Першая кніга, якая мела назву “Буквар”, з’явілася на свет роўна 400 гадоў таму. Яна была выдадзена 24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі.
Поўная назва выдання – “Букварь языка славенска писаний чтения о учитися хотящим в полезное руковожение”. Самае першае слова ў назве выдання адразу ж звяртае на сябе ўвагу. Сёння яно вядома кожнаму жыхару нашай краіны, а таксама многіх іншых краін свету.
Але чатыры стагоддзі таму гэта назва выглядала абсалютна незнаёмай і нечаканай.
Яна мела невялікі і зручны для выкарыстання памер – у восьмую долю друкарскага аркуша – і складалася з 52 ненумараваных аркушаў.
Структура выдання вызначалася характарам навучальнага працэсу ў той перыяд. Адукацыйны працэс у XVI–XVIII стагоддзях пачынаўся з навучання грамаце так званым літараскладальным метадам, які выкарыстоўвалі яшчэ старажытныя грэкі і рымляне. Сутнасць гэтага метаду можна зразумець з назвы. Напачатку вучні вывучалі літары славянскага алфавіта (“аз”, “букі”, “ведзі” і г.д.). Затым яны займаліся складаннем літар у простыя склады з дзвюх літар (“букі” + “аз” = ба, “ведзі” + “аз” = ва) і трохлітарныя склады. Нарэшце пасля гэтага вучні спрабавалі складваць са складоў цэлыя словы, а затым – сказы.
У адпаведнасці з такім прынцыпам будавалася і структура навучальных выданняў, у тым ліку і “Буквара” 1618 года. У кнізе прыводзіцца славянскі алфавіт у звычайным і адваротным парадку, прыклады складоў з двух, трох, чатырох, пяці і больш літар, прасцейшыя словы царкоўнаславянскай мовы, пералік знакаў прыпынку і лічбаў у адпаведнасці са старажытнай кірылічнай традыцыяй, некаторыя правілы граматыкі. Апрача ўласна адукацыйных задач “Буквар” быў прызначаны для патрэбаў выхавання, якое ў той час грунтавалася на хрысціянскай сістэме каштоўнасцей. Менавіта з гэтай мэтай ў склад выдання ў якасці важных тэкстаў для чытання ўключаны шматлікія малітвы, рэлігійныя гімны, сімвал веры, Божыя запаветы, пропаведзі, пералік добрых якасцей чалавека і яго грахоў, а таксама шматлікія іншыя маральна-выхаваўчыя тэксты.
Як сёння, так і многа стагоддзяў таму для навучальных выданняў прынцыповае значэнне меў знешні выгляд кнігі і яе мастацкая аздоба. У “Буквары” выкарыстаны розныя варыянты кірылічных шрыфтоў, што аблягчае ўспрыняцце тэкстаў, стварае добрае візуальнае ўражанне. Ужо на тытульным аркушы змешчаны некаторыя дэкаратыўныя элементы, якія ствараюць урачыстае адчуванне. У выданні прыведзены дзве прыгожыя буйныя гравюры. Першая змешчана на адвароце тытульнага аркуша і прадстаўляе герб беларускага магната Багдана Агінскага, уладальніка мястэчка Еўе і апекуна друкарні. Другая эмблематычная гравюра знаходзіцца на 50 аркушы і выяўляе крыж з дзідай і посахам. У тэксце “Буквара” маюцца таксама па-мастацку выкананыя гравіраваныя застаўкі, канцоўка, ініцыялы. Некаторыя элементы арнаменту выкананы ў стылістыцы віленскіх выданняў Францыска Скарыны, што паказвае на пераемнасць традыцый беларускага першадрукара.
На адвароце тытульнага аркуша змешчана цікавая выява з рознымі сімваламі і літарамі. У ім зашыфравана шмат інфармацыі, якую мы сёння не разумеем. Але кожны адукаваны чалавек 400 гадоў таму назад мог лёгка “прачытаць” гэту карцінку.
Паспрабуем і мы разгадаць гэту таямніцу. Перад намі герб. У яго цэнтры выявы, якія дакладна паказваюць нам, каму гэты герб належаў. Галоўным элементам яго з’яўляецца геральдычны знак “Брама” – крыж з раздвоенай верхавінай, які стаіць на двуножцы. Гэты герб належаў шляхецкім родам Агінскіх і Ялавіцкіх. Але у Ялавіцкіх гэты знак меў некаторыя адрозненні ды і самі Ялавіцкія пражывалі, пераважна, далёка ад месца выдання Буквара. Таму упэўнена можна казаць пра прыналежнасць дадзенага герба менавіта прадстаўніку роду Агінскіх.
Вакол герба мы бачым яшчэ некалькі выяў, якія таксама можна паспрабаваць разгадаць. Напрыклад, над гербам змешчаны так званы нашлемнік з трыма страусінымі пер’ямі, а вакол герба – мантыя. Гэта з’яўляецца сведчаннем высакароднага паходжання ўладальніка: ім быў князь. Гэтыя і іншыя падказкі дазваляюць нам вызначыць імя ўладальніка герба – ім быў Багдан Агінскі. Пра гэта ж нам кажуць чатыры літары, размешчаныя вакол выявы, – “B O P T”. Гэта абрэвіятура раскрывае нам імя ўладальніка на лацінскай мове – “Bogdanus Oginski Podkomorensis Trocensis”, што перакладаецца як Багдан Агінскі, падкаморы Троцкі.
Цяпер усё становіцца зразумелым. Багдан Агінскі быў не толькі вядомым дзяржаўным і вайсковым дзеячам Вялікага Княства Літоўскага, але і актыўным апекуном Праваслаўя. Менавіта ён быў адным з заснавальнікаў, а ў далейшым старостам Віленскага праваслаўнага брацтва, ён заснаваў брацкую школу ў Вільні, а ў 1611 г. перанёс у свой маёнтак у Еўі брацкую друкарню. Менавіта ў гэтай друкарні на сродкі Багдана Агінскага і выйшаў першы ў свеце Буквар.
Нам сёння дакладна не вядома, хто быў ініцыятарам і стваральнікам “Буквара”. Найбольш верагоднымі аўтарамі выдання з’яўляюцца вядомы беларуска-ўкраінскі культурны і царкоўны дзеяч Мялецій Сматрыцкі, які ў 1619 годзе ў тым жа Еўі выдаў знакамітую “Граматыку”, а таксама архімандрыт Віленскага манастыра Святога Духа Лявонцій Карповіч.
Напрыканцы кнігі змешчаны напісаны на старабеларускай мове твор Стэфана Зізанія “О знамении крестном”. Далучанасць такіх знакамітых аўтараў да падрыхтоўкі “Буквара” істотна павышае яго каштоўнасць і значнасць.
У свеце захаваліся толькі два асобнікі гэтага ўнікальнага выдання. Адзін з іх, на жаль няпоўны, знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. А другі (поўны) экзэмпляр – у Вялікабрытаніі, у Бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая размяшчаецца ў гістарычным раёне Лондана Тэмпл, дзе некалі мелі сваю рэзідэнцыю знакамітыя рыцары-тампліеры.
Выключная рэдкасць і вялікая каштоўнасць першага Буквара зрабілі яго амаль невядомым як для навукоўцаў, так і для шырокай грамадскасці. Амаль ні ў аднаго з беларускіх даследчыкаў раней не было магчымасці ўбачыць “Буквар” на свае вочы. На Радзіме ні аднаго асобніка не захавалася: іх проста “зачыталі да дзірак”, як часта бывае з вучэбнымі выданнямі.
Нам вельмі пашанцавала, што адзін з асобнікаў гэтага выдання яшчэ ў пачатку 17 стагоддзя быў вывезены ў Лондан калекцыянерам вучэбных выданняў Робертам Эшлі. У далейшым ён трапіў у закрыты для знешняга свету збор лонданскіх барыстэраў (карпарацыю адвакатаў), дзе захоўваецца і сёння.
Дзякуючы спрыянню брытанскіх беларусістаў, прафесараў Лонданскага універсітэта, і перш за ўсё Джыма Дынглі, у 2015 годзе ў мяне з’явілася магчымасць займець доступ і вывучаць гэты надзвычай каштоўны помнік. Тады ж з дазволу захавальнікаў я зрабіў і лічбавую копію выдання, якая сёння выкарыстоўваецца для яго больш глыбокага даследавання.
У 2018 годзе мы маем унікальную магчымасць адсвяткаваць 400-годдзе першага Буквара, беларускага Буквара.
Прыклад першага Буквара сведчыць, які вялікі ўплыў зрабіла беларуска-літоўская кніжная традыцыя на ўвесь рэгіён: сёння з Буквара пачынаецца дарога ў свет ведаў многіх дзетак не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету, а назва “Буквар” увайшла ў сучасныя беларускую, рускую, украінскую, балгарскую, баснійскую мовы, а таксама ў абхазскую, аварскую, адыгейскую, айроцкую, алеутскую, балкарскую, гагаузскую, дагестанскую, далганскую, даргінскую, хакаскую, ханту, цыганскую, чувашскую, чукоцкую, эвенкійскую і іншыя!!!
Алесь Суша
Фота: Алесь Суша
По материалам сайта Гомельской епархии eparhiya.by