Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Беларускі народ мае багатую і самабытную культуру – сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных грамадствам у працэсе гістарычнага развіцця.
Да матэрыяльнай культуры адносіцца ўсё тое, што неабходна для задавальнення матэрыяльных патрэб чалавека: прылады працы, жыллё, адзенне, ежа, культавыя рэчы. Тыя ці іншыя прадметы выконваюць разнастайныя функцыі – практычныя, эстэтычныя, абрадавыя, выхаваўчыя. Кожная з іх у сістэме культурных каштоўнасцей займае сваё месца.
Нагадаем, што матэрыяльная культура ўзнікла разам з вырабам чалавекам прылад працы, гістарычна развівалася паступальна, захоўваючы пераймальныя сувязі, ад прасцейшых форм, нярэдка запазычаных у прыроды, да разнастайных спецыялізаваных прылад і прафесійных твораў мастацтва. На жыллё, адзенне, ежу, сродкі зносін, спецыялізацыю гаспадарчых заняткаў уплывала мясцовая прырода з яе разнастайнымі рэсурсамі і адпаведнымі ўмовамі.

У гэтым артыкуле расповед пойдзе пра асаблівасці матэрыяльнай культуры канца ХІХ стагоддзя Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.
На тэрыторыі Беларусі таго часу выдзелены 6 гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Падзвінне, або Паазер’е, Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Усходняе Палессе і Заходняе Палессе. У кожным з іх у сваю чаргу вылучаюць больш дробныя этнагеаграфічныя адзінкі – лакальныя раёны.
Тэрыторыя мясцовасці, пра якую гаворыцца ў матэрыяле, адносіцца да этнаграфічнага рэгіёну Панямонне і падраёна – левабярэжнае Панямонне [10, с. 153].
ЖЫЛЛЁ
Пры вывучэнні традыцыйнай культуры асаблівая ўвага звяртаецца на жыллё. Менавіта яно данесла да нас праз стагоддзі і эпохі найкаштоўнейшую інфармацыю, як жыў чалавек, наладжваў паўсядзённы быт, якімі прыладамі і рэчамі карыстаўся, што дазваляе прасачыць вытокі і эвалюцыю яго самабытнай культуры.
Жыллё чалавека – гэта не толькі жылыя памяшканні, але і ўся сядзібная забудова, што складалася з цэлага комплексу жылых, падсобных, гаспадарчых і прамысловых забудоў. Кожная з іх выконвала ўласцівыя толькі ёй функцыі, але і цесна дапасавалася адна да адной, утвараючы сядзібны комплекс, што складаўся з хаты, свірна, склепа, павеці, адрыны для сена, гумна, хлявоў, студні.

Жыллё з’яўлялася асноўнай архітэктурнай часткай сядзібных забудоў. Яно, як і іншыя сядзібныя памяшканні, будавалася з дрэва, але прыкметна адрознівалася на тэрыторыі Беларусі канструкцыйнымі асаблівасцямі, формай стрэх, іх пакрыццём, памерамі, дэкаратыўным аздабленнем, інтэр’ерам [8, с. 42].
Для рэгіёну Панямоння найбольш тыповай для сялянскіх сядзіб была такая сістэма забудовы, калі гумны, пуні, адрыны для сена ставілі на некаторай адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. А традыцыйнае жыллё мела такую планіровачную структуру – хата, сенцы і камора. Ужо ў ХХ стагоддзі самастойна вылучаліся кухня, спальня, святліца. Дахі крылі саломай, гонтай, чарапіцай [10, с. 387].

Хата заўсёды будавалася вокнамі на вуліцу. Уваход калісьці быў, у пераважнай большасці, з двара. Спачатку траплялі ў сенцы. Тут стаялі вёдры, цэбры з розным начыннем. Мелася лесвіца (“драбіны”) або проста бервяно з засечкамі, якое вяло на гару, дзе віселі шынкі і летнія каўбасы (зімнія каўбасы, залітыя салам, і само сала захоўвалі ў гарлачах і дзежках, што стаялі ў сенцах ці ў каморы).

Дзверы насупраць вялі ў камору, дзе таксама былі рэчы для гаспадаркі, а на паліцах стаялі розныя прыпасы. У некаторых хатах меліся прыбудаваныя халодныя пакоі, куды гаспадыня выносіла ўлетку кросны (ткацкі станок), бо ў самой хаце было горача.

У каморы ўлетку спалі старэйшыя, а ўзімку на аўсянай саломе ляжалі яблыкі, рассыпаныя тоўстым пластам жалуды для свіней, іншыя прыпасы. Зрэдку ў каморы ўладкоўвалі і грубку, каб пры выпадку можна было размясціць там гасцей.
У хаце, каля ўвахода справа, размяшчалася месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. Пасля печ. За печчу — палок ці шырокія лавы. На іх сядзелі, а ноччу маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Перад лавамі – стол. Стол і лавы часцей за ўсё выраблялі з тоўстых дубовых дошак. Каля сцяны стаялі куфры, а ўзімку ў хату ўносілі кросны.

Найбольш шаноўным месцам у хаце з’яўляўся чырвоны кут – покуць, што выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуці размяшчалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў. Покуць сімвалічна атаясамлівалася з усходам і поўднем, у той час як процілеглы кут (дзе стаяла печ) – з захадам і поўначчу.
Падчас Вялікага посту выкарыстоўваліся ручнікі з перавагай узораў чорнага колеру. Зусім інакшы выгляд – абавязкова з прысутнасцю чырвонага колеру – мелі святочныя ручнікі. Яны з’яўляліся знакам і народных, і царкоўных святаў, кожнае з якіх пачыналася з перайначвання звыклага інтэр’ера хаты ў святочны.
У ліку традыцыйных прыгатаванняў, навядзення чысціні было і прыбіранне бажніцы: святочнымі ручнікамі ўпрыгожвалі абразы, запальвалі лампадкі, свечкі [7, с. 22].
Традыцыя ўпрыгожваць абразы ручнікамі захавалася і да нашага часу. Покуць з абразамі, прыбранымі вышытымі ручнікамі, юныя даследчыцы ўбачылі пры наведванні зямлячкі Яўгеніі Іванаўны Кубіцкай.

Ручнікі былі таксама адным з неабходных абрадавых атрыбутаў у вясельным і пахавальна-памінальным абрадах, іх дарылі ў храмы, капліцы. Вышытымі ручнікамі да гэтага часу ўпрыгожваюць прыдарожныя крыжы.
Мастацкае афармленне ручніка мае шмат агульнага з арнаментам беларускага народнага касцюма. Для рэгіёну Панямоння найбольш характэрны складаны геаметрычны малюнак.

Згадаем яшчэ адну самабытную каштоўнасць беларусаў – тканыя посцілкі. На Ваўкавышчыне іх яшчэ называюць “радзюжкамі”, “капамі”. Сыравінай для іх здаўна служылі лён, воўна, радзей – пянька.
Посцілкі па кампазіцыі і характары ўзораў бываюць двух відаў: з сеткавымі кампазіцыямі і геаметрычным арнаментам, дывановыя – з расліннай арнаментыкай.
Посцілкі з геаметрычным арнаментам маюць народны характар. Яны шчыльна запоўнены па ўсёй паверхні буйнымі і малымі ромбамі, васьміпялёсткавымі зоркамі, разеткамі, якія ўпісаны ў рамбічную сетку, і звычайна маюць па доўгім баку невялікую кайму з дробнаўзорных матываў [6, с. 690].
Яўгенія Іванаўна Кубіцкая распавядала, што ў вёсцы ўмелі ткаць усе жанчыны. Дзяўчаты любілі ткаць дываны са складанымі ўзорамі, малюнкамі. Рабілі так: склейвалі лісты паперы ў клетку такой шырыні, якой павінен быць ручнік альбо дыван, потым алоўкам наносілі ўзоры, а пасля пераносілі на палатно. Ткалі звычайна ўдваіх: адна дыктавала ўзор, каб не памыліцца, а другая ткала. Таксама была вельмі распаўсюджана вышыўка: вышыты певень абараняў ад дурнога вока, кветка сімвалізавала жыццё. Вышываць было ў той час модна.
У кожнай хаце меўся куфар, які потым замянілі на шафу. У куфар збіралі пасаг маладой, а падчас вяселля перавозілі ў дом да маладога. Куфры выраблялі з сасновых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах. Па баках куфра мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы ўладкоўвалі ўнутраны замок ці зашчапку для вісячага.

Часта куфры аздаблялі мастацкай акоўкай у выглядзе жалезных ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Куфры ўпрыгожваліся рознымі ўзорамі. На Ваўкавышчыне гэта былі дробныя геаметрычныя і раслінныя матывы (зоркі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колераў, якія наносіліся ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне [10, с. 282].
І, вядома, у кожнай хаце меўся неабходны посуд – ганчарныя вырабы.
На Ваўкавышчыне больш за ўсё карысталіся поразаўскай керамікай, дзе выраблялі чорна-глянцавы посуд гаспадарчага прызначэння: гаршкі з накрыўкамі, збанкі, гладышы, міскі і інш. Для гэтых вырабаў быў уласцівы старажытны арнамент у выглядзе сетчатага ўзору, палосак, ёлачак. Узор наносілі на падсохлай паверхні вырабаў кавалкам крэменю, пасля чаго посуд абпальвалі ў закрытых печах без доступу кіслароду. У выніку тэрмахімічнай апрацоўкі посуд набываў цёмна-матавы колер, на фоне якога, ззяючы каларытным бляскам, выступаў узорны арнамент [8, с. 109].

На Панямонні таксама карысталіся пружанскай керамікай. Гэта былі гаршкі, збанкі, міскі, талеркі, кубкі, якія вызначаліся буйнымі формамі і мелі ў аснове шар, цыліндр або конус [10, с. 413]. Гэтыя вырабы былі чорнага колеру (часам з сінявата-чорным адценнем), абпальванне якіх завяршалася задымліваннем.
У кожнай хаце ў ХІХ стагоддзі было шмат бандарных вырабаў – драўляных ёмістасцей з клёпак для зберагання і дастаўкі прадуктаў, вадкіх, паўвадкіх і сыпучых рэчываў.

Для вырабу драўлянага посуду важным было выкарыстанне той ці іншай драўніны: народныя майстры ўлічвалі пароду дрэва, яго стан, вільготнасць, умовы росту, сезон нарыхтоўкі.
Адной з самых каштоўных парод лічыўся дуб. З яго выраблялі бочкі і кадкі пад квас, сок, грыбы, гародніну, пры гэтым, апрача трываласці і даўгавечнасці пасудзін, прымалі на ўвагу і здольнасць драўніны надаваць прадуктам спецыфічны смак, садзейнічаць працэсам квашання.
З дубу рабілі таксама вёдры для студні, біклагі, кубельцы і дзежкі. З сасны найчасцей выраблялі цэбры, балеі, кублы, часам – бочкі і кадзі. Пры вырабе даёнак, боек, вёдзер аддавалі перавагу елцы, драўніна якой больш цвёрдая і менш успрымальная для вільгаці. Асіна і вольха больш прыдатная для мер ёмістасці, пасудзін пад збожжа, кублаў для адзення. З асіны рабілі бочкі пад капусту. Некаторыя вырабы невялікіх памераў аздабляліся разьбой і выпальваннем [10, с. 82]. Шырока выкарыстоўвалі таксама саламяныя карабы для захавання збожжа, мукі, круп, адзення.

Традыцыйным упрыгожаннем інтэр’ера жылля з’яўляўся павук – кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі. Яго падвешвалі над сталом. Лічылася, што такая кампазіцыя прыносіць шчасце. Часцей за ўсё выраблялі павукоў шарападобнай ці рамбічнай формы [10, с. 371].

Такім чынам, жыллё на Ваўкавышчыне адрознівалася сістэмай забудовы, планіровачнай структурай, дэкаратыўным аздабленнем, інтэр’ерам. Свае асаблівасці мелі таксама афармленне тканых посцілак, ручнікоў, форма ганчарных і бандарных вырабаў, колер посуду.
АДЗЕННЕ
Неад’емнай часткай матэрыяльнай культуры з’яўляецца адзенне. У шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Агульны выгляд адзення залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабаў гаспадарчай дзейнасці, узроўню развіцця вытворчых сіл, этычных поглядаў і патрабаванняў, нацыянальных традыцый.
Народны касцюм з яго сціплай гармоніяй і незвычайнай вытанчанасцю з’яўляецца адной з найбольш цікавых і маладаследаваных з’яў матэрыяльнай культуры.
Традыцыйны комплекс беларускага адзення левабярэжнага Панямоння адносіцца да ваўкавыска-камянецкага строю, бытаваў ён у асяроддзі сялян і дробнай шляхты.
Гарнітур жаночага летняга адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, гарсэта, пояса, галаўных убораў і ўпрыгожванняў. Кашуля мела глыбокі разрэз пазухі і высокі стаячаадкладны каўнер. Уздоўж рукавоў і па цэнтры кашулі чырвонымі або чырвона-чорнымі ніткамі вышывалі раслінныя і геаметрычныя ўзоры. У старажытнасці чырвоны колер сімвалізаваў жыццё.

Фарбавалі тканіны прыроднымі фарбавальнікамі (настоямі траў, кары і лісця дрэў, балотнай жалезнай рудой). Сакавітасцю бурачковых, малінавых, фіялетава-сініх фарбаў, арнаментальнай узорыстасцю нізу вылучаліся спадніцы-андаракі з вертыкальнымі складкамі. Арнамент яркіх кантрастных паскаў і клетак дапаўняўся рознакаляровымі зоркамі, кветкамі.
Неад’емнай часткай традыцыйнага жаночага касцюма быў фартух. Яго шылі з адной або дзвюх полак белай ільняной тканіны ці паркалю, аздаблялі фальбонамі, вышыўкай.
Паўсядзённыя фартухі шылі з грубага льнянога палатна, пафарбаванага ў цёмныя колеры: карычневы, чорны, сіні, табачны. У святочным касцюме фартух падбіралі ў тон спадніцы ці блузкі. Фартух быў абавязковай часткай адзення цяжарных жанчын: лічылася, што нашэнне фартуха паўплывае на здароўе дзіцяці ў будучым [6, с. 573].

У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі, якая шчыльна аблягала стан і рабіла фігуру зграбнай. Прыталеная безрукаўка добра спалучалася з пышнымі, часам вышытымі, рукавамі кашулі. Гарсэт шылі з чорнай шарсцянкі, аздаблялі вышыўкай расліннага арнаменту. Верх безрукаўкі рабілі з даматканага льнянога ці суконнага палатна. Упрыгожвалі паўсядзённыя безрукаўкі мехавымі абшыўкамі, сціплай вышыўкай каляровымі ніткамі, аздабленнем маглі служыць шнуроўкі, гузікі [6, с. 579].
Галаўныя ўборы строга залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой, таму жаночыя галаўныя ўборы паводле будовы былі больш складаныя і разнастайныя. Гэта наміткі, чапцы, каптуры. Іх шылі з чырвонага ці сіняга паркалю, шарсцянкі або бардовага атласу, аздаблялі тасёмкай бліскучага жоўтага галуну і гафрыраваным паскам белага цюлю.
Самы пашыраны галаўны ўбор – намітка. Мноствам спосабаў яна павівалася вакол галавы на спецыяльным каркасе. Канцы наміткі прыгожа драпіраваліся на спіне, а постаць жанчыны ўспрымалася надзвычай статнай і велічнай. Дзяўчаты завязвалі рознакаляровыя хусткі, да якіх з левага боку мацавалі букецік жывых або штучных кветак. Шыю ўпрыгожвалі бісернымі пацеркамі, стужкамі, рукі – пярсцёнкамі.
Мужчынскае адзенне не было разнастайным. Верхнім адзеннем служылі пінжакі, курткі, марнаркі (ад польск. марынаркі), у халоднае надвор’е – світкі, кажухі.

Аснову мужчынскага летняга адзення складалі кашуля, нагавіцы, даматканы рознакаляровы пояс. Кашулю з адкладным каўняром сціпла аздаблялі чырвонай вышыўкай на каўняры і падоле. Нагавіцы шылі з суравога палатна або з пярэстай (у клеткі, паскі) паўшарсцянкі [10, с. 104].
Мужчыны ўзімку насілі шапкі-вушанкі з аўчын, пакрытыя зверху цёмным сукном, а ўлетку часта – саламяныя капелюшы, што плялі самі.
Абутак для невялікіх сямейных святаў, работы ў полі і на двары, паўсядзённы і хатні абутак быў вельмі разнастайны.
Летам дзеці і дарослыя хадзілі босыя, рэдкія работы патрабавалі абутку для зручнасці і бяспекі. Бытаваў самаробны абутак некалькіх відаў: скураны ці палатняны на драўлянай падэшве (“абіякі”, “шклёпкі”); абутак з суцэльнага кавалка скуры (“пасталы”); плецены з лыка (лапці), ільняных вяровак, нітак (“чуні”); шыты з ваўнянай тканіны, сукна ці войлаку (“буркі”); валены абутак (“валёнкі”).

Падэшву для “абіякаў” рабілі з дрэва – дуба, асіны, бярозы. Вырэзвалі даволі высокую калодку па памеру нагі, спераду падэшву скруглялі, рабілі накшталт абцаса. Зверху абабівалі кавалкамі скуры, замацоўвалі цвікамі. “Абіякі” насілі ў халодную пару года, зімой. Звычайна такі абутак быў трывалы, яго хапала на некалькі гадоў.
Абутак з суцэльнага кавалка скуры (“пасталы”) – з’яўляецца, магчыма, найбольш старажытным тыпам абутку. Іх рабілі з цэлага кавалка грубай скуры. Зрэдку “пасталы” выкарыстоўвалі як зімовы абутак, абувалі на анучы ці на валёнкі.

Абутак, плецены з лазовай кары (лапці), як самы танны і даступны, насілі найбольш бедныя сяляне. “Чуні” і “буркі” былі хатнім абуткам. Часта хатні абутак абувалі, ідучы ў храм.
Валёны зімовы абутак (валёнкі) быў распаўсюджаны значна менш, чым “абіякі”. Вырабам абутку займаліся майстры-мужчыны, якія працавалі на вёсцы і ў мястэчку, хадзілі па хатах, выраблялі абутак на заказ [6, с. 586].
Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, апранаць на вяселле ці радзіны, падчас радасці ці жалобы. Напрыклад, у пост хадзілі ў касцюме, у якім адсутнічаў чырвоны колер. У самае прыгожае адзенне ўбіраліся да працоўных урачыстасцей: выгану жывёлы на “юраўскую расу”, на свята Першай баразны, Першага снапа на ніве або Першага пакосу на сенажаці.
Дэкор касцюма натуральна ўпісваўся ў беларускі краявід, гарманіраваў з інтэр’ерам сялянскай хаты, з яго самабытнай мэбляй, ручнікамі, абрусамі [10, с. 23].
Народны касцюм Ваўкавышчыны адрозніваўся сваім асартыментам, асаблівасцямі крою, колерам і ўзорамі вышыўкі.
ЕЖА
Характар ежы і харчавання беларусаў вызначаліся накіраванасцю іх гаспадаркі. Аснова ўсяго – хлеб. Пшанічны тут пяклі рэдка. Беларусы любяць чорны хлеб. Яго пяклі з рознымі дабаўкамі – бульбай, буракамі, у галодныя гады – з жалудамі, мякінай.
Хлеб на Панямонні звычайна выпякалі вялікімі боханамі (па 4 – 6 кг), круглымі або прадаўгаватымі. Пяклі на чэрані, падсцілаючы пад яго свежае капуснае, дубовае, кляновае ці хрэнавае лісце, аер. Буханкі абгладжвалі вадой, часам на свята ўкачвалі мукой.

Хлеб даставаўся цяжка. Яго абагаўлялі. Кінуць хлеб лічылася вялікім грахом. Калі выпадкова кавалак падаў, трэба было яго падняць, пацалаваць і сказаць: “Даруй, Божухна”.
Калі хлеба не было, раніцай на снеданне пяклі праснакі. Імі замянялі хлеб, бралі з сабой у дарогу, часам нават прыносілі ў госці.
Святочнае печыва – пірагі – звычайна выпякалі з пшанічнай мукі. З яблыкамі, садавіной, чарніцамі, макам. Падчас выпечкі рэшткі цеста аддавалі дзецям, каб кожны спёк сабе па маленькай булачцы.
Бульба – другі хлеб у беларусаў. Налічваюць каля 200 страў з бульбы. Яе варылі цэлую і рэзаную, абабраную і ў лупінах, пяклі, смажылі. З дранай бульбы пяклі дранікі і гатавалі бабку, пакрышаную выкарыстоўвалі для супа, булёну. Бульба ішла на прыгатаванне клёцак, калдуноў, запяканак, піражкоў [10, с. 191].
Да бульбы падавалі сала, салёныя агуркі (з укропам, халодныя) і селядзец. Часам бульбу мачалі ў селядцовы расол або зялёны канапляны ці залаты сланечнікавы алей. Ужывалі з маслам ці кіслым малаком [2, с. 400].
З малочных прадуктаў спажывалі малако, тварог, сыр, масла, смятану, сыроватку, маслёнку, малодзіва. Малако ўжывалі халодным, гатаваным, але найчасцей пераважна кіслым.
На тварог кіслае малако адтоплівалі ў печы, залівалі ў спецыяльны клінок, з якога сцякала сыроватка. Тварог у клінку завязвалі і клалі пад гнёт, праз пэўны час атрымліваўся сыр. Яго спажывалі свежым. У пост сушылі або складалі ў дзежку і залівалі растопленым маслам. На сыроватцы рабілі халаднік, варылі крупнік, пяклі бліны. Масла збівалі са смятаны ў глінянай пасудзіне, потым у спецыяльных бойках. Смятану збіралі з кіслага малака або з салодкага. Спажывалі смятану як закрасу для баршчу, квасу, да бліноў.

Значнае месца ў харчаванні займалі мясныя стравы. Ужывалі ў ежу свіное мяса, бараніну, мяса свойскіх птушак, значна радзей – ялавічыну. Мяса спажывалі сырым, вараным, печаным, вэнджаным. Найбольш пашыраная страва з сырога мяккага свінога мяса – каўбаса. Мяса захоўвалі таксама ў свіным страўніку, атрымліваўся смачны кіндзюк.
Сала, здор салілі з прыправамі. Сала рэзалі кавалкамі па памеру дзежкі, тады яно, добра прасоленае, не жаўцела і даўжэй захоўвалася. Елі сала сырым, печаным. Тукам і здорам закрашвалі стравы, унутраны тлушч ператоплівалі. Са свіных вантроб рабілі вантрабянку, з крыві – крывянку. З ног, галавы гатавалі квашаніну (разм. халадзец). Традыцыйна ў той дзень, калі калолі кабана, гаспадары наладжвалі са свежыны багатую вячэру [10, с. 191].

На Панямонні гатавалі шмат страў з рыбы. Перш за ўсё гэта цудоўная юшка, празрыстая, бурштынавая ад тлушчу і ад колеру цыбулі, што кладуць туды, зняўшы толькі верхнія сухія жоўтыя лушпайкі. У юшку кладуць таксама прыправы і прысмакі.
Часам гатуецца юшка “ў дзе ці тры рэдзі”. Гэта значыць, што спачатку варацца акуні ці яршы, пасля іх вымаюць, і толькі тады ў адвар кладзецца “сапраўдная рыба” – рыбцы, ляшчы, сцерлядзь [2, с. 402]. “Тут быў таран, мянёк пузаты, / Шчупак, лінок, акунь, карась, / Кялбок і ялец, плотка, язь” [3, с. 173].
Найбольш пашыраны від расліннай ежы да нашага часу – каша. Крупяную кашу варылі з проса і аўса, ячных і грэцкіх круп, гатавалі з малаком, мясам, салам, каўбасой.
Адным з галоўных прадуктаў харчавання лічылася таксама гародніна. Сырымі ўжывалі рэпу, рэдзьку, агуркі, моркву, цыбулю, часнок. Гарох і боб парылі; капусту, буракі, бручку, агуркі квасілі, салілі. (Квашэнне ў бочках – альтэрнатыўны спосаб захоўвання буракоў, сёння ўжо мала вядомы.)
Звычайна кіслыя стравы (на першае) варылі з капусты, буракоў і бацвіння, з салёных агуркоў, са шчаўя, грыбоў.
Час прыёму ежы залежаў ад пачатку і заканчэння работы. На снеданне варылі бульбу, пяклі блінцы, яечню. Другі раз харчаваліся ў паўдзённы час (12 – 14 гадзін, абед ці полудзень). На першае елі боршч з мясам, салам, здорам або алеем, грыбамі; на другое – кашу, страву з бульбы. На заканчэнне абеду елі малочны крупнік ці булён, запівалі квасам, кампотам, кіслым малаком. У поле таксама бралі квас, кашу, блінцы і інш.

У доўгія летнія дні паміж абедам і вячэрай абавязкова палуднавалі (падвячоркавалі) у час “як сонца зверне”. На вячэру звычайна варылі якую-небудзь свежую страву (бульбу, булён), пілі малако.
Ежа ў беларусаў залежала ад пары года, ад ступені заможнасці гаспадаркі. Самай галоднай парой была вясна. Летам пераважала свежая гародніна – агуркі, зялёная цыбуля з квасам, боб, а таксама малочныя стравы; сала, каўбасы стараліся захаваць на перыяд цяжкіх сельскагаспадарчых работ. Восень, зіма былі больш багатыя на хлеб, крупы, мяса, назапашаную гародніну.
Падчас посту (каля 200 дзён у год) забаранялася скаромная ежа (мясная і малочная). Ужывалі толькі посную – раслінную і з рыбы. Традыцыйнымі поснымі стравамі былі мучныя, саладуха, кісель, галушкі, талакно, боршч ці квас з грыбамі, рыба, селядцы. Асноўнай закрасай у посныя дні быў алей, тоўчанае льняное і канаплянае семя, цёрты мак [10, с. 191].
Звычайна характар ежы вызначаўся не толькі асаблівасцямі прыродна-кліматычных умоў, але і дабрабытам сям’і.
Самыя багатыя і смачныя стравы беларусы ўжывалі на святы – Каляды і Вялікдзень. Гаворачы радкамі Якуба Коласа, “са смакам елі і багата — / на тое ж даў Бог людзям свята” [3, с. 202].
…Адметна бяднейшым становіцца народ, які слаба ведае сваю культурную спадчыну, не імкнецца вывучыць і захаваць найлепшыя рысы айчыннай культуры і спрыяць яе далейшаму развіццю, бо толькі праз нацыянальнае можна спасцігнуць агульначалавечае.
Выдатна разумеючы, што матэрыяльная культура роднага Панямоння недастаткова вядома маладому пакаленню, юныя даследчыцы, Паліна Бахонка і Карына Гарбенка, вырашылі спачатку заняцца даследчай дзейнасцю самі, а пасля выклікаць цікавасць і таксама скіраваць іншых на захапляльны, хаця і няпросты, шлях вывучэння самабытнай культуры роднай зямлі.
Матэрыялы для напісання даследчай працы збіралі падчас наведвання літаратурна-краязнаўчага музея ў в. Гудзевічы Мастоўскага раёна, раённага Дома рамёстваў у г.п. Рось, Дома рамёстваў у г. Ваўкавыску, гісторыка-этнаграфічнага музея ў Ваўкавыскім каледжы УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”, музея гісторыі Ваўкавышчыны СШ № 7 г. Ваўкавыска, у час размовы з жыхаркай вёскі Карэвічы Кубіцкай Яўгеніяй Іванаўнай, а таксама аналізу энцыклапедычных даведнікаў і літаратурных крыніц.
Юныя даследчыцы назаўсёды захавалі ў сваіх сэрцах цеплыню ад сустрэч і ўдзячнасць да кожнага дарослага, хто спрыяў ім у такой важнай справе, шчыра дзяліўся ведамі і заахвочваў на далейшую працу.
У сваю чаргу кожны, хто прачытаў гэты матэрыял, думаецца, застанецца ўдзячны навучэнкам і педагогам Ваўкавыскай СШ № 7 за шчырую павагу да культуры свайго народа і жаданне захаваць набыткі для наступных пакаленняў.
Вывучэнне культурных традыцый свайго краю садзейнічае фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, выхоўвае любоў да ўсяго айчыннага, да мясцовасці, дзе чалавек нарадзіўся, народа, мовы, культуры і краіны, грамадзянінам якой ён з’яўляецца, павагу да веры і традыцый продкаў.
Артыкул падрыхтаваны на аснове конкурснай даследчай працы (2018 г.) вучаніц СШ № 7 г. Ваўкавыска Бахонкі Паліны і Гарбенкі Карыны (кіраўнікі – настаўнікі геаграфіі Ваўкавыскай СШ № 7 Лілія Станіславаўна Кароль і Святлана Іонаўна Марчук).
Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мн.: БелЭн, 2001. – 12 т.
- Караткевіч, У. П’есы. Нарыс / У. Караткевіч // Збор твораў: у 8 т. / У. Караткевіч. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. – 8 т., кн. 1.
- Колас, Я. Новая зямля. Казкі жыцця: Паэма, апавяданні: для сярэд. і ст. шк. узросту / Я. Колас. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2001. – 374 с.
- Маленка, Л. І. Беларускі народны касцюм / Л. І. Маленка. – Мн.: Ураджай, 2001. – 160 с.
- Сахута, Я. М. Народная разьба па дрэву / Я. М. Сахута. – Мн.: Вышэйшая школа, 1978. – 96 с.
- Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: у 6 т. / Т. 3 : Гродзенскае Панямонне. У 2-х кн. Кн. 2 / А. М. Боганева [і інш.]; аўт. ідэі Т. Б. Варфаламеева; агул. рэд. Т. Б. Варфаламеевай. – Мн.: Вышэйшая школа, 2006. – 736 с.
- Фадзеева, В. Беларускі ручнік / В. Фадзеева. – Мн.: Полымя, 1994. – 327 с.
- Цітоў, В. С. Этнаграфічная спадчына. Беларусь. Краіна і людзі: вучэб.-метад. дапам. / В. С. Цітоў. – Мн.: Беларусь, 1996. – 208 с.
- Цітоў, В. С. Этнаграфічная спадчына. Беларусь. Краіна і людзі: вучэб. -метад. дапам. / В. С. Цітоў. – Мн.: Беларусь, 1997. – 207 с.
- Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мн.: БелСЭ, 1989. – 575 с.






