі настаяцелем у 1959 годзе. У 1970 годзе накіраваны ў замежную камандзіроўку для служэння ў якасці настаяцеля Нікольскага кафедральнага сабора ў сталіцы Аўстрыі – горадзе Вене. Пасля заканчэння камандзіроўкі ў 1979 годзе ён вярнуўся ў Мінск і працягнуў настаяцельскае служэнне ў Аляксандра-Неўскім храме да самага свайго скону, які напаткаў яго на восемдзясят сёмым годзе жыцця, – у 2002 годзе. За ўдзел у партызанскім руху пратаіерэй Віктар Бекарэвіч узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і баявымі медалямі.

Пратаіерэй Васіль Капычко.
Пратаіерэй Васіль Капычко.

Благачынны Гомельскай благачынніцкай акругі пратаіерэй Васіль Капычко быў партызанскім сувязным, распаўсюджваў сярод насельніцтва зводкі Савінфармбюро, здзяйсняў для народных мсціўцаў збор прадуктаў, адзення, абутку. У доме бацюшкі адбываліся сустрэчы кіраўніцтва і сувязных партызанскіх атрадаў. Зімою 1943 года фашыстам удалося раскрыць сувязь айца Васіля з партызанамі. Царкву і дом святара немцы спалілі. Сям’ю пратаіерэя і яго самога цудам удалося пераправіць у партызанскі атрад, які праз пэўны час далучыўся да дзеючай арміі і прымаў удзел у вызваленні Беларусі і Заходняй Украіны.

За сваю патрыятычную дзейнасць пратаіерэй Васіль Капычко ўзнагароджаны медалямі “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”, “За перамогу над Германіяй”, “За доблестный труд в Великой Отечественной войне”.

Многіх людзей, парой перакананых атэістаў, у гады ваеннага ліхалецця падтрымлівала вера ў Госпада. Кранальна выглядае эпізод, калі ў адну з адкрытых цэркваў нечакана з’явіўся камандзір партызанскага атрада, які базіраваўся непадалёку, і звярнуўся да вернікаў з наступнымі словамі: “У імя Айца і Сына і Святога Духа! Браты і сёстры! Бог ёсць і будзе! Мы былі часова адурманены, таму што забыліся на Бога. Богу трэба маліцца. Маліцеся за нас і за ўсіх байцоў і партызан. Амін!”

Танкавая калона “Димитрий Донской” у дзень перадачы войскам СССР. 1944 г.
Танкавая калона “Димитрий Донской” у дзень перадачы войскам СССР. 1944 г.

Беларускае духавенства ў трагічны для краіны час заставалася разам са сваім народам, падтрымлівала яго малітвамі, словам Божым заклікала на абарону Айчыны, а таксама брала ўдзел у зборы сродкаў на пабудову танкавай калоны Дзімітрыя Данскога [Для даведкі. Калона перададзена танкавым войскам СССР у 1944 годзе. У склад танкавай калоны ўваходзілі 19 танкаў Т-34-85 і 21 агнямётны танк ОТ-34. Танкі з надпісам “Димитрий Донской” з 38-га асобнага танкавага палка, як сведчаць афіцыйныя даныя, знішчылі больш за 1400 немцаў, 40 гармат, больш за 100 кулямётаў, 38 танкаў (частку з іх захапілі непашкоджанымі), 17 бронетранспарцёраў і больш за 100 аўтамабіляў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ацалелыя танкі калоны  “Димитрий Донской” устаноўлены на экспазіцыі ў музеях узброеных сіл Масквы, Ленінграда і Тулы. У 2005 годзе, па благаславенні патрыярха Алексія ІІ, у маскоўскім Данскім манастыры адзін з ацалелых танкаў калоны ўстаноўлены ў памяць аб прыхаджанах і святарах, на ахвяраванні якіх калона была створана.], бронецягніка “Савецкая Беларусь”, самалётаў для Чырвонай арміі (авіяэскадрылья імя Аляксандра Неўскага), а таксама ў аднаразовым зборы сродкаў у дапамогу сем’ям франтавікоў, сіротам, параненым. Толькі пачынаючы з 1944 года было сабрана каля 6 мільёнаў рублёў. Збор сродкаў здзяйсняўся нават у перыяд нямецкай акупацыі праз партызанскае камандаванне і падпольныя арганізацыі.

Герой Савецкага Саюза Аляксандр Білюкін, лётчык эскадрыльі “Аляксандр Неўскі”.
Герой Савецкага Саюза Аляксандр Білюкін, лётчык эскадрыльі “Аляксандр Неўскі”.
“Наперад, воіны!” Выступленне мітрапаліта Мікалая (Ярушэвіча) перад салдатамі і афіцэрамі Чырвонай арміі. 1944 г.
“Наперад, воіны!” Выступленне мітрапаліта Мікалая (Ярушэвіча) перад салдатамі і афіцэрамі Чырвонай арміі. 1944 г.

Да канца вайны ў межах Беларусі налічвалася 625 храмаў і 3 манастыры. Некаторыя даследчыкі лічаць, што іх было крыху больш за тысячу. З 1941 па 1945 гады было пасвечана ў святарскі сан 213 чалавек.

У сталіцы Беларусі, горадзе Мінску, як ужо адзначалася, у 1941 годзе першым быў адчынены для набажэнстваў могілкавы храм у гонар святога Аляксандра Неўскага. Ужо 6 ліпеня тут было здзейснена першае Набажэнства. У гады вайны ў храме служылі некалькі настаяцеляў. Адзін з іх, пратаіерэй Іаан Кушнер, у ліпені 1943 года трагічна загінуў, падарваўшыся на міне.

Пратаіерэй Іаан Кушнер.
Пратаіерэй Іаан Кушнер.

Незадоўга да вызвалення Мінска, у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня 1944 года, настаяцель пратаіерэй Мікалай Цісельскі, які служыў тут у той час, прадаставіў храм для сховішча многім мінчанам, якім пагражала адпраўка ў Германію. Пасля вызвалення Мінска яны пакідалі храм са слязьмі радасці. У знак падзякі Божай Маці за выратаванне людзей айцец Мікалай уладкаваў у храме асаблівы правы прыдзел у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Усяго за час акупацыі было адноўлена набажэнства ў шасці мінскіх храмах, якія раней былі зачынены. У 1943 годзе быў асвечаны новы пабудаваны храм у гонар свяціцеля Мікалая каля Козыраўскіх могілак (цяпер гэта раён камвольнага камбіната). З ласкі Божай, ні адзін з гэтых храмаў не быў разбураны ў выніку шматлікіх паветраных налётаў і артабстрэлаў. Хаця многія з іх атрымалі пашкоджанні.

У самым пачатку вайны, 24 чэрвеня 1941 года, падчас жорсткай бамбардзіроўкі раёна, што прылягае да Вайсковых могілак, яны былі ахоплены агнём. Адна са шматлікіх фугасных бомбаў трапіла ў Аляксандра-Неўскі храм. Прабіўшы дах, яна ўпала перад алтаром, насупраць іконы свяціцеля Мікалая, але выбуху, з ласкі Божай, не адбылося. Відавочцы таксама ўспаміналі, што дах храма быў ахоплены полымем, з якім ніхто і не спрабаваў змагацца, але яно само па сабе патухла…

Галоўны алтар храма Святога дабравернага Аляксандра Неўскага. Справа – ікона Мікалая Цудатворцы.
Галоўны алтар храма Святога дабравернага Аляксандра Неўскага. Справа – ікона Мікалая Цудатворцы.

Пры правядзенні падрыхтоўчых работ для замены даху храма былі выяўлены абгарэлыя фрагменты драўляных перакрыццяў. Настаяцелі храма звярнуліся з просьбаю да праектантаў і рэстаўратараў пакінуць і захаваць меткі таго страшнага пажару ў якасці своеасаблівага памятнага знака на ўспамін пра гаротныя, але разам з тым і гераічныя падзеі ваеннага часу, што па промыслу Госпада выпалі на долю беларускага народа.

Сапраўды, Аляксандра-Неўскі храм і Вайсковыя могілкі, на якіх ён размешчаны, можна ўспрымаць як своеасаблівы адзіны комплекс, які ўвасабляе ратны подзвіг нашага народа ў адстойванні сваёй духоўнай і нацыянальнай ідэнтычнасці і незалежнасці сваёй зямной Айчыны.

Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца больш чым пераканаўчым сведчаннем няўхільнай праўдзівасці слоў святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага: “Не ў сіле Бог, а ў праўдзе”.

Матэрыял падрыхтаваны на аснове артыкула пратаіерэя Мікалая Коржыча, настаяцеля храма ў гонар святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага ў Мінску, “Вместе с народом Божиим. Церковное служение и патриотическая деятельность  белорусского православного духавенства в 1941 – 1944 годах”.

Пераклад Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

http://www.xn--80aanubqehjxn.xn
https://drevo-info.ru/
https://nevsky.by/
https://magis-amica.livejournal.com/
https://imhoclub.by/
http://sluck-eparchiya.by/
http://www.pravoslavie.ru/
https://sol-churches.ucoz.org/https://his.1sept.ru/
https://svyatoslav.livejournal.com/